рэвалюцыйныя рухі ў Іспаніі ў 1808—74, накіраваныя на дэмакратызацыю паліт. сістэмы і правядзення ліберальных рыначных пераўтварэнняў. Першая Іспанская рэвалюцыя 1808—14 адбывалася ва ўмовах акупацыі Іспаніі франц. войскамі ў ходзе напалеонаўскіх войнаў (пад націскам французаў прынята Баёнская канстытуцыя 1808), мела пераважна нац.-вызв. характар (герылья, антыфранц. паўстанні ў Мадрыдзе, Сарагосе і інш.). У выніку вызвалення Іспаніі ад французаў (1812—13) прынята Кадыская канстытуцыя 1812, якая абмяжоўвала ўладу манарха. Аднак кароль Фердынанд VII, вярнуўшыся з франц. палону, скасаваў канстытуцыю і ў маі 1814 аднавіў абс. манархію. Штуршком да другой Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 стала паражэнне Іспаніі ў вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, што садзейнічала дыскрэдытацыі абсалютызму і росту ліберальнай апазіцыі. Пачалася ў студз. 1820 з паўстання ў арміі пад кіраўніцтвам Р.Рыега-і-Нуньеса паблізу ад г. Кадыс. У выніку нар. хваляванняў 6—7.3.1920 у Мадрыдзе Фердынанд VII аднавіў Кадыскую канстытуцыю, склікаў картэсы. Аднак з прычыны жорсткай паліт. барацьбы паміж памяркоўнымі лібераламі («мадэрадас», узначальвалі ўрад з сак. 1820), левымі лібераламі («эксальтадас», узначальвалі ўрад са жн. 1822) і найб. радыкальнай рэв. плынню камунерас не ўдалося завяршыць агр. і інш. рэформы, і рэвалюцыя ў крас.—вер. 1823 была задушана каралеўскімі і французскімі (накіраваны ў Іспанію паводле рашэння Свяшчэннага саюза) войскамі. У Іспаніі зноў усталявалася абс. ўлада манарха. Трэцяя Іспанская рэвалюцыя 1834—43 звязана з грамадз. вайной 1833—40 (гл.Карлісцкія войны) і праходзіла пад лозунгамі аднаўлення канстытуцыі 1812, разгрому карлістаў і інш.Рэв. ўрад «мадэрадас» (студз. 1834 — вер. 1835) скасаваў цэхі і абвясціў свабоду гандлю. Яго змяніў урад «прагрэсістаў» (пераемнікі «эксальтадас»), які ў 1835—37 правёў агр. рэформу (адменены маяраты, царк. дзесяціна, баналітэты, прывілеі сеньёраў, асабістыя павіннасці сялян), распрацаваў канстытуцыю 1837 (больш кансерватыўная за канстытуцыю 1812). Пасля паражэння карлістаў (1839—40) рэгентам у 1841 абвешчаны адзін з лідэраў «прагрэсістаў» ген. Б.Эспартэра, які ўстанавіў дыктатуру. Пасля яго звяржэння зноў утвораны ўрад «мадэрадас» (1843). Чацвёртая Іспанская рэвалюцыя 1854—56 выклікана незадаволенасцю насельніцтва ростам беспрацоўя і падаткаў, дэфіцытам дзярж. бюджэту і інш. сац праблемамі. Пасля выступлення групы апазіцыйных генералаў пад кіраўніцтвам Л.О’Донеля (чэрв. 1854) і нар. паўстанняў у Барселоне, Мадрыдзе, Малазе, Валенсіі (ліп. 1854) сфарміраваны ўрад на чале з Эспартэра. Аднак ён не здолеў палепшыць становішча працоўных і спыніць рэв. рух; 14.7.1856 О’Донель справакаваў адстаўку Эспартэра і распусціў картэсы. Пятая Іспанская рэвалюцыя 1868—74 пачалася з паўстання ваен. маракоў у Кадысе (вер. 1868) і гараджан у Мадрыдзе і Барселоне. У выніку ўтвораны ўрад з «прагрэсістаў» і прадстаўнікоў Ліберальнага саюза. Паводле прынятай у 1869 новай канстытуцыі Іспанія абвешчана канстытуцыйнай манархіяй (у 1870—73 правіў кароль Амадэй Савойскі). 11.2.1873 пад націскам рэспубліканцаў Іспанія абвешчана рэспублікай. Аднак у выніку кансерватыўнага ваен. перавароту 1874 у краіне адноўлена манархія на чале з каралём Альфонсам XII.
Літ.:
Додолев М.А. Россия и Испания 1808—1823 гг.: Война и революция в Испании и рус.-исп. отношения. М., 1984.
Да арт.Іспанскія рэвалюцыі 19 ст.. Расстрэл іспанскіх паўстанцаў французамі ў ноч на 3 мая 1808 года. Карціна Ф.Гоі. 1814.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІ РАЁН,
на ПдЗ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1959). Пл. 1,6 тыс.км². Нас. 43 тыс.чал. (1997), гарадскога 24,9%. Сярэдняя шчыльнасць 27 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Капыль, 212 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Бабаўнянскі, Блеўчыцкі, Браткаўскі, Бучацінскі, Вялікараёўскі, Грозаўскі, Доктаравіцкі, Камсамольскі, Капыльскі, Пацейкаўскі, Семежаўскі, Слабада-Кучынскі, Цімкавіцкі.
