СЛО́НІМСКАЯ КАПЭ́ЛА АГІ́НСКАГА,

прыдворны аркестр гетмана вял. літ. Міхала Казіміра Агінскага. Існавала ў 1765?—93. Абслугоўвала паказы Слонімскага тэатра Агінскага, балі, касцельныя службы, рабіла канцэртныя паездкі. Вызначалася высокім прафес. узроўнем аркестра, своеасаблівым выканальніцкім стылем. Напачатку капэла складалася з 12 чал., з 1776 мела вял. ансамбль інструменталістаў і вакалістаў (53 чал.) на чале з Ю.​Паўлі, А.​Данезі і Я.​Стэфані. Сярод музыкантаў: 24 прыгонныя (напр., Райскі, адзін з таленавітых удзельнікаў капэлы, прыгонны Радзівілаў, працаваў у Слоніме ў 1775—80) і замежныя (ням., чэшскія і італьян. спевакі, інструменталісты і дырыжоры (сярод якіх К.​Чыпрыяні). Росквіт дзейнасці капэлы прыпадае на 1780. З 1-й пал. 1780 г. пачынаецца яе заняпад: паменшаў склад — многія замежныя музыканты перайшлі ў Нясвіжскую капэлу Радзівілаў. Часовы ўздым капэла і т-р перажылі ў канцы 1780 — пач. 1790-х г., аднак у 1792 у аркестры засталося ўсяго 12 музыкантаў і ён ужо не складаў маст. цэлага.

А.​А.​Саламаха.

т. 15, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛУПНЯ́К,

цяжкае інфекцыйнае захворванне чалавека і жывёл, якое характарызуецца прыступамі сутаргавых скарачэнняў мускулатуры. Апісаны Гіпакратам. Выклікаецца слупняковай палачкай, якую адкрыў ням. ўрач А.​Нікалаер (1884); іх споры могуць знаходзіцца ў кішэчніку жывёл, птушак, чалавека, у глебе. Пранікаюць у арганізм пры траўмах (рана, апёкі, трэшчыны і інш.). На месцы ўкаранення ўзбуджальнік пачынае размнажацца і выдзяляць таксіны з нейратропнымі ўласцівасцямі, якія выклікаюць паталаг. ўзбуджэнне клетачных элементаў.

У чалавека вылучаюць 4 формы С.: генералізаваную, лакальную, энцэфалітычную, неанатальную. Прыкметы: боль у ране, паторгванне мышцаў вакол яе, агульная патлівасць, сутаргі жавальных (трызм), мімічных («сарданічная ўсмешка») і дыхальных мышцаў. Далейшае развіццё С. прыводзіць да гіпертонусу доўгіх мышцаў спіны, жывата і канечнасцей. Сутаргі суправаджаюцца частым пульсам, прытомнасць захоўваецца. Моцныя гукі, святло, кашаль і інш. вонкавыя і ўнутр. раздражняльнікі ўзмацняюць сутаргі. У жывёл назіраецца напружанне жавальных мышцаў, пазней сутаргі ўсіх мышцаў, агульнае здранцвенне. Хворых на С. жывёл ізалююць і лечаць (антыбіётыкі і інш.).

А.​А.​Астанаў.

т. 15, с. 25

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМАЛЯНЫ́Я КІСЛО́ТЫ,

прыродныя карбонавыя к-ты, якія прадуцыруюцца раслінамі хвойных парод; асн. кампанент жывіцы (62—65%), талавага масла (30—45%) і прадукту іх перапрацоўкі каніфолі (60—92%).

