ЛАНЦУГО́ВЫЯ ХІМІ́ЧНЫЯ РЭА́КЦЫІ,

хімічныя рэакцыі, у якіх узнікненне прамежкавай актыўнай часціцы (атама, свабоднага радыкала, іона) і яе рэгенерацыя (узнаўленне) у кожным элементарным акце рэакцыі выклікаюць вялікую колькасць (ланцуг) пераўтварэнняў зыходных рэчываў у прадукты рэакцыі. Тыповыя Л.х.р. — тэрмічны крэкінг, піроліз, акісленне, радыкальная полімерызацыя, галагеніраванне.

Л.х.р. складаецца з некалькіх элементарных стадый: зараджэнне ланцуга (ініцыіраванне) — утварэнне актыўных часціц (АЧ), якое адбываецца, напр., у выніку дысацыяцыі малекул; працяг ланцуга — узаемадзеянне АЧ з зыходнымі рэчывамі, якое прыводзіць да ўтварэння малекул прадукту рэакцыі і новых АЧ; абрыў ланцуга («знікненне» АЧ) у выніку рэкамбінацыі свабодных радыкалаў, узаемадзеяння АЧ са сценкамі пасудзін ці з інгібітарамі. Адрозніваюць Л.х.р. неразгалінаваныя і разгалінаваныя. У неразгалінаваных на кожную АЧ, якая расходуецца пры працягу ланцуга, узнікае адна актыўная часціца, напр., рэакцыя хларыравання вадароду. Пры ініцыіраванні ўтвараецца свабодны атам хлору (Cl), які ўзаемадзейнічае з малекулай вадароду H2(Cl+H2 → HCl+H) з утварэннем малекулы хлорыстага вадароду HCl і свабоднага атама вадароду, які ўзаемадзейнічае з малекулай Cl2(H+Cl2 → HCl+Cl), і г.д. У разгалінаваных Л.х.р. на адну АЧ, расходаваную пры працягу ланцуга, узнікае некалькі АЧ (2 і больш), адна з іх працягвае першы ланцуг, а інш. пачынаюць новыя, што прыводзіць да разгалінавання. Калі скорасць разгалінавання меншая за скорасць знікнення АЧ, разгалінаваная Л.х.р. адбываецца ў стацыянарным рэжыме. Пры нестацыянарным рэжыме (скорасць знікнення АЧ меншая за скорасць разгалінавання) агульная скорасць ланцуговага працэсу імкліва ўзрастае. Пераход да нестацыянарнага рэжыму адбываецца скачком і разглядаецца як самазагаранне рэакцыйнай сумесі ці ланцуговы выбух. Значны ўклад у развіццё тэорыі Л.х.р. М.​М.​Сямёнава і С.Н.Хіншэлвуда. Гл. таксама Кінетыка хімічная.

Літ.:

Семенов Н.Н. О некоторых проблемах химической кинетики и реакционной способности. 2 изд. М., 1958;

Яго ж. Развитие теории цепных реакций и теплового воспламенения. М., 1969.

Дз.​І.​Мяцеліца.

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭА́КЦЫІ ХІМІ́ЧНЫЯ,

працэсы ператварэння адных рэчываў (простых і хім. злучэнняў) у інш. рэчывы (прадукты рэакцыі). Суправаджаюцца разрывам хімічных сувязей у малекулах рэчываў, што ўступаюць у рэакцыю (зыходных рэчываў), і ўтварэннем новых сувязей у прадуктах рэакцыі. У адрозненне ад ядзерных рэакцый, якія прыводзяць да ўтварэння новых атамаў, пры Р.х. адбываецца толькі перабудова вонкавых электронных абалонак атамаў. Якасны і колькасны састаў зыходных рэчываў і прадуктаў Р.х. запісваецца пры дапамозе ўраўненняў хімічных. Магчымасць Р.х. і ступень (паўната) ператварэння рэчываў, што ўзаемадзейнічаюць, пры розных умовах (т-ра, канцэнтрацыя ў газавай сумесі ці растворы, ціск) вывучае тэрмадынаміка хімічная, скорасць Р.х. і іх механізм — кінетыка хімічная.

