прыродныя і штучныя матэрыялы (вырабы), якія выкарыстоўваюцца пры буд-ве і рамонце будынкаў і збудаванняў. Да будаўнічых матэрыялаў належаць прыродныя каменныя, лясныя, керамічныя, арган. і мінер. вяжучыя, метал., кампазіцыйныя, цепла- і гідраізаляцыйныя, дахавыя, лакафарбавыя і інш. матэрыялы.
Прыродныя каменныя матэрыялы (бутавы камень, жвір, друз, пясок, гліна і інш.) выкарыстоўваюцца для буд-ва фундаментаў, сцен, дарожнага адзення, падпорных сценак, а таксама для вытв-сці цэменту, вапны, гіпсу, розных кангламератаў. Лясныя будаўнічыя матэрыялы (бярвёны, брусы, дошкі, вырабы з драўніны) ідуць на буд-ва дахаў, падлог, столяў, аконных і дзвярных блокаў і інш. (гл.Драўнінныя матэрыялы). Керамічныя матэрыялы (цэгла, цагляныя камяні і інш.) прызначаны для буд-ва сцен, вырабы з керамікі — для стварэння сан.-тэхн., дрэнажавальных, электраахоўных і інш. сістэм (гл.Будаўнічая кераміка). Пашыраны ў буд-ве вяжучыя матэрыялы — арган. (бітум, дзёгаць, гудрон, смолы, пакосты і інш.) і мінер. (цэмент, вапна, гіпс). Злучэннем мінер. запаўняльнікаў і вяжучых рэчываў атрымліваюць бетоны (цэментна-, асфальта-, жалеза- і палімербетоны) і будаўнічыя растворы (цэментныя, вапнавыя, гіпсавыя, асфальтавыя і іх спалучэнні). Шырока выкарыстоўваюць будаўнічыя канструкцыі са сталі, алюмініевых сплаваў, кампазіцыйных, металапалімерных і інш. матэрыялаў. Цеплаізаляцыйныя матэрыялы атрымліваюць спяканнем шклянога парашку (шклавата, пенашкло і інш.) або змешваннем розных матэрыялаў; яны маюць нізкую цеплаправоднасць. Гідраізаляцыйныя матэрыялы (гідраізол, металаізол, бітумамінер. тканіны і інш.) маюць павышаную водаўстойлівасць і выкарыстоўваюцца для аховы буд. канструкцый ад вільгаці. Дахавыя матэрыялы (руберойд, пергамін, толь, шклоруберойд і інш.) атмасфера- і водаўстойлівыя. Лакафарбавыя матэрыялы (лакі, фарбы, грунтоўкі, шпаклёўкі) — вадкія, паста- ці парашкападобныя саставы. Гл. таксама Будаўнічых матэрыялаў прамысловасць.
І.І.Леановіч.
Будаўнічыя машыны: а — на базе аднавосевага цягача; б — на базе двухвосевага цягача; 1 — пнеўмашынны каток; 2 — цэментавоз; 3 — грэйдэр-элеватар; 4 — аднакаўшовы пагрузчык; 5 — карчавальнік; 6 — плужны снегаачышчальнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯЛІ́КДЗЕНЬ, вяліканне,
веснавое свята стараж. славян у гонар сонца, абуджэння прыроды і надыходу «вялікіх дзён» палявых работ. Адсюль і назва. Падобнае свята пачатку жніва было і ў стараж. семіцкіх плямён, называлася яно «Пасха» (стараж.-яўр. passah праходзіць міма). З развіццём культу бога Яхве Пасха святкавалася ў гонар выхаду яўрэяў з Егіпта, потым яе сталі звязваць з чаканнем «нябеснага збавіцеля» — месіі. На Беларусі на Вялікдзень адбываліся магічныя абрады з мэтай забеспячэння плоднасці жывёлы, урадлівасці зямлі, засцеражэння ад нягод. У велікодны абрадавы комплекс уваходзілі рытуальныя трапезы, гульні з велікоднымі яйкамі (біццё і качанне яек з лубка), карагоды і памінанне памерлых родзічаў — веснавыя дзяды (гл.Радаўніца). У першы велікодны вечар на Беларусі былі пашыраны валачобныя абыходы, у час якіх групы валачобнікаў хадзілі па хатах і выконвалі велічальныя валачобныя песні з пажаданнем селяніну плёну на ніве, прыплоду ў статку, добрага здароўя, шчаслівай долі. Хрысціяне пераасэнсавалі Вялікдзень у свята ўваскрэсення распятага Ісуса Хрыста, якое стала гал. хрысціянскім святам. Яму надаецца асаблівы сэнс як азнаменаванне перамогі над грахом і смерцю. Першапачаткова хрысціянскі Вялікдзень і іудзейская Пасха супадалі па часе. У 325 на 1-м Усяленскім Нікейскім царк. саборы было вырашана святкаваць Вялікдзень у першую нядзелю пасля веснавога раўнадзенства і поўні, з умовай несупадзення даты з іудзейскай Пасхай. Вялікдзень з’яўляецца рухомым святам. Разлічваецца правасл. царквой па юліянскім календары, каталіцкай — па грыгарыянскім. У залежнасці ад месячнага календара прыпадае на час ад 4 крас. да 8 мая. Паводле закону «Аб святочных днях у Рэспубліцы Беларусь» ад 19.12.1991 В. лічыцца святочным (нерабочым) днём.
