сістэматызаваны заканад. акт, які рэгулюе зямельныя адносіны на тэр. Беларусі. Прыняты Вярх. Саветам Рэспублікі Беларусь 11.12.1990, уведзены ў дзеянне 1.1.1991 і дзейнічае з пазнейшымі дапаўненнямі і зменамі. Складаецца з прэамбулы, 16 раздз., 17 глаў, 141 артыкула. Рэгулюе зямельныя адносіны і накіраваны на стварэнне ўмоў для рацыянальнага выкарыстання і аховы зямель, аднаўленне ўрадлівасці зямлі, захаванне і паляпшэнне навакольнага асяроддзя, для раўнапраўнага развіцця ўсіх форм гаспадарання. У ім сфармуляваны агульныя палажэнні, што замацоўваюць права краіны на зямлю, вызначаны склад зямель, кампетэнцыя Саветаў дэпутатаў на прадастаўленне зямель ва ўладанне і карыстанне, рэгулююцца правы і абавязкі землеўладальнікаў і землекарыстальнікаў, вызначаны нормы па землеўладанні грамадзян і землекарыстанні, вызначаны прававы рэжым асобных катэгорый зямель. Кодэкс рэгулюе пытанні пакрыцця страт, нанесеных землеўладальнікам ці землекарыстальнікам, вырашэння зямельных спрэчак і адказнасці за парушэнне зямельнага заканадаўства і інш. У сувязі з тым, што многія палажэнні КаЗ устарэлі, падрыхтаваны новы праект кодэкса, які ў бліжэйшы час будзе разгледжаны парламентам краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́МІ-ЗЫРА́НСКАЯ МО́ВА,
адна з пермскіх моў (галіна фіна-угорскіх моў). Пашырана ў Рэспубліцы Комі, часткова на Кольскім п-ве, у Ямала-Ненецкай і Ханты-Мансійскай аўт. акругах Расіі. Дыялекты: прысыктыўкарскі (аснова літ. мовы), ніжневычагодскі, верхневычагодскі, сярэднесысольскі, верхнесысольскі, вымскі, лузкалецкі, іжамскі, пячорскі, удорскі. У адрозненне ад роднаснай ёй комі-пярмяцкай мовы характэрна захаванне гука «л» ва ўсіх дыялектах, націск на 1-м складзе, клічная форма назоўнікаў на -ой. У марфалогіі — адзінае скланенне і спражэнне. У лексіцы шмат аднаскладовых слоў.
Да пач. 20 ст. ў комі-зыран не было адзінай літ. мовы (рэліг.л-ра выдавалася на дыялектах). Літ. мова склалася пасля 1917. Пісьменства створана місіянерам Стафанам Пермскім у 2-й пал. 14 ст. У 17 ст. выцеснена пісьменствам на аснове славяна-рус. графікі. З 1918 выкарыстоўваўся рус. алфавіт, з 1920 — са значна змененымі графемамі, з пач. 1930-х г. — лац., з канца 1930-х г.рус. графіка з увядзеннем дадатковых літар «і», «б».
Літ.:
Современный коми язык. Ч. 1—2. Сыктывкар, 1955—64.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАМЯНЁВАЯ ЗБРО́Я,
ручная гладкаствольная або наразная агнястрэльная зброя (ружжо, пісталет) з крамянёвым (калясцовым або ўдарна-крамянёвым) замком. Узнікла ў 16 ст. Прынцып яе дзеяння заключаўся ў тым, што запальванне зарада адбывалася пры дапамозе іскраў, што высякаліся крэменем пры трэнні стальнога кольца (калясцовы замок, ужываўся да канца 16 ст.) ці ў момант яго ўдару аб крэсіўную пласцінку (ударна-крамянёвы замок, што выцесніў калясцовы). К.з. была на ўзбраенні многіх армій свету, у т. л. ў ВКЛ. Найб. пашыраныя яе ўзоры ваУсх. Еўропе мелі калібр 17,5—21,5 мм, масу 4,0—5,6 кг, далёкасць стральбы ад 140 да 800 м, скарастрэльнасць 1 стрэл за 1—1,5 мін (гладкаствольныя) і 1 стрэл за 5 мін (наразныя, з тугім загонам кулі). У сярэдзіне 19 ст. ўсюды заменена ўдарнай зброяй — вінтоўкай з ударным замком (з выкарыстаннем капсуля).
Да арт.Крамянёвая зброя. Крамянёвыя ружжы: 1 — з кольцава-крамянёвым замком; 2 — з крамянёвым ударным замком; 3 — расійскае пяхотнае ўзору 1826.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАНШТА́Т,
горад у Ленінградскай вобл. Расіі, на в-ве Котлін, у Фінскім заліве. 45,5 тыс.ж. (1996). Порт. Суднарамонт. Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Ваенна-марскі музей і кабінет-музей А.С.Папова. Арх. помнікі: Італьянскі палац (1720—24), дом Мініха (1721—24), ансамблі Адміралцейства (1784—97), Марскі сабор (1903—13) і інш. Помнікі: Пятру I (1841), П.К.Пахтусаву (1886), Ф.Ф.Белінсгаўзену (1870), С.В.Макараву (1913) і інш.
