парода курэй яечнага кірунку прадукцыйнасці. Вядомы таксама пад назвай карычневых, ці бурых, легорнаў.
Выведзены ў Італіі на аснове мясц. курэй. На Беларусі гадуюць птушкаводы-аматары.
Тулава выцягнутае, звужаецца да хваста. Галава невял., дзюба жоўтая, грэбень лістападобны, вялікі, у курэй звісае набок, у пеўняў прамастойны, вушныя мочкі белыя. Апярэнне курэй карычнева-шэрае з залаціста-жоўтай грывай, канцы крылаў і рулявое пер’е хваста чорныя; у пеўняў чырвона-карычневае тулава і чорны хвост з зялёным адценнем. Жывая маса дарослых пеўняў 2,5, курэй 1,8 кг. Яйцаноскасць — 200 і больш яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́ФАРНІЙСКАЯ ШЭ́РАЯ ПАРО́ДАкурэй.
Мяса-яечнага кірунку. Выведзена ў ЗША на аснове мясц. курэй. На Беларусі пашырана гібрыдная лінія гэтай пароды — Б-9(4), якую гадуюць на Бел. занальнай доследнай станцыі па птушкагадоўлі і Івянецкім племптушказаводзе Мінскай вобл.
Тулава доўгае, спіна шырокая. Галава невял., з лістападобным грэбенем, вочы цёмна-карычневыя, вушныя мочкі белыя і бела-ружовыя. Ногі моцныя, сярэдняй даўжыні. Махавое і рулявое пер’е хваста добра развіта. Апярэнне паласатае: у курэй цёмнае, у пеўняў светлае. Жывая маса дарослых пеўня 3 кг, курэй 2 кт. Яйцаноскасць — 200 яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́КША, ронжа (Perisoreus infaustus, або Cractes infaustus),
птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. Жыве ў хваёвых лясах. На Беларусі трапляецца на Пн восенню і зімой, рэдкі залётны від.
Даўж. да 31 см, маса да 150 г.Апярэнне густое, пушыстае. Верх галавы цёмна-карычневы. Шыя, спіна светла-шэрыя, брушка рыжаватае, хвост з цёмнай палоскай. Корміцца насякомымі, павукамі. дробнымі грызунамі, ягадамі, насеннем хваёвых дрэў. Гнёзды на дрэвах. Нясе 3—5 яец. У Канадзе трапляецца блізкі від К. канадская (P. canadensis), адрозніваецца ад ронжы колерам апярэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСЯ́НКА (Emberiza calandra, або Miliaria calandra),
птушка сям. аўсянкавых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жыве ў стэпах, на сухадольных лугах з хмызняковымі зараснікамі, палях, каля населеных пунктаў. У канцы лета вывадкі П аб’ядноўваюцца ў чароды да 50 асобін і больш. На Беларусі рэдкі гнездавальны від. Занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 20 см, маса да 60 г.Апярэнне аднастайна-шэрае, святлейшае на горле, грудзях і брушку, з бурымі падоўжанымі стракацінамі. Дзюба высокая, моцная. Корміцца пераважна насеннем раслін, парасткамі, часткова дробнымі беспазваночнымі. Нясе 4—6 яец двойчы за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РОД-А́ЙЛЕНД,
мяса-яечная парода курэй. Выведзена ў 19 ст. ў ЗША скрыжаваннем мясц. курэй з палевымі кахінхінамі, дамініканскімі, чырвона-бурымі малайскімі курамі і бурымі легорнамі. Выкарыстоўваюць для стварэння матчыных ліній пры вытв-сці бройлераў і гібрыдных нясушак з павышанай яйцаноскасцю. Гадуюць у ЗША, краінах Зах. Еўропы і інш.
