паўзбе́ражжа Месца ўздоўж берага ракі, поля лесу, лугу (Слаўг.). Тое ж паўзкра́ечча, паўзбярэжжа, па́ўзберажжа, па́ўзберазенне, па́ўзбе́ражанішча (Слаўг.).

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

сало́меніца Нізкае месца (Пол.).

ур. Саломеніца і ўр. Саломінка (участак яловага лесу, паша) каля в. Залессе Пол.

Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)

пане́сціся 1, ‑нясуся, ‑нясешся, ‑нясецца; ‑нясёмся, ‑несяцеся; пр. панёсся, ‑неслася і ‑няслася, ‑неслася і ‑няслося; зак.

1. Пачаць рухацца з вялікай хуткасцю; паімчацца. [Злобіч] штурхануў нагамі пад бакі каню, панёсся ад абоза. М. Ткачоў. Не замаруджваючы хады, цягнік панёсся далей. Арабей. Адразу дыхнула прахалодай, па дарозе закружыліся віхорчыкі і панесліся ў стэп. Даніленка. // Разм. Хутка пабегчы, накіравацца куды‑н. Выскачыў [сын] на двор, аглянуўся — маці бегла за ім — і з усіх ног панёсся цераз агароды да лесу. Капыловіч. Заяц, як мячык, падскочыў угару, крута павярнуў і яшчэ хутчэй панёсся полем на рог лесу. Краўчанка.

2. перан. Пачаць распаўсюджвацца (пра гукі, пахі і г. д.). — Бо-о-ом! Бо-о-ом! — далёка панеслася водгулле ў начной цішыні. С. Александровіч. Паняслася песня хваляй, Хваляй па азёрах. Танк. Вокліч падхапілі вязні ўсіх камар, і ён панёсся па ўсіх трох паверхах турмы. Машара. // Распаўсюдзіцца, стаць вядомым (пра чуткі, звесткі і пад.). Зноў свісты «Салаўя».. Зноў аб ім панеслася гучная слава па ўсіх маёнтках. Бядуля.

пане́сціся 2, ‑нясуцца; пр. панесліся і панясліся; зак.

Разм. Знесціся — пра птушак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пень, пня, м.

1. Ніжняя частка ствала з каранямі, якая застаецца ад спілаванага, ссечанага або зламанага дрэва. [Жонка] разам з сынам распаліла агеньчык на тым месцы, дзе некалі расла груша, а цяпер тырчаў з зямлі абгарэлы пень, паставіла чыгун з бульбай. Сіўцоў. [Жанчына:] — А вось у Шацілкі прыехалі: ні пала ні двара. У палатцы жылі, рыдлёўка і сякера — найпершыя машыны: пні карчавалі. Дадзіёмаў.

2. Адно дрэва будаўнічага лесу. [Цесць:] — Можа б у земаддзеле пнёў колькі лесу далі, як хутаранцу? Кажуць, даюць цяпер на будоўлю. Лобан. // Ствол дрэва. Адны з іх [асколкаў] тонка, як пчолы, звінелі па версе, збіваючы галінкі і лісце, другія .. злосна чокалі, уядаючыся ў галлё і пні. Брыль.

3. перан. Пра бесталковага, абыякавага да ўсяго чалавека.

•••

Валіць цераз пень калоду гл. валіць.

Глухі як пень гл. глухі.

На пень брахаць гл. брахаць.

На пні — пра не зрэзанае (лес, збожжавыя расліны і пад.). Пажаўцела поле. Збожжа ссыхалася на пні. Бядуля. — Ну, якая ўжо там грэчка! — Брат малодшы кажа: — Ветрам выдзьме! Не паспеўшы, Уся на пні паляжа. Колас.

Стаяць (сядзець) як пень гл. стаяць.

Цераз пень калоду — дрэнна, абы як (рабіць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

старана́, -ы́, мн. сто́раны і (з ліч. 2, 3, 4) стараны́, старо́н, ж.

1. Напрамак, а таксама месца ў якім-н. напрамку ад каго-, чаго-н.; бок.

Хмара паднялася са стараны лесу.

У старане ад дарогі.

2. Мясцовасць, краіна; бок.

З роднай стараны.

Нясоладка жыць на чужой старане.

3. У матэматыцы: прамая лінія, якая абмяжоўвае геаметрычную фігуру.

С. прамавугольніка.

4. у знач. прысл. старано́й (-о́ю). У абход, ідучы на пэўнай адлегласці ад чаго-н.

