СУКА́РНА (Sukarno; 6.6.1901, г. Сурабая, Інданезія — 21.6.1970),
палітычны і дзярж. дзеяч Інданезіі. Скончыў Тэхналагічны ін-т у г. Бандунг (1925). Удзельнік стварэння «Бандунгскага даследчага клуба» (1926), на базе якога ў 1927 створана Нац. партыя Інданезіі; яе першы старшыня За антыкалан. дзейнасць у 1929—31 у турме, з 1933—42 у ссылцы. У 1945 сфармуляваў 5 прынцыпаў (нацыяналізм, інтэрнацыяналізм, народаўладдзе, сац. справядлівасць, вера ў адзінага Бога), якія сталі афіц. ідэалогіяй Інданезіі. 17.8.1945 С. абвясціў незалежнасць Рэспублікі Інданезія. Абраны яе прэзідэнтам, С. узначаліў барацьбу супраць нідэрл. каланізатараў (1945—49). У 1957—59 па яго ініцыятыве ў краіне сфарміраваны лад т.зв. «накіроўнай дэмакратыі» на аснове канцэпцыі функцыянальных груп, члены якіх звязаны агульнай дзейнасцю, рэлігіяй, адукацыяй і г.д. Быў распушчаны парламент, новыя дэпутаты прызначаны асабіста С., які сканцэнтраваў у сваіх руках заканад. і выканаўчую ўладу. У 1963 абвешчаны пажыццёвым прэзідэнтам краіны. С. адзін з ініцыятараў Бандунгскай канферэнцыі 1955 і Недалучэння руху. Яго накірунак на пашырэнне, сувязей з СССР і КНР абвастрыў адносіны з краінамі Захаду, найперш з-за канфлікту з Малайзіяй і выхаду Інданезіі з ААН (студз. 1965). Палітыка С. прывяла да эканам. крызісу, які супаў з вострым канфліктам паміж камуністамі і арміяй. Пасля путчу 30.9.1965 адхілены ад рэальнага кіраўніцтва краінай, у 1967 адмовіўся ад усіх дзярж. пасад.
Тв.:
Рус.пер. — Индонезия обвиняет: Сб. ст. и речей. 3 изд. М., 1961.
Літ.:
Юрьев А.Ю. Сукарно // Политические портреты борцов за национальную независимость. 2 изд. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТАКВІ́ЛЬ (Tocqueville) Алексіс (29.7.1805, Вернёй-сюр-Сен, Францыя — 16.4.1859),
французскі сацыёлаг, гісторык-і паліт. дзеяч. У 1831—32 вывучаў пенітэнцыярную сістэму ў ЗША. З 1838 чл. Акадэміі маральных і паліт. навук, з 1841 — Франц. акадэміі. З 1839 чл. Палаты дэпутатаў, з 1848 — Устаноўчага, з 1849 — Заканад. (віцэ-старшыня) сходаў. Міністр замежных спраў (1849). Адзін з лідэраў кансерватыўнай Партыі парадку. У працах «Аб дэмакратыі ў Амерыцы» (1835), «Стары парадак і рэвалюцыя» (1856) аналізаваў супярэчнасці «дэмакр. рэвалюцыі», сутнасць і перспектывы дэмакратыі. Першая фаза развіцця дэмакратыі, на яго думку, — стварэнне абс. манархіі, у якой «знаць ужо зламана, а народ яшчэ не ўзняўся», у сувязі з чым уладары «цешацца паліт. стабільнасцю і ўсемагутнасцю». Рэвалюцыя, у т. л. і Франц. рэвалюцыя 1789—94, звяргае абсалютызм, адмяняе феад. прывілеі, зацвярджае трыумф эгалітарызму, але не пазбаўляе грамадства ад вынікаў абсалютызму, замяняе старую форму тыраніі дэмакр. дэспатызмам, а феад. няроўнасць — неабмежаваным панаваннем «іерархіі функцыянераў», якія складаюць «машыну кіравання». У гэтых умовах народ адхілены ад улады, ператвараецца ў аднародную масу, якая набывае скажоную форму роўнасці — «роўнасць у рабстве». У выніку ўзнікае індывідуалізм. які адхіляе людзей ад улады, ізалюе іх адзін ад аднаго і падштурхоўвае іх да прыватнага жыцця, у бок ад грамадскіх адносін і палітыкі. Каб абясшкодзіць грамадства ад новых форм дэспатызму, якія ствараюцца самім развіццём дэмакратыі, апорай свабоды павінна стаць, на думку Т., развіццё самасвядомасці і самакіравання, добраахвотных асацыяцый грамадзян, а таксама пашырэнне рэліг. перакананняў, якія па сваёй прыродзе несумяшчальныя з усеўладдзем дзяржавы і яго культам.