Тулава шырокае. Крылы невял., слабаразвітыя. Галава сярэдняй велічыні з невял. лістападобным грэбенем і чырв. вушнымі мочкамі. Дзюба і ногі жоўтыя. Апярэнне карычнева-чырвонае, сустракаецца чорнае пер’е на хвасце, крылах і шыі. Маса пеўняў 3—3,5, курэй 2,3—2,5 кг. Яйцаноскасць 170—180 яец за год.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КАЯ БЕ́ЛАЯ ЧА́ПЛЯ (Egretta alba),
птушка сям. чаплевых атр. буслападобных. Пашырана на ўсіх мацерыках, акрамя Антарктыды. Жыве ў бязлесных або бедных лясной расліннасцю мясцінах з вадаёмамі і вял. трысняговымі і чаротавымі зараснікамі. На Беларусі пералётная, зрэдку гняздуецца, часцей трапляецца на Палессі, занесена ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела 85—102 см, маса 1,1—1,5 кг, размах крылаў 1,4—1,7 м. Апярэнне снежна-белае. У шлюбным уборы на патыліцы невял. чубок. Ногі і шыя доўгія, дзюба прамая, вострая. Корміцца буйнымі насякомымі, іх лічынкамі, дробнымі млекакормячымі, рыбай, жабамі, малюскамі і інш. Гнёзды пераважна на заломах трыснягу, чароту. Выседжвае 3—5 птушанят.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КІ ПАДВО́РЛІК (Aquila clanga),
драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў Еўразіі. Жыве ў вял. масівах высакастволых увільготненых лісцевых і мяшаных лясоў каля вадаёмаў. На Беларусі адзначаны ў паўд., усх. і паўн. частках; рэдкі від, занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. цела каля 75 см, маса каля 3,2 кг, самкі большыя за самцоў. Апярэнне аднатоннае, цёмна-бурае, патыліца і надхвосце святлейшыя. Дзюба і кіпцюры чорныя. Васкавіца і ногі жоўтыя. Цэўка аперана да пальцаў. Гнёзды на вял. дрэвах, на выш. 12—20 м, выкарыстоўвае некалькі гадоў запар. Выседжвае 1—3 птушанят. Корміцца пераважна дробнымі грызунамі, птушкамі, жабамі, насякомымі. Добра пераносіць няволю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГААЦЫ́НЫ (Opisthocomidae),
сямейства птушак атр. курападобных. 1 від — гаацын (Opisthocomus hoazin). Жыве на ПнУПаўд. Амерыкі ў далінах рэк і іх прытокаў, у затопленых лясах; трымаецца чародамі (да 40 асобін).
Даўж. цела каля 60 см. Апярэнне зверху аліўкавае з белымі стракацінамі, знізу рыжаватае. Большая ч. грудзіны і грудной мускулатуры рэдукавана ў сувязі з наяўнасцю вял. валляка. Лятае дрэнна, таму лазіць па галінах дрэў. Корміцца лісцем трапічных раслін, пераважна ароідных, якое насычана каўчукавым сокам. Гнёзды на дрэвах над вадой. Птушаняты вылупліваюцца амаль голыя з 2 добра развітымі пальцамі з кіпцюрамі, пры дапамозе якіх лазяць па дрэвах; добра плаваюць і ныраюць (дарослыя не могуць). Маюць непрыемны пах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛКА (Corvus monedula),
птушка сям. крумкачовых атр. вераб’інападобных. Пашырана ў Еўразіі (акрамя паўн. і паўд. раёнаў), Паўн.-Зах. Афрыцы. Селіцца ў парках, гаях з дуплаватымі дрэвамі, расколінах скал, норах берагавых абрываў, пабудовах і інш. Больш шматлікая ў антрапагенных ландшафтах. На Беларусі пашыраны падвід галка звычайная (Corvus monedula monedula), трапляецца ўсюды.
Даўж. цела да 36 ем, маса да 250 г.Апярэнне чорнае, на галаве, хвасце і крылах з пурпурова-сінім метал. бляскам. Шыя шэрая. Дзюба кароткая. Корміцца расліннай і жывёльнай ежай: дажджавымі чарвямі, павукамі, жукамі, вусенямі матылёў, насеннем збожжавых, харчовымі рэшткамі і адкідамі. Знішчае шмат насякомых-шкоднікаў. Гняздуецца калоніямі паблізу і ў населеных месцах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМЕ́ННІК (Anser fabalis),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашыраны ў зоне тундры ад а-воў Грэнландыя, Шпіцберген і Ісландыя праз Еўропу і Азію да Чукоткі і паўн. Камчаткі; на У Еўропы і ў Азіі трапляецца ў зоне тайгі. Жыве на ўчастках травяністай і хмызняковай тундры, пераважна па суседстве з вадаёмамі; у лясной паласе — на глухіх лясных ручаях, рачных далінах, мохавых балотах, горных лясных азёрах. На Беларусі пралётны від.
Даўж. 73—90 см, маса да 4,5 кг. Апярэнне шаравата-бурае, ніз светлы. Дзюба чорная з ружовай або жоўтай перавязкай. Нясе найчасцей 3—4 (да 9) яйцы. Корміцца пераважна расліннай ежай (ягады, лісце, насенне). Аб’ект палявання.