СМІТ (Smith) Адам (5.6.1723, Керколды, Вялікабрытанія — 17.7.1790),
шатландскі эканаміст і філосаф; класік эканам. навукі. Вучыўся ва ун-тах Глазга (1737—40) і Оксфарда (1740—46). Праф. логікі (1751), філасофіі (1752—63) ун-та Глазга. Гал. яго праца «Даследаванне аб прыродзе і прычынах багацця народаў» (1776). У аснове вучэння С. было разуменне, што эканам. законы, як і законы прыроды, вызначаюць развіццё грамадства. Адыграў важную ролю ў распрацоўцы тэорыі прац. вартасці. Даказаў, што вартасць стварае не толькі праца ў пэўнай галіне, а ўсякая праца ў кожнай галіне вытв-сці. Упершыню прааналізаваў класавую структуру грамадства; вылучаў 3 класы: землеўладальнікаў, наёмных рабочых і капіталістаў. Распрацаваў тэорыю зямельнай рэнты, у якой нароўні з навук. палажэннямі былі і памылковыя. Супярэчлівай была і яго тэорыя заработнай платы. Абараняў свабодную канкурэнцыю. Лічыў, што функцыі дзяржавы павінны абмяжоўвацца абаронай краіны, барацьбой са злачынствам і ажыццяўленнем тых гасп. мерапрыемстваў у эканам. жыцці, якія не пад сілу прамысл. буржуазіі. Навук. бок вучэння С. значна паўплываў на развіццё паліт. эканоміі ў свеце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫПАЛО́ГІЯ (ад грэч. typos адбітак, вобраз + ...логія),
навуковы метад, заснаваны на вылучэнні і абагульненні істотных асаблівасцей аб’ектаў даследавання і аб’яднанні гэтых асаблівасцей у пэўную тыпалагічную мадэль (тып). Грунтуецца на выяўленні падабенства і адрознення істотных якасцей аб’ектаў, якія вывучаюцца, вызначэнні спосабаў іх ідэнтыфікацыі, тэндэнцый змяненняў і ўзаемадзеянняў з навакольным асяроддзем. Напр., М.Мід (ЗША) распрацавала сваю Т. культур на аснове вылучэння тыповых асаблівасцей узаемнага ўплыву дзяцей і дарослых, мінулага, сучаснасці і будучыні. Вылучаюць розныя формы Т.: марфалагічную (выяўляе марфал. будову пэўнай сістэмы — біялагічнай, лінгвістычнай і інш.); структурную (выяўляе ўнутр. сувязі і інварыянтныя адносіны ў дынаміцы сістэм); параўнальна-гістарычную, або працэсуальную (арыентавана на апісанне і інтэрпрэтацыю сістэм у іх развіцці і ў кантэксце канкрэтна-гіст. умоў); генетычную (даследуе і тлумачыць паслядоўныя ступені генезісу дадзенай сістэмы); ідэалізуючую — як спосаб канструявання ідэальных тыпаў, што ўяўляюць сабой якасную разнастайнасць аб’ектаў даследавання толькі ў абстрактнай, «чыстай» форме (гл.Ідэальных тыпаў тэорыя). Выкарыстоўваецца Т. з мэтай параўнальнага вывучэння істотных прыкмет, сувязей, функцый, адносін, узроўняў арганізацыі аб’ектаў. Асн. лагічныя формы, якія выкарыстоўвае Т., — тып, класіфікацыя, сістэматыка, таксаномія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УГАРЫ́ЦКАЕ ПІСЬМО́,
квазіалфавітнае клінапіснае кансанантнае пісьмо, якое ўжывалася ў 15—14 ст. да н.э. для запісу тэкстаў на гліняных таблічках. Гэтыя таблічкі з’яўляюцца адзінай крыніцай вывучэння угарыцкай мовы — адной з семіцкіх моў, што была пашырана ў канцы 3-га — 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. на тэр. Угарыцкага царства (гл.Угарыт). Вядомы таксама угарыцкія надпісы на хурыцкай і акадскай мовах. Мяркуюць, што У.п. развілося са складовага клінападобнага лінейнага пісьма (не захавалася). Існуе гіпотэза, што першапачаткова знакі У.п. абазначалі спалучэнні пэўнага зычнага з любым галосным, а пазней — толькі зычныя. Для аблягчэння чытання У.п. выкарыстоўвала словараздзяляльнікі (вертыкальныя кліны), а не пазней 14 ст. да н.э. ва У.п., як і ў інш. відах зах.-семіцкага пісьма, пачалі выкарыстоўваць matres lectionis (літаральна — мацеркі чытання) — адмысловыя знакі некат. зычных, якія ўжываліся для абазначэння галосных.