Sneezing and shivering are reflexes — чы́ханьне й дры́жыкі — гэ́та рэфле́ксы
2) адбіцьцё n., во́браз -у m.
Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)
БЕЛАРУ́СКАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАМІ́СІЯ (БВК),
орган па фарміраванні бел. часцей у польскім войску ў 1919—21. Утворана 2.8.1919 у Вільні Цэнтр.бел. радай Віленшчыны і Гродзеншчыны паводле дамоўленасці з начальнікам Польскай дзяржавы Ю.Пілсудскім. Яго дэкрэтам ад 22.10.1919 дазвалялася фарміраванне бел. часцей і зацвярджалася БВК у складзе: П.Аляксюк (старшыня), А.Аўсянік, палкоўнікі Г.Канапацкі (камандуючы бел. войскам) і Д.Якубоўскі, штабс-капітаны Ф.Кушаль і А.Якубецкі, Ю.Мурашка, А.Прушынскі (А.Гарун), С.Рак-Міхайлоўскі. Камандаванне бел. войска падпарадкоўвалася непасрэдна польскай ваен. адміністрацыі. Сфарміраваныя часці меркавалася накіраваць на польска-савецкі фронт. У ліст. 1919 БВК пераехала ў Мінск. Падтрымлівала сувязь з Найвышэйшай радай БНР. Падзялялася на падкамісіі: вярбовачна-агітацыйную (узначальваў Аляксюк), кваліфікацыйную (Якубецкі), статутную (Прушынскі), культ.-асветную (Рак-Міхайлоўскі) і інш. У паветах БВК стварала бел. вярбовачныя бюро, сярод насельніцтва распаўсюджвала адозвы з заклікам уступаць у нац. войска. Перакладала на бел. мову польскія вайск. статуты, выдала зб. «Падарунак беларускаму жаўнеру» (1920). Вяла рэгістрацыю добраахвотнікаў (афіцэраў, салдатаў, ваен. чыноўнікаў, урачоў). У сак. 1920 распараджэннем ваен.мін-ва вярбоўка і адбор добраахвотнікаў выключаны з кампетэнцыі БВК і перададзены мясц. органам акупац. адміністрацыі, якія байкатавалі гэту справу. Удалося скамплектаваць толькі 1 бел. пяхотную роту. У ліп. 1920 у сувязі з наступленнем Чырв. Арміі БВК фактычна распалася. Адноўлена 3.10.1920 у г. Лодзь (Польшча) у складзе: Якубецкі (Старшыня), Кушаль, Ф.Умястоўскі, Э.Якабіні, Якубоўскі. Накіравала групу афіцэраў на дапамогу ўдзельнікам Слуцкага паўстання 1920. Займалася культ.-асв. працай сярод інтэрніраваных у Польшчы вайскоўцаў-беларусаў. Прапановы аб рээвакуацыі камісіі ў адзін з гарадоў Зах. Беларусі былі адхілены польск. ўладамі. 15.5.1921 скасавана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫЗЕНГА́ЎЗ Антоній (1733, г.п. Наваельня Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 31.3.1785),
дзяржаўны і грамадскі дзеяч ВКЛ, мецэнат. З роду Тызенгаўзаў. Падстароста гродзенскі з 1757, вял. пісар ВКЛ у 1763—64, канюшы ВКЛ у 1764—65, падскарбі надворны ВКЛ з 1765, адначасова староста гродзенскі, адміністратар каралеўскіх эканомій у ВКЛ. Пасол на соймы з 1761, у 1773—80 узначальваў на соймах каралеўскую партыю. Намаганнямі Т. Гродна стала месцам работы дзярж. устаноў: Скарбовай камісіі ВКЛ, Трыбунала