Паверхня на Пн і Пд раўнінная, цэнтр.ч. з З на У перасякае Капыльская града. Пераважаюць вышыні 160—200 м. Найвыш. пункт 243 м (каля в. Нізкавічы). Карысныя выкапні: жвір, пяскі, торф. Сярэдняя т-растудз. -6,3 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў 631 мм за год. Вегетац. перыяд 192 сут. На Пн раёна працякаюць р. Нёман з прытокамі Лоша (з Вынёй), Тур’я (з Гніліцай), Баранаўка, на Пд — р. Морач з прытокамі Мажа, Удава, Волка, на З — вытокі р. Балванка, на У — р. Лакнея. Вадасховішчы Чырвонаслабодскае і Цімкавіцкае; меліярац. каналы Амяльнянскі, Аткаловіцкі, Семежаўскі, Стары Роў і інш. Пераважаюць глебы дзярнова-падзолістыя (48,8%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (22%), тарфяна-балотныя (15,1%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (11,8%). Пад лесам 18,8% тэрыторыі. Пераважаюць хваёвыя, яловыя і бярозавыя лясы. Найб. лясістасць на Пд раёна. Балоты (пераважна нізінныя) займаюць 0,4% тэрыторыі, буйнейшыя з іх Тур’я, Боркаўцы і інш. Заказнікі мясц. значэння: гідралагічныя Волка і Марачанскі, заалагічны Ракітнік (бабры). Помнікі прыроды рэсп. значэння: каштан васьмітычынкавы і 6 клёнаў ілжэплатанавых у в. Бабоўня, дуб чарэшчаты ў в. Грозаў, 2 піхты каліфарнійскія ў в. Чыжэвічы.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў каля 115 тыс.га, з іх асушаных 37,8 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 24 калгасы, 5 саўгасаў, 21 фермерская гаспадарка, міжгас «Капыльскае» (свінагадоўля). Сельская гаспадарка спецыялізуецца на малочна-мясной жывёлагадоўлі і буракаводстве. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры, бульбу. Прадпрыемствы харч., дрэваапр. і будматэрыялаў прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыг. Баранавічы—Асіповічы, аўтадарогі Бабруйск—Слуцк—Брэст, Асіповічы—Баранавічы і інш. У раёне 22 сярэднія, 7 базавых, 7 пачатковых, муз., спарт. школы, школа-інтэрнат, дзіцячая школа мастацтваў, прафес.-тэхн. вучылішча, 34 дашкольныя ўстановы, 36 клубаў, 48 б-к, 7 бальніц, 27 фельч.-ак. пунктаў, 1 амбулаторыя. Музеі: краязнаўчы, Кузьмы Чорнага, «Спадчына» і інш. Архітэктурныя помнікі: Прачысценская царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Васільчыцы, сядзіба (2-я пал. 19 ст.) у в. Гразавок, сядзібны дом (2-я пал. 18 ст.) у в. Грозаў, царква (2-я пал. 19 ст.) у в. Карачоўшчына, царква Ушэсця (2-я пал. 19 ст.) у в. Кіявічы, царква (сярэдзіна 19 ст.) у в. Комсічы, царква (пач. 20 ст.) у в. Лешня, касцёл (19 ст.) у в. Савічы, капліца і брама-званіца, пабудаваныя ў памяць аб вызваленні сялян ад прыгоннай залежнасці (2-я пал. 19 ст.) у в. Цімкавічы, Троіцкі касцёл (2-я пал. 18 ст.) у в. Цялядавічы, сыраварня (19 ст.) у в. Чырвоная Дуброва. Цэнтры ткацкага рамяства (з 19 ст.) у в. Семежава і Чырвоная Дуброва. Выдаецца газ. «Слава працы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́НІНЫ,
расійскія дзярж. і ваен. дзеячы. Мікіта Іванавіч П. (29.9.1718, г. Гданьск, Польшча — 11.4.1783). Служыў у коннай гвардыі. У 1747 пасланнік у Даніі, у 1748—60 — у Швецыі. У 1760—73 выхавальнік вял.кн. Паўла Пятровіча (гл.Павел I). Удзельнічаў у звяржэнні Пятра III і ўзвядзенні на прастол Кацярыны II. Старэйшы чл. (фактычна кіраўнік) Калегіі замежных спраў у 1763—81, саветнік імператрыцы па пытаннях знешняй палітыкі. Распрацоўваў і праводзіў у жыццё план «Паўн. акорда» — саюзу Расіі, Прусіі, Даніі, Швецыі, Вялікабрытаніі і Рэчы Паспалітай супраць Францыі, Аўстрыі і італьян. дзяржаў. Напачатку прыхільнік захавання цэласнасці Рэчы Паспалітай. Склаў праект стварэння дысідэнцкіх канфедэрацый: пратэстанцкай Тарунскай і пратэстанцка-правасл.Слуцкай канфедэрацыі. Пасля акупацыі Аўстрыяй ч. Польшчы (1769) удзельнічаў у падрыхтоўцы першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772), за што атрымаў ва ўласнасць сялян і землі ў Полацкай прав. Знаходзіўся ў тайнай, але пастаяннай апазіцыі да Кацярыны II і яе фаварытаў (Р.Р.Арлова і інш.). У пач. 1770-х г. узначальваў змову (брат Пётр Іванавіч П., драматург Дз.І.Фанвізін, які ў 1773 склаў праект канстытуцыйнага абмежавання манархіі, інспірыраваны П. і інш.) на карысць Паўла Пятровіча. Быў пазбаўлены ўсіх пасад і ў 1781 пад націскам царадворцаў падаў у адстаўку. Пётр Іванавіч П. (1721, с. Вязоўка Калужскай вобл. — 26.4.1789), ген.-аншэф (1762), граф (1767). Брат Мікіты Іванавіча П. На ваен. службе з 1735. Удзельнік рас.-тур. вайны 1735—39. У Сямігадовую вайну 1756—63 ген.-маёр, з 1759 ген.-паручнік; вызначыўся ў бітвах супраць прускіх войск пры Грос-Егерсдорфе (1757), Цорндорфе (1758) і Кунерсдорфе (1759), удзельнічаў ва ўзяцці Берліна (1760). З 1762 рас. ген.