А.У.Верашчагіна.
Да арт.Вялікдзень. Уваскрэсенне — сашэсце ў пекла Абраз з Троіцкай царквы в. Бездзеж Драгічынскага раёна Брэсцкай вобл. 2-я пал. 17 — пач. 18 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАЧАТРЫВА́ЛЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
матэрыялы, якія не дэфармуюцца і не разбураюцца пры высокіх т-рах пад уздзеяннем мех. нагрузак. Гарачатрываласць вызначаецца ў асноўным межамі паўзучасці і працяглай трываласці, дасягаецца падборам хім. саставу матэрыялу (сплаву) у спалучэнні з пэўнымі ўмовамі крышталізацыі і тэрмічнай апрацоўкі.
Гарачатрывалая сталь мае акрамя жалеза хром, нікель, марганец і інш. Яе мех. ўласцівасці павышаюць легіраваннем (малібдэн, вальфрам, ванадый, ніобій і інш.), загатоўкай з наступным старэннем. Выкарыстоўваецца на выраб дэталей паравых установак высокага ціску, клапанаў авіярухавікоў, турбінных і кампрэсарных дыскаў і інш.Гарачатрывалыя сплавы ствараюцца на нікелевай, кобальтавай, жалезахроманікелевай аснове. Патрэбную іх структуру (з раўнамерным размеркаваннем часціц інтэрметалічных злучэнняў, барыдаў) атрымліваюць гомагенізавальным гартаваннем і старэннем, легіраваннем тугаплаўкімі хім. элементамі і элементамі-ўмацавальнікамі (тытан, алюміній, ніобій, бор), а таксама памяншэннем колькасці свінцу, волава, сурмы, вісмуту, серы. Вырабы, прызначаныя для працяглай эксплуатацыі пры т-ры больш за 800 °C, дадаткова апрацоўваюць алітаваннем, эмаліраваннем, на іх наносяць тугаплаўкія вокіслы і інш. Гарачатрывалыя сплавы ідуць на выраб дэталей паравых і газавых турбін, газатурбінных рухавікоў, энергет. машын і інш.Гарачатрывалы чыгун — аўстэнітны, з шарападобнай формай графіту, легіраваны нікелем, хромам і марганцам. З яго атрымліваюць вырабы, якія эксплуатуюцца пры павышаных т-рах (да 600 °C) і нагрузках у агрэсіўных асяроддзях: галоўкі поршняў, выхлапныя калектары рухавікоў унутр. згарання, карпусы турбанагравальнікаў і інш. Да гарачатрывалых матэрыялаў адносяцца таксама тугаплаўкія металы, металакераміка, некаторыя кампазіцыйныя матэрыялы.
На Беларусі гарачатрывалыя матэрыялы даследуюцца ў Фіз-тэхн. ін-це АН Беларусі. Створаны эканомналегіраваныя гарачаўстойлівыя маркі сталі (выкарыстоўваюцца для вырабу тэрмічных печаў, шклаформаў і інш.), накіравана закрышталізаваныя эўтэктычныя сплавы (больш гарачаўстойлівыя, чым вядомыя прамысловыя), даследаваны высокалегіраваныя сплавы на жалезнай, алюмініевай і нікелевай асновах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНДАЕЎРАПЕ́ЙСКІЯ МО́ВЫ адна з найб. сем’яў моў Еўразіі, якая на працягу апошніх 5 стагоддзяў пашырылася таксама ў Паўн. і Паўд. Амерыцы, Аўстраліі, часткова ў Афрыцы. Развівалася ў выніку распаду і драбнення агульнаеўрап. прамовы, якая існавала не пазней 4-га тыс. да н.э.Найб. верагодная прарадзіма індаеўрапейцаў — тэр. на Пн і З ад Чорнага мора. Блізкія паміж сабою І.м. аб’ядноўваюць у групы, сярод якіх вылучаюцца: індыйскія, іранскія, славянскія, балтыйскія, кельцкія, італійскія, германскія, раманскія (пра кожную гл. асобны арт.). Грэчаская, албанская, армянская мовы (гл. асобныя арт.) утвараюць самастойныя групы.
