Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТУ́РНЫ (лац. cothurni, грэч. kothorni),
у антычным тэатры род абутку трагедыйнага акцёра; сандалі на высокай падэшве, што павялічвала рост акцёра, надавала постаці велічнасць і ўрачыстасць. Выкарыстанне К. было абумоўлена тэхн. асаблівасцямі ант.т-ра: пры вял. памерах тэатр. пабудоў узнікала патрэба павялічваць фігуру акцёра. Увядзенне К. і інш. кампанентаў касцюма трагедыйнага акцёра ант. традыцыя прыпісвае Эсхілу. У пераносным значэнні — ілжывая паказная веліч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАТЭПСІ́НЫ (ад грэч. kathepsō ператраўляю),
пратэалітычныя ферменты з групы эндапептыдаз. Знаходзяцца ў лізасомах клетак жывёл, ажыццяўляюць унутрыклетачнае ператраўленне бялкоў. Маюць шырокую спецыфічнасць, оптымум актыўнасці — пры слабакіслым значэнні pH. Ёсць амаль ва ўсіх тканках цела, удзельнічаюць у працэсах распаду (катабалізму). Ва ўмовах нармальнай жыццядзейнасці распад бялкоў кампенсуецца іх сінтэзам. Пры гібелі ці пашкоджанні клетак К. выходзяць з лізасом і выклікаюць самаператраўленне тканак (аўтоліз).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕНАТА́Ф (ад грэч. kenotaphos пустая магіла),
магіла без пахавання. К. рабілі многія народы свету (Стараж. Грэцыі, Рыма, Егіпта, Сярэдняй Азіі і інш.) у тым выпадку, калі нябожчыка (напр., памерлага на чужыне) нельга было пахаваць. Гэты звычай быў звязаны з уяўленнем, што душы памерлых, якія не маюць магіл, не знаходзяць супакаення. К. трапляюцца пры раскопках стараж. могільнікаў, у т. л. курганаў на тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛІНАХЛО́Р (ад грэч. klinō нахіляю + chlōros зялёны),
мінерал з групы хларытаў, гідраксідалюмасілікат жалеза і магнію. Прыблізны хім. састаў (MgFe)4,75Al1,25[Al1,25Si2,75O10](OH)8. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі псеўдагексаганальныя, лускаватыя. Часцей утварае дробналускаватыя агрэгаты. Колер ад цёмнага шэра-зялёнага да светлага аліўкава-зялёнага. Празрысты ў тонкіх пласцінках. Цв. 2—2,5. Шчыльн. 2,6—2,9 г/см³. Тыповы мінерал хларытавых сланцаў і многіх інш. горных парод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭАЗО́Т (ад грэч. kreas мяса + sozo выратоўваю, захоўваю),
смалістая вадкасць з едкім пахам, якую атрымліваюць сухой перагонкай драўніны (звычайна бука) або вылучаюць з фракцый разгонкі кам.-вуг. смалы. Складаецца з фенолаў і іх эфіраў, а таксама нафталіну і антрацэну. Выкарыстоўваецца для прапіткі драўніны (каб прадухіліць гніенне), як флотарэагент (пры абагачэнні руд), дэзінфектант (пры дэзінфекцыі); ачышчаны драўняны К. — як антысептык у медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАБІРЫ́НТ (ад грэч. labyrinthos) у садова-паркавым мастацтве, квадратны або круглы ў плане ўчастак парку з мудрагелістым размяшчэннем дарожак, аформленых шпалерамі ці баскетамі. Звычайна ў цэнтры меў пляцоўку з фантанам. Пашыраны ў рэгулярных парках Еўропы стыляў рэнесансу і барока. На Беларусі вядомы ў 17—18 ст. (паркі «Альба» пад г. Нясвіж, у гарадах Карэлічы і Крычаў, Бачэйкаўскі парк і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАНІ́ЗМ (ад грэч. lakōnismos),
гранічная сціпласць і дакладнасць у выказванні думак. Паводле легенды, такой рысай славіліся жыхары Лаканіі (Стараж. Грэцыя) — спартанцы ў адрозненне ад красамоўных афінскіх аратараў. Л. выступае як вызначальная адзнака асобных фальклорных жанраў (прыказка, прымаўка, загадка, анекдот, жарт), абумоўлівае жанрава-кампазіцыйныя формы эпіграмы, эпітафіі, карацелькі. Лаканічнасцю вызначаюцца крылатыя словы, афарызмы. Л. можа з’яўляцца адным са сродкаў выяўлення ідэі літ. твора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІ́ЗМ (ад грэч. monos адзін, адзіны),
філасофскі спосаб разгляду разнастайнасці з’яў свету, у адпаведнасці з якім усё існуючае мае адзіны пачатак (субстанцыю). Матэрыялістычны М. такім пачаткам лічыць матэрыю, ідэалістычны — дух, ідэю і інш. Процілегласць М. — дуалізм (прызнае 2 незалежныя пачаткі) і плюралізм (зыходзіць з мноства пачаткаў). Гал. праблему філас. М. складае разуменне ўзаемаадносін матэрыяльнага і ідэальнага, вырашэння асноўнага пытання філасофіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕНІ́СК (ад грэч. mēniskos паўмесяц),
1) скрыўленая паверхня вадкасці ўнутры вузкай (капілярнай) трубкі або паміж дзвюма блізка размешчанымі цвёрдымі сценкамі. Вадкасць, якая змочвае сценкі (напр., вада—шкло), утварае увагнуты М., а вадкасць, якая не змочвае сценкі (напр., ртуць—шкло), — выпуклы М.
2) Лінза, абмежаваная дзвюма сферычнымі паверхнямі, якія маюць аднолькавы напрамак крывізны. М. змяншае аберацыі аптычных сістэм (гл.Меніскавыя сістэмы).