-губернатар Усх. Прусіі, камандуючы рас. войскамі ў Памераніі і Гольштэйне. У рас.-тур. вайну 1768—74 камандуючы 2-й арміяй, узяў штурмам крэпасць Бендэры (1770), але пры гэтым меў значныя страты і дапусціў шэраг стратэг. пралікаў, за што звольнены ў адстаўку. Разам з братам Мікітам Іванавічам П. адзін з лідэраў апазіцыі ўраду Кацярыны II. У чэрв. 1774 — жн. 1775 галоўнакамандуючы войскамі пры задушэнні сял. вайны пад кіраўніцтвам Е.І.Пугачова. З 1775 зноў у адстаўцы. Разам з П.А.Румянцавым адзін са стваральнікаў лёгкай пяхоты (егераў) у рас. арміі. Мікіта Пятровіч П. (28.4.1770, г. Харкаў, Украіна — 13.3.1837), сын Пятра Іванавіча. З 1791 на ваен. і прыдворнай службе. У 1796 (пасля падзелу Рэчы Паспалітай) гал. камісар рас. боку па ўстанаўленні мяжы паміж Расіяй і Прусіяй. Са снеж. 1796 чл. Калегіі замежных спраў. З ліп. 1797 надзвычайны паўнамоцны міністр Расіі ў Прусіі. З 1799 віцэ-канцлер. Выступаў супраць лініі Паўла I на збліжэнне з Францыяй, першы прапанаваў вял.кн. Аляксандру Паўлавічу (гл.Аляксандр I) план адхілення Паўла I ад улады. У 1800 звольнены і сасланы ў Маскоўскую губ. Пры Аляксандру I чл. Калегіі замежных спраў, фактычны кіраўнік рас. знешняй палітыкі, у 1801 з прычыны рознагалоссяў з царом зноў звольнены. З 1804 да канца жыцця ў афіц. апале з забаронай наведваць сталіцы. Жыў у маёнтку Дугіна Смаленскай губ., дзе займаўся музыкай (напісаў оперы «Гарбуны» і «Модная крама»).
Літ.:
Гаврюшкин А.В. Граф Никита Панин: Из истории рус. дипломатии XVIII в. М., 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
магу́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае фізічную сілу; вельмі дужы, здаровы. Магутны асілак. Магутны зубр. Магутныя крылы.// Які сведчыць аб фізічнай сіле. Брыль робіць кароткі перапынак. І яго магутная постаць, і голас, і нейкая прастата і шчырасць у словах робяць на сялян добрае ўражанне.Колас.// Здаровы, жыццяздольны. Магутны арганізм.
2. Вельмі вялікі, значны (па сіле, велічыні). Магутны ўраган. Магутны залп. □ У заключэнне рэйда быў нанесены магутны камбінаваны ўдар па чыгунцы.Шамякін.// З тоўстым ствалом; густы, раскідзісты. У гушчары, на скрыжаванні торных Лясных дарог. — вышэй сваіх сяброў Узрос магутны граб.Кірэенка.Прайшло шмат часу, а .. [дубы] стаяць усё такія ж, як і раней, у вечнай задуме, раскінуўшы ў паднябессі шырокае магутнае голле.Дуброўскі.// Надзелены вялікай баяздольнай сілай, добра ўзброены, умацаваны (пра вайсковыя злучэнні, умацаванні і пад.). Пяскоўцы ведалі ўжо, што следам за разведчыкамі ідуць магутныя часці Чырвонай Арміі.Пальчэўскі.//перан. Здольны аказаць значнае ўздзеянне на каго‑, што‑н. Калі ж вайна хадзіла па Радзіме І вораг нёс нам рабства і разбой, З тваім [Максіма Горкага] магутным словам, Гордым імем Фашызму мы давалі жорсткі бой.Астрэйка.
3. З вялікімі вытворчымі і матэрыяльнымі магчымасцямі. Магутная краіна. Магутная металургічная прамысловасць. □ Для пераможнага салюта, Якім байцоў Радзіма славіць, Мы ведалі: Урал магутны Даўно руду ў мартэнах плавіць.Танк.А калі магутны атам Мы для працы пакарылі, Стаў народ такім багатым, Што канца няма той сіле.Крапіва.
4.Спец. Тоўсты, масіўны (слой, пласт). Тут адразу ж пачынаўся магутны пласт чырвонай гліны.Штыхаў.
5.Спец. Які мае вялікую магутнасць (у 3 знач.). Магутная турбіна.
•••
Магутная кучкагл. кучка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
фонд, ‑у, М ‑дзе, м.
1. Грашовыя сродкі або матэрыяльныя каштоўнасці дзяржавы, прадпрыемства, якія выкарыстоўваюцца для розных мэт. Фонд заработнай платы. □ [Далодка:] — Трэба будаваць сваю гідрастанцыю. Будаваць — трэба мець фонд, ці залезці ў крэдыт.Грамовіч.Высокія даходы дазваляюць рассветаўцам штогод адлічваць вялікія сумы на папаўненне непадзельнага фонду.Данілевіч.// Рэсурсы, запасы, рэзервы чаго‑н. Насенны фонд. Зямельны фонд. Жыллёвы фонд. Асноўны слоўнікавы фонд мовы. □ Што такое трус? Сена не патрабуе, зімуе і летуе без усякіх там збожжавых фондаў.Ракітны.Кантора не мела ўласнага падменнага фонду, і жыхары, перацягнуўшы ўсе рэчы ў калідор ці кухню, сяк-так масціліся, пакуль у кватэры ішоў рамонт.Даніленка.// Сховішча рукапісаў, гістарычных дакументаў, старадрукаў і пад. Рукапісны фонд. Архіўныя фонды.//толькіадз.; чаго або які. Грашовыя сродкі, якія накопліваюцца шляхам збору на карысць каго‑, чаго‑н. Фонд міру. □ Яшчэ ў пачатку работ па аднаўленню горада быў арганізаваны грамадскі фонд, у які добраахвотна ўнеслі свае ўзносы тысячы рабочых, служачых, сялян.«Беларусь».
