Галка1 ’птушка’ (БРС, Касп., Нас., Бяльк.), таксама га́ліца ’тс’ (Нас., Шатал.), галі́ца (Бяльк.). Формы з суфіксам ‑к(а) толькі ўсх.-слав., і ў гэтым сэнсе мае рацыю Шанскі (1, Г, 16), прыводзячы ст.-рус. галъка, рус. га́лка, укр. га́лка, бел. га́лка ’тс’. Але паралельна з гэтым ёсць усх.-слав. рус. га́лица, бел. га́лі́ца, укр. га́лиця ’галка’, і такія формы адзначаюцца і ў іншых слав. мовах (балг. га́лица, серб.-харв. галица). У аснове ляжыць прасл. *galъ ’чорны’ (параўн. серб.-харв. гао). Іншая версія: уся група слоў утворана ад гукапераймальнага *gal‑. Гл. Фасмер, 1, 388–389.

Га́лка2 ’шарык, галушка’ (БРС, Нас., Сцяшк. МГ). Гэта слова, магчыма, мае дачыненне да групы слоў, якія Фасмер (1, 388) разглядае пад га́лка2, адносячы сюды рус. га́лка ’шкляны шар’, галу́шка, укр. га́лка, галу́шка, бел. га́лы ’вочы; ягадзіцы’, славен. gâłka ’чарнільны арэшак’, славац. hálka ’шарык; вярхушка вежы’, польск. gałka ’шар, набалдашнік’, gały ’вочы’, і якія быццам узяты з с.-в.-ням. Galle (< лац. galla). Фасмер мяркуе, што вывядзенне ўсёй гэтай групы слав. слоў з ням. крыніцы выклікае сумненне з прычыны разнастайнасці значэнняў слав. лексем і што, прынамсі, для часткі з іх трэба ставіць пытанне аб іх спрадвечна слав. паходжанні. Ст.-бел. кгалка, галка ’прадмет круглай формы’ запазычана непасрэдна з польск. мовы ў XVI ст. Гл. Булыка, Запазыч., 147. Аб запазычанні сведчыць выбухное г (кг) у гэтым слове.

Га́лка3 ’месца паміж кустамі, дзе расце трава’ (Яшкін). Гл. га́ліна2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Га́мзаць ’паволі есці, жаваць’ (Нас.). Зыходным значэннем для гэтай групы слоў (якая ўваходзіць да вельмі разгалінаванага семантычна сямейства з асновай *gъmъz‑ у слав. мовах) з’яўляецца ’рабіць паволі, капашыцца і да т. п.’ Семантыка ’есці, жаваць паволі’ — гэта канкрэтызацыя больш агульнага значэння Далей сюды адносяцца гамзіць ’есці, уплятаць’ (Нас.), гамзі́ць ’рабіць неакуратна’ (Бяльк.). Аб іншых словах, якія адносяцца да *gъmъz‑, гл. гамза́ць1, гамза́ць2, гамзе́ць. Да га́мзаць адносіцца і ўкр. го́мзатися ’варочацца, капашыцца’ (Грынч.), рус. гомзи́ть ’кішэць’, гомози́ть ’мітусіцца’. Аб гэтым вялікім сямействе слав. слоў гл. у Фасмера (1, 435: пад гомоза́, гомза́ть) і асабліва ў Слаўскага, 1, 277–278. Вельмі падрабязны агляд гл. Трубачоў, Эт. сл., 193–195.

Гамза́ць1 ’біць штуршкамі, калаціць’ (Нас.), гамзі́ць ’ціскаць каленямі або біць кулакамі’ (Нас.). Да вялікага сямейства слоў, якія разгледжаны пад ге́мзаць, гамзе́ль, гамзе́ць, гамзі́ць (гл.). Бел. словы гамзі́ць ’біць, есці’ і гамзі́ць ’рабіць неакуратна’. Трубачоў (Эт. сл., 7, 194–195) пад праформай *gъmъziti () разглядае з іншымі словамі з розных слав. моў, не высвятляючы развіцця семантыкі ў бел. лексемах. Магчыма, ’капашыцца’ ← *’капашыцца, турбаваць’ ← ’турбаваць, біць’ ← ’біць’.