ВКЛ, задворнага асэсарскага суда. Ініцыятар буйнамаштабных пераўтварэнняў у каралеўскіх эканоміях ВКЛ у галіне адміністрацыі, сельскай гаспадаркі, прам-сці, шляхоў зносін, навукі і адукацыі. Правёў Тызенгаўза рэформу. Арганізаваў шэраг мануфактур (перш за ўсё Гродзенскія каралеўскія мануфактуры). Адм. цэнтрам эканам. дзейнасці Т. стала збудаванае ім прадмесце Гродна — Гарадніца, дзе размяшчаліся заснаваны Ж.Э.Жыліберамбат. сад, Гродзенская медыцынская акадэмія, кадэцкі корпус, школы мернікаў, бухгалтараў, будаўнікоў. Праводзіў ачышчэнне рэчышча Нёмана, арганізаваў Гандл. і эканам. кантору. Займаўся гадоўляй мяса-малочных парод жывёлы, племянных жарабцоў. Выкарыстоўваў парнікова-цяплічную сістэму. Арганізаваў Гродзенскі тэатр Тызенгаўза, Гродзенскую капэлу Тызенгаўза, Гродзенскую музычна-тэатральную школу Тызенгаўза, сетку парафіяльных школ. Заснаваў Гродзенскую друкарню, ініцыятар выдання газ.«Газэта Гродзеньска». Рэканструяваў цэнтр мяст. Паставы. Увядзенне мануфактур на аснове крэдыту, неэканомнае выкарыстанне сыравіны, высокія цэны і як вынік слабы збыт прадукцыі, адсутнасць зацікаўленасці майстроў і рабочых, неэфектыўнасць прыгоннай працы прывялі да заняпаду прадпрыемстваў і да няўдачы гасп. палітыкі Т. У ліп. 1780 Т. адхілены ад кіравання каралеўскімі эканоміямі ў ВКЛ. Помнік Т. ўстаноўлены ў Гродзенскім Фарным (б. езуіцкім) касцёле, яго імем названа плошча ў Гродне.
Літ.:
Гибянский И.Г. Граф Аятоний Тизенгауз и гродненские королевские мануфактуры. Пг., 1916;
Kościałkowski S. Antoni Tyzenhauz: Podskarbi nadworny litewski. T. 1—2. Londyn. 1970—71.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАПЕ́ШЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1944—45,
наступальная аперацыя войск 2-га і 3-га Украінскіх франтоў 29.10.1944—17.2.1945 у Венгрыі ў 2-ю сусв. вайну.
Абароне Будапешцкага ўмацаванага раёна, які прыкрываў подступы да Вены і Паўд. Германіі, ням. камандаванне надавала асаблівае значэнне. На подступах да Будапешта праціўнік стварыў 3 моцныя абарончыя паласы. Тут дзейнічалі 43 ням. дывізіі (у т. л. 8 танкавых і 1 кавалерыйская) і 3 брыгады. Войскі 2-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі) у цяжкіх баях з 29 кастр. прарвалі абарону праціўніка і да 9 снеж. выйшлі да знешняга абарончага абводу Будапешта. Войскі 3-га Укр. фронту (Маршал Сав. Саюза Ф.І.Талбухін) пачалі наступленне 7 ліст., фарсіравалі Дунай і да 9 снеж. выйшлі на Пн ад воз. Веленцэ і да воз. Балатан, пагражаючы тылам варожай групоўкі. 20 снеж. пачалося агульнае наступленне сав. войск. 26 снеж. будапешцкая групоўка ворага ў 180 тыс.