ІГНА́ЦІЙ (? — каля 1640),

расійскі праваслаўны царкоўны дзеяч. Грэк па паходжанні, быў архіепіскапам Кіпра. Пасля захопу вострава туркамі (1571) уцёк у Рым. У 1593 прыбыў у Маскву. З 1603 епіскап разанскі. У 1605—06 патрыярх маскоўскі і ўсяе Русі. Узведзены 4.7.1605 на патрыяршы прастол духавенствам па патрабаванні Лжэдзмітрыя I (гл. Ілжэдзмітрый I), якога І. урачыста сустрэў у Туле. Здзейсніў абрад вянчання Лжэдзмітрыя на царства і абвянчаў яго з Марынай Мнішак. Пасля звяржэння самазванца пазбаўлены сану ‘і накіраваны звычайным манахам у Чудаў манастыр (у Маскве). У 1611 у час вайны Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—18 вызвалены баярамі — прыхільнікамі каралевіча Уладзіслава і зноў пастаўлены патрыярхам замест Гермагена. Аднак другое прызначэнне не было кананічным. У тым жа годзе выехаў у ВКЛ, прыняў унію, жыў і памёр у Вільні.

т. 7, с. 163

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́ТРЫЙ (лац. Yttrium),

Y, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 39, ат. м. 88,9059, адносіцца да рэдказямельных элементаў. У прыродзе І. стабільны ізатоп ​89Y. У зямной кары 2∙10​−3% па масе. Вылучаны ў выглядзе аксіду фін. хімікам Ю.​Гадалінам (1794) з мінералу, знойдзенага каля пас. Ітэрбю (адсюль назва Y, а таксама ітэрбію, тэрбію і эрбію), металічны атрыманы ў 1828 ням. хімікам Ф.​Вёлерам.

Мяккі серабрыста-белы метал, tпл 1528 °C, шчыльн. 4472 кг/м³. У паветры пакрываецца тонкай устойлівай плёнкай аксідаў. Лёгка ўзаемадзейнічае з мінер. к-тамі, пры награванні — з галагенамі, вадародам, азотам, серай, вугляродам, фосфарам. Атрымліваюць аднаўленнем бязводных галагенідаў І. літыем ці кальцыем. Выкарыстоўваюць для легіравання сталі, чыгуну і сплаваў, як канстр. матэрыял для ядз. рэактараў; ітрыевыя гранаты — лазерныя матэрыялы ў радыёэлектроніцы.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІХТЫЯФА́УНА (ад іхтыя... + ... фауна),

сукупнасць відаў рыб пэўнага вадаёма, басейна, зоагеагр. вобласці і інш. або пэўнага адрэзка часу ў гісторыі Зямлі. І. большасці басейнаў складаецца з відаў, якія адрозніваюцца па геагр. паходжанні і групуюцца ў асобныя фауністычныя комплексы. Па колькасці відаў самая багатая І. экватарыяльных вод зах. ч. Ціхага ак., найбольш бедная І. высокаарктычных вод. На працягу развіцця рыб сфарміравалася больш за 25 тыс. відаў, з якіх засталося каля 20,9 тыс. На Беларусі ў вадаёмах 58 відаў рыб з 18 сям. (46 абарыгенных і 12 завезеных з інш. геагр. абласцей для акліматызацыі і гадоўлі); знікла 12 відаў каштоўных прахадных рыб з прычыны абмялення асн. рэк і зарэгулявання іх сцёку плацінамі электрастанцый. У Чырв. кнігу Беларусі занесены вусач, рыбец, стронга ручаёвая (гл. Стронгі), сцерлядзь, харыус звычайны. І. вывучае іхтыялогія.

т. 7, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́БРЫ (Trochilli),

падатрад птушак атр. стрыжападобных. 1 сям., 319 відаў. Пашыраны ў Амерыцы (ад Пд Аляскі і Лабрадора да Вогненнай Зямлі). Жывуць у розных ландшафтах, пераважна аселыя.