Гамза́ць2 ’гнусавіць’ (БРС, Шат., Касп.). Параўн. вытворныя: гамза́ты ’той, што гаворыць у нос’ (Шат., Касп., Бяльк.), гамзу́н ’тс’ (Шат., Касп.), гамза́тка ’жанчына, што гаворыць у нос’ (Бяльк.), гамзаце́ль, гамзаце́нь ’гамзаты’ (Бяльк.). Бясспрэчна, гэта слова адносіцца да прасл. *gъmъz‑, г. зн. да вялікай групы слоў, разгледжаных пад га́мзаць, гамзе́ль, гамза́ць, гамзі́ць і г. д. Але развіццё семантыкі растлумачыць не вельмі лёгка.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Адлі́га (Касп., Нас., КТС, БРС, Гарэц., Мат. АС Грод.), адліг, атліг (Бяльк.), отлʼига (КСТ), адлега ’адліга, аблягчэнне’ (Гарэц., Янк. I, Бір., КТС, Бяльк., Касп., Шат., КЭС), атлега (Мядзв.), одлыга (Клім.). Укр. відліга, відлега, відліж, польск. odliga, odliż, odelga. Зыходзячы з мяркуемай генетычнай сувязі прасл. lьga, lьzě (гл. льга, лёгкі) і польск. zima lga ’лёгкая зіма’, dziś je lgo ’сёння не замерзла’ (Зубаты, Studie, 1, 1, 61), можна думаць аб адзіным паходжанні слоў адліга, адлега і лёгкі (гл. Рудніцкі, 415). Але лінгвагеаграфія сведчыць хутчэй на карысць балтыйскага паходжання ці ўплыву. Асабліва паказальная польская тэрыторыя (гл. Купішэўскі, Słown., карта 12), дзе пры дамінацыі odwilż на краях арэала сустракаюцца таксама odliga, otliga, odliż і odelga. Іншыя славянскія тэрыторыі не ведаюць гэтага слова. Што датычыць балтыйскага арэала, то ў літоўскай мове маем шэраг слоў, магчыма, семантычна кантамінаваных: atlésti ’адпускаць’ — ãtlydis, àtlyda ’адліга’, atlýžti ’змякчыцца, адыйсці’ — àtlyža ’адліга’, atlė́gti ’адпусціць’ — àtlėga ’адліга’. Усе яны этымалагічна не звязаныя, але ствараюць адзінае семантычнае поле, узмоцненае марфолага-акцэнтуацыйным падабенствам. У якасці непасрэднай крыніцы запазычання можна спаслацца на літ. atlė́gti ’адпусціць (аб марозе)’ і àtlėga ’адліга’. Параўн. марос атлʼох (Бір. дыс.) і літ. šal̃tis atlė́go. Тады варыянт адлега — першасны, варыянт адліга ўзнік на яго аснове. Параўн. усх.-палес. одлʼегаць ’вымакаць’ і одліглы ’вымаклы’ (КСТ). Магчыма, варыянт адліга ўзнік пад уплывам дзеяслова ліць. Так, Свобада (Зб. Унбегаўну, 246) параўноўвае адліга з абліваха (гл.). Генетычная сувязь, аднак, тут выключана (гл. Мартынаў, SlW, 66–67).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Апрата́ць (БРС), апра́тваць (Сцяц.), апря́тывыць, ‑цца (Бяльк.), апра́та́цца (Сцяшк.); апра́таць, ‑ацца, ‑ваць ’агледзець, памыць (дзіця, сябе, хворага, нябожчыка)’ (Янк. II); апратка (Яруш., Гарэц., Др.