МАКА́РАЎ (Васіль Емяльянавіч) (27.2.1903, Масква — 1.9.1975),

генерал-лейтэнант (1944). Скончыў Маскоўскі прамысл.-эканам. ін-т (1930). З 1933 на выкладчыцкай і парт. рабоце ў Маскве. З жн. 1941 чл. ваен. савета Бранскага, нач. палітупраўлення Зах. франтоў, з крас. 1944 чл. ваен. савета 3-га Бел. фронту, які ўдзельнічаў у Беларускай аперацыі 1944. У 1945—46 чл. ваен. савета Баранавіцкай ваен. акругі. Да 1962 на ваенна-паліт. рабоце ў Сав. Арміі.

т. 9, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НЕС,

першы летапісны цар 1-й дынастыі ў Стараж. Егіпце. Яму прыпісваецца аб’яднанне Верхняга і Ніжняга Егіпта (паводле сведчання Герадота і Манефона), вынаходства іерагліфічнай пісьменнасці (паводле сведчання Плінія Старэйшага), ён стварыў асновы новай самабытнай егіп. культуры. На мяжы Верхняга і Ніжняга Егіпта заснаваў горад Белыя Сцены (пазней — Мемфіс) — рэліг. і паліт. цэнтр Стараж. Егіпта.

Літ.:

Жак К. Египет великих фараонов: История и легенда: Пер. с фр. М., 1992. С. 41—49.

т. 10, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ НЯЎРА́ДАВЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,

міжнародныя аб’яднанні нац. груп, саюзаў і прыватных асоб няўрадавага характару, створаныя імі з мэтай спрыяння міжнар. супрацоўніцтву ў паліт., эканам., навук.-тэхн., культурнай, гуманітарнай і інш. галінах чалавечай дзейнасці. Такія аб’яднанні павінны адпавядаць наст. крытэрыям: ажыццяўляць сваю дзейнасць у больш чым 2 дзяржавах, быць міжнароднымі паводле сваіх мэт, складу членаў, структуры і фін. падтрымцы. У наш час у свеце існуе больш за 3 тыс. М.н.а.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛАДААФГА́НЦЫ,

удзельнікі нац.-асв. руху ў Афганістане ў 1-й трэці 20 ст. Выступалі за нац. незалежнасць Афганістана, асвечаную манархію, пашырэнне свецкай адукацыі. Гал. ідэолагі М. — Махмуд Тарзі і Абдулгані. Іх падтрымліваў эмір Афганістана Аманулахан [1919—29]. М. займалі важныя пасады ва ўрадзе Аманулы, але крытыкавалі яго за паспешныя і непрадуманыя рэформы. Пасля падзення рэжыму Аманулы ў 1929 сышлі з паліт. арэны.

Літ.:

Очильдиев Д.Я. Младоафганское движение (1900—1929). Ташкент, 1985.

т. 10, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАБІЛІТЭ́Т (ад лац. nobilitas знаць),

у Рымскай рэспубліцы замкнутае кола патрыцыянскіх і знатных плебейскіх сем’яў, якое сфарміравалася да пач. 3 ст. да н.э. Паводле традыцыі толькі прадстаўнікі Н. маглі займаць вышэйшыя дзярж. пасады. Н. быў захавальнікам паліт. традыцый арыстакратычнай рэспублікі, але з яго асяроддзя выходзілі і апазіцыйныя палітыкі. У часы імперыі страціў былое значэнне. У больш шырокім значэнні, у т. л. ў стараж. аўтараў, Н. — «знаць», у процілегласць «народу», «чэрні».

т. 11, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАТЫФІКА́ЦЫЯ,

1) у міжнародным правеафіц. паведамленне мін-вам замежных спраў, дыпламат. прадстаўніцтвам, міжнар. арг-цыяй або яе службовай асобай праз накіраванне ноты або інш. дакумента, дзе выкладаецца пункт гледжання дзяржавы па якім-н. міжнар. пытанні, паведамляецца пра якія-н. паліт. факты або падзеі.

2) Пісьмовае паведамленне вэксалетрымальнікам (вэксалядаўцам) індасанту пра тое, што вэксаль застаўся неакцэптаваны або неаплачаны. Невыкананне Н. цягне для індасанта пэўныя прававыя вынікі (гл. Індасамент).

т. 11, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́КАН (?—1088),

царкоўна-паліт. дзеяч Кіеўскай Русі, летапісец. Манах кіеўскага Пячэрскага манастыра (гл. Кіева-Пячэрская лаўра). Магчыма, пад гэтым імем быў пастрыжаны мітрапаліт Іларыён. У 1061 з-за варожых адносін вял. кн. Ізяслава Яраславіча пакінуў Кіеў і заснаваў манастыр у Тмутараканскім княстве. Пасля вяртання ў Кіеў з 1074 ігумен Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць княжацкіх міжусобіц. На думку многіх гісторыкаў, Н. — аўтар летапіснага збору 1073 — адной з крыніц «Аповесці мінулых гадоў».

т. 11, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НУЛІФІКА́ЦЫЯ (ад лац. nullification знішчэнне),

пазбаўленне дакумента юрыд. сілы законнасці. Н. грошай — пазбаўленне дзяржавай папяровых грошай сілы законнага плацежнага сродку. Выкарыстоўваецца, калі падзенне пакупной цаны грошай з-за інфляцыі дасягае такой ступені, што вартасць, прадстаўленая папяровай грашовай адзінкай, зводзіцца амаль да нуля, або калі зняцце грошай, што страцілі сілу законнага плацежнага сродку, выклікана зменай паліт. улады. Часам фактычна супадае з дэвальвацыяй, калі абясцэненыя грошы абменьваюцца на новыя па вельмі нізкім курсе.

т. 11, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРЫЭ́КІ, перыойкі (грэч. perioikoi літар. суседзі),

непаўнапраўная частка насельніцтва ў стараж.-грэч. дзяржавах (Спарце, Аргасе, Элідзе, Фесаліі). Спартанскія П. — нашчадкі карэннага насельніцтва, якое падпарадкавалі дарыйцы і адцяснілі на ўскраіны Лаконіі. Не мелі паліт. правоў, але ў адрозненне ад ілотаў былі асабіста свабоднымі. Жылі ў пасёлках з абмежаваным самакіраваннем, маглі мець невял. зямельныя ўчасткі, займаліся рамёствамі і гандлем, плацілі спартанцам даніну. У войску павінны былі служыць у цяжкаўзброенай пяхоце.

т. 12, с. 322

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА ПРЫТУ́ЛКУ,

права на ўезд і пражыванне, якое даецца дзяржавай замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія на нявызначаны час застаюцца на тэрыторыі дадзенай дзяржавы, калі на радзіме яны церпяць праследаванне за паліт., рэліг. і інш. перакананні або нац. прыналежнасць. Дазвол на прытулак не цягне за сабой аўтаматычнага набыцця грамадзянства краіны. П.п. ў Рэспубліцы Беларусь замацавана ў арт. 12 Канстытуцыі. Асобам, абвінавачаным у крымінальных ці інш. злачынствах, П.п. не прадастаўляецца.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)