драпежная птушка сям. ястрабіных атр. сокалападобных. Пашыраны ў лясных, горных і пустынных раёнах Еўразіі, Паўн. Афрыкі, Паўн. Амерыкі. На Беларусі вельмі рэдкі від, адзначаны ў Бел. Паазер’і і на Палессі. У час вандровак і пралёту трапляецца часцей. Занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.
Даўж. 80—95 см, размах крылаў да 2 м, маса да 6,5 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне цёмна-бурае, знізу святлейшае з дамешкам залаціста-рыжаватага колеру. Пер’е на патыліцы і ззаду шыі залаціста-жоўтае. Цэўка аперана да пальцаў. Дзюба і лапы дужыя, жоўтыя. Кіпцюры вялікія, чорныя. Гнёзды на высокіх дрэвах і скалах. Корміцца млекакормячымі, птушкамі, земнаводнымі, мярцвячынай. Выкарыстоўваецца як лоўчая птушка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭНАДЗЁРЫ (франц. grenadiers ад grenade граната),
від пяхоты і кавалерыі ў арміях еўрап. дзяржаў у 17—20 ст. З’явіліся ў Францыі ў Трыццацігадовую вайну 1618—48, пазней — у Прусіі, Расіі (існавалі ў 1694—1917), Вялікабрытаніі (з 1697) і інш. У баі спалучалі ружэйную стральбу з кіданнем ручных гранат; конныя грэнадзёры ў конным страі дзейнічалі, як драгуны, у пешым — як гранатамётчыкі. З сярэдзіны 18 ст. — салдаты адборных гвардз. і інш.часцей і падраздзяленняў (напр., грэнадзёрская рота палка пешай гвардыі ВКЛ). У цяперашні час грэнадзёры захаваліся ў каралеўскай гвардыі сухап. войск Вялікабрытаніі (1-ы і 2-і Грэнадзёрскія батальёны) і, як назва мотапяхоты, у арміі ФРГ («панцэр-грэнадзёр»).
Грэнадзёр пешай гвардыі Вялікага княства Літоўскага. 1792.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕ́РБНІК (Falco columbarius),
птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны ў тайзе, лесатундры, часткова ў тундры Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Па тэр. Беларусі праходзіць паўд. мяжа гнездавога арэала. Жыве ва ўсіх абласцях, акрамя Брэсцкай, часцей трапляецца ў Бел. Паазер’і на вял. вярховых балотах. Нар. назва галубятнік. Занесены ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Даўж. цела 27—34 см, маса 160—250 г. Самкі большыя за самцоў. Крылы адносна кароткія, хвост доўгі. Апярэнне ў самцоў шызае, у самак дымчата-бурае, брушны бок белавата-рыжы з падоўжнымі стракацінамі, хвост паласаты. Корміцца пераважна дробнымі птушкамі. Гняздуецца на дрэвах у гнёздах інш. птушак, на зямлі, скалах, зрэдку будуе гняздо. Нясе 3—6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАХ (ням. Dach праз польск. dach),
канструкцыйная сістэма перакрыцця і пакрыцця верхняй ч. пабудовы. Д. традыц. жылых і гасп. сялянскіх пабудоў называюць страхой. На Беларусі са старажытнасці вядомы Д. каркаснай і вянковай канструкцыі. Сярод тыпаў каркасных Д. найб. дасканалы кроквенны, з паяўленнем якога свабодныя ад нагрузкі шчыты набылі значэнне важных элементаў арх. дэкору. Акрамя 2-схільных і пірамідальных формаў з 16 ст. пачалі пашырацца вальмавыя (з залобкамі, прычолкамі, дымнікамі) і 3-схільныя, а з 17 ст. — ламаныя, ярусныя, мансардавыя Д. Для класіцыстычных пабудоў характэрны Д. невысокія, з франтонамі. Найб. пашыраны матэрыял пакрыцця — дранка, гонта, чарапіца, бляха, шыфер. У сучасным індустр. буд-ве часцей выкарыстоўваюць плоскі Д., сумешчаны з жалезабетоннымі панэлямі перакрыцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАНЕФРО́З (ад гідра... + нефр... + ...оз),
хвароба нырак чалавека, якая характарызуецца стойкім, прагрэсіўна нарастаючым расшырэннем лаханкі і чашачкі ныркі з застоем мачы і атрафіяй нырачнай тканкі. Бывае гідранефроз першасны (пры прыроджаных анамаліях ныркі, яе сасудаў, лаханкі, мачаточнікаў, мачавога пузыра і урэтры) і другасны (пры набытых фактарах цяжкага адтоку мачы — траўматычныя ці запаленчыя звужэнні мачаточніка, спайкі і фіброз у перыурэтральных тканках, структуры і інш. набытыя хваробы урэтры, камяні мачаточніка, неўрагенныя атаніі і інш.). Поўнае спыненне адтоку мачы выклікае гібель ныркі без гідранефратычнай трансфармацыі. Ускладненні: цяжкі адток мачы, мочакамянёвая хвароба, піеланефрыт. Гідранефроз развіваецца без сімптомаў, іншы раз бываюць прыступы нырачнай колікі, часцей тупыя болі ў вобласці нырак, зменена мача. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНАНДРАМАРФІ́ЗМ [ад гін... + грэч. anēr
