ЭТНАГРА́ФІЯ (ад этнас + ...графія), этналогія, народазнаўства,
навука, якая даследуе этнічныя супольнасці, іх паходжанне (этнагенез), рассяленне, побыт і культуру, культ.-гіст. сувязі. Сучасная Э. (часцей ужываецца тэрмін «этналогія») вывучае комплекс праблем: этнагенез, этн. гісторыю, этн. (этнакульт., этнасац.) працэсы, нац. ўзаемаадносіны. Асн. метады даследаванняў: мэтавае апытанне мясц. жыхароў, тэкставыя запісы, анкеты, фотаздымкі, відэа- і фоназапісы, іх сістэматызацыя, расшыфроўка, параўн.-тыпалагічны параўн.-гіст. аналіз, рэтраспекцыя, картаграфаванне і інш. Асн. крыніцы — палявыя этнагр. матэрыялы, запісы падарожнікаў, гіст. і нарматыўныя дакументы, інвентарныя кнігі, каталогі, музейныя калекцыі. Цесна звязана з археалогіяй, антрапалогіяй, геаграфіяй, лінгвістыкай, сацыялогіяй, фалькларыстыкай. Сумежныя дысцыпліны: этнагеаграфія, этналінгвістыка, этнамузыкалогія, этнічная псіхалогія, этнапедагогіка.
Найб. даўнія звесткі пра Э. ў пісьмовых помніках Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Асірыі, Персіі, Індыі. Кітая. У творах ант. аўтараў (Герадот, Палібій, Пліній Старэйшы, Страбон, Тацыт, Фукідыд і інш.) ёсць апісанні народаў, спробы асэнсаваць гіст. падзеі і этнакульт. з’явы. Традыцыі ант. л-ры прадаўжаліся ў Візантыі (Пракопій Кесарыйскі, імператар Канстанцін, 10 ст., і інш.). Багаты матэрыял пра народы свету ў апісаннях падарожжаў Дж.Карпіні («Гісторыя манголаў»), М.Пола («Кніга Марка Пола»). Вялікія геаграфічныя адкрыцці (15—17 ст.) паскорылі развіццё этнагр. ведаў. Комплексныя этналагічныя даследаванні Л.Г.Моргана і інш. садзейнічалі параўн. вывучэнню і абагульненню фактычнага матэрыялу. У працэсе пошукаў новых падыходаў у асэнсаванні гісторыі чалавецтва і тлумачэнні этнакульт. разнастайнасці фарміраваліся навук. школы: міфалагічная школа, эвалюцыянісцкая (А.Бастыян, Г.Спенсер, Э.Тайлар), антрапагеагр. (Ф.Ратцэль), культурна-гістарычная школа, функцыян., этнапсіхал. і інш. Узніклі этнагр. ўстановы і т-вы, музеі этнаграфічныя, выдаваліся часопісы, склікаліся міжнар. канферэнцыі і кангрэсы. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст. адзначаны поспехамі слав. Э., з’яўленнем фундаментальных абагульняльных прац па розных кірунках этнагр. навукі (З.Глогер, Дз.К.Зяленін. Я.Ф.Карскі. К.Машынскі. Л.Нідэрле, А.М.Пыпін, П.Шафарык і інш.). У 1948 засн. Міжнар. саюз антраполагаў і этнографаў.