Сярод С.к. найб. пашыраны ненасычаныя трыцыклічныя карбонавыя к-ты агульнай ф-лы C19H29COOH, якія адрозніваюцца пазіцыяй падвойных сувязей у малекулах, а таксама іх дыгідра-, тэтрагідра- і дэгідравытворныя (C19H31COOH, C19H33COOH і C19H27COOH адпаведна). У жывіцы хвойных дрэў пераважаюць к-ты абіяцінавая (у жывіцы піхты яе 46—52%, кедра 32% па масе) і левапімаравая (27—36% у жывіцы хвоі). Індывід С.к. — бясколерныя крышталі без паху, добра раствараюцца ў ацэтоне, бензоле, дыэтылавым эфіры, не раствараюцца ў вадзе. Для С.к. характэрныя рэакцыі з удзелам карбаксільнай групы (утвараюцца солі і эфіры) і па падвойных сувязях. С.к. са спалучанымі падвойнымі сувязямі лёгка акісляюцца ў паветры і ізамерызуюцца адна ў другую (першасны кампанент жывіцы — левапімаравая к-та лёгка пераходзіць у абіяцінавую). У прам-сці атрымліваюць і выкарыстоўваюць у выглядзе каніфолі.

Я.​Г.​Міляшкевіч.

Структурныя формулы смаляных кіслот: а — абіяцінавай; б — левапімаравай.

т. 15, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМО́ЛІК Аляксандр Іванавіч (н. 24.10.1944, в. Каловічы Вілейскага р-на Мінскай вобл.),

бел. культуролаг і гісторык. Д-р культуралогіі (2000), канд. гіст. н. (1973), праф. (1999). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1968) і працаваў у ім з 1968 (у 1972—92 дэкан ф-та). З 1992 прарэктар Бел. ун-та культуры. Навук. працы па гісторыі Беларусі, тэорыі культуры, праблемах развіцця сусв. і айч. культуры і яе ўзаемадзеянняў з сац.-паліт. ін-тамі грамадства. Распрацаваў канцэпцыю рэабілітацыйна-катарсіснага ўздзеяння мастацтва на дэзадаптаваную асобу посткатастрофнага соцыуму, новыя метадалагічныя падыходы ў вывучэнні сацыядынамікі культуры; вызначыў сутнасць, змест і дзейнасць сац. ін-таў у посткатастрофным грамадстве.

Тв.:

Гісторыя Беларусі XVI—XIX стст. Мн., 1997;

Культура Беларусі XI—XIX стст. Мн., 1998;

Дзейнасць устаноў культуры па мінімізацыі наступстваў чарнобыльскай трагедыі. Мн., 1999 (у сааўт.);

Сацыядынаміка культуры ў посткатастрофным соцыуме. Мн., 1999;

Сацыяльна-культурная дзейнасць у постчарнобыльскім соцыуме. Мн., 1999;

Гісторыя і культура беларускіх татар. Мн., 2000 (разам з І.​Б.​Канапацкім).

т. 15, с. 59

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СМЫК,

у беларусаў прылада для рыхлення глебы і загортвання ў яе насення. Выкарыстоўвалі часцей пры ляднай (падсечнай) сістэме земляробства ў лясных зонах. На Віцебшчыне, дзе доўга захоўвалася лядная сістэма, сеялі без папярэдняга ўзорвання, а С. або вершалінай (сукаваткай) адначасова рыхлілі глебу і засыпалі пасеянае насенне. С. рабілі з расколатых ці абчасаных яловых ствалоў, у якіх з аднаго боку пакідалі сукі даўжынёй 40—60 см. Колькасць ствалоў (5—10) была абумоўлена і таўшчынёй дрэўцаў, з якіх рабілі С., і ўмовамі працы. Для апрацоўкі цяжкіх глеб С. рабілі з больш тоўстых дрэўцаў з мацнейшымі сукамі. Ствалы даўжынёю каля метра прывязвалі дубовымі, лазовымі, бярозавымі віткамі да дзвюх папярочных планак, радзей прыбівалі цвікамі. Два крайнія ствалы былі на 1—1,5 м даўжэйшыя за сярэднія. Яны ўтваралі аглоблі, за якія чаплялі пастронкі. С. бытаваў на Беларусі паўсюдна, за выключэннем Гомельшчыны, да пач. 20 ст.; часам яго выкарыстоўвалі замест бараны. У некат. мясцовасцях, асабліва на Віцебшчыне, 7—10-ствольнымі С. баранавалі бульбу.