(andros) мужчына + morphē форма, від),
наяўнасць у аднаго арганізма груп клетак, тканак або органаў з наборам храмасом, характэрным для розных палоў; прыватны выпадак мазаіцызму. Прычынамі гінандрамарфізму могуць быць страта адной з палавых храмасом у асобін гомагаметнага полу на розных стадыях антагенезу, утварэнне ў яйцаклетцы двух жаночых прануклеусаў, апладненне іх рознымі сперміямі і далейшае развіццё аднаго арганізма з двух’ядзернай зіготы. Назіраецца ў некат. ракападобных, насякомых, рыб, земнаводных, птушак. У пазваночных часцейназ. латэральным (аднабаковым) гінандрамарфізмам і праяўляецца толькі будовай палавога апарата, радзей пашыраецца на вонкавыя прыкметы адной палавіны цела. Гінандрамарфізм адрозніваюць ад гермафрадытызму, калі адбываецца сумяшчэнне прыкмет аднаго полу ў адным арганізме, які мае клеткі з аднолькавым наборам храмасом.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ПНУМ (Hypnum),
род брыевых імхоў сям. гіпнавых. Вядома каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай зоне Паўн. паўшар’я. На Беларусі 6 відаў. Гіпнум кіпарысападобны (H. cupressiforme) часцей трапляецца ў лясах каля дрэў, на гнілой драўніне, глебе, камянях. Звычайнымі з’яўляюцца гіпнум бледнаваты (H. pallescens) і гіпнум Ліндберга (H. lindbergii), менш распаўсюджаны гіпнум лугавы (H. pratense), рэдка трапляюцца гіпнум пладучы (H. fertile) і гіпнум расстаўлены (H. imponens).
Адна- і двухдомныя меза- і ксерафільныя расліны. Дзярнінкі зялёныя ці жаўтавата-зялёныя, шаўкавіста-бліскучыя. Сцябло ляжачае ці ўзнятае, даўж. 2—10 см, перыста-разгалінаванае, радзей простае, парасткі з кручкаватымі канцамі. Лісце серпа-, яйцападобнае або падоўжана-ланцэтнае. Спарагоны на бакавых галінах. Каробачка падоўжана-эліпсападобная ці цыліндрычная. Перыстом двайны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫЛО́Ў (Сямён Мікалаевіч) (крас. 1892, г. Белы Цвярской вобл., Расія — 13.5.1938),
удзельнік Кастр. рэвалюцый і грамадз. вайны ў Беларусі. З 1909 вёў рэв. агітацыю сярод рабочых г. Белы, маскоўскага з-да «Гужон». З 1913 у арміі, у 1917 старшыня палкавога, дывізіённага, нам. старшыні карпуснога к-таў. З 27.10.1917 ваен. камендант і нач. гарнізона Віцебска, старшыня ваен. аддзела (губваенком) губ. выканкома. Арганізаваў разгром часцей Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага на тэр. губерні, абарону Віцебска ад кайзераўскіх войск.
У пач. 1919 старшыня Віцебскага губ.к-та РКП(б). З сак. 1919 на Паўд. фронце, у 1920—21 старшыня Севастопальскага ВРК, гарсавета. У 1921—23 нам. старшыні, старшыня выканкома Віцебскага губсавета. Пазней на ваен., парт. і сав. рабоце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ТНІКІ,
катэгорыя збяднелых маламаёмных ці беззямельных сялян у ВКЛ у 16—18 ст., якія не мелі ўласнай хаты і таму наймалі для жылля кут (адсюль назва). Займаліся пераважна рамяством, промысламі, выконвалі работы па найму. Асн. іх павіннасцю быў чынш, памеры якога ў розных уладаннях былі неаднолькавыя. Працэс фарміравання К. на Беларусі пачаўся ў канцы 16 ст. ў сувязі з пашырэннем феад.-прыгонніцкай гаспадаркі, узмацненнем феад. прыгнёту. Найб. іх было на У Беларусі. У зах. і цэнтр. раёнах іх часцей называлі каморнікамі. Гіст. крыніцы часта атаясамліваюць К. з бабылямі і лёзнымі людзьмі. У сувязі з рэалізацыяй абавязковай інвентарнай рэформы 1840—50-х г. К. зліліся з асн. масай цяглых сялян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗЫ́РСКАЯ ГРУ́ПА ВОЙСК Заходняга фронту, аператыўнае аб’яднанне часцей і злучэнняў Чырв. Арміі ў савецка-польскую вайну 1920. Сфарміравана 20.5.1920 у складзе: 57-й стралк. дывізіі, 72-й і 139-й стралк. брыгад (адпаведна з 24-й і 47-й дывізій), Дняпроўскай ваеннай флатыліі, 17-й кав. дывізіі (з жн. 1920). Камандуючы Ц.С.Хвесін. Дзейнічала на левым флангу Зах. фронту. У чэрв. 1920 фарсіравала Дняпро каля г. Рэчыца, заняла Мазыр і Калінкавічы, наступала ўздоўж чыг. палатна Мазыр—Брэст, удзельнічала ў баях за Лунінец, Пінск, Кобрын, Варшаву. У выніку контрнаступлення польск. арміі 16.8.1920 пачала адыход на тэр. Беларусі. 2.9.1920 расфарміравана. Войскі і штаб М.г.в. увайшлі ў склад 4-й арміі (2-га фарміравання) Зах. фронту.