АДАНТАЛО́ГІЯ [ад грэч. odus (odontos) зуб + ...логія],
раздзел антрапалогіі, які вывучае зубную сістэму сучаснага і выкапнёвага чалавека ў эвалюцыйным, анатамічным, расава-генетычным планах і ў сувязі з захворваннямі. На падставе вымярэнняў англ. вучоны У.Флаўэр падзяліў расы на буйназубых (аўстралійцы, тасманійцы), драбназубых (еўрапейцы, індыйцы) і сярэднязубых (кітайцы, амерыканцы, індзейцы, малайцы). Методыка некаторых апісальных прыкмет прапанавана амер. даследчыкам А.Грдлічкам, які адзначыў асаблівасці будовы разцоў у амер. і мангалоіднай расаў. Рас. вучоны А.А.Зубаў удакладніў методыку і прапанаваў адзіную праграму даследаванняў па этнічнай аданталогіі для народаў Усх. Еўропы і некат. рэгіёнаў Азіі. У Аддзеле антрапалогіі і экалогіі АН Беларусі сабраны і абагульнены шматлікія даныя аб варыяцыях зубных прыкмет у насельніцтва Беларусі, адзначана іх эпахальная зменлівасць. Метады аданталогіі дазваляюць выпрацаваць крытэрыі расавых і ўзроставых адрозненняў, рэканструяваць асн. заканамернасці расагенезу і стараж. міграцый чалавека.
Л.І.Цягака.
т. 1, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДАПТАЦЫ́ЙНАЯ ФІЗІЯЛО́ГІЯ,
раздзел фізіялогіі, які даследуе прыроджаныя і набытыя прыстасавальныя рэакцыі розных сістэм жывых арганізмаў на вонкавыя ўздзеянні. Задачы адаптацыйнай фізіялогіі: даследаванне фізіял., біяхім. і структурных пераўтварэнняў, якія забяспечваюць адноснае пастаянства ўнутранага асяроддзя арганізма; вывучэнне механізма прыстасавання пры ўздзеянні фактараў навакольнага асяроддзя; вызначэнне гал. дзеючых фактараў і межаў нармальнага рэагавання; распрацоўка шляхоў карэкцыі парушаных функцый і інш. Адаптацыйная фізіялогія вывучае генатыпічную (эвалюцыйную) і фенатыпічную (індывідуальную) адаптацыі. Значны ўклад у развіццё адаптацыйнай фізіялогіі зрабілі замежныя вучоныя К.Бернар, У.Кенан, Г.Селье, а таксама савецкія Л.А.Арбелі, П.К.Анохін, П.Д.Гарызонтаў, І.В.Давыдоўскі, Ф.З.Меерсон, В.П.Казначэеў, А.Д.Слонім, Ф.І.Фурдуй і інш. На Беларусі праблемы адаптацыйнай фізіялогіі вывучаюцца ў ін-тах фізіялогіі, біяхіміі, заалогіі АН Беларусі, мед. ін-тах (Мінск, Віцебск, Гродна).
П.П.Мурзёнак.
т. 1, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЙСКІ ПРОЦІПАВЕ́ТРАНАЙ АБАРО́НЫ,
від узбр. сіл, прызначаных для абароны ад паветр. нападу праціўніка. Узнікненне сродкаў ППА звязана з баявым выкарыстаннем авіяцыі ў 1-й сусв. вайне. Адрозніваюць войскі проціпаветранай абароны краіны і войскі проціпаветранай абароны сухапутных войск (у арміях некаторых краін выкананне задач ППА ўскладзена на ВПС, якія маюць зенітныя ракетныя і інш. войскі). На сучасным этапе задачы войск проціпаветранай абароны цесна ўвязваюцца з задачамі процідзеяння сродкам касм. нападу.
Ва Узбр. Сілах Беларусі войскі проціпаветранай абароны складаюцца з зенітных ракетных, радыётэхн. і спец. войск. Задачы знішчэння сродкаў паветр. нападу выконваюць самастойна або ва ўзаемадзеянні з інш. відамі ўзбр. сіл. Войскі проціпаветранай абароны сухапутных войск прызначаны прыкрываць войскі і іх тылавыя аб’екты ад паветр. нападаў праціўніка, уключаюць зенітныя ракетныя, зенітныя артыл. і радыётэхн. часці і падраздзяленні (гл. таксама раздзел Узброеныя сілы ў арт. Беларусь).
І.А.Шор.
т. 4, с. 257
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКУ́СТЫКА МУЗЫ́ЧНАЯ,
раздзел тэорыі музыкі, які даследуе фізічныя заканамернасці музыкі ў аспекце яе выканання і ўспрымання. Вывучае вышыню, гучнасць, тэмбр, даўжыню і сінтэз муз. гукаў, муз. сістэмы і строі, кансананс і дысананс, некат. з’явы ў гармоніі, інструментоўцы, аркестроўцы і інш.
