найбуйнейшая ў Еўропе група народаў, аб’яднаная блізкасцю моў і агульнасцю паходжання. Размаўляюць на мовах слав. групы (гл.Славянскія мовы) індаеўрапейскіх моў. Падзяляюцца на 3 групы: усходнія (беларусы, рускія, украінцы), заходнія (палякі, чэхі, славакі, лужычане) і паўднёвыя (балгары, сербы, славенцы, харваты, чарнагорцы, баснійцы-мусульмане, македонцы). Складаюць асн. частку насельніцтва Балгарыі, Беларусі, Босніі і Герцагавіны, Македоніі, Польшчы, Расіі, Славакіі, Славеніі, Украіны, Харватыі, Чэхіі, Югаславіі; жывуць і ў Германіі. Агульная колькасць слав. народаў — каля 300 млн.чал. (сярэдзіна 1990-х г.).
Гісторыю стараж. С. вывучаюць паводле археал., антрапалагічных, лінгвістычных і этнаграфічных даных, звестак стараж.-грэчаскіх, рымскіх і візантыйскіх гісторыкаў (Пліній Старэйшы, Тацыт, Пталамей, Іардан, Пракопій і інш.), раннесярэдневяковых летапісаў і хронік. Найб. старажытныя гіст. звесткі пра С., вядомых тады пад імем венедаў, адносяцца да 1—2 ст.н.э. З сярэдзіны 6 ст. найменне «С.» неаднаразова сустракаецца ў працах Пракопія, Іардана і інш. Этнонім «С.» выводзяць ад «слова» (г. зн. «славяне» — «тыя, хто разумее словы, мову», у адрозненне ад «нямых» — немцаў).
Звесткі мовазнаўства, у т. л. гідранімікі, звязваюць стараж. С. з шырокай вобласцю Цэнтр. і Усх. Еўропы, ад Эльбы і Одэра на З, у басейне Віслы, у Верхнім Паднястроўі і да Сярэдняга Падняпроўя на У. Паўн. іх суседзямі былі германцы і балты, якія разам са С. складалі паўн. групу індаеўрапейскіх плямён; усх. суседзямі — зах.-іранскія плямёны (скіфы, сарматы), паўднёвымі — фракійцы і ілірыйцы, заходнімі — кельты. Пытанне пра найстаражытнейшую «прарадзіму» С. застаецца дыскусійным.
Паводле меркавання многіх археолагаў, стараж. С., таксама як і германцы і балты, былі нашчадкамі жывёлагадоўча-земляробчых плямён шнуравой керамікі культуры, што на мяжы 3-га і 2-га тыс. да н.э. з Паўн. Прычарнамор’я і Прыкарпацця рассяліліся па Цэнтр., Паўн. і Усх. Еўропе. У наступныя часы даследчыкі прасочваюць С. сярод носьбітаў некалькіх генетычна звязаных археал. культур, у т. л. тшцінецкай культуры (2-я пал. 3-га тыс. да н.э.), пашыранай паміж Віслай і Сярэднім Дняпром, лужыцкай культуры (15—4 ст. да н.э.) і паморскай культуры (7—2 ст. да н.э.) на тэр. Польшчы, зах. раёнаў Беларусі і Украіны. Некаторыя археолагі лічаць праславянамі носьбітаў чарналескай культуры (10—7 ст. да н.э.) у Падняпроўі, неўраў і скіфаў-земляробаў (паводле Герадота). Існуе меркаванне пра сувязь са С. мілаградскай культуры (7—3 ст. да н.э.) і зарубінецкай культуры, якая існавала з канца 1-га тыс. да н.э. на Прыпяці і ў Сярэднім Падняпроўі; яе пераемніцу кіеўскую культуру (2—5 ст.н.э.) звязваюць з продкамі ўсх. славян.
У 2—4 ст.н.э. ў выніку руху на Пд германскіх плямён (готаў, гепідаў) цэласнасць тэрыторыі С. парушана, што, верагодна, паўплывала на адасабленне заходніх і ўсходніх С. У 3—4 ст. у Сярэднім Падняпроўі і Паўн. Прычарнамор’і жылі плямёны, якія пакінулі чарняхоўскую культуру; мяркуецца, што ў яе складзе быў слав. элемент. Бясспрэчна славянскай была пражская культура, якая ў 5—7 ст. займала вялізную тэр. паміж Дняпром, Прыпяццю, Эльбай і Дунаем.