Л.​І.​Мінько.

Смык.

т. 15, с. 64

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СО́ТНІ,

1) карпаратыўныя арг-цыі купецтва ў 12—18 ст. у Стараж. Русі, ВКЛ (да 15—16 ст.) і Рас. дзяржаве. У 12—15 ст. існавалі ў Кіеве, Ноўгарадзе, Полацку, Віцебску, Маскве і інш. гарадах. У 16—17 ст. купецкія вярхі Расіі аб’ядноўваліся ў 3 С.: гасцей (гл. Госць), гасціную і суконную. З узвядзеннем гільдый (1719—22) купецкія С. Расіі ліквідаваны.

2) Аб’яднанні гандл.-рамеснага насельніцтва, падобныя да еўрап. цэхаў, якія ўтвараліся паводле прафес.-тэр. прынцыпу (кавальскія, ганчарскія і інш.) у гарадах 11—18 ст. Стараж. Русі, ВКЛ і Рас. дзяржавы. Узначальваліся выбарнымі сотнікамі, мелі права самакіравання, плацілі падаткі, выконвалі розныя феад. павіннасці, удзельнічалі ў гар. апалчэнні. З канца 15 ст. паступова ператварыліся ў адм.-тэр. адзінкі. На Беларусі С. працягвалі існаваць і ў гарадах з магдэбургскім правам. У Расіі гар. С. ліквідаваны з увядзеннем цэхавай арг-цыі (1722), на Беларусі — пасля яе далучэння да Расіі (1772—95).

т. 15, с. 90

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАЛЬ (Staël) Ганна Луіза Жэрмена дэ (22.4.1766, Парыж — 14.7.1817),

французская пісьменніца, тэарэтык л-ры, публіцыст. Дачка Ж.​Некера Літ. дзейнасць спалучала з заняткамі палітыкай, філасофіяй, гісторыяй. Шмат падарожнічала. Погляды С. фарміраваліся пад уплывам сярэдневяковага мастацтва, творчасці У.​Шэкспіра, ням. л-ры і філасофіі. Асн. тэмы яе твораў — асоба і гісторыя, пісьменнік і грамадства, пачуццё і афіц. мараль: трагедыя «Джэйн Грэй» (1790), раманы «Дэльфіна» (1802), «Карына, або Італія» (1807). Аўтар філас.-публіцыст. і літ.-крытычных эсэ і трактатаў «Лісты пра творы і асобу Ж.​Ж.​Русо» (1788), «Пра мастацкую творчасць» (1795), «Пра ўплыў страсцей на шчасце людзей і народаў» (1796), «Аб літаратуры, разгледжанай у сувязі з грамадскімі законамі» (1800), мемуараў «Дзесяць гадоў у выгнанні» (апубл. 1821, незавершаны) і інш. Паўплывала на распрацоўку эстэтыкі ранняга рамантызму (кн. «Аб Германіі», 1810).

Тв.:

Рус. пер. — Корина, или Италия. М., 1969;

О литературе, рассмотренной в связи с общественными установлениями. М., 1989.

Літ.:

Пронин В.Н. Проблемы литературы и революции в творчестве Жермены де Сталь. М., 1974.

Е.​А.​Лявонава.