Засн. Пятром I зімой 1703—04 як марская крэпасць Краншлот для абароны зах. падыходаў да Пецярбурга. Гар.буд-ва з 1709—10. Сучасная назва з 1723. З 1820-х г.гал. база Балт. флоту ВМФ Расіі. Месца паўстанняў гарнізона ў 1905 і 1906, Кранштацкага паўстання 1921, баёў у Вял.Айч. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭЙН (Crane) Стывен (1.11.1871, Ньюарк, штат Нью-Джэрсі, ЗША — 5.6.1900),
амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ва ун-це г. Сіракузы. Як пісьменнік фарміраваўся пад уплывам Л.Талстога, Э.Заля, Р.Кіплінга. Дэбютаваў цыклам замалёвак «Эскізы з жыцця». Супрацьстаяў пашыранаму ў амер. л-ры 19 ст. «ружоваму рэалізму», належаў да т. зв. разграбальнікаў бруду. У творах узнімаў вострыя сац. праблемы: жыццё гар. беднаты, лёс дзіцяці ў жорсткіх жыццёвых абставінах (аповесці «Мэгі, дзіця вуліц», 1893; «Маці Джорджа», 1896, і інш.), грамадз. вайна паміж амер. Поўднем і Поўначчу («Пунсовы знак доблесці», 1895). Майстар псіхал. навелы: «Пачвара», «Смерць і дзіця» і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Трэцяя фіялка» (1897), паэт. кніг «Чорныя вершнікі» (1895) і «Вайна добрая» (1899). Адзін з заснавальнікаў жанру ваен. рэпартажу ў амер. л-ры. Творам К. ўласцівы драматызм калізій, пластычнасць апісанняў, спалучэнне рэаліст. і натуралістычных тэндэнцый з імпрэсіянісцкімі.
Тв.:
Рус.пер. — Алый знак доблести. М., 1989;
Полн. собр. стихотворений. Чебоксары, 1994.
Літ.:
Васильевская О.В. Творчество Стивена Крейна. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́БЭ (Kube) Рыхард Паўль. Вільгельм (13.11.1887, г. Глогаў, Польшча — 22.9.1943),
кіраўнік нямецкай цывільнай акупац. адміністрацыі ў Беларусі ў Вял.Айч. вайну. Скончыў Берлінскі ун-т. Чл. Нацыянал-сацыялісцкай рабочай партыі Германіі, у якой займаў кіруючыя пасады. Указам А.Гітлера ад 17.7.1941 прызначаны ген. камісарам Генеральнай акругі Беларусь. Пад яго кіраўніцтвам праводзілася палітыка генацыду, рабавання і знішчэння нац. багаццяў Беларусі; па яго ініцыятыве і пры садзейнічанні створаны Беларуская народная самапомач, Беларускае навуковае таварыства, Беларускі корпус самааховы, Беларуская рада даверу, Саюз беларускай моладзі і інш. арг-цыі, праз якія да супрацоўніцтва з акупантамі была прыцягнута частка бел. інтэлігенцыі. У час яго кіраўніцтва (вер. 1941 — вер. 1943) на Беларусі была знішчана б.ч. яўрэяў, праведзена каля 100 карных аперацый супраць насельніцтва і партызан, выяўлены і жорстка пакараны многія ўдзельнікі антыфаш. падполля, у т. л. Мінскага. Знішчаны патрыётамі ў ноч на 22.9.1943 у выніку выбуху міны ва ўласнай кватэры ў Мінску.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РЭССААРЭ (Kuressaare),
горад у Эстоніі, на Пд в-ва Саарэмаа. Каля 16 тыс.ж. (1995). Знаходзіцца на беразе Рыжскага зал., за 5 км ад порта Роамассаарэ. Прам-сць: мясная, малочная, лясная, дрэваапрацоўчая. Краязнаўчы музей. Замак (14—15 ст.), ратуша (17 ст.), царква св. Мікалая (18 ст.). Гразевы і кліматычны курорт.
Вядомы з 12 ст. пад назвай Арэнсбург (да 1917). Насялялі эсты-мараплаўцы. Пасля захопу датчанамі кароль Вальдэмар II у 1205 пабудаваў тут драўляны горад, які хутка згарэў У 1221 адбудаваны, засн. епіскапства. У 1334 рыжскі епіскап пабудаваў у К. каменную крэпасць, рэзідэнцыю лівонскіх епіскапаў. З 1561 уладанне Даніі, з 1645 — Швецыі. У 1563 атрымаў гар. правы. У Паўн. вайну 1700—21 заняты (1710) войскам Пятра I, у 1721 далучаны да Расіі, пав. горад Ліфляндскай губ. Да 1836 важная крэпасць Расіі на Балтыйскім м. Вядомы курорт (у 1840 адкрыта гразелячэбніца). З 1919 у складзе Эстоніі. У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. войскамі. У 1952—88 наз. Кінгісеп.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАКАФА́РБАВЫЯ ПАКРЫ́ЦЦІ,
пакрыцці, якія ўтвараюцца пасля ацвярдзення (высыхання) лакафарбавых матэрыялаў, нанесеных на цвёрдую паверхню. Асн. прызначэнне Л.п. — ахова матэрыялаў ад разбурэння (напр., металаў ад карозіі, драўніны ад гніення) і дэкаратыўная апрацоўка паверхні.