2.толькімн. (фо́нды, ‑аў). У капіталістычных краінах — каштоўныя паперы, якія даюць прыбытак у выглядзе вызначанага працэнта. Банкаўскія фонды. Зніжэнне фондаў на біржы.
3.зазначэннем. Арганізацыя для аказання матэрыяльнай дапамогі творчым работнікам (пісьменнікам, мастакам і інш.). Літаратурны фонд СССР. Мастацкі фонд СССР.
•••
Залаты фонд (запас) — дзяржаўны фонд золата ў злітках і манетах, які захоўваецца ў цэнтральным эмісійным банку або казначэйстве краіны.
Фонд накаплення — частка нацыянальнага даходу сацыялістычнай дзяржавы, што ідзе на расшырэнне вытворчасці, стварэнне рэзерваў, а таксама для павелічэння матэрыяльных запасаў невытворчай сферы.
Фонд спажывання — частка нацыянальнага даходу сацыялістычнай дзяржавы, прызначаная на задавальненне індывідуальных і грамадскіх патрэб у прадметах ужытку і паслугах.
[Фр. fonds.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПЕ́РШЫ З’ЕЗД КП(б)Б [VI Паўночна-Заходняя абласная канферэнцыя РКП(б)]. Адбыўся 30—31.12.1918 у Смаленску. Прысутнічалі 175 дэлегатаў з рашаючым і 31 з дарадчым голасам
(паводле інш. звестак адпаведна 162 і 25) ад 17771 камуніста парт. арг-цый Віцебскай, Магілёўскай, Мінскай, Смаленскай губ., а таксама бел.парт. арг-цый Віленскай і Чарнігаўскай губ. Падрыхтоўка асн. дакументаў да канферэнцыі вялася ў ЦК РКП(б) і Нар. камісарыяце па справах нацыянальнасцей РСФСР пад кіраўніцтвам І.В.Сталіна. Актыўны ўдзел у гэтай рабоце прымалі супрацоўнікі Беларускага нацыянальнага камісарыята, Беларускіх секцый РКП(б) З.Х.Жылуновіч (Ц.Гартны),
І.В.Лагун, А.Р.Чарвякоў і інш. Асноўнымі былі пытанні пра стварэнне Камуніст. партыі (бальшавікоў) Беларусі (гл.Камуністычная партыя Беларусі), бел. дзяржаўнасці і вызначэнне дзярж. межаў. Парадак дня: бягучы момант (А.Ф.Мяснікоў); даклады абл.к-та партыі (В.Г.Кнорын); аб становішчы на месцах (Мяснікоў); з месцаў ад раёнаў; арганізац. пытанні (Я.Ф. Пярно); выбары; бягучыя справы. Дэлегаты з’езда выказаліся за неабходнасць стварэння бел.сав. дзяржаўнасці. З’езд прыняў рэзалюцыю «Аб назве канферэнцыі»; канферэнцыя абвясціла сябе «I з’ездам Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларускай Рэспублікі» і накіравала ў ЦК РКП(б) тэлеграму з просьбай зацвердзіць гэтае рашэнне. Адзначалася, што партыя трымае курс «на рэвалюцыю еўрапейскую, сусветную». З’езд выказаўся за канцэнтрацыю «ўсёй рэвалюцыйнай партыйнай улады ў руках яе камітэтаў. Ад гэтага — бязмежная ўлада, поўная дыктатура Цэнтральнага Камітэта ва ўсерасійскім маштабе і такая ж дыктатура на месцах абл. камітэтаў. Пры такой пастаноўцы Саветы з’яўляюцца органамі дзяржаўнай улады, выконваюць прадвызначэнні партыі, якія праводзяць у жыццё тактычную лінію партыі». У рэзалюцыі «Аб становішчы на месцах» выказвалася неабходнасць «рашучым чынам выкараняць усялякія недысцыплінаваныя паступкі ў радах партыі». Пры вырашэнні пытання пра бел. дзяржаўнасць з’езд выказаўся за абвяшчэнне былой Заходняй камуны «самастойнай Савецкай Рэспублікай Беларусі». На аснове прапаноў, распрацаваных Камісіяй (створана перад з’ездам), была прынята пастанова «Аб граніцах Беларусі». У ёй адзначалася, што асн. ядром Бел. Рэспублікі лічацца Мінская, Смаленская, Магілёўская, Віцебская і Гродзенская губ. з часткамі прылеглых да іх этнічных мясцовасцей суседніх губерняў, населеных пераважна беларусамі. У адпаведнасці з гэтым з’езд вызначыў адм.-тэр. падзел рэспублікі на 7 раёнаў — Мінскі, Смаленскі, Віцебскі, Магілёўскі, Гомельскі, Гродзенскі, Баранавіцкі, якія падзяляліся на 54 падраёны. Былі накіраваны тэлеграмы на адрас ЦК РКП(б) і СНК РСФСР з просьбай зацвердзіць рашэнні з’езда. З’езд прыняў «Палажэнне аб партыйных арганізацыях», у якім давалася схема арг-цый: ЦККП(б)Б, райкомы (губпарткомы), падрайкомы (валасныя к-ты), ячэйкі (валасныя і сельскія). Быў прыняты зварот «Да рабочых, батракоў, сялян і салдат Чырвонай Арміі Беларускай Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі» з заклікамі змагацца за ўмацаванне сав. улады і перамогу рэвалюцыі ва ўсім свеце. Выбраў ЦБКП(б)Б у складзе 15 чл.: І.Я.Алібегаў, А.А.Андрэеў, Жылуновіч (Ц.Гартны), С.В.Іваноў, М.І.Калмановіч, Кнорын (сакратар ЦБ), Лагун, Мяснікоў (старшыня), Р.П.Найдзёнкаў, Р.В.Пікель, Пярно, І.І.Рэйнгольд, У.С.Селязнёў, В.З.Собалеў, В.І.Яркін.
