АРТАВА́ЗД II (? — 31 да н.э.),

цар Арменіі Вялікай у 56—34 да н.э., сын Тыграна II. Пашырыў тэр. краіны, далучыў да яе Сафену і Арменію Малую. Вёў барацьбу з Рымам за незалежнасць. Аднак пазней быў вымушаны зноў падпарадкавацца Рыму. У 37 да н.э. адмовіўся ўдзельнічаць у паходзе рымлян супраць Парфіі. Захоплены рымлянамі і пакараны смерцю. Вядомы як драматург і гісторык.

т. 1, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСМІ́К (сапр. Акапян Тагуш; 21.3.1879, Нахічэвань — 23.8.1947),

армянская актрыса. Нар. арт. Арменіі (1935). Герой Працы (1936). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1906. З 1921 у Армян. драм. т-ры імя Г.​Сундукяна. Стварала вобразы, адметныя жыццёвай праўдай, унутр. драматызмам, нар. мудрасцю, разнастайнасцю і яркасцю фарбаў: Шушан («Пэпа» Сундукяна), Васа Жалязнова (аднайм. п’еса М.​Горкага), Хамперы («Хатабала» Сундукяна), Ганна Андрэеўна («Рэвізор» М.​Гогаля) і інш.

т. 2, с. 38

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАНГЕЗУ́РСКІ ХРЫБЕ́Т,

горны хрыбет у Армянскім нагор’і, на мяжы Арменіі і Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікі. Працягваецца мерыдыянальна ад верх. цячэння рэк Тэртэр і Арпа да р. Аракс. Даўж. каля 130 км. Выш. да 3904 м (г. Капутджух). Складзены пераважна з гранітаў і гранадыярытаў. На зах. схілах стэпавыя і паўпустынныя ландшафты, на ўсх. — часткова шыракалістыя лясы і субальпійскія лугі. Радовішчы медных руд.

т. 6, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРУТЧА́Н (Міхаіл) (Мікаэл) Аветавіч (29.7.1897, г. Шуша, Нагорны Карабах — 20.6.1961),

армянскі тэатральны мастак і графік. Нар. мастак Арменіі (1958). Вучыўся ў Саратаве (1920—23), у Парыжы (у акадэміі Каларосі, 1924—25). Адзін з заснавальнікаў арм. тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва. Аформіў больш як 100 спектакляў, у т. л. «Жаніцьба Фігара» П.​А.​Бамаршэ (1933), «Атэла» У.​Шэкспіра (1940), «Пікавая дама» П.​І.​Чайкоўскага (1956) і інш.

т. 1, с. 515

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕНГІБА́РАЎ (Леанід Георгіевіч) (15.3.1935, Масква — 25.7.1972),

расійскі артыст цырка, клоун-мім. Нар. арт. Арменіі (1971). Скончыў вучылішча цыркавога мастацтва ў Маскве (1959). Вобраз-маска артыста — летуценны блазан, дзіця і паэт у душы. Выступаў на эстрадзе з «Вечарамі пантамімы», распрацоўваў ідэю «аўтарскай клаунады». Аўтар сваіх нумароў, кінасцэнарыяў, кароткіх навел і прытчаў. Здымаўся ў кіно: «Шлях на арэну», «Цені забытых продкаў», «На манежы — юнацтва», «Знаёмцеся — Леанід Енгібараў» і інш.

т. 6, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЗНІ́,

кліматабальнеалагічны курорт у Арменіі. У цясніне р. Раздан на выш 1300 м, паблізу Ерэвана. Засн. ў 1925. Клімат умерана цёплы з гарачым летам і цёплай восенню. Субтэрмальныя мінер. воды, прыдатныя на ванны, арашэнні, кішэчныя прамыванні, піццё. Санаторыі спецылізаваныя на лячэнні хвароб сардэчна-сасудзістай сістэмы, а таксама спадарожных хвароб страўніка, кішэчніка, печані, жоўцевага пузыра, гінекалагічнай сферы. Завод па разліву мінер. вады «Арзні». Паблізу арх. комплексы Эчміядзіна, Гегарда, крэпасці Гарні, воз. Севан.

т. 1, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРПА́, Усходні Арпачай,

рака ў Арменіі і Нахічэванскай Рэспубліцы, левы прыток Аракса. Даўж. 128 км, пл. бас. 2630 км². Пачынаецца на схілах Зангезурскага хрыбта, у сярэдняй ч. цячэ па міжгорнай катлавіне. Сярэдні расход вады 11,5 м³/с (каля г.п. Ехенадзор, Арменія). Выкарыстоўваецца на арашэнне, таму летам воды Арпы не даходзяць да р. Аракс. Для перакіду водаў Арпы ў воз. Севан пабудаваны тунэль (48,6 км). У вярхоўях Арпы курорт Джэрмук.

т. 1, с. 503

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́РДЫ (саманазва курд, курмандж),

адзін са стараж. народаў Пярэдняй Азіі. Паводле ацэнкі, агульная колькасць 18 млн. чал. (1992). Жывуць у Турцыі (7,5 млн.), Іране (5,6 млн.), Іраку (3,7 млн.), Сірыі (745 тыс.), Германіі (240 тыс.), а таксама ў Арменіі, Ліване, Грузіі, Казахстане, Кыргызстане, Азербайджане, Афганістане, Рас. Федэрацыі. Гавораць на курдскай мове. Вернікі — мусульмане-суніты, частка — шыіты, хрысціяне, прыхільнікі сінкрэтычных культаў (язіды і інш.). На Беларусі створана (1995) т-ва К. «Курдыстан».

т. 9, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛІША́Н (Гевонд) (18.7.1820, г. Стамбул — 22.11.1901),

армянскі паэт, гісторык і мысліцель. Адукацыю атрымаў у кангрэгацыі арм. царкоўнікаў-мхітарыстаў у Венецыі. У зб. «Песнапенне» (т. 1—5, 1857—58) апаэтызаваў прыроду роднага краю, подзвіг народа ў барацьбе супраць чужаземных захопнікаў. Родапачынальнік рамант. кірунку ў арм. паэзіі (цыкл вершаў «Песні Патрыярха»). Аўтар фундаментальных даследаванняў па гістарыяграфіі, археалогіі, філалогіі, геаграфіі і этнаграфіі Арменіі, рэліг.-філас. трактатаў, кн. «Успаміны пра радзіму армян» (т. 1—2, 1869—70).

С.​Сарынян.

т. 1, с. 261

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРАТЫ́ДЫ, Багратуні,

царская дынастыя ў Арменіі ў 885—1045. Паходзілі з аднайм. княжацкага роду (вядомы з 1 ст. да нашай эры), уладаннем якога з 4 ст. нашай эры была вобласць Кагавіт. У 8—9 ст. Багратыды ўзначальвалі барацьбу за незалежнасць краіны, аднавілі яе ў 861 і дамагліся прызнання ад Арабскага халіфата і Візантыі (гл. Анійскае царства). Буйнымі прадстаўнікамі дынастыі былі Ашот I, Ашот II, Ашот III, Гагік I [990—1020]. Дынастыя спыніла існаванне пасля заваявання краіны Візантыяй (1045).

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)