Ато́ра ’амецце’, ’дробная салома’ (Нас., Гарэц., Касп., Юрч., Серб., ЭШ, Бяльк., Інстр. лекс.). У Насовіча і Бялькевіча таксама ато́ря, ато́рьря, ато́рка, ото́рье ’тс’; аторніца ’лубка ў якой носяць атару’. Рус. дыял. (паўднёвае, заходняе) отора, оторье ’тс’, бранск. атора, аторя, оторье; укр. дыял. сум. атора. Рус. смал. оторница ’лубка для саломы, сена’. Паводле Праабражэнскага, 2, 136, якога падтрымлівае Фасмер, 3, 172, звязана з коранем *ter/tor, прадстаўленым у дзеяяслове церці; дакладней Даль, 2, 743, які змяшчаў отора, оторя ў артыкул оторять, оторить ’абмалаціць, раздрабніць шляхам трэння’; гэта і сапраўды аддзеяслоўны назоўнік ад згаданага дзеяслова (не адзначанага ў беларускіх слоўніках).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Аточыны ’нутраное сала’, ’ператоплены тлушч’ (Лекс. Палесся, 134, 136; слонім, Арх. Бяльк.). Укр. оточини ’кішачны тлушч’, ’зерне ці мука, што застаецца пасля прасявання праз рэшата’, рус. оточа, оточка ’агрызкі, смецце, што нагрызлі мышы’. Славац. дыял. otoky, otočky ’нутраное сала’, славен. obtòč ’клаака’ (ці сюды?). З суф. *‑iny (мн. л.) ад дзеяслова *otočiti; верагодна, паводле Вештарт, Лекс. Палесся, 136, першага ’кішачнае сала’, г. зн. тое сала, што аточвае, акружае кішкі’. Аднак і ’ператопленае сала’, хаця менш пашыраная назва, можа тлумачыцца ў сувязі са значэннем ’абцякаць’, нельга выключыць і сувязі з назвай клаакі, якая звязваецца з дзеясловам *odtočiti зліваць’. Параўн. тачыць ’ліць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

*Аўрач, овра́ч ’кій, якім заганяюць рыбу ў сетку’, рэч. (Браім, Весці АН БССР, 1973, 1). Аддзеяслоўнае ўтварэнне з суфіксам ‑ач, характэрным для назваў прылад дзеяння паводле значэння дзеяслова; магчыма, ад незафіксаванага *овраць, вытворнага з коранем ‑ver‑, для асноў з якім у славянскіх мовах характэрна значэнне ’піхаць, соўгаць’ (гл. Фасмер, 1, 293), а таксама ’кій, рычаг, з дапамогай якога што-небудзь паварочваюць, прыводзяць у рух’, параўн. укр. вирло ’асноўны шост рыбалоўнай прылады, пры дапамозе якога яе падымаюць і апускаюць’, ’дышаль манежа’, ’доўгі рычаг, якім паварочваюць ветраны млын’ (гл. Куркіна, Этимология, 1970, 101). Параўн. аўраць. З семантычнага боку магчымы ўплыў літ. varýti, vãro ’гнаць, выганяць’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Бу́хал ’бусел’ (палес., КЭС). Магчыма, змена першапачатковага бу́сел пад уплывам дзеяслова бу́хаць. Але больш верагодным здаецца ўтварэнне непасрэдна ад бу́хаць (параўн. характэрны для бусла шум, стук, які ён робіць дзюбай). Параўн. ням. Klapperstorch ’бусел’ (klappern ’стукаць; ляскаць’). Параўн. яшчэ назву птушкі, таксама ўтвораную ад бу́хацьбу́хала ’бугай’ (па крыку; Інстр. II), рус. бу́ха́ла, бу́хало ’бугай’, бу́хало ’пугач’ (да гэтага параўн. Булахоўскі, ИАН ОЛЯ, VII, 99; Фасмер, 1, 254; Шанскі, 1, Б, 240). Бел. слову па марфалогіі дакладна адпавядае балг. бу́хал ’пугач’ (Strix bubo), таксама гукапераймальнае, гл. БЕР, II, 93; Будзішэўска, Słown., 121. Краўчук, БЛ, 1975, 7, 67–68.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вы́жар ’месца, дзе калісьці выгарала балота, трава, лес; яма з вадой на месцы выгаралага торфу’ (Маш., Сержп., 1, Некр., Талстой, Георг., 197); ’багністае балота’ (ДАБМ, 993); ’малая яма, запоўненая вадой’ (Талстой, Геогр., 197); выжа́ры ’балота’ (Сцяшк.), вы́жары ’балота, на якім выгараў, торф’ (Шатал.). Укр. палес. ви́жар ’невялікая лагчынка’ (Марусенка, Полесье, 220), польск. wyżar ’выгараўшае месца на балоцістай ці тарфяністай глебе, дзе ў вільготную пагоду збіраецца вада’ (Нітшэ, 209). Аддзеяслоўнае ўтварэнне ад вы́жарыць: Але арэал распаўсюджання і незвычайная для ўсходнеславянскіх моў семантыка дзеяслова наводзяць на думку аб магчымасці калькіравання літ. išdaga ’выгар, выжар’ (< dagà ’гарачыня, спёка’) (Чэкман, вусн. паведамл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гло́тка ’глотка’ (БРС., Касп., Бяльк.). Рус. гло́тка, укр. гло́тка ’тс’. Параўн. балг. глъ́тка ’глотка; глыток’, макед. голтка ’тс’. Фасмер (1, 415) адносіў да глото́к і параўноўваў з лац. glūtus ’глыток’, улічваючы магчымасць гукапераймання. Трубачоў (Эт. сл., 6, 159) лічыць вытворным ад асновы дзеяслова glъtati ’глытаць’. З пункту гледжання лінгвістычнай геаграфіі цікавым з’яўляецца той факт, што гэта лексема вядома толькі на абмежаванай тэрыторыі (няма ў зах.