Р.х. падзяляюцца на абарачальныя (гл. Абарачальныя рэакцыі) і неабарачальныя Паводле цеплавога эфекту адрозніваюць экзатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з вылучэннем цяпла (у гэтых рэакцыях энергія, неабходная для разрыву хім. сувязей у зыходных рэчывах, меншая за энергію, што вылучаецца пры ўтварэнні новых сувязей), і эндатэрмічныя Р.х., якія адбываюцца з паглынаннем цяпла. Многія тэрмадынамічна магчымыя Р.х. пры звычайных умовах ідуць з малой (практычна блізкай да нуля) скорасцю Для паскарэння такіх рэакцый выкарыстоўваюць каталізатары (гл. Каталіз). Механізм большасці Р.х. уключае некалькі (гл. Складаныя рэакцыі), а часам дзесяткі і сотні т.зв. элементарных стадый, якія прыводзяць да ўтварэння мала ўстойлівых прамежкавых прадуктаў — свабодных радыкалаў і атамаў, што прымаюць удзел у наступных элементарных стадыях (гл. Ланцуговыя хімічныя рэакцыі). Адбываюцца Р.х. за кошт цеплавога ўзбуджэння (пры награванні), пад уздзеяннем святла (гл. Фотахімічныя рэакцыі), іанізавальных выпрамяненняў (радыяцыйна-хімічныя рэакцыі), эл. току, ціску, у плазме (гл. Плазмахімія) і інш. Гл. таксама Акісленне-аднаўленне, Гарэнне, Полімерызацыя, Тапахімічныя рэакцыі.

Літ.:

Тоуб М. Механизмы неорганических реакций: Пер. с англ. М., 1975;

Сайкс П. Механизмы реакций в органической химии: Пер. с англ. 4 изд. М., 1991;

Жданов В.П. Скорость химической реакции. Новосибирск, 1986;

Шелинский Г.И. Основы теории химических процессов. М., 1989.

В.​В.​Свірыдаў.

т. 13, с. 534

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАГУКАВА́Я ТЭ́ХНІКА,

тэхніка, звязаная з генерыраваннем і выкарыстаннем ультрагуку. Пашырана ў машынабудаванні (прылады і прыстасаванні ультрагукавой апрацоўкі матэрыялаў, ультрагукавой дэфектаскапіі, ультрагукавой зваркі), вытв-сці аптычных прылад, радыёэлектроніцы, металургіі, хіміі, медыцыне і інш.

Да У.т., звязанай з генерыраваннем ультрагукавых ваганняў, адносяцца магнітастрыкцыйныя і п’езаэлектрычныя пераўтваральнікі, інш. акустычныя выпрамяняльнікі, акустычныя канцэнтратары, ультрагукавыя кантрольна-вымяральныя прылады (мікраскопы, расхадамеры, вісказіметры, дэфектаскопы, гідралакатары, рэхалоты, аптычныя мадулятары, узроўнямеры, таўшчынямеры, устройствы гукабачання і інш.). Выкарыстоўваюцца таксама ультрагукавыя сродкі, прызначаныя для апрацоўкі і аналізу эл. сігналаў, кіравання імі (акустааптычныя і акустаэлектронныя прылады). Атрымалі пашырэнне сродкі У.т. тэхнал. прызначэння: ультрагукавыя станкі (для чыставой апрацоўкі і даводкі дэталей з матэрыялаў высокай цвёрдасці; у іх ультрагукавыя ваганні надаюцца інструменту і праз часцінкі абразіўнай сумесі перадаюцца матэрыялу); ультрагукавыя паяльнікі (іх рабочая частка вагаецца з ультрагукавой частатой), зварачныя прыстасаванні і інш. З дапамогай магутнага ультрагуку паскараецца шэраг працэсаў цепла- і масаабмену ў металургіі; ультрагукавая кавітацыя выкарыстоўваецца для ачысткі дробных (у гадзіннікавай вытв-сці, прыладабудаванні, электроннай тэхніцы) і буйных вытв. дэталей (трансфарматарнага жалеза, пракату і інш.). Ультрагук дазваляе апрацоўваць дэталі крохкія і складанай канфігурацыі. У многіх хіміка-тэхнал. працэсах ультрагук непасрэдна дзейнічае на рэчыва (полімерызацыя, акісленне, аднаўленне і інш.). З дапамогай У.т. атрымліваюць высокадысперсныя суспензіі, эмульсіі, робяць каагуляцыю аэра- і гідразоляў, дыспергаванне цвёрдых і вадкіх рэчываў. Шырока выкарыстоўваецца ультрагукавая мед. апаратура: прылады і прыстасаванні для дыягностыкі, тэрапеўтычнага і хірургічнага лячэння. У біялогіі прылады У.т. выкарыстоўваюцца для лакальнага награвання тканак, што павышае інтэнсіўнасць працэсаў абмену рэчываў.

На Беларусі даследаванні ў галіне У.т. і тэхналогіі вядуцца з 1960-х г. у ін-тах Нац. АН Беларусі (фізіка-тэхн., прыкладной фізікі, тэхн. акустыкі, электронікі), Бел. нац. тэхн. ун-це і інш.

Літ.:

Северденко В.П., Клубович В.В. Применение ультразвука в промышленности. Мн., 1967;

Физика и техника мощного ультразвука. Т. 1—3. М., 1967—69;

Хорбенко И.Г. Ультразвук в машиностроении. М., 1974;

Северденко В.П., Пащенко В.С., Кособуцкий Б.С. Листовая штамповка с ультразвуком. Мн., 1975;

Акустика и ультразвуковая техника. Вып. 16. Киев, 1981.