У 20 ст. выяўлены пісьмовыя помнікі 2 мёртвых груп моў анаталійскай (на тэр. Турцыі) і тахарскай (на тэр. Кітая). Мёртвыя мовы ёсць у індыйскай (санскрыт, пракрыты), іранскай (авестыйская і стараж-перс), славянскай (стараслав., стараж.-рус. і палабская), германскай (гоцкая) і інш. групах. Ад некаторых І.м. (фракійскай, ілірыйскай) зберагліся толькі рэшткі эпіграфічнага і анамастычнага матэрыялу. Сваяцтва І.м. выяўляецца ў агульнасці грамат. будовы, якой характэрна флектыўнасць. Параўнальна-гіст. абследаванні І.м. даюць магчымасць выявіць генетычныя сувязі паміж імі, а таксама рэканструяваць фаналаг. сістэму, грамат. будову і асн. лексіку індаеўрап. прамовы, не засведчанай дакументамі. Некаторыя І.м. (слав., балтыйскія) зберагаюць флектыўную будову, некаторыя (англ., франц. і інш.) у працэсе развіцця ператварыліся ў мовы аналітычнай будовы. Адны групы І.м. павялічыліся колькасна (індыйскія, германскія, раманскія, слав.), іншыя скараціліся (кельцкія). Англ., франц., рус. і ісп.сталі мовамі міжнар. зносін. І.м. вывучае індаеўрапеістыка.
Літ.:
Мейе А Введение в сравнительное изучение индоевропейских языков: Пер. с фр.М.; Л., 1938;
Савченко АН. Сравнительная грамматика индоевропейских языков. М., 1974;
Гамкрелидзе Т.В., Иванов В.В. Индоевропейский язык и индоевропейцы. [Ч.] 1—2. Тбилиси, 1984;
Мартынов В.В. Славянская и индоевропейская аккомодация. Мн., 1968.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІ́ЕЎСКАЯ КУЛЬТУ́РА,
археалагічная культура плямён, якія ў 2—3 — сярэдзіне 5 ст.н.э. жылі на сучаснай тэр. Кіеўскай (Пн), Чарнігаўскай і Сумскай абл. Украіны, на У Гомельскай і Пд Магілёўскай абл. Беларусі, Пд Бранскай і З Курскай абл. Расіі. Вылучыў у 1953 укр. археолаг М.В.Даніленка. Назва ад помнікаў, выяўленых у Кіеве і яго наваколлі. Насельніцтва жыло на селішчах пл. 0,5—2 га (зрэдку да 6—8 га), займалася пераважна земляробствам і жывёлагадоўляй. Іх жыллё было 2 тыпаў: прамавугольныя ў плане паўзямлянкі, паглыбленыя ў зямлю на 0,4—1,2 м, пл. 8—24 м², і наземныя слупавой канструкцыі з адкрытымі агнішчамі. Пахавальны абрад — трупаспаленне; перапаленыя косці змяшчаліся ў круглыя ці авальныя ямкі глыб. 0,2—0,6 м; вядомы і урнавыя пахаванні. Пахавальны інвентар: побытавыя рэчы, прадметы ўпрыгожання, рэшткі трызны. Кераміка (гаршкі, міскі, пасудзінкі малых памераў, дыскі-накрыўкі і інш.) ляпная, зрэдку арнаментаваная насечкамі і пальцавымі ўцісканнямі па краях ці расчосамі грэбеня па тулаве; сустракаецца глянцаваны посуд. З жалеза і сталі выраблялі нажы, свердлы, нажніцы, сярпы, зброю і інш.; з косці — іголкі, спіцы, шылы; з гліны — тыглі, льячкі, грузілы, прасліцы; з каменю — тачыльныя брускі, зерняцёркі, жорны. Тыповыя для плямён Верхняга Падняпроўя — вырабы з выемчатай эмаллю (бронзавыя падвескі, фібулы і інш.). З рымскіх правінцый на тэр. плямён К.к. траплялі чырваналакавая кераміка, бронзавыя пасудзіны, пінцэты, шкляныя пацеркі, манеты. Большасць даследчыкаў лічыць, што К.к. сфарміравалася на аснове позназарубінецкіх старажытнасцей з уключэннем некат. традыцый, запазычаных у плямён пшэворскай культуры і штрыхаванай керамікі культуры. Існуе меркаванне, што насельніцтва К.к. — продкі славян, некат. лічаць іх усх. балтамі. Найб. вядомыя помнікі К.к. на Беларусі — Тайманава, Новы Быхаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТЭРЫЯ́ЛЬНА-ТЭХНІ́ЧНАЯ БА́ЗА,
