СЕРЫ́ЙНАЯ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,

тып арганізацыі вытв-сці, калі на прадпрыемстве адначасова вырабляецца шырокая наменклатура аднароднай прадукцыі, выпуск якой паўтараецца праз пэўны час. Колькасць прадукцыі, што вырабляецца адначасова, наз. памерам серыі, а колькасць дэталей — памерам партыі. У залежнасці ад памераў і частаты чаргавання серый адрозніваюць буйнасерыйную, сярэднесерыйную і дробнасерыйную вытв-сць. Пры буйнасерыйнай вытв-сці прадукцыя вырабляецца працяглы час (звычайна не менш як год) і ў вял. аб’ёмах. На прадпрыемствах шырока выкарыстоўваюцца паточныя лініі, канвееры і сродкі аўтаматызацыі; вытв-сць набывае рысы масавага тыпу (гл. Масавая вытворчасць). Пашырана ў аўтамабільнай, трактарнай прам-сці. Пры сярэднесерыйнай вытв-сці спецыялізацыя абмяжоўваецца больш вузкай наменклатурай. Да яе адносяцца, напр., станка- і маторабудаванне, выпуск пракату чорных і каляровых металаў. Дробнасерыйная вытв-сць набліжаецца да адзінкавай. Выраб прадукцыі звычайна не паўтараецца. Памер серый няўстойлівы, збыт абмяжоўваецца заказамі або дагаворамі. Да дробнасерыйнай адносіцца вытв-сць асобых відаў сплаваў, пракату. С.в. дае магчымасць больш эфектыўна выкарыстоўваць высокапрадукц. абсталяванне, павышаць якасць прадукцыі, зніжаць яе сабекошт.

У.​Г.​Залатагораў.

т. 14, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУПЕ́НІ СВАБО́ДЫ,

1) у механіцы — незалежныя паміж сабой рухі (перамяшчэнні) мех. сістэмы. Колькасць С.с. залежыць ад колькасці часціц (матэрыяльных пунктаў), што ўтвараюць сістэму, а таксама ад колькасці і характару накладзеных на сістэму сувязей механічных.

Свабодная часціца мае 3 С.с. — можа рухацца ўздоўж кожнай з 3 узаемна перпендыкулярных восей каардынат. Свабоднае цвёрдае цела мае 6 С.с.: 3 з іх адпавядаюць паступальнаму руху якога-н. пункта С (звычайна цэнтра мас) цела, а астатнія 3 — вярчальнаму руху цела вакол пункта С як нерухомага цэнтра. Цвёрдае цела з нерухомай воссю вярчэння мае адну С.с. Колькасць С.с. вызначае лік ураўненняў руху і ўмоў раўнавагі мех. сістэмы.

2) У тэрмадынаміцы — незалежныя параметры тэрмадынамічнай сістэмы (звычайна т-ра, ціск і інш.), змены якіх (у пэўных межах) не парушаюць раўнавагу тэрмадынамічную сістэмы. Змена тэрмадынамічных С.с. дапушчальныя ў такіх межах, калі захоўваюцца ўсе фазы, што прысутнічаюць у сістэме, і не з’яўляюцца якія-н. іншыя фазы. Колькасць С.с. ў раўнаважнай тэрмадынамічнай сістэме вызначаецца Гібса правілам фаз.

т. 15, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«УСХО́ДНІ ПАКТ», Усходнееўрапейскі рэгіянальны пакт,