Літ.:
Пратакол 1-га з’езда Камуністычнай партыі (бальшавікоў) Беларусі. Мн., 1934;
Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. I. 1918—1927. Мн., 1983. С. 11—27.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
па́ртыя, ‑і, ж.
1. Палітычная арганізацыя, якая выражае інтарэсы грамадскага класа або яго слоя, аб’ядноўвае найбольш актыўных прадстаўнікоў гэтага класа і кіруе імі ў дасягненні пэўных мэт і ідэалаў. Самым цэльным, поўным і аформленым выражэннем палітычнай барацьбы класаў з’яўляецца барацьба партый.Ленін.
2. Дабравольны баявы саюз аднадумцаў камуністаў, арганізаваны з прадстаўнікоў рабочага класа, працоўных сялян і інтэлігенцыі Савецкага Саюза; Камуністычная партыя Савецкага Саюза. На чале са сваім Цэнтральным Камітэтам наша партыя ўпэўнена вядзе краіну да новых перамог у барацьбе за камунізм.«Звязда».
3. Група людзей, аб’яднаных агульнасцю інтарэсаў, ідэй, поглядаў.
4. Група людзей, аб’яднаных для якой‑н. мэты; атрад. Партыя геолагаў. □ Будавалі перш за ўсё інтэрнаты для рабочых, новыя і новыя партыі якіх прыбывалі штодзень.Хадкевіч.На другі дзень на рабоце іх разлучылі. — Ніна засталася ў партыі жанчын, якая працавала ў горадзе, а Веру накіравалі на лесакамбінат.Мікуліч.
5. Пэўная колькасць якіх‑н. прадметаў, тавараў. Партыя летняга адзення. □ Ленінградскія рабочыя выпусцілі для сяла новую партыю трактароў.Курто.
6. Састаўная частка шматгалосага музычнага твора, якая выконваецца адным спеваком або на адным інструменце. Бабіньскі выконвае ў гданьскай оперы рад вядучых партый у операх заходніх і рускіх кампазітараў.«Звязда».Але вось чамусьці змоўклі вядучыя цымбалы, хоць партыя іх іменна ў гэтым месцы павінна была загучаць па ўсю моц.Мехаў.// Ноты для такой часткі. // Сольная роля ў оперы, балеце і пад. — З вялікай радасцю даведаўся я, што кіраўніцтва нашага тэатра даручае мне спяваць партыю Сяргея ў оперы Я. Цікоцкага «Дзяўчына з Палесся».«Маладосць».
7. Гульня (у шахматы, карты і пад.) з пачатку да канца.
8. Выгадны кандыдат для жаніцьбы, замужжа. Валодзя — вельмі харошая партыя для любой дзяўчыны.Арабей.
[Ад лац. partio — дзялю, падзялю]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
НАРО́ДНАЯ ДРА́МА,
найвышэйшая форма народнага тэатра. Увабрала ў сябе і ўзняла на новую ступень у тэатр. мастацтве ўсё. уласцівае яго больш раннім формам. Відовішча карнавальнага тыпу, прымеркаванае да каляднага цыкла нар. гульняў і паказаў, што абумоўлівае яе папулярнасць, тэматыку, сістэму вобразаў і абмежаваную колькасць сюжэтаў. Вядома на Беларусі, Украіне, у Расіі. Вытокі Н.д. ў калядных гульнях з пераапрананнямі і ў батлейцы. дзе фактычна яна і склалася (гл.Жывая батлейка). Паказы Н.д. параўнальна вял. паводле аб’ёму, са значнай колькасцю ўдзельнікаў (10—20 чал.), пэўнымі прыёмамі сцэн. выканання, спец. падрыхтоўкай (своеасаблівым рэжысёрам з’яўлялася традыцыя, яе прытрымліваліся ўсе нар. акцёры, якія на рэпетыцыях завучвалі тэксты, адпрацоўвалі ўмоўныя рухі і жэсты, рыхтавалі рэквізіт і касцюмы). На Беларусі шырока бытавала сярод сялян і рамеснікаў у 2-й пал. 19—1-й трэці 20 ст. Паказы звычайна адбываліся ў хатах. У рэпертуары былі пашыраны «Цар Ірад», «Цар Максімілян» (найб. папулярная), «Трон» (спалучаў сюжэты дзвюх першых), а таксама кароткія драм. сцэнкі тыпу «Мацей і доктар». Вядомая ва ўсх. славян Н.д. «Лодка» на Беларусі існавала ў кантамінацыі з «Царом Максімілянам». Паказы Н.д. складаліся з дзвюх частак, кожная са сваімі героямі: т. зв. сур’ёзная — асн. сюжэт (лінія цара Ірада, цара Максіміляна і сына Адольфа) і камед. — інтэрмедыйныя сцэны (пабудаваны на ўзор батлейкавых, уключалі жартоўныя дыялогі, байкі, танцы). Часткі злучаліся паміж сабой механічна, іх аб’ядноўвала характэрнае для Каляд агульнае карнавальнае светаадчуванне. Асн. кампазіцыйны прыём — выклік дзейных асоб да цара. У Н.д. ўсё перакладалася на мову святочных нар. уяўленняў, высмейвалася, зніжалася высокае і сур’ёзнае, сцвярджалася фамільярнасць як тып зносін; абмежаванняў і забарон для смеху не існавала. Традыцыі нар. карнавальнай культуры найперш выяўляліся ў інтэрмедыйных сцэнах, дзе ствараўся свой асаблівы свет, у якім вясёлыя смерці, пахаванні, хваробы, паядынкі, бойкі і танцы, жартоўныя дыялогі. Інтэрмедыйныя персанажы — дзед, яўрэй, доктар, цыган — належалі да катэгорыі блазнаў, пры гэтым дзед выконваў і функцыю карнавальнага развенчвання цара. Уплывам карнавальнасці пазначаны і асн. сюжэт: карнавальныя матывы, удзел інтэрмедыйных персанажаў у асн. канфлікце, інтэрмедыйныя ўстаўкі, так што сур’ёзнасць асн. сюжэта і яго персанажаў станавілася адноснай. У Н.д. выкарыстоўваліся агульныя традыц. прынцыпы нар.т-ра. У выканальніцтве Н.д. спалучаліся нар. прыёмы, заснаваныя на імправізацыі, з буфанадай і гратэскам, для інтэрмедыйнай часткі і т.зв. вайсковыя (выкарыстанне ўдзельнікамі-персанажамі артыкулаў вайсковага статута) — для асн. сюжэта. Апошнія спец. паказы Н.д. наладжаны ў 1962, 1963 у в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.; ставілася драм. калектывамі Мінскага ін-та культуры (1976) і майстроўняй філ. ф-та БДУ (1981), нар. фальклорным т-рам «Жалейка» (г. Гомель; 1986—87), а таксама Маскоўскім ансамблем нар. музыкі пад кіраўніцтвам Дз.Пакроўскага (паказаны на 9-м Міжнар. з’ездзе славістаў у Кіеве; 1983): «Цар Ірад» («Кароль Гэрад») — фалькл. калектывам в. Юрацішкі Іўеўскага р-на Гродзенскай вобл. (1990-я г.).