У канцы 5 ст., пасля падзення дзяржавы гунаў, пачалося прасоўванне С. на Пд (да Дуная, у Паўн.-Зах. Прычарнамор’е) і іх уварванне ў балканскія правінцыі Візантыйскай імперыі (гл.Візантыя). Тады плямёны С. падзяляліся на 2 групы — антаў (урываліся на Балканскі п-аў праз нізоўі Дуная, носьбіты пянькоўскай культуры) і склавінаў (нападалі на візантыйскія правінцыі з Пн і ПнЗ, носьбіты пражскай культуры). У 2-й пал. 1-га тыс. С. занялі Верхняе Падняпроўе і яго паўн. перыферыю, што раней належалі ўсх. балтам і фіна-угорскім плямёнам, а таксама землі на ніжняй Эльбе і паўд.-зах. узбярэжжы Балтыйскага мора (палабскія С.) і ператварыліся ў буйнейшую этнічную групу Еўропы. У 3-й чвэрці 1-га тыс.слав. элементы прасочваюцца ў банцараўскай культуры, калочынскай культуры, доўгіх курганах і інш. помніках лясной зоны Усх. Еўропы. С. распадаліся на асобныя племянныя групоўкі: ужо ў 6 ст. вядомы дулебы, пазней у «Аповесці мінулых гадоў» названы паляне, севяране, драўляне, улічы, ціверцы, харваты, бужане, валыняне, дрыгавічы, крывічы, радзімічы, вяцічы і інш.
У выніку рассялення С. іх этнічная і моўная супольнасць паступова разбуралася, што прывяло да ўтварэння 3 слав. груповак — заходняй, усходняй і паўднёвай. З распадам родавага ладу і ўзнікненнем старажытнейшых слав. дзяржаў (Першае Балгарскае царства, дзяржава Сама, Вялікамараўская дзяржава, Карантанія, Кіеўская Русь і інш.) у канцы 1-га тыс. пачалі фарміравацца сярэдневяковыя слав. народнасці: палякі і чэхі, крыху пазней — славакі (зах. С.), славенцы, сербы, харваты і балгары (паўд. С.). Ва ўсх. С. ішоў працэс фарміравання стараж.-рус. народнасці. У наступныя стагоддзі тэр. рассялення С. зведала істотныя змены. Мадзьярскія (венгерскія) плямёны, якія ў канцы 9 ст. прасунуліся ў даліну сярэдняга Дуная, адрэзалі зах. С. ад паўднёвых, пры гэтым частка слав. насельніцтва Паноніі асімілявана венграмі. Тэрыторыя зах. С. скарачалася пад націскам немцаў, якія знішчылі або асімілявалі амаль усіх палабскіх і паморскіх С. (акрамя лужычан і кашубаў); палякі на Пн былі ў значнай меры адрэзаны ад Балтыйскага мора, а на Пд, дзе немцы пранікалі ў Сілезію, апынуліся адмежаванымі ад чэхаў. Немцы занялі і частку чэшскіх зямель. Скарацілася і тэрыторыя паўд. С. Большая іх частка на Пелапанескім п-ве асімілявана грэкамі. Ішоў працэс асіміляцыі аўстрыйцамі карынтыйскіх славенцаў. З 9—10 ст. сярод С. пачало распаўсюджвацца хрысціянства. Браты Кірыла і Мяфодзій распрацавалі літургію на слав. мове, азбуку (глаголіцу), зрабілі пераклад некаторых рэліг. кніг. У большасці паўд. С. і на Русі зацвердзілася хрысціянства ўсх. абраду, у астатніх С. — заходняга. У 10—11 ст. аформіліся раннефеадальныя манархіі ў палякаў, чэхаў, харватаў, у 12 ст. — у сербаў. У 12—13 ст. этнічнае і паліт. развіццё С. затарможана і нават перапынена знешнімі фактарамі: мангола-татарскім нашэсцем на Русь, нападамі візантыйцаў і венграў на балканскіх С. (ужо ў 1-й пал. 11 ст. яны падпарадкавалі славакаў, у канцы 11 ст. — харватаў). У 2-й пал. 14 ст. пачалося наступленне туркаў, якія занялі тэрыторыю балгар і сербаў, прымусілі частку сербаў перасяліцца з т. зв. Старой Сербіі на Пн у вобласць Ваяводзіна. Частка балканскіх С. прыняла мусульманства.
