расі́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Памянш.-ласк. да расіна; капля расы. Над ракой туман плыве. Ззяюць іскры на траве — То на кожную травінку Палажыла ноч расінку, Падарыў вясёлы дзень Кожнай кропельцы прамень... Муравейка. // Капля якой‑н. вадкасці. Пятруська прыбягаў сюды з кошыкам, мусіць, часцей за ўсіх, яму аж горача стала, а ў яго напарніка ўжо і расінкі на лбе выступілі. Кулакоўскі.
•••
Макавай расінкі ў роце не было гл. быць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
распушы́ць, ‑пушу, ‑пушыш, ‑пушыць; зак., што.
1. Расцерабіўшы, расчасаўшы, зрабіць пушыстым (шэрсць, валасы, пер’е і пад.). Вецер распушыў яе густыя залацістыя косы. «Маладосць». // Натапырыць (поўсць, пер’е — пра жывёл, птушак). [Папугай] чубок распушыць і скрыпіць, як стары дзядок: «Добры вечар». Даніленка. // Раскрыць, распусціць (пупышкі, кветкі). Вербалоз толькі што распушыў свае каткі. Дамашэвіч.
2. перан. Разм. Раскрытыкаваць каго‑н., насварыцца на каго‑н. Бацьку сёння на сходзе распушылі пасля справаздачы, знялі з старшыні калгаса. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ска́заны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сказаць.
2. у знач. наз. ска́занае, ‑ага, н. Тое, што вымаўлена кім‑н.; словы, якія сказаў хто‑н. Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Але Валодзя не звярнуў на сказанае ніякай увагі. Даніленка. Тут усё настолькі дакладна і разумна, што дадаць да сказанага.. нічога нельга. «Полымя».
•••
Не ў гнеў (крыўду) хай будзе сказана гл. быць.
Сказана — зроблена — слова не разыходзіцца са справай.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
скляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і скляплю, склеплеш, склепле; зак., што.
1. Злучыць, змацаваць пры дапамозе кляпання. Трэснула тая дуга якраз пасярэдзіне, ды так, што ніяк яе не склеіш і не скляпаеш. Жычка. Цяпер скажу: тады назвалі былі мяне ў маёнтак дзеля таго, каб я скляпаў разарваны сабачы ланцуг і прымацаваў яго да будкі. Кулакоўскі.
2. перан. Разм. Сабраць, стварыць (гаспадарку або калектыў). [Тамаш:] — Я от усё пра алейню думаю, няўжо мы яе не скляпаем?.. Чорны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смарка́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Такі, у якога цякуць з носа смаркачы. Малыя, галапузыя, брудныя, смаркатыя дзеці наперабой крычалі есці. Арабей. // Запэцканы смаркачамі. Малыя з чырвонымі смаркатымі насамі ляпілі бабу. Сачанка.
2. перан. Зневаж. Малы, малады; нязначны, няўмелы. [Тарас Тарасавіч:] — Разганю я вашу к[а]мпанію, жаніхі смаркатыя. Асіпенка. — Ах ты, выпаўзень смаркаты, — як бы і не злосна загаварыў Асцюк, — красці вучышся? Марціновіч. / у знач. наз. смарка́ты, ‑ага, м. — Ідзі, ідзі, смаркаты! — махнула вёдрамі Касмініха. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
смуткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.
1. Гараваць з прычыны чыёй‑н. смерці. Мы б хацелі, Каб чулі яны [загінуўшыя героі], Як смуткуе радзіма над імі! Броўка.
2. Перажываць смутак; сумаваць, журыцца. Сохне і смуткуе хлопец лета, Неспакой, трывога на душы: — Разлюбіла? Не, не веру ў гэта, Шле лісты і просіць: — Адкажы. Прануза. // Засмучацца, бедаваць. Думаючы пра ўсё гэта, Васіль хоць і смуткаваў у душы, што Усцю не застаў дома.., аднак іншы раз адчуваў задавальненне. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спаласну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Памыцца, змыць з сябе пыл, пот. — Вунь цэлы чыгун цёплай вады за заслонкай, вазьмі ды спаласніся ў ахвоту. Кулакоўскі. // Злёгку абмыцца. — Трохі спаласнёмся, — махнуў рукою Пецька. — Гэтыя дні мы папрацавалі. Мыслівец. // Абліць сябе вадою, акунуцца ў ваду. Нават пад соснамі сонца высушыла апошнюю расу на траве і так прыпякае, што хоць бягом бяжы на Мінскае мора, каб хоць адзін разок нырнуць ці спаласнуцца вадою. Мыслівец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спры́тнасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць спрытнага. Спрытнасць конніка. / Пра рукі, пальцы. Наўмыснік здзівіўся спрытнасці рук гэтага чалавека. Чорны. // Хуткасць у рухах; лоўкасць, спрыт. Хлопец адчуў незвычайную спрытнасць, пераходзячы на польку. Кулакоўскі. Ён — каменшчык, праўда, не знатны яшчэ, Ды, думаю, слава яго не ўцячэ — Такая ўжо спрытнасць у дужых руках, Такая рашучасць у карых вачах. Гілевіч.
2. Тое, што і спрыт (у 3 знач.). [Пасажыр:] — Давялося і мне некалькі гадкоў займець за .. лішнюю спрытнасць у справаздачах. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ссы́паць, ‑плю, ‑плеш, ‑пле; заг. ссып; зак., што.
1. Сыплючы, сабраць разам (што‑н. дробнае або сыпкае). Пакуль Яўгена не было, мы старанна заслалі карычневымі коўдрамі ложкі, падмялі падлогу,.. а ўсё смецце ссыпалі ў скрынку. Савіцкі. Навыбірае сусед кашы тры бульбы, гладкай, жаўтавата-белай, і ссыпле ў мяшок. Кулакоўскі.
2. Скінуць уніз, заставіць упасці (што‑н. дробнае, сыпкае). Прыйшла машына, ссыпала зерне і паехала зноў у поле. Скрыган.
ссыпа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да ссы́паць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
су́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад судзіць (у 3, 5 знач.).
2. у знач. прым. Прызначаны лёсам; абумоўлены чым‑н. Я шчаслівы, што ў суджаны час Нарадзіўся на гэтай зямлі. Гілевіч. Ужо даўнавата ў Якава пачало выспяваць перакананне, што тэхніка — яго суджаная дарожка. Кулакоўскі.
3. у знач. наз. су́джаны, ‑ага, м.; су́джаная, ‑ай, ж. Жаніх (нявеста). Ажаніўся суджаны, Шлюб узяў з другой... Куляшоў. Нявесты на радзіме горка плакалі, не прычакаўшы суджаных сваіх. Гаўрусёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)