-слав. мовах) і яе можна аднесці да ліку праславянскіх дыялектызмаў. Гэта тым больш цікава, што дзеяслоў, ад якога ўтворана данае слова, вядомы на больш шырокай тэрыторыі (уключаючы і зах.-слав. мовы).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дабрадзе́й (у розных знач.). Укр. добро́дій, рус. дыял. доброде́й, чэш. dobroděj, славац. dobrodej, польск. dobrodziej, ст.-слав. добродѣи. Прасл. *dobrodějь складанае слова: *dobrъ і вытворнае ад дзеяслова *dějati. Гл. Трубачоў, Эт. сл., 5, 42 (дзіўна, што тут наогул не прыводзіцца бел. матэрыял, ня гледзячы на тое, што ён добра засведчаны ў слоўніках); Слаўскі, 1, 151. Усё ж такі ў некаторых значэннях гэтага слова, магчыма, выяўляецца польскі ўплыў на ўсх.-слав. мовы (дакладней, у пэўных выпадках трэба лічыцца з магчымымі прамымі запазычаннямі з польск. мовы). Так, у значэнні ’васпан’ укр. і бел. словы, бясспрэчна, запазычаны з польск. dobrodziej з такой жа семантыкай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Дро́гкі ’дрогкі’ (БРС, Байк. і Некр., Бяльк.), дро́хка ’страшна’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 5, 138), бел. слова звязана з рус. дыял. смал. дрехкий ’тс’. Гэтыя словы, магчыма, з’яўляюцца прасл. дыялектызмамі; супольная праформа — *drъgъkъjь (вытворнае ад дзеяслова *drъgati ’дрыжаць, дрыгаць і г. д.’). Параўн. таксама (з вакалізмам«е») і бел. дре́гка ’дрогка, труска’ (Бяльк.), якое сведчыць аб складанасці дыялектнага размеркавання розных тыпаў вакалізму ў каранёвай частцы данай лексемы. Прасл. *drъgъkъjь адлюстроўваецца і ў бел. назвах для балота, дрыгвы ў тыпе *drъgъkyni (суфікс *‑yni); параўн. у Яшкіна: драгкінь, драгкіня́, дрогкінь (няма ў Трубачова, Эт. сл., 5, што вельмі дзіўна).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Заняпа́д ’упадак’. Укр. занепа́д ’тс’. Параўн. рус. бранск., смал., кур., арл. занепасть ’зрабіцца слабым, хваравітым’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *занепадати, *занепад + ти > *занепасти. Складанасць у сумяшчэнні значэння кораня (пад‑) і кампанента не-, якое дае ’не падаць’, што не адказвае сапраўднаму значэнню слова (прэфікс за‑ азначае пачатковы этап ці завяршэнне дзеяння, а таму ў гэтых разважаннях неістотны); параўн. рус. за‑не‑мочь. Калі ўлічыць наяўнасць рус. варонеж., бранск., кур., уладз., ярасл., кубан. занапастить(ся) ’мець напасці, г. зн. непрыемнасці; знікнуць, замучыць, страціць’, відаць, трэба ўводзіць слова да *занапасти, у якім потым адбылася ўзмацняючая народна-этымалагічная замена на > не: *занепасти.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

За́пан ’фартух’ (Жд. 2, Мат. Гом.), запо́н, запо́нка ’тс’ (Мат. Гом.). Рус. дыял. за́по́н ’фартух’, укр. запо́на ’заслона; пакрывала; засцежка; перашкода’, польск. zapona ’засцежка, заслона’, чэш. zápona, zápon ’засцежка, заслона’, славац. zápona ’засцежка, фартух’, славен. zapòn, zapȏna ’засцежка’, серб.-харв. за́пон(а) ’засцежка; затрымка’. Бязафіксны назоўнік ад дзеяслова *zapenti (> zapęti) з чаргаваннем e/о. Za‑pę‑tі — прэфіксальнае ўтварэнне ад pęti (гл. пяць2, апона). Варыянты націску ў рус., бел. звязаны з наяўнасцю ці адсутнасцю дзеяння закона Шахматава ў розных дыялектах. Форма запо́нка мае суфікс ‑к‑a, утворана пазней ад запона. Фасмер, 2, 78; Брукнер, 645.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)