Літ.:
Павленко Н.А. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Шифман И.Ш. Возникновение знаний о языке у финикиян // История лингвистических учений: Древний мир. Л., 1980.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Я́ДЗЕРНАЕ ПА́ЛІВА,
рэчыва, у якім пад дзеяннем нейтронаў адбываецца дзяленне атамных ядзер з вылучэннем энергіі. Выкарыстоўваецца ў ядзерных рэактарах для ажыццяўлення ланцуговай ядзернай рэакцыі.
Як Я.п. выкарыстоўваюць уран (U) і плутоній (Pu). Толькі ядры ізатопаў 233U, 235U, 239Pu, 241Pu могуць дзяліцца нейтронамі любых энергій. У прыродзе сустракаецца 235U (першаснае Я.п.): астатнія (другаснае Я.п.) атрымліваюць у атамных рэактарах у выніку рэакцыі радыяцыйнага захопу нейтронаў т.зв. сыравіннымі ядрамі 238U і 232Th (торыю) і наступных двух β-распадаў прамежкавых ядраў. У выніку гэтых рэакцый 238U ператвараюцца ў 239Pu, а 232Th — у 233U. У некаторых тыпах рэактараў (рэактарах-размнажальніках і рэактарах-канвертарах) магчыма пашыранае ўзнаўленне Я.п. (колькасць утворанага другаснага Я.п. большае за колькасць выгаралага першаснага). Паводле хім. складу можа быць метал., аксідным, нітрыдным, карбідным і інш. У ядз. рэактарах размяшчаецца ў цеплавыдзяляльных элементах. якія складаюцца са стрыжня з Я.п., што знаходзіцца ў герметычнай (у асн.метал.) абалонцы. Выгарае не цалкам, таму адпрацаванае Я.п. накіроўваюць на перапрацоўку для здабывання рэшткаў першаснага, утворанага другаснага і ачысткі ад прадуктаў дзялення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
забаўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
1. Пацяшацца, праводзіць час у забава, гульнях. Два меншыя хлопчыкі забаўляліся сваімі дзіцячымі гульнямі.Колас.Дэльфіны дагналі яхту і пачалі забаўляцца ў бурлівых хвалях за кармой, перакочваючыся са спіны на жывот.Дуброўскі.
2.кім-чым. Адносіцца да чаго‑н. як да цацкі, гуляць ёю. Рыбіна, якая забаўлялася прынадай, адпусціла паплавок.Якімовіч.//перан. Абыходзіцца з кім‑н. як з цацкай, забаўкай. Дзяўчына кахала Бібікава.., а Бібікаў, відаць, толькі забаўляўся ёю і крывіў душой.«Маладосць».
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
паваро́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1.Незак.да павярнуцца (у 1, 2 і 4 знач.).
2.Разм. Быць, знаходзіцца дзе‑н. Дзе б .. [Анісімаў] ні паварочваўся, каля яго заўсёды збіраліся людзі.Паслядовіч.[Даніла:] — Ну, дзядзька Батура, як ты дзе паварочваешся?Крапіва.
3.Разм. Рабіць, выконваць што‑н. [Сякач:] — Наперадзе ў вас многа спраў. Весялей паварочвайцеся.Алешка.— Каб яны спрахлі, гэтыя скаргі. Толькі паспееш разабрацца з адной, як табе падсоўваюць другую. Адно паварочвайся!Паўлаў.
4.Зал.да паварочваць.