Паводле эксплуатацыйных уласцівасцей Л.п. падзяляюць на атмасфера-, тэрма-, вода-, масла- і бензаўстойлівыя, хімічна ўстойлівыя, электраізаляцыйныя, кансервацыйныя і спец. прызначэння. Звычайна Л.п. атрымліваюць нанясеннем на паверхню некалькіх слаёў лакафарбавых матэрыялаў, якія адрозніваюцца саставам і хім. прыродай плёнкаўтваральных рэчываў. Адрозніваюць слаі: ніжнія (грунтовачныя, гл.Грунтоўкі), прамежкавыя (шпаклёвачныя, гл.Шпаклёўка), верхнія (покрыўныя), якія ўтвараюць фарбы і лакі. Агульная таўшчыня мнагаслойных Л.п. — 30—300 мкм. Асн.тэхнал. аперацыі атрымання Л.п.: падрыхтоўка паверхні для забеспячэння добрай адгезіі Л.п.; нанясенне лакафарбавых матэрыялаў распыленнем (пнеўматычным, гідраўлічным, аэразольным, у электрастатычным полі высокага напружання), акунаннем, абліваннем, уручную; сушка пры пакаёвай т-ры тэрмапластычных Л.п. ці пры павышаных т-рах (80—160 °C) тэрмарэактыўных; прамежкавая апрацоўка — шліфаванне ніжніх і паліраванне верхніх слаёў для надання Л.п. люстранога бляску. Выкарыстоўваюць ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі (найб. у машынабудаванні, буд. індустрыі) і ў быце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАНДША́ФТНЫ ДЫЗА́ЙН,
галіна творчай дзейнасці, накіраваная на фарміраванне прадметна-прасторавага асяроддзя; маст. канструяванне дэталей культ. ландшафту. Аб’екты Л.д. — пластыка рэльефу (ландшафтная скульптура), дрэва-куставыя і кветкавыя кампазіцыі, малыя формы ў архітэктуры з насаджэннямі (пергалы, трэльяжы, вазы, кашпо і інш.), дэкар. скульптура, фантаны, басейны, каскады, элементы візуальнай інфармацыі ў парку, садовая мэбля і інш.
Вылучыўся ў 1960-я г. Развіты ў-Францыі, Германіі, Фінляндыі, Японіі і інш. краінах Сярод прыкладаў на Беларусі: у Мінску — добраўпарадкаванне набярэжнай р. Свіслач, каскады на Сляпянскай воднай сістэме, бульвар па вул. Пуліхава; добраўпарадкаванне плошчы і вуліц у г. Ліда Гродзенскай вобл., гіст.ч. Віцебска; дэкар. вадаём, газоны, кветнікі на цэнтр. плошчах вёсак Домжарыцы Лепельскага р-на Віцебскай вобл. і Верцялішкі Гродзенскага р-на. Новым аб’ектам Л.д. сталі ўчасткі садова-дачнага і катэджавага буд-ва.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАЦІНІ́ЗМ,
слова ці выраз, што перайшлі з лацінскай мовы як запазычанні ці ў выглядзе словаўтваральных, семантычных або сінтакс. калек. У ранні перыяд развіцця бел. мовы гал. роля ва ўзбагачэнні яе тэрміналогіі Л. належала польскай мове, з 2-й пал. 16 ст. ў сувязі з пашырэннем на тэр. Беларусі грамадскіх і культ. функцый лац. мовы Л. запазычваліся і непасрэдна праз пісьмовую і вусную мовы. У 14—18 ст. Л. значна папоўнілася бел. грамадска-паліт., юрыд., канцылярская («депутатъ», «статутъ», «секретаръ») і сац.-эканам. («аренда», «сума») лексіка, атрымала новыя сродкі выражэння тэрміналогія навукі, л-ры, мастацтва («веригъ», «нота», «студентъ»). Многія старыя Л. захаваліся ў бел. мове да нашага часу. У 19—20 ст. крыніцай Л. для бел. мовы стала рус. мова, з якой запазычваюцца пераважна інтэрнацыяналізмы («інфляцыя», «эвалюцыя»). Спецыфічная прыкмета Л. — канцавыя спалучэнні «-ум» («пленум»), «-ус» («корпус»), «-ент» («апанент»), «-цыя» («градацыя»), «-тар» («экватар») і інш.
Літ.:
Булыка АМ. Лексічныя запазычанні ў беларускай мове XIV—XVIII стст. Мн., 1980.