Аб’ехаць вёску стараной.

Мая (твая, яго і пад.) справа старана (разм.) — мяне (цябе і пад.) менш за ўсё датычыцца.

На старане (разм.) — не дома, на чужым месцы (жыць, працаваць і пад.).

У старане

1) на некаторай адлегласці, воддаль;

2) асобна, не разам.

|| памянш. старо́нка, -і, ДМ -нцы, мн. -і, -нак, ж. (да 2 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

адпалі́ць, ‑палкі, ‑паліш, ‑паліць; зак., што.

1. Спаліць частку прадмета. Адпаліць канец бервяна. // Перапаліўшы, аддзяліць. Адпаліць кавалак вяроўкі.

2. Спец. Апрацаваць тэрмічным спосабам метал, шкло, каб надаць ім неабходныя якасці.

3. перан. Зрабіць, сказаць што‑н. нечаканае. [Алесь:] «Ці мала што можа адпаліць вораг у апошнюю хвіліну». Броўка. — А ты чаго з лесу ад мяне ўцякаў? — звярнуўся незнаёмы да Грышкі. — Спужаўся вас, дык і ўцякаў, — адпаліў, не думаючы, Грышка і перавёў свой погляд на бацьку. Чарот.

•••

Адпаліць штуку — зрабіць што‑н. недарэчнае, непатрэбнае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

карчава́ць, ‑чую, ‑чуеш, ‑чуе; незак., што.

1. Выконваць, выдзіраць з карэннем (пні, дрэвы). Некалькі калгаснікаў з сякерамі ў руках карчавалі пні. Шашкоў. Нябожчык усё выгоды шукаў: каб і вада неглыбока, каб і сенажаць была, каб і лесу не шмат давялося карчаваць пад ворыва. Пальчэўскі. // Ачышчаць ад пнёў, карчоў. — А яго бацька гэтай павекі не карчаваў? — паказаў Рыгор пальцам на Якуба. Крапіва.

2. перан. Выкараняць, вынішчаць без астатку. Карчаваць зло. □ Разам з вамі я выйду на ворага, Карчаваць чарнацвет нашай спадчыны. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

патрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Выклікаць трывогу, неспакой. А як вечарам прыйшоў з лесу мой тата і сказаў, што ў Пятровіцах.. воўк патрывожыў пастухоў і авечак, то ўсе ў нас дома пераканаліся, што я сапраўды спаткаўся з воўкам. Колас. Убачыўшы, што на яе [Лёдзю] глядзіць Сева Кашын, яна здагадалася: гэта яго позірк патрывожыў яе. Карпаў.

2. Патурбаваць каго‑н. [Марыя] асцярожна хадзіла каля агню, баючыся патрывожыць Ільіча, відаць, ён нешта важнае абдумваў. Гурскі. [Рыгор:] — Прабачайце, што патрывожыў у гэткі час. Гартны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наўскася́к, прысл. і прыназ.

1. прысл. У бок ад прамога, перпендыкулярнага напрамку, па дыяганалі. Дождж сячэ наўскасяк, вадзяныя пырскі залятаюць нават у касавую залу. Лупсякоў. [Вайтовіч] тупаў некаторы час па хаце наўскасяк — з кутка ў куток — разлікаў ногі. Пальчэўскі.

2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «наўскасяк» выражае прасторавыя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет, пад вуглом да якога што‑н. размяшчаецца або рухаецца. Лінія лесу ішла наўскасяк дарогі. Чорны. Неўзабаве на канапе, на тумбачках з’явіліся вышытыя сурвэткі, наўскасяк стала лягла квяцістая дарожка. Шахавец.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

непако́іцца, ‑коюся, ‑коішся, ‑коіцца; незак.

1. Адчуваць неспакой, трывогу; хвалявацца. Тайна заставалася неразгаданай, і камандзір непакоіўся, што яна можа прынесці вялікія непрыемнасці. Шчарбатаў. Валя.. некалькі разоў набірала нумар шпіталю і, хоць адтуль казалі, што непакоіцца няма чаго, чакала страшнай навіны. Мележ. З лесу, ледзьве перастаўляючы ногі, ішлі тыя, з-за каго так непакоіліся члены групы. Новікаў.

2. Праяўляць клопат, турбавацца. Маці захадзілася каля стала, стары некуды выйшаў. Люба звярнулася да свякрухі: — Чаго вы непакоіцеся, быццам мы з галоднага краю... Васілевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)