-Падб., Сцяшк., Жд.), опратка (Клім.), вопратка (БРС). Рус. дыял. опрятывать(ся) ’прыбіраць, прыводзіць у парадак; памыць, вычасаць, апрануць; пахаваць нябожчыка, абмыць, адзець яго’, рус. опрятный ’ахайны’ (аб яго паходжанні Булахоўскі, Труды ИРЯ, 1, 180–181; Львоў, РР, 1968, 3, 66), укр. опрятувати, опратувати, прятати, опратати ’прыбраць; апрануцца ў прыгожае адзенне’; прятати ’ўбіраць, хаваць нябожчыка’; апратний ’ёмкі’ (Паламарчук, ЛБ, 6), польск. oprzątač ’убіраць, у прыватнасці наглядаць за дамашняй жывёлай’, sprzątać ’прыбіраць, убіраць’, славац. spratať ’убіраць, хаваць; есці’, spratný ’ёмкі; уступчывы (пра чалавека)’, балг. опретвам ’пачынаю працу, рыхтуюся да працы’, за̀претвам ’пачынаю працу, закасваю рукавы’, серб.-харв. за̀претати ’засыпаць вуголле попелам’, магчыма (паводле Праабражэнскага, Фасмера), славен. spréten ’спрытны, лоўкі’, ст.-бел. опрятка (Анічэнка, Праблемы філал., 11), опратали ’абмылі’ (1562, Карскі, Труды, 206). Ст.-рус. опрятати ’ўбраць, укрыць; падрыхтаваць нябожчыка да пахавання’, опрятатися ’прыбраць сябе, падрыхтавацца да смерці’, ст.-слав. пратѧти ’ўціскаць, стрымліваць’. Апратаць ад *pręt(ati) ’хаваць’ (// *prǫt‑) з развіццём значэнняў: ’пакрываць’ > ’апранаць’ > ’чапурыцца’ ці ’хаваць непатрэбныя рэчы’ > ’убіраць’ > ’мыць’; ’хаваць нябожчыка’ > ’рыхтаваць да пахавання’ > ’мыць’. Гэтыя значэнні ў сваім развіцці перакрыжоўваліся. Беларуская мова найбольш развіла ў словах вопратка (апратка), апратаць значэнні ’адзець’, што дае пэўную падставу для сцвярджэнняў аб «уласнабеларускім» характары згаданых слоў (адпаведныя рускія і ўкраінскія факты пашыраны найбольш на тэрыторыі, блізкай да Беларусі). Супрун, Веснік БДУ, 1971, 2, 62–64. Гл. апранаць1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Како́шка1, kakóška ’курыца’ (Федар., 6). Дэрыват яд прасл. kokǒsь, якое рэканструюе на базе ўкр. кокош ’певень’, рус. кокошь ’курыца’, польск. kokosz ’тс’, в.-луж., н.-луж. kokoš ’тс’, чэш., славац. kokoš ’певень’, славен. kokoš, серб.-харв. ко̏кош, балг. кокош ’курыца’. Прасл. лексема ўтворана суфіксам ošь ад той жа самай асновы, што і kokotъ (гл. кокат), гукапераймальнага паходжання. Параўн. лац. coco‑coco аб спеве пеўня, франц. coq ’певень’, англ. cock і інш. Што датычыцца функцыі суфікса, параўн. меркаванні Слаўскага, 2, 338, які параўноўвае ‑ošь з суф. ‑uša (рус. квакуша ’жаба’, балг. крекетуша і інш.). Бел. кантынуант ад гэтай прасл. формы прадстаўлен толькі ў тэрмінах, параўн. какош1, 2. Таксама мае паралелі ў слав. мовах (укр. дыял. кокошка, рус. кокошка ’поўная, круглая жанчына’, відавочны другасны перанос), польск. kokoszka, в.-луж., н.-луж. kokoška, славен. kokôška, серб.-харв. ко̀кошка, макед. кокошка, балг. кокошка сведчаць аб праславянскім яе характары, хоць рэгулярны характар памянш. суфікса дапускае і незалежнае ўтварэнне гэтых лексем у асобных мовах.

