заціка́ўлены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад зацікавіць.

2. у знач. прым. Які праяўляе або вырашае цікавасць да каго‑, чаго‑н. [Нор] усюды сустракаў зацікаўленыя позіркі, адусюль глядзелі на яго. Шамякін. Зыблюк у момант адхіснуўся ад Карніцкага і зрабіў такі ўважлівы выгляд, нібы ён самы зацікаўлены слухач. Паслядовіч.

3. у знач. прым. Звязаны практычнымі інтарэсамі з якой‑н. справай. Зацікаўленая асоба. Зацікаўленыя краіны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звысо́ку, прысл.

1. Зверху, з вышыні. У гэты ранні час сонца яшчэ не відно было, толькі адны жаўранкі бачылі яго звысоку. Чорны. Бляск месяца бледны, што ззяе звысоку, І сонца, што дорыць жыццёвасць, цяпло... Усё гэта радніцца з жыццём чалавека. Гурло.

2. З пагардай, фанабэрыста. Сухавараў быў адзеты ў парадны мундзір з бліскучымі гузікамі і звысоку пазіраў на ўсіх тутэйшых кавалераў. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

звыш, прыназ. з Р.

Спалучэнне з прыназоўнікам «звыш» выражае:

Колькасныя адносіны

1. Ужываецца пры абазначэнні перавышэння якой‑н. меры, нормы. Выпусціць прадукцыю звыш плана.

2. Ужываецца пры абазначэнні дзеяння або прадмета, у дадатак да якіх што‑н. робіцца, называецца і пад.; адпавядае па значэнню словам: «акрамя», «апрача». Звыш усяго гэтага, як апошні доказ Міхасёвай сталасці, да яго прыстаўлена памочніца. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

мармуро́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да мармуру. Мармуровае радовішча. Мармуровыя работы. // Зроблены з мармуру. Цагліны, як у казцы, самі клаліся адна на другую, а ўслед за гэтым прыгожыя ўзоры з мармуровых плітак пакрывалі сцены. Шахавец.

2. перан. Падобны на мармур; белы, гладкі. Мармуровы твар. □ Мармуровыя званочкі ландыша цягнуцца да сонца, сумна праводзячы яго, недаступнае і ні разу не ўбачанае. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

маскірава́цца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.

1. Апранацца ў маскарадны касцюм, надзяваць маску.

2. перан. Паказваць сябе не такім, як ёсць; прытварацца, прыкідвацца. [Шыпулька] гэтак умеў прыкідвацца і маскіравацца, што нават блізкія да яго людзі нічога не заўважалі. Кулакоўскі.

3. Хавацца, скрывацца ад праціўніка пры дапамозе маскіроўкі. Партызаны, маскіруючыся за купінамі, за дрэвамі, бачылі фашыстаў, як на далоні. Шчарбатаў.

4. Зал. да маскіраваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. зб. Тонкія дошчачкі для крыцця даху або для абівання сцен пад тынкоўку. Хаты крыты саломаю або дранкай сасновай, і на дахах старых ад поўначы парос густы буры мох. Галавач.

2. Кожная з такіх дошчачак. Тынк у розных мясцінах быў абабіты. З-пад яго свяціліся пераплёты дранак, прыбітых да сцен. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

канстру́кцыя, ‑і, ж.

1. Будова, узаемнае размяшчэнне частак, дэталей якога‑н. збудавання, механізма і пад. Новая канструкцыя. Канструкцыя станка.

2. часцей мн. (канстру́кцыі, ‑ый). Складанае збудаванне або яго неабходная частка. Жалезабетонныя канструкцыі. □ На збудаваным з лёгкіх стальных канструкцый агрэгаце знаходзілася.. пляцоўка. Паслядовіч.

3. Размяшчэнне слоў у мове з пункту гледжання іх граматычнай сувязі; граматычная будова словазлучэнняў. Прыназоўнікавая канструкцыя. Залежная канструкцыя. Канструкцыя сказа.

[Лац. constructio.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

жада́ючы,

1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад жадаць.

2. у знач. наз. жада́ючы, ‑ага, м. Той, хто жадае атрымаць што‑н., прыняць удзел у чым‑н. Перад смерцю Фрык завяшчаў, каб яго музей маглі бясплатна наведваць усе жадаючыя. Новікаў. Пункт, куды накіроўвалі Жадаючых трапіць да партызан.., знаходзіўся кіламетраў за пяць ад праезджай дарогі... Лынькоў.

3. Дзеепрысл. незак. ад жадаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

загартава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

1. Стаць больш цвёрдым і моцным у выніку награвання да высокай тэмпературы і хуткага ахаладжэння. Сталь добра загартавалася.

2. перан. Зрабіцца стойкім, вынослівым, здольным пераадольваць цяжкасці, неспрыяльныя ўмовы. У часе вайны Кірыла не толькі загартаваўся, а тут як бы канчаткова склаўся яго характар. Гурскі. Непарушнае брацтва ўсіх савецкіх людзей.. загартавалася і ўзмацнела ў агні свяшчэннай барацьбы. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наве́к і наве́кі, прысл.

Назаўсёды, на ўсё жыццё. Здавалася, што гаспадар меў перад сабою мэту паставіць будынак і абгарадзіць яго навек. Чорны. Навек пакінуў ты [Гастэла] глыбокі след У неўміручай памяці народнай. Аўрамчык. О, як бы нам хацелася здабыць Навекі мір для роднае краіны! Панчанка. Быццам памаладзееш, як нагаворышся аб далёкім ды навекі блізкім юнацтве. Кулакоўскі.

•••

Заснуць навекі (навек) гл. заснуць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)