Самыя дробныя птушкі на зямлі. Даўж. 5,7—30 мм 5,7—21,6 см, маса 1,6—20 г. Апярэнне рознакаляровае, бліскучае. Дзюба доўгая, тонкая, у некат. выгнутая. Палігамы. Нясуць 1—2 яйцы. Кормяцца на ляту кветкавым нектарам і часткова дробнымі насякомымі. Адносная маса сэрца К. найб. сярод птушак. Інтэнсіўны абмен рэчываў, т-ра цела каля 43 °C. Ноччу і пры недахопе корму ўпадаюць у здранцвенне, т-ра цела зніжаецца да 14,5 °C. Лётаюць хутка (да 80 км/гадз). Могуць завісаць у паветры і даваць задні ход. Дробныя віды робяць крыламі да 80 узмахаў за секунду. 6 відаў у Чырв. кнізе МСАП.

Э.​Р.​Самусенка.

т. 7, с. 464

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛЯ́ДЗІЦКАЕ РАДО́ВІШЧА МЕ́ЛУ І ГЛІН,

у Ваўкавыскім р-не Гродзенскай вобл., каля в. Калядзічы. Паклад у выглядзе адорвеняў мелу туронскага і глін палеаген-неагенавага ўзросту залягае ў тоўшчы канцова-марэнных адкладаў сожскага ледавіка. Мел белы, аднародны, шчыльны, месцамі трэшчынаваты, з уключэннямі крэменю, з вохрыстымі плямамі, у верхняй ч. запясочаны. Гліны цёмна-шэрыя, радзей жаўтавата-шэрыя, з тонкімі праслоямі пылаватага пяску, тлустыя, шчыльныя, сярэдне- і высокапластычныя. Разведаныя запасы мелу 49,9 млн. т, перспектыўныя 44 млн. т. Разведаныя запасы глін 0,3 млн. т. Магутнасць карыснай тоўшчы мелу 6,6—50,6 м, ускрышы 0,2—18,8 м. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 4,3—13 м, ускрышы 0,4—8 м. Мел і гліны прыдатныя на вытв-сць партландцэменту, мел выкарыстоўваецца таксама як вапнавае ўгнаенне. Радовішча распрацоўваецца АП «Ваўкавыскцэментнашыфер».

А.​П.​Шчураў.

т. 7, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМАРЫ́ (Nematocera),

падатрад даўгавусых насякомых атр. двухкрылых. У сусв. фауне 35 сям., больш за 20 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. К. падзяляюць на групы, якія ўключаюць па некалькі сям.: галіцы, гнюс, грыбныя камарыкі, даўганожкі, камары-дзергуны, ці званцы, матыліцы, таўстаножкі і інш.

Найб. вядомыя камар звычайны і малярыйныя камары. На Беларусі каля 40 відаў. Жывуць у вільготных мясцінах.

Даўж. 3—30 мм. Цела і ногі доўгія, тонкія, крылы вузкія, жылкі ў лускавінках. Вусікі доўгія, членістыя (органы нюху). Ротавыя органы колючыя, на ніжняй губе размешчаны колючыя іголкападобныя сківіцы; паміж імі падглотачнік, дзе праходзіць пратока слінных залоз. Дарослыя К. вядуць пераважна паветраны спосаб жыцця. За лета выводзіцца 1 або некалькі пакаленняў.

Літ.:

Жизнь животных. Т. 3. 2 изд. М., 1984.

Камары: 1 — лугавік чатырохплямісты; 2 — даўганожка балотная; 3 — мошка плямістая; 4 — даўганожка лакава-чорная.

т. 7, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМСАМО́ЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Мінскае возера,

штучны вадаём у паўн.-зах. ч. Мінска; месца адпачынку гараджан. Створана ў 1941. Уваходзіць у Вілейска-Мінскую водную сістэму. Пл. 0,42 км², даўж. 2,2 км (ад моста на вул. Арлоўскай да створу плаціны), найб. шыр. 350 м, найб. глыб. 4,6 м. Аб’ём вады 0,66 млн. м³. Чаша возера — затопленая пойма р. Свіслач. Берагі супясчаныя. Дно пераважна пясчанае, часткова галечнае і глеістае, у 1974 паглыблена. 11 астравоў (агульная пл. каля 0,06 км²). Сцёк у малаводны год з перакідам вады з Вілейскага вадасх. забяспечвае добрую праточнасць возера. Гадавая амплітуда вагання ўзроўню вады 0,5—0,7 м. Замярзае ў пач. снеж., крыгалом у пач. красавіка. На левым беразе выратавальная станцыя, спарт. комплекс «Дынама», Палац «Юнацтва», на правым — выставачны павільён Міжнар. гандл. палаты.