Першыя запісы тэкстаў бел. Нд. зроблены ў 2-й пал. 19 ст. этнографамі Е.Раманавым, А.Грузінскім, М.Васільевым, М.Федароўскім, у пач. 20 ст. — Е.Іваноўскім, пазней — Ф.Дзядзенкам, М.Грынблатам, Я.Дылам (фрагмент апісання паказу), І.К.Кабашнікавым, Г.Барташэвіч, В.Захаравай, а таксама б. ўдзельнікамі паказаў І.Здрокам, М.Ганчаровым. Нар. традыцыі выканання Нд. былі выкарыстаны пры пастаноўцы «Цара Максіміляна» ў апрацоўцы А.Рэмізава і М.Міцкевіча ў Бел.драм. студыі ў Маскве (1924, рэж. В.Смышляеў) і ў спектаклі БДТ-2 (1926).
Літ.:
Стэльмах Дз.У. Сцэнічнае ўвасабленне народнай драмы // Весці АНБССР Сер. грамад. навук. 1981. № 2;
Яе ж. Узнікненне і развіццё народнай драмы на Беларусі // Там жа. 1982. № 6;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
чын1, ‑а і ‑у, м.
1.‑у. У дарэвалюцыйнай Расіі — званне па табелю аб рангах, якое прысвойвалася дзяржаўным і вайсковым служачым і давала пэўныя саслоўныя правы і перавагі. Чын маёра. Павысіць у чыне. Чын калежскага асэсара.//‑а. Разм. Пасада або асоба, якая займае пасаду. [Кульгавы:] — Там спіртзавод быў. Мяне на гэты завод і прызначылі старшым. А як жа! Хадзіў, брат, і ў чынах.Чыгрынаў.
2.‑у. Адпаведны ранг, цывільнае званне ў работнікаў пракуратуры СССР. Чын сапраўднага дзяржаўнага саветніка юстыцыі.// Ступень службовага становішча. Афіцэрскі чын.
•••
Класныя чыны — цывільныя званні, якія прысвойваюцца ў СССР пракурорска-следчым работнікам пракуратуры.
Ніжні чын — салдат у царскай арміі ў адрозненне ад афіцэраў.
Без чыноў — без цырымоній, папросту.
Па чыну — адпаведна званню, пасадзе.
Чын чынам (чынаром); чын па чыну — найлепш; так, як трэба.
чын2, ‑у, м.
У Тадз. у спалучэнні з прыметнікам і займеннікам ужываецца ў значэнне спосаб, прыём; гэта спалучэнне адпавядае прыслоўю са значэннем дадзенага прыметніка або займенніка. Карэнным чынам. Пэўным чынам. Належным чынам. □ Чытка рукапісу трылогіі была перапынена самым нечаканым чынам.Лужанін.Муха.. падсунуў галаву пад аптычны прыбор, быццам такім чынам мог закрыцца ад бомбаў і куль.Шамякін.Чалавечак, які ішоў на свет недазволеным медыцынай чынам, нагамі ўперад, аказаўся дзяўчынкай.Грамовіч.// У Тадз. у спалучэнні з некаторымі прыметнікамі і займеннікамі служыць для ўтварэння прыслоўяў і пабочных слоў, значэнне якіх залежыць ад значэння дадзенага прыметніка або займенніка. На плошчы было шмат людзей, галоўным чынам сялян.Гурскі.Алена цалкам далучылася да Максімавых поглядаў на Саўкава партызанства. Такім чынам, усе няяснасці і сумненні, прынесеныя Саўкам, цяпер развеяліся.Колас.
•••
Грэшным чынам (узнач.пабочн.) — трэба прызнацца; на жаль.
Ніякім чынам — ні ў якім разе.
чын3, ‑а, м.
Абл. Месца скрыжавання нітак асновы, дзе ходзіць чаўнок; зеў. Маленькі Зміцер ляжаў на печы і паглядаў, як пераменьваюцца чыны ў кроснах, як бегае [чаўнок] і рытмічна пастукваюць набіліцы.С. Александровіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АДЗЕ́ННЕ,
штучнае покрыва цела чалавека; у шырокім сэнсе ўключае галаўныя ўборы, абутак і інш. Яго агульны выгляд залежыць ад прыродна-кліматычных умоў, відаў і спосабу гасп. дзейнасці, нац. традыцый, узроўню развіцця вытв. сіл, маёмасна-прававых адносін, этычных поглядаў і патрабаванняў. У гісторыі грамадства выконвала і выконвае функцыі магічную, абрадавую, адрознення паводле полу, узросту, сямейнага становішча, саслоўнай, этн. і рэліг. прыналежнасці, паводле роду заняткаў і службовага становішча, найперш утылітарную і эстэтычную. Нясе ў сабе і маст. вобраз, таму выступае як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і залежыць ад маст. стылю эпохі.
