АЛКІЛІ́РАВАННЕ,

хімічная рэакцыя ўвядзення алкілу ў малекулу арган. або неарган. злучэння. Ажыццяўляецца з дапамогай каталізатараў, таксама пры высокім ціску і т-ры. Алкіліруючыя рэагенты: галагенавытворныя вуглевадародаў, алкены, эфіры неарган. кіслот, дыазазлучэнні. Дае магчымасць сінтэзаваць больш складаныя злучэнні з пажаданымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваецца для вытв-сці высокаактанавага паліва, паверхнева-актыўных рэчываў, антыаксідантаў, фарбавальнікаў, інсектыцыдаў, лекаў.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬДАЛА́ЗЫ,

ферменты класа ліязаў, якія зваротна каталізуюць расшчапленне сувязяў паміж атамамі вугляроду ў вугляводах. У вял. колькасці ёсць у жывёльных, раслінных і мікраарганізмах (у мышцах млекакормячых альдалазаў да 10% ад усіх растваральных бялкоў). Маюць асабліва важнае значэнне ў працэсах анаэробнага расшчаплення цукроў, напр. пры гліколізе і фотасінтэзе. Каталізуюць рэакцыі паміж альдэгідамі і кетонамі.

т. 1, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМА́Р I, Амар ібн аль-Хатаб (каля 591 ці 581, Мекка — 3 ці 4.11.644),

другі халіф (з 634) у Арабскім халіфаце, адзін з бліжэйшых паплечнікаў Мухамеда. Пры Амары I араб. войскі атрымалі перамогі над візантыйцамі і Сасанідамі, заваявалі значныя тэр. ў Азіі і Афрыцы (гл. Арабскія заваяванні). Увёў мусульманскае летазлічэнне паводле хіджры. Забіты рабом-персам.

т. 1, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́БАНА-ТЭ́РМЕ (Ábano Terme),

бальнеагразевы курорт у Італіі. На Венецыянскай нізіне, на ПдЗ ад г. Падуя. Вядомы з часоў Стараж. Рыма, адраджэнне пачалося ў 13 ст. Каля 150 крыніц тэрмальных (да 85 °C) радонавых водаў, сульфідныя гразі выкарыстоўваюцца пры лячэнні хвароб органаў дыхання, руху і апоры, нерв. сістэмы і гінекалагічнай сферы. Гасцініцы і пансіянаты.

т. 1, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДУЛА́-ХАН II Ібн Іскандэр

(каля 1534—1598),

узбекскі хан [1583—98] з дынастыі Шайбанідаў, пры якім дзяржава дасягнула найб. магутнасці. У 1557 захапіў Бухару і зрабіў яе сталіцай Шайбанідаў дзяржавы, далучыў Ташкент, тэр. на Пн ад Сырдар’і, Балх, Фергану, Харэзм і інш. Правёў заканад. і адм. рэформы, падтрымліваў развіццё рамёстваў і гандлю, архітэктуры і л-ры.

т. 1, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБЛАКЦІРО́ЎКА [ад лац. ab ад + lac (lactis) малако],

спосаб прышчэплівання, пры якім 2 парасткі злучаюцца без аддзялення іх ад мацярынскіх раслін. Праводзіцца ў перыяд вегетацыі кустоў, лепш з мая да пачатку выспявання парасткаў. Пасля поўнага зрошчвання прышчэпак аддзяляецца ад мацярынскай расліны, застаючыся на прышчэпе. Адзін з асн. спосабаў размнажэння культ. сартоў у пладова-ягадных гадавальніках.

т. 1, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАЦЫ́Т,

мінерал класа баратаў прыродных, хлорабарат магнію, Mg3[B7O12]OCl. Прымесі жалеза (да 36%), марганцу і інш. Крышталізуецца ў рамбічнай (кубічнай пры т-ры больш за 265 °C) сінганіі. Крышталі, зярністыя масы. Белы, зялёны, шэры ці бясколерны. Бляск шкляны. Празрысты да паўпразрыстага. Цв. 7—7,5. Шчыльн. 2,9—3 г/см³. Трапляецца ў асадкавых радовішчах. Другарадная руда бору.

т. 2, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́РДЗІН (Яўген Васілевіч) (н. 4.9.1926, в. Навасергіеўка Арэнбургскай вобл., Расія),

бел. тэрапеўт. Д-р мед. н. (1975), праф. (1979) Скончыў Мінскі мед. ін-т (1953), дзе і працуе. Навук. працы па розных аспектах сардэчнай недастатковасці, у т. л. пры пашкоджаннях інш. унутраных органаў (хранічны гламеруланефрыт, эмфізема лёгкіх), дыферэнцыраваным лячэнні хранічнай недастатковасці кровазвароту.

т. 2, с. 306

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАР’Е́Р (франц. barriére),

1) невысокая перагародка, якая закрывае свабодны праход, праезд.

2) Спецыяльная перашкода, устаноўленая для пераадолення на спарт бегавой дарожцы, арэне цырка і інш. 3) Рыса перад кожным з удзельнікаў дуэлі, якую яны не павінны былі пераступаць пры стральбе.

4) Тое, што перашкаджае ажыццяўленню чаго-н., затрымлівае развіццё адпаведнай дзейнасці. Гл. таксама Бар’еры біягеаграфічныя.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФГА́НЕЦ,

мясцовы паўд.-зах. або паўд. вецер, які дзьме з Афганістана ў раёны зах. Паміра і вярхоўі Амудар’і. Сухі, моцны (скорасць 17—25 м/с), вельмі пыльны. Узнікае пры ўварванні халодных паветраных масаў у паўд. раёны Сярэдняй Азіі. У г. Тэрмез (Узбекістан) бывае да 70 дзён за год. Прыгнечвае расліннасць, наносіць шкоду сельскай гаспадарцы.

т. 2, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)