У.​У.​Клубовіч.

Ультрагукавая тэхніка: а — ультрагукавы станок (1 — інструмент, 2 — галоўка з магнітастрыкцыйным пераўтваральнікам); б — ультрааптыметр (1 — аснова, 2 — прадметны стол, 3 — вымяральная галоўка, 4 — асвятляльнік, 5 — калонка).

т. 16, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫВЕ́ТРЫВАННЕ,

працэс мех. разбурэння і хім. змянення горных парод і мінералаў зямной паверхні і прыпаверхневых слаёў літасферы. Адбываецца пад уплывам атмасферы (ападкі, вецер, сезонныя і сутачныя ваганні т-ры паветра, уздзеяння на пароды атм. кіслароду і інш.), грунтавых і паверхневых вод, жыццядзейнасці раслінных і жывёльных арганізмаў і прадуктаў іх распаду. Вылучаюць выветрыванне фіз. (механічнае), хім. і арган. (біялагічнае). Своеасаблівыя рысы мае падводнае выветрыванне (гальміроліз).

У выніку фіз. выветрывання адбываецца разбурэнне горных парод з распадам іх на абломкі. Гал. агенты фіз. выветрывання — ваганне т-ры і нераўнамернае награванне і ахаладжэнне парод, расшырэнне шчылін у пародзе замерзлай вадой (марознае выветрыванне), разбуральная дзейнасць ветру. Пры хім. выветрыванні зменьваецца хім. састаў парод з утварэннем мінералаў. Асн. агенты хім. выветрывання — вада, кісларод, солі, вуглекіслата і арган. кіслоты; асн. працэсы — вышчалочванне, гідратацыя, гідроліз і акісленне. Арганічнае выветрыванне выяўляецца ў змяненні парод пад уплывам жыццядзейнасці раслін, макра- і мікраарганізмаў і прадуктаў іх распаду. Асобы тып выветрывання — глебаўтварэнне, пры якім найб. актыўна дзейнічаюць біял. фактары. Фіз. і хім. выветрыванне цесна ўзаемадзейнічаюць; інтэнсіўнасць іх залежыць ад клімату, рэльефу, саставу, структуры і трываласці парод, працягласці працэсаў і інш. Прадукты выветрывання застаюцца на месцы (элювій) або перамяшчаюцца па схілах узвышшаў дажджавымі і расталымі водамі (дэлювій), спаўзаюць пад уплывам сілы цяжару, марознага зруху і цякучасці (саліфлюкцыя), пераносяцца ветрам. Вобласць літасферы, дзе адбываюцца працэсы выветрывання, называецца зонай выветрывання, разбураныя і пераўтвораныя пароды — карой выветрывання. Зону выветрывання наз. таксама зонай гіпергенезу, працэсы ў ёй — гіпергеннымі. Адрозніваюць сучасныя (прыпаверхневыя) і стараж. (выкапнёвыя) коры выветрывання, пахаваныя пад больш маладымі. Макс. глыбіня выветрывання больш за 0,5 км. Працэсы выветрывання — важны фактар утварэння рэльефу, які прыводзіць да сплашчэння і выраўноўвання паверхні. Працэсы выветрывання мінулых геал. эпох уплывалі на ўтварэнне розных карысных выкапняў: кааліну, вохры, вогнетрывалых глін, пяскоў і інш.

На Беларусі ў сучасных геал. умовах пераважаюць выветрыванні хім. і арганічнае. Тоўшча сучаснай кары выветрывання 5—8 м, покрыва алювіяльна-дэлювіяльных утварэнняў (пяскоў і гліністых парод) да 3—5 м, зрэдку больш. Перамешчаныя ветрам прадукты выветрывання ўтвараюць характэрныя формы рэльефу — эолавыя ўзгоркі і грады, на асобных, незадзернаваных участках пяскі, якія развейваюцца. Працэсы выветрывання выклікаюць эрозію глебы, у т. л. развяванне асушаных тарфянікаў, зніжаюць апорную здольнасць грунтоў пад інж. збудаваннямі і інш., разбураюць буд. матэрыялы. Каб пазбегнуць шкодных вынікаў выветрывання, замацоўваюць схілы, адхоны, пяскі, якія развейваюцца, вядзецца барацьба з эрозіяй глебы і інш.