У 1348 у Празе заснаваны першы на слав. землях ун-т. Каля 1470 у г. Пльзень (Чэхія) надрукавана 1-я кніга на чэшскай мове. 1-я кніга глагалічнага шрыфту надрукавана каля 1483 (як мяркуюць, у г. Косцін, Харватыя), кірылічнага шрыфту — у 1491 у Кракаве. Ва ўсх. С. 1-ю кнігу выдаў Ф.Скарына ў Празе ў 1517. Заняцце ў 1526 Габсбургамі трона ў Празе вярнула Чэхію пад нямецкі ўплыў, краіна зноў увайшла ў склад «Свяшчэннай Рымскай імперыі».
Ва ўсх. С. у 13 ст. ў выніку мангола-татарскага нашэсця многія паўд. і паўд.-ўсх. вобласці абязлюдзелі. Зах.дзярж. ўтварэнні (княствы) усх. С. з 13—14 ст. аб’яднаны ў складзе Вялікага княства Літоўскага (з 1569 у складзе Рэчы Паспалітай). У ходзе барацьбы з Залатой Ардой і татарскімі ханствамі, што ўзніклі пасля яе распаду, у выніку ўзмацнення Маскоўскага вялікага княства з 15 ст. аднавілася засяленне С. паўд.-ўсх. абласцей. У гэты час актывізаваўся і працэс фарміравання ўсх.-слав. народнасцей — беларусаў, рускіх, украінцаў. Пасля заваявання ў 16 ст. Казанскага і Астраханскага ханстваў рускія пашырылі тэрыторыю свайго рассялення, прасунуліся ў Паволжа, Прыуралле і далей — у Сібір. Украінцы пасля вызвалення іх зямель ад татара-манголаў, асабліва пасля падзення Крымскага ханства (канец 18 ст.) засялялі прычарнаморскія стэпы і разам з рускімі — стэпавыя і перадгорныя раёны Паўн. Каўказа. Этнічная тэрыторыя беларусаў пашыралася ў паўн.-зах. напрамку за кошт асіміляцыі літоўскага насельніцтва. Ператварэнню Расіі ў магутную еўрапейскую дзяржаву садзейнічала імперская палітыка Пятра I [1682—1725] і Кацярыны II [1762—95]. У выніку заняпаду Рэчы Паспалітай яе землі ў 1772—95 былі захоплены і падзелены паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. На мяжы 18—19 ст. адзінай незалежнай слав. дзяржавай засталася Расійская імперыя. Слав. народы знаходзіліся пад нямецкай (Прусія, Аўстрыя), турэцкай і рас. уладай. Адраджэнне ў 19 ст.нац. самасвядомасці слав. народаў і ідэі іх моўна-культурнай супольнасці, якую прапагандавалі гал.ч. чэхі і славакі (Я.Колар і інш.), а таксама ажыўленне нац.-вызв. рухаў на Балканах спрабавала выкарыстаць рас. самадзяржаўе, якое высунула лозунг аб’яднання пад сваёй уладай усіх С. Розныя падыходы ў дачыненні да шляхоў нац. і паліт. вызвалення заняволеных слав. народаў сфарміравалі мноства ідэйна-паліт. кірункаў, якія разам з ідэяй слав. агульнасці (гл.Панславізм) прапаноўвалі таксама ідэі лаялізму ў адносінах да дзяржаў-захопнікаў. Пытанне пра слав. вызваленне было ў цэнтры ўвагі Слав. з’езда ў Празе ў 1848. На працягу 19 ст. ў выніку нац. паўстанняў, падтрыманых Расіяй, паліт. незалежнасць здабылі балканскія народы: чарнагорцы (1796, поўны суверэнітэт з 1878), сербы (1804—29, поўны суверэнітэт з 1878), балгары (1878—1906). Нац. прыгнёт і цяжкае эканам. становішча слав. народаў у канцы 19 — пач. 20 ст. выклікалі моцную іх эміграцыю ў інш. краіны Еўропы (напр., у Францыю) і за акіян (гал.ч. у ЗША і Канаду). Агульная колькасць слав. народаў на пач. 20 ст. складала каля 150 млн.чал., у т. л. рускіх — больш за 65 млн., украінцаў — каля 31 млн., беларусаў — каля 7 млн., палякаў — больш за 19 млн., чэхаў — больш за 7 млн., славакаў — больш за 2,5 млн., сербаў і харватаў — больш за 9 млн., балгар — 5,5 млн., славенцаў — 1,5 млн.Асн. маса слав. насельніцтва знаходзілася ў Рас. імперыі — 107,5 млн.чал., у Аўстра-Венгрыі — каля 25 млн.чал., Германіі — больш за 4 млн., у краінах Амерыкі — больш за 3 млн. чал.
