павелічэнне глыбіні (да 30—40 см) ворнага пласта глебы і паляпшэнне яго аграфізічных уласцівасцей; агратэхн. прыём апрацоўкі глебы. Ажыццяўляецца паступовым далучэннем да ворнага пласта падворыўных слаёў звычайнымі або яруснымі плугамі і глыбокім падглебавым рыхленнем рыхліцелямі з безадвальнымі рабочымі органамі. У выніку паляпшаецца водна-паветраны, цеплавы і пажыўны рэжым глебы, памяншаецца або ліквідуецца ўплыў адмоўных фактараў на рост і развіццё раслін, павялічваецца рэпрадукцыйны працэс с.-г. культур, інтэнсіўнасць кругавароту пажыўных рэчываў. Глебапаглыбленне садзейнічае глебаахове і экалагічнай чысціні прадукцыі. Эфектыўнасць глебапаглыблення вызначаецца біял. ўласцівасцямі раслін (найб. адчувальныя коранеклубняплоды, кукуруза, шматгадовыя травы) і грануламетрычным саставам глеб. На Беларусі глебапаглыбленне праводзяць для дзярнова-падзолістых глеб, якія развіваюцца на марэнных, азёрна-ледавіковых, лёсападобных суглінках, або супясчаных глеб, што падсцілаюцца марэннымі суглінкамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБАЎТВАРА́ЛЬНЫ ПРАЦЭ́С,
ператварэнне горнай пароды ў асобае самастойнае цела прыроды — глебу. Адбываецца ў выніку сукупнасці фіз., хім. і біял. з’яў, што працякаюць у верхнім слоі зямной кары (гл.Глебаўтваральныя фактары). Пачатковая стадыя глебаўтваральнага працэсу — мікрапрацэсы, або элементарныя глебавыя працэсы (ЭГП) 1-га парадку, звязаныя з жыццядзейнасцю ніжэйшых раслін. З цягам часу яны змяняюцца мезапрацэсамі, ці ЭГП 2-га парадку, якія фарміруюць глебавыя гарызонты (утварэнне гумусу, распад і пераўтварэнне мінералаў). Гарызонты ўтвараюць глебавы профіль, у якім працякаюць макрапрацэсы, цесна звязаныя з водным рэжымам. У фарміраванні глебы можа ўдзельнічаць адзін глебаўтваральны працэс або іх сукупнасць. Гасп. дзейнасць уплывае на глебаўтваральны працэс праз асушэнне, арашэнне, угнаенне і апрацоўку глеб. На Беларусі развіваюцца глебаўтваральныя працэсы: дзярновы, буразёмаўтварэнне, ападзольванне, лесіваж, глееўтварэнне, карбанатна- і жалезіста-саланчаковы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГНАЯВІ́К, чарнільны грыб,
благушка (Coprinus),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. гнаевіковых. Каля 200 відаў. Пашыраны па ўсім зямным шары. Сапратрофы. Растуць на ўгноенай глебе, гнілой драўніне, раслінных рэштках у лясах, садах, парках, агародах, на пашы. Пладаносяць у ліп.—кастрычніку. На Беларусі 15 відаў, найб. вядомыя гнаявік белы (C. comatus), гнаявік чарнільны, ці шэры (C. atramentarica), гнаявік шэры (C. cinereus), гнаявік дамавы (C. domesticus). Гнаявік белы і чарнільны ядомыя ў маладым узросце; чарнільны мае проціалкагольнае рэчыва.
Шапка дыяметрам 1—14 см, яйцападобная, званочкавая, у старых грыбоў шыроказваночкавая ці распасцёртая, з узнятым уверх краем, белая, шэрая, жаўтаватая, часам з камякамі, пры адміранні расплываецца ў чарнільна-чорную вадкасць. Пласцінкі свабодныя, белыя, потым чарнеюць. Споры эліпсоідныя, чорныя. Эфемеры — пладовыя целы існуюць некалькі гадзін ці дзён.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛУБ ШЫ́ЗЫ (Columba livia),
птушка сям. галубіных атр. голубападобных. Пашыраны ў Паўн. Афрыцы, на Пд Еўразіі. Насяляе скалы, горныя цясніны, яры, абрывістыя берагі рэк. Паўсвойскія галубы шызыя жывуць у паселішчах і пабудовах чалавека ўсюды. На Беларусі трапляецца шматлікі аселы паўсвойскі падвід — голуб шызы звычайны (C.l. livia).
