Вядома з 2-й пал. 15 ст. У першых друкаваных царк. кнігах тэкст песнапенняў набіралі, а ноты ўпісвалі ад рукі. Пазней друкавалі і нотныя лініі, упісвалі толькі ноты. Часам друкавалі ноты з тэкстам, а лініі прачэрчвалі ад рукі. Так друкаваліся творы, запісаныя харальнай (зрэдку і неўменнай) натацыяй (гл.Нотнае пісьмо). Нотныя шрыфты з квадратнымі нотамі для харальнай натацыі, дзе ноты друкавалі чорным колерам на чырвоных лініях, увёў У.Хан («Рымская меса», 1476, Рым). Старэйшае выданне з мензуральнай натацыяй — «Кароткая граматыка» Ф.Нігера (1480, Венецыя). Да 17 ст. адным са спосабаў была гравіроўка на дрэве (ксілаграфія), пры якой нотныя прыклады выраблялі ў выглядзе гравюр па прынцыпу высокага друку («Рымскія месы» О.Скота, 1481, 1482, Венецыя). У 1498 А.Петручы вынайшаў рухомыя метал. шрыфты, удасканаліў метад Хана і выкарыстаў для друкавання мензуральнай натацыі. У 1528 франц. друкар П.Атэньян выкарыстаў вынайдзены, верагодна, П.Атэнам друк, калі адразу друкавалася нота і невял. частка 5-лінейнага нотнага стану, што давала магчымасць набіраць і шматгалосую музыку. У 1754 І.Брайткопф (Лейпцыг) вынайшаў наборны спосаб, дзе кожны нотны знак складаўся з 3 частак (галоўкі, штылю і вязкі), што дазволіла ўзнаўляць любыя акорды. З ускладненнем муз. фактуры ў 18 ст. выкарыстоўвалі спосаб гравіроўкі на медзі па прынцыпу глыбокага друку (упершыню выкарыстаў С.Веровіо ў выданні «Духоўная асалода», 1586, Рым). Да канца 18 ст. ноты друкавалі непасрэдна з метал. дошак. З вынаходніцтвам літаграфіі (1796) з кожнай дошкі сталі рабіць адбітак для пераносу на літаграфскі камень або на метал. формы для плоскага друку. У Расіі маскоўскі арганіст 17 ст. С.Гутоўскі надрукаваў ноты з гравіраваных медных дошак. У 1766 С.Бышкоўскі распрацаваў дасканалы шрыфт, якім надрукаваны богаслужэбныя нотныя кнігі «Ірмалог», «Актоіх», «Абіход», «Святы» (1770—72). Свецкія муз. творы да 1770-х г. друкавалі спосабам гравіроўкі на медзі або наборным шрыфтам Брайткопфа. Літаграфскі спосаб упершыню ў Расіі выкарыстаў І.Дабравольскі для выдання «Азиатского музыкального журнала» (1816—18, Астрахань).
На Беларусі Н. вядома з сярэдзіны 16 ст. Ноты друкаваліся ў Брэсце (1553), Нясвіжы (1561), Заблудаве (1568), Лоску (1574), Слуцку (1580), Цяпіне (каля 1580), Вільні (канец 16—1-я чвэрць 18 ст.), Куцейне, Буйнічах, Магілёве (1630-я г.), Супраслі (першае ноталінейнае выданне — «Паследаванне пострыгу», 1697). У 17 ст. ўзор новага нотнага запісу — «Псалтыр» Яна Гуса — распаўсюджвалі брацкія друкарні. Першы друкаваны нотны зборнік на Беларусі і адзін з найб. ранніх у Еўропе — «Брэсцкі канцыянал» («Песні хвал боскіх», 1558) Яна Зарэмбы. У канцы 16 — пач. 17 ст. надрукаваны шэраг інш. падобных зборнікаў (гл.Канцыяналы). У 17—19 ст. друкаваліся віленскія, гродзенскія, жыровіцкія, супрасльскія, холмскія «Багагласнікі», канты, псальмы, ірмалагіёны. У 1850 — пач. 1860-х г. А.Валіцкі літаграфскім спосабам выдаваў у Мінску свецкія муз. творы бел. кампазітараў-рамантыкаў, у т. л. паланэзы і мазуркі К.Марцінкевіч, Ф.Міладоўскага, яго ж зб. «Польскія песні» і інш.
Існуюць розныя спосабы вырабу друкаваных форм для Н.: гравіраванне на свінцовых дошках, набор спец. знакамі, фотамех. спосабы рэпрадукцыі, ксеракапіраванне і інш. Нотныя арыгіналы часцей пішуцца ад рукі. Для іх падрыхтоўкі выкарыстоўваюць таксама спосабы гравіроўкі, штампоўкі, пераносу нотных знакаў на нотную паперу паводле прынцыпу пераводных карцінак, нота- і фотанаборам. Друкуюцца нотныя выданні на афсетных машынах і машынах высокага друку.
Літ.:
Кунин М.Е. Нотопечатание: Очерки. 2 изд. М., 1966;
Иванов Г.К. Нотоиздательское дело в России: Ист. справка. М., 1970;
Костюковец Л.Ф. Кантовая культура в Белоруссии. Мн., 1975.
Л.П.Касцюкавец.
Даарт.Нотадрукаванне. Тытульныя лісты зборніка «Польскія песні» і «Паланэза» Ф.Міладоўскага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́РЫХ (сапр.Рорых) Мікалай Канстанцінавіч
(9.10.1874, С.-Пецярбург — 13.12.1947),
расійскі жывапісец, мысліцель, пісьменнік, археолаг, вандроўнік, грамадскі дзеяч. Акад. Пецярбургскай АМ (з 1909). Правадз.чл. шматлікіх замежных акадэмій. Скончыў Пецярбургскую АМ (1897), юрыд.ф-т Пецярбургскага ун-та (1898), вучыўся ў А.Куінджы, у студыі Ф.Кармона ў Парыжы (1900—01). Зазнаў уплывы мадэрна, сімвалізму, візант. і стараж.-рус. мастацтва. Чл. аб’яднання «Свет мастацтва» (у 1910—19 старшыня). Сакратар імператарскага Т-ва заахвочвання мастакоў (з 1901) і дырэктар Рысавальнай школы пры ім (1906—18). Ініцыятар і арганізатар першага ў гісторыі міжнар. дагавору ў абарону культ. помнікаў (Сцяг Міру і Пакт Рэрыха, 1935). З 1918 жыў і працаваў у Фінляндыі, з 1919 у Лондане, з 1920 у Нью-Йорку, з 1924 у Індыі. З А.Рэрых сцвярджаў Вучэнне Жывой Этыкі. У творчасці імкнуўся да раскрыцця новага разумення культуры, якую ён разглядаў як служэнне Адзінаму Святлу. У 1924—28 і 1934—35 ажыццявіў Цэнтральнаазіяцкую экспедыцыю і экспедыцыю ў Кітай і Манголію. На аснове сабраных матэрыялаў заснаваў (з жонкай) Ін-т гімалайскіх даследаванняў («Урусваці», 1928—42). З канца 1890-х г. пад уплывам заняткаў археалогіяй і цікавасці даслав. і скандынаўскай гісторыі пісаў гіст. сюжэтна-дакладныя кампазіцыі: «Ганец» (1897), «Заморскія госці» (1901), «Горад будуюць» (1902), «Дазор» (1905), «Бой» (1906); цыкл «Архітэктурная серыя» (1903—04) і інш. З 1910-х г. у яго творчасці пераважалі пейзажныя матывы, творы вызначаліся напружанай эмацыянальнасцю вобразаў, лапідарнасцю выяўл. сродкаў, плоскаснай арнаментальнасцю і дэкар. стылізацыяй кампазіцыі, дакладнасцю і контурнасцю малюнка, павышанай увагай да перадачы светлавых эфектаў, кантрастнасцю лакальных колеравых плям. Пазней імкнуўся да пераасэнсавання гіст. падзей у іх сімвалічнай сугучнасці з сучаснасцю, выяўлення іх як ланцуга сусв. катаклізмаў, эпізодаў адзінай касм. эвалюцыі: серыі «Прарочая» (1912—14), «Санкта» (1922); творы «Тры радасці» (1916), «Чырвоныя коні» (1925) і інш. З 2-й пал. 1920-х г. ствараў пераважна серыі пейзажаў Гімалаяў, Тыбета, Манголіі, сімвалічныя кампазіцыі. Творы адметныя эпічнасцю, велічнасцю і рамант. прыўзнятасцю вобразаў, абвостранай яснасцю форм. Каларыт карцін вылучаецца чысцінёй, празрыстасцю і багаццем колеравых суадносін у спалучэнні з сілай і глыбінёй тонаў. Лічыў, што менавіта гарманічнае супастаўленне колеру і тону ў спалучэнні з прыгажосцю і веліччу думкі найб. уздзейнічае на гледача: серыі «Гімалайская», «Настаўнікі Усходу», «Святыя горы», «Ашрамы», «Сікім», «Майтрэя»; кампазіцыі «Гуга Чохан» (1931), «Мадонна Арыфлама» (1932), «Знакі Гэсера» (1940), «Гімалаі. Нанда-Дэві» (1941), «Тыбет. Манастыр» (1942), «Памятай» (1945) і інш. Аформіў спектакль «Пер Гюнт» (1912) Г.Ібсена ў Маскоўскім маст. т-ры, балет «Вясна свяшчэнная» І.Стравінскага (1913), оперу «Князь Ігар» А.Барадзіна (1914) для «Рускіх сезонаў» С.Дзягілева. Працаваў таксама ў манум.-дэкар. мастацтве: эскізы царк. размалёвак (у т. л. царквы Св. Духа ў Талашкіне пад Смаленскам 1914) і мазаік, жывапісных пано і маёлікавых фрызаў у прыватных асабняках.
Тв.:
Врата в будущее. Рига, 1991;
Нерушимое. Рига, 1991;
Твердыня Пламенная. Рига, 1991;
Держава Света. Священный дозор Рига. 1992;
Цветы Мории. Пути Благословения Сердце Азии. Рига, 1992;
Знамя Мира. М., 1995;
Листы дневника. Т. 1—3. М. 1995—96;
Цветы Мории. Мн., 1997;
Письма в Америку, 1923—1947. М., 1998;
Алтай — Гималаи. М., 1999;
Шамбала. Мн. и др., 2000.
Літ.:
Беликов П., Князева В. Рерих. М., 1972;
Н.К.Рерих: Жизнь и творчество: Сб. ст.М., 1978;
Держава Рериха. М., 1994;
Шапошникова Л.В. Великое путешествие: В 3 кн.Кн. 1. М., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЗБУЙНЕ́ННЕ БССР,
тэрмін, які ў сав. гістарыяграфіі азначаў уключэнне ў 1924 і 1926 у склад Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (БССР) тэрыторый з большасцю бел. насельніцтва. У сучаснай бел. гістарыяграфіі выкарыстоўваецца тэрмін «вяртанне ўсходне-беларускіх тэрыторый».
1-е ўзбуйненне БССР. Пасля заканчэння польска-сав. вайны 1919—20 (гл.Савецка-польская вайна 1920) у склад БССР, абвешчанай 31.7.1920, уваходзілі толькі 6 няпоўных паветаў Мінскай губ.: Бабруйскі, Барысаўскі, Мазырскі, Чэрвеньскі, частка Мінскага і Слуцкага. Тэр.БССР складала 52 398 км², на ёй пражывала каля 1,5 млн.чал. Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 Гродзенская, амаль палова Мінскай і бел. паветы Віленскай губ. адышлі да Польшчы. Яшчэ раней, у 1919, ЦК РКП(б) уключыў з ваенна-паліт. меркаванняў у склад РСФСР Магілёўскую і Віцебскую губ. У вер. 1922 кіраўніцтва Беларусі атрымала ад ЦК РКП(б) дазвол на афіц. абмеркаванне ў парт. і сав. органах пытання пра вяртанне ўсх.бел. зямель. У ліст. 1923 ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб перадачы БССР роднасных у бытавых, гасп. і этнічных адносінах паветаў сумежных губерняў. 3.3.1924 Прэзідыум ВЦВК прыняў пастанову «Аб перадачы БССР раёнаў з пераважна беларускім насельніцтвам», паводле якой даБССР адыходзілі са складу Віцебскай губ. па граніцах былога адм.-тэр. падзелу Аршанскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Лепельскі, Полацкі, Сенненскі і Суражскі пав.; са складу Гомельскай губ. — Быхаўскі, Клімавіцкі, Магілёўскі, Рагачоўскі, Чавускі і Чэрыкаўскі пав., Даманавіцкая, Дзярновіцкая, Дудзіцкая (са ст. Калінкавічы), Карпавіцкая, Крукавіцкая (Савіцкая), Мухаедаўская, Нараўлянская вол., часткі Аўцюкоўскай, Юравіцкай, Якімаваслабодскай вал.; са складу Смаленскай губ. — Горацкі пав., Казіміраваслабодская, Старасельская, Шамаўская вол., часткі Аслянскай, Бохацкай і Соенскай вал. Мсціслаўскага пав. з г. Мсціслаў. Для вырашэння арганізац. і паліт. пытанняў, звязаных з У. БССР, было ўтворана Часовае Беларускае бюро ЦК РКП(б). У. БССР аформіў надзвычайны 6-ы Усебел. з’езд Саветаў (13—16.3.1924). У выніку вяртання ўсх. раёнаў тэр.Сав. Беларусі павялічылася больш чым у 2 разы і склала 110 584 км. Колькасць насельніцтва дасягнула 4,2 млн.чал., сярод яго ўласна беларусы складалі 70,4%. Але гэтае ўзбуйненне толькі часткова вырашыла пытанне аб граніцах БССР, бо па-за межамі рэспублікі засталіся значныя бел. тэрыторыі.
2-е ўзбуйненне БССР. У сувязі з тым, што пытанне аб граніцах БССР не было вырашана канчаткова, ЦККП(б)Б у маі 1926 паставіў у ЦКВКП(б) пытанне пра далучэнне даБССР 3 паветаў Віцебскай і астатняй часткі Гомельскай губ. 18.11.1926 Палітбюро ЦКВКП(б) пастанавіла ўключыць у склад Беларусі Гомельскі і Рэчыцкі пав. Гомельскай губ.; 3 паветы б. Віцебскай і 4 паветы б. Чарнігаўскай губ. заставаліся ў складзе РСФСР. 6.12.1926 Прэзідыум ВЦВК прыняў пастанову пра скасаванне Гомельскай губ. і далучэнне Гомельскага і Рэчыцкага пав.даБССР. На падставе гэтай пастановы 8.12.1926 Прэзідыум ЦВКБССР уключыў названыя паветы ў склад Беларусі, перайменаваў іх у акругі, а воласці — у раёны. У выніку 2-га У. БССРтэр.рэспублікі павялічылася яшчэ на 15 727 км, а насельніцтва — на 649 тыс.чал. На пач. 1927 тэр.БССР склала 125 950 км² з насельніцтвам каля 5 млн.чал., 80% з якіх складалі беларусы. Нягледзячы на складаныя ўнутр. і знешнія паліт. абставіны, у якіх адбывалася У. БССР, вяртанне ўсх.-бел. тэрыторый у склад БССР у цэлым значна ўзмацніла эканам. базу Сав. Беларусі, стварыла новыя магчымасці для далейшага гасп. і сац.-культ. развіцця рэспублікі, павялічыла міжнар. аўтарытэт БССР, садзейнічала кансалідацыі бел. нацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАЎЛЯ́НАЕ ДО́ЙЛІДСТВА,
від архітэктуры, якому ўласцівы адзінства буд. матэрыялу (дрэва) і спецыфічных канструкцый; мастацтва ствараць будынкі з дрэва, арганічна спалучаючы вырашэнне функцыянальных, канструкцыйных і маст. задач.
