МІКРА... (ад грэч. mikros малы), 1) дзесятковая прыстаўка для ўтварэння найменняў дольных адзінак, роўных 10−6 зыходным адзінкам. Пазначаецца мк. Напр., 1 мкг (мікраграм) = 10−6г, 1 мкКл (мікракулон) = 10−6Кл.
2) Першая састаўная частка складаных слоў, якая паказвае на малы памер чаго-небудзь (напр., мікраарганізм, мікрасхема), а таксама слоў, звязаных з вывучэннем або вымярэннем малых велічынь (напр., мікраскоп, мікрабіялогія).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯЗІ́Н [ад грэч. mys (myos) мышца],
бялок скарачальных валокнаў мышцаў. Малекула М. складаецца з 2 поліпептыдных ланцугоў, якія скручаны ў спіраль. Мал. м. каля 500 000. Складае 40—60% мышачных бялкоў. З бялком мышцы актынам утварае актаміязін — асн. бялок скарачальнай сістэмы мышцаў. Валодае адэназінтрыфасфатазнай актыўнасцю: ператварае хім. энергію АТФ у мех. энергію мышачнага скарачэння. Уваходзіць таксама ў састаў скарачальных структур інш. эўкарыётных клетак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́МФА (ад грэч. nymphē кукалка, лічынка, літар. нявеста, дзяўчына),
фаза (стадыя) паслязародкавага развіцця членістаногіх, якія развіваюцца без яўна выражанага метамарфозу (без стадыі кукалкі).
Уласціва кляшчам, усім першаснабяскрылым і некат. крылатым насякомым. У аўсянікаў, вяснянак і стракоз Н. наз.наядай. Выглядам Н. падобная на дарослы арганізм; адрозніваецца недаразвітым палавым апаратам, а ў крылатых насякомых — і крыламі. Ліняе шмат разоў і паступова ператвараецца ў імага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІСТА́ГМ (ад грэч. nystagmos дрымота),
міжвольныя рытмічныя двухфазныя (хутка і павольна) рухі вочных яблыкаў у чалавека і жывёл. Бывае адна- і двухбаковы (часцей); гарыз., вярчальны, верт. і дыяганальны. Назіраецца ў здаровым стане, напр., пры працяглым вярчэнні на крэсле, фіксацыі позірку на прадметах, што хутка рухаюцца; у паталаг. стане пры хваробах ц. н. с., пашкоджаннях і захворваннях мозга, вушнога лабірынта і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́ДА,
адна з найбуйнейшых малых планет (другая пасля Цэрэры). Дыяметр 538 км. Маса 2,5∙1020кг, перыяд абарачэння вакол Сонца 4,61 г., вакол восі 7,811 гадз. Вял. паўвось арбіты 2,771 а.а., эксцэнтрысітэт 0,235, нахіл арбіты 34,8°. Бляск у процістаянні 8,0 візуальнай зорнай велічыні. Другая па часе адкрыцця — малая планета № 2 (Г.В Ольберс, 1802). Названа імем стараж.-грэч. багіні Афіны Палады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЕ́СТРА (грэч. palaistra ад palaiō змагаюся),
прыватная гімнастычная школа ў Стараж. Грэцыі. Звычайна ў П. займаліся хлопчыкі ва ўзросце 12—16 гадоў (на в. Самос была П. для дарослых мужчын). Праграма навучання ў П. ўключала бег, барацьбу, скачкі, кіданне кап’я і дыска (т.зв. сістэма пяцібор’я), гімнаст. практыкаванні, плаванне. П. мелі адкрытыя пляцоўкі, гімнаст. залы, басейны. Часам П. існавалі пры гімнасіях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕПСІ́Н (ад грэч. pepsis страваванне),
пратэалітычны фермент страўнікавага соку жывёл і чалавека, які ажыццяўляе расшчапленне бялкоў. Малекулярная маса каля 35 000. Утвараецца ў страўніку ў выглядзе неактыўнага пепсінагену, актывуецца пад уплывам салянай к-ты страўнікавага соку. П. гідралізуе ўнутр. пептыдныя сувязі ў бялках і пептыдах з утварэннем больш простых пептыдаў і свабодных амінакіслот. Прэпарат П. ужываюць пры хваробах страўнікавага тракту.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАФІЛІ́Т (ад піра... + грэч. phyllon ліст),
мінерал падкласа слаістых сілікатаў, гідраксідалюмасілікат Al2[Si4O10](OH)2; прымесі магнію, жалеза і інш. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Утварае ліставатыя, лускаватыя, зярністыя і інш. агрэгаты. Колер бледна-зялёны, блакітны, жоўты, буры. Цв. 1—2. Шчыльнасць 2,65—2,9 г/см³. Па паходжанні гідратэрмальны, метамарфічны. Выкарыстоўваецца ў вытв-сці вогнетрывалых керамічных вырабаў, у гумавай, папяровай прам-сці і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАФО́РНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ (ад піра... + + грэч. phoros які нясе),
рэчывы, здольныя загарацца без нагрэву пры кантакце з паветрам. Т-ра самаўзгарання (tc) П.р. ніжэйшая за пакаёвыя т-ры. Да П.р. адносяцца тонкараздробненыя металы (жалеза, алюміній, магній, кобальт, нікель і інш.), гідрыды крэмнію (SiH4, tс -200 °C), бору і некаторых металаў, дыфасфін (P2H4), алюмінійарган. злучэнні (напр., трыэтылалюміній Al(C2H5)3, tc -80 °C) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІ́ФІЯ,
старажытнагрэчаская жрыца-прадказальніца ў храме Апалона ў Дэльфах, які таксама наз. Дэльфійскім або Піфійскім аракулам (лац. oraculum, грэч. manteion прароцтва бажаства і месца, дзе яно даецца). П. сядзела на трыножніку і ў стане экстазу адказвала на пытанні, з якімі да яе звярталіся прадстаўнікі дзяржаў і грамадзяне. Адказы П. (часта цьмяныя і двухсэнсоўныя), перакладзеныя жрацамі ў вершаванай форме, лічыліся прадказаннямі (аракуламі) самога Апалона.