Даўж. цела 33—37 см, маса 240—360 г. Апярэнне шызае, на шыі з металічна-зялёным і фіялетавым адценнем, на паясніцы белая паласа. На крылах 2 папярочныя чорныя палосы, на канцы хваста адна шырокая. Гняздуецца ў трэшчынах скал, норах па абрывах, пад стрэхамі, у нішах пабудоў, на балконах, карнізах. Нясе 2 яйцы. Расліннаедны, корміцца насеннем дзікіх і культ. раслін, рэшткамі ежы чалавека. Ад голуба шызага паходзяць шматлікія пароды дэкар. і паштовых галубоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́ЛЬДФЕЛЬД (Віктар Маркавіч) (6.1.1894, г. Кіраваград, Украіна — 19.12.1982),
украінскі і бел. скрыпач, педагог. Засл. дз. маст.Беларусі (1980). Праф. (1935). Вучыўся ў Брусельскай (1908—09), скончыў Петраградскую кансерваторыю (1917, клас Л.Аўэра). У 1917—41 педагог Харкаўскага муз.-драм. ін-та. Адначасова канцэртмайстар сімф. аркестра, вёў канцэртную дзейнасць (выступаў у ансамблях з К.Шыманоўскім, Г.Нейгаўзам, У.Горавіцам). Арганізатар і 1-ы скрыпач (1920—27) вядомага Квартэта імя Ж.Б.Вільёма. З 1944 праф. і заг. кафедры Кіеўскай кансерваторыі. З 1958 праф.Бел. кансерваторыі па класах скрыпкі і камернага ансамбля, кіраваў (з М.Браценнікавым) ансамблем скрыпачоў кансерваторыі. У пед. дзейнасці спалучаў традыцыі школы Аўэра з сучаснымі выканальніцкімі прынцыпамі.
Літ.:
Юзефович В. Наследник славных традиций // Сов. Музыка. 1978. № 3.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕОЛАГАРАЗВЕ́ДАЧНЫ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ ІНСТЫТУ́Т (БелНДГРІ). Створаны ў 1927 у Мінску як Геал.ін-т на базе геолага-глебазнаўчай падсекцыі Інбелкульта. З 1928 у АНБССР, з 1963 у Мін-ве геалогіі СССР, з 1969 ва Упраўленні геалогіі БССР, з 1987 у вытворчым аб’яднанні «Беларусьгеалогія». Асн. кірункі даследаванняў: вывучэнне геал. будовы тэр.Беларусі і заканамернасцей фарміравання і размяшчэння радовішчаў карысных выкапняў; прагнозная ацэнка мінер.-сыравінных рэсурсаў; вызначэнне кірункаў геолагапошукавых работ; гідрагеал., інж.-геал. і эколага-геал., у т. л. радыеэкалагічныя даследаванні; распрацоўка і ўкараненне прагрэс.геафіз., геахім., матэм. і інш. метадаў прагнозу, пошукаў і разведкі радовішчаў; удасканаленне тэхналогіі свідравання на нафту і газ. У ін-це працавалі акадэмікі М.Ф.Бліадухо, Г.В.Багамолаў, К.І.Лукашоў, А.С.Махнач, А.В.Мацвееў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРА́СІМАЎ (Сяргей Васілевіч) (26.9.1885, г. Мажайск, Расія — 20.4.1964),
рускі жывапісец. Нар. мастак СССР (1958), правадз.чл.АМСССР (1947), д-р мастацтвазнаўства (1956), праф. (1931). Вучыўся ў Строганаўскім вучылішчы (1901—07) і Маскоўскім вучылішчы жывапісу, скульптуры і дойлідства (1907—12) у С.В.Іванава і К.А.Каровіна. Пісаў простыя па кампазіцыі, стрыманыя па каларыце партрэты («Сялянка з пеўнем», 1924, «Калгасны вартаўнік», 1933), гіст. палотны («Клятва сібірскіх партызан», 1933, «Маці партызана», 1943—50), жанравыя карціны («Калгаснае свята», 1937), пейзажы; ілюстрацыі да твораў М.А.Някрасава, М.Горкага і інш. Ленінская прэмія 1966. У Нац.маст. музеі Беларусі 6 работ Герасімава, сярод якіх «Сялянка-дэлегатка», 1935, «Ранняя вясна», 1956, «Мажайск. Масква-рака», 1960, і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРАСІМО́ВІЧ (Пётр Мікалаевіч) (12.3.1912, в. Танежыцы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 20.4.1990),
бел. мастацтвазнавец і графік. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1933). Выкладаў у Мазырскім пед. тэхнікуме (1933—41), у 1945—82 працаваў у Дзярж.маст. музеі Беларусі. Аўтар прац пра бел.выяўл. мастацтва, манаграфій пра мастакоў Я.А.Зайцава (М., 1958) і А.М.Тычыну (Мн., 1961). Асн. творы станковай графікі: «Год 1919», «Год 1930» (абодва 1968), «Памятай, таварыш», «Пасля навальніцы» (абодва 1970), партрэты Я.Коласа і Я.Купалы (абодва 1982).
Тв.:
Изобразительное искусство Белорусской ССР. М., 1957 (з П.П.Нікіфаравым);
Изобразительное искусство Белоруссии (з ім жа) // Искусство, рожденное Октябрем. М., 1967;
Дзяржаўны мастацкі музей БССР: [Альбом]. Мн., 1976 (з А.К.Рэсінай);
гісторык. Д-ргіст.н. (1939). Да 1917 займаўся гісторыяй яўрэяў у Рас. імперыі, у т. л. гісторыяй яўрэяў на Беларусі. Адзін з ініцыятараў стварэння «Яўрэйскай энцыклапедыі» на рус. мове (т. 1—16, 1908—13), у якой узначальваў аддзел «Яўрэі ў Расіі з 1772» і быў аўтарам многіх артыкулаў. Пасля 1917 пераважна даследаваў гісторыю рас. рабочага класа. З 1921 пад яго рэдакцыяй у Ленінградзе выдаваўся «Архіў гісторыі працы ў Расіі», «Рускае мінулае», у 1925 — «Хрэстаматыя па гісторыі рабочага класа ў Расіі». З 1930 рэдактар «Вестника АНСССР».
Тв.:
История еврейского народа в России. Т. 1—2. 2 изд. Л., 1925—27;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІГРО́ФІЛА (Hygrophila),
род кветкавых раслін сям. акантавых. Каля 90 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках Афрыкі і паўд.-ўсх. Азіі ў вадаёмах, на балотах і інш. вільготных месцах; некаторыя віды трапляюцца як пустазелле на рысавых палях. На Беларусі ў акварыумах культывуюць найчасцей гігрофілу шматнасенную (H. polysperma), зрэдку азёрную (H. lacustris) і гвіянскую (H. guianensis).
Шмат- або аднагадовыя водныя травяністыя расліны з прамым або ўзыходным сцяблом. Кветкі сабраны невял. групамі, рэдка адзіночныя, у пазухах лісця або ў канцавых суквеццях, гермафрадытныя. Плод — каробачка. У гігрофілы шматнасеннай каранёвая сістэма развіта слаба, сцябло доўгае, тоўстае; паветранае лісце простае, вузкае, доўгае, размешчанае супраціўна парамі, апушчанае ў ваду. Лепш расце ў мяккай, слабакіслай вадзе пры т-ры 22—24 °C. Размнажаецца чаранкамі і грунтавымі парасткамі.