КЭ́КСТАН ((Caxton) Уільям) (1422—1491),

англійскі першадрукар. Першую друкаваную кнігу — раман Р.​Лефеўра «Апавяданні з гісторыі Троі» — выдаў у Бруге ў 1475. У 1476 заснаваў друкарню ў Вестмінстэры, дзе надрукаваў каля 100 кніг, сярод якіх — першая англ. датаваная кн. «Выслоўі, або Выказванні філосафаў» (1477). У выданнях адсутнічаюць тытульныя лісты, з 1487 кнігі аздабляліся яго друкарскай маркай.

т. 9, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЬЮ́ІС ((Lewis) Уільям Артур) (н. 23.1.1915, Кастры),

англійскі эканаміст. Скончыў Лонданскую школу эканомікі (1937), дзе і працаваў. З 1948 у Манчэстэрскім, з 1963 у Прынстанскім ун-тах. З 1970 заснавальнік і прэзідэнт Карыбскага банка развіцця. Навук. працы па пытаннях і мадэлях развіцця эканомікі краін трэцяга свету. Аўтар кнігі «Тэорыя эканамічнага росту» (1955). Нобелеўская прэмія 1979 (разам з Т.Шульцам).

т. 9, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ДСЛІ ((Maudslay) Альфрэд Персіваль) (1850—22.1.1931),

англійскі археолаг, які даў навук. апісанне найбуйнейшых помнікаў майя. Да 1894 арганізаваў 7 экспедыцый, у час якіх даследаваў помнікі Кірыгуа, Паленке, Чычэн-Іца. Вынікі работ апублікаваў у серыі «Біялогія Цэнтральнай Амерыкі, ці Даследаванні флоры і фауны Мексікі і Цэнтральнай Амерыкі» (1892—1902). М. транскрыбіраваў тэксты майя, якія заклалі асновы даследавання іх іерагліфічнага пісьма.

т. 10, с. 511

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́РСАНС ((Parsons) Чарлз Алджэрнан) (13.6.1854, Лондан — 11.2.1931),

англійскі інжынер і прадпрымальнік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1898). Замежны чл.-кар. АН СССР (1931). Скончыў каледж Сент-Джона Кембрыджскага ун-та (1876). Вынайшаў шматступеньчатую рэактыўную паравую турбіну (1884), што адыграла значную ролю ў развіцці энергетыкі. У 1889 заснаваў прадпрыемства па вытв-сці паравых турбін сваёй сістэмы і інш. эл. абсталявання.

т. 12, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РБАН ((Barbon) Нікалас) (1640, Лондан — 1698),

англійскі вучоны-эканаміст. Каля 1680 пасля вял. пажару ў Лондане заснаваў першае ў Англіі т-ва па страхаванні ад пажараў. У сваёй асн. працы «Нарыс пра гандаль» (1690) выступаў супраць меркантылізму, крытыкаваў дзярж. рэгламентаванне эканомікі, абгрунтоўваў неабходнасць свабоднага гандлю. Абараняў інтарэсы землеўладальнікаў, ідэі наміналізму. Упершыню вызначыў працэнт як цану капіталу, быў прыхільнікам заканад. абмежавання працэнта.

т. 2, с. 303

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РТАН ((Barton) Дэрэк Харальд Рычард) (8.9.1918, Грэйвзенд, графства Кент, Вялікабрытанія),

англійскі хімік; заснавальнік метаду канфармацыйнага аналізу. Скончыў Імперскі каледж навукі і тэхнікі Лонданскага ун-та (1940). З 1957 праф. Лонданскага ун-та. З 1978 дырэктар Ін-та хіміі прыродных злучэнняў у Жыф-сюр-Івеце (Францыя). Навук. даследаванні па хіміі прыродных злучэнняў (стэроіды, тэрпеноіды, ферменты), фотахіміі і біясінтэзе. Нобелеўская прэмія 1969.

Д.Х.Р.Бартан.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ЛЕН ((Allen) Рой Джордж Дуглас) (3.6.1906, горад-графства Уорчэстэр, Вялікабрытанія — 1983),

англійскі вучоны-эканаміст, матэматык, статыстык. Адукацыю атрымаў у Кембрыджы (1927). Выкладаў у Лонданскай школе статыстыкі. У 1944—73 праф. статыстыкі Лонданскага ун-та. Навук. работы па тэорыі карыснасці і каштоўнасці, тэорыі індэксаў. Аўтар шэрагу дапаможнікаў па матэм. эканоміцы і матэм. аналізе для эканамістаў.

Тв.:

Математическая экономия: Пер. с англ. М., 1963.

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖО́ЗЕФСАН ((Josephson) Браян Дэйвід) (н. 4.1.1940, г. Кардыф, Вялікабрытанія),

англійскі фізік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1970). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1960), дзе і працуе (з 1974 праф.). Навук. працы па фізіцы цвёрдага цела і звышправаднікоў. Прадказаў (1960) праходжанне звышправоднага току праз тонкі слой дыэлектрыка, які раздзяляе 2 звышправаднікі (гл. Джозефсана эфект). Нобелеўская прэмія 1973 (разам з А.Джаеверам і Л.Эсакі).

Б.Джозефсан.

т. 6, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДО́У ((Dawe) Джордж) (8.2.1781, Лондан — 15.10.1829),

англійскі жывапісец. У 1819—29 працаваў у Пецярбургу, дзе напісаў (з дапамогай рус. жывапісцаў) 329 партрэтаў генералаў — удзельнікаў Айч. вайны 1812 і паходаў 1813—14, у т. л. М.​І.​Кутузава і М.​Б.​Барклая дэ Толі, выконваў таксама прыватныя заказы. Партрэтам Д. ўласцівы рамант. прыўзнятасць, жывасць характарыстык, віртуознасць жывапісу.

Дж.Доу. Партрэт А.​С.​Шышкова. Каля 1825.

т. 6, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОКС ((Coxe) Уільям) (1747, Лондан — 1828),

англійскі гісторык і падарожнік. Вучыўся ў Кембрыджскім ун-це. Аўтар працы «Гісторыя аўстрыйскага двара» (1807), кніг пра Іспанію і Францыю. Двойчы наведаў Расію, у 1779 праязджаў праз Беларусь. У кнізе «Падарожжы праз Польшчу, Расію, Швецыю і Данію» (Лондан, 1784) апісаў выгляд гарадоў Гродна, Навагрудка, Міра, Мінска, Барысава, Оршы і вёсак, побыт іх жыхароў.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 8, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)