МІ́НІН (Уладзімір Мікалаевіч) (н. 10.1.1929, С.-Пецярбург),

расійскі харавы дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Малдовы (1961). Нар. арт. Расіі (1978). Нар. арт. СССР (1988). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1950). Вучань У.Сакалова, А.Свешнікава. У 1949—50 і 1954—57 хормайстар Дзярж. хору СССР, у 1958—63 — малд. хар. капэлы «Дойна», у 1965—67 — Ленінградскай акад. капэлы. Арганізатар і кіраўнік Маскоўскага акад. камернага хору, з 1987 адначасова гал. дырыжор і маст. кіраўнік Дзяржаўнага акадэмічнага рускага хору. Выкладаў у Маскоўскай і Новасібірскай кансерваторыях, кішынёўскім Ін-це мастацтваў, з 1967 выкладае ў Рас. акадэміі музыкі (з 1978 праф., у 1971—79 рэктар). Дзярж. прэмія СССР 1982.

т. 10, с. 386

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУХА́НАЎ (Павел Аляксандравіч) (17.1.1798—28.12.1871),

расійскі дзярж. і вайсковы дзеяч, гісторык. Правадз. тайны саветнік, чл. Дзярж. савета (1861). Вучыўся ў Маскоўскім ун-це і Школе калонаважатых. З 1815 служыў у Генштабе. Удзельнік рус.-тур. вайны 1828—29, задушэння паўстання 1830—31 у Польшчы, Літве і Беларусі. У 1834 пакінуў вайсковую службу, заняўся публікацыяй рукапісаў, якія набыў у Польшчы. З 1842 віцэ-прэзідэнт Савета нар. адукацыі ў Польскім каралеўстве, з 1844 папячыцель Варшаўскай навуч. акругі, з 1856 гал. дырэктар урадавай камісіі ўнутр. і духоўных спраў. З 1869 старшыня Археаграфічнай камісіі ў Пецярбургу. Апублікаваў шмат дакументаў па гісторыі Польшчы і рас.-польскіх адносінах.

Д.​У.​Караў.

т. 11, с. 43

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯШКО́ (дзявочае Вараб’ёва) Ніна Канстанцінаўна

(н. 31.5.1917, в. Мадахава Цвярской вобл., Расія),

расійскі харавы дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1980). Скончыла Маскоўскую кансерваторыю (1945). Кіравала самадз. нар. харамі. З 1956 хормайстар Хору рус. песні Усесаюзнага радыё, з 1960 маст. кіраўнік акад. Паўн. рус. нар. хору (Архангельск). У 1945—58 выкладала ў Маскоўскім гар. муз.-пед. вучылішчы, з 1969 у Рас. акадэміі музыкі імя Гнесіных (з 1982 праф.). Паставіла шэраг манум. хар. кампазіцый, у т. л. «Паўночнае ігрышча», «Паморская сюіта», «Пячорскія бяседы». Аўтар хар. твораў і апрацовак нар. песень для хору, артыкулаў па пытаннях хар. мастацтва. Дзярж. прэмія Расіі імя М.​І.​Глінкі 1968.

т. 11, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НОВАСІБІ́РСК,

горад у Расіі, цэнтр Новасібірскай вобл., на р. Об. Узнік у 1893, у 1904—25 наз. Нованікалаеўск. 1367,7 тыс. ж. (1996). Найбольшы горад Сібіры. Прамысл., навук. і культ. цэнтр. Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт, аэрапорт, метрапалітэн. Прам-сць: маш.-буд. (з-ды «Сібэлектрацяжмаш», электратэрмічнага абсталявання і інш.), станкабуд., прыладабуд., радыёэлектронная, авіябудаванне, чорная і каляровая металургія, хім. і хім.-фармацэўтычная, лёгкая, харч.; вытв-сць буд. матэрыялаў. ГЭС. Сібірскае аддзяленне Рас. АН. 16 ВНУ, у т. л. 2 ун-ты, кансерваторыя. 6 тэатраў, у т. л. тэатр оперы і балета. Філармонія. Цырк. Музеі: краязн., геал., заал., гісторыі і культуры народаў Сібіры, карцінная галерэя.

Панарама Новасібірска.

т. 11, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІ ПАВЕ́Т,

адм.-тэр. адзінка на Беларусі ў канцы 18 ст. і ў 1920—40. Створаны ў 1793 у межах Мінскай губ. Рас. імперыі. Цэнтр — г. Нясвіж. Скасаваны 12.12.1796. Зноў утвораны 29.7.1920 у Мінскай губ. БССР. Уключаў 12 валасцей: Гавязнянскую, Гарадзейскую, Грыцэвіцкую, Клецкую, Ланскую, Магільнянскую, Пацейкаўскую, Свержанскую, Сіняўскую, Сноўскую, Цімкавіцкую, Цялядавіцкую. 6.8.1920 да павета далучаны Жухавіцкая і Мірская вол. Навагрудскага пав. З 18.3.1921 у складзе Польшчы, за выключэннем Магільнянскай вол., частак Пацейкаўскай, Цімкавіцкай і Цялядавіцкай вал. З 3.12.1939 у БССР, у Баранавіцкай вобл. 15.1.1940 скасаваны, утвораны Нясвіжскі раён, часткі тэр. павета адышлі ў Ганцавіцкі, Капыльскі, Клецкі, Навагрудскі, Стаўбцоўскі і Уздзенскі р-ны.