т. 15, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАРШЫ́НА казацкая,

катэгорыя службовых асоб у казацкіх войсках Украіны і Расіі ў 16—18 ст. Ажыццяўляла адм. і ваен. кіраўніцтва. Уключала атаманаў, палкоўнікаў, есаулаў, сотнікаў, суддзяў і інш. Падзялялася на генеральную (вайск.), палкавую і соценную. Выбіралася з асяродка заможных казакоў (у Запарожскай Сечы С. на чале з кашавым атаманам выбіралася вайск. радай). Узначальвала барацьбу супраць крымскіх татараў і туркаў, падтрымлівала дзеянні ўрадаў Рэчы Паспалітай і Расіі, выкарыстоўвалася ў барацьбе паміж рознымі паліт. групоўкамі, у ваен. сутыкненнях паміж суседнімі дзяржавамі і грамадз. вайне ў Расіі ў пач. 17 ст. (гл. Смута). Удзел казацтва ў Булавінскім паўстанні 1707—09, Сялянскай вайне 1773—75, дапамога шведам у час Паўночнай вайны 1700—21 (гл. ў арт. Мазепа) прывялі да абмежавання яе самастойнасці (С. стала прызначацца ўрадам Расіі). У канцы 18 ст. многія дзеячы С. атрымалі афіцэрскія чыны, правы дваранства і інш. прывілеі. У 19 ст. тэрмін «С.» выйшаў з ужытку. Гл. таксама Казакі, Казацкія летапісы.

т. 15, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛЕ́ЦКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1698 у Расіі,

паўстанне маскоўскіх стральцоў, выкліканае іх нежаданнем несці цяжкую службу ў памежных крэпасцях і ўціскам з боку палкоўнікаў. 4 палкі маскоўскіх стральцоў (каля 4 тыс. чал.), якія ў 1695—96 удзельнічалі ў паходах на Азоў, замест вяртання ў Маскву былі накіраваны ўрадам (цар Пётр I падарожнічаў за мяжой) ахоўваць граніцу з ВКЛ. На шляху ў г. Вял. Лукі стральцы паўсталі, змясцілі начальнікаў і пайшлі на Маскву. Яны наладзілі сувязь з царэўнай Соф’яй Аляксееўнай, зняволенай у Новадзявочым манастыры, і збіраліся ўзвесці на прастол яе або кн. В.​В.​Галіцына, але 28.6.1698 разбіты ўрадавымі войскамі каля Новаіерусалімскага манастыра. У 1698—99 пакараны смерцю 1239 стральцоў, 601 пасля пакарання бізуном і клеймавання сасланы. Былі расфарміраваны і тыя стралецкія палкі маскоўскага гарнізона, якія не ўдзельнічалі ў паўстанні, а стральцы з сем’ямі высланы з Масквы. Т.ч. са сталіцы была выдалена варожая Пятру I ваен.-паліт. сіла.

Літ.:

Буганов В.И. Московские восстания конца XVII в. М., 1969.

т. 15, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЭ́ЛЬСКІ,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння на тэр. Мазырскага і Калінкавіцкага р-наў Гомельскай вобл. Засн. ў 1999 для аховы унікальных прыродных тэрыторый, дзе прадстаўлены амаль усе ландшафтныя комплексы Бел. Палесся. Пл. 12161 га. Ландшафты ўзгорыста-марэнна-эразійныя з покрывам водналедавіковых супескаў, другасных водна-ледавіковых слаба дрэніраваных раўнін, сучаснай поймы р. Прыпяць і лагчын яе прытокаў. Перапады вышынь да 40 м. Прыроднае расл. покрыва — 80%, пераважаюць хваёвыя лясы, шмат дуброў, сустракаюцца чорнаалешнікі і ясеннікі крапіўныя. У пойме Прыпяці пашыраны злакавыя гідрамезафітныя і астэпаваныя лугі. У флоры больш за 500 відаў сасудзістых і 250 відаў ніжэйшых раслін, з іх 27 відаў занесены ў Чырв. кнігу: венерын чаравічак сапраўдны, кураслеп лясны, воўчнік баравы, дрок германскі, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, шпажнік чарапіцавы, сальвінія плывучая і інш. Фауна пазваночных уключае 264 віды, з іх 20 у Чырв. кнізе: вусач, сцерлядзь, чарапаха балотная, рапуха чаротная, паганка малая, каршачок, шулёнак, пустальга звычайная, кулік-сарока, уліт вялікі, соні арэшнікавая і садовая, барсук, малая вячэрніца і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 15, с. 217

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)