вытворчая і тэхніка-тэхналагічная аснова існавання і развіцця грамадства. У яе структуру ўваходзяць сродкі вытв-сці і прылады працы, тэхніка і тэхналогія яе спалучэння з чалавекам, характар і ўзровень грамадскай арганізацыі працы. Якасны стан М.-т. б. выражае адносіны грамадства да навакольнага прыроднага асяроддзя і адначасова з’яўляецца дэтэрмінантам адносін у вытв-сці. Апошнія выступаюць у якасці формы М.-т. б. і разам з ёю абумоўліваюць змены гіст. тыпаў грамадства. Матэрыялізацыя вопыту і ведаў шматлікіх пакаленняў людзей надае М.-т. б. значэнне аб’ектыўнага падмурка пераемнасці гіст. працэсу і паступовай тэндэнцыі ў развіцці грамадства. У дакапіталіст. грамадствах гал. яе рысай было выкарыстанне ў эканоміцы эмпірычных ведаў, паўсядзённага вопыту, правераных на працягу стагоддзяў спосабаў дзейнасці ў сельскай гаспадарцы, рамёствах, прам-сці. Таму тэмпы грамадскіх змен былі вельмі павольнымі. Узнікненне машыннай вытворчасці, індустрыялізацыя эканомікі на базе капіталіст. адносін, нарастаючае выкарыстанне навукі ў вытв-сці і кіраванні эканомікай і грамадствам сталі якасным пераломам у развіцці М.-т. б. і значна паскорылі тэмпы грамадскіх змен. Аўтаматызацыя прывяла да спалучэння навук. ведаў з прадметнымі элементамі вытв-сці (тэхнікай) і з яе ўдзельнікамі. Праца паступова вызваляецца ад пераважна мех. аперацый на карысць росту інтэлектуальных функцый, што патрабуе ад работніка адпаведнай падрыхтоўкі і адначасова стварае больш спрыяльныя ўмовы яго творчага развіцця. У сучаснай М.-т. б. навука займае месца непасрэднай прадукц. сілы, што характарызуецца выкарыстаннем. значных навук. дасягненняў, высокіх тэхналогій (генетыка і генная інжынерыя, выліч. матэматыка, лазерная фізіка, інфармацыйныя тэхналогіі, метады камп’ютэрнага канструявання, стварэнне новых машын і прыбораў, звышцвёрдых матэрыялаў і інш.). Сучасны стан і гал. кірункі развіцця М.-т. б., а таксама яе магчымасці ствараюць аб’ектыўныя перадумовы для станоўчага вырашэння грамадскіх праблем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІСЛА́ЎСКАЕ КНЯ́СТВА.
1) удзельнае княства Смаленскай зямлі ў 12—13 ст. Цэнтр — г.Мсціслаў. Адзіны вядомы мсціслаўскі князь — Мсціслаў Раманавіч (з 1180). У 1197 ён стаў князем смаленскім і, верагодна, пакінуў М.к. за сабою як дамен.
2) Удзельнае княства ў складзе ВКЛ у 14—16 ст. пасля захопу Мсціслава ў 1359 вял.кн.ВКЛ Альгердам. У 1380-я г. ў якасці намесніка тут сядзеў яго сын Карыгайла, з 1392 — другі сын, Лугвен, які паклаў пачатак роду князёў Мсціслаўскіх (Лугвенавічаў). Княства першапачаткова ўключала ў свой склад воласці ўздоўж сярэдняга цячэння Сажа і Дняпра: Мсціслаў, Магілёў, Цяцерын, Княжыцы, Дрокаў, Крычаў, Папову Гару, Мглін і далучаную Вітаўтам воласць Малохву ўздоўж правага берага р. Віхра і яе прытока Малохвы. У 1432 за падтрымку Яраславам і Юрыем Лугвенавічам.і кн. Свідрыгайлы вял.кн.ВКЛ Жыгімонт Кейстутавіч забраў у іх М.к.
