ВА́РМІНГ ((Warming) Іаганес Эўгеніус) (3.11.1841, в-аў Манё, Данія — 2.4.1924),

дацкі батанік-эколаг і сістэматык; адзін з заснавальнікаў экалагічнай геаграфіі раслін і вучэння пра жыццёвыя формы. Праф. Капенгагенскага ун-та (1885—1911) і дырэктар Бат. саду ў Капенгагене. Навук. працы па вывучэнні разнастайных марфал. прыстасаванняў раслін да ўмоў існавання. Аўтар кн. «Сістэматыка раслін» (1879, рус. пер. 1893), «Расліна і яе жыццё» (1900, рус. пер. 1904).

т. 4, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭКАНДО́ЛЬ ((de Candolle) Альфонс) (27.10.1806, Парыж — 4.4.1893),

швейцарскі батанік; заснавальнік гіст. навуказнаўства. Замежны чл.-кар. Пецярб. АН (1858). Сын А.П.Дэкандоля. Праф. (1835) і дырэктар Бат. сада Жэнеўскага ун-та (у 1835—49). Навук. працы па гіст. геаграфіі раслін і пытаннях пра паходжанне культ. раслін. Завяршыў выданне «Увядзення ў натуральную сістэму царства раслін» (т. 8—17, 1844—74), пачатую яго бацькам. Ініцыятар распрацоўкі Міжнар. кодэкса бат. наменклатуры.

т. 6, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́НЫ (ад лац. collido сутыкаць варожа),

арганічныя рэчывы, якія выдзяляюцца вышэйшымі раслінамі і прыгнятальна ўздзейнічаюць на інш. віды вышэйшых раслін; адна з груп біялінаў — актыўных прадуктаў жыццядзейнасці раслін і жывёл. К. належаць да інгібітараў, якія пераважаюць сярод фіталінаў. Да К. адносяць, напр., газ этылен, што выдзяляюць плады яблыні, ён затрымлівае прарастанне насення і развіццё многіх відаў раслін; арэх і дуб сваімі выдзяленнямі прыгнечваюць травяную расліннасць пад кронай.

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ХТЭР (Андрэй Аляксандравіч) (15.8.1871, г.п. Кураўской Калужскай вобл, Расія — 9.4.1947),

расійскі вучоны ў галіне батанікі і фізіялогіі раслін. Акад. АН СССР (1932; чл.-кар. 1929), акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1893) і працаваў у ім. З 1917 праф. Пермскага, Саратаўскага, Маскоўскага ун-таў. У 1934—38 дырэктар Ін-та фізіялогіі раслін АН СССР. Навук. працы па фотасінтэзе, засуха- і зімаўстойлівасці раслін, устойлівасці іх да засольвання глебы, па біяхіміі тэхн. культур, імунітэце раслін да грыбковых хвароб, па пытаннях браджэння. Распрацаваў метад вызначэння інтэнсіўнасці фотасінтэзу, выкарыстаў перарывістае (мігальнае) святло для вывучэння яго механізму. Эксперыментальна праверыў і ўдасканаліў тэорыю храматычнай адаптацыі В.​Т.​Энгельмана.

т. 13, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКЛЕРАТЫНІЁЗЫ,

хваробы раслін, што выклікаюцца грыбамі, у цыкле развіцця якіх ёсць склероцыі. Найб. шкаданосныя белая гніль агуркоў, морквы, пятрушкі, сельдэрэю, лубіну, фасолі і інш. культур, рак канюшыны (гл. Рак раслін). На Беларусі пашыраны таксама С. азімых збожжавых, узбуджальнік якога (склератынія злакавая) пашкоджвае жыта, пшаніцу, цімафееўку, лісахвост і інш.

Паразіт заражае пасевы азімых увосень і зімуе ў тканках раслін у выглядзе грыбніцы. Вясной на лісці хворых раслін паяўляецца шараваты, камякаваты налёт міцэлію. Пазней унутры сцёблаў пад эпідэрмісам і каля асновы лісця ўтвараюцца склероцыі, якія ўвосень прарастаюць і заражаюць пасевы азімых.

Склератыніёзы: 1 — жыта: 2 — фасолі; 3 — морквы; 4 — буракоў; 5 — сельдэрэю: 6 — цімафееўкі.

т. 14, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАРО́ДКАВЫ МЯШО́К,

цэнтральная частка семязавязі кветкавых раслін, у якой развіваецца яйцаклетка і адбываецца двайное апладненне, палавое пакаленне пакрытанасенных раслін — жаночы гаметафіт. Пасля двайнога апладнення з З.м. развіваецца зародак расліны і эндасперм.

т. 6, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАЖА́НКІН (Іван Мікалаевіч) (28.8.1848, г. Варонеж, Расія — 20.11.1904),

рускі батанік; заснавальнік параўнальна-эмбрыялагічнага кірунку ў батаніцы і навук. школы марфолагаў раслін. Праф. (1881). Скончыў Маскоўскі ун-т (1871). Працаваў у ім з 1875. Навук. працы па апладненні ў зялёных водарасцей і голанасенных раслін. Распрацаваў сістэму расліннага свету. Вызначыў паняцце археганіяльных раслін (мохападобныя, папарацепадобныя, голанасенныя).

Літ.:

Мейер К.И. И.​Н.​Горожанкин и его роль в развитии русской ботаники (1848—1904). М., 1966.

т. 5, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕМЕРАФО́БЫ [ад грэч. hemeros ручны, прыручаны, культурны + ...фоб(ы)],

1) віды жывых арганізмаў, якія пазбягаюць згуртаванняў культ. раслін. Вял. колькасць гемерафобаў — біяіндыкатары ўмоў навакольнага асяроддзя.

2) Віды жывёл і раслін, што зніклі ці знікаюць у выніку ўздзеяння чалавека на прыроднае асяроддзе і расліннасць. У шэрагу выпадкаў патрабуюцца спец. меры іх аховы ў мэтах захавання генафонду. У флоры Беларусі пад уплывам меліярацыі гемерафобы знікаюць (напр., асобныя віды балотных раслін). Гл. таксама Гемерафілы.

т. 5, с. 148

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕРА́РЫУС ((Camerarius) Рудольф Якаб) (12.2.1665, г. Цюбінген, Германія — 11.9.1721),

нямецкі батанік і ўрач. Праф. Цюбінгенскага ун-та і дырэктар універсітэцкага бат. саду (1688). Эксперыментальна абгрунтаваў наяўнасць полу ў раслін, вызначыў тычынкі як мужчынскія, а песцікі як жаночыя палавыя органы. Зрабіў шэраг доследаў над двухдомнымі і аднадомнымі раслінамі і прыйшоў да высновы пра наяўнасць у іх палавой дыферэнцыроўкі, адзначыў магчымасць апладнення раслін аднаго віду пылком іншага віду, пашыранасць гермафрадытызму ў свеце раслін.

т. 7, с. 521

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУТА́ЦЫІ (ад лац. nutatio ваганне, калыханне),

кругавыя або вагальныя рухі органаў раслін. Уласцівы кветаносам, лісцю, караням, калеоптылям, сталонам і інш. органам вышэйшых, а таксама спарангіяносцам ніжэйшых раслін. Кругавыя Н. абумоўлены нераўнамерным ростам розных ч. органаў (рухі росту). Выражаны ў сцёблаў і вусікаў павойных і лазячых раслін. Хістальныя і кругавыя Н. органаў, што спынілі рост, напр., лісця і прылісткаў, адбываюцца ў выніку паслядоўных змен тургару ў клетках лісцевых сучляненняў.

т. 11, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)