Како́шка2 ’?’ (Федар., 6, 8: «Дзве какошкі, дзве какошкі Да мліна насіць»). Значэнне няяснае, аднак фармальная сувязь з даўняй назвай курыцы відавочная. Этымалогія kokośь пад какошка1.

Како́шка3 ’своеасаблівы кранштэйн для пашырэння лаўкі, каб на ёй можна было паслаць пасцель’ (стаўб., З нар. сл.). Відаць, суадносіны з тэрмінам какош2 (гл.); рэаліі, відавочна, падобныя, аднак назва какош пашырана значна больш, ёсць і адпаведнікі за межамі бел. мовы для гэтага слова. Таму какошка3 разглядаецца як другаснае.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Се́ні, се́нцы ‘памяшканне паміж жылой часткай дома і ганкам у вясковых хатах’ (ТСБМ, Касп., Др.-Падб., Сцяшк., Маш., ПСл, ЛА, 4; Тарн., Бес., Сл. ПЗБ), се́нцы ‘тс’ (Нас., Шат., Бяльк., Варл.), се́нкі ‘тс’ (Нас.), сенькі ‘тс’ (Сл. ПЗБ), дыял. ‘прылазнік’ (шальч., Сл. ПЗБ), ‘частка сушні, дзе мыюць лён’ (Сцяшк.). Укр. сі́ни, рус. се́ни, се́нцы ‘сені’, ст.-рус. сѣни, польск. sień ‘зала’, ‘пярэдняя’, в.-луж., н.-луж. seń ‘сень’, чэш. síň ‘пярэдняя, зала’, славац. sieň ‘зала’, серб.-харв. сје̏н ‘цень’, славен. sẹ̑nca ‘тс’, балг. ся́нка ‘цень; здань’, макед. сенка ‘цень’, ст.-слав. сѣнь ‘засень’, ‘памяшканне’. Прасл. *sěnь ‘цень’, ‘памяшканне’. Далей звязана з укр. ся́ти, ся́яти, рус. сия́ть ‘свяціцца’ (Фасмер, 3, 602; Сной₁, 561), гл. ззяць. Інакш Махэк₂ (543), які звязвае з і.-е. коранем *k​sei‑ < *k​soi‑n‑, як і ў слав. *sedlo (гл. сяло), г. зн. ‘селішча, месца знаходжання’, потым ‘вялікі пакой, у якім збіралася вялікая радавая сям’я’. Бліжэйшыя адпаведнікі ў лат. sajs ‘цень’, гоц. skeinan ‘ззяць, свяціць, блішчэць’, грэч. σκοιός ‘цяністы’, ст.-інд. chāyā ‘цень, бляск, адлюстраванне’; гл. Траўтман, 304; Персан, Beitr., 700. Брукнер (489) мяркуе аб сувязі з цень і сцяна; аналагічна Фурлан (гл. Бязлай, 3, 227), Борысь (546), якія параўноўваюць з літ. síena ‘сцяна, мур, мяжа’ ад і.-е. кораня *sej‑ ‘звязваць’. Аб праблемах адносін значэнняў ‘цень’ і ‘памяшканне’ гл. падрабязна LSJSt, 13, 805–806 (разглядаюцца як аманімічныя *sěnь1 і ‘цень і *sěnь2 ‘пакой, памяшканне’ ў выніку разыходжання першаснага значэння ‘цень, будан, альтанка і пад.’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцяць1 ’ссячы, зрэзаць’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Касп., Шат., ТС, Сл. ПЗБ; зах., ЛА, 5; Варл., Сцяшк.). Мяркулава (Этимология–1975, 62–63) мяркуе, што сцяць1 мае агульнае паходжанне са сцяць2, але гэты дзеяслоў больш позні без індаеўрапейскіх паралеляў; развіццё значэння ’цягнуць’ → ’біць, удараць’ → ’сячы’; далей гл. цяць.

Сцяць2 ’абхапіўшы сціснуць’, ’сціснуць (грудзі, горла), перашкаджаючы дыхаць’, ’шчыльна злучыць (губы, зубы, пальцы і пад.)’ (ТСБМ), ’злучыць, сціснуць’ (Байк. і Некр., Варл., Шат., ТС; палес., ЛА, 5), ’ударыць’ (зах., цэнтр., ЛА, 5), сця́цца ’пакрыцца тонкім лёдам, замерзнуць’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк.; ашм., Стан.; ЛА, 5), ’пасварыцца, пацапацца’ (Сл. ПЗБ), сціна́ць ’перахопліваць дыханне’ (Гарэц.), ’шчыльна змыкаць, сціскаць, сашчамляць’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ), сціна́цца ’пакрывацца тонкім лёдам’ (Сл. ПЗБ, Варл., Сцяц. Сл.), ’дрыжаць’ (ЛА, 5), ’сварыцца або біцца’ (Нас.), ’замярзаць’, ’туляцца, хавацца’ (Бяльк.), сці́нка ’схватка, сутычка’ (Нас.). Укр. стина́ти ’сціскаць (зубы)’, стина́тися ’пачаць спрэчку, бойку, схапіцца’, дыял. ’згусаць, ссядацца (пра малако)’, стараж.-рус. сътѧтисѧ ’згусціцца’, польск. ścięta (krew) ’згуслая (кроў)’, славен. stéti se ’згуснуць (аб крыві)’. Прасл. *sъtęti (), *stinati () ’сцягвацца’, ’гуснуць, рабіцца больш шчыльным’ да і.-е. *ten‑ ’цягнуць, нацягваць’, ’рабіць больш густым (аб малацэ, вадзе, паветры)’. Буга (Rinkt., 2, 318) прыводзіць у якасці паралелі літ. tẽna, tenėti ’згусаць, застываць, гусцець’; параўн. сцягнуць, цягнуць. Гл. Мяркулава, Этимология–1975, 52 і наст.; ЕСУМ, 5, 485. Параўн. яшчэ сціна́цца ’плакаць, аж выпроствацца’ і сціга́цца ’крычаць, аж выпроствацца’ (Бяльк.), сцяна́цца, сцяга́цца ’роспачна плакаць’ (Юрч. Сін.), а таксама серб.-харв. сте́гнути зубе ’сцяць зубы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

вы́ехаць, ‑еду, ‑едзеш, ‑едзе; ‑едзем, ‑едзеце, ‑едуць; зак.