Дрэва — канструкцыйны і аддзелачны матэрыял. Шырока ўжываецца ў буд-ве з-за лёгкасці апрацоўкі, дастатковай мех. трываласці, малой аб’ёмнай вагі, магчымасці ствараць эстэт. выразнасць яго структурнасці, фактуры, колеру. Выкарыстоўваюць розныя драўляныя элементы: бярвенне, брусы, дылі, гонту і інш.Маст. выразнасць у Д.д. дасягаецца спалучэннем і адначасова супрацьпастаўленнем простых геам. форм (у аснове якіх адзіны модуль, роўны даўжыні бервяна ці адзінцы вымярэння), а таксама разьбой. Д.д. — адметная з’ява ў матэр. і маст. культуры многіх народаў. Адзіныя буд. прыёмы вызначаюць архітэктуру практычна ўсіх тыпаў будынкаў (жылых, гаспадарчых, абарончых, грамадскіх, прамысловых і інш.) пры багацці і разнастайнасці агульных вырашэнняў, якія ўлічваюць сац.-эканам., прыродна-кліматычныя ўмовы. З-за параўнальнай недаўгавечнасці драўніны і пажараў не захавалася драўляных збудаванняў стараж. часоў, хоць археал. даследаванні даюць звесткі аб палевых пабудовах эпохі палеаліту, неаліту, бронзавага веку. Найбольш стараж. помнікі Д.д., якія захаваліся, — каркасныя канструкцыі, што складаюцца са стоек, бэлек, раскосаў і агараджальных элементаў храмы ў Кітаі і Японіі (9 ст.), Нарвегіі (12 ст.). Каркасныя канструкцыі, у параўнанні са зрубнымі (гл.Вянковая канструкцыя), даюць магчымасць ствараць больш вольныя кампазіцыі, што фарміруюцца рытмічнымі радамі калон, бэлек, рыгеляў. Каркасная сістэма шырока выкарыстоўваецца ў Акіяніі, Паўд. Амерыцы, Афрыцы, Паўд.-Усх. Азіі. Зрубныя канструкцыі атрымалі пашырэнне ў Еўропе і Канадзе.
На Беларусі драўляныя пабудовы вядомы з эпохі палеаліту. Укапаныя ў зямлю слупы і сохі стваралі аснову сцен і падтрымлівалі дах. З часам з гэтых канструкцый развіліся каркасныя. Як іх варыянт у 16—18 ст. выкарыстоўвалі фахферк («прускі мур»). Прыкладна з 3 ст. атрымліваюць развіццё зрубныя канструкцыі з бярвён (звычайна ў сялянскім буд-ве) ці брусоў (у гар. і манум.). Больш дасканалыя і зручныя, яны сталі найб. пашыранымі. Змены ў сял. буд-ве ішлі павольна, а на манум. Д.д. (пачынаючы з 17 ст.) значна ўплывалі маст. стылі мураванай архітэктуры. Вызначыліся 2 асн. тэндэнцыі развіцця: кансерватыўная, звязаная з мясц. традыцыямі (гл.Народнае дойлідства) і наватарская, арыентаваная на ўкараненне эстэт. канцэпцый стыляў барока, класіцызму з выкарыстаннем форм і прыёмаў, уласцівых мураванай архітэктуры (аркі, скляпенні, карнізы, пілястры, руст, шалёўка і інш.). Асн. тыпы жылых дамоў — 1-, 2-, 3-камерныя і больш складанай планіроўкі, якія будавалі асобна ці разам з інш. пабудовамі ў складзе сядзіб-комплексаў (Паазер’е), сядзіб вянковага (Падняпроўе, Паазер’е, Усх. Палессе) ці пагоннага (Зах. Палессе, Панямонне, цэнтр. Беларусь) тыпаў. У гарадах і мястэчках будавалі дамы з галерэямі на гал. фасадзе (падчэнню) і 2-павярховыя жылыя дамы. Асаблівасці гасп. пабудоў (свіран, лямус, адрына, гумно, хлеў, склеп і інш.) залежалі ад іх прызначэння і заможнасці гаспадаркі. Вытворчыя збудаванні (вятрак, вадзяны млын) характарызуюцца аб’яднаннем у адно цэлае механізма з драўлянымі канструкцыямі будынка. У сярэдневякоўі былі пашыраны драўляныя абарончыя збудаванні гарадоў (Віцебск, Полацк і інш.) і феад. замкаў (Радашковічы, Кобрын, Нясвіж і інш.). З дрэва будавалі ўсе тыпы грамадскіх будынкаў: ратушы (Шарашова, Віцебск, Драгічын), манежы (Клецк), свірны-«магазыны» (Тураў, Любча), тэатры (Слуцк, Нясвіж), гандлёвыя рады (Давыд-Гарадок, Карэлічы), крамы, корчмы, шпіталі, школы і інш. Драўлянымі былі будынкі першых мануфактур (Налібакі, Урэчча, Слуцк).
Драўляныя цэрквы 17—19 ст. падзяляліся на храмы восевай кампазіцыі, у якіх 1, 2, 3 ці больш зрубаў размешчаны па адной падоўжнай восі (Здзітаўская Мікітаўская царква ў Жабінкаўскім р-не, Слуцкая Міхайлаўская царква, Давыд-Гарадоцкая Георгіеўская царква ў Столінскім р-не), і крыжовай, у якіх 4 або 5 зрубаў пастаўлены па 2 узаемна перпендыкулярных восях (Ельская Троіцкая царква, Кажан-Гарадоцкая Мікалаеўская царква ў Лунінецкім р-не, Порплішчанская Спаса-Праабражэнская царква ў Докшыцкім р-не). Зрубы завяршаліся вальмавымі ці 2-схільнымі дахамі, шатрамі, шмат’яруснымі вярхамі, купаламі. Сярод касцёлаў 17—19 ст. вылучаюцца 1- і 3-нефавыя (Дудаўскі касцёл Марыі ў Іўеўскім р-не, Гудагайскі касцёл Маці Божай у Астравецкім р-не, Адэльскі касцёл Ушэсця ў Гродзенскім р-не), з якіх найб. пашыраны былі 3-нефавыя базілікі з 2-вежавым гал. фасадам. Такая аб’ёмна-планіровачная структура ў розных варыянтах спалучалася з традыц. вырашэннямі ў архітэктуры драўляных уніяцкіх цэркваў (Сцяпанкаўская Міхайлаўская царква ў Жабінкаўскім р-не). Вядомы храмы цэнтрычнай кампазіцыі з 4-, 6- або 8-гранным планам, завершаныя шатром ці купалам. Званіцы ў выглядзе шмат’ярусных вежаў звычайна ставілі ў куце храмавага пляца або над галоўнай брамай у агароджы (г.п. Шарашова Пружанскага р-на, в. Чэрск Брэсцкага р-на, в. Лявонпаль Міёрскага р-на). Сінагогі 17—18 ст. рабілі цэнтрычнай кампазіцыі з квадратнай малітоўнай залай, завершанай складаным, часам шмат’ярусным скляпеннем (Гродна, Нароўля, в. Воўпа Ваўкавыскага р-на). У архітэктуры сінагог, як і ў драўляных мячэцях (в. Даўбучкі Смаргонскага р-на, г.п. Іўе), выкарыстоўваліся элементы мясц. грамадскай і жылой архітэктуры: алькежы, галерэі, маст. разьба.
Паляпшэнне якасці драўніны (прасаванне, антысепціраванне, выкарыстанне клею) дазваляе ствараць канструкцыйныя элементы практычна любых памераў і форм. Таму для грамадскіх і прамысл. будынкаў, асабліва з вял. (да 90 м і болей) пралётамі, з дрэва робяць аркі, рамы, абалонкі: крытыя стадыён у Фларыдзе (ЗША), каток у Грэноблі (Францыя), палац спорту ў Архангельску (Расія). На Беларусі клееныя рамы ствараюць аснову канструкцыі склада ў Салігорску, спарт. залаў у Мінску, Гомелі і інш. Дэкаратыўныя якасці драўляных элементаў істотна ўплываюць на стварэнне эфектнага вонкавага выгляду будынкаў і іх інтэр’ераў.
Помнікі бел. Д.д. прадстаўлены ў Археалагічным музеі Бярэсце і Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту.
С.А.Сергачоў.
Даарт.Драўлянае дойлідства. Царква Святога Варфаламея. Сяло Кочы каля г. Хрудзім. Чэхія. 1307.Даарт.Драўлянае дойлідства. Дамы ў вёсцы Рашкопаў. Паўночна-Заходняя Чэхія. Сярэдзіна 19 ст.Даарт.Драўлянае дойлідства. Ільінская царква ў г. Белазерск Валагодскай вобл. (Расія). 1690.Даарт.Драўлянае дойлідства. Кіжы. 18 ст.Даарт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Дуды Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.Даарт.Драўлянае дойлідства. Троіцкая царква ў г. Ельск Гомельскай вобл.Даарт.Драўлянае дойлідства. Касцёл у вёсцы Мяжаны Браслаўскага раёна Віцебскай вобл.Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Даарт.Драўлянае дойлідства. Дом-музей П.Бажова ў г. Сысерць (Расія).Драўлянае дойлідства рускай Поўначы.Даарт.Драўлянае дойлідства. Міхайлаўская царква. Закарпацкая Украіна. 2-я пал. 18 ст.Даарт.Драўлянае дойлідства. Вятрак з вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобл.Даарт.Драўлянае дойлідства. Сінагога. Горад Заблудаў. Польшча. Пач. 17 ст.Даарт.Драўлянае дойлідства. Жылы дом у г. Клімавічы Магілёўскай вобл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕКУЛЯРЫЗА́ЦЫЯ (франц. sécularisation ад позналац. saecularis свецкі),
1) адчужэнне царкоўнай маёмасці на карысць дзяржавы. Праводзілася ў розных краінах свету з мэтай паслаблення эканам. магутнасці і паліт. ролі царквы ў дзяржаве.
На Беларусі ажыццяўлялася ў 18 — пач. 20 ст. У Рас. імперыі ўрад Кацярыны II адабраў у правасл. царквы населеныя маёнткі ў 1760-я г. Аднак на землях Беларусі, далучаных у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай, царызм не рашаўся ісці на абвастрэнне адносін з моцным і ўплывовым каталіцкім клірам, таму тут канфіскацыя маёнткаў у духавенства абмежавалася толькі агульнымі мерамі, што ўжываліся да ўладальнікаў, якія заставаліся за мяжой ці выступілі супраць рас. улады. Канфіскацыі ў 1770—90-я г. закранулі частку царк. маёнткаў (больш за 40 тыс. рэвізскіх душ), што належалі пераважна Віленскаму біскупству. У Рэчы Паспалітай у 1773 быў скасаваны ордэн езуітаў, а яго маёнткі перададзены Адукацыйнай камісіі, якая распрадала іх шляхце. На 1790 у паезуіцкіх маёнтках на тэр.зах. і цэнтр. Беларусі знаходзіліся 644 гарадскія і 7179 сельскіх дымоў. Ва ўсх. Беларусі езуіты захаваліся да высылкі іх з Рас. імперыі паводле ўказа 1820. Палажэннем К-та міністраў і ўказам Сената ад 13.4.1822 35 маёнткаў (9830 рэвізскіх душ), што належалі езуітам, канфіскаваны і замацаваны за казной. Карэнны пералом у адносінах царызму да.царк. маёмасці ў зах. губернях настаў пасля паўстання 1830—31 з мэтай нейтралізацыі шляхецка-каталіцкай апазіцыі. Указам ад 19.7.1832 ад ліквідацыі некамплектных (што не мелі поўнага складу манахаў) рымска-каталіцкіх кляштараў іх маёнткі перададзены ў склад казны. У 1837 на Беларусі былі 93 паманастырскія маёнткі з 10 183 рэвізскімі душамі. У час хваляванняў у Віцебскай і Магілёўскай губ. з-за пераводу уніятаў у праваслаўе (1833 і 1834) у рымска-каталіцкага і уніяцкага духавенства канфіскавана 5 маёнткаў і ўстаноўлена казённае кіраванне яшчэ адным. Паводле 8-й рэвізіі (1834) у пауніяцкіх вёсках налічваліся 2894 рэвізскія душы. 25.12.1841 падпісаны шэраг указаў аб прыёме ў дзярж. маёмасць усіх населеных маёнткаў вышэйшага правасл. і іншавернага духавенства зах. губерняў; 10.5.1843 — аб перадачы ў казну населеных маёнткаў прыходскіх цэркваў; 28.2.1844 — вылучаных па «эксдывізіях» (па рашэнні суда) на ўласнасць каталіцкага духавенства. Такіх падухоўных маёнткаў у 1847 у 5 бел. губернях было 546 і 87 269 рэвізскіх душ сялян; трэцяя частка з іх прыпадала на Віленскую губ.Асн. маса зямельных уладанняў была адабрана ў каталіцкага духавенства, бо правасл. царква мела параўнальна невял. колькасць сялян. Вышэйшае духавенства, незадаволенае пазбаўленнем матэрыяльных сродкаў, рабіла ўсё, каб пакінуць у сваім распараджэнні найб. колькасць зямлі і зацягвала перадачу ў казну асобных маёнткаў. Рэшткі царк. уладанняў секулярызаваны ў выніку Кастр. рэвалюцыі 1917.
2) Працэс выхаду з-пад уплыву рэлігіі і царквы розных сфер грамадскага жыцця (палітыкі, права, культуры, асветы, нац. і сямейна-быт. адносін); адзін з аспектаў агульнага працэсу мадэрнізацыі, звязанага з развіццём навукі і вытв-сці, урбанізацыяй. Адбываецца на ўзроўні індывідуальнай свядомасці, сац. ін-таў і прыводзіць да аслаблення б. грамадскіх сувязей і традыцый. Характарызуецца стратай рэлігіяй ролі адзінай крыніцы каштоўнасцей, ідэалаў і норм, манаполіі на тлумачэнне аб’ектыўнай рэальнасці, аслабленнем уплыву царквы на асобу і дзяржаву. Рысы С. выявіліся ў сярэдневякоўі, асабліва праявіліся ў эпоху Адраджэння, Рэфармацыі, бурж. рэвалюцый. У СССР працэс С. найб. інтэнсіўна працякаў у 1920—30-я г. і звязаны з палітыкай дзяржавы, накіраванай на адлучэнне царквы ад жыцця грамадства. У адпаведнасці з дэкрэтам СНК РСФСР (1918) і пастановай СНКБССР (1922) «Аб аддзяленні царквы ад дзяржавы і школы ад царквы» былі адменены ўсе ранейшыя прывілеі царквы, маёмасць царквы і рэліг. т-ваў абвешчана агульнанароднай, рэліг. арг-цыям забаронена адкрываць ці мець агульнаадук. школы, выкладаць у школах рэліг. вучэнні. З боку дзяржавы вялася актыўная барацьба з рэлігіяй: храмы зачынялі і разбуралі, духавенства цярпела ганенні, царква і рэлігія абвяшчаліся «перажыткам старога». Пэўнае ажыўленне рэліг. жыцця назіралася ў перыяд Вял.Айч. вайны ў сувязі з падтрымкай з боку правасл. і рымска-каталіцкага духавенства барацьбы сав. народа супраць ням.-фаш. акупантаў. У 1990-я г. ў постсав. краінах тэмпы С. істотна знізіліся: рэлігія стала адным з элементаў духоўнай культуры, павялічылася колькасць храмаў, рэліг. арг-цыі сталі ўдзельнікамі міратворчай і дабрачыннай грамадскай дзейнасці. У канцы 20 — пач. 21 ст. працэс С. развіваецца адначасова з працэсам сакралізацыі розных сфер грамадскага жыцця і захоўваннем рэлігіі і царквы як сродкаў падтрымання духоўнасці і захавання традыц. грамадскіх структур.