Навука пра акустыку музычную пачала развівацца ў Стараж Грэцыі; пазней яе развівалі Дж.Царліна, М.Мерсен, Ж.Рамо і інш. У 19 ст. распрацавана рэзанансная тэорыя слыху (Г.Гельмгольц) і тэорыя адлюстравання гукавых ваганняў (К.Штумпф). У 20 ст. з’явіліся тэарэт. даследаванні, звязаныя з зоннай прыродай слыхавога ўспрыняцця (М.Гарбузаў; гл. ў арт. Зона), акустыкай пеўчага голасу (Р.Юсан), электрамуз. інструментаў (Л.Тэрмен, А.Валодзін), а таксама з асаблівымі з’явамі электроннай музыкі і мікратэмперацыі. Гал. праблема сучасных прац — даследаванне ролі аб’ектыўных акустычных фактараў у фарміраванні муз. мовы кампазітараў 20 ст. (Я.Назайкінскі, Ю.Рагс, Ю.Антанавічус).
Т.Г.Мдывані.
т. 1, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АКЦЭНТАЛО́ГІЯ (ад акцэнт + ...логія),
раздзел мовазнаўства, які вывучае тыпы, асаблівасці і функцыі націску; сістэма моўных з’яў, звязаных з націскам. Вывучае націск у сінхранічным і дыяхранічным аспектах (гіст. і параўнальна-гіст. акцэнталогія) і з уласна фаналагічных і марфалагічных пазіцый (апісальная акцэнталогія).
Мае даўнюю традыцыю. У інд. брахманах (8—6 ст. да н.э.) і упанішадах (7—3 ст. да н.э.) сустракаецца паняцце «свара» — націск або тон. Пытанні акцэнталогіі вывучаліся ў Стараж. Грэцыі (6—4 ст. да н.э.) і Кітаі (з 5 ст. н.э.). У 19 ст. націск як самастойны аб’ект вывучэння вылучыў А.Х.Вастокаў; уклад у развіццё акцэнталогіі зрабілі А.А.Патабня, І.А.Бадуэн дэ Куртэнэ, Ф. дэ Сасюр, П.Ф.Фартунатаў, А.Мее.
Бел. акцэнталогія сфарміравалася ў 20 ст. Упершыню націск даследаваўся ў працах Я.Ф.Карскага. Акцэнтныя сродкі бел. мовы вывучаны ў апісальным плане [М.В.Бірыла, Л.Ц.Выгонная, Л.М.Вардамацкі, М.П.Лобан, Я.І.Івашуціч, Я.Э.Смулкова (Польшча), Э.Станкевіч (ЗША)].
Л.П.Кунцэвіч.
т. 1, с. 222
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕ́ТЫКА ЧАЛАВЕ́КА,
раздзел генетыкі, які вывучае спадчыннасць і зменлівасць нармальных і анамальных прыкмет чалавека. Да яго адносяцца: дэтэрмінацыя фізіял., біяхім. і марфалагічных уласцівасцей асобных тканак і органаў чалавека, роля спадчыннасці і асяроддзя ў фарміраванні асобы, мутацыі чалавека і метады аховы яго генатыпу ад пашкоджанняў рознымі фактарамі асяроддзя, роля спадчыннасці пры ўзнікненні і развіцці паталагічных змен у чалавека і інш. Генетыку чалавека падзяляюць на антрапагенетыку, дэмаграфічную генетыку (генетыка народанасельніцтва), экалагічную генетыку (вучэнне пра генет. аспекты ўзаемаадносін чалавека з навакольным асяроддзем), імунагенетыку, генетыку медыцынскую (найб. важную галіну генетыку чалавека для практычных задач аховы здароўя) і інш. Асн. метады даследавання генетыкі чалавека: блізнятны (гл. Блізняты), генеалогіі, папуляцыйна-статыстычны (вывучэнне пашырэння асобных генаў або храмасомных анамалій у папуляцыях чалавека), цытагенетычны (аналіз карыятыпу чалавека) і інш. Даследаванні па генетыцы чалавека маюць вял. значэнне для развіцця медыцыны (паляпшэнне дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі спадчынных захворванняў).
т. 5, с. 156
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАЛО́ГІЯ РЭК,
патамалогія, раздзел гідралогіі сушы, які вывучае заканамернасці фарміравання рэк і працэсы, што ў іх адбываюцца, у цеснай узаемасувязі з фіз.-геагр. ўмовамі і гасп. дзейнасцю чалавека. Уключае гідраграфію рэк, вучэнні аб сцёку і рэчышчавых працэсах. Асн. кірунак — вывучэнне гідралагічнага рэжыму. На Беларусі першыя звесткі па гідралогіі рэк адносяцца да 11—12 ст. Перыядычныя назіранні за крыгаломам і замярзаннем рэк вядуцца з пач. 19 ст. З 1876 вядуцца пастаянныя назіранні за рэжымам рэк Зах. Дзвіна, Дняпро, Бярэзіна і Прыпяць, з 1877 — Нёман, з 1896 — Сож на гідралагічных пастах. Рэгулярнаму вывучэнню гідралогіі рэк спрыялі работы Заходняй экспедыцыі па асушэнні балот (1873). У 1930 арганізавана гідраметэаралагічная служба Беларусі, з 1931 складаюцца гідралагічныя прагнозы, з 1936 выдаюцца гідралагічныя штогоднікі, з 1940 водны кадастр. Даследаванні вядуцца ў Гідраметцэнтры Беларусі. Цэнтр. НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў, «Белмеліявадгасе», БДУ і інш.