У 1440 вял.кн. Казімір IV вярнуў княства Юрыю Лугвенавічу, які з перапынкамі трымаў яго да сваёй смерці. Потым М.к. валодаў яго сын Іван, пасля смерці якога (2-я пал. 1480-х г.) Казімір забраў М.к. ў скарб. 15.8.1495 вял.кн.ВКЛ Аляксандр аддаў Мсціслаў жонцы і дочкам Івана Юр’евіча. У 1499 Аляксандр выдаў Ульяну, дачку Івана Юр’евіча, замуж за кн. Міхаіла Іванавіча Заслаўскага (гл.Заслаўскія), які атрымаў ў вотчыну Мсціслаў і Мглін і стаў называцца кн. Мсціслаўскім. У 1526 старэйшы сын Міхаіла Іванавіча Фёдар ад’ехаў у Маскву. Пасля смерці другога сына, Васіля, М.І.Мсціслаўскі завяшчаў княства каралевічу Жыгімонту Аўгусту і трымаў яго далей у якасці каралеўскага ўладання. Пасля смерці М.І.Мсціслаўскага (1529) яго ўладанні сталі староствам Віленскага ваяводства, а ў 1565 утворана Мсціслаўскае ваяводства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ ПРАЦЭ́СЫў Заходняй Беларусі,
адна з найб. распаўсюджаных форм судова-паліцэйскіх распраў польскіх улад з удзельнікамі рэв.-вызв. руху ў 1920—30-я г. Адзін з першых П.п. адбыўся ў ліп. 1923 у Вільні. На ім у антыдзярж. дзейнасці быў абвінавачаны актыў выбарчай арг-цыі кампартыі ў сейм — «Саюза пралетарыяту горада і вёскі». Найб. водгук грамадскасці атрымалі працэс 45-і (май 1923), працэс 35-і (крас. 1929) і працэс 133-х (крас.—май 1928) у Беластоку, працэс 72-х (крас. 1925) і працэс 75-і (чэрв. 1928) у Гродне, працэс 56-і (лют.—май 1928) і працэс 10-і (студз. 1931) у Вільні. У ходзе П.п. судовыя ўлады імкнуліся абвінаваціць падсудных у антыдзярж., тэрарыст. дзейнасці, даказаць іх прыналежнасць да нелегальнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, якая кваліфікавалася як змоўніцкая, тэрарыст.арг-цыя. Таму большасць арыштаваных праходзілі па артыкуле 102, ч. II Крымінальнага кодэкса гал. чынам на аснове паказанняў канфідэнтаў паліцыі. На найб. важных П.п. палітзняволеных абаранялі вядомыя адвакаты Т.Урублеўскі, Т.Ч.Дурач, К.А.Петрусевіч, Е.Смяроўскі, В.Шуманскі і інш. У выніку ў 1926 апраўдана больш за 76% падсудных, у 1927—34%, у 1928 — каля 25%. З узмацненнем аўтарытарных тэндэнцый у Польшчы ў 2-й пал. 1930-х г. П.п. сталі амаль пастаяннай з’явай паліт. рэчаіснасці Зах. Беларусі. На лаве падсудных усё часцей з’яўляліся ўдзельнікі нац.-вызв. руху, у т. л. польскай нацыянальнасці. Напр., працэсы 11-і (студз. 1936, Вільня), 16-і (сак. 1936) неафіцыйна названы працэсамі «другой грамады». Паводле справаздачы грамадска-паліт. ўпраўлення Палескага ваяв., у 1936 адбыўся 21 працэс, на якіх абвінавачваліся 349 чал., з іх 306 былі асуджаны на тэрмін ад 1 да 10 гадоў зняволення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
П’Е́СА (ад франц. piéce кавалак, частка),
1) у музыцы — невялікі закончаны пераважна інстр. твор для сольнага, ансамблевага або аркестравага выканання. Вылучаецца разнастайнасцю зместу і формы. У муз. практыцы абазначае сінонім паняцця «твор» або прыналежнасць да сферы камернай музыкі, што выяўляе ўзаемасувязь паняцця «П.» з рознымі муз. жанрамі, прадстаўленымі самаст. творамі — мініяцюрамі.