Ф.​М.​Ашэраў.

Камсамольскае возера.

т. 7, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНСТАНЦІ́Н I, Канстанцін Вялікі,

Флавій Валерый (Flavius Valerius Constantinus Magnus; 27.2.272?, г. Наіс, цяпер г. Ніш, Сербія — 22.5.337), старажытнарымскі імператар [306—337], Пасля смерці бацькі, Канстанцыя I Хлора, абвешчаны брыт. легіёнамі аўгустам. У 312 перамог свайго саперніка Максенцыя і заняў Рым. У 313 разам з Ліцыніем выдаў Міланскі эдыкт, які ўраўноўваў хрысціянства ў правах з язычніцкімі культамі. У 324 разбіў Ліцынія і пачаў правіць аднаасобна. Ажыццявіў паслядоўную цэнтралізацыю дзярж. апарата, ваен. і адм. рэформы, пачатыя імператарамі Галіенам і Дыяклетыянам. Пры К. палепшылася становішча гарадоў, стабілізавана манета, адбіты націск варвараў (332). Спрыяў пашырэнню хрысціянства, у 325 склікаў у г. Нікея 1-ы экуменічны сабор (гл. Экуменізм). Перанёс сталіцу імперыі ў Канстанцінопаль (330).

Літ.:

Федорова Е.В. Люди императорского Рима. М., 1990. С. 261—268.

Канстанцін I. Фрагмент статуі. Каля 330.

т. 7, с. 593

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КАНЦЭ́РТ»,

умоўная назва аперацыі партызан па разбурэнні чыг. камунікацый на тэр. Беларусі ў Вял. Айч. вайну з мэтай сарваць перавозкі ням.-фаш. войск у час наступлення Чырв. Арміі, другі этап аперацыі «рэйкавая вайна». Праводзілася з 19 вер. да пач. ліст. 1943. За час аперацыі падарвана каля 150 тыс. рэек, у т. л. больш за 90 тыс. на тэр. Беларусі. Бел. партызаны пусцілі пад адхон 1041 варожы цягнік, вывелі са строю 807 паравозаў, 6360 вагонаў-платформ і цыстэрнаў, узарвалі 72 чыг. масты, знішчылі больш за 400 км тэлеф.-тэлегр. ліній і інш. Прапускная здольнасць чыгунак была зніжана на 40%. Аперацыя «К.» была вял. дапамогай у ажыццяўленні наступальных аперацый сав. войск у 1943.

У.​І.​Лемяшонак.

Да арт. «Канцэрт». Варожы эшалон, скінуты пад адхон партызанамі. Дзятлаўскі раён. 1943.

т. 8, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НЫ (Canne; лац. Cannae),

старажытнае паселішча ў Паўд.-Усх. Італіі (вобл. Апулія) на р. Офанта, каля якога 2.8.216 да н. э. ў 2-ю Пунічную вайну адбылася бітва паміж рым. арміяй пад камандаваннем консула Тэрэнцыя Варона (80 тыс. пяхоты і 6 тыс. конніцы) і карфагенскай арміяй на чале з Ганібалам (40 тыс. пяхоты і 10 тыс. конніцы). У ходзе бітвы рым. армія пацясніла цэнтр карфагенскага войска, аднак конніца Ганібала разбіла на флангах рым. конніцу і ўдарыла з тылу, а карфагенская адборная пяхота акружыла рым. войскі з флангаў. Рымляне пацярпелі паражэнне (загінула 48 тыс. рым. воінаў, 6 тыс. карфагенян). Пасля бітвы многія італійскія і сіцылійскія гарады перайшлі на бок Ганібала. Бітва пры К. увайшла ў гісторыю як выдатны прыклад ваен. майстэрства, яе апісаў стараж.-рым. гісторык Ціт Лівій.

т. 8, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)