1. Паехаць, адправіцца куды‑н., за межы чаго‑н. Выехаць у поле. □ Праз гадзіну абоз выехаў з карчомнай стадолы ў дарогу. Чорны. Фурман зняў клункі, куфэрак, развітаўся і выехаў з двара. Пальчэўскі. // Пакінуць сталае ці часовае месца жыхарства; перасяліцца. [Міхал:] — Тварыцкая тут жыве? — Не, — адказаў чалавек, — яна раней тут жыла, цяпер.. зусім выехала. Чорны. Вера з дзецьмі пабыла ў Карніцкіх дзён тры і выехала ў Свярдлоўск, дзе жыла яе родная сястра. Паслядовіч.

2. Едучы, паявіцца дзе‑н., прыехаць. Конь бег шпарка і мы неўзабаве выехалі на лясную паляну. Мурашка.

3. Разм. Плаўна вываліцца, выпасці. Пакет выехаў з рук. □ Заскрэбла аб камень дошка, што выехала з варотцаў. Пташнікаў.

4. перан. Разм. Выкарыстаць якія‑н. акалічнасці, прыёмы ў асабістых мэтах. — Дык вось і я ў гэтай байцы Таксама выеду на зайцы. Корбан.

•••

Выехаць на чужой шыі (спіне і г. д.) — нядобрасумленным спосабам выйсці з цяжкага становішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́падак, ‑дку, м.

1. Тое, што здарылася, здарэнне; факт, з’ява. Выпадак з жыцця. □ З гэтым лесам было звязана ў мяне многа апавяданняў аб страхах і розных выпадках. Колас.

2. Пэўныя абставіны, стан рэчаў. [Ліда] ведала: у такіх выпадках самае галоўнае адбываецца ў першы момант. Пальчэўскі.

3. Зручны момант. Выпадак падвярнуўся сам і вельмі хутка. Васілевіч.

4. толькі адз. Тое, што не абумоўлена прычыннай залежнасцю; выпадковасць. Словам, тым самым шляхам выпадку, праз дзесяткі салдацкіх рук і торбаў, прыйшла да нас і Коласава паэма. Брыль.

•••

Ва ўсякім выпадку — пры любых абставінах.

З выпадку чаго — з прычыны якіх‑н. падзей, абставін.

На першы выпадак — для пачатку, для першага разу.

На ўсякі выпадак — на выпадак, калі спатрэбіцца.

Ні ў якім выпадку — ніколі, ні пры якіх умовах, ні за што.

У крайнім выпадку — калі не будзе іншага выхаду.

У лепшым выпадку — пры самых спрыяльных абставінах.

У тым выпадку, калі... — калі здарыцца так, што...

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кішэ́нь і кішэ́ня, ‑і, ж.

1. Частка адзення (штаноў, паліто, пінжака) у форме прышытага або ўшытага мяшочка для дробных рэчаў і грошай. Бакавая кішэнь. Нагрудная кішэнь. □ Кавалёва задумалася, дастала з кішэні паліто некалькі зярнят грэчкі і, разглядаючы, перагортвала іх на далоні. Дуброўскі.

2. перан. Разм. Дабрабыт, багацце, грошы. Проста дзіва, як «клапоцяцца» рускія міністры аб кішэні [паноў] фабрыкантаў! Ленін. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека. Маўр.

3. Асобнае аддзяленне ў партфелі, чамадане і пад.

4. Спец. Пра паглыбленне, выемку ў чым‑н. Кішэнь раны. Кішэнь тоўстай кішкі.

•••

Біць па кішэні гл. біць.

Вецер гуляе ў кішэні гл. вецер.

За словам (па слова) у кішэнь не лазіць гл. лазіць.

Класці (сабе) у кішэню гл. класці.

Набіць кішэнь гл. набіць.

Не па кішэні каму — занадта дорага для каго‑н.

Пустыя кішэні ў каго — пра беднага чалавека.

Тоўстыя кішэні ў каго — пра багатага чалавека.

Трэсці (калаціць) кішэні гл. трэсці.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)