АРТЭ́РЫІ (грэч. artēria),

крывяносныя сасуды, па якіх кроў рухаецца ад сэрца ва ўсе органы і часткі цела. Да артэрый належыць аорта і ўсе яе разгалінаванні, у т. л. самыя дробныя — артэрыёлы. Артэрыі нясуць кроў, багатую кіслародам (толькі лёгачныя накіроўваюць вянозную кроў ад сэрца ў лёгкія).

Сценкі артэрый маюць 3 абалонкі. Вонкавая злучальнатканкавая абалонка надае артэрыям трываласць і эластычнасць, што дае магчымасць ім вытрымліваць унутраны ціск, расшырацца і звужацца; багатая сасудамі і нервамі. Сярэдняя абалонка складаецца з эластычных валокнаў і гладкіх мышачных клетак, скарачэнне або расслабленне якіх рэгулюе дыяметр прасвету артэрый і, адпаведна, колькасць крыві, што падаецца да органа. Унутраная абалонка ўтворана эндатэліем і злучальнай тканкай, мае ўнутраную эластычную мембрану, што робіць сценкі больш трывалымі. Асобныя ствалы адной або некалькіх суседніх артэрый часта злучаюцца паміж сабой і ўтвараюць анастамозы (больш дробныя артэрыі). Артэрыі, што не маюць анастамозаў, наз. канцавымі.

Ю.​Г.​Шанько.

т. 1, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕРГІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ, алергозы,

група захворванняў, выкліканых імуннай рэакцыяй арганізма на экзагенныя (вонкавыя) алергены. Залежаць ад умоў, якія спрыяюць уздзеянню алергена на арганізм, а таксама ад спадчыннай схільнасці арганізма рэагаваць на алергены (выпрацоўваць асобныя антыцелы — рэагіны). У развіцці алергічных хвароб стадыя сенсібілізацыі змяняецца стадыяй клінічных праяўленняў: ацёк слізістых абалонак, скуры, падскурнай клятчаткі, раздражненне нерв. канчаткаў, спазмы гладкай мускулатуры, гіперфункцыя экзакрынных залозаў; у крыві выяўляецца зазінафілія; характэрна абарачальнасць тканкавых змен. Пры агульных рэакцыях (анафілактычны шок) магчымы смяротны зыход. Да алергічных хвароб адносяцца: бранхіяльная астма, сенная ліхаманка, крапіўніца, ацёк Квінке, алергічны рыніт, атыпічны і кантактны дэрматыты, лек. і харч. алергія, сываратачная хвароба, анафілактычны шок. Асобную групу складаюць аўтаалергічныя хваробы (гл. Аўтаалергія). Метады лячэння спецыфічныя (спыненне кантактаў з алергенамі, выпрацоўка антыалергічнага імунітэту) і неспецыфічныя (лячэнне лек. прэпаратамі).

Літ.:

Соколова Т.С., Рошаль Н.И. Аллергические заболевания. Л., 1990;

Пыцкий В.И., Адрианова Н.В., Артомасова А.В. Аллергические заболевания. 2 изд. М., 1991.

М.​Ф.​Сарока.

т. 1, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНТРАПАГЕНЕ́ТЫКА (ад антрапа... + генетыка),

раздзел генетыкі і антрапалогіі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных прыкмет чалавека, а таксама пэўных груп людзей (ад папуляцый да рас у працэсе іх індывідуальнага эвалюц. і сац. развіцця). Паталагічныя прыкметы і спадчынныя ненармальнасці вывучае генетыка медыцынская. Антрапагенетыка мае 2 асн. кірункі: даследаванне зменлівасці і генетычнага складу папуляцый з аналізам прычын фарміравання генафонду чалавека і даследаванне спадчыннай зменлівасці пад уплывам змен навакольнага асяроддзя, а таксама ў працэсе біял. эвалюцыі з абгрунтаваннем яе тэндэнцыі. Сучасныя метады вывучэння прыкмет людзей з розным тыпам спадчыннасці (у першую чаргу храмасомнага апарату, фактараў крыві, асаблівасцяў скурнага рэльефу далоняў, колеру вачэй, формы носа і інш.) грунтуюцца на дасягненнях і метадах біяхіміі, імуналогіі, папуляцыйнага аналізу і інш. раздзелаў біял. навукі.

Літ.:

Алексеев В.П. Очерки экологии человека. М., 1993;

Фогель Ф., Мотульски А. Генетика человека: Пробл. и подходы: Пер. с англ. Т. 1—3. М., 1989—90.

Л.​І.​Цягака.

