група культурных раслін сямейства гарбузовых якія вырошчваюцца на харчовыя, кармавыя і тэхн. мэты. Да іх належаць кавун, дыня, гарбуз. Паходзяць з трапічных і субтрапічных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Вырошчваюць на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбузы і іх разнавіднасці — кабачкі і патысоны, на Пд у аматарскіх пасевах, часцей у цяпліцах і на ўцепленым грунце, вырошчваюць дыні і кавуны. Найб. высокія ўраджаі бахчавыя культуры даюць на цалінных землях і аблогах, пасля шматгадовых траў. Бахчу размяшчаюць на багатых перагноем лёгкіх урадлівых глебах. Плады дыні і кавуна спажываюць свежыя, з іх гатуюць кавуновы (нардэк) і дынны (бекмес) мёд, вяленую дыню, варэнне, цукаты і інш., гарбузы спажываюць тушаныя, печаныя, кансерваваныя. Кармавыя кавуны і гарбузы — корм для жывёлы. З насення атрымліваюць алей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БА́ЦЮШКАЎ (Пампей Мікалаевіч) (26.6.1811, маёнтак Данілаўскае Валагодскай губ. — 1.4.1892),
рускі гісторык, дзярж. і грамадскі дзеяч, выдавец.
Брат паэта К.М.Бацюшкава. Скончыў афіцэрскае вучылішча ў Пецярбургу (1831), да 1840 служыў у арміі. З 1850 віцэ-губернатар у Коўне. У 1856—67 віцэ-дырэктар дэпартамента духоўных спраў іншаземных веравызнанняў. У 1868—69 папячыцель Віленскай навуч. акругі. З 1869 член савета міністра нар. асветы. Паводле паліт. поглядаў славянафіл. Адзін з праваднікоў палітыкі русіфікацыі на Беларусі, Украіне і ў Літве. Выдаў «Атлас народанасельніцтва Заходнярускага краю паводле веравызнанняў» (1863), серыю альбомаў «Помнікі рускай даўніны ў заходніх губернях імперыі» (вып. 1—8, 1868—85), манаграфіі прафесараў Кіеўскай духоўнай акадэміі М.І.Пятрова, М.І.Гарадзецкага і І.І.Малышэўскага «Холмская Русь» (1887), «Валынь» (1888), «Беларусь і Літва» (1890).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЗ-КАРНІЛО́ВІЧ (Міхаіл Восіпавіч) (10.10.1796, Магілёўская губ. — 19.1.1862),
бел. гісторык, краязнавец і этнограф, вайсковы тапограф і статыстык. Ген.-маёр рас. арміі. Брат дзекабрыста А.В.Карніловіча. Скончыў 1-ы кадэцкі корпус (1816). Удзельнік вайны з Турцыяй 1828—29. У 1831—47 кіраваў тапаграфічнай экспедыцыяй у Мінскай, Наўгародскай, Валынскай, Віцебскай, Магілёўскай губ. і Беластоцкай вобласці. З 1852 у адстаўцы. Вывучаў гіст. дакументы ў дзярж., манастырскіх, прыватных архівах. Аўтар прац па гісторыі Беларусі, якую абмяжоўваў Віцебскай і Магілёўскай губ., астатнія бел. землі называў Літвой. Апісваў помнікі дойлідства, археалогіі і этнаграфіі, побыт бел. сялян.
Тв.:
Витебская губерния. СПб., 1852;
Исторические сведения о примечательнейших местах в Белоруссии с присовокуплением и других сведений, к ней же относящихся. СПб., 1855 (репр. изд. Мн., 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКА-ГА́ЙНАЎСКАЯ ЗАБАСТО́ЎКА РАБО́ЧЫХ ЛЕСАПІ́ЛЬНЫХ ЗАВО́ДАЎ 1932у Заходняй Беларусі.