чал. была акружана. Каб пазбегнуць ахвяр і разбурэння Будапешта, сав. камандаванне прапанавала гітлераўцам капітуляваць. Ультыматум быў адхілены, а сав. парламенцёры забіты. Каб вызваліць акружаныя дывізіі і аднавіць абарону на Дунаі, ням.-фаш. камандаванне ў студз. спрабавала арганізаваць контрнаступленне (гл.Балатонская абарончая аперацыя 1945). На асобных участках фронту праціўнік пранік у абарону сав. войск і выйшаў да Дуная. Сав. войскі, адбіўшы жорсткія атакі ворага, 27 студз. перайшлі ў наступленне, 13 лют. вызвалілі Будапешт і ліквідавалі акружаную групоўку. У Будапешцкай аперацыі разам з сав. войскамі ўдзельнічалі балг., рум. баявыя злучэнні і венг. добраахвотны Будайскі полк. У ходзе аперацый сав. войскі знішчылі больш за 20 дывізій праціўніка, стварылі ўмовы для наступлення на Вену і Паўд. Германію. Страты сав. войск забітымі, параненымі і прапаўшымі без вестак склалі каля 320 тыс.чал. (з іх забітымі 79 946 чал.). 79 злучэнням і часцям, якія ўдзельнічалі ў Будапешцкай аперацыі, нададзена ганаровае найменне «Будапешцкіх».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ХАРАЎ Андрэй Дзмітрыевіч (21.5.1921, Масква — 14.12.1989),
расійскі фізік і грамадскі дзеяч. Акад.АНСССР (1953). Замежны чл.Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1969), Нац.АН ЗША (1973), Франц.АН (1981) і інш. Тройчы Герой Сац. Працы (1953, 1956, 1962). Скончыў Маскоўскі ун-т (1942). У 1945—50 і з 1969 у Фіз. ін-це АНСССР, з 1950 у ядз. цэнтры КБ-11 (г. Арзамас-16, цяпер г. Сароў). Навук. працы па магн. гідрадынаміцы, фізіцы плазмы, кіравальным тэрмаядз. сінтэзе, фізіцы элементарных часціц, касмалогіі, тэорыі гравітацыі. Прапанаваў выкарыстоўваць мюонны каталіз для ажыццяўлення кіравальнай тэрмаядз. рэакцыі (1948). Выказаў ідэю магн. ўтрымання высокатэмпературнай плазмы (1950) і разам з І.Я.Тамам развіў тэорыю магн. тэрмаядз. рэактара. Прапанаваў прынцып стварэння выбухова-магн. генератара для атрымання звышмагутных магн. палёў і эл. токаў (1952). Выказаў ідэю лазернага абціскання плазмы (1961), гіпотэзу аб нестабільнасці пратона і выкліканай ёй барыённай асіметрыі Сусвету (1967). Адзін са стваральнікаў вадароднай бомбы ў СССР (1953). У 1956—62 актыўна выступаў за абмежаванне выпрабаванняў ядз. зброі. З канца 1960-х г. адзін з лідэраў праваабарончага руху ў СССР. Пасля публікацыі на Захадзе арт. «Разважанні аб прагрэсе, мірным суіснаванні і інтэлектуальнай свабодзе» (1968) быў адхілены ад сакрэтных прац. За асуджэнне ўводу сав. войск у Афганістан пазбаўлены ўсіх дзярж. узнагарод і высланы ў г. Горкі (1980; вярнуўся ў 1986). Імем С. наз. малая планета. Дзярж. прэмія СССР 1953. Ленінская прэмія 1956. Нобелеўская прэмія міру 1975.
Тв.:
Мир, прогресс, права человека. Л., 1990;
Тревога и надежда. М., 1990;
Науч. труды. М., 1995;
Воспоминания. Т. 1—2. М., 1996.