•••
Язык не паварочваеццагл. язык.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АДЛЮСТРАВА́ННЯ ТЭО́РЫЯ,
сукупнасць палажэнняў, катэгорый і прынцыпаў, якія выражаюць агульныя заканамернасці эвалюцыйнага развіцця ўсіх формаў адлюстравання ў неарганічнай і жывой прыродзе, у сац. рэальнасці. Зыходны прынцып адлюстравання тэорыі: вынікі пазнання павінны быць адносна адэкватныя сваёй крыніцы — арыгіналу. У якасці гнасеалагічнага прынцыпу адлюстраванне прызнавалася і ў стыхійным матэрыялізме, але разглядалася як пасіўнае, мёртвае «фатаграфаванне» навакольнага свету. Дыялектыка разглядае яго як складаны і супярэчлівы працэс узаемадзеяння пачуццёвага і рацыянальнага пазнання, мысліцельнай і практычнай дзейнасці. Пры гэтым свядомасць у сваім развіцці не вычэрпваецца паняццем адлюстравання, паколькі ўключае ў сябе творчасць і прадбачанне.
У распрацоўцы адлюстравання тэорыі вылучаюць 2 канцэпцыі: функцыянальную і атрыбутыўную. Прыхільнікі першай канцэпцыі сцвярджаюць, што ў неарганічных аб’ектах ёсць толькі перадумовы ўласцівасці адлюстравання, але не яго актыўнае праяўленне. Прыхільнікі другой настойваюць на ўсеагульнасці ўласцівасцяў адлюстравання. Збліжэнню гэтых канцэпцый садзейнічае ўсведамленне суадносін катэгорыі адлюстравання з агульнанавук. паняццем інфармацыі, далейшай распрацоўкай прынцыпу глабальнага эвалюцыянізму ў навуцы і сінергетыцы.
Катэгорыі і прынцыпы адлюстравання тэорыі ўвайшлі ў філас. абгрунтаванне тэорыі функцыянальных сістэм, канцэпцыі сістэмагенезу ў біялогіі, распрацаванай П.К.Анохіным. Асн. прынцыпы адлюстравання тэорыі процілеглыя прынцыпу тоеснасці мыслення і быцця, які з’яўляецца зыходным для філас. сістэм аб’ектыўнага ідэалізму, а ў шэрагу філас. вучэнняў (напр., у Спінозы, Спенсера) трактуецца ў духу паралелізму паміж зместам свету і зместам яго пазнання (гл. таксама Пазнанне).
Літ.:
Коршунов А.М. Теория отражения и современная наука. М., 1968;
Тюхтин В.С. Отражение. Системы. Кибернетика. М., 1972;
Петушкова К.П. Отражение в живой природе: Динамика теорет. моделей. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІО́БІЙ (лац. Niobium),
Nb, хімічны элемент V групы перыяд. сістэмы, ат. н. 41, ат. м. 92,9064. У прыродзе адзін стабільны ізатоп 93Nb. У зямной кары 210−3% па масе, трапляецца звычайна разам з танталам (гл.Ніобіевыя руды). Адкрыты ў выглядзе аксіду ў 1801 англ. вучоным Ч.Хатчэтам (названы ім «калумбіем»), незалежна ад яго ў 1844 ням. хімікам Г.Розе (прапанаваў назву Н.; ад імя Ніобы — дачкі міфалагічнага Тантала); пазней даказана ідэнтычнасць Н. і калумбію. Назва ўзаконена ў 1950 Міжнар. саюзам тэарэт. і прыкладной хіміі.