Адбылася 3.2—2.4.1932 пад кіраўніцтвам Гайнаўскага райкома КПЗБ і забастовачнага к-та. Удзельнічала каля 2,2 тыс.чал. Рабочыя Гайнаўкі патрабавалі павышэння зарплаты, аднаўлення на рабоце 2 незаконна звольненых лесарубаў. Да іх далучыліся рабочыя Белавежы, беспрацоўныя, сяляне. Адбыліся сутыкненні з паліцыяй. Адміністрацыя заводаў павысіла зарплату на 15%, аднавіла на рабоце звольненых. Калі прадпрыемцы парушылі ўмовы дагавору, забастоўка аднавілася. Пасля арышту 6 членаў забастовачнага к-та рабочыя рушылі на паліцэйскі ўчастак у Гайнаўцы. Паліцыя адкрыла агонь, 1 рабочы быў забіты, 8 паранены. Пахаванне забітага вылілася ў антыўрадавую дэманстрацыю. У знак пратэсту супраць бясчынстваў паліцыі забаставалі рабочыя лесапільных з-даў Белавежы і Чэрлядзі. Пад іх націскам арыштаваныя былі вызвалены і адноўлены на рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАВЕ́ЖСКАЯ ЗАБАСТО́ЎКА РАБО́ЧЫХ ЛЕСАРАСПРАЦО́ВАК 1932—33у Заходняй Беларусі.
Праходзіла з 15.10.1932 да сярэдзіны лют. 1933 пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый КПЗБ. Удзельнічала больш за 7 тыс.бел. і польскіх рабочых лесапільных з-даў, лесарубаў і возчыкаў лесу ў Белавежскай пушчы. Бастуючыя патрабавалі павышэння зарплаты на 50%, захавання 8-гадзіннага рабочага дня, сац. забеспячэння на выпадак хваробы і беспрацоўя, бясплатнай мед. дапамогі. У шэрагу вёсак былі створаны забастовачныя к-ты. Для абароны ад нападу паліцыі, недапушчэння да работы штрэйкбрэхераў арганізоўваліся дружыны самаабароны і забастовачныя пікеты. Паліцыя арыштавала больш за 100 актывістаў, адзін з іх быў павешаны. Забастоўкі салідарнасці з рабочымі Белавежскай пушчы адбыліся ў Белавежы, Беластоку, Брэсце, Вільні, Гайнаўцы і інш. Скончылася частковым задавальненнем патрабаванняў бастуючых.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ГЕАЛАГІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (БГТ),
Беларускае рэспубліканскае навукова-тэхнічнае геалагічнае таварыства, добраахвотная незалежная творчая грамадская арг-цыя. Засн. ў 1991. Аб’ядноўвае спецыялістаў па вывучэнні і выкарыстанні нетраў Рэспублікі Беларусь, выкладчыкаў і навучэнцаў вышэйшых і сярэдніх спец.геал.навуч. устаноў. Асн. мэты: стварэнне спрыяльных умоў для творчасці геолагаў і нафтавікоў; абарона навук., прафес. і сац. інтарэсаў членаў т-ва; развіццё творчых і дзелавых кантактаў з вучонымі і спецыялістамі ў галіне геалогіі і нафтаздабычы з інш. дзяржаў. У БГТ уваходзяць (1996) т-вы мінералагічнае і палеанталагічнае, секцыі нафтавай геалогіі, водных рэсурсаў, геатэхналогіі, дыстанцыйных даследаванняў, карысных выкапняў, распрацоўкі геафіз. апаратуры, геаэкалагічнага картавання, работы з моладдзю, а таксама антрапагенавая, тэктанічная, геахім., геамарфалагічная камісіі і рэдакцыйна-выдавецкі савет. З 1994 выдае навук.час. «Літасфера» (сумесна з АНБеларусі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ДРАМАТЫ́ЧНАЯ МАЙСТРО́ЎНЯ,
аматарская тэатральная студыя ў Вільні. Існавала ў 1922—25 (юрыдычна аформлена ў 1924). Мела на мэце папулярызацыю бел.тэатр. культуры ў Зах.Беларусі, стварэнне асновы для прафес. тэатра. Кіраўнікі М.Красінскі, А.Канчэўскі, А.Міхалевіч, Л.Родзевіч. Удзельнікі — навучэнцы і настаўнікі Віленскай бел. гімназіі, прадстаўнікі мясц. інтэлігенцыі. Работа па падрыхтоўцы спектакляў спалучалася з тэарэт. заняткамі па гісторыі тэатра, майстэрстве акцёра і інш. Наладжваліся спектаклі ў вёсках. У рэпертуары: «На папасе» і «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Рысь» («У зімовы вечар») паводле Э.Ажэшкі, «Лес шуміць» паводле У.Караленкі, «Апошняе спатканне» У.Галубка. Для паказаў выкарыстоўвалася форма беларускіх вечарынак.