т. 4, с. 302

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫХА́ННЕ,

сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць паступленне кіслароду ў арганізм, выкарыстанне яго ў акісляльна-аднаўленчых працэсах, выдаленне з арганізма вуглякіслага газу і некат. інш. канчатковых прадуктаў абмену рэчываў; адна з асн. жыццёвых функцый. Аснова Д. — спажыванне кіслароду жывымі клеткамі, якое суправаджаецца рэакцыямі дэгідрагенізацыі з пераносам вадароду ад арган. рэчываў (субстратаў) на кісларод з утварэннем вады (гэтыя рэакцыі ідуць у спец. структурах клеткі — мітахондрыях). Д. ажыццяўляецца пераважна за кошт акіслення вугляводаў. Мае 2 этапы: пачатковы (анаэробны), які адбываецца па тыпу гліколізу (цукры ў анаэробных умовах распадаюцца да піравінаграднай кіслаты) і канчатковы (аэробны), пры якім піравінаградная кіслата акісляецца да вуглякіслага газу і вады (цыкл Крэбса). Д. жывых арганізмаў узнікла на Зямлі, калі ў яе атмасферы з’явіўся кісларод.

У аднаклетачных і некат. шматклетачных жывёл абмен газаў паміж клеткамі і асяроддзем ажыццяўляецца шляхам дыфузіі праз паверхню цела. Больш высокаарганізаваныя жывёлы і чалавек маюць спец. органы дыхання і сістэму кровазвароту, у якой цыркулююць кроў і гемалімфа, здольныя звязваць кісларод і вуглякіслы газ (гл. Гемаглабін). Адрозніваюць Д. вонкавае, якое забяспечвае абмен газаў паміж лёгкімі і вонкавым асяроддзем, перанос газаў крывёю (гл. Газаабмен), і тканкавае. У насякомых кісларод паступае ў тканкі з сістэмы паветраносных трубачак — трахей. У многіх водных жывёл вонкавае Д. ажыццяўляецца паверхняй цела і шчэлепамі, якія маюць вял. сетку крывяносных сасудаў. Раствораны ў вадзе кісларод дыфундзіруе ў кроў, якая цыркулюе ў сасудах шчэлепаў. У многіх рыб значную ролю адыгрывае кішэчнае Д., калі заглытваецца паветра і кісларод паступае ў кроў праз крывяносныя сасуды кішэчніка. У сухапутных жывёл вонкавае Д. забяспечваецца пераважна лёгкімі. У амфібій і інш. жывёл разам з лёгкімі функцыянуе скурнае Д. У птушак ёсць паветраныя мяшкі, якія злучаюцца з лёгкімі і мяняюць аб’ём пры лятальных рухах (палягчае Д. ў палёце). Вонкавае Д. забяспечваецца дыхальнымі рухамі (удыхам, выдыхам), колькасць якіх у стане спакою ў чалавека 16—20. Пры адным спакойным удыху чалавека ў лёгкія паступае каля 350 см паветра (гл. Жыццёвая ёмістасць лёгкіх), мінутная лёгачная вентыляцыя ў стане спакою складае 4—8 л. Прычына абмену паветра ў альвеолах лёгкіх — рознасць парцыяльнага ціску. Рэгуляцыя Д. ў чалавека і пазваночных жывёл адбываецца дыхальным цэнтрам. Аснова тканкавага Д. — акісляльнааднаўленчыя рэакцыі. Пры іх вызваляецца энергія, якая ідзе на аднаўленне жывога рэчыва, рост і развіццё тканак, скарачэнне мышцаў, сакрэцыю залоз і інш. (гл. Акісленне біялагічнае). Пры парушэннях Д. і механізмаў яго рэгуляцыі ўзнікаюць змяненні газавага саставу крыві. Пры парушэннях або адсутнасці Д. робяць дыханне штучнае.

т. 6, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІ́МІЯ [ад позналац. chimia; слова «Х.» выводзяць або ад назвы Стараж. Егіпта «Хем» (цёмны, чорны ад колеру глебы ў даліне р. Ніл; «егіпецкая навука»), або ад стараж.-грэч. chemeia — мастацтва выплаўкі металаў],

навука аб саставе, структуры, уласцівасцях рэчываў і іх ператварэннях, якія суправаджаюцца змяненнямі саставу і структуры; адна з галін прыродазнаўства. Вывучае і апісвае ператварэнні рэчываў як у макра- (на ўзроўні макраколькасцей), так і ў мікрамаштабе (на атамна-малекулярным узроўні). Упершыню тэрмін «Х.» выкарыстаў у 5 ст. грэч. алхімік Засіма.

Падзяляецца на арганічную хімію і неарганічную хімію. На стыку гэтых навук развіваюцца Х. комплексных злучэнняў і Х. элементаарганічных злучэнняў. Тлумачэннем сутнасці хім. з’яў і ўстанаўленнем іх агульных заканамернасцей займаецца фізічная хімія, шэраг раздзелаў якой, звязаных з вывучэннем асаблівасцей працякання хім. працэсаў пад уплывам розных фактараў, вылучыліся ў асобныя навукі, напр., механахімія, радыяцыйная хімія, фотахімія і інш. Метады ідэнтыфікацыі рэчываў, што спалучаюць хім. падыходы з фіз. метадамі, вывучае аналітычная хімія. Развіццё спец. метадаў у 20 ст. садзейнічала станаўленню і развіццю нанахіміі. аб’екты даследавання якой — часцінкі памерам некалькі нанаметраў. Тэарэт. асновы сучасных вытв-сцей вывучае хімічная тэхналогія. На стыку Х. з інш. прыродазнаўчымі навукамі інтэнсіўна развіваюцца аграхімія, біяхімія, геахімія, квантавая хімія, хімічная фізіка і інш.