Адзенне ўзнікла ў сярэднім старажытнакаменным веку і прайшло складаны шлях эвалюцыі. Як сац. з’ява і як прадмет мастацтва ўвасабляла ўяўленні розных гіст. эпох аб ідэальным чалавеку, яго ўнутр. сутнасці і фіз. абліччы. Так, адзенне стараж. грэкаў з іх ідэалам доблеснага і прыгожага воіна-атлета толькі злёгку падкрэслівала гарманічнасць фігуры; адзенне сярэднявечча згодна з хрысціянскімі догмамі пра грахоўнасць цела хавала яго пад цяжкімі бясформеннымі тканінамі; у эпоху Адраджэння, калі нормай прыгажосці стаў прызнавацца чалавек, адзенне стала больш зручным, як бы выяўляла гармонію ўнутр. і знешняга ў чалавеку; у перыяд Асветніцтва, калі эталонам прыгожага была прырода, а ўзорам для пераймання антычнасць, адзенне набыло натуральныя спакойныя формы. Спалучэнне ў адзіным маст. стылі кампанентаў адзення і прадметаў, што яго дапаўняюць, стварае ансамбль, які наз. касцюмам. Касцюмы падзяляюцца на 3 асн. тыпы: драпіраваны (з абгорнутага вакол цела кавалка тканіны, замацаванага непасрэдна на фігуры), накладны (надзяваецца праз галаву і як бы накладаецца на плечы), раслінны (мае спераду разрэз зверху данізу).
Вытокі бел. адзення ў культуры ўсх.-слав. плямёнаў. Умерана кантынентальны клімат вымагаў закрытага, цёплага адзення. Тканіны выраблялі з лёну (радзей канапель) і воўны, упрыгожвалі нашываннем, натыканнем, вышываннем ці набіўным узорам. Баярства шыла адзенне пераважна з прывазных тканін (парча, аксаміт, тафта, камка); аздобаю служыла вышыўка шоўкам і жэмчугам. Амаль усе віды адзення былі накладныя. Аснову мужчынскага гарнітура складалі кашуля з поясам і нагавіцы, жаночага — кашуля (даўжэйшая за мужчынскую) і паясное адзенне тыпу панёвы; верхняя вопратка — світа (зімой падшытая футрам). Мужчыны насілі шапкі з футра, сукна ці лямцу, дзяўчаты — вянец, замужнія жанчыны — чапец, а паверх — убрус. Абуваліся ў пасталы, поршні ці боты (жаночыя часта вышывалі). Гэтыя асаблівасці перайшлі ў адзенне насельніцтва ВКЛ, дзе ў 13—16 ст. сфарміравалася бел. народнасць. У касцюме беларусаў адчуваецца блізкасць да касцюма літоўцаў і палякаў, а таксама рускіх і інш.еўрап. народаў. Выпрацоўка ў Зах. Еўропе асн. спосабаў і прыёмаў крою, удасканаленне кравецкага рамяства прывяло адзенне да істотных змен. Адзенне магнатаў, шляхты і гар. знаці развівалася ў рэчышчы зах.-еўрап. моды. Важнымі часткамі іх мужчынскага гарнітура былі атласны жупан, зверху кунтуш, падпяразаны доўгім поясам, воўчае (вільчура) і бабровае футра, жаночае — ферэзія, чамара, аблямаваныя карункамі або футрам собаля, куніцы, лісы, кабат з рукавамі. Спрашчэнне адзення арыстакратаў пачалося з канца 18 ст. Народнае адзенне больш яскрава, чым адзенне інш. слаёў грамадства, выяўляла маральныя нормы і эстэт. густы. Нар. касцюм уздзейнічаў на касцюм вышэйшых класаў і сам зазнаваў яго ўплыў. У ім найлепш захаваліся традыцыі нац. адзення. У 14—16 ст.бел. касцюм узбагаціўся новымі відамі (андарак, гарсэт) і прынцыпамі афармлення (спосабы завязвання наміткі). Ён меў характэрныя прыкметы касцюма готыкі і рэнесансу, а з найб. спецыфічных — тэндэнцыі да агульнай строгасці ансамбля, перавагі белага колеру, спалучэння белага з чырвоным у каларыстыцы, геам. узораў у арнаментыцы. Бел. касцюм у гэты час набыў сваю завершанасць, утылітарны і маст. вобраз. Яго развіццё ў 17 — сярэдзіне 19 ст. ішло па шляху мадыфікацыі асобных элементаў адзення, насычэння колеравай гамы, пераасэнсавання арнаментальных матываў, замацавання рэгіянальных адметнасцяў. У перыяд фарміравання бел. нацыі захоўвалася выразнае этнагр. аблічча бел.нар. адзення. Касцюм сялян той пары — класічны ўзор бел.