РУБАНЮ́К Іван Андрэевіч (29.8.1896, б. в. Прышаходы Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. — 3.10.1959),

генерал-палкоўнік (1955). У арміі з 1915, у Чырв. Арміі з 1918. У грамадз. вайну 1918—20 камандзір узвода, пам. камандзіра роты, ад’ютант палка. З 1921 камандзір батальёна, палка. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Закаўказскім, Паўн.Каўказскім, 3-м і 4-м Укр. франтах: камандзір палка, дывізіі, корпуса. Удзельнік баёў за г. Растоў, вызвалення Данбаса, Украіны, Крыма, Чэхаславакіі, Аўстрыі. Пасля вайны на адказных пасадах у Сав. Арміі.

І.А.Рубанюк.

т. 13, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САКАЛІ́ШЧА,

вёска ў Расонскім р-не Віцебскай вобл., каля р. Нішча, на аўтадарозе Полацк—Клясціцы. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 26 км на ПдЗ ад г.п. Расоны, 133 км ад Віцебска, 23 км ад чыг. ст. Боркавічы. 324 ж., 132 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры. б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік Я.​П.​Кульневу. У вёсцы ў Вял. Айч. вайну дзейнічала адна з груп Сакалішчанскага патрыятычнага падполля.

т. 14, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІРО́КА (італьян. scirocco ад араб. шарк — усход),

моцны гарачы, сухі і пыльны вецер паўд. румбаў у Міжземнамор’і, які дзьме з боку пустынь Паўн. Афрыкі і Аравійскага п-ва. Над краінамі Афрыкі і Б. Усходу нясе шмат пяску і пылу, на шляху праз Міжземнае м. насычаецца вільгаццю, аднак аказвае высушальны ўплыў на расліннасць узбярэжных раёнаў Францыі, краін Апенінскага і Балканскага п-воў. Часцей назіраецца вясной, дзьме 2—3 дні, павышае т-ру паветра да 35 °C; на падветраных схілах гор часам набывае характар фёну.

т. 14, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СПАНТА́ННАСЦЬ (ад лац. spontaneus адвольны, добраахвотны),

здольнасць дзейнічаць пад непасрэдным уплывам унутр. імпульсаў без умяшання звонку. У філасофіі даследуецца ў сувязі з самаарганізацыяй, самарухам прыроды (Б.​Спіноза) і пазнання (Г.​Лейбніц, Г.​Гегель). У сацыялогіі разглядаецца як самаадвольныя, не інспіраваныя свядомасцю сац. з’явы (міграцыя насельніцтва, фарміраванне родаў, плямён, нацыі і інш.). Характэрна для ўсёй гісторыі чалавецтва, але ў працэсе сац. развіцця ў пэўнай ступені саступае месца свядомаму; часам адмоўна ўплывае на сац. развіццё, выклікаючы працэсы сац. дэзарганізацыі. Гл. таксама Свядомасць і стыхійнасць.

т. 15, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УС Максім Філімонавіч (?, в. Грабінка Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. — студз. 1920),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў час яе акупацыі герм. і польск. войскамі. Вучыўся ў Камуніст. ун-це імя Свярдлова (1919). У 1-ю сусв. вайну на фронце, вёў рэв. прапаганду сярод салдат. У час ням. акупацыі 1918 чл. Рудабельскага падраённага к-та РКП(б). У 1919 адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партыз. атрада (гл. ў арт. Рудабельская «рэспубліка»). Схоплены польск. акупантамі і закатаваны.

М.​С.​Сташкевіч.