Станаўленне Х. пачалося ў стараж. часы. Напачатку чалавек выкарыстоўваў хім. змены біял. аб’ектаў (браджэнне, гніенне), з асваеннем агню і гарэння — хім. працэсы спякання і сплаўлення (вытв-сць ганчарных вырабаў, шкла), выплаўку металаў. Вытв-сць жалеза, медзі, серабра, свінцу існавала ў Месапатаміі за 3 тыс. г. да н.э. У эпоху антычнасці (5 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.) з’явіліся ўяўленні аб рэчывах як камбінацыях 4 касм. стыхій (Эмпедокл, Арыстоцель), аб існаванні атамаў (Леўкіп, Дэмакрыт). У 1 ст. н.э. пачала развівацца алхімія, якая спалучала элементы філас. і практычных ведаў. Фарміраванне Х. як навукі адносіцца да 16—18 ст., калі хім. даследаванні ўсё больш накіроўваліся на патрэбы практыкі, развіваліся металургія і шкларобства, вытв-сць керамікі і фарбаў. Р.Бойль у працы «Хімік-скептык» (1661) развіў уяўленне аб хім. атамах. Вял. значэнне ў развіцці Х. мелі адкрыццё закону захавання масы рэчываў пры хім. рэакцыях (М.В.Ламаносаў, 1748; А.Л.Лавуазье, 1774), высвятленне таго, што гарэнне і акісленне — працэсы злучэння рэчываў з часцінкамі паветра (Ламаносаў, 1756), адкрыццё кіслароду (Лавуазье, 1774), Крыху пазней адкрыты законы пастаянства саставу (Ж.Л.Пруст, 1799), кратных адносін (Дж.Дальтан, 1804), аб’ёмных адносін (Ж.Л.Гей-Люсак, 1805), Авагадра закон (1811). Класічная Х. (сярэдзіна 19 — пач. 20 ст.) грунтавалася на атамна-малекулярным вучэнні. Ф.А.Кекуле распрацаваў у 1857 тэорыю валентнасці ў дастасаванні да арган. злучэнняў, выявіў чатырохвалентнасць вугляроду і магчымасць утварэння вугляродных ланцугоў. З’явілася тэорыя хім. будовы (А.М.Бутлераў, 1861), Дз.І.Мендзялееў адкрыў перыядычны закон (1869) і склаў перыядычную сістэму элементаў Мендзялеева.

Сучасная Х. вырашае агульныя фундаментальныя праблемы: сінтэз хімічны, кіраванне хім. працэсамі, хім. энергетыка; паглыбленая і комплексная хім. перапрацоўка мінер. сыравіны, нафты, газу і цвёрдых гаручых выкапняў; хім. аналітыка і дыягностыка і інш. Сучасны этап развіцця Х. звязаны з выкарыстаннем квантавых уяўленняў аб рэчыве і яго пераўтварэннях. Назіраецца тэндэнцыя пераходу да размежавання хім. навук не па функцыях, а па аб’ектах вывучэння. Дасягненні Х. пашыраны ў металургіі, вытв-сці пластмас, сінт. валокнаў, мінер. угнаенняў, паўправадніковых матэрыялаў, лек. прэпаратаў, у быт. хіміі і інш.

На Беларусі Х. як навука пачала вывучацца ў 2-й пал. 18 ст. ў навук. установах Гродна і Вільні. Навук. даследаванні ў галіне Х. праводзяцца ў ін-тах Нац. АН, БДУ, Бел. дзярж. тэхнал. ун-це, інш. ВНУ, у лабараторыях прамысл. аб’яднанняў і фірм. Сувязі паміж навук. хім. цэнтрамі розных краін ажыццяўляе Міжнар. саюз тэарэт. і прыкладной Х. Асн. кірункі развіцця Х. на Беларусі: аналітычная хімія, арганічная хімія, біяарганічная хімія, калоідная хімія, лесахімія, нафтахімія, хімія высокамалекулярных злучэнняў, хімія торфу, хімія цвёрдага цела і інш. Найб. значны ўклад у развіццё і арганізацыю навук. даследаванняў па Х. зрабілі Ю.А.Альдэкоп, Ф.Г.Асіпенка (іл. Дадатак), А.А.Ахрэм, М.А.Безбародаў, А.С.Вечар, Б.В.Ерафееў, Г.Я.Каба, М.С.Казлоў, У.С.Камароў, Ф.М.Капуцкі, К.М.Караткоў, М.П.Круцько, Ф.А.Лахвіч, А.І.Лесніковіч, І.І.Ліштван, М.А.Майер, М.І.Міцкевіч, М.М.Паўлючэнка, Я.А.Продан, М.А.Прыляжаеў, Я.М.Рахманько, У.С.Салдатаў, В.В.Свірыдаў, Р.Л.Старобінец, В.Ф.Цікавы, І.Р.Цішчанка, М.Ф.Ярмоленка, І.М.Ярмоленка і інш. Выдаюцца час. «Весці Нац. акадэміі навук Беларусі. Серыя хімічных навук» (з 1965), «Вестник БГУ. Серия 2. Химия, биология, география» (з 1969). У 1993 у Мінску адбыўся 15-ы Мендзялееўскі кангрэс па хім. праблемах экалогіі.