Першыя звесткі пра стараж. насельніцтва Беларусі ёсць у творах ант. аўтараў, стараж. летапісах («Аповесць мінулых гадоў») і інш. гіст. помніках 12—14 ст. У 16—18 ст. этнагр. звесткі пра беларусаў зафіксаваны ў «Баркулабаўскім летапісе», «Хроніцы Быхаўца», «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» А.Гваньіні, «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, шматлікіх інвентарах, запісках замежных і рус. паслоў і падарожнікаў (З.Герберштэйн, Т.Карабейнікаў, Я.Ласіцкі, М.Літвін, А.Маерберг, Б.Л.Танер і інш.), этнагр. помніку бел. рэнесансу «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Бел. асветнікі С.Будны. Ф.Скарына, В.Цяпінскі і інш. спалучалі ў сваіх творах хрысц. традыцыі і нац.-патрыят. ідэю, крытычна ставіліся да афіц. рэлігіі. імкнуліся наблізіць яе да народа, чаму садзейнічалі пераклады Бібліі на жывую бел. мову з адпаведнымі каментарыямі, прадмовамі і пасляслоўямі. Каштоўны ўклад у вывучэнне праблем сям’і і грамадства, нар. маралі і звычаёвага права зрабілі аўтары і складальнікі прававых Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (канец 18 ст.) з’явіліся нататкі экспедыцыі на Беларусь у 1773 І.І.Ляпёхіна, этнагр. апісанне бел. губерняў В.М.Севергіна, працы па краязнаўстве і Э. Беларусі Л.Галамбёўскага, А.К.Меера, М.Чарноўскай, І.Шыдлоўскага. Побыт і вусную нар. творчасць беларусаў даследавалі Я.Баршчэўскі, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Т.Зан, Ю.І.Крашэўскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, У.Сыракомля, Я.Чачот і інш. Каштоўныя матэрыялы па краязнаўстве сабралі Я.П. і К.П.Тышкевічы, па Э., гісторыі і фальклоры бел. насельніцтва — І.М.Снегіроў, звесткі пра духоўную культуру беларусаў — П.В.Кірэеўскі. Пазней даследаванні праводзілі чл. Расійскай АН, Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх, Румянцаўскага гуртка.
Актыўнае збіранне этнагр. матэрыялаў на Беларусі пачалося з заснаваннем у 1845 Рус. геагр. т-ва (РГТ) з аддзяленнем Э. У «Этнографических сборниках» т-ва друкаваліся працы па Э. Беларусі М.Анімеле, А.Кіркора, І.Юркевіча і інш. Каштоўныя звесткі пра жыццё беларусаў змешчаны ў працах П.В.Баброўскага, М.В.Без-Карніловіча, І.Зяленскага, творах А.Міцкевіча, Падбярэскага, У.Сыракомлі, Я.Чачота і інш., шматтомным выданні «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба» (1860-я г.), 3-томнай фундаментальнай працы «Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах» (1882—84, пад рэд. А.С.Дамбавецкага) і інш. Значную ролю ў вывучэнні Беларусі адыграў створаны ў 1867 у Вільні Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. Выдадзены першыя этнаграфічныя карты і атласы, якія пашырылі звесткі пра этн. склад насельніцтва Беларусі. З канца 1870-х г. распачалося выданне шматтомнай краязнаўчай працы «Жывапісная Расія». Матэрыялы, сабраныя Кіркорам у 1840—50-я г., склалі 2 часткі 3-га т., прысвечанага Беларусі і Літве («Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе», 1882). Побач з назапашваннем этнагр. матэрыялаў ішоў працэс асэнсавання, тэарэт. абагульнення і паглыбленага вывучэння розных бакоў нар. культуры. У час. «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества», «Современник», «Вестник Западной России», «Исторический вестник», «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»), «Athenaeum» («Атэнэум»), «Wisła» («Вісла») і інш. перыяд. выданнях і навук. зборніках публікаваліся працы даследчыкаў бел. Э. М.В.Доўнар-Запольскага, Карскага, Кіркора, М.М.Косіч, І.А.Сербава, А.К.Сержпутоўскага, А.М.Харузіна, П.М.Шпілеўскага, М.А.Янчука і інш.
