МО́НІШ (Moniz) Антоніу Каэтану ды Абрэу Фрэйр Эгаш

(de Abreu Freire Egas; 29.11.1874, г. Эштарэжа, Партугалія — 13.12.1955),

партугальскі неўрапатолаг і нейрахірург. Вучыўся ва ун-тах г. Каімбра (Партугалія) і г. Бардо (Францыя). З 1902 праф. ун-та г. Каімбра, у 1911—44 у Лісабонскім ун-це. Навук. працы па ўдасканаленні метаду ангіяграфіі для дыягностыкі пухлін мозга. Выкарыстаў хірург. ўмяшанне для лячэння некат. псіхічных хвароб, распрацаваў методыку прэфрантальнай лейкатаміі (разрэз белага рэчыва пярэдняга мозга). Нобелеўская прэмія 1949 (разам з В.​Р.​Гесам).

А.​К.​Моніш.

т. 10, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫГРА́Ф (ад ды... + ...граф),

спалучэнне 2 літар, што ўжываецца для абазначэння на пісьме пэўнага гуку. Уласцівы кірыліцы (Д. «оу» абазначаў просты гук «у»). У помніках старабел. мовы 14—17 ст. ужываліся Д. «кг» на месцы «г» (кгузикъ), «іо» — «ё» (ліонъ), «хв» — «ф» (Тимохвѣй), «дж» (дроджи), «дз» (дзедзіч). Сучаснай бел. мове ўласцівы Д. «дз» і «дж». Спалучэннямі з 2 і больш літар перадаюцца ў некат. зах.-еўрап. сістэмах пісьма зычныя гукі, блізкія да ўсх.-слав. «х», «ч», «ш», «щ» (ням. ch, tsch, sch, schtsch; польск. ch, cz, sz, czcz).

М.​Р.​Прыгодзіч.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭ́БІШ Васіль Іосіфавіч (н. 22.7.1962, в. Шамятоўка Свіслацкага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэт. Брат А.Дэбіша. Скончыў Мінскі ін-т культуры (1987). Працуе ў Брэсце. Друкуецца з 1987. Аўтар зб. вершаў «Белыя птахі» (1992), «Лісты да Марыі» (1996). У лірыцы Д. — рамант. свет чалавека, любоўныя перажыванні героя («Ліст да Марыі», «След вашых губ на крышталі», «Любіў. Ды ты не зразумела»), асэнсаванне духоўных крыніц жыцця народа, роднай гісторыі («Вільня», «Багрымава жалейка», «Апошняя ноч К.​Каліноўскага»). Звяртаецца і да нац. міфалогіі. Распрацоўвае жанры трыялета, квантэмы.

І.​У.​Саламевіч.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУКО́ЎСКІ Барыс Елісеевіч (14.5.1900—13.1.1973),

рускі тэатр. педагог, акцёр. Нар. арт. Расіі (1955). З 1922 на пед. рабоце (з 1924 у Ленінградскім тэатр. ін-це імя А.​Астроўскага). Праф. (1944). З 1923 акцёр Ленінградскага т-ра імя А.​Пушкіна. У 1934—37 маст. кіраўнік Бел. студыі пры Цэнтр. тэатр. вучылішчы ў Ленінградзе. Вял. ўвагу аддаваў развіццю вобразнага мыслення студыйцаў, уменню пранікнуць у сутнасць вобраза, што яскрава выявілася ў спектаклях «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага (1936) і «Банкір» А.​Карнейчука (1937). Дзярж. прэмія СССР 1951.

т. 6, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ВІК, Ібік (Ibykos),

грэчаскі паэт 2-й пал. 6 ст. да н.э. Родам з г. Рэджа-ды-Калабрыя (Італія). Некат. час жыў пры двары тырана Палікрата на в-ве Самас. Стваральнік хвалебнай і любоўнай лірыкі (энкаміі), урачыстай і харавой песні, якая ўхваляла не багоў, а людзей (падзяляюць на 7 кніг, захаваліся фрагменты каля 100 вершаў). Паводле падання, забіты разбойнікамі, якіх знайшлі дзякуючы жоравам. Легенда выкарыстана Ф.​Шылерам у баладзе «Івікавы жоравы» (пер. на рус. мову В.​Жукоўскага).

Тв.:

Рус. пер. — у кн.: Эллинские поэты. М., 1963.