т. 16, с. 259

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСЦЮ́РТ,

сталовае плато ў межах Туранскай нізіны, ва Узбекістане і Казахстане. Размешчана паміж Аральскім м. і дэльтай Амудар’і на У, п-вам Мангышлак і б. зал. Кара-Багаз-Год на 3. Выш. да 370 м. Па краях — стромкія ўступы (чынкі) выш. 150 м і больш. Складзены пераважна з вапнякоў, мергелю, глін, пясчанікаў. Радовішчы нафты і газу. Карставыя формы рэльефу. Пакатыя ўвалы (Музбель, Карабаур і інш.) чаргуюцца з замкнёнымі паніжэннямі, масівамі пяскоў, саланчакамі. Пераважаюць гліністыя палыновыя і палынова-салянкавыя пустыні, якія выкарыстоўваюцца пад пашы.

т. 16, с. 281

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЦЬЯ́НАЎ Аляксей Іванавіч (5.3.1919, с. Малое Петрына Уладзімірскай вобл., Расія — 13.9.1959),

рускі паэт. Вучыўся ў Літ. ін-це імя М.​Горкага ў Маскве. Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1938). Вядомы як паэт-песеннік (каля 200). Вял. папулярнасць набылі песні, напісаныя ім у 1942 разам з кампазітарам В.Салаўёвым-Сядым («На сонечнай паляначцы», «Салаўі»). Музыку на тэксты Ф. пісалі М.​Багаслоўскі, М.​Блантэр, Б.​Макравусаў і інш.

Тв.:

Избр. лирика. М., 1972;

Родина. М., 1976;

Однополчане. М., 1980.

Літ.:

Когда весна придет: [Сб., посвящ. А.​И.​Фатьянову]. Ярославль, 1979.

т. 16, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕРГАНА́,

гістарычная вобласць у Сярэдняй Азіі. Уключае раён Ферганскай даліны [Ферганскі, Наманганскі і Андыжанскі вілаеты Узбекістана, ч. Ошскай і Джалал-Абадскай абласцей Кыргызстана і Сагдыйскай (б. Ленінабадскай) вобл. Таджыкістана]. Адзін са стараж. раёнаў земляробства. У 8 ст. заваявана арабамі, пасля распаду Араб. халіфата ў складзе розных феад. дзяржаў. У 2-й пал. 18 ст. вылучылася з Бухарскага эмірата і стала цэнтр. ч. Какандскага ханства (гл. Каканд), пасля ліквідацыі якога ў 1876 уключана ў склад Рас. імперыі. Найбуйнейшы раён вырошчвання бавоўніку.

т. 16, с. 357

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЯДЗЕ́ЦКІ (Fiadziecki) Канстанты (15.2.1815—3.6.1856),

польскі акцёр, антрэпрэнёр. Вучыўся ў Варшаўскай драм. школе Б.​Кудліча. Працаваў у т-рах Варшавы, Кракава, Познані, Вільні. У 1848—50 у Мінску (трупа В.​Драздоўскага). Першым выканаў на мінскай сцэне ролю Гараднічага («Рэвізор» М.​Гогаля, 1849). У 1851 арганізаваў уласную трупу, з якой выступаў у Віцебску (1851—52), Магілёве і Гомелі (1852), Шклове (1852, 1853), а таксама ў Кіеве і Жытоміры. З 1853 як акцёр працаваў у трупах Камянца-Падольскага, Жытоміра.

Ю.​А.​Пашкін.

т. 16, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХА́ЙМВЕР (Heimwehr),

ваенізаваныя фарміраванні самааховы ў міжваен. Аўстрыі (напачатку надпартыйныя, пазней фаш. кірунку). Узнік у 1919 з арг-цый б. франтавікоў і грамадз. гвардыі. У 1930—36 развіўся ў паліт. рух, процістаяў с.-д. Шуцбунду. Арыентаваўся на фаш. Італію, выступаў за дыктатарскае дзярж. кіраванне на прынцыпе фюрэрства і карпаратыўнага грамадства («аўстрафашызм»). У 1933—34 падтрымаў федэральнага канцлера Э.Дольфуса пры ўстанаўленні ім аўтарытарнага кіравання дзяржавай. У час падаўлення паўстання сацыял-дэмакратаў у лют. 1934 выкарыстоўваўся як дапаможная паліцыя.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 522

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)