Светла-шэры пластычны метал, tпл 2477 °C, tкіп каля 4760 °C, шчыльн. 8570 кг/м³, т-ра пераходу ў звышправодны стан 9,28 К. У звычайных умовах хімічна ўстойлівы. Раствараецца толькі ў плавікавай кіслаце, яе сумесях з азотнай к-той і расплавах шчолачаў. Кампактны Н. у паветры пачынае акісляцца пры t > 200 °C. Пры награванні ўзаемадзейнічае з хлорам, фторам, вадародам, азотам, вугляродам і інш. Атрымліваюць аднаўленнем аксіду Nb (V) Nb2O5, гептафтораніабату (V) калію K2NbF7, асабліва чысты Н. і пакрыцці з яго на інш. металах — аднаўленнем пентахларыду NbCl5 вадародам пры t > 1000 °C. Выкарыстоўваюць пераважна як кампанент нержавейных і гарачаўстойлівых сталей, сплавы Н. з вальфрамам, малібдэнам і цырконіем — як гарачаўстойлівыя канстр. матэрыялы ў ядз. энергетыцы, авіяц. і касм. тэхніцы, каразійнаўстойлівыя сплавы Н. з танталам — для вырабу хім. абсталявання, што працуе ў агрэсіўным асяроддзі, сплавы Н. з тытанам і цырконіем, а таксама звышправаднікі станід Nb3Sn і германід Nb3Ge (т-ра пераходу ў звышправодны стан 23,2 К) — у радыёэлектроніды для вырабу звышправодных саленоідаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛА́СНАСЦЬ,
прысваенне, набыццё нечага ў сваю прыналежнасць і ўладу; сістэма аб’ектыўных адносін паміж людзьмі ў працэсе вытворчасці, размеркавання, абмену, спажывання, якія характарызуюць прысваенне сродкаў вытв-сці і прадметаў спажывання. Адносінам У. ў грамадстве належыць галоўная роля, бо аснову эканам. жыцця складае працэс вытв-сці, што адбываецца ў пэўнай гіст. форме. У. на сродкі вытв-сці і ў першую чаргу на сродкі працы як іх актыўную частку характарызуе сутнасць сац.-эканам. адносін, якія пануюць у дадзеным грамадстве. Заканадаўства ўстанаўлівае прававыя нормы, што рэгламентуюць грамадскія адносіны, звязаныя з валоданнем, карыстаннем, распараджэннем маёмасцю, якая належыць розным асобам або дзяржаве. Т.ч.эканам. адносіны набываюць форму юрыд. адносін, а суб’екты У. надзяляюцца правам У. Размеркаванне аб’ектаў У. паміж суб’ектамі залежыць ад вынікаў грамадскага ўзнаўлення. К.Маркс разглядаў У. у сувязі з адносінамі да прадметаў, «як да сваіх уласных». У Кодэксе Напалеона (Цывільны кодэкс Францыі) сцвярджалася, што «ўласнасць ёсць права карыстацца і распараджацца рэчамі найбольш абсалютным чынам». У Рэспубліцы Беларусь у адпаведнасці з яе Канстытуцыяй і цывільным кодэксам прызнаюцца і гарантуюцца раўнапраўныя формы дзяржаўнай і прыватнай У. Дзяржава дае ўсім роўныя правы для ажыццяўлення гасп. і інш. дзейнасці (акрамя забароненай законам) і гарантуе роўную абарону і роўныя ўмовы для развіцця ўсіх форм У. Нетры, воды, лясы з’яўляюцца выключнай У. дзяржавы. Землі с.-г. прызначэння таксама знаходзяцца ва У. дзяржавы. Законам могуць быць вызначаны і інш. аб’екты, якія знаходзяцца толькі ва У. дзяржавы, або ўстаноўлены асобы парадак пераходу іх у Прыватную У.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
называ́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Мець якое‑н. імя, прозвішча, якую‑н. назву. [Казановіч:] — Калі я не памыляюся, Чорным называецца толькі адно возера.Шашкоў.Сто гадоў прайшло, і блізка наша мэта, Да якое з барацьбою мы ішлі, Хутка будуць называцца — знаю гэта — Камуністамі ўсе людзі на зямлі.Куляшоў.
2.Разм. Узяць на сябе выкананне якіх‑н. абавязкаў, якой‑н. справы. — Хто закладае банк? — спытаў сядзелец. Звычайна ніхто першым не называўся.Колас.
3.узнач.пабочн. Зрабіць не так, як трэба, як хацелася б, як неабходна. Прыгледзеўшыся, жанчына здзіўлена ўскрыкнула, потым заплакала і выйшла з кухні. — Называецца, прывіталася! — спагадліва ўсміхнуўся Тэафіл.Самуйлёнак.
4.Незак.да назвацца.
5.Зал.да называць.
•••
Што называецца (узнач.пабочн.) — як кажуць, як прынята гаварыць. За сорак год валацужання з сякерай .. [дзед] вывучыў пушчу, што называецца, назубок.Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)