Трывалыя асновы бел. Э. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. З’явілася плеяда этнографаў, збіральнікаў і даследчыкаў бел. спадчыны. Значны ўклад у вывучэнне побыту і культуры Паўн. Беларусі зрабіў М.Я.Нікіфароўскі. Яго «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895) — першае на Беларусі сістэматычнае і ўсебаковае даследаванне матэрыяльнай культуры. Энцыклапедыяй нар. жыцця з’явіўся «Беларускі зборнік» Е.Р.Раманава (т. 1—9, 1886—1912), у якім адлюстраваны амаль усе бакі матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў. Багатыя матэрыялы па Э. беларусаў Смаленскай губ. сабраў У.М.Дабравольскі. Плённай была збіральніцкая дзейнасць П.В.Шэйна, які сістэматызаваў і выдаў «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902), а таксама дзейнасць этнографаў, якія публікавалі працы пра Беларусь на польскай мове: Э.Ажэшкі, Глогера, Я.Карловіча, Машынскага, М.Федароўскага. Важнай вяхой у этнагр. вывучэнні Беларусі быў 1-ы ўсерас. перапіс насельніцтва (1897), які даў рэальную карціну этн. сітуацыі на Беларусі. Негатыўна паўплывалі на развіццё бел. Э. як навукі канцэпцыя заходнерусізму і забарона ў афіц. ужытку бел. друкаванага слова. Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны шырокай хваляй нац.-культ. адраджэння (М.Багдановіч, Ф.Багушэвіч, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Купала, Я.Колас). Прыкметную ролю ў выхаванні новай генерацыі даследчыкаў нар. культуры і побыту адыграла газ. «Наша ніва», якая шырока прадстаўляла этнагр. матэрыялы з жыцця бел. вёскі, асвятляла гіст. і культ. падзеі. Праблемы гіст. развіцця бел. народа, этнагенез і этн. гісторыю даследаваў Доўнар-Запольскі, гісторыю і традыц. культуру Беларусі — В.Ю.Ластоўскі. А.А.Смоліч — аўтар першай фундаментальнай працы «Геаграфія Беларусі» (1919), у якой разглядаліся прыродныя ландшафты, этн. склад насельніцтва, яго размяшчэнне, культ. асаблівасці і гасп. заняткі.
Вынікі даследаванняў у галіне бел. Э., славістыкі і мовазнаўства падвяла самая значная абагульняльная праца пра бел. этнас «Беларусы» Карскага (т. 1—3, 1903—22). У 1918 у Маскве створана Беларускае навукова-культурнае таварыства, адкрыты Беларускі народны універсітэт, дзе чытаўся курс лекцый па Э. і гісторыі Беларусі. У 1922 у Мінску на базе Навук.-тэрміналагічнай камісіі створаны Ін-т бел. культуры, у складзе якога працавала этнагр. камісія. Створанае ў 1923 Цэнтральнае бюро краязнаўства пачало выданне гіст.-краязнаўчага час. «Наш край», дзе змяшчаліся этнагр. матэрыялы з розных куткоў Беларусі. Важнай крыніцай этнагр. вывучэння Беларусі былі музейныя калекцыі, экспедыцыйныя матэрыялы. Побач са збіральніцкай дзейнасцю праводзілася даследчая работа (праца «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах», кн. 1—5, 7, 1926—30). Творчая праца многіх даследчыкаў нар. культуры была звязана з Палессем. Грунтоўныя комплексныя даследаванні на багатым фактычным матэрыяле, сабраным на Палессі, апублікавалі Дз.Г.Булгакоўскі, І.І.Жылінскі, І.Я.Забелін, Ю.Крашэўскі, Н.І.Лебедзева, Машынскі, Ч.Пяткевіч, З.Ф.Радчанка, П.П.Чубінскі і інш. Далейшае развіццё Э. атрымала з утварэннем Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі бел. Э. Даследаваліся праблемы Э.: этнагенез і этн. гісторыя (М.Я.Грынблат, М.Ф.Піліпенка, І.У.Чаквін), матэрыяльная культура вёскі (У.С.Гуркоў, Л.А.Малчанава, Л.І.Мінько, Э.Р.Сабаленка), побыт і культура гар. насельніцтва (В.М.Бялявіна, У.М.Іваноў, Л.В.Ракава), гіст.-этнагр. раянаванне (В.С.Цітоў), сям’я і сямейная абраднасць (А.М.Курыловіч, Т.І.Кухаронак, М.М.Нікольскі, Ракава, Сабаленка), нар. промыслы і рамёствы (І.М.Браім, Н.І.Буракоўская, Курыловіч, С.А.Мілючэнкаў, Цітоў, С.Ф.Цярохін), гісторыя бел. Э. (В.К.Бандарчык, У.А.Васілевіч, Г.А.Каханоўскі, І.У.Саламевіч, А.С.Фядосік, Цітоў, І.К.Цішчанка) і інш. Выдадзены калект. працы «Беларускае народнае жыллё» (1973), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1984), «Палессе: Матэрыяльная культура» (1988), а таксама энцыкл. выданне «Этнаграфія Беларусі» і інш. У 1976 адкрыты Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, у 1977 — Музей старажытна-беларускай культуры.