т. 11, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗАШКО́ЛЬНАЯ АДУКА́ЦЫЯ,

асветніцкая дзейнасць грамадскіх арг-цый і прыватных асоб, накіраваная на задавальненне адукац. патрэб насельніцтва. Найб. ранняя форма П.а. — нядзельныя школы. У некаторых краінах (Бельгія, Германія, Данія, Францыя і інш.) П.а. атрымала пашырэнне ў 2-й пал. 19 — пач. 20 ст., у Рас. імперыі — у канцы 19 ст. Установы П.а. (народныя універсітэты, нядзельныя і вячэрнія школы, агульнаадук. і прафес. курсы для дарослых, нар. дамы і б-кі і інш.) да 1917 ствараліся на грамадскія і прыватныя сродкі і не ўваходзілі ў дзярж. сістэму нар. адукацыі. Пасля стварэння Галоўпалітасветы (1920) П.а. атрымала назву палітыка-асветнай, потым культ.-асветнай работы (гл. таксама Культурна-асветныя ўстановы).

т. 11, с. 516

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЗІЦЫ́ЙНАЯ ВАЙНА́,

узброеная барацьба, у якой перавага аддаецца працяглай абароне на суцэльных стабільных франтах з мэтай утрымліваць занятыя пазіцыі, назапасіць сілы і сродкі для вырашальных баявых дзеянняў. Пазіцыйная барацьба вядома з даўніх часоў, калі крэпасці (замкі) і ўмацаваныя гарады вытрымлівалі працяглыя (да некалькіх месяцаў і нават гадоў) аблогі. Прыкладам П.в. больш позняга часу з’яўляецца 1-я сусв. вайна: у канцы 1914 на зах. (франц.) і ў канцы 1915 на ўсх. (рас.) франтах. У 2-ю сусв. вайну перавага аддавалася манеўранай вайне. У сучасных умовах, калі развіццё ўсіх сродкаў узбр. барацьбы павысіла магчымасці войск для манеўра, пазіцыйныя формы абароны выкарыстоўваюцца як выключэнне.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСА́Д,

1) гандлёва-рамесніцкая частка феад. горада ў 10—18 ст. (наз. таксама перадграддзе, прадмесце) у Кіеўскай Русі, Рас. дзяржаве і ВКЛ. З часоў Кіеўскай Русі многія П. падзяляліся на канцы 1 сотні, пазней у іх складзе з’явіліся гар. слабоды. Першапачаткова П. былі неўмацаванымі, пазней іх умацаваная частка, размешчаная каля дзядзінца (замка, крамля) наз. вакольным горадам. П. мелі ўсе гарады Беларусі. Напр., у Полацку ў 16 ст. было 6 П.

2) У Расіі ў 17—18 ст. гандл.-прамысл. цэнтр, які з моманту заснавання не меў крэпасці. Як і гандл.-рамеснае насельніцтва гарадоў, жыхары такіх П. адносіліся да пасадскіх людзей.

т. 12, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЎЛАЎ-СІЛЬВА́НСКІ (Мікалай Паўлавіч) (13.2.1869, г. Кранштат Ленінградскай вобл., Расія — 30.9.1908),

расійскі гісторык. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1892). З 1899 працаваў у Дзярж. архіве Мін-ва замежных спраў. З 1905 выкладаў рус. гісторыю і гісторыю рус. права (з 1907 праф.) у навучальных установах Пецярбурга. Абгрунтаваў аднатыпнасць рас. феад. перыяду з зах.-еўрап. феадалізмам («Феадалізм у Старажытнай Русі», 1907; «Феадалізм ва ўдзельнай Русі», выд. ў 1910). Даследаваў гісторыю рэформ Пятра I, вызваленчы рух, грамадскую думку 18—19 ст.

Тв.:

Феодализм в России. М., 1988.

Літ.:

Шапиро А.Л. Русская историография с древнейших времен до 1917 г. 2 изд. М., 1993. С. 623—635.

т. 12, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРМ,

горад, цэнтр Пермскай вобл. ў Расіі. Вядомы з 17 ст. У 1940—57 наз. Молатаў. 1027,8 тыс. ж. (1996). Порт на р. Кама. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Буйны цэнтр цяжкай прам-сці, пераважна машынабудавання. З-ды: 3 маш.-буд., горна-шахтавага машынабудавання, суднабуд., эл.-тэхн., маторабуд., ракетна-касм. тэхнікі, веласіпедны, тэлеф., кабельны і інш. Развіты паліўная, хім., нафтахім., нафтаперапр., дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая, харч., лёгкая прам-сць. Камская ГЭС. Пермскі навук. цэнтр Рас. АН. 7 ВНУ, у т. л. ун-т. 4 тэатры, у т. л. тэатр оперы і балета. Філармонія. Цырк. Музей. Маст. галерэя. Музей драўлянай архітэктуры.

Горад Перм. Новы раён.

т. 12, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)