праект дагавора аб калект. узаемадапамозе паміж СССР, Чэхаславакіяй, Польшчай, Латвіяй, Эстоніяй, Літвой і Фінляндыяй на выпадак агрэсіі нацысцкай Германіі, распрацаваны ў 1934. Ініцыіраваны франц. міністрам замежных спраў Л.Барту і сав. урадам пасля выхаду Германіі з Лігі Нацый, зыходу яе дэлегацыі з міжнар. канферэнцыі па раззбраенні (14.10.1933) і пачатку фарсіраванай мілітарызацыі герм. эканомікі. У маі—чэрвені 1934 СССР і Францыя пагадзіліся заключыць двухбаковы дагавор. 14 чэрв. ўрад СССР прапанаваў усім зацікаўленым бакам стаць удзельнікамі пакта. Прадугледжвалася, што Францыя далучыцца да пакта як яго гарант, а СССР стане гарантам Лакарнскіх дагавораў 1925. Гатоўнасць далучыцца да пакта выказалі ўрады Чэхаславакіі, Латвіі, Літвы і Эстоніі (Эстонія і Латвія — пры ўмове далучэння да пакта Германіі і Польшчы). Калі Германія і Польшча адмовіліся ад удзелу ў гэтым дагаворы, тое ж зрабілі прыбалт. краіны, а фінл. бок не адказаў на франка-сав. прапанову. У гэтых умовах, а таксама пасля забойства Барту (9.10.1934) і перамогі ва ўрадзе Францыі праціўнікаў заключэння пакта яго праект не быў ажыццёўлены.

т. 16, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Бро́днік ’вярба’ (Касп.). Рус. дыял. бро́дни́к ’вербавы хмызняк’, ’кара вярбы’. Калі гэта не нейкія другасныя формы (параўн. бел. брэд, брэднік, рус. бред, бреди́на вярба’), то пацвярджаецца этымалогія Бернекера, 83, і Фасмера, 1, 210, пра сувязь назв, вярбы (bred‑) з дзеясловам bresti bredǫ ’брадзіць’. Гл. брэд 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бадзі́ла ’рог каровы; той, хто бадаецца’ (Касп.). Беларускае ўтварэнне суфіксам *‑(i)dlo (што служыў для ўтварэння nom. instrumenti ў слав. мовах) ад дзеяслова бада́ць, басці́ (праўда, трэба было б чакаць *бадала < *boda‑dlo). Магчыма, такога ж паходжання і балг. боди́ло ’назва расліны’ (калі не з *bodylь).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аддратва́ць ’крэпка пабіць (кнутом)’ (Шат.). Магчыма, ад дратва ’прасмалены канат’, але гэта вельмі прафесійная назва. Калі лічыць, што ад‑дратаваць паходзіць ад першаснага драць, марфалогію дзеяслова цяжка вытлумачыць, не прыняўшы версіі аб кантамінацыйным паходжанні слова на аснове тратаваць (< польск. tratować) і драць (Міхневіч, БЛ, 1973, 3, 60).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БЕЛАРУ́СКІ КРАЁВЫ З’ЕЗД,

выдуманы форум «дэлегатаў беларускіх грамадзянскіх і палітычных арганізацый, сялянскіх радаў», членаў «быўшай Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ... іншых краёвых арганізацый цэлай Беларусі», які нібыта адбыўся 28—30.1.1919 у зоне «бальшавіцкай акупацыі» — у Навагрудку. «Прэзідэнт» нібыта абранай на Беларускім краёвым з’ездзе Беларускай краёвай народнай рады У.​Цвірка-Гадыцкі меў у той час сталыя кантакты з дзеячамі БНР і нават супрацоўнічаў з імі. Легенда аб Беларускім краёвым з’ездзе ўзнікла ў сак. 1919, калі дэлегацыя БНР на чале з А.​Луцкевічам дамагалася ўдзелу ў Парыжскай мірнай канферэнцыі. 23.3.1919 Цвірка-Гадыцкі і член Бел. краёвай нар. рады А.​Янсан накіравалі міністру-прэзідэнту Польшчы І.​Падарэўскаму ліст, у які ўключылі «рэзалюцыю з’езда», што тычылася справы бел. дзяржаўнасці. Аўтары «рэзалюцыі» пісалі, што «Беларусь у сваіх этнаграфічных межах... увойдзе ў сціслы звязак з Польскай Рэчы Паспалітай». Спасылкай на гэтую «рэзалюцыю» міністр-прэзідэнт Польшчы даводзіў на Парыжскай мірнай канферэнцыі, што дэлегацыя БНР не мае паўнамоцтваў і не можа ўдзельнічаць у перагаворах. «Рэзалюцыя» істотнага ўплыву на работу Парыжскай мірнай канферэнцыі не зрабіла. Фіктыўнасць Беларускага краёвага з’езду была даказана, і ў чэрв. 1919 прадстаўнікі бел. народа былі дапушчаны на канферэнцыю.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАРЫ́ЗА (ад грэч. mykēs грыб + rhiza корань),