т. 1, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАЛЯЧЭ́ННЕ, гідратэрапія,

вонкавае і ўнутранае выкарыстанне прэсных (у вадкім стане, у выглядзе лёду ці пары), салёных азёрных і марскіх, а таксама мінер. вод у лек. і прафілакт. мэтах; адзін з відаў бальнеатэрапіі і фізіятэрапіі. Заснавана на мех., фіз., хім. уплывах вады на фізіял. і біяхім. працэсы ў арганізме праз раздражненне пэўных рэцэптараў (рэфлекторныя механізмы), змены складу ўнутр. асяроддзя — крыві, лімфы, міжтканкавай і інш вадкасцей арганізма (пры пітным спажыванні) і інш. механізмы. Пры хваробах найчасцей выкарыстоўваецца як дадатковы да асн. від лячэння, у лячэбна-прафілакт. мэтах могуць выконваць вядучую ролю (гл. Ванны). Да асноўных у водалячэнні адносяцца таксама душ, абліванне, абціранне, захінанне, купанне і інш. водныя працэдуры. Пры водалячэнні ў воднае асяроддзе часта дадаюцца пахучыя і лек. экстракты і рэчывы (напр., хвойны экстракт, гарчыца, шкіпінар, марганцоўка, крухмал і інш.). Водалячэнне можа спалучацца з цеплалячэннем, сонцалячэннем, гразелячэннем, таласатэрапіяй, выкарыстаннем гарачага пяску (псаматэрапія) і інш.

т. 4, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУГРАПАДО́БНЫЯ (Anguilliformes),

атрад касцістых рыб. 23 сям., каля 110 родаў, 400 відаў, пераважна ў трапічных водах акіянаў. Большасць вугрападобных жывуць на мелкаводдзі, вядуць скрытны прыдонны спосаб жыцця, зрэдку селяцца калоніямі ў норках. Некаторыя марскія віды жывуць на глыб. да 4000 м або ў тоўшчы вады (да 500 м). У прэсных водах трапляюцца толькі прадстаўнікі сям. вугровых, або прэснаводных вугроў, да іх належыць вугор еўрапейскі (звычайны, рачны), які трапляецца на Беларусі. Вугрападобныя вядомы з верхняга мелу.

Даўж. змеепадобнага цела 10—300 см, маса 15 г — 65 кг. Плаўнікі без калючак. Спінны і анальны плаўнікі доўгія, мяккія, ззаду звычайна злучаюцца з хваставым. Луска вельмі дробная або адсутнічае. Пераважна драпежнікі; некаторыя паразітуюць. Развіццё з метамарфозам: празрыстая высакацелая лістападобная лічынка (лептацэфал) істотна адрозніваецца ад дарослай асобіны. У многіх вугрападобных у крыві ёсць ядавітыя рэчывы — іхтыятаксіны, якія, трапіўшы ў кроў цеплакроўных жывёл, разбураюць эрытрацыты. Многія вугрападобныя — каштоўныя аб’екты промыслу.

т. 4, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМУНАГЕНЕ́ТЫКА (ад імунітэт + генетыка),

раздзел імуналогіі, які вывучае генет. абумоўленасць фактараў імунітэту, унутрывідавую разнастайнасць і наследаванне тканкавых антыгенаў, генет. і папуляцыйныя аспекты ўзаемаадносін макра- і мікраарганізма і тканкавую несумяшчальнасць, анта- і філагенез імуннага адказу. Зарадзілася ў пач. 20 ст. ў сувязі з даследаваннямі груп крыві жывёл і чалавека (аўстр. ўрач К.​Ландштайнер, англ. вучоны Дж.​Натал і інш.). Далейшае развіццё І. звязана з адкрыццём генаў, што кадзіруюць сінтэз антыгенаў тканкавай сумяшчальнасці, і генаў, якія рэгулююць імунны адказ. Даказана, што падтрыманне генет. пастаянства саматычных (непалавых) клетак ажыццяўляецца шляхам падтрымання размнажэння ідэнтычных паводле генатыпу клетак і актыўнага прыгнечання размнажэння клетак, якія генетычна адрозніваюцца паміж сабой. Практычнае значэнне мае вывучэнне генет. асаблівасцей фарміравання імунітэту, алергіі, імуналагічнай талерантнасці, а таксама пашкоджанняў імуннай сістэмы, якія перадаюцца ў спадчыну. Вынікі імунагенет. даследаванняў маюць значэнне пры трансплантацыі органаў і тканак, для трансфузіялогіі, клінічнай імуналогіі, племянной справы і інш.

т. 7, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНТЭР’Е́Р ЖЫВЁЛЫ,

сукупнасць унутр. марфал. (анатам. і гісталагічных), біяхім. і фізіял. уласцівасцей арганізма с.-г. жывёлы ў сувязі з яе прадукцыйнасцю і племяннымі якасцямі. Выкарыстоўваюць для ацэнкі канстытуцыі жывёлы і яе прадукцыйнасці. Першыя працы па І.ж. вядомы з канца 19 ст. Пры вызначэнні І.ж. даследуюць косці, мышцы, скуру, малочныя залозы, кроў, сэрца, лёгкія і інш. Паводле груп крыві і тыпаў індывід. бялкоў вызначаюць паходжанне жывёл, структуру парод, наяўнасць генет. узаемасувязі і інш. Паміж І.ж., будовай цела і прадукцыйнасцю існуе карэляцыйная сувязь. Напр., у малочнай жывёлы ў параўнанні з мясной лепш развіта малочная залоза, страваванне, кровазварот, шчытападобная залоза, гіпофіз, менш развіты падскурны тлушчавы слой, больш нізкі крывяны ціск, большае сэрца, больш частыя дыханне і пульс, больш інтэнсіўны абмен рэчываў. У верхавых і рысістых коней памеры сэрца і ёмістасць лёгкіх большыя, чым у цяжкавозаў (на 100 кг жывой масы). Гл. таксама Экстэр’ер жывёлы.