Літ.:
Конституционные идеи Андрея Сахарова. М., 1990;
Андрей Дмитриевич: Воспоминания о Сахарове. М., 1990;
Гражданин мира (А.Д.Сахаров): Рекомендат. указ. лит. М., 1993;
Он между нами жил...: Воспоминания о Сахарове. М., 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЯ́Р ДЭ ШАРДЭ́Н (Teilhard de Chardin) П’ер (Мары-Жазеф П’ер; 1.5.1881, замак Сарсена каля г. Клермон-Феран, Францыя — 10.4.1955),
французскі філосаф, тэолаг і палеантолаг. З 1899 чл.Т-ва Ісуса (ордэн езуітаў), святар (1911). Чл. Парыжскай АН (1950). Скончыў езуіцкую семінарыю на в-ве Джэрсі (1907). З 1913 у Ін-це палеанталогіі чалавека пры Музеі натуральнай гісторыі ў Парыжы. З 1920 праф. Каталіцкага ун-та ў Парыжы (у 1926 абвінавачаны ў антыдактрынальнасці і адхілены ад выкладання). З 1923 удзельнічаў у палеанталагічных экспедыцыях у Манголіі, Паўд.-Зах. Кітаі, Індыі, Бірме, Яве і інш. Адзін з першаадкрывальнікаў сінантрапа, знойдзенага ім у 1929 каля Пекіна. Даследаваў трацічную і раннечацвярцічную фауну і антрапагенез на тэр.Паўд. Азіі. У цэнтры яго філасофіі — праблема чалавека як біял. і над біял. (свядомай) істоты; выступаў за аб’яднанне ідэалізму і матэрыялізму ў выглядзе «фенаменалогіі», якая б улічвала і ўнутр., і вонкавы бакі свету. Эвалюцыю Зямлі разглядаў як трансфармацыю найперш псіхічную, што тлумачыў наяўнасцю ў зямной матэрыі элементарнай свядомасці. У развіцці свету вылучаў 3 этапы: пераджыццё (узнікненне нежывой прыроды), жыццё (спантаннае развіццё жывой прыроды і разгалінаванне жывёльнага свету), з’яўленне чалавека (вырашальная стадыя ў эвалюцыі Зямлі, якая паклала пачатак наагенезу). Сцвярджаў, што, як зліццё аднаклетачных прывяло да прагрэсу жывой прыроды, так і чалавецтва павінна рухацца да духоўнага аб’яднання, «мегасінтэзу» індывідаў, нацый і рас. Эвалюцыйны падыход характэрны і для яго тэалагічных поглядаў: разглядаў стварэнне свету Богам не як адзіначасны акт, а як бесперапынны працэс. На яго думку, чалавек на шляху да Бога павінен не ўхіляцца ад паўсядзённасці, а актыўна ператвараць рэчаіснасць у адпаведнасці з Божай ідэяй «адухаўлення матэрыі». Вучэнне Т.д.Ш. — тэярдызм — атрымала масавую папулярнасць як альтэрнатыва неатамізму — афіц. дактрыне рымска-каталіцкай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРТЫ́ЗМ (англ. chartism ад charter хартыя),
масавы рэвалюцыйны рух англ. рабочых у 1830—50-я г. за паліт. правы, паляпшэнне свайго сац. і эканам. становішча. Назва ад т.зв. Нар. хартыі — апублікаванага рабочым-сталяром У.Ловетам праекта закона аб выбарчай рэформе з 6 пунктаў: права голасу ўсім мужчынам з 21 года; тайнае галасаванне; падзел Англіі на роўныя выбарчыя акругі з адным прадстаўніком у парламенце ад кожнай; штогадовыя выбары ў парламент; адсутнасць маёмаснага цэнзу пры допуску да выбараў у парламент; грашовае ўтрыманне для членаў парламента. У хартыі рабочыя ўбачылі сродак ліквідацыі паліт. панавання буйной буржуазіі і землеўладальнікаў. 4.2.1839 у Лондане адбыўся 1-ы кангрэс (канвент) чартыстаў. У 1840 у г. Манчэстэр створана Нац. чартысцкая асацыяцыя — 1-я ў гісторыі масавая рабочая партыя (каля 50 тыс.чал.). Палажэнні хартыі разам з інш.паліт. і сац.-эканам. патрабаваннямі ўключаны ў калект. петыцыі 1839 (1,2 млн. подпісаў), 1842 (3,5 млн. подпісаў) і 1848 (5 млн. подпісаў), якія былі пададзены ў парламент, але адхілены ім на падставе фармальных зачэпак. Падача петыцый суправаджалася масавымі выступленнямі рабочых і дробнай буржуазіі, якія часам пераходзілі ва ўзбр. сутыкненні з паліцыяй і войскамі. Унутры Ч. вяліся спрэчкі паміж прыхільнікамі мірных сродкаў барацьбы за хартыю («маральнай сілы»; Ловет) і абаронцамі рэв. метадаў барацьбы («фізічнай сілы»; Ф.О’Конар, Дж.О’Браен). У 1845 левыя чартысты разам з рэв. эмігрантамі шэрагу краін Еўропы стварылі ў Лондане міжнар.т-ва «Брацкія дэмакраты», лідэры яго левага крыла Дж.Гарні і Э.Джонс уступілі ў Саюз камуністаў. Чартысцкі друк апублікаваў англ. пераклад «Маніфеста Камуністычнай партыі» К.Маркса і Ф.Энгельса. Пасля 1848 Ч. пайшоў на спад. У 1851 чартысцкі Канвент прыняў праграму сацыяліст. пераўтварэння грамадства. У 1854 чартысты склікалі ў Манчэстэры Рабочы парламент, але масавай рабочай арг-цыі стварыць не здолелі. З ростам рэфармісцкіх тэндэнцый у рабочым руху (гл.Рэфармізм) Ч. сышоў з паліт. арэны Вялікабрытаніі.