сімбіятычнае спалучэнне сысучых каранёў вышэйшай расліны і міцэлію грыба. Вядома ў большасці наземных раслін, пераважна шматгадовых. Адрозніваюць М. эктатрофную (вонкавую), пры якой міцэлій аплятае корань і пранікае ў міжклетнікі вонкавых слаёў яго першаснай кары (каранёвыя валаскі адміраюць, карані відазмяняюцца); эндатрофную (унутраную), калі міцэлій развіваецца пераважна ў міжклетніках і клетках коравай парэнхімы кораня (корань знешне не мяняецца); эктаэндатрофную (пераходную). Эктатрофная і эктаэндатрофная (больш пашырана ў лясах) М. найб. характэрны для дрэў і шапкавых базідыяльных грыбоў (баравік, падасінавік, рыжык, мухаморы і інш.), многія з якіх без М. не ўтвараюць пладовых цел; эндатрофная — для травяністых раслін і мікраскапічных грыбоў (найб. тыповая ў недасканалых грыбоў і раслін сям. ятрышнікавых, насенне якіх не развіваецца без сімбіёзу з грыбам). Пры М. грыб атрымлівае ад расліны вугляводы, амінакіслоты і біялагічна актыўныя рэчывы, павялічвае паглынальную паверхню і функцыян. актыўнасць каранёвай сістэмы, ахоўвае яе ад пашкоджанняў і патагенаў; расліна лепш засвойвае калій, арган. азоцістыя злучэнні і фасфаты, атрымлівае ад грыба вітамінападобныя рэчывы і актыватары росту.

Мікарыза: 1 — эктатрофная (пры павелічэнні); 2 — эндатрофная (папярочны разрэз кораня клёна); 3, 4 — участак кораня хвоі з эктатрофнай мікарызай і без яе.

т. 10, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фаты́га, ‑і, ДМ ‑тызе, ж.

Абл. Турботы, клопат. — А мо б наўперад, пан Хадыка, Калі фатыга невяліка, Нам паказаў бы сваё поле? — Сказаў Міхал. Колас. Да Вайтовіча падышоў каваль і напомніў: — Не расквіталіся, пане. За фатыгу абяцалі на кілішак гарэлкі. Пальчэўскі.

•••

Не варта за фатыгу — аб справе, якая не заслугоўвае клопату.

[Польск. fatyga з фр. fatique — стомленасць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Іно́ся ’не так, іначай’ (Касп.), ’няхай’ (Нас., Грыг.), ’іншая справа’ (Нас., Яруш., Др.-Падб.), ’калі ласка’ (Нас.). Рус. смал., арл., калуж. и́но́сь ’добра, калі ласка’, смал. ина́себе ’няхай’, укр. дыял. іно́се, іно́сь ’няхай так; згодзен’. Складанне з іно і зваротнай часціцы -ся; параўн. рус. дыял. и́но́ ’часам’, ’толькі’, ’добра’, ’пасля’, ’некалі’, злучн. ’ці’, ’але’, ’так што’, ’калі’, укр. іно́ ’толькі’, польск. дыял. ino ’толькі, так’, злучн. ’толькі што, ледзь толькі’, ст.-рус. ино злучн. ’а, і’, ’але’, ’таму што’. Ino тлумачыцца неадназначна. Найбольш верагодна этымалагічная сувязь з *jьnъ (гл. іншы), Бернекер, 1, 431; Праабражэнскі, 1, 271; Слаўскі, 1, 462. Фасмер (2, 133) вылучае два кампаненты: i + no. Недакладна Гіст. мовы (II, 248) разглядае інося як уласную словатворчасць Ул. Дубоўкі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)