ВА́ПНАВАННЕ ГЛЕ́БЫ,

унясенне ў глебу вапнавых угнаенняў; спосаб хім. меліярацыі кіслых глеб. Шырока выкарыстоўваецца для пазбаўлення ад залішняй кіслотнасці на падзолістых, балотных, шэрых лясных глебах, чырваназёмах і ападзоленых чарназёмах. Звычайна іх вапнуюць праз 5—6 гадоў, 1 раз у ратацыю севазвароту летам або восенню. Нормы ўнясення вапнавых угнаенняў залежаць ад кіслотнасці глебы, яе грануламетрычнага саставу, асаблівасцей культуры (напр., лубін дрэнна пераносіць вапнаванне глебы). На тарфяных глебах дозы ўнясення вапны павялічваюцца ў 1,5 раза. На Беларусі каля 85% ворных зямель патрабуюць вапнавання. Дозы вапнавых угнаенняў устанаўліваюцца па спец. картаграмах кіслотнасці глеб.

Пры аднолькавай ступені кіслотнасці на пясчаных глебах на 1 га ўносіцца 2 т, на гліністых — да 9 т вапнавых матэрыялаў. З агароднінных культур вапнаванне эфектыўнае для буракоў, капусты, часнаку, салаты, шпінату і сельдэрэю, морквы, агуркоў, фасолі, рэпы, цвятной капусты і бручкі; менш эфектыўнае вапнаванне для радыскі, рэдзькі, кабачкоў і памідораў.

т. 3, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГРАПАДО́БНЫЯ (Anguilliformes),

атрад касцістых рыб. 23 сям., каля 110 родаў, 400 відаў, пераважна ў трапічных водах акіянаў. Большасць вугрападобных жывуць на мелкаводдзі, вядуць скрытны прыдонны спосаб жыцця, зрэдку селяцца калоніямі ў норках. Некаторыя марскія віды жывуць на глыб. да 4000 м або ў тоўшчы вады (да 500 м). У прэсных водах трапляюцца толькі прадстаўнікі сям. вугровых, або прэснаводных вугроў, да іх належыць вугор еўрапейскі (звычайны, рачны), які трапляецца на Беларусі. Вугрападобныя вядомы з верхняга мелу.

Даўж. змеепадобнага цела 10—300 см, маса 15 г — 65 кг. Плаўнікі без калючак. Спінны і анальны плаўнікі доўгія, мяккія, ззаду звычайна злучаюцца з хваставым. Луска вельмі дробная або адсутнічае. Пераважна драпежнікі; некаторыя паразітуюць. Развіццё з метамарфозам: празрыстая высакацелая лістападобная лічынка (лептацэфал) істотна адрозніваецца ад дарослай асобіны. У многіх вугрападобных у крыві ёсць ядавітыя рэчывы — іхтыятаксіны, якія, трапіўшы ў кроў цеплакроўных жывёл, разбураюць эрытрацыты. Многія вугрападобныя — каштоўныя аб’екты промыслу.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭРПАЛЯ́ЦЫЯ І ЭКСТРАПАЛЯ́ЦЫЯ ў матэматыцы,

спосаб набліжанага (ці дакладнага) узнаўлення якой-н. велічыні па некаторых вядомых яе значэннях. Напр., адшуканне значэнняў функцыі 𝑓(x) у пунктах x па вядомых значэннях yi = 𝑓(xi), дзе пункты xi — вузлы інтэрпаляцыі, i = 0, 1, ..., n. Калі x знаходзіцца ў інтэрвале паміж x0 і xn, задача такога адшукання наз. інтэрпаляцыяй, калі па-за яго межамі — экстрапаляцыяй.

Асн. кірункі даследаванняў па І. і э.: вырашальнасць задачы інтэрпалявання; пабудаванне інтэрпаляцыйных формул і вывучэнне іх адхілення ад зададзенай функцыі, выкарыстанне метадаў інтэрпаляцыі для пабудавання набліжаных і лікавых метадаў рашэння розных задач матэматыкі і яе дастасаванняў. Гл. таксама Набліжэнне і інтэрпаляцыя функцый.

На Беларусі даследаванні па пытаннях І. і э. вядуцца ў Ін-тах матэматыкі і тэхн. кібернетыкі Нац. АН, БДУ і інш.