Літ.:
Яблоков И.Н. Социология религии. М., 1979;
Зинченко А.Л. Реформа государственной деревни и секуляризация церковного землевладения в западных губерниях Российской империи // Исторические записки. М., 1985. Т. 112;
Кублицкая Е.А. Методологические аспекты изучения особенностей секуляризации в условиях перестройки // Проблемы перестройки: социал. аспект. М., 1989;
Сосно В.А. Конфискации церковных имений на Беларуси при включении ее в состав Российской империи // Наш радавод. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 3;
Яго ж. Секуляризация церковных крестьян на Беларуси в 30—40-е гг. XIX в. // Церковь в истории славянских народов. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУДАЎНІЦТВА
У дарэвалюцыйнай Беларусі будаўніцтвам займаліся пераважна прыватныя падрадныя арг-цыі, рабочыя-сезоннікі. Пабудавана шмат прамысл. прадпрыемстваў, пракладзена густая сетка чыгункі. У 1920 для буд. і рамонтных работ пры СНКБССР створаны Камітэт дзярж. збудаванняў. Вялося буд-ва фабрык запалкавай «Дняпро» ў Рэчыцы, швейнай «Кастрычнік» і абутковай у Мінску, пераабсталяванне прадпрыемстваў па здабычы торфу, аднаўленне прадпрыемстваў харчовай і дрэваапрацоўчай прамысловасці. З пачаткам індустрыялізацыі пры Савеце нар. гаспадаркі БССР створана рэсп.буд.арг-цыя «Белдзяржбуд» (1923), якая ў 1926 выканала буд. работ больш чым на 2 млн.руб. У пач. 1-й пяцігодкі ў БССР было 10 падрадных буд. арг-цый, якія выконвалі 25% ад агульнага аб’ёму буд. работ, астатнія — гасп. спосабам. У 1928—32 пабудавана больш за 500 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л.Бел. цеплавая электрастанцыя, Гомельскі з-дс.-г. машынабудавання, Магілёўскі з-д штучнага валакна, Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат, Крычаўскі цэментны з-д, Віцебская швейная ф-ка «Сцяг індустрыялізацыі», Мінская кандытарская ф-ка «Камунарка», 109 электрастанцый, 52 МТС, больш за 600 км чыгункі, 604 тыс.м² жылой плошчы, 27 бальніц, 636 школ, 1284 сельскія крамы. У Мінску ўзведзены Дом урада, Універсітэцкі гарадок, Дом друку.
У працэсе ўдасканальвання структуры кіравання капітальным буд-вам «Белдзяржбуд» рэарганізаваны ў «Белбудаб’яднанне» (з 1930 — «Белдзяржтрэст»), у склад якога ўваходзілі спецыялізаваныя буд. арг-цыі: «Белспецсантэхбуд», «Аддзелбуд», Кантора механізацыі буд. работ; у 1930 створаны «Белкамунбуд», «Мінбуд», «Энергабудмантаж». У 1932 падрадным спосабам выканана 38% усяго аб’ёму будаўніцтва рэспублікі. Павышаўся тэхн. ўзровень буд-ва: у 1923 працавала 2,3 тыс.прафес. будаўнікоў, у 1932—77,5 тыс.чал. У 1933—37 (2-я пяцігодка) капіталаўкладанні склалі 318 млн.руб.: у прамысловасць — 69 млн.руб., у с.-г. — 91, транспарт — 101, жыллёвае буд-ва — 49, аб’екты камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя, нар. адукацыі, культуры і навукі — 48 млн.руб. Рост капітальнага буд-ва патрабаваў рэарганізацыі яго кіраўніцтва, пераходу да буйной буд. індустрыі, пашырэння падраднага спосабу буд-ва. У 1938—1-й пал. 1941 (3-я пяцігодка) капіталаўкладанні ў 1,6 раза перавысілі іх аб’ём за мінулую пяцігодку, у т. л. прам-сці на 13%, транспарту на 39,6%, жыллёвага буд-ва на 69,4%, буд-ва аб’ектаў сац.-культ. сферы ў 3,7, гандлю і грамадскага харчавання ў 3,2 раза. За гады даваенных пяцігодак у рэспубліцы створана ўласная буйная прамысловасць, карэнна рэканструяваны дзеючыя і пабудаваны новыя прадпрыемствы буд. матэрыялаў, у т. л. Крычаўскі цэментны з-д (100 тыс.т цэменту за год), Гомельскі шклозавод (2 млн.м² аконнага шкла за год), з-ды сілікатнай цэглы ў Клімавічах і Оршы, механізаваныя з-ды па вытворчасці вапны, Магілёўскі з-д па вытворчасці цэглы метадам сухога прасавання і інш. Большасць цагельных і вапнавых з-даў пераведзена на круглагадовую работу, механізаваны працаёмкія работы ў кар’ерах і пры транспарціроўцы прадукцыі. У 1940 выраблена 295 млн. штук цэглы (3% ад агульнай яе вытворчасці ў СССР), 200 тыс.т цэменту (адпаведна — 3,5%). У перадваенны час уведзена ў дзеянне больш за 1700 прамысл. прадпрыемстваў, 1,3 млн.м жылой плошчы, шмат аб’ектаў культ.-быт. прызначэння і інш.Асн. фонды буд. арг-цый у параўнанні з 1928 павялічыліся ў 8 разоў, вырасла механаўзброенасць буд-ва, якая ў 1940 складала 7,3% (у 1928—1,1%). З ростам тэхн. аснашчанасці буд. арг-цыі павялічвалі аб’ём працы механізаваным спосабам, ствараліся ўмовы для выкарыстання хуткасных метадаў і пераходу на кругласутачнае буд-ва. У 1938 створаны Камітэт па справах буд-ва пры СНКБССР, у 1939 — Нар. камісарыят буд-ваБССР (Наркамбуд).
Пасля Вял.Айч. вайны патрэбы аднаўлення і развіцця нар. гаспадаркі абумовілі павелічэнне маштабаў буд. работ. У 1944—45 больш за 60% капіталаўкладанняў накіравана на аднаўленне машынабуд. прамысловасці і транспарту. У 1944 адноўлена і здадзена ў эксплуатацыю 196 машынабуд., 179 тэкстыльных, 263 швейныя і 487 гарбарнаабутковых прадпрыемстваў, 175 прадпрыемстваў буд. матэрыялаў. На развіццё нар. гаспадаркі рэспублікі ў 1946—50 выдзелена 1339 млн.руб. капіталаўкладанняў, у т. л.дзярж. і кааператыўным прадпрыемствам і арг-цыям 911 млн.руб., калгасам 80 млн.руб., насельніцтву на буд-ва ўласных жылых дамоў і кватэр 348 млн.руб. На буд. работы накіроўвалася 80% капіталаўкладанняў. Буд.-мантажныя работы на аб’ектах вытворчага прызначэння складалі 43,9%, невытворчага — 56,1%. На аднаўленне нар. гаспадаркі ў абласцях з улікам ступені разбурэння выдзелена капіталаўкладанняў (без калгасаў; млн.руб.): Брэсцкай — 139, Віцебскай — 141, Гомельскай — 181, Гродзенскай — 67, Магілёўскай — 128, Мінскай — 137, Мінску — 251. У 1945 у буд-ве працавала 50 тыс. рабочых і служачых. Каб забяспечыць вызначаныя тэмпы капітальнага буд-ва, у першую чаргу аднаўлялася і развівалася прамысловасць буд. індустрыі і буд. матэрыялаў. У Мінску пабудаваны з-ды па вытворчасці вежавых кранаў, буд. дэталей, шлакаблочны, лесапільны і дрэваапрацоўчы камбінаты, блокаў і асфальтабетонны, гіпсавы, цагельны №1 і №10, металаканструкцый, камбінат буд. матэрыялаў; у Баранавічах, Пінску, Полацку — з-ды буд. дэталей. У Гомелі пачалі працаваць з-ды шлакаблочны, клінкерны і буд. дэталей. Уведзены ў дзеянне домабуд. камбінат у Рэчыцы, цагельныя з-ды ў Хойніках, Магілёве, Бабруйску, шыферны з-д у Крычаве і інш. У 1946—50 у рэспубліцы пабудавана 245 прадпрыемстваў. У 1945—47 у Беларусі створаны Мін-ва жыллёва-грамадз.буд-ва, Гал. ўпраўленне прамысловага буд-ва, Гал. ўпраўленне па аднаўленні г. Мінска, а таксама буд. арг-цыі саюзных мін-ваў («Аўтапрамбуд», «Белтрактарабуд», «Станкабуд» і інш.). Для буд-ва ў сельскай мясцовасці жылля і грамадскіх пабудоў у 1945 пры СМБССР створана Упраўленне па справах сельскага і калгаснага буд-ва. У 1951—55 у нар. гаспадарку Беларусі ўкладзена 2178 млн.руб., з якіх 1307 млн.руб. (60%) — на буд-ва аб’ектаў вытворчасці. У галіны сац.-культ. сферы накіравана 871 млн.руб. капіталаўкладанняў. Пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю 1010 прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. 147 буйных (мінскія трактарны, гадзіннікавы з-ды, камвольны камбінат, Аршанскі з-д швейных машын і інш.). Вял. ўвага аддавалася далейшаму развіццю буд. індустрыі, механізацыі і індустрыялізацыі буд-ва, ператварэнню буд. вытворчасці ў механізаваны паточны працэс зборкі і мантажу будынкаў і збудаванняў з буйнапамерных элементаў і вузлоў. Пабудаваны мінскія з-ды мінеральнай ваты і ацяпляльнага абсталявання, вапнавы, гіпсавалакністых і жалезабетонных вырабаў, Гарынскі з-д вогнетрывалай цэглы, сілікатны з-д у Оршы, Крычаўскі з-д вапнавай мукі і інш. Колькасць прамысл. прадпрыемстваў буд. індустрыі павялічылася з 17 у 1950 да 28 у 1955. Вытворчыя асн. фонды буд. арг-цый рэспублікі за 1950—55 выраслі ў 5 разоў і склалі 240 млн.руб., у т. л. вартасць буд. машын, механізмаў і аўтатранспарту 160 млн.руб. На буд-ве працавала 395 экскаватараў, 455 пад’ёмных кранаў, 76 аўтапагрузчыкаў і інш. Аснашчэнне падрадных арг-цый тэхнікай і механізмамі дало магчымасць у 1955 выканаць буд.-мантажных работ у аб’ёме 1,5 млрд.руб. У 1955 пачата буд-ва 10 з-даў і 20 палігонаў зборнага жалезабетону, выраблена 106 тыс.м³ жалезабетонных вырабаў, што ў 20 разоў перавышала паказчыкі 1950. На развіццё буд. індустрыі затрачана 57 млн. руб.
У выніку перабудовы кіравання прамысловасцю і буд-вам у БССР на базе Мін-вагар. і сельскага буд-ва і Мін-вабуд-ва створана Гал. ўпраўленне буд-ва пры СМБССР — Галоўбуд БССР, у які ўваходзілі 13 агульнабуд. і 8 спецыялізаваных трэстаў. На развіццё эканомікі рэспублікі станоўча паўплываў пераход ад галіновага датэр. прынцыпу кіравання краінай, у т. л. буд-вам. У 1956—65 здадзена ў эксплуатацыю 246 буйных прамысл. прадпрыемстваў, асвоена капіталаўкладанняў 3716 млн.руб., у 1961—65—6352 млн.руб. Пабудаваны нафтаперапрацоўчы з-ду Наваполацку, 1-ы Салігорскі калійны камбінат (пачата буд-ва і 2-га), Гродзенскі азотна-тукавы камбінат, Гомельскі суперфасфатны, Светлагорскі штучнага валакна, Лідскі лакафарбавы, Пінскі і Нясвіжскі кармавога біяміцыну, Бабруйскі гумава-тэхнічных вырабаў, Барысаўскі пластмасавых вырабаў з-ды. У 1950—60-я г. ствараюцца Жодзінскі аўтазавод, мінскія маторны і халадзільнікавы з-ды, арганізавана вытворчасць аўтамабільных агрэгатаў і вузлоў на спецыялізаваных Гродзенскім, Баранавіцкім, Барысаўскім і Мінскім з-дах. Мінскі трактарны з-д замест тралёвачных гусенічных трактароў стаў выпускаць універсальныя колавыя трактары «Беларусь». У Гомелі пабудаваны падэталёва спецыялізаваныя з-ды нармалізаваных вузлоў і гідраапаратуры для станкабудаўніцтва, пераабсталяваны станкабуд. з-ды ў Оршы і Маладзечне. У 1965 за кошт уласнай вытворчасці Беларусь амаль поўнасцю пакрывала сваю патрэбнасць у чыгунным ліцці і гарачых штампоўках і на 76% у пакоўках. У выніку буд-ва ў Бабруйску спецыялізаванага з-да гумава-тэхн. вырабаў завоз іх у рэспубліку таксама амаль спыніўся. Увядзенне ў дзеянне Баранавіцкага баваўнянага, 2-й чаргі Аршанскага льнокамбіната, Пінскага з-да па вытворчасці штучнай скуры, Брэсцкага дывановага камбіната, некалькіх ільнозаводаў і цэхаў мачэння лёну і інш. стварыла ўзаемазвязаны комплекс прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці У раёнах найбольшых тарфяных масіваў створаны буйныя высокамеханізаваныя торфапрадпрыемствы «Асінторф» у Віцебскай, «Смалявіцкае», «Чырвоны сцяг», «Бярэзінскае» ў Мінскай, «Васілевіцкае» ў Гомельскай, «Бярозаўскае» ў Брэсцкай абласцях. Уведзена ў дзеянне Васілевіцкая ГРЭС, павялічана магутнасць Бярозаўскай ДРЭС. Асн. фонды эксплуатуемых электрастанцый на 2/3 мелі новыя магутнасці. У 1950 уведзены ў эксплуатацыю газаправод Дашава—Мінск, што дазволіла павялічыць спажыванне ў якасці паліва прыроднага газу. Перадумовай выканання праграмы новага буд-ва, рэканструкцыі і пашырэння дзеючых прадпрыемстваў стала ўдасканаленне структуры падпарадкавання і кіравання буд. комплексам. Да 1957 буд-ва вялі ў асноўным рэсп. арг-цыі: Мін-вабуд-ва, «Белкалгасбуд», «Меліявадгас», «Белгандальбуд», «Дарбуд». Значны аб’ём буд.-мантажных работ выконвалі падрадныя арг-цыі саюзных мін-ваў. Пасля стварэння Савета нар. гаспадаркі СССР адбылася рэарганізацыя кіравання буд-вам у рэспубліцы: мін-вы прамысловага, сельскага, спец. і мантажных работ аб’ядналі больш за 90% нізавых падрадных буд. арг-цый, якія выконвалі больш за 95% аб’ёму капітальнага буд-ва. Створаная ў 1956 новая форма падрадных буд. арг-цый «Міжкалгасбуд» выконвала ўсе віды буд-ва ў калгасах, мела сваю асабістую вытворча-тэхн. базу. З 1958 агульнае кіраўніцтва буд. арг-цыямі калгасаў ажыццяўляў «Галоўкалгасбуд БССР». У раёнах створаны матэрыяльна-тэхн. базы ў выглядзе адзінай сістэмы прадпрыемстваў і гаспадарак, якія забяспечвалі буд. работы. Базы буд. індустрыі былі ў Мінску і ўсіх абл. цэнтрах, а таксама ў Наваполацку, Салігорску, Светлагорску, Оршы, Баранавічах, Лідзе, Барысаве, Мазыры, Пінску. Мін-ву прамысловага буд-ва было падпарадкавана 25, Мін-ву сельскага буд-ва — 10 буд. баз. У іх склад уваходзілі асфальтабетонныя з-ды, рамонтна-мех. майстэрні, сродкі механізацыі, склады для захоўвання цэменту, з-ды таварнага бетону і інш. прадпрыемствы.