т. 7, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЙКІ (Meloë),

род жукоў сям. шпанак. Каля 130 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды, Аўстраліі і Паўд. Амерыкі. На Беларусі 5 відаў, найб. трапляюцца М. звычайная, або чорная (M. proscarabaeus), М. фіялетавая, або сіняя (M. violaceus), М. зменлівая, або стракатая (M. variegatus), занесеная ў Чырв. кнігу Беларусі. Жывуць на палях, лугах, узлесках.

Даўж. да 50 мм. Самцы меншыя за самак, самкі з шырокім брушкам. Афарбоўка звычайна чорная або цёмна-сіняя, з метал. бляскам. Крылы неразвітыя. Лічынкі (трыунгуліны) маюць 3 стадыі, кормяцца мёдам, паразітуюць у гнёздах пчол, знішчаюць іх патомства, часам выклікаюць гібель свойскіх пчол. Жукі шкодзяць усходам палявых культур. Яйцы адкладваюць на зямлю. Развіццё з гіперметамарфозам. Характэрная асаблівасць М. — наяўнасць у целе (асабліва ў крыві) ядавітага рэчыва кантарыдзіну, якое надае жукам непрыемны пах і едкі смак, таму большасць насякомаедных (акрамя курэй, ластавак, вожыкаў) іх не паядаюць.

С.​Л.​Максімава.

Майка фіялетавая.

т. 9, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕНТАЛО́ГІЯ (ад грэч. pente пяць + ...логія),

літаратурны твор, які складаецца з 5 адносна самастойных твораў (частак), звязаных паміж сабой логікай развіцця ідэі, пераемнасцю сюжэтных ліній, агульнасцю кампазіцыйнай будовы; разнавіднасць архітэктонікі (гл. таксама Дылогія, Трылогія, Тэтралогія). Расчляненне маст. цэлага на 5 частак дыктуецца значнасцю і маштабнасцю пастаўленых праблем, аб’ёмам маст. матэрыялу, неабходнасцю прасачыць лёс герояў на працягу значнага адрэзка часу, імкненне аблегчыць чытачу ўспрыманне твора, зрабіць яго кампазіцыйна больш стройным. Трапляецца рэдка (асобныя часткі літ. твора выяўляюць моцную тэндэнцыю да самастойнасці). Паводле жанру да П. належыць паэма А.​Белабоцкага «Пентатэугум, або Пяць кніг кароткіх...», эпапея Дж.​Ф.​Купера («Піянеры»; «Апошні з магікан»; «Прэрыя», «Следапыт», «Зверабой»). У сучаснай бел. л-ры П. з’яўляецца «Трывожнае шчасце» І.​Шамякіна («Непаўторная вясна», «Начныя зарніцы», «Агонь і снег», «Пошукі сустрэч», «Мост»), раманы І.​Чыгрынава «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы», «Вяртанне да віны», «Не ўсе мы згінем».

А.​М.​Пяткевіч.

т. 12, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІКАРБАНА́ТЫ,

сінтэтычныя палімеры, складаныя поліэфіры вугальнай к-ты і дыгідроксізлучэнняў. Маюць агульную ф-лу [—ORO—C(O)—]n, дзе R — араматычны ці аліфатычны радыкал.

Найб. пашыраны араматычныя П. на аснове дыфенілолпрапану (бісфенолу А), найважн. з іх П., які атрымліваюць полікандэнсацыяй бісфенолу А з фасгенам [—OC6H4C(CH3)2C6H4OC(O)—]n. Цвёрдае аморфнае бясколернае рэчыва, мал. м. (2—12)∙10​4, шчыльн. 1200 кг/м³, tпл 220—230 °C, раскладаецца пры t > 320 ​oC. Тэрмапласт. Раствараецца ў метыленхларыдзе, хлараформе і інш. арган. растваральніках. Характарызуецца высокімі трываласцю і цвёрдасцю, добрымі электраізаляцыйнымі ўласцівасцямі. Аптычна празрысты, атмасфера- і марозаўстойлівы (т-ра эксплуатацыі ад -100 да 135 °C), цяжкагаручы матэрыял. Выкарыстоўваюць П. як канстр. матэрыялы ў аўтамабілебудаванні, электроннай і электратэхн. прам-сці, як высокачастотныя дыэлектрыкі ў радыёэлектроніцы, у вытв-сці фільтраў для крыві, касцявых пратэзаў, абалонак для лек. сродкаў пралангаванага дзеяння, вочных лінзаў, лінзаў для оптыкі, асвятляльнай арматуры і інш.

М.​Р.​Пракапчук.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)