У 1990-я г. даследаваліся пытанні шматвяковай гісторыі і традыц. культуры народа: нар. дойлідства (Т.В.Габрусь, Гуркоў, А.М.Кулагін, А.І.Лакотка, С.А.Сергачоў, Ю.А.Якімовіч), нар. мастацтва (В.А.Лабачэўская, М.Ф.Раманюк, Я.М.Сахута, В.Я.Фадзеева), духоўныя традыцыі і абрады (Г.А.Барташэвіч, Т.Б.Варфаламеева, Васілевіч, П.А.Гуд, А.У.Гурко, Э.С.Дубянецкі, І.І.Крук, Кухаронак, А.С.Ліс, З.Я.Мажэйка, А.В.Мальдзіс, Л.Ф.Салавей), гісторыя культуры (Г.Я.Галенчанка, В.П.Грыцкевіч, Э.К.Дарашэвіч, А.К.Каўка, Каханоўскі, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, Л.М.Лыч, С.А.Падокшын, Саламевіч, Чаквін, І.А.Юхо). Апублікаваны калект. праца «Беларусы» (1998), энцыкл. выданне «Народная культура Беларусі» (2002). Працягваецца праца над шматтомным выданнем «Беларусы» (т. 1—6, 1995—2002), якое асвятляе разнастайнасць шматвяковых традыцый бел. народа ў матэрыяльнай, духоўнай і інш. сферах нац. культуры. Праблемы бел. Э. даследуюцца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы і Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі, Ін-це праблем культуры, Бел. навук.-адукац. цэнтры, на кафедрах ВНУ, у музеях, цэнтрах і дамах нар. творчасці і інш.
Літ.:
Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 1—4. СПб., 1890—92;
Харузина В.Н. Введение в этнографию: Описание и классификация народов земного шара. М., 1941;
Токарев С.А. История русской этнографии. М., 1966;
Чебоксаров Н.Н.Чебоксарова И.А. Народы, расы. культуры. М., 1971;
Беларуская народная творчасць. Т. 1—45. Мн., 1970—2001;
Бромлей Ю.В. Этнос и этнография. М., 1973;
Зеленин Д.К. Восточнославянская этнография. М., 1991;
Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»;
Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў 19 і пач. 20 ст. 2 выд. Мн., 1993;
Цітоў В.С. Народная спадчына: Матэр. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці. Мн., 1994;
Яго ж. Этнаграфічная спадчына: Беларусь. Традыцыйна-бытавая культура. Мн., 2001;
Говард М. Сучасная культурная антрапалогія. Мн., 1995;
Сахута Я.М. Народнае мастацгва Беларусі. Мн., 1997;
Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць. Мн., 1998;
Грыцкевіч В. Гісторыя і міфы. Мн., 2000;
Гумилев Л. Эгногенез и биосфера Земли. М., 2001;
Радзік Р. Беларусы: Погляд з Польшчы. Мн., 2002;
Падокшын С.А. Беларуская думка ў кантэксце гісторыі і культуры Беларусі. Мн., 2003.
В.С.Цітоў.
т. 18, кн. 1, с. 177