Літ.:

Джуа М. История химии: Пер. с итал. М., 1975;

Волков В.А., Вонский Е.В., Кузнецова Г.И. Выдающиеся химики мира: Биогр. справ. М., 1991;

Поиск химической информации. М., 1990;

Бучаченко А.Л. Химия на рубеже веков: свершения и прогнозы // Успехи химии. 1999. Т. 68, № 2.

А.​Л.​Васілеўская.

т. 17, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЧНАЯ ХІМІЯ

Пачаткам развіцця арганічнай хіміі на Беларусі можна лічыць выданне ў 1804 у Віленскім ун-це падручніка А.​Снядэцкага «Тэорыя арганічных істот». Сістэматычныя даследаванні ў гэтай галіне пачаліся з 1924 на кафедры арганічнай хіміі БДУ пад кіраўніцтвам М.​А.​Прыляжаева. Рэакцыя акіслення ненасычаных злучэнняў пероксікіслотамі (рэакцыя Прыляжаева) выкарыстоўваецца ў сучасным арганічным сінтэзе, а праблемы сінтэзу і трансфармацыі аксіранавых вытворных з’яўляюцца аднымі з найважнейшых кірункаў развіцця арганічнай хіміі на Беларусі. У наш час даследаванні вядуцца ў ін-тах фізіка-арганічнай хіміі, біяарганічнай хіміі, новых матэрыялаў Нац. АН Беларусі, на кафедры арганічнай хіміі і ў НДІ фізіка-хімічных праблем БДУ, у Бел. тэхналагічным, педагагічным, Віцебскім, Гродзенскім ун-тах.

Даследаванні па хіміі аксіранаў і цыклапрапанаў, пачатыя І.​Р.​Цішчанкам, працягваюцца пад кіраўніцтвам А.​Р.​Кулінковіча і Л.​С.​Станішэўскага. Вывучаны рэакцыі ўзаемадзеяння ацылаксіранаў з нуклеафільнымі рэагентамі па аксіранавым цыкле (А.​М.​Бубель, П.​М.​Малашка, Г.​І.​Полазаў) і па карбанільнай групе (А.​Я.​Гузікаў, Г.​З.​Стасевіч, В.​М.​Сыцін, У.​І.​Тыворскі). У выніку распрацаваны эфектыўныя метады сінтэзу гетэрацыклічных сістэм на аснове ацылаксіранаў (А.​С.​Кухараў, А.​П.​Лугоўскі, В.​В.​Марцішонак, Р.​В.​Пшанічны). Вядуцца даследаванні па сінтэтычным выкарыстанні аксіранавых сістэм, рэакцыйнай здольнасці і стэрэахіміі ўзаемадзеяння гетэрацыклічных злучэнняў (Дз.​А.​Апарын, Дз.​М.​Баброў, А.​М.​Званок, Н.​М.​Кузьмянок, Т.​Т.​Лахвіч, А.​П.​Лугоўскі, Л.​С.​Новікаў, У.​І.​Тыворскі). Адкрыта новая рэакцыя гідроксіцыклапрапанавання (рэакцыя Кулінковіча), прапанаваны механізм і ўстаноўлены асн. заканамернасці яе працякання (Дз.​А.​Васілеўскі, А.​Р.​Кулінковіч, У.​Л.​Сарокін, А.​І.​Саўчанка, С.​У.​Свірыдаў). На аснове атрыманых гідроксіцыклапрапанаў распрацаваны метады сінтэзу шэрагу біялагічна актыўных, у т. л. прыродных, рэчываў (В.​Е.​Ісакаў, Ю.​Ю.​Казыркоў, І.​Л.​Лысенка, Я.​А.​Мацюшэнкаў, М.​У.​Райман, Ц.​А.​Шаўчук, А.​Л.​Эпштэйн). Атрыманы карысныя вытворныя 1,4-дыкарбанільных злучэнняў, фурану, тыяфену, піролу; вывучаны магчымасці іх далейшых пераўтварэнняў (Н.​А.​Ільіна, А.​У.​Кельін, М.​В.​Масалаў, А.​Л.​Садоўскі). Даследаваны сінтэз і ўласцівасці комплексна звязаных алюмінійарганічных злучэнняў з эфірамі і амінамі, а таксама вышэйшых алюміній- і магнійалкілаў (Л.​У.​Гапонік, П.​М.​Гапонік, В.П.