Літ.:

Крылов В.И., Бобков В.В., Монастырный П.И. Начала теории вычислительных методов: Интерполирование и интегрирование. Мн., 1983.

С.​У.​Абламейка.

т. 7, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́СТВАЛЬД ((Ostwald) Вільгельм Фрыдрых) (2.9.1853, Рыга —4.4.1932),

нямецкі фізікахімік і філосаф, адзін з заснавальнікаў фізічнай хіміі. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1896). Скончыў Дэрпцкі (Тартускі) ун-т (1875), дзе і працаваў. З 1881 праф. Рыжскага політэхн. вучылішча, з 1887 Лейпцыгскага ун-та, адначасова ў 1898—1905 дырэктар заснаванага ім Фіз.-хім. ін-та. З 1906 праводзіў даследаванні ва ўласнай хім. лабараторыі. Навук. працы па хім. кінетыцы і каталізе, тэорыі электралітычнай дысацыяцыі, вучэнні аб колерах, гісторыі хіміі. Вывеў суадносіны паміж электраправоднасцю разбаўленых раствораў бінарных слабых электралітаў і іх канцэнтрацыяй (закон разбаўлення О.; 1888). Распрацаваў спосаб каталітычнага акіслення аміяку да азотнай к-ты (1902). У 1889 распачаў выданне серыі «Класікі дакладных навук». Стваральнік філас. тэорыі энергетызму, паводле якой адзінай субстанцыяй сусвету з’яўляецца энергія. Нобелеўская прэмія 1909.

Літ.:

Родный Н.И., Соловьев Ю.И. Вильгельм Оствальд, 1853—1932. М., 1969;

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

В.Оствальд.

т. 11, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САРО́КІН (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 29.4.1938, г. Старая Руса Наўгародскай вобл., Расія),

бел. фізік. Д-р тэхн. н. (1976). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1962). З 1962 у Ін-це цеплафізікі Сіб. аддз. АН СССР. З 1979 у Ін-це ядз. энергетыкі АН Беларусі (з 1981 заг. лабараторыі, у 1988—92 дырэктар). З 1992 у Ін-це праблем энергетыкі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па цеплафізіцы, гідрадынаміцы віхравых ядз. рэактараў, радыяцыйнай хіміі. Адкрыў наяўнасць 2 устойлівых станаў дысперсных вярчальных сістэм у ядз. рэактарах ракетных рухавікоў, тарпед і інш. (1979). Распрацаваў спосаб і абсталяванне для драбнення цвёрдых рэчываў (алмаз, драўніна, збожжа і інш.).

Тв.:

Критерий термомеханической устойчивости тепловыделяющих аппаратов (разам з В.​П.​Коласам) // Докл. АН БССР. 1981. Т. 25, № 8;

Влияние радиации на синтез канцерогенов в организме человека (разам з Л.​М.​Жыгуновай) // Конверсия научных исследований в Беларуси... Мн., 1999. Ч. 1.

т. 14, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

левіта́цыя

(англ. levitation, ад лац. levitas, -atis = лёгкасць)

магічны спосаб пераадолення зямнога прыцяжэння (напр. падыманне ўласнага цела намаганнем волі, палёты ў сне і г. д.).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

канскры́пцыя

(лац. conscriptio = запіс)

спосаб камплектавання арміі ў шэрагу еўрапейскіх дзяржаў на аснове воінскай павіннасці з правам выкупіцца або паставіць на сваё месца іншага.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ксерагра́фія

(ад ксера- + -графія)

спосаб электрафатаграфіі, заснаваны на дзеянні святла на матэрыял са святлоадчувальным слоем з паўправадніка, на які перад здымкай наносіцца электрастатычны зарад.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

аўтагра́фія

(ад аўта- + -графія)

спосаб падрыхтоўкі літаграфскай друкарскай формы, пры якім малюнак, выкананы аўтарам-мастаком на паперы, пераносяць на літаграфскі камень або цынкавую пласцінку.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

бага́ж

(фр. bagage)

1) рэчы, упакаваныя для перавозкі поездам, самалётам, параходам, а таксама спосаб адпраўкі рэчаў асобна ад пасажыра;

2) перан. запас ведаў, звестак.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)