А.А.Макарэвіч.
т. 5, с. 228
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРА́ФІКА (грэч. graphikē ад graphō пішу),
сукупнасць пісьмовых сродкаў пэўнай мовы, што ўключае графемы, знакі прыпынку, націск і інш., а таксама сістэма ўзаемаадносін паміж графемамі і фанемамі ў літарна-гукавым пісьме; раздзел мовазнаўства, які вывучае такія ўзаемаадносіны. Паняцце «графіка» характэрна для літарна-гукавога пісьма, у якім вылучаюць 3 бакі: алфавіт, графіку і арфаграфію. Ідэальнай графікай, у якой кожная графема адпавядала б асобнай фанеме (і наадварот) не існуе. У сучасным свеце найб. пашыраны нац. сістэмы пісьма, створаныя на аснове лац. алфавіта (гл. Лацінскае пісьмо), кірыліцы і арабскага пісьма. У аснове бел. графікі — рус. грамадзянскі шрыфт, створаны ў выніку рэформы кірыліцы.
Літ.:
Макарова Р.В. Понятие графики и графемы // Система и уровни языка. М., 1969;
Булыка А.М. Развіццё арфаграфічнай сістэмы старабеларускай мовы. Мн., 1970;
Яновіч А.І. Станаўленне графічнай сістэмы беларускай літаратурнай мовы новага перыяду // Бел. лінгвістыка. 1987. Вып. 31.
т. 5, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫНА́МІКА ЗБУДАВА́ННЯЎ,
раздзел будаўнічай механікі, які вывучае ваганні збудаванняў, што выклікаюцца дынамічнымі нагрузкамі, распрацоўвае метады разліку такіх збудаванняў, спосабы вібраізаляцыі і гашэння ваганняў. Звязаны са статыкай збудаванняў і агульнай тэорыяй ваганняў.
У Д.з. даследуюць ветравыя і сейсмічныя ваганні, ударнае ўздзеянне рухомых цел, вібрацыю і інш. нагрузкі, уздзеянне ваганняў на абсталяванне і людзей, вызначаюць мяжу трываласці і інш. дынамічныя характарыстыкі матэрыялаў і канструкцый, правяраюць надзейнасць разліковых схем збудаванняў і інш.
Асн. задачы Д.з. — вызначэнне ўласных частот і праверка збудаванняў на рэзананс; вызначэнне ўнутр. сіл у элементах збудаванняў, перамяшчэнняў, скорасцей і паскарэнняў мас збудаванняў, якія выкліканы дынамічнымі нагрузкамі і ўздзеяннямі. Для рашэння гэтых задач карыстаюцца тэарэт. метадамі даследавання (аналітычныя і лікавыя, з выкарыстаннем выліч. тэхнікі) і эксперыментальнымі (засн. на даследаванні фіз. мадэлей збудаванняў, на натуральных выпрабаваннях і назіраннях).
Літ.:
Строительная механика. Динамика и устойчивость сооружений. М., 1984.
Я.М.Сідаровіч.
т. 6, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБІНАТО́РНЫ АНА́ЛІЗ,
камбінаторыка, раздзел матэматыкі, які вывучае ўласцівасці сукупнасцей элементаў некаторага канечнага мноства ў адпаведнасці з зададзенымі правіламі. Кожнае правіла вызначае спосаб пабудовы некаторай канструкцыі (камбінаторнай канфігурацыі — перастаноўкі, размяшчэння, спалучэння ці інш.) з элементаў зыходнага мноства. Метады К.а. выкарыстоўваюцца ў тэорыі імавернасцей, тэорыі лікаў і інш. Мэта К.а. — вывучэнне камбінаторных канфігурацый, пытанняў іх існавання, алгарытмаў пабудавання, рашэнне задач на пералічэнне.
Задачы К.а. вядомы з глыбокай старажытнасці (у прыватнасці, вывучаліся магічныя квадраты). Матэматыкам Стараж. Усходу была вядома формула, якая выражае лік спалучэнняў праз бінаміяльныя каэфіцыенты, і формула Ньютана бінома з натуральным паказчыкам ступені. Станаўленне К.а. як навукі звязана з працамі Я.Бернулі, Г.Лейбніца, Б.Паскаля, П.Ферма, Л.Эйлера. У 1950-я г. на развіццё К.а. значны ўплыў зрабілі кібернетыка, дыскрэтная матэматыка, тэорыі планавання і інфармацыі.
Літ.:
Рыбников К.А. Введение в комбинаторный анализ. 2 изд. М., 1985.
С.У.Доўнар.
т. 7, с. 507
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)