Мардыкін, А.​В.​Паўловіч, Т.​С.​Прытыцкая), у выніку распрацаваны эфектыўныя тэхналогіі атрымання алігапіпірылену і нафтапалімерных смол. Атрыманы шэраг гетэраметалічных вытворных ферацэну, солей ферацынію; даследаваны шляхі іх накіраванага сінтэзу і тэрмічнага раскладання (П.​М.​Гапонік, А.​І.​Лесніковіч). Распрацаваны метады сінтэзу шэрагу вадкакрышталічных злучэнняў для электрааптычных устройстваў адлюстравання інфармацыі (У.​С.​Безбародаў).

Даследаванні механізмаў і кінетыкі арганічных рэакцый, хіміі прыродных злучэнняў, сінтэзу арганічных рэчываў звязаны з імёнамі Ю.​А.​Альдэкопа, А.​А.​Ахрэма, І.​І.​Бардышава, Б.​В.​Ерафеева, М.​С.​Казлова, Ф.​А.​Лахвіча, І.​А.​Міхайлопулы і інш. Даследавана вадкафазнае акісленне вуглевадародаў; у выніку распрацаваны метады атрымання практычна карысных для хіміі палімераў ненасычаных спіртоў, карбанільных злучэнняў і дыенаў (Р.​І.​Бельская, Н.​П.​Емяльянаў, М.​І.​Міцкевіч, І.​І.​Чыжэўская). Даследуецца сінтэз азотзмяшчальных гетэрацыклаў (Г.​В.​Вараб’ёва, К.​М.​Гусак, М.​Г.​Казлоў, В.​А.​Сяржаніна, Г.​С.​Шманай), у т. л. на аснове бінарных акісляльна-аднаўляльных сістэм (Я.​С.​Асінавік, А.​А.​Скрыган). Цыкл работ па распрацоўцы новых каталітычных метадаў сінтэзу азотзмяшчальных арганічных злучэнняў адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі (Л.​В.​Гладкіх, К.​А.​Жаўнерка, М.​С.​Казлоў, С.​І.​Козінцаў, В.​А.​Сяржаніна, В.​А.​Тарасевіч). Даследуюцца сінтэз і сінтэтычныя магчымасці полігалагенарганічных злучэнняў (Ю.​А.​Альдэкоп, В.​А.​Запольскі, Р.​В.​Кабердзін, У.​І.​Поткін); адкрыта рэакцыя ўтварэння ізатыазолу; у выніку сінтэзаваны шэраг рэчываў з карыснымі медыка-біялагічнымі і фізіка-тэхнічнымі ўласцівасцямі (святлоадчувальныя, каразійнаўстойлівыя матэрыялы і інш.). Даследаваны метады атрымання і магчымасці хім. пераўтварэнняў ртуцьарганічных злучэнняў (Ю.​А.​Альдэкоп, М.​А.​Майер, А.​А.​Эрдман). У выніку вывучэння сінтэтычных уласцівасцей пероксіацэтыленідаў ртуці, серабра і літыю распрацаваны зручныя метады сінтэзу элементаарганічных і функцыянальна замешчаных пераксідаў (Л.​Б.​Берасневіч, К.​Л.​Майсяйчук і інш.), якія выкарыстоўваюцца як ініцыятары полімерызацыі, святлоадчувальныя матэрыялы і інш.; метады сінтэзу новых металакомплексных сістэм, у т. л. электрахімічны спосаб атрымання β-дыкетанатаў пераходных металаў (В.​А.​Кніжнікаў, В.​Л.​Шырокі і інш.). У галіне хіміі тэрпенаў даследаваны састаў бальзамаў і эфірных масел хвойных парод дрэў (А.​М.​Булгакаў, Х.​А.​Чэрчас), хімічныя пераўтварэнні прыродных тэрпеноідаў (В.​В.​Базыльчык, І.​Ф.​Буйнова, Э.​М.​Манукоў), распрацаваны метады сінтэзу цяжкадаступных тэрпеноідаў (С.​С.​Кавальская, М.​Г.​Казлоў). Даследуюцца сінтэз, хім. і біяхім. ўласцівасці прыродных і роднасных ім злучэнняў. Распрацаваны эфектыўныя метады сінтэзу і функцыяналізацыі стэроідных сістэм (С.​К.​Ананіч, А.​У.​Жарнасек, М.​У.​Каўганка, Ж.​М.​Кашкан, С.​М.​Сакалоў, У.​А.​Хрыпач) і іх гетэрацыклічных аналагаў (В.