Пераломнымі момантамі для С. былі Лют. і Кастр. рэвалюцыі ў Расіі (1917), крах Германскай імперыі і Аўстра-Венгрыі (1918), у выніку якіх незалежнасць здабылі Польшча і народы, што знаходзіліся пад уладай Аўстра-Венгрыі — чэхі, славакі, харваты, славенцы. Утварыліся шматнацыянальныя слав. дзяржавы — Чэхаславакія, Югаславія, а таксама СССР. У 1939 адбылося ўз’яднанне ўсіх бел. і ўкр. зямель, пасля 2-й сусв. вайны — аднаўленне спрадвечнай этнічнай тэрыторыі палякаў і чэхаў. У канцы 20 ст. ў выніку распаду СССР, ЧССР і СФРЮ утварыліся новыя незалежныя слав. дзяржавы, і цяпер усе буйнейшыя слав. народы (у якіх насельніцтва больш за 1 млн.чал.) маюць уласную дзяржаўнасць.
Літ.:
Свод древнейших письменных известий о славянах. Т. 1—2. М., 1991—95;
Славянские древности: Этнолингвистич. словарь: В 5 т. Т. 1—2 М., 1995—99;
Седов В.В. Славяне в древности. М., 1994;
Яго ж. Славяне в раннем средневековье. М., 1995;
Славянское движение XIX—XX вв.: съезды, конгрессы, совещания, манифесты, обращения. М., 1998;
Славянская идея: история и современность. М., 1998;
Słownik starożytności słowiańskich: Encyklopedyczny zarys kultury Słowian od czasów najdawniejszych do schyłku wieku XII. T. 1—7. Wrocław etc., 1961—82;
Łowmiański H. Początki Polski. T. 1—6. Warszawa, 1963—85.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТО́ЎЦЫ (саманазва летувяй),
народ, асн. насельніцтва Літвы (2924 тыс.чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 7,6 тыс.чал. (перапіс 1989), Латвіі, ЗША і інш. Агульная колькасць 3,45 млн.чал. (1992). Гавораць на літоўскай мове. Вернікі пераважна католікі.
Літоўская народнасць пачала складвацца ў 12—13 ст. Пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага пачаўся працэс паступовага зліцця этнічных груп Л. у агульную народнасць, якому спрыяла прыняцце каталіцтва ў Літве (Аўкштайціі і ў балцкіх арэалах на Беларусі) у 1387 і ў Жамойці ў 1413. У ходзе гэтага працэсу асіміляваны некат. балцкія плямёны (прусы, яцвягі, земгалы і інш.). У 16—18 ст. Л. ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Пасля яе 3-га падзелу (1795) Літва далучана да Рас. імперыі. Кансалідацыя Л. у нацыю завяршылася ў 2-й пал. 19 ст.Традыц. тып паселішчаў Л. у канцы 19 — пач. 20 ст.: на З — хутары, на У — вёскі. Нац. адзенне: у жанчын — тунікападобная кашуля, стракатая безрукаўка, часам са шнуроўкаю на грудзях, паласатая або ў клетку спадніца, фартух і ўзорысты тканы пояс; у мужчын — кашуля, шарсцяная куртка. паласатыя або ў клетку штаны, пояс.
Культ. ўзаемаўплыў беларусаў і Л. быў асабліва актыўны ў часы ВКЛ. У той перыяд арэал рассялення Л. быў больш шырокі за сучасны і ахопліваў прылеглыя да літ. мяжы тэр. сучаснай Гродзенскай вобл. Гістарычна і тапанімічна зафіксаваны месцы кампактнага пражывання Л. далей на У: у вёсках з назвай Літва ў верхнім Панямонні ці з характэрна літ. назвамі тыпу Бакшты, Жвірблевічы на Міншчыне і інш. Па-за межамі асн. арэала Л. рассяляліся па тэр. Беларусі ў выніку міграцый, асабліва пры перамяшчэннях паміж уладаