ПЯТРО́Ў (Вячаслаў Мікалаевіч) (4.2.1922, г. Яраслаўль, Расія — 5.4.1992),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Калінінскае пях. вучылішча (1942). На фронце з 1942. Узвод аўтаматчыкаў на чале са ст. лейтэнантам П. вызначыўся ў 1944 у баях пры фарсіраванні р. Бярэзіна і каля в. Шчаткава Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл., дзе за 14 гадз адбіў 10 атак акружанага праціўніка, не прапусціў яго да пераправы, чым садзейнічаў ліквідацыі варожай групы. Да 1972 у Сав. Арміі.

т. 13, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЫЁСЕКСТА́НТ (ад радыё... + секстант),

прылада для дакладнага вызначэння напрамку на Сонца (зорку ці інш. пазаземны аб’ект) па іх радыёвыпрамяненні. Складаецца з востранакіраванай прыёмнай антэны, радыёпрыёмніка, платформы, якая служыць штучным гарызонтам і стабілізуецца ў прасторы гіраскопам, і аўтам. ўстройства (сістэмы сачэння), якое фіксуе вось антэны ў напрамку Сонца (зоркі). У параўнанні са звычайным (аптычным) секстантам Р. можа працаваць пры любых метэаралагічных умовах. Хібнасць вызначэння напрамку пры дапамозе Р. (адносна яго платформы) не перавышае 1′. Выкарыстоўваецца ў паветр. і марской навігацыі.

т. 13, с. 235

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАПАЛЕ́ЎСКІ Ян, Іаан Віцебскі, бел. мастак 18 ст. Аформіў «Ілюстраваны нотны ірмалой» (1741) з віцебскай Іаана-Багаслоўскай царквы і стварыў для яго каля 30 заставак. Уставіў у гэты ж рукапіс створаныя ім у 1700 і 1744 мініяцюры «Нараджэнне Хрыста» і «Дванаццацігадовы Хрыстос у Іерусалімскім храме сярод настаўнікаў», у якіх адышоў ад кананічных схем, выявіў кампазіцыйную здольнасць.

Літ.:

Высоцкая Н.Ф. Материалы к истории станковой живописи Белоруссии XVI—XVIII вв. // Музей: Худож. собр. СССР. М., 1983. Сб. 4.

Н.​Ф.​Высоцкая.

т. 13, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЎКУЦЬ (Юзас Антонавіч) (н. 1.1.1954, г. Шчучын Гродзенскай вобл.),

бел. артыст балета. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1972). Да 1993 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Яго выкананне вызначалася высакароднай манерай, пачуццём стылю. Сярод партый: Зігфрыд, Прынц, Дэзірэ («Лебядзінае возера», «Шчаўкунок», «Спячая прыгажуня» П.​Чайкоўскага), Бог («Стварэнне свету» А.​Пятрова), Рамэо, Бенволіо («Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева), Вацлаў («Бахчысарайскі фантан» Б.​Асаф’ева), Абат («Карміна-Бурана» К.​Орфа), граф Вішанька («Чыпаліна» К.​Хачатурана) і інш.

т. 13, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́МША,

герой бел. антыпрыгонніцкіх казак. З іх найб. вядомая казка «Пану навука», паводле якой Р. жыў на Рымшавай гары (б. Мазырскі пав.) і помсціў пану-самадуру «за ўсе людскія слёзы ды крыўду», многа дабра рабіў людзям. У казцы пан крыўдзіць мужыка, а той, пераапрануўшыся (цесляром, доктарам і г.д.), некалькі разоў карае яго. Сярод слав., літ., франц., італьян. і інш. казак падобнага тыпу бел. вылучаюцца антыпрыгонніцкай накіраванасцю. Матыў казкі пра Р. выкарыстаў З.​Бядуля ў аповесці «Салавей».

т. 13, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫНХАСПАРЫЁЗ, аблямаваная плямістасць,

хвароба раслін, якая выклікаецца недасканалым грыбам з роду рынхаспорый. Пашкоджвае ячмень, азімае жыта, пырнік паўзучы, цімафееўку лугавую, райграсы, каласнец безасцюковы, купкоўку зборную і інш. Праяўляецца ў выглядзе авальных або няправільнай формы шэра-зялёных з цёмна-бурай аблямоўкай плям на лісці і лісцевых похвах раслін, у халаднаватае дажджлівае лета — і на зерні. У хворых раслін памяншаецца асіміляцыйная паверхня лісця, парушаецца водны баланс, зніжаецца ўраджай і пагаршаецца яго якасць. У гады пашырэння Р. недабор зерня дасягае 15%.

т. 13, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛІ́КВІІ царкоўныя, прадметы рэліг. пакланення, якія звязваюцца з жыццём Хрыста, Багародзіцы ці святых. Да Р. адносяць таксама мошчы. Ушанаванне Р. узыходзіць да першабытных вераванняў (гл. Фетышызм). Царквой Р. прыпісваецца цудадзейная сіла (вылячэнне і інш.). Найб. культ Р. распаўсюджаны ў каталіцызме. У каталіцкіх храмах і кляштарах захоўваюць рэшткі адзення Хрыста, кавалачкі «крыжа, на якім ён быў распяты», цвікі, «якімі яго прыбівалі да крыжа», і інш. Храмы і кляштары, якія валодаюць Р., асабліва ўшаноўваюцца і прыцягваюць шматлікіх паломнікаў.

т. 14, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМАНАПРУ́ЖАНЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,

жалезабетонныя канструкцыі, у якіх узнікае напружаны стан у працэсе цвярдзення бетону, прыгатаванага з т.зв. напружвальных (расшыральных) цэментаў; разнавіднасць папярэдненапружаных канструкцый.

Пры цвярдзенні спецыяльна прыгатаванага бетону адбываецца яго аб’ёмнае расшырэнне, напружваецца ўся арматура, жалезабетон самаўшчыльняецца і набывае значную трываласць (на 25—30% большую, чым пры цвярдзенні без арматуры), вільгаце- і газанепранікальнасць. Пры вырабе С.к. на з-дах іх падвяргаюць цеплавільготнаснай апрацоўцы. Выкарыстоўваюцца пры буд-ве напорных труб, рэзервуараў, элементаў дарожных і аэрадромных пакрыццяў, тунэляў, гідратэхн. збудаванняў.

т. 14, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРТАВО́Е РАЯНАВА́ННЕ,

замацаванне найб. прадукцыйных і каштоўных сартоў за пэўным рэгіёнам з улікам яго глебава-кліматычных умоў. Раянаваныя сарты ўключаюцца ў Дзярж. рэестр (банк даных пра сарты і дрэвава-кустовыя пароды) па выніках сортавыпрабавання. Улічваюць ураджайнасць, біял. асаблівасці, зіма- і хваробаўстойлівасць, скараспеласць, прыдатнасць да механізаванай уборкі, харч., тэхнал., кармавыя і інш. якасці сорту ці гібрыда. У Дзярж. рэестр у 1998—2000 упершыню ўключана 86 сартоў (з іх 20 бел. селекцыі); усяго 879 сартоў (2001).

З.​А.​Казлоўская.

т. 14, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«САЮ́З АБАРО́НЫ РАДЗІ́МЫ І СВАБО́ДЫ»,

падпольная афіцэрская арг-цыя ў Расіі ў 1918; мела на мэце скінуць сав. ўладу і ўстанавіць у краіне ваен. дыктатуру. Засн. ў Маскве ў сак. 1918, кіраўнік — Б.​В.​Савінкаў. Меў аддзяленні ў Казані, Яраслаўлі і інш. гарадах. Саюз фінансаваўся Антантай. Арышты яго членаў органамі ВЧК у маі 1918 сарвалі выступленні ў Маскве і Казані. Аднак у ліп. 1918 саюз узняў антысав. мяцяжы ў Яраслаўлі, Рыбінску, Мураме, Ялацьме. Пасля іх разгрому спыніў існаванне.

т. 14, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)