Літ.:
Рожков Б.А. Чартистское движение 1836—1954. М., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́СПЕРС (Jaspers) Карл (23.2.1883, г. Ольдэнбург, Германія —26.2.1969),
нямецкі філосаф і псіхіятр; адзін з заснавальнікаў экзістэнцыялізму. З 1908 асістэнт псіхіятрычнай бальніцы ў Гайдэльбергу, з 1921 праф. філасофіі ў Гайдэльбергскім ун-це. У 1937 адхілены ад выкладання, вярнуўся да яго ў 1945. З 1948 выкладаў у Базельскім ун-це. У псіхіятрыі кіраваўся біяграфічным метадам; разглядаў хваробу не як працэс распаду чалавечай асобы, а ў сувязі з гісторыяй жыцця, з пошукам чалавекам уласнай індывідуальнасці («Усеагульная псіхапаталогія», 1913). Некаторыя яго працы прысвечаны праблемам патаграфіі — псіхапаталагічнаму аналізу эвалюцыі знакамітых асоб (Ю.А.Стрындберг, В.В. ван Гог, Ф.В.Ніцшэ). У 1920—30-я г. Я. стварыў уласны варыянт экзістэнцыяльнай філасофіі, дзе філасофію вызначыў не як стварэнне пэўнай сістэмы, а як адкрыты духоўны працэс, што высвятляе становішча чалавека ў свеце. Асн. катэгорыі яго філасофіі — экзістэнцыя, трансцэндэнцыя, сітуацыя, гістарычнасць, камунікацыя. Сэнс экзістэнцыі ён бачыў у свабодзе. Быццё ў філасофіі Я. паўстае як прадметнае быццё, экзістэнцыя і трансцэндэнцыя (Бог). Мысленне, спалучанае з прадметным быццём, ёсць «арыентацыя ў свеце», філасофстваванне аб экзістэнцыі паўстае як яе «прасвятленне» («Розум і экзістэнцыя», 1935). Праблемы быцця, пазнання і чалавека Я. разглядаў з пункту гледжання гістарычнасці, пад якой ён разумеў незаменнасць, непаўторнасць, канчатковасць чалавечай асобы. Адрозненне філас. веры ад рэлігійнай бачыў у тым, што першая заснавана на штодзённым вопыце любога чалавека, а другая не можа быць агульназначнай, бо заснавана на адкрыцці. Я. стварыў сваю ўласную канцэпцыю гісторыі, заснаваную на ідэях гіст. цэласнасці і адзінстве чалавецтва. Ён акрэсліў 4 «зрэзы» гісторыі: дагістарычны перыяд (авалоданне людзьмі мовай, прыладамі працы і агнём); стараж. культуры; «вось сусветнага часу» (8—2 ст. да н.э.), ад якога толькі пачынаецца сусв. гісторыя; станаўленне навук.-тэхн. цывілізацыі («Еўропа 17—20 ст.; «філасофія». Т. 1—3, 1931—32).