нар. мастацтва. Даўнімі традыцыямі было вызначана, якое адзенне насіць у будні ці святы, надзяваць на вяселле ці на радзіны, падчас радасці ці жалобы. У традыц. комплекс мужчынскага адзення ўваходзілі кашуля, нагавіцы і камізэлька. Кашулю насілі навыпуск, падпяразвалі поясам, калошы абгортвалі анучамі і запраўлялі ў скураныя пасталы, лапці, боты, зімой — у валёнкі. Галаўнымі ўборамі былі саламяны капялюш (брыль) ці валеная магерка, зімой заечая ці аўчынная аблавуха. Мужчынскае адзенне мела сціплае аздабленне, у ім пераважаў белы колер. Найб. ўзлёту фантазіі і майстэрства бел. адзенне дасягнула ў жаночым касцюме, своеасаблівасць якога вызначае адметнасць нац. касцюма беларусаў увогуле. Жаночая кашуля кроілася з прамавугольных кавалкаў ільняной тканіны. Найб. ўвага аддавалася ўпрыгожанню рукавоў, што звязана з маст. тэктонікай і пластыкай касцюма, а таксама з верай у магічную сілу чырвонага рамбічнага арнаменту. Разнастайнае паясное адзенне жанчыны: многія віды спадніц (андарак, саян, палатнянік, летнік), а таксама панёвы, фартухі. Малюнак спадніцы і панёвы — клетка, падоўжныя або папярочныя палосы ў чырвоным, сіне-зялёным ці серабрыста-белым каларыце. Фартух гарманіраваў з кашуляй. У жаночае, асабліва святочнае, убранне ўваходзіў і гарсэт у выглядзе безрукаўкі. Шылі яго звычайна з крамных тканін (аксаміт, парча, шоўк), аздаблялі вышыўкай, аплікацыяй, нашыўкамі тасёмак, стужак, гузікаў. Касцюм мог дапаўняцца разнаколерным поясам з кутасамі. Галаўныя ўборы залежалі ад узросту і сямейнага становішча жанчыны. У дзяўчат гэта былі перавязкі накшталт вузкіх ручнікоў (скіндачка, шлячок), вянкі. Замужняй жанчыне не дазвалялася паказвацца на людзях з непакрытай галавой. Жаночыя галаўныя ўборы падзяляюцца на ручніковыя (намітка, сярпанка, хустка), рагацістыя (галовачка), каптуровыя (каптур, чапец, падвічка). Самы пашыраны і адмысловы — намітка. Будзённым абуткам жанчыны былі лапці, святочным — пасталы і чорныя хромавыя чаравікі. Верхняя мужчынская і жаночая вопратка мала адрознівалася. Яе шылі з валенага нефарбаванага сукна (світа, сярмяга, бурка, бурнос), аўчыны (кажух, кажушок). Насілі таксама бравэрку, каптан, кабат. Пранікненне ў вёску прамысловых вырабаў «размывала» жанравыя межы традыц.нар. касцюма. У 20 ст. многія віды і састаўныя часткі традыц. адзення выйшлі з ужытку. Нар. адзенне аднатыпнае на ўсёй тэр. Беларусі, але ў ім вылучаюць 4 асн. комплексы (залежна ад таго, з чым насілі кашулю ў жаночым касцюме): са спадніцай і фартухом; са спадніцай, фартухом і гарсэтам; са спадніцай, да якой прышыты ліф-гарсэт, і фартухом; з панёвай, фартухом, гарсэтам. Першыя 2 вядомыя ўсюды, 2 другія — ва ўсх. і паўд.-ўсх. раёнах. Комплексы маюць шэраг лакальных разнавіднасцяў, якія вылучаюцца як нар. строі. Найб. вывучаны строі Зах. і Усх. Палесся, Падняпроўя, Цэнтр. Беларусі, Панямоння, Паазер’я (пра кожны строй гл. адпаведны артыкул). Паасобныя матывы традыц. адзення выкарыстоўваюць мадэльеры пры распрацоўцы сучаснага касцюма.
Літ.:
Маслова Г.С. Народная одежда русских, украинцев и белорусов в XIX — начале XX в. // Восточнославянский этнографический сборник. М., 1956;
Беларускае народнае адзенне. Мн., 1975;
Каминская Н.М. История костюма. М., 1977;
Раманюк М.Ф. Беларускае народнае адзенне: [Альбом]. Мн., 1981;
Яго ж. Народны касцюм Чачэрска і ваколіц: Канец XIX — сярэдзіна XX стст. Мн., 1993;
Раманюк М., Ліцвінка В., Раговіч У. Песні і строі Піншчыны. Слонім, 1994.
М.Ф.Раманюк.
Адзенне: 1 — княжацкае 11-12 ст.; 2 — баярскае 12-13 ст.; 3 — гараджан 12-13 ст.; 4-5 — магнатаў 16—17 ст.; 6 — сялян 15 ст.Да арт.Адзенне. 1—2 — селянін і сялянка. Паводле Норбліна (канец 18 — пач. 19 ст.); 3—4 — дзяўчына і жанчына з Піншчыны. Паводле Рабцэвіча (канец 18 — пач. 19 ст.).Да арт.Адзенне. 1 — селянін. Паводле А.Рыгельмана (канец 18 ст.); 2 — сялянка з цэнтральнай Беларусі. Паводле К.Вуйціцкага (пач. 19 ст.); 3—4 — селянін з Палесся і жанчына з-пад Кобрына. Паводле Ю.Крашэўскага (1-я чвэрць 19 ст.).Да арт.Адзенне. К.Русецкі. Жняя. 1845.Да арт.Адзенне. І.Рэпін. Беларус. 1892.
Да арт.Адзенне. Партрэт Лізаветы Соф’і Радзівіл. Невядомы мастак. 1-я пал. 17 ст.
Беларускае народнае адзенне. Строі Цэнтральнай Беларусі і Панямоння: пухавіцкі (1), ляхавіцкі (2), капыльска-клецкі (3), слуцкі (4), вілейскі (5), мастоўскі (6), навагрудскі (7), ваўкавыска-камянецкі (8—9).Беларускае народнае адзенне. Строі заходняга і ўсходняга Палесся: дамачоўскі (10), маларыцкі (11), кобрынскі (12), пінска-івацэвіцкі (13), мотальскі (14), давыд-гарадоцка-тураўскі (15), турава-мазырскі (16), калінкавіцкі (17), брагінскі (18).Беларускае народнае адзенне. Строі Прыдняпроўя і Наддзвіння: магілёўскі (19—20), краснапольскі (21), буда-кашалёўскі (22), неглюбскі (23), лепельскі (24), дубровенскі (25), астравецка-дзісенскага рэгіёна (26—27).