МАЦЮШЭ́НКА (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 18.6.1941, в. Перасвятое Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Канд. тэхн. н. (1974), праф. (1991). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1964), там і працаваў. З 1985 у Бел. ун-це транспарту (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні механізмаў разбурэння дынамічна кантактуемых матэрыялаў і метадах аховы ад яго.
Тв.:
Водородный износ цилиндропоршневой группы двигателей внутреннего сгорания (разам з М.Ф.Салаўём, В.У.Торапам) // Трение и износ. 1987. Т. 8, № 3.
т. 10, с. 232
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЁРТВАЯ ЗО́НА радыёпрыёму, зона маўчання,
зона ў наваколлі радыёперадатчыка, дзе адсутнічае радыёпрыём. Шырыня М.з. залежыць ад магутнасці перадатчыка, вугла ўзвышэння максімуму яго выпрамянення адносна паверхні Зямлі і стану іанасферы.
Найб. часта ўзнікае на дэкаметровых хвалях і тлумачыцца асаблівасцямі іх распаўсюджвання. Паверхневыя хвалі, якія распаўсюджваюцца ўздоўж зямной паверхні, затухаюць на адносна невял. адлегласці (некалькі дзесяткаў кіламетраў) ад перадатчыка, а адбітыя ад іанасферы вяртаюцца на паверхню Зямлі на значна большай адлегласці (сотні і тысячы кіламетраў), што вядзе да ўтварэння М.з.
т. 10, с. 328
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНАЕ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ БЮРО́ (МСБ),
пастаянны выканаўча-інфармацыйны орган Інтэрнацыянала 2-га ў 1900—22. Створана ў вер. 1900 паводле рашэння Парыжскага кангрэса (1900). Знаходзілася ў Бруселі. Уваходзілі па 2 дэлегаты ад кожнай сацыяліст. партыі. Склікалася некалькі разоў на год, паміж пасяджэннямі яго бягучай дзейнасцю кіраваў Выканком Бельг. сацыяліст. партыі. Старшыня МСБ — Э.Вандэрвельдэ, сакратар (з 1905) — К.Гюісманс. МСБ выконвала пераважна тэхн. функцыі: збор інфармацыі, рассылка дакументаў 2-га Інтэрнацыянала і інш. З пачаткам 1-й сусв. вайны фактычна спыніла дзейнасць.
т. 10, с. 337
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА, Менскае ваяводства,
адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Утворана ў 1565 у складзе Мінскага павета і Рэчыцкага павета, у 1569 са складу Кіеўскага ваяв. далучаны Мазырскі павет. Мела харугву чырвонага («гваздзіковага») колеру з выявай герба «Пагоня» ў белым полі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 усх. землі ваяводства адышлі да Расіі. Скасавана пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793, яго тэр. ўвайшла ў Мінскую губерню.
В.Л.Насевіч.
т. 10, с. 411
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІХНЕ́ВІЧ (Кася) (1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),
танцоўшчыца. З 1756 вучылася ў Слуцкай балетнай школе Г.Ф.Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), з 1758 танцавала ў яго прыдворным т-ры (дэбютавала ў «Балеце на тры пары» ў паст. Пуціні), выступала таксама на гастролях у г. Нясвіж і Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча). Была найб. таленавітай у трупе, удасканаленню яе майстэрства аддаваў асаблівую ўвагу Пуціні. З 1760 салістка (першая танцоўшчыца) Нясвіжскага т-ра М.К.Радзівіла Рыбанькі.
Г.І.Барышаў.
т. 10, с. 487
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МНО́СТВА ў матэматыцы,
набор, сукупнасць, збор якіх-н. аб’ектаў (элементаў), што маюць агульную для ўсіх характарыстычную ўласцівасць. Каб задаць М., неабходна зрабіць пералік усіх яго элементаў або назваць правілы, па якіх вызначаецца прыналежнасць дадзенага элемента да пэўнага М. Паняцце М. — адно з пачатковых фундаментальных паняццяў, якое нельга выразіць праз інш. больш простыя паняцці, а можна толькі патлумачыць з дапамогай прыкладаў. Напр., М. кніг дадзенай бібліятэкі, М. пунктаў дадзенай лініі, М. рашэнняў дадзенага ўраўнення.
А.А.Гусак.
т. 10, с. 502
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ЗЛІ ЗАКО́Н,
закон, які звязвае частату спектральных ліній характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення хім. элемента з яго атамным нумарам. Эксперыментальна ўстаноўлены Г.Мозлі (1913).
Паводле М.з. квадратны корань з частаты ν спектральнай лініі характарыстычнага рэнтгенаўскага выпрамянення з’яўляецца лінейнай функцыяй атамнага нумара Z хім. элемента:
, дзе R — Рыдберга пастаянная, Sn — пастаянная экраніравання, n — гал. квантавы лік (гл. Квантавыя лікі). Адыграў важную ролю ў разуменні фіз. сутнасці атамнага нумара і станаўленні перыядычнага закону хім. элементаў.
А.І.Болсун.
т. 10, с. 513
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ Храбры
(? — 1036),
старажытнарускі князь тмутараканскі (з 988) і чарнігаўскі (з 1023). Сын вял. кіеўскага кн. Уладзіміра Святаславіча і полацкай князёўны Рагнеды Рагвалодаўны. У 1016 змагаўся з хазарамі, у 1022 заваяваў касогаў. У 1024 нанёс паражэнне брату — кн. Яраславу Мудраму і стаў незалежным уладаром усх. ч. Кіеўскай Русі да р.Дняпро, што пацверджана дагаворам 1026 паміж братамі. У 1031 разам з Яраславам зрабіў ваен. паход на Польшчу. Пасля смерці М.У. яго ўладанні адышлі да Яраслава Мудрага.
т. 10, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЛЕ́Н ((Moulin) Жан) (20.6.1899, г. Безье, Францыя — 8.7.1943),
герой франц. Супраціўлення ў 2-ю сусв. вайну. У 1940 прэфект дэпартамента Эр і Луар, адхілены ад пасады ўрадам «Вішы». З 1941 чл. руху «Змагарная Францыя», прадстаўнік яго кіруючага органа Франц. нац. к-та (ФНК) у паўд. зоне краіны (са студз. 1942), ген. прадстаўнік ФНК па ўсёй Францыі (з лют. 1943). Заснавальнік і першы старшыня (з 27.5.1943) Нац. савета Супраціўлення. 21.6.1943 схоплены гестапаўцамі і закатаваны. У г. Шартр — помнік.
т. 11, с. 22
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДБАРО́ДНІК (Epipogium),
род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 2 віды. Пашыраны ў Еўразіі, трапічнай Афрыцы і Аўстраліі. На Беларусі 1 від. Н. бязлісты (E. aphyllum). Трапляецца адзіночнымі экзэмплярамі ў вільготных хвойных, мяшаных і шыракалістых лясах.
Н. бязлісты — шматгадовая расліна-мікатроф выш. 20 см з каралападобным карэнішчам. Сцёблы крохкія, сакаўныя, жаўтаватыя з чырв. палоскамі. Зялёнае лісце адсутнічае (расліна жывіцца арган. рэчывамі ляснога подсцілу), замест яго 5—8 жаўтаватых лускавінак. Кветкі паніклыя, жаўтавата-белыя, у рэдкай гронцы, духмяныя. Плод — каробачка.
т. 11, с. 118
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)