У 1965 у Беларусі дзейнічала 361 дзярж. і 112 міжгасп. падрадных буд. арг-цый, у якіх працавала 222,3 тыс.чал. Для паспяховага выканання падрадных работ неабходна было ператварэнне буд. вытворчасці ў механізаваны працэс зборкі і мантажу будынкаў і збудаванняў з вузлоў і дэталей, вырабленых на з-дах. На аснове індустрыялізацыі і комплекснай механізацыі буд-ва, выкарыстання новых эфектыўных буд. матэрыялаў, спецыялізацыі прадпрыемстваў па вытворчасці зборнага жалезабетону аб’ёмы яго выпуску на 13 з-дах Мін-вабуд-ваБССР у 1965 склалі 1183 тыс.м³, 10 з-дах Мін-ва сельскага буд-ва — 196 тыс.м³ зборных дэталей і канструкцый. Падрадныя арг-цыі па вытворчасці зборнага жалезабетону вырабілі 66 тыс.м³. У выніку выкарыстання зборных канструкцый у розных галінах буд-ва 62,6% падрадных работ у 1965 выканана індустрыяльнымі метадамі. Індустрыялізацыя буд-ва паўплывала на спецыялізацыю і кіраўніцтва падраднымі арг-цыямі, на ўкараненне новай высокапрадукцыйнай тэхнікі і перадавых метадаў вядзення работ. Узбуйненне буд. арг-цый і перавядзенне іх на гасп. разлік дазволіла скараціць тэрмін буд-ва, павысіць прадукцыйнасць працы, знізіць кошт буд.-мантажных работ, павялічыць эфектыўнасць капіталаўкладанняў. Разам з тым у рэспубліцы дзейнічала шмат пярвічных падрадных арг-цый малой магутнасці, якія пры хуткім росце аб’ёмаў зборнага жалезабетону не маглі забяспечыць яго зборку індустрыяльнымі метадамі. У буд-ве заставалася высокай удзельная вага ручной працы. З-за нізкай тэхналогіі вырабу жалезабетону будоўлі атрымлівалі ўцяжараныя канструкцыі, што адмоўна ўплывала на кошт і эканам. паказчыкі аб’екта, патрабавала вял. расходаў сыравіны, матэрыялаў, паліва, прац. рэсурсаў. У канцы 7-й пяцігодкі праявілася памылковая тэндэнцыя скарачэння вытворчасці цэглы, што прычыніла вял. страты эканоміцы рэспублікі ў наступныя гады. Вял. ўвага аддавалася жыллёваму буд-ву. У 1956—65 на Беларусі пабудавана 692, 1 тыс. кватэр агульнай (карыснай) пл. 29,1 млн.м². Новыя кватэры атрымалі 3,1 млн.чал. (36% насельніцтва рэспублікі). Гарадскі жыллёвы фонд у канцы 1965 склаў 32 млн.м². Значныя сродкі накіроўваліся на буд-ва школ, культ.-бытавых і мед. устаноў. У 1966—90 буд. комплекс займаў асаблівае месца ў вырашэнні задач развіцця і размяшчэння прадукцыйных сіл, стварэння эканам. патэнцыялу рэспублікі і яе рэгіёнаў (гл.табл. 1). У гэты час асвоена больш як 121 млрд.руб. капіталаўкладанняў. У 1966—70 пабудавана 78 буйных прадпрыемстваў, у т. л. Лукомская ДРЭС, камбінат сінтэтычнага валакна ў Магілёве, 3-і калійны камбінат у Салігорску, цэлюлозна-кардонны камбінат у Светлагорску, буйныя магутнасці на Полацкім хім. камбінаце «Палімір». Здадзена ў эксплуатацыю жылых дамоў агульнай (карыснай) пл. 20,4 млн.м². У 1967—70 у сельскай мясцовасці пабудавана 127,5 тыс. кватэр (6,8 млн.м²), 600 агульнаадукацыйных школ, бальніц на 1277 ложкаў, 964 камбінаты быт. абслугоўвання і інш. У 9-й пяцігодцы капіталаўкладанняў асвоена ў 1,5 раза больш, чым у 8-й. Пабудавана 97 буйных прадпрыемстваў, у т. л. Беларускі шынны камбінат у Бабруйску, нафтаперапрацоўчы ў Мазыры, з-даўтам. ліній у Баранавічах, прадзільна-нітачны камбінат у Гродне, інструментальны з-д у Оршы і інш. У 1966—90 бел. будаўнікі выканалі буд.-мантажных работ на 69 млн.руб. У 1990 аб’ём буд.-мантажных работ у параўнанні з 1965 вырас у 3,3 раза, у т. л. падрадным спосабам у 4,2 раза. Сярэднегадавыя тэмпы буд.-мантажных работ склалі 8,3%, прырост таварнай прадукцыі прамысловасці буд. канструкцый, дэталей і матэрыялаў — 10,4%. Прадукцыйнасць працы на буд-ве вырасла ў 3 разы. У праектных арг-цыях Беларусі працавала 30 тыс.чал., якія штогод выконвалі праектныя работы на 250 млн. руб.
Ведамасная раз’яднанасць (падпарадкаванне розным мін-вам, ведамствам, мясц. Саветам) абцяжарвала правядзенне адзінай тэхн. палітыкі ў буд-ве. Павышэнне тэхн. ўзроўню буд. вытворчасці дасягалася за кошт пашырэння аб’ёмаў выкарыстання эфектыўных канструкцый і матэрыялаў, індустрыяльнай тэхналогіі буд.-мантажных работ, укаранення эфектыўных сродкаў механізацыі, абсталявання і павышэння на гэтай аснове ўзроўню комплекснай механізацыі мантажна-буд.. работ, больш сучасных метадаў арганізацыі вытворчасці і працы.
Гэта дазволіла знізіць колькасць працуючых на буд.-мантажных работах. У 1990 фондаўзброенасць буд-ва ў параўнанні з 1965 вырасла ў 2 разы, колькасць буд. машын — у 3,5 раза. У выніку дэстабілізацыі ў кіраўніцтве эканомікай, парушэння сістэмы матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння тэмпы росту прадукцыйнасці ў буд. комплексе рэспублікі знізіліся. Скарацілася колькасць дзярж. пярвічных падрадных буд. і мантажных арг-цый. У 1985 іх было 1144, у 1990—1090. Размяшчэнне прадпрыемстваў буд. комплексу па рэгіёнах рэспублікі было нераўнамернае, што павялічвала нерацыянальныя трансп. выдаткі. Такое становішча было выклікана недастатковым выдзяленнем капіталаўкладанняў на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы буд. комплексу, іх удзельная вага ад агульных аб’ёмаў капіталаўкладанняў у развіццё нар. гаспадаркі ў рэспубліцы была ніжэйшая, чым у цэлым na СССР і ў суседніх рэспубліках. Тым не менш у 1986—90 аб’ёмы капіталаўкладанняў выраслі да 39 млн.руб. і павялічыліся на 37,8%, у сельскай гаспадарцы — на 53,7%, развіццё асабістай базы буд-ва — на 32,7%, магутнасцей прамысловасці — на 22,6%, удзельная вага капіталаўкладанняў у прамысловасці знізілася з 34,6% да 30,8%. Капіталаўкладанні накіроўваліся пераважна ў машынабудаванне і металаапрацоўку (выраслі на 28,9%), лясную, дрэваапрацоўчую і цэлюлозна-папяровую прамысловасць (адпаведна 38,9%), прамысловасць буд. матэрыялаў (38,6%). Працягвалася пераўзбраенне матэрыяльна-тэхнічнай базы, укараненне высокапрадукцыйнага абсталявання. Капіталаўкладанні ў перапрацоўчыя галіны прамысловасці павялічыліся ў 1,7 раза, у лёгкую прамысловасць на 41,1%. Пераважнай формай узнаўлення асн. фондаў у прамысловасці сталі рэканструкцыя і пераўзбраенне. Затраты на іх выкананне ў 1990 склалі 68,9%, на пашырэнне — 13,2%, на новае буд-ва прадпрыемстваў — 17,9%, агульнага аб’ёму капіталаўкладанняў. У лёгкай прамысловасці затраты на рэканструкцыю і тэхн. пераўзбраенне склалі 87,5%, харчовай — 71,4%, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай — 73,7%, прамысловасці буд. матэрыялаў — 50,9%. Павялічыліся капіталаўкладанні ў невытворчае буд-ва. За кошт усіх крыніц фінансавання яны склалі 30,3% ад агульнага аб’ёму, у т. л. на развіццё культуры выраслі ў 2,9 раза, нар. адукацыі — на 65,5%, жылога буд-ва — на 46,8%. Тым не менш становішча ў буд-ве не адпавядала патрабаванням аздараўлення эканомікі. Зрыў планаў па ўвядзенні ў дзеянне асобных магутнасцей і аб’ектаў стаў адной з прычын нарастаючай матэрыяльнай незбалансаванасці ў нар. гаспадарцы. Бясплатнасць і незваротнасць дзярж. цэнтралізаваных капіталаўкладанняў прывялі да неабмежаванага інвестыцыйнага попыту, які не скараціўся і пасля пераводу прадпрыемстваў на самафінансаванне ва ўмовах існуючай у той час гасп. сістэмы. У выніку непамерна пашыраўся фронт незавершанага буд-ва. З-за празмерна вял. колькасці аб’ектаў, якія будаваліся адначасова, пры тэрмінах буд-ва, што ў 2—3 разы перавышалі нарматыўныя, у канцы 1990 незавершанае буд-ва ў дзярж. і кааператыўных прадпрыемствах і арг-цыях (без калгасаў) да агульнага аб’ёму капіталаўкладанняў вырасла да 70%, у 1985 гэты паказчык складаў 52%. У 1988 у дзеянне не ўведзены кожны трэці аб’ект дзярж. заказу. З 24 пускавых аб’ектаў дзярж. заказу 1989 здадзены ў эксплуатацыю толькі 11 (46%). У 1990 незавершанага буд-ва аб’ектаў вытворчага прызначэння было на 19% больш, чым у 1989. Рост незавершанага буд-ва суправаджаўся назапашваннем неўстаноўленага абсталявання. На 1.1.1990 запасы неўстаноўленага абсталявання склалі 11% да паступіўшага з пач.буд-ва, з іх 7% замежнае. Акрамя таго, 9% абсталявання было зманціравана, але не ўведзена ў дзеянне.
Пераход капітальнага буд-ва на прынцыпы рыначных адносін змяніў арганізацыю буд. вытворчасці і кіравання, матэрыяльнага забеспячэння, структуры буд. арг-цый, адносіны з субпадрадчыкамі і інш. Адным з гал. кірункаў фарміравання рыначных адносін у капітальным буд-ве стаў адыход ад замацавання заказчыкаў да падрадчыкаў і пераход да рынку падрадных работ. Рыначныя адносіны ў капітальным буд-ве патрабавалі дэцэнтралізацыі яго кіравання. У якасці асновы рэгіянальнай арганізацыі буд-ва створаны буд. аб’яднанні як адзіныя вытворча-гасп. комплексы з замкнутым цыклам буд-ва аб’ектаў, якія знаходзяцца на гасп. разліку і нясуць поўную матэрыяльную адказнасць за арганізацыю буд-ва і ўвод у дзеянне аб’ектаў. Пераход да рыначнай эканомікі ў капітальным буд-ве садзейнічаў фарміраванню форм уласнасці, стварэнню малых прадпрыемстваў і арг-цый, кааператываў, арэндных прадпрыемстваў, што дазволіла арганізаваць праектна-буд. і інш. фірмы з пераходам на конкурснасць пры праектаванні і буд-ве аб’ектаў. На этапе пераходу да рыначных адносін дынаміка і структура інвестыцый складвалася пад уплывам такіх важных працэсаў, як прыватызацыя і раздзяржаўленне дзярж. маёмасці, змяненне галіновай структуры эканомікі, развіццё жорсткай канкурэнцыі паміж таваравытворцамі, барацьба за рынкі рэалізацыі прадукцыі і паслуг. У сферы інвестыцый для пераходнага перыяду характэрным стала зніжэнне аб’ёмаў дзярж. інвестыцый, павышэнне ролі недзярж. крыніц фінансавання, скарачэнне выпуску тавараў вытворчага прызначэння. У гэтых умовах у Беларусі склалася крызісная інвестыцыйная сітуацыя. Адбыўся глыбокі спад інвестыцыйнай актыўнасці (гл.табл. 2). Значнае змяншэнне інвестыцый у асноўны капітал адбылося ў 1990—96. За гэты час індэксы інвестыцый у супастаўных цэнах у працэнтах да папярэдняга года знізіліся і склалі 69% у 1995 да 1994, 95,2% у 1996 да 1995. З 1997 пачаўся пераход да станоўчай тэндэнцыі ў дынаміцы інвестыцый. Іх рост у 1997 да 1996 склаў 119,6%, у 1998 адпаведна — 125%, у 1999—92%, у 2000—102%, у 2001—96,5%, у 2002—106%. Аднак аб’ём інвестыцый у асн. капітал да 1990 склаў у 1995 усяго 39%, у 2001—50%, у 2002—52%. Увод у дзеянне жылых дамоў да базавага 1990 у 1995 склаў толькі 37%, у 2001—57%, у 2002 зноў знізіўся да 53%. Рэзка скараціліся інвестыцыі ў асноўны капітал прамысловасці. Да аб’ёму інвестыцыйных укладанняў 1990 яны знізіліся да 48%. У наступныя гады адбыўся рост інвестыцый у асн. фондаўтваральную галіну, але іх аб’ём у 2002 да ўзроўню 1990 склаў толькі 63%. Асабліва глыбокі крызіс адбыўся ў інвестыцыйнай сферы сельскай гаспадаркі — інвестыцыі ў асн. капітал гэтай галіны ў 2001 склалі ўсяго 8% да ўзроўню 1990. Прычыны гэтага ў значным пагаршэнні якаснага стану вытворчага патэнцыялу і хранічным недахопе фінансавых і інвестыцыйных рэсурсаў (і ўнутраных, і знешніх). Фізічны знос актыўнай часткі асн. фондаў у цэлым па краіне складае больш за 75%, у прамысловасці — 80%, у машынабудаванні і металаапрацоўцы — 84%, у буд-ве — 79%, у с.-г. — 79%, на транспарце — 66%. Такая сітуацыя абумоўлена не толькі ўстарэлым вытворчым патэнцыялам (каэфіцыент зносу актыўнай часткі асн. фондаў склаў у 1990 па нар. гаспадарцы 39%, у прамысловасці — 50%, у машынабудаванні і металаапрацоўцы — 58%), але недаінвесціраваннем рэальнага сектара эканомікі. Калі ВУП у 2002 у адносінах да 1990 склаў 96,6%, то інвестыцыі толькі 52%. Пры гэтым найб. спад інвестыцый адбываўся ў навукаёмістых, экспартаарыентаваных і фондаўтваральных галінах: у машынабудаванні ў 2 разы, радыёпрамысловасці — у 20 разоў, электроннай прамысловасці больш чым у 11 разоў, у галіне «навука і навуковае забеспячэнне» — амаль у 8 разоў. У той жа час прасочваецца далейшая тэндэнцыя зніжэння інвестыцый у рэальны сектар эканомікі за кошт сродкаў бюджэту і цэнтралізаванага эмісійнага крэдытавання. Скарачаюцца фінансавыя магчымасці суб’ектаў гаспадарання, рэнтабельнасць якіх у прамысловасці (з адносна кароткім вытворчым цыклам) з кожным годам пагаршаецца. Праблемы гэтага ў самой інвестыцыйнай сферы выкліканы тэхналагічнай і ўзнаўленчай структурай укладанняў, значнымі памерамі незавершанага буд-ва. Інвестыцыі на буд.-мантажныя работы складаюць 48%, на абсталяванне, інструмент і інвентар — 33%. У галіновай структуры інвестыцый удзельная вага прамысловасці за 1990—2001 павысілася з 24,4% да 31,2%. Павысілася доля інвестыцый у транспарце, сувязі, жыллёвым буд-ве, камунальнай гаспадарцы, ахове здароўя. Разам з тым у галіновай структуры знізіліся інвестыцыі сельскай гаспадаркі з 2,5% да 2%, культуры — з 0,8 да 0,7%, навукі — з 1,1 да 0,1%. У такой інвестыцыйнай сітуацыі у мэтах забеспячэння высокіх і ўстойлівых тэмпаў росту эканомікі, далейшых рыначных пераўтварэнняў у сац. сферы, павышэння канкурэнтаздольнасці і эканам. бяспекі рэспублікі патрабуюцца значныя інвестыцыйныя ўкладанні. Фактычнае становішча сведчыць аб недаінвесціраванні эканомікі ў 2001—03. У сярэднім за гэты перыяд за год асвойвалася 2 млрд. долараў ЗША, г.зн. 66% да неабходнага аб’ёму інвестыцый. Пры абмежаванасці ўнутр. крыніц інвестыцый павялічваецца значэнне знешняга фінансавання, асабліва атрымання прамых замежных інвестыцый (у 1990—2000 аб’ём прамых замежных інвестыцый у Беларусі быў адным з найменшых сярод краін Цэнтр. і Усходняй Еўропы і склаў 1,6 млрд. долараў ЗША).