Літ.:
Лабовіч А. Тэатр змагання. Мн., 1969. С. 21—28, 82—83, 94—96.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ДЗЯРЖА́ЎНЫ АРХІ́Ў НАВУКО́ВА-ТЭХНІ́ЧНАЙ ДАКУМЕНТА́ЦЫІ (БДАНТД). Створаны ў 1968. Зберагае навук.-тэхн. дакументацыю праектна-канструктарскіх, тэхнал. і н.-д. устаноў і арг-цый, асабістыя фонды дзеячаў навукі і тэхнікі Рэспублікі Беларусь. Мае (1996) 160 фондаў (больш за 90 тыс. адзінак захоўвання за 1887—1941 і 1944—90). Дакументы архіва адлюстроўваюць буд-ва і рэканструкцыю гарадоў і інш.нас. пунктаў, прамысл. прадпрыемстваў, чыг. і шашэйных дарог, культ.-асв., адм. і інш. збудаванняў на Беларусі, распрацоўку вырабаў прамысл. прадукцыі і быт. тэхнікі. Сярод дакументаў ген. планы гарадоў, праекты па жыллёва-грамадз., прамысл. і сельскім будаўніцтве, чарцяжы станкоў, машын. Аддзелы: забеспячэння захавання і ўліку дакументаў; ведамасных архіваў, камплектавання і экспертызы каштоўнасці дакументаў; інфарм.-пошукавых сістэм і навук. выкарыстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ЛІТАРАТУ́РНЫ ГУРТО́Кстудэнтаў С.-Пецярбургскага універсітэта,
культурна-асветная арг-цыя ў 1912—14. Узнік на хвалі нац.-вызв. руху народаў Рас. імперыі па ініцыятыве Я.І.Хлябцэвіча; кіраўнік гуртка А.А.Разенфельд, стараста Б.А.Тарашкевіч. У арганізац. групу ўваходзіла 16 чал. Гурток падтрымлівалі І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Я.Ф.Карскі, Е.Р.Раманаў, А.А.Шахматаў і інш. Статут гуртка 30.12.1912 зацверджаны саветам прафесараў ун-та. Мэта гуртка: «навуковае азнаямленне з духоўным і грамадскім жыццём Беларусі», навук. абгрунтаванне неабходнасці развіцця бел. мовы, л-ры і культуры. Гурткоўцы выпусцілі час. «Раніца» (1914), разам з суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца» ўдзельнічалі ў падрыхтоўцы альманаха «Маладая Беларусь» (1912—13).
Вокладка брашуры «Беларускі навукова-літаратурны гурток студэнтаў С.-Пецярбургскага універсітэта». 1913.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ НАРО́ДНЫ КАМІТЭ́Т (БНК),
каардынацыйны орган бел.паліт., грамадскіх і прафес. арг-цый. Дзейнічаў у 1915—18 на тэр.Беларусі, акупіраванай Германіяй. Створаны ў Вільні. У БНК уваходзілі прадстаўнікі Бел.с.-д. работніцкай групы (БСДРГ), Віленскага к-таБел.сацыяліст. грамады (БСГ), Бел.т-ва дапамогі пацярпелым ад вайны і інш. Узначальваў БНК А.І.Луцкевіч. Напачатку БНК прытрымліваўся канцэпцыі Канфедэрацыі ВКЛ. Пазней выказваўся за ўтварэнне Бел.-Літ. дзяржавы з унутр. размежаваннем аўтаномных бел. і літ. зямель. У чэрв. 1916 выпрацаваў ідэю Злучаных Штатаў ад Балт. да Чорнага мораў. Гэту канцэпцыю БНК прадставіў Лазанскай канферэнцыі народаў Расіі (1916). БНК удзельнічаў у правядзенні Бел. канферэнцыі 1918 у Вільні. На ёй была выбрана Віленская беларуская рада, якой БНК здаў свае паўнамоцтвы.