​У.​Гулякевіч, А.​Ф.​Лахвіч, Ф.​А.​Лахвіч, Л.​Р.​Ліс, А.​Л.​Міхальчук, В.​М.​Пшанічны і інш.). У рамках сінтоннага падыходу да праблемы шматстадыйных сінтэзаў распрацаваны метады атрымання ключавых структурных блокаў шэрагу β-ды- і β-трыкарбанільных вытворных (Ф.​А.​Лахвіч, Ф.​С.​Пашкоўскі). На аснове гэтых блок-сінтонаў сінтэзаваны прыродныя і роднасныя ім рэчывы. Прапанаваны арыгінальныя метады татальнага сінтэзу простагландзінаў серый E1, A2, F2 і іх аналагаў (Т.​А.​Жалдакова, В.​А.​Казінец, А.​А.​Пап). Анеляваннем з удзелам розных β-ды- і β-трыкетонаў атрыманы шэраг роднасных стэроідам і алкалоідам поліцыклічных сістэм (А.​М.​Пырко, Т.​С.​Хлебнікава, У.​А.​Хрыпач, Ю.​Г.​Чарноў), а таксама антыбіётыкі, кайрамоны, пестыцыды (Т.​М.​Бураўская, У.​Г.​Зайцаў, І.​П.​Локаць, І.​І.​Петрусевіч, Дз.​Р.​Рубінаў). Прапанавана і эксперыментальна абгрунтавана нітралаксідная метадалогія фарміравання бакавых ланцугоў (Ф.​А.​Лахвіч), у прыватнасці α- і ω-ланцугоў прастаноідаў (І.​П.​Антаневіч, Н.​Ф.​Бондар, А.​У.​Каралёва, Т.​В.​Чэрніхава) і бакавых ланцугоў стэроідаў (А.​В.​Бараноўскі, У.​М.​Жабінскі, Р.​П.​Літвіноўская і інш.). Цыкл работ па сінтэзе і даследаванні ўласцівасцей брасінастэроідаў адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі (В.​К.​Альховіч, У.​М.​Жабінскі, М.​І.​Завадская, Ф.​А.​Лахвіч, Р.​П.​Літвіноўская, У.​А.​Хрыпач). Сінтэзаваны шэраг новых вытворных з высокай біялагічнай актыўнасцю, у прыватнасці прэпарат нейратропнага дзеяння «Дымедрахін» (М.​С.​Красоўская, А.​П.​Марачкін, А.​Н.​Сяргеева, Л.​І.​Ухава і інш.). Асноўным аб’ектам даследаванняў кампанентаў нуклеінавых кіслот з’яўляюцца нуклеазіды, мадыфікаваныя ў вугляродным фрагменце малекулы (І.​А.​Міхайлопула). Атрыманы і даследаваны шэраг біяактыўных нуклеазідаў, у т. л. супрацьлейкозны прэпарат «Цытарабін» (Г.​В.​Зайцава, А.​М.​Калінічэнка, Я.​І.​Квасюк). Распрацаваны метады сінтэзу цяжкадаступных фтордэзоксіцукрыдаў (Т.​І.​Прыкота, М.​Я.​Пупейка, Р.​Г.​Сівец). Кандэнсацыяй сілілаваных пурынаў з ацылвытворнымі цукрыдаў атрыманы шэраг мадыфікаваных нуклеазідаў з карыснымі ўласцівасцямі (Т.​І.​Кулак, Т.​Л.​Падкапаева, Н.​Б.​Хрыпач).

Літ.:

Ахрем А.А., Ковганко Н.В. Стероиды: Экологические функции. Мн., 1990;

Жабинский В.Н., Лахвич Ф.А., Хрипач В.А. Брассиностероиды. Мн., 1993;

Kulinkovich O. Chemisty of cyclopropanols // Chemisty Reviews. 2003. Vol. 103;

Королева Е.В., Лахвич Ф.А. Нетипичные трансформации 2-изоксазолинов // Успехи химии. 1997. Т. 66, вып. 1;

Тарасевич В.А., Козлов Н.Г. Восстановительное аминирование кислородсодержаших гетероциклов // Успехи химии. 1999. Т. 68, вып. 1;

Tyvorskii V., Astashko D., Kulinkovich O. A convinient route to 1-(2-oxiranyl)-1,4-diketone // Tetrahedron. 2000. Vol. 60;

Mikhailopulo I. Synthesis of 1-deazaadenozine analogues of (2′—5′) ApApA // Nucleozides Nucleotides. 1996. Vol. 15, №1—3.

Т.​Т.​Лахвіч.

т. 18, кн. 2, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)