Літ.:
Малинин С.Н., Иппа М.М. Экономика Белорусской ССР и перспективы ее развития. М., 1960;
Социально-экономические преобразования в Белорусской ССР за годы Советской власти. Мн., 1970;
Лис А.Г. Проблемы развития и размещения производительных сил Беларуси. М., 1972;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДОЙЛІДСТВА.
Асаблівасці нар. дойлідства адлюстроўваюць светапогляд людзей, якія тысячагоддзямі жылі на тэр. Беларусі, іх уменне сродкамі архітэктуры арганізаваць прастору для жыццядзейнасці, што вызначала існаванне грамадства на розных этапах яго развіцця ў канкрэтных гіст., сац.-эканам. і прыродна-кліматычных умовах. Дойлідства — адметная галіна вытворчасці, частка духоўнай культуры, у якой захоўваліся веды, традыцыі, рытуалы. Яно заўсёды было школай навучання працоўным навыкам, уменню працаваць у калектыве, пошуку шляхоў для выяўлення індывідуальных здольнасцей і таленту. У даўнія часы кожны з этапаў буд-ва (выбар месца, закладка першага вянца, муроў печы і інш.) суправаджаўся адпаведнымі абрадамі, магічнымі дзеяннямі, абярэгамі. Дэкаратыўныя элементы хаты (вільчык, аканіцы, карнізы) праз сімвалізм архітэктурна-канструкцыйных элементаў увасаблялі ўяўленні народа аб прыгажосці. Асноўны будаўнічы матэрыял — дрэва (бярвенне, жэрдкі, галлё, карэнне, кара) — вызначаў канструкцыйную аснову і арх.-мастацкае аблічча. Найб. старажытная канструкцыя сцен — слупавая (бярвёны запускалі ў пазы вертыкальных стоек-шул). З пашырэннем больш дасканалых прылад працы будаўнікі ў 3 ст. перайшлі да складаных злучэнняў драўляных элементаў, а потым да больш дасканалых зрубных канструкцый. Зрубныя канструкцыі сталі асноўнымі для ўсіх тыпаў будынкаў, а слупавыя выкарыстоўвалі толькі ў гасп. пабудовах і пры павелічэнні ўжо існуючага будынка (прыбудове сенцаў да хаты). На будаўніцтва ў цэнтр. і паўн. рэгіёнах ішлі хвоя і елка, на Палессі — дуб, вольха, асіна. Першапачаткова зруб рабілі з круглага бярвення, з 12 ст. — з абчасаных на 4 грані бярвён (брусоў). Вуглы засякаліся з «астаткам» — «у просты замок». Развіццё канструкцыйных прыёмаў ішло праз удасканаленне злучэнняў (урубкі, замкі) і за кошт змяншэння масы элементаў (пілаваныя дошкі, каркасныя сістэмы замест зрубных, замена бярвён брусамі, меншая велічыня «астатку» ў вуглах і інш.). Аднак аж дапач. 20 ст. на Пдцэнтр. Беларусі (Слуцкі, Старадарожскі, Салігорскі р-ны) будавалі хаты з выкарыстаннем тэхн. прыёмаў, вядомых з 10—12 ст. (злучальныя пазы высякалі ў верхняй частцы кожнага вянка зруба), а на Панямонні з яшчэ больш старадаўняй канструкцыяй — на сохах. Цяжкая і складаная страха (на стаяках і закотам) паступова змянілася лёгкай каркаснай (на дзядках, козлах, ключах, кроквах). Стрэхі пераважна рабілі саламяныя ці з чароту, радзей з дрэва (дошкі, дранка, гонта), з сярэдзіны 19 ст. — з бляхі, дахоўкі; столь — з дошак, пакладзеных па бэльках. На Панямонні і ў цэнтр. Беларусі вядома старадаўняя столь на «траме» — тоўстай бэльцы, якую клалі ўздоўж хаты для падтрымкі папярочных бэлек. Падлогу ў хатах доўгі час рабілі земляной або глінянай, потым — з дошак. З іншых матэрыялаў выкарыстоўвалі камень (фундаменты, брукаванне дарог, двароў і падлог, муроўка студняў, сцен і шул), салому і чарот (крыццё даху, ацяпленне акон узімку, саман для сцен), гліну (падлога ў хаце, ток у гумне, муроўка сцен), вапну (рошчына для муроўкі сцен).
З сярэдзіны 19 ст. пашырылася выкарыстанне цэглы і дахоўкі, металічных вырабаў (цвікі, клямкі, засланкі і інш.). У сельскай мясцовасці ўсе буд. работы на сваіх гаспадарках выконвалі звычайна самі сяляне. Гэтай справе яны вучыліся ў сваіх бацькоў і дзядоў, усё жыццё развіваючы ў сабе талент дойліда. Сярод іх былі майстры, чые будаўнічыя здольнасці былі вядомыя далёка за межамі сваёй вёскі. У панскіх сядзібах будаўнічую працу выконвалі прыгонныя сяляне, што адбывалі паншчыну, або рамеснікі — слугі, якія працавалі па заказе панскага двара. У асобных выпадках для будаўніцтва запрашалі прышлых майстроў. У гарадах паступова фарміраваліся цэхавыя арганізацыі дойлідаў, якія абаранялі інтарэсы членаў цэха, садзейнічалі развіццю будаўнічага рамяства, рэгулявалі адносіны паміж майстрамі, забяспечвалі навучанне буд. майстэрству, што спрыяла перадачы і захаванню традыцыйных прыёмаў і метадаў. Асобныя цэхі дойлідаў існавалі ў вял. гарадах: Магілёве (1590), Мінску (1634), Гродне (1774). Аднак часцей яны аб’ядноўваліся ў адным цэху з рамеснікамі іншых спецыяльнасцей (Мінск, канец 17 ст.; Віцебск, 1760). У 6 гіст.-этнаграфічных рэгіёнах Беларусі (Паазер’е, Падняпроўе, Панямонне, Усх. і Зах. Палессе, цэнтр. Беларусь) нар. дойлідства мае свае адметныя рысы. Гэтыя рэгіянальныя асаблівасці (кампазіцыйныя, канструкцыйна-тэхн. і дэкар. прыёмы, тыпы пабудоў) выпрацаваліся ў ходзе гіст. развіцця і шматвяковага працэсу творчых пошукаў мясц. дойлідаў, залежалі і ад прыродна-кліматычных умоў. Паазер’ю ўласціва хаатычная забудова вёсак, выкарыстанне замкнёных схем і асіметрычных прыёмаў у аб’ёмна-планіровачных вырашэннях сядзіб і сядзібных пабудоў, што арганічна звязвала архітэктуру з прыродным асяроддзем. Дэкаратыўныя прыёмы даволі сціплыя. На Падняпроўі таксама выкарыстоўвалі замкнёныя планіровачныя схемы (сядзібы вяночнага тыпу), але ў іх большую ролю адыгрывалі сіметрычныя прыёмы. Гал. фасад дома вылучаўся багатым дэкорам (скразная ці накладная разьба па дрэве). Тут будавалі самыя вялікія на Беларусі гумны і ветракі шатровага тыпу. У дойлідстве Панямоння развілася лінейная структура (сядзібы пагоннага тыпу). У кампазіцыі сядзібы хата вылучаецца як галоўны элемент. Пашыраны ярусныя кампазіцыі — 2-павярховыя свірны, вяндлярні, званіцы, якія кантрастна выглядаюць на фоне выцягнутай асноўнай забудовы. Ветракі тут ставілі толькі т.зв. казловага тыпу. Дойлідства Усх. Палесся адметнае надзвычайнай разнастайнасцю кампазіцыйных прыёмаў, багаццем дэкар. ўпрыгожвання хаты. Старадаўні цяслярскі дэкор спалучаўся з новымі прыёмамі скразной разьбы. Толькі тут вядомы хаты з шатровым дахам. На Зах. Палессі вялікае пашырэнне атрымалі святлоценявыя эфекты, якія ствараліся галерэямі, навесамі. Шырока выкарыстоўваліся слупавыя канструкцыі і сістэмы (колатае дубовае бярвенне-дылі, плеценыя сцены і агароджы). У знешнім выглядзе кожнага будынка вял. значэнне маюць форма і памеры даху. Дойлідства цэнтр. Беларусі фарміравалася на аснове сінтэзу асаблівасцей дойлідства суседніх рэгіёнаў і мясц. вырашэнняў. Больш пашыраны сядзібы, у якіх жылыя і гаспадарчыя будынкі ставіліся асобна, таму вялікая ўвага аддавалася аб’ёмнай кампазіцыі. Пабудовы ўспрымаліся з розных бакоў, адсюль і вялікая ўвага да ўсіх фасадаў, а не толькі да галоўнага. Межы паміж рэгіёнамі размытыя, таму дойлідства кожнага з іх мае і адметныя асаблівасці і рысы суседніх рэгіёнаў. Напр., на Пн і У абавязкова будавалі лазні, гумны з сушнямі, у якіх была печ; у іншых частках Беларусі яны былі больш рэдкай з’явай. На Панямонні і Зах. Палессі вядомы хаты з падчэнямі — галерэяй на гал. фасадзе; будавалі лёгкія каркасныя дахі. Такая звычайная для ўсёй Беларусі пабудова, як склеп, амаль невядомая на Палессі. На Паазер’і часта сустракаліся і рубленыя дахі закотам. На Панямонні сцены рубілі з брусоў «у чысты вугал», а на Падняпроўі — часцей з бярвён «з астаткам».
Дойлідства Падняпроўя і Усх. Палесся адметнае багаццем дэкар. прыёмаў, найперш разнастайнасцю разьбы. Дойлідства Беларусі развівалася ў цесных кантактах з суседнімі краінамі, таму ў ім шмат агульных рыс з нар. архітэктурай рускіх, літоўцаў, украінцаў і палякаў. Мастацкую выразнасць нар. дойлідства вызначалі дакладнасць у выкарыстанні матэрыялаў і канструкцыйных сістэм; у выбары месца для будынкаў і ўсёй вёскі; арганічнае спалучэнне будынкаў з прыродным асяроддзем; прапарцыянальныя суадносіны асобных частак будынкаў, дэкар. элементы. Найб. пашыраныя тыпы будынкаў — хаты і гасп. пабудовы. Самы старадаўні тып хаты — адназрубная пабудова з адным памяшканнем. Да 15—16 ст. склаліся 2- і 3-камерныя жылыя пабудовы (хата + сенцы, хата + сенцы + хата), а таксама хаты-пяцісценкі з капітальнай папярочнай сцяной унутры. Гэтыя планіровачныя схемы сталі асновай больш складанага жылля ў панскіх сядзібах, у горадзе, а таксама сучаснага індывідуальнага. У мястэчках і гарадах сфарміраваўся своеасаблівы тып жылля рамеснікаў і гандляроў з уваходам з вулічнага тарцовага фасада, дзе знаходзілася майстэрня ці крама. Хата магла стаяць асобна або складаць з гасп. пабудовамі (каморай, варыўнёй, хлявамі, павецямі і інш.) адзіны комплекс вяночнага ці пагоннага тыпу. Асобна насупраць хаты ставілі свіран (клець) — другі па значнасці будынак сядзібы. Пабудовы для абмалоту ўраджаю і захоўвання снапоў і саломы (гумны, адрыны, сенніцы, пуні) месцілі на гумнішчы, у баку ад асноўных будынкаў. Вялікае значэнне ў стварэнні ансамбля ў нар. дойлідстве атрымалі малыя арх. формы, якія мелі рознае функцыянальнае прызначэнне (брамы, плятні і інш. агароджы, студні, азяроды і інш.). Амаль у кожнай вял. вёсцы быў «магазін» — грамадскі свіран для захоўвання запасаў прадуктаў на непрадбачаныя выпадкі. Архітэктура гэтага даволі вялікага па памерах будынка спалучала элементы гасп. пабудовы з маштабнасцю, уласцівай значным грамадскім аб’ектам (Касарычы Глускага, Вялікія Чучавічы Лунінецкага р-наў).