У бел. музыцы сярод. П.: прэлюдыі (М.Аладава, П.Падкавырава, Р.Суруса і інш.), імправізацыі (для віяланчэлі сола Г.Гарэлавай, імправізацыя і танец для скрыпкі з фп. Э.Тырманд), рапсодыі для 2 цымбалаў і нар.арк. Дз.Смольскага, фантазіі (на 2 бел.нар. песні для нар. аркестра Я.Глебава), экспромты, муз. моманты (для ансамбля скрыпачоў і фп. А.Мдывані), скерца (для цымбалаў з фп. І.Лучанка), вальсы, маршы і інш. Часам інстр. П. ўзнікаюць як сінтэз муз. жанраў з літаратурнымі (балада, незакончаная казка для скрыпкі з фп. А.Багатырова; казка, П. для фп. С.Картэса; эпіталама, канцэртная П. для ансамбля скрыпачоў і фп. К.Цесакова; навелета, П. для скрыпкі і фп. У.Солтана; паэма для фп. Ф.Пыталева), тэатр.-драматычнымі (2 драм. маналогі для габоя сола Смольскага, Маскі для скрыпкі з фп. Г.Вагнера), жывапіснымі (Акварэлі для віяланчэлі з фп. Цесакова, фрэскавыя ўзоры для цымбалаў сола Л.Шлег). Інстр. П. ўзнікаюць таксама на аснове вак. жанраў (напр., раманс, калыханка для віяланчэлі з фп. Аладава; арыета для валторны з фп. Багатырова).
2) У літаратуры — усе творы драматычнага роду, сінонім паняцця драма. Тэрмін «П.», які напачатку абазначаў невял. муз. твор, у 19 ст. выкарыстоўваўся і ў дачыненні да лірычных вершаў. У 20 ст. П. сталі называць драмы; часта гэта слова замяняе іх жанравае абазначэнне аўтарам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗУМО́ВАЯ І ФІЗІ́ЧНАЯ ПРА́ЦА,
узаемазвязаныя і ўзаемазалежныя віды мэтанакіраванай дзейнасці людзей у выглядзе затрат інтэлектуальнай, разумовай або фіз. энергіі чалавека ў працэсе стварэння матэрыяльных і духоўных каштоўнасцей. Падзел працы на разумовую і фіз. адбыўся ў старажытнасці і абумоўлены развіццём прадукц. сіл грамадства, якія дазвалялі невялікаму слою людзей (жрацам, правадырам і інш.) не займацца непасрэдна здабываннем сродкаў для свайго існавання — фіз. працай. У выніку разумовая праца стала прывілеяй асобных сац. слаёў — брахманаў у Стараж. Індыі, свабодных грамадзян у Стараж. Грэцыі і інш. Паводле утапічнай мадэлі ідэальнай дзяржавы Платона, разумовай працай мелі права займацца толькі яе кіраўнікі — філосафы. Супярэчнасць паміж гэтымі відамі працы са старажытнасці мела сац. карані, набыла антрапалагічныя і сац.-псіхал. аспекты і праходзіць праз усю гісторыю чалавецтва, своеасабліва праяўляецца ў розныя гіст. эпохі. Аднак такі падзел працы адыграў і пазітыўную ролю ў развіцці грамадства: вызвалены ад неабходнасці займацца паўсядзённай фіз. працай, пэўны сац. слой людзей атрымаў матэрыяльныя сродкі і магчымасць сканцэнтраваць энергію менавіта на разумовай працы, што дазволіла развіць інтэлект і стварыць складаны і важны прадукт мысліцельнай дзейнасці, які знайшоў увасабленне ў архітэктуры, мастацтве, музыцы, паэзіі і г.д. Самым значным дасягненнем работнікаў разумовай працы сталінавук.веды. У перыяд усталявання рыначных адносін сфарміравалася інтэлігенцыя — сац. слой людзей, разумовая праца для якіх стала прафес. родам заняткаў. Станоўчы ўплыў на развіццё разумовай працы зрабіла прамысл. рэвалюцыя, якая ахапіла прам-сць, сельскую гаспадарку і значна паўплывала на фіз. працу. Найб. дынамічнае развіццё разумовая праца атрымала ў эпоху навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, якая запатрабавала ад чалавека развітога мыслення, глыбокіх навук. ведаў і высокага ўзроўню кваліфікацыі — інтэлектуальнай працы. Праблема суадносін Р. і ф.п. захоўваецца і ў постіндустрыяльным грамадстве.