т. 7, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНЯВА́ (Kaniava) Эдуардас (н. 1.7.1937, г. Клайпеда, Літва),

літоўскі спявак (барытон), педагог. Нар. арт. СССР (1979). Скончыў Вільнюскую кансерваторыю (1960), з 1969 выкладае ў ёй. З 1959 саліст Літ. оперы. Валодае яркімі вак. данымі, сцэн. майстэрствам, выконвае партыі лірычнага і драм. барытона: Марус («Птушкі, якія заблудзілі» В.​Лаўрушаса), Удрыс («Піленай» В.​Кловы), Анегін, Ялецкі, Раберт («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.​Расіні), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Рыгалета, Жэрмон, маркіз ды Поза («Рыгалета, «Травіята», «Дон Карлас» Дж.​Вердзі). Выступае і як канцэртны спявак.

т. 8, с. 18

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПЫСКІЯ КАФЛЯ́НЫЯ ПРАДПРЫЕ́МСТВЫ.

Дзейнічалі з 1860 да 1914 у г. Копысь Горацкага пав. (цяпер г.п. Копысь у Аршанскім р-не Віцебскай вобл.). Уключалі 4 кафляныя і кафляна-ганчарныя мануфактуры, кафляна-ганчарную ф-ку, 2 з-ды (кафляны і кафляна-глазурны). Выпускалі кафлю, тэракоту, пазалочанае аздабленне для печаў, вазоны для кветак, сподкі з малюнкамі, паліву для кафляных і ганчарных з-даў. Найб. буйныя прадпрыемствы мелі конныя, газавыя (10 к. с.) і нафтавыя (40 к. с.) рухавікі. У розныя гады працавалі ад 9 да 131 чал.

т. 8, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАГРЭ́С-ВУЛКА́Н»,

акцыянернае таварыства, створанае на базе Пінскай запалкавай фабрыкі «Прагрэс-Вулкан», існавала ў 1909—14. Праўленне знаходзілася ў Пінску. Акцыянерны капітал, унесены ўладальнікам ф-кі аўстрыйскім падданым пінскім купцом 1-й гільдыі І.​А.​Гальперыным і членамі яго сям’і, складаў 300 тыс. руб. У акц. т-ва ўвайшлі таксама лесапільныя з-ды, якія належалі Гальперыну. У 1909 на прадпрыемствах акц. т-ва працавала 680 чал. Ліквідавана напярэдадні 1-й сусв. вайны з-за нізкіх эканам. паказчыкаў. Прадпрыемствы перайшлі ва ўласнасць І.​А.​Гальперына.

В.​М.​Сяховіч.

т. 12, с. 535

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАМЫ́Я ФАРБАВА́ЛЬНІКІ, субстантыўныя фарбавальнікі,

водарастваральныя арган. фарбавальнікі, здольныя афарбоўваць тэкстыльныя матэрыялы непасрэдна («прама», без пратраў) з водных раствораў. Сарбіруюцца валокнамі і ўтрымліваюцца на іх сіламі Ван-дэр-Ваальса, за кошт вадародных і інш. сувязей. Паводле хім. класіфікацыі — пераважна ды- і поліазафарбавальнікі (гл. Азафарбавальнікі), у т. л. металзмяшчальныя. Простыя для скарыстання, утвараюць афарбоўкі ўсіх колераў. Выкарыстоўваюць пераважна для афарбоўвання тэкст. матэрыялаў з цэлюлозных валокнаў (баваўняных швейных нітак, пражы, трыкатажнага палатна і інш.), радзей — з натуральнага шоўку і поліаміднага валакна. Пры дапамозе П.ф. можна афарбоўваць скуру і футравую аўчыну.

т. 13, с. 11

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́НСКІ КАНСЕ́РВАВЫ ЗАВО́Д Пабудаваны ў г. Пінск Брэсцкай вобл. ў 1946 як гар. харчкамбінат. У 1957 уведзены ў эксплуатацыю піўцэх, у 1960 — кансервавы цэх, у 1962 — цэх безалкагольных напіткаў. У 1972—1976 кансервавы камбінат. Уключаў Драгічынскі крухмала-сокавы, Парэцкі крухмальны, Пагост-Загародскі кансервавы з-ды, якія выйшлі з саставу ў 1993—95. З 1976 сучасная назва, з 1997 адкрытае акц. т-ва. З 2000 вядзецца рэканструкцыя. Асн. прадукцыя (2001): пладова-агароднінныя кансервы (сокі, соусы, павідла, салаты і інш.), кісялі, экстракты, безалкагольныя напіткі на натур. аснове, у т. л. квасы.

т. 12, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)