На аснове прасцейшых прыёмаў выпрацаваны больш дасканалыя, якія выкарыстоўваліся ў абарончым, грамадскім, культавым і прамысловым будаўніцтве. Вялікі шлях паступовага ўдасканалення ад прасцейшых сцен тыпу астрог ці замёт да складаных канструкцыйных сістэм (спачатку з гародняў, пазней — з тарасаў) прайшлі абарончыя збудаванні. Сцены і вежы разам з інш. штучнымі і прыроднымі перашкодамі складалі комплексы, якія адпавядалі тагачаснаму ўзроўню ваен. майстэрства. Найб. магутныя драўляныя абарончыя збудаванні ў 16—17 ст. былі ў гарадах Віцебск, Полацк, Слуцк, а таксама замкі ў Радашковічах, Астрашыцкім Гарадку, Свіслачы і інш. На скрыжаваннях дарог, на галоўных рыначных плошчах гарадоў і мястэчак або на ўездзе ў іх, каля манастыроў будавалі корчмы (у адным населеным пункце іх магло быць некалькі). Іх архітэктура спалучала памяшканні пад агульным дахам для жылля (пакоі для гасцей) і грамадскага прызначэння (шынок, крама і інш.); уключалі таксама каморы для тавараў, стайню і паветкі для вазоў. На гарадскіх рынках у 16—17 ст. узводзілі будынкі для гандлю — асобныя крамы, або ў выглядзе гандлёвых радоў, дзе пад агульным дахам былі аб’яднаны дзесяткі крам, часам свірны для захоўвання тавару, важніца для захавання гар. мер і вагаў. Гал. месца ў ансамблі гар. цэнтра займала ратуша. Найбольш эфектныя формы выкарыстоўваліся ў будаўніцтве храмаў. Прасцейшыя пабудовы культавага прызначэння — капліцы. Яны мелі сціплыя памеры і формы, вельмі шанаваліся прыхаджанамі. Разнастайныя аб’ёмна-планіровачныя кампазіцыі цэркваў (восевыя, крыжова-цэнтрычныя) і касцёлаў (1-, 2-нефавыя і цэнтрычныя) сталі асновай для стварэння іх выразных абліччаў. Ярусныя завяршэнні цэркваў былі водгукам на стыль барока, заканамерным вынікам развіцця традыцыйных у мясц. дойлідстве шатровых дахаў (Слуцк, Рубель і Давыд-Гарадок Столінскага, Сінкевічы Лунінецкага р-наў). Пры будаўніцтве драўляных касцёлаў дойліды ў большай ступені арыентаваліся на спалучэнне мясц. традыцый з формамі каменнай архітэктуры (Адэльск Гродзенскага, Воўпа Ваўкавыскага, Дуды Іўеўскага р-наў). Шмат’ярусныя званіцы, што ўзводзіліся каля храмаў, узбагачалі кампазіцыю ансамбля і яго сілуэт (Нарач, Шарашова, Велямічы Столінскага, Чэрск Брэсцкага р-наў). Вытворчыя збудаванні (найперш ветракі і вадзяныя млыны) сведчаць пра канструктарскі талент майстроў, характарызуюцца простымі і адначасова выразнымі формамі, што адпавядалі функцыянальнаму прызначэнню. Нар. дойлідства ўплывала на будаўніцтва ў панскіх сядзібах і гарадах, дзе многія творы архітэктуры сталі сінтэзам асаблівасцей афіцыйных маст. стыляў барока, класіцызму з прыёмамі, выпрацаванымі мясц. майстрамі (сядзібныя дамы ў Поразаве і Заполлі Пінскага р-на, лямусы ў Гродне і Мураванай Ашмянцы Ашмянскага р-на). Нар. дойлідства захавала свае асноўныя рысы ў самадзейным будаўніцтве жылых і гасп. пабудоў на вёсцы і ў перыферыйных раёнах гарадоў сучаснай Беларусі. Яго рэгіянальныя аспекты праяўляюцца ў прынцыпах арганізацыі двароў сядзіб, выкарыстанні кампазіцыйных прыёмаў і арх. форм. Нар. дойлідства — адна з крыніц вывучэння гісторыі народа і яго культуры, творчага пошуку сродкаў стварэння асяроддзя, спрыяльнага для жыцця, працы, адпачынку. Найб. каштоўныя помнікі нар. дойлідства пераносяцца ў спец. музейныя экспазіцыі (Бел.дзярж. музей народнай архітэктуры і побыту).
С.А.Сергачоў.
Хата ў Гомелі. Фрагмент дэкору. Пач. 20 ст.Касцёл у в. Адэльск Гродзенскага раёна. 17 ст.Званіца з в. Чэрск Брэсцкага раёна. 18 ст.Вятрак з в. Бярозаўка Кармянскага раёна. Пач. 20 ст.Вадзяны млын у в. Пабрэззе Навагрудскага раёна. 1930-я гады.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УРБАНІЗА́ЦЫЯ (франц. urbanisation ад лац. urbanus гарадскі),
гістарычны працэс павышэння ролі гарадоў, гар. ладу жыцця і гарадской культуры ў развіцці грамадства. Звязана з прасторавай канцэнтрацыяй Дзейнасці ў нешматлікіх цэнтрах і арэалах пераважнага сац.-эканам. развіцця. У вузкім паняцці У. — рост гарадоў (асабліва вял.), павелічэнне ролі гар. насельніцтва. Перадумовы У. — развіццё індустрыі, культ. і паліт. функцый гарадоў, паглыбленне тэр. падзелу працы. Для У. характэрны канцэнтрацыя, інтэнсіфікацыя і дыферэнцыяцыя гар. відаў дзейнасці; пашырэнне гар. ладу жыцця (з асаблівай структурай зносін, культурай, сістэмай каштоўнасных арыентацый і інш.); пашырэнне інфарм. вытв-сці, паскораны рост непрамысл. сферы дзейнасці; фарміраванне высокаразвітой вытв. інфраструктуры; развіццё буйных гарадскіх агламерацый і інш. складаных форм рассялення, таксама прыток у гарады сельскага насельніцтва і ўзрастаючая маятнікавая міграцыя насельніцтва з сельскага наваколля і дробных гарадоў у буйныя (на працу, па мед., быт. і культ. патрэбнасцях).
Гарады з’явіліся ў эпоху пераходу ад першабытнаабшчыннага да рабаўладальніцкага ладу ў сувязі з грамадскім падзелам працы, аддзяленнем рамяства ад земляробства на Б. Усходзе, у Месапатаміі (Шумер) — 4—2-га тыс.дан.э., у Егіпце, Іране, Індыі, Сярэдняй Азіі, Кітаі, у дакалумбавай Амерыцы, Мексіцы і Перу. У гарадах сярэдневякоўя і эпохі Адраджэння фарміраваліся элементы капіталіст. спосабу вытв-сці і еўрап. культуры. У 19 ст. ў выніку росту прам-сці і інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі, развіцця сродкаў транспарту і сувязі, медыцыны і інш. хутка развіваліся і раслі гарады, працэс У. паскорыўся. У 1800 доля гарадскога насельніцтва складала 3%, у 1850 — 6,4%, 1900 — 19,6%, 1970 — 37,4%, 1980 — 41,1%, 2000 — 45%. З 2-й пал. 20 ст. ў сувязі з паскораным тэмпам росту гар. насельніцтва пачалася т.зв. «гарадская рэвалюцыя». Працэс У. ў свеце мае 3 стадыі. 1-я стадыя — перыяд буйной прамысл. вытв-сці, канцэнтрацыя насельніцтва з хуткім яго ростам у гарадах, масавы адток сельскага насельніцтва ў гарады. Эканамічна развітыя краіны прайшлі гэту стадыю, цяпер яна найб. ярка выражана ў дзяржавах, якія развіваюцца. 2-я стадыя (субурбанізацыя) — працэс росту і развіцця прыгараднай зоны буйных гарадоў, фарміравання гар. агламерацый; характарызуецца больш высокімі тэмпамі росту насельніцтва прыгарадаў і гарадоў-спадарожнікаў. У развітых краінах адбываецца суперурбанізацыя (тэндэнцыя да павелічэння колькасці паверхаў гар. будынкаў) і гіперурбанізацыя (бескантрольнае развіццё гар. паселішчаў, перагрузка прыроднага ландшафту з парушэннем экалагічнай раўнавагі і паяўленне мегалопалісаў і мегасіці (гарады з насельніцтвам больш за 10 млн.чал.). Доля вял. гарадоў у свеце ў 20 ст. павялічылася з 1,7% да 33%. У канцы 20 ст. іх налічваецца 330 (больш за 15% насельніцтва свету і 30% усіх гараджан). 3-я стадыя характарызуецца зніжэннем колькасці агламерацый. што ўласціва для краін постіндустрыяльнага развіцця. Паводле сукупнасці фактараў у асобных краінах вылучаюць тыпы У.: індустрыяльны; комплексны (на аснове інтэграцыі функцый); несапраўдны (неадпаведнасць тэмпаў росту гар. насельніцтва маштабам развіцця эканам. базы гарадоў) і сервісны. Прасторавыя варыянты У. — метрапалізацыя (працэс сканцэнтраваны ў адзіным цэнтры краіны — метраполісе, у большасці выпадкаў у сталіцы); рэгіяналізацыя (сканцэнтравана ў рэгіянальных цэнтрах — рэгіяполісах); мегалопалізацыя (ахоплівае некалькі суседніх гарадоў, урбанізуюцца паміж імі тэрыторыі, цэнтры зрастаюцца ў адзіны урбанізаваны арэал — мегалопаліс). Прасторавая дыферэнцыяцыя працэсу У. вельмі вялікая. Асн. рэгіёны У.: ЗША, Зах. Еўропа, Японія, Усх. і Паўд. Азія, Лац. Амерыка. Доля гар. насельніцтва Паўн. Амерыкі складае 78% (Канада — 79, ЗША — 77); Еўропы — 74 (Бельгія — 97, Вялікабрытанія — 90, Германія — 88, Францыя — 76, Італія — 67, Партугалія — 66); Лац. Амерыкі — 76 (Венесуэла — 87, Уругвай — 92, Бразілія — 82, Калумбія — 76, Мексіка — 75, Гаіці — 36); Азіі — 38% (Сінгапур — 100, Кувейт — 96, Ізраіль — 92, Японія — 79, Інданезія — 42, Кітай — 37, Індыя — 28, Бутан — 7). Развіццё сельскіх паселішчаў у выніку ўкаранення некат. гарадскіх форм і ўмоў жыцця спрыяла ўзнікненню сельскай У. — рурурбанізацыі, аграпалізацыі, пашыраных у Індыі, Інданезіі. На Беларусі 109 гарадоў і 104 пасёлкі гар. тыпу. З 1970-х г. адзначаецца паскораны рост гар. насельніцтва з 43,3% да 70,2% (2001).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭАТР У 1920—80-я гады.
Адметная асаблівасць пач. 1920-х г. — арганізацыя дзярж. тэатраў. 14.9.1920 спектаклем «Рысь» паводле апавядання Э.Ажэшкі адкрыўся Бел.дзярж. тэатр, якому ў 1926 нададзена найменне Першага (БДТ-1). 17.9.1920 калектыў паказаў другі спектакль — «Паўлінку» Я.Купалы. Тэатр стаў наследнікам Першага таварыства бел. драмы і камедыі. Яго арганізатарам і кіраўніком стаў Ф.Ждановіч, большасць акцёраў перайшла ў нанова пераўтвораны калектыў. На сцэну былога Мінскага гар. тэатра перанесена ў дапрацаваным выглядзе большасць спектакляў Першага таварыства. У канцы 1921 калектыў узначаліў Е.Міровіч. Тэатр папоўніўся маладымі акцёрамі, з якімі вялася вучэбна-студыйная праца. У калектыў прыйшлі В.Галіна, Г.Глебаў, У.Крыловіч, Б.Платонаў, В.Пола, У.Уладамірскі, якія разам з Г.Грыгонісам, І.Ждановіч, Л.Ржэцкай і інш. склалі выдатнае першае пакаленне тэатра, выхаванае Е.Міровічам. Сярод ягонайб. значных пастановак: «На Купалле» М.Чарота, «Машэка», «Кастусь Каліноўскі», «Каваль-ваявода», «Кар’ера таварыша Брызгаліна» (усе п’есы Е.Міровіча), «Мост» Я.Рамановіча, «Міжбур’е» Дз.Курдзіна, «Гута» Р.Кобеца. Асабліва вылучыўся акцёр магутнага драм. тэмпераменту У.Крыловіч, які выконваў цэнтр. ролі. Тэатр у 1920-я г. прайшоў складаны шлях развіцця: ад жыццёвага праўдападабенства, побытавага рэалізму (пастаноўкі Ф.Ждановіча), праз канструктывізм («Мешчанін у дваранах» Мальера, «Перамога» Е.Міровіча) і рамантычна-ўзнёслую плынь да паглыбленага псіхалагізму (пастаноўкі Е.Міровіча).
10.8.1920 у Мінску спектаклем «Суд» У.Галубка пачала працу Трупа беларускіх артыстаў пад загадам У.Галубка, якая з 1924 называлася Другая бел.дзярж. трупа, з 1926 — Бел.дзярж. вандроўны тэатр, з 1932 — Трэці бел.дзярж. тэатр (БДТ-3). Напачатку акцёрамі ў ім працавалі члены сям’і У.Галубка: жонка Ядвіга Аляксандраўна, дочкі Багуся, Міла і Люся; бел. пісьменнікі І.Барашка, А.Дудар, В.Сташэўскі, М.Чарот і інш. Пазней у калектыў прыйшлі С.Бірыла, К.Быліч, У.Дзядзюшка, А.Згіроўскі і інш., якія набылі шырокую вядомасць і прызнанне. Тэатр наследаваў традыцыі бел.фалькл.сцэн. мастацтва. У рэпертуары пераважалі меладрамы — спектаклі моцных страсцей, адкрытага, бурнага ўсплёску акцёрскага тэмпераменту, яркіх сцэн. фарбаў і эфектаў, і камедыі з узбуйненым і падкрэсленым камізмам, фарсавасцю плошчавага характару. У.Галубок пісаў п’есы спецыяльна для тэатра, ставіў і афармляў іх, а таксама выконваў адказныя ролі. Сярод яго спектакляў меладрамы «Праменьчык шчасця» («Госць з катаргі»), «Бязвінная кроў», «Акрываўлены падатак» («Белы вянок»), «Ганка» («Ні тая, ні другая»), «Апошняе спатканне», «Пан Сурынта»; камедыі «Пісаравы імяніны» («Залёты дзяка»), «Жаніхі» («Марцовыя кавалеры»), «Культурная цешча», «Ветрагоны» («Дваяжэнцы»), Сярод пастановак У.Галубка твораў інш. аўтараў «Паўлінка» Я.Купалы, «Антось Лата» Я.Коласа, «Птушка шчасця», «Чорт і Баба», «Манька», «Цені», «Страхі жыцця» і «Калісь» Ф.Аляхновіча, «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча. Напачатку тэатр абслугоўваў рабочыя ўскраіны Мінска, а потым гарады, мястэчкі, вёскі ўсёй Беларусі. Вёў вялікую культ.-асветную працу. Спектаклі, разлічаныя на нар. масы, карысталіся вялікай папулярнасцю і любоўю: У.Галубок стаў першым нар. артыстам Беларусі (1928).
З выпускнікоў Бел.драм. студыі ў Маскве (1921—26, маст. кіраўнік В.Смышляеў) быў створаны ў Віцебску Другі бел.дзярж. тэатр (адкрыўся 21.11.1926 спектаклем «У мінулы час» І.Бэна). У яго рэпертуар увайшлі пастаноўкі, падрыхтаваныя ў студыі: нар. драма «Цар Максімілян», «Сон у летнюю ноч» У.Шэкспіра, «Апраметная» В.Шашалевіча, «Эрас і Псіхея» Ю.Жулаўскага, «Вакханкі» Эўрыпіда, «Вечар студыйных пастановак» («Гавань» паводле Г. дэ Мапасана, «Цырульнік з Берыягу» М.Мэля і «Чорт і Баба» Ф.Аляхновіча). Спектаклі вызначаліся эксперыментальнасцю, эстэт. вытанчанасцю, тэатр. кідкасцю. Але гэта ў той час не было належным чынам ацэнена, калектыў крытыкавалі за адрыў ад жыцця і скіроўвалі яго на ўвасабленне твораў на сучасную і героіка-рэв. тэматыку. З найб. прыкметных спектакляў пра рэв. мінулае «Каля тэрасы» М.Грамыкі і «Разлом» Б.Лаўранёва.
У 1920-я г. створаны шэраг тэатраў. У агітацыйным кірунку працавалі тэатры рэв. сатыры ў Віцебску (1919—20) і Мінску (1921—22). У 1-й пал. 1920-х г. выступалі паказальныя армейскія тэатры. У 1926 у Мінску з яўр. аддзялення Бел.драм. студыі ў Маскве створаны Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР (маст. кіраўнік М.Рафальскі), які ўвайшоў у лік вядучых калектываў Беларусі. У 1928 пачаў дзейнасць у Бабруйску, з 1935 пераведзены ў Магілёў Дзярж. рускі тэатр БССР (маст. кіраўнік У.Кумельскі, з 1939 Дз.Арлоў). У 1929—36 працаваў Польскі дзярж. вандроўны тэатр БССР і інш. У рэпертуары тэатраў 1930-х г. пераважалі творы савецкіх аўтараў, у большасці схематычныя, невысокай маст. вартасці. Сярод лепшых спектакляў: «Неспакойная старасць» Л.Рахманава (БДТ-1), «Мой сябар» (БДТ-3) і «Чалавек з ружжом» М.Пагодзіна (БДТ-2; у ім П.Малчанаў упершыню на бел. сцэне ўвасобіў вобраз Леніна). Найб. поспех тэатры мелі ў пастаноўках бел. аўтараў, а таксама ў класічнай рускай і заходнееўрапейскай драматургіі. Найб. значныя дасягненні былі ў БДТ-1. У спектаклі «Бацькаўшчына» К.Чорнага глыбока раскрыты акцёрскія дараванні У.Уладамірскага, І.Ждановіч, Г.Глебава. Паэтычнасць праз этнагр. верагоднасць дасягнута ў «Салаўі» З.Бядулі. Асабліва плённым было супрацоўніцтва тэатра з К.Крапівой. У спектаклі паводле яго п’есы «Канец дружбы» грамадзянскай пафаснасцю выканання вылучаўся У.Крыловіч (Карнейчык). «Партызанам» былі ўласцівы шырокі подых, маштабнасць, напоўненасць і шматколернасць масавых сцэн. Класічным стала ўвасабленне сатыр. камедыі «Хто смяецца апошнім» (рэжысёры І.Раеўскі, Л.Рахленка). Узоры акцёрскага майстэрства паказаны ў цэнтр. ролях Г.Глебавым, Л.Рахленкам, Б.Платонавым і ў эпізадычных Л.Ржэцкай, Г.Грыгонісам. К.Крапіва і Г.Глебаў адзначаны Дзярж. прэміяй СССР 1941. Падзеяй стала пастаноўка драмы М.Горкага «Апошнія» (рэж. М.Зораў, дапрацоўка І.Раеўскага). Спектакль вызначаўся глыбокім спасціжэннем драм. твора, ансамблевасцю; для кожнага выканаўцы ён стаў этапным у творчасці. Выдатныя акцёрскія вобразы стварылі У.Уладамірскі, В.Галіна, І.Ждановіч, Б.Платонаў. Бліскучым акцёрскім дуэтам вызначыўся спектакль «Скупы» Мальера: Г.Глебаў (Гарпагон) — Л.Ржэцкая (Фразіна). У БДТ-2 найб. значнымі былі пастаноўкі класічных твораў. З 1936 паспяхова ўвасаблялася драматургія А.Астроўскага, першая з іх «Беспасажніца» (у гал. ролі Р.Кашэльнікава). Сац. змястоўнасць уласціва спектаклю «Мяшчане» М.Горкага. Глыбокім драматызмам адзначана пастаноўка «Зданяў» Г.Ібсена (у ролі Освальда — П.Малчанаў), камед. бляскам — «Лекар паняволі» Мальера (у ролі Сганарэля — А.Ільінскі). Плённым у творчасці тэатра быў зварот дабел. драматургіі. Ажыццёўлена пастаноўка «Вечара беларускіх вадэвіляў», куды ўвайшлі «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Паўлінка» і «Прымакі» Я.Купалы. Упершыню ўвасоблены п’есы Я.Коласа «Вайна вайне» і «У пушчах Палесся» (у ролі Талаша — А.Ільінскі). Буйны поспех меў спектакль «Несцерка» В.Вольскага (1941, рэж. Н.Лойтар, муз. І.Любана, акцёры А.Ільінскі, Ц.Сяргейчык, А.Трус, Я.Глебаўская, З.Канапелька; Дзярж. прэмія СССР 1946), які на дзесяцігоддзі стаў своеасаблівай візіткай тэатра. У БДТ-3 сярод пастановак бел. твораў вылучаліся «Контратака» Дз.Курдзіна і «Сяржант Дроб» Э.Самуйлёнка (рэж. абодвух К.Саннікаў). Аднак у 1937 тэатр быў закрыты.
У 1930-я г. колькасць тэатраў павялічылася. У 1931 адкрыты Тэатр юнага гледача БССР (арганізатар і маст. кіраўнік М.Кавязін). У 1937 калектыў узначаліў Е.Міровіч, папоўнена яго акцёрская трупа, павысіўся маст. ўзровень спектакляў. Найб. значны з іх — «Цудоўная дудка» В.Вольскага. З канца 1920-х г. і да сярэдзіны 1930-х г. на Беларусі быў пашыраны т. зв. трамаўскі рух: стварэнне тэатраў рабочай моладзі — напаўпрафесійных агіт.-прапагандысцкіх калектываў. Асноўны з іх — Бел. трам, які працаваў у Мінску з 1929. У 1934 ён перарос у прафес. калектыў, у 1937 расфарміраваны. Трамы таксама існавалі ў Віцебску, Гомелі, Барысаве, Бабруйску, Полацку, Мазыры. Для абслугоўвання пераважна сельскіх гледачоў з 2-й пал. 1930-х г. ствараліся калгасна-саўгасныя тэатры. Яны працавалі ў Барысаве, Мазыры, Слуцку, Полацку, Рагачове, Бабруйску, Лепелі, Заслаўі, Рэчыцы, Дзяржынску. Былі адкрыты абласныя бел. тэатры — Палескі імя Я.Купалы ў Мазыры (1938) і Пінскі (1939), рускія — у Гомелі (1939), Брэсце (1940) і Баранавічах (1940). У 1939 у Гомелі пачаў працу Дзярж. тэатр лялек БССР. У Зах. Беларусі існавалі аматарскія калектывы, якія ставілі драм. творы Я.Купалы, У.Галубка, Ф.Аляхновіча і інш. Аматарскія і паўпрафесійныя бел. тэатры таксама працавалі ў Літве (Вільня) і Латвіі (Рыга і Даўгаўпілс). Акцёрскія кадры перыядычна рыхтавалі ў студыях пры тэатрах БДТ-1, БДТ-2 і інш. У 1931—32 працаваў Бел. тэхнікум сцэн. мастацтва. У 1939 пад кіраўніцтвам Е.Міровіча арганізавана Тэатр. вучылішча.
З пачаткам Вял.Айч. вайны буйнейшыя тэатр. калектывы эвакуіраваны ў далёкі тыл: БДТ-1 — у Томск, БДТ-2 — ва Уральск, з 1943 у Арэхава-Зуева, Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР — у Новасібірск. У 1943 аднавіў дзейнасць Дзярж. рускі тэатр БССР як франтавы калектыў з базай у Маскве. Іншыя драм. тэатры распаліся. У складаных ваенных умовах эвакуацыі тэатры працягвалі плённую дзейнасць. БДТ-1 адкрыў сезон у Томску спектаклем «Партызаны», які выконваўся на бел. мове і гучаў вельмі надзённа. Сярод новых пастановак аб сучасных ваенных падзеях — «Фронт» А.Карнейчука і «Рускія людзі» К.Сіманава. Паспяхова ўвасоблены класічны твор А.Астроўскага «Позняе каханне». Падзеяй стаў спектакль «Паўлінка» Я.Купалы (першапачаткова ішоў пад назвай «Вечар камедый», непрацяглы час разам выконваліся і «Прымакі» Я.Купалы), прэм’ера якога адбылася 23.5.1944. Спектакль, пастаўлены Л.Літвінавым, стаў своеасаблівай візіткай тэатра. Праз яго прайшлі многія славутыя выканаўцы: Б.Платонаў, Г.Глебаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Р.Кашэльнікава, І.Шаціла. БДТ-2 ва Уральску адкрыў сезон 1941—42 спектаклем «Несцерка». За ваенны час стварыў шэраг значных спектакляў: «Проба агнём» К.Крапівы, «Нашэсце» Л.Лявонава, «Ягор Булычоў і іншыя» М.Горкага. Тэатры праводзілі гастролі: БДТ-1 па Нарымскім краі, БДТ-2 у Маскве. Артысты выступалі з канцэртамі, чытаннем маст. твораў перад салдатамі, якія накіроўваліся на фронт, перад параненымі ў шпіталях, на фабрыках і заводах. Арганізоўваліся франтавыя тэатр. брыгады (ад БДТ-1 у 1943 пад кіраўніцтвам Г.Глебава і ў 1944 пад кіраўніцтвам У.Уладамірскага, ад БДТ-2 у 1944 пад кіраўніцтвам П.Малчанава, ад Дзярж. яўрэйскага тэатра БССР у 1943), якія выступалі са спектаклямі і канцэртамі на пярэдніх рубяжах баёў. З тэатр. дзеячаў, якія не эвакуіраваліся, у 1941 быў арганізаваны Менскі бел. гарадскі тэатр (дзейнічаў з перапынкамі да лета 1944). Тэатр працаваў у складаных умовах акупацыйнага рэжыму. Ставіліся оперы, балеты, драм. спектаклі [«Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча, «Міхалка» Далецкіх, «Шчаслівы муж», «На Антокалі» і «Пан міністар» Ф.Аляхновіча, «Загубленае жыццё» Т.Лебяды, «Каварства і каханне» Ф.Шылера, «Патанулы звон» Г.Гаўптмана, «Карчмарка» К.Гальдоні, «Лялечны дом» («Нора») І.Ібсена і інш.]. У партыз. атрадах і злучэннях наладжваліся канцэртныя выступленні. Пасля вызвалення Беларусі ад фаш. акупацыі з эвакуацыі вярнуліся БДТ-1 і БДТ-2, якім 21.12.1944 нададзена адпаведна імя Я.Купалы і Я.Коласа. Дзярж. рускі тэатр БССР у 1944 распачаў працу ў Магілёве, з 1945 — у Гродне, з 1947 — у Мінску. У 1944 аднавіў дзейнасць абласны тэатр у Пінску, у 1954 ён пераведзены ў Магілёў. З 1947 у Гродне працуе абласны тэатр (пераведзены з Бабруйска), з 1950 у Мінску Дзярж. тэатр лялек БССР (у 1956—86 гал. рэжысёр Ан.Ляляўскі). Створаны новыя тэатры: абласныя Брэсцкі (1944) і Гомельскі (1954), Бел. рэспубліканскі юнага гледача (1956), Бабруйскі (1956, меў розныя назвы). З 1946 аднавіў працу ў Мінску Дзярж. яўрэйскі тэатр БССР, у якім выкананнем вылучаліся акцёры Ю.Арончык, М.Моін, М.Сокал, А.Трэпель. У 1949 у выніку вострай афіц. крытыкі тэатр закрыты. У 1945 адкрыты Бел.тэатр. інстытут (з 1953 тэатр.-маст., з 1999 Бел.АМ), які рыхтуе акцёраў, з 1958 — і рэжысёраў, з 1962 — і тэатразнаўцаў. Уклад у падрыхтоўку тэатр. кадраў зрабілі Е.Міровіч, К.Саннікаў, Дз.Арлоў, В.Галіна, І.Ждановіч, У.Маланкін, У.Няфёд. Пры Бел. тэатры імя Я.Купалы і Бел. тэатры імя Я.Коласа з 1945 да 1960-х г. перыядычна набіраліся акцёрскія студыі.
У 1940—50-я г. тэатры працягвалі распрацоўваць тэматыку Вял.Айч. вайны. Буйнейшы спектакль — «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона ў Бел. тэатры імя Я.Купалы (рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, Г.Глебаў, І.Ждановіч; Дзярж. прэмія СССР 1948). Значнымі дасягненнямі адзначаны пастаноўкі «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча ў Брэсцкім абл., Дзярж.рус. тэатры, «Глыбокая плынь» паводле І.Шамякіна ў Гомельскім тэатры, «Людзі і д’яблы» К.Крапівы ў тэатрах імя Я.Купалы і імя Я.Коласа. Сярод спектакляў на тагачасную тэматыку паэтычнасцю, лірызмам вылучаліся «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы (Дзярж. прэміяй СССР 1952 адзначаны рэж. К.Саннікаў, акцёры Б.Платонаў, У.Дзядзюшка, Л.Ржэцкая, В.Пола, Л.Драздова) і «Шчасце паэта» В.Віткі (у ролі Я.Купалы — І.Шаціла) у тэатры імя Я.Купалы, «Алазанская даліна» К.Губарэвіча і І.Дорскага (рэж. М.Міцкевіч) у тэатры імя Я.Коласа. Падзеяй стаў прыход у драматургію А.Макаёнка і яго супрацоўніцтва з тэатрамі, асабліва з калектывам тэатра Я.Купалы: спектакль «Выбачайце, калі ласка!», скіраваны супраць паказухі, кар’ерызму, вызначаўся баявітасцю, грамадзянскай страснасцю. Фалькл. насычанасцю, нар. самабытнасцю вылучаліся спектаклі «Папараць-кветка» і «Над хвалямі Серабранкі» І.Козела ў тэатры юнага гледача (рэж. абодвух Л.Мазалеўская). Адметныя набыткі дасягнуты ва ўвасабленні твораў У.Шэкспіра: «Рамэо і Джульета» ў тэатры імя Я.Купалы, «Гамлет» у тэатры імя Я.Коласа, «Кароль Лір» у Дзярж.рус. тэатры. З інш. значных спектакляў: «Даходнае месца» А.Астроўскага і «Нора» Г.Ібсена ў тэатры імя Я.Купалы, «Рэвізор» М.Гогаля ў тэатры імя Я.Коласа, «Варвары» М.Горкага, «Аптымістычная трагедыя» У.Вішнеўскага ў Дзярж.рус. тэатры, «Ветрык, вей!» Я.Райніса ў Брэсцкім тэатры. Новае сцэн. жыццё далі акцёры тэатра Я.Коласа драме Я.Купалы «Раскіданае гняздо» (рэж. А.Скібнеўскі), маштабнасцю, шырокім дыханнем вызначаўся спектакль «Навальніца будзе» А.Звонака паводле «На ростанях» Я.Коласа. У першае пасляваеннае дзесяцігоддзе тэатры прытрымліваліся стылістыкі, якая сцвердзілася на сцэне ў 1930-я г.: перадача жыццёвай верагоднасці падзей і ўчынкаў герояў, іх псіхалагічная і побытавая апраўданасць, дзе тэатр. формы максімальна набліжаліся да рэалій. У 2-й пал. 1950-х г. пачаліся пошукі новай стылістыкі, выяўленчых тэатр. сродкаў. Гэта найперш звязана са спектаклямі на купалаўскай сцэне рэжысёра Б.Эрына: «Ліса і вінаград» Г.Фігейрэду, «Забыты ўсімі» Назыма Хікмета, «Трэцяя, патэтычная» М.Пагодзіна, вырашанымі ва ўмоўна-сцэнаграфічнай, метафарычна ўзбуйненай форме, з гранічна абвостраным, экспрэсіўным выяўленнем пачуццяў герояў. У 1960—80-я г. пошукі выразных сцэн. сродкаў і форм працягвалі рэжысёры новага пакалення — В.Раеўскі, Б.Луцэнка, В.Мазынскі, М.Пінігін, Р.Баравік, В.Маслюк, У.Караткевіч. У 1960-я г. высокага майстэрства дасягнулі акцёры ў спектаклях тэатра імя Я.Купалы — «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка (Б.Платонаў, З.Стома, Г.Макарава, П.Малчанаў), «Жывы труп» Л.Талстога (Б.Платонаў), «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага (Г.Глебаў), «У мяцеліцу» Л.Лявонава (Л.Рахленка, І.Шаціла, Л.Ржэцкая), «Я, бабуся, Іліко і Іларыён» Н.Думбадзе і Р.Лордкіпанідзе (С.Станюта, А.Мілаванаў, П.Кармунін, У.Дзядзюшка), «Людзі на балоце» паводле І.Мележа (Л.Давідовіч, Г.Гарбук); тэатра імя Я.Коласа — «Клоп» У.Маякоўскага (Ф.Шмакаў, З.Канапелька), «Улада цемры» Л.Талстога (Г.Маркіна, Г.Бальчэўская, С.Акружная, Л.Трушко, Ф.Шмакаў, Т.Кокштыс, Я.Глебаўская, Л.Пісарава, А.Трус); тэатра юнага гледача — «На ўсіх адна бяда» П.Макаля (М.Пятроў), «З любімымі не расставайцеся» А.Валодзіна (В.Лебедзеў). У пач. 1960-х г. тэатр імя Я.Купалы перажываў складаны працэс змены акцёрскіх пакаленняў. У тэатры імя Я.Коласа такі працэс адбываўся пазней — з 2-й пал. 1960-х г. Але паступова склаліся новыя пакаленні: Г.Аўсяннікаў, Г.Гарбук, Л.Давідовіч, П.Дубашынскі, М.Захарэвіч, А.Мілаванаў, А.Памазан, Г.Талкачова, В.Тарасаў, М.Яроменка і інш. ў тэатры імя Я.Купалы; С.Акружная, Г.Дубаў, Т.Кокштыс, У.Куляшоў, Г.Маркіна, Л.Трушко і інш. ў тэатры імя Я.Коласа.
На развіццё акцёрскага і рэжысёрскага мастацтва 1970—80-х г. станоўча паўплывала бел. драматургія: п’есы Я.Купалы «Раскіданае гняздо» і К.Крапівы «Брама неўміручасці» (тэатр імя Я.Купалы), А.Макаёнка «Трыбунал» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Магілёўскі драмы і камедыі ў Бабруйску, Брэсцкі, Гродзенскі), «Зацюканы апостал» і «Таблетку пад язык» (тэатры імя Я.Купалы і імя Я.Коласа), «Пагарэльцы» (тэатр імя Я.Купалы), М.Матукоўскага «Амністыя» (тэатры Я.Купалы і Я.Коласа, Гродзенскі, Магілёўскі), «Мудрамер» (тэатр імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія Беларусі 1987), А.Петрашкевіча «Напісанае застанецца» («Францыск Скарына») (тэатры імя Я.Купалы, Гродзенскі), «Трывога» (тэатры імя Я.Коласа, Гродзенскі), «Соль» (Дзярж.рус. тэатр Беларусі), У.Караткевіча «Званы Віцебска» і «Кастусь Каліноўскі» (тэатр імя Я.Коласа), «Калыска чатырох чараўніц» (Тэатр юнага гледача), І.Чыгрынава «Плач перапёлкі» (тэатр імя Я.Купалы), А.Дударава «Парог» (тэатры імя Я.Купалы і Я.Коласа, Брэсцкі), «Вечар» (тэатры імя Я.Коласа, Дзярж. прэмія Беларусі 1986; імя Я.Купалы, Брэсцкі, Гомельскі), «Радавыя» (тэатры імя Я.Купалы, Дзярж. прэмія СССР 1985; імя Я.Коласа), «Апошні шанц» В.Быкава і «Страсці па Аўдзею» У.Бутрамеева (тэатр імя Я.Купалы). У 1960—80-я г. створаны новыя тэатры. У 1970 адкрыты Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску, у 1982 — Тэатр-студыя кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм», у 1984 — Дзярж. маладзёжны тэатр у Мінску, у 1989 Слонімскі бел.драм.тэатр. У абласных гарадах арганізаваны лялечныя калектывы: у Брэсце і Гомелі (абодва 1968), Магілёве (1976), Гродне (1981), Бел. тэатр «Лялька» ў Віцебску (1985). З 2-й пал. 1980-х г. пачаўся студыйны рух, які ўтварыў новую плынь у тэатр. мастацтве. У студыях працавалі рэжысёры В.Баркоўскі, В.Грыгалюнас, У.Савіцкі, Р.Таліпаў, М.Трухан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСК,
горад абл. падпарадкавання Беларусі, цэнтр Бабруйскага р-на. За 110 км ад абл. цэнтра — г. Магілёў. Вузел чыгунак на Асіповічы, Жлобін, Акцябрскі і аўтадарог на Мінск, Гомель, Магілёў, Калінкавічы, Слуцк, Рагачоў. Порт на р. Бярэзіна. 227,1 тыс.ж. (1995).
Паселішча чалавека на месцы горада існавала ўжо ў канцы 3-га — 2-м тыс.да нашай эры; на рубяжы нашай эры дзейнічаў водны шлях па Бярэзіне. У 6—7 ст. тут існавала слав. паселішча, з 11 ст. — дрыгавічоў. Першае пісьмовае ўпамінанне Бабруйска (летапісны Бобровск, Бобруеск, Бобрусек) адносіцца да 1387. Цэнтр воласці ў ВКЛ, меў магдэбургскае права. У 14 ст. пабудаваны Бабруйскі замак. У 1503—05 спустошаны крымскімі татарамі, у 1506 вытрымліваў аблогі кн. М.Глінскага. З 1565 у Рэчыцкім пав.; уладанне вял. князя, потым Радзівілаў, Гаштольдаў, Трызнаў. Хутка рос у 16—17 ст. У 1620 меў 15 вуліц, 409 двароў, 75 крам, млын, царкву, касцёл, з 1630 тут дзейнічала Бабруйская езуіцкая гімназія. У антыфеад. вайну 1648—51 значна пацярпеў у час аблогі і штурму войскамі гетмана Я.Радзівіла (гл.Бабруйска абарона 1649). Разбурэнні ў час войнаў сярэдзіны 17 — пач. 18 ст. прывялі горад у заняпад. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр Бабруйскага павета. У 1796 Бабруйску нададзены герб: у сярэбраным полі карабельная мачта і 2 перакрыжаваныя бервяны. У вайну 1812 значныя сілы франц. войскаў адцягнула Бабруйскай крэпасці абарона 1812. З Бабруйскам звязаны падзеі дзекабрысцкага руху (гл.Бабруйскі план дзекабрыстаў 1823). Развіццю горада спрыяла пракладка шашы Масква—Варшава (1848) і Лібава-Роменскай чыгункі (1873). У 1897 у горадзе 34,3 тыс. ж, 19 фабрык і з-даў. Тут адбылося Бабруйскае выступленне салдатаў 1905. У 1916—19 працавала Бабруйская жаночая настаўніцкая семінарыя. У студз. 1918 заняты войскамі Ю.Доўбар-Мусніцкага, у маі—ліст. германскімі, у жн. 1919 — ліп. 1920 польск. войскамі. У 1924 створаны Бабруйскі краязнаўчы музей. З 1924 цэнтр Бабруйскай акругі, з 1927 — Бабруйскага раёна. З 1938 горад абл. падпарадкавання. У перадваенныя гады адзін з буйных прамысл. і культ. цэнтраў БССР. З 28.6.1941 да 29.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі тут Бабруйскі лагер смерці, загубілі ў Бабруйску і наваколлі каля 100 тыс. грамадзян. Дзейнічала Бабруйскае патрыятычнае падполле. Вызвалены ў ходзе Бабруйскай аперацыі 1944. У 1944 — 28 тыс.ж. У 1944—54 цэнтр Бабруйскай вобласці. У 1959 каля 97,5 тыс.ж.
Хім.прам-сць: вытв. аб’яднанні: «Бабруйскгідролізпрам», Беларускі шынны камбінат, завод «Беларусьгуматэхніка»; маш.-буд. і металаапр.прам-сць; Бабруйскі завод сельскагаспадарчага машынабудавання, Бабруйскі завод трактарных дэталяў і агрэгатаў, Бабруйскі доследна-механічны завод, з-ды вагавымяральных прылад, аўтатрактарных дэталяў і інш. Лёгкая прам-сць: Бабруйская футравая фабрыка, Бабруйская фабрыка мастацкіх вырабаў, Бабруйскі гарбарны камбінат і камбінат нятканых матэрыялаў; ф-кі швейная, валюшна-лямцавая, трыкатажная, абутковая, люстраная. Харч.прам-сць: мясакамбінат, камбінат хлебапрадуктаў; Бабруйская кандытарская фабрыка «Чырвоны харчавік», з-ды малочны, маслабойны, кансервавы і інш. Самае вялікае на Беларусі вытв.дрэваапр. аб’яднанне; вытв-сцьбуд. матэрыялаў: Бабруйскі фанерна-дрэваапрацоўчы камбінат, Бабруйскі камбінат будаўнічых матэрыялаў, з-ды буйнапанэльнага домабудавання, зборнага жалезабетону. ЦЭЦ. Тэхнікумы: аўтатрансп., лесатэхн., механіка-тэхнал., сельскагаспадарчы (пра кожны гл. асобны артыкул); мед. вучылішча і Бабруйскае вучылішча алімпійскага рэзерву. Бальнеагразевы курорт Бабруйск.
Паводле інвентара 1638, Бабруйск меў плошчу 6,75 га на правабярэжжы Бярэзіны. На ўзвышшы размяшчаўся замак, каля ракі — касцёл Пятра і Паўла і царква Мікалая, на вул. Падольнай — Бабруйскі «каралеўскі двор», на вул. Свіслацкай — дом езуітаў, каралеўскі сад, паміж вул. Прудовай і Кісялёўскай — царква Прачыстай Багародзіцы, на вул. Ільінскай — царква Ільі Прарока, на вул. Капыльнічавай — замкавы гасціны дом. Першы праектны план Бабруйска складзены ў 1800, паводле яго горад забудоўваўся да 1810. Развіццё арх.-планіровачнай структуры звязана з буд-вам у Бабруйску (1807—36) на месцы гіст. цэнтра адной з самых моцных у Расіі Бабруйскай крэпасці. У канцы 19 — пач. 20 ст. цэнтр горада забудаваны мураванымі будынкамі (жаночая гімназія, банкі, асабнякі, жылыя дамы), у якіх выявіліся рысы стыляў несапраўднай готыкі, псеўдарускага, неабарока, неакласіцызму, мадэрн. У 1920—30-я г. Бабруйск развіваўся па традыцыйнай радыяльна-паўкальцавой схеме на тэр.б. фарштатаў вакол крэпасці і ўздоўж асн. магістраляў — вуліц Мінскай, Рагачоўскай. Пабудаваны дом-камуна, «Дом калектыву», адм. будынкі, у якіх выявіліся рысы канструктывізму, выкарыстаны элементы класічнай спадчыны. У 1960—70-я г. забудоўваўся паводле генплана 1966. Кампазіцыйным ядром застаецца крэпасць, на перакрыжаванні вуліц Савецкай і Горкага — адм. цэнтр горада з Домам Саветаў. Паводле генплана 1978 кампазіцыйная вось горада — р. Бярэзіна, галоўная — вул. Горкага з новым грамадскім цэнтрам. Вызначаны планіровачныя раёны Цэнтр., Паўн., Паўд. і новы Усходні (в. Цітаўка на левым беразе р. Бярэзіна); прадугледжана інтэнсіўнае жыллёвае буд-ва ў Паўн. раёне, стварэнне паркаў і сквераў уздоўж р. Бярэзіна.
Першыя звесткі пра тэатр. жыццё ў Бабруйску адносяцца да 18 ст. і звязаны з дзейнасцю Бабруйскага школьнага тэатра. У 1852 мінскія аматары паказвалі ў Бабруйску п’есу «Сялянка» В.Дуніна-Марцінкевіча, пазней гастраліравалі польск., яўр., рус.тэатр. трупы. У Бабруйску пачыналі творчую дзейнасць рус. акцёры М.Савіна і В.Далматаў. У 1918 арганізаваны Рус.нар.т-р пад кіраўніцтвам А.Пакрасава. У 1920 сфарміраваны Другі паказальны тэатр. У 1932 тут створаны Дзярж.рус.драм.т-рБССР (гл.Дзяржаўны акадэмічны рускі драматычны тэатр Беларусі), у 1935 — Т-р рабочай моладзі, у 1938 — калгасна-саўгасны т-р, у 1944 — Бабруйскі абласны драматычны тэатр, у 1956 — Бабруйскі вандроўны беларускі драматычны тэатр. З 1970 у Бабруйску дзейнічае Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча. У 1892 у Бабруйску засн.муз.-драм. гурток, з 1921 працавала нар. кансерваторыя, у 1927 створана муз. школа, пачатак дзейнасці якой звязаны з імем Я.Цікоцкага (цяпер носіць яго імя). У 1944—49 працаваў т-рмуз. камедыі, з 1962 Бабруйскі музычна-драматычны тэатр, рэарганізаваны ў Магілёўскі абласны тэатр музычнай камедыі. На 1995 г. ў Бабруйску 2 муз. школы, шматлікія самадз. калектывы. У горадзе Музей народнай творчасці Беларусі, краязнаўчы музей, выставачная зала. Здаўна вядомы традыцыйныя ганчарныя вырабы майстроў з Бабруйску (гл.Бабруйская кераміка). Помнікі: С.М.Халтурыну, В.З.Харужай, воінам 1-га Бел. фронту — вызваліцелям Бабруйска ад ням. фашыстаў. Брацкія магілы падпольшчыкаў і воінаў грамадз. вайны, ваен. інтэрвенцый, сав. воінаў і партызанаў, магілы ахвяраў фашызму Вял.Айч. Вайны.
Цэнтральная плошча ў Бабруйску.Гасцініца «Юбілейная» ў Бабруйску.Даарт.Бабруйск. Асабняк на вул. Пушкіна. 1912.Помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў у Бабруйску.