БЕГЕТРЫ́Я (ісп. behetría),

вольная сялянская абшчына ў Іспаніі ў сярэднія вякі. Была пашырана гал. чынам у перыяд Рэканкісты ў Кастыліі і Леоне. Мела самакіраванне, права выбіраць (мяняць) сеньёра і інш. Члены бегетрыі неслі вайсковую службу ў сеньёра ці караля ў час войнаў, былі звязаны з сеньёрам адносна невял. павіннасцямі. Пасля Рэканкісты бегетрыя паступова знікла.

т. 2, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІСА́У (Bissau),

горад, сталіца Гвінеі-Бісау. Адм. ц. аўт. сектара Бісау. Засн. партугальцамі ў 1687. 125-тыс. ж. (1988). Порт на Атлантычным ак. (вываз пальмавага алею, арахісу, скур, лесаматэрыялаў). Міжнар. аэрапорт. Гал. прамысл. цэнтр краіны (каля 60% усіх прамысл. прадпрыемстваў краіны). Харчасмакавая, лесапільная, мэблевая, лёгкая прам-сць. Ганчарная вытв-сць. Суднарамонт. Гісторыка-маст. музей.

т. 3, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́РНХАЛЬМ (Bornholm),

востраў на ПдЗ Балтыйскага м., тэр. Даніі. Пл. 588 км². Нас. 47,2 тыс. чал. (1994). Складзены ў паўн. ч. з гранітаў, у паўднёвай — з пясчанікаў, сланцаў, вапнякоў. Паверхня — узвышаная раўніна выш. да 162 м. Дзюны. Хваёвыя і шыракалістыя лясы, лугі. Рыбалоўства, рыбаперапрацоўка. Жывёлагадоўля. Вытв-сць керамікі. Турызм. Адм. ц. і гал. порт — Роне.

т. 3, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРАДВЕ́Й (Broadway),

адна з гал. вуліц г. Нью-Йорк. Даўж. больш за 25 км. Вуліца перарываецца плошчамі Коламбус-сёркл, Таймс-сквер, Мэдысан-сквер, Юніян-сквер. Вядомая як цэнтр тэатр. мастацтва (размешчана каля 70 тэатраў, пераважна музычных). На Брадвеі таксама праўленні буйных гандл. фірмаў і фін. устаноў, магазіны, атэлі, рэстараны, забаўляльныя ўстановы і інш.

т. 3, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАМПАНЕМЕ́НТ (франц. accompagnement),

музычнае суправаджэнне. 1) Партыі аднаго ці некалькіх інструментаў або пеўчых галасоў у ансамблі, падпарадкаваныя гал., сольнай партыі.

2) Кампанент муз. тканіны, які выконвае функцыю суправаджэння (інтанацыйна-меладычнага, рытмічнага, гарманічнага). Адрозніваюць монафанічны і поліфанічны (гарманічны) акампанемент, якія ў працэсе развіцця муз. творчасці набылі разнастайныя формы.

3) Выкананне муз. суправаджэння.

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 184

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДЭНСКІ ЗАЛІ́Ў,

у Аравійскім м., паміж п-вамі Аравійскім і Самалі. Баб-эль-Мандэбскім пралівам злучаецца з Чырвоным м. Даўж. каля 900 км, шыр. да 300 км, глыб. да 4525 м. Рэльеф дна рэзка расчлянёны. Характэрна інтэнсіўнае свячэнне вады на паверхні заліва. Прылівы паўсутачныя, выш. да 2,9 м. Гал. порт — г. Адэн.

т. 1, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРО́КЕН-ХІЛ (Broken Hill),

поліметалічнае радовішча ў Аўстраліі, унікальнае па колькасці свінцу і цынку. Адкрыта і распрацоўваецца з 1883. Складзена з кварц-палевашпатавых гнейсаў, крышт. сланцаў, кварцытаў, амфібалітаў ніжнепратэразойскага ўзросту. Гал. рудныя мінералы галеніт і сфалерыт, ёсць таксама халькапірыт, арсенапірыт, самароднае серабро і інш. Здабываюць свінец, цынк, серабро, кадмій, як спадарожныя — золата, медзь, сурму, кобальт.

т. 3, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЫ́ДЖТАЎН (Bridgetown),

горад, сталіца Барбадаса. На З вострава. Засн. ў 1628. 7 тыс. ж., з прыгарадамі больш за 100 тыс. ж. (1990). Гал. порт краіны, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прадпрыемствы нафтаперапр., лёгкай і харч. прам-сці. Вытв-сць і вываз цукру, патакі, рому. Бункерная станцыя. Курорт. Ун-т Вест-Індыі. Турызм. Арх. помнікі 18 ст.

т. 3, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЭНЬСІ́,

горад на ПнУ Кітая, у правінцыі Ляанін. 751 тыс. ж. (1989). Вузел чыгунак і аўтамаб. дарог. Адзін з гал. цэнтраў чорнай металургіі краіны, здабыча жал. руды і каксавальных вуглёў, вытв-сць вогнетрывалых матэрыялаў, кіслот, угнаенняў. Маш.-буд. (у т. л. вытв-сць трансп. сродкаў), хім., цэм., дрэваапр. прам-сць. Горны ін-т.

т. 3, с. 384

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАНА́ДЫЕВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінеральныя ўтварэнні, сыравіна для атрымання ванадыю. Гал. мінералы ванадыевых руд: ванадыніт, дэклуазіт, купрадэклуазіт, карнатыт і інш. Радовішчы магматычныя, кантактава-метасаматычныя, гідратэрмальныя, большасць — комплексныя, з іх атрымліваюць таксама жалеза, тытан, уран, свінец, цынк, медзь, алюміній, фосфар. Колькасць V2O5 у рудзе ад 0,1 да 29%. Буйнейшыя радовішчы ў ПАР, ЗША, Фінляндыі, Намібіі, Чылі.

т. 3, с. 500

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)