КО́РЫ ((Cori) Карл Фердынанд) (5.12. 1896, Прага — 19.10.1984) і Коры Герці Тэрэза (15.8.1896, Прага — 26.10.1957),

амерыканскія біяхімікі. Муж і жонка. Чл. Нац. АН ЗША. Скончылі Пражскі ун-т (1920). З 1922 ва ун-тах ЗША. Навук. працы па абмене вугляводаў, вывучэнні ферментаў. Адкрылі працэс рэсінтэзу глікагену з малочнай кіслаты (цыкл К.), выдзелілі глюкоза-1-фасфат («эфір К.») і ўстанавілі яго ролю ў абмене вугляводаў, раскрылі біяхім. механізмы дзеяння інсуліну. Нобелеўская прэмія 1947 (разам з Б.Усаем).

К.Ф.Коры.
Г.Т.Коры.

т. 8, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ТЭР (ад грэч. kratēr вял. чаша) вулканічны, чаша- ці лейкападобнае паглыбленне на вяршыні ці схіле вулканічнага конуса (гл. Вулкан) дыяметрам ад дзесяткаў метраў да некалькіх кіламетраў і глыб. ад некалькіх да соцень метраў. На яго дне адно або некалькі жаролаў, праз якія на паверхню з магматычнага ачага па вывадным канале паступаюць лава і інш. вулканічныя прадукты. Дно бывае запоўнена лававым возерам або другасным вулканічным конусам.

Кратэр з выявамі кентаўрамахіі і амазонамахіі. 2-я чвэрць 5 ст. да н.э.

т. 8, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАВА́ННЕ, кумленне,

старадаўні бел. абрад устанаўлення прыязных сяброўскіх адносін. Спраўлялі яго пераважна на «зялёныя святкі» (Сёмуху) ва ўсх. і цэнтр. частках Беларусі. Дзяўчаты ішлі ў лес, звязвалі галінкі бярозак («завівалі» іх), праходзілі парамі 3 разы ўзад і ўперад пад завітымі ў вянок бярозкамі, спяваючы песню пра ўслаўленне сяброўскіх адносін, пасля елі абрадавую страву (яечню). Абрад выконвалі пасля заканчэння сяўбы. Ён сімвалізаваў пажаданне добрага ўраджаю. Як традыц. гульня-забава трапляецца і ў наш час.

М.​Ф.​Піліпенка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУМАРО́Н, 2,3-бензафуран,

гетэрацыклічнае кіслародазмяшчальнае вытворнае бензолу. Бясколерная вадкасць з духмяным пахам, tкіп 173—175 °C, шчыльн. 1077,6 кг/м³ (15 °C). Не раствараецца ў вадзе, раствараецца ў этаноле, эфіры. Устойлівы да ўздзеяння шчолачаў, полімерызуецца ў прысутнасці мінер. к-т, к-т Льюіса і пераксідаў. Уваходзіць у састаў кам.-вуг. смалы, з якой яго вылучаюць; атрымліваюць таксама К. сінтэтычны. Выкарыстоўваюць вытворныя К. для адбельвання паперы, у якасці фатагр. праявіцеляў, антыаксідантаў каўчукоў, як сцынтыляцыйныя матэрыялы і лек. прэпараты.

Куманіка.

т. 9, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМАРКІ́ЗМ першая цэласная канцэпцыя эвалюцыі ў жывой прыродзе, сфармуляваная ў 1809 Ж.Б. дэ Ламаркам. Паводле Л., існуючыя віды раслін і жывёл фарміраваліся паступова, у выніку працяглага прыстасавання арганізмаў да вонкавых умоў (клімат, святло, цяпло і інш.) і пэўнага ўнутр. імкнення ўсіх арганізмаў да ўдасканалення. Ідэя Л. пра ролю вонкавага асяроддзя і спадчыны ў эвалюцыі была выкарыстана Ч.Дарвінам у яго эвалюцыйнай тэорыі. Адраджэнне Л. ў форме неаламаркізму адбылося ў апошняй трэці 19 ст. як рэакцыя на пашырэнне дарвінізму.

т. 9, с. 112

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАХМАНЕ́НКА (Мікалай Архіпавіч) (н. 21.12.1921, в. Зоры Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1982), праф. (1983). Скончыў БДУ (1952), Мінскі юрыд. ін-т (1954). З 1968 у Бел. эканам. ун-це. Навук. працы па праблемах тэхн. прагрэсу і яго ўзаемасувязі з эканам. адносінамі і вытв. актыўнасцю працоўных.

Тв.:

Техническое творчество трудящихся. Мн., 1968;

Технический прогресс и творчество масс: (Полит.-экон. аспекты). Мн., 1976;

Технический прогресс и производственные отношения социализма. Мн., 1979.

т. 9, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІ́СКІ»,

бел. нар. гульня. Ад 6 да 20 чал. выбіраюць вядучага «ліса», строяцца ў круг і кладуць каля сябе Л. (невял. прадмет, які павінен быць у кожнага гульца). «Ліс» падыходзіць да аднаго з гульцоў і просіць «ліску», а той адказвае, што аддасць, калі «ліс» абгоніць яго. Пасля гэтага «ліс» бяжыць у адзін, а гаспадар «ліскі» ў процілеглы бок круга. Хто раней зойме свабоднае месца, той гаспадар Л., а «лісам» становіцца той, хто адстаў.

Я.​Р.​Вількін.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ЦЫ, Лочы (Locci) Аўгуста Вінцэнці (каля 1640, Варшава — 22.10.1732), польскі архітэктар. Вучыўся ў бацькі Аўгуста Станіслава Л. і Дж.​Б.​Джызлені ў Рыме. Кіраўнік буд.-дэкарацыйных работ і маст. дарадца польскага караля Яна III Сабескага. Паводле яго праектаў пабудаваны палац у Вілянаве (б. летняя каралеўская рэзідэнцыя каля Варшавы, 1677—1794; барока), створаны план Варшавы (1683, не захаваўся). Кіраваў буд-вам касцёла і кляштара капуцынаў у Варшаве (1683—85). На Беларусі для Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу зрабіў праект галерэі (1678).

т. 9, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ БАН (247? — 195 да н.э.),

адзін з кіраўнікоў паўстання 209—206 да н.э. ў Кітаі, заснавальнік дынастыі Хань. Паходзіў з сялян. У 209 далучыўся да паўстання супраць дынастыі Цынь, якое ўзначаліў Чэнь Шэн, пасля яго гібелі (208) камандуючы паўстанцкай арміяй. У 207 заняў сталіцу імперыі г. Сяньян. У 206—202 змагаўся з другім кіраўніком паўстанцаў — Сян Юем. У 202 абвясціў сябе імператарам Гаацзу. Скасаваў жорсткія законы Цынь Шыхуандзі, паменшыў падаткі. Аднавіў практыку раздачы зямель сваім сваякам і паплечнікам.

т. 9, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮРСА́ ((Lurçat) Андрэ) (27.8.1894, г. Бруер, Францыя — 12.7.1970),

французскі архітэктар. Вучыўся ў школах прыгожых мастацтваў у Нансі і Парыжы. Чл. Акадэміі архітэктуры ў Парыжы (1939). Практык і тэарэтык рацыяналізму. Яго работы вылучаюцца выразнай планіроўкай, гарманічнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыяй: у прадмесцях Парыжа — школьны комплекс імя К.​Маркса (1931—33), рэканструкцыя раёна Сен-Дэні (1946—62), жылы комплекс у Блан-Меніле (1950—67) і інш. У 1934—37 працаваў у СССР (неажыццёўленыя праекты бальнічных комплексаў для Масквы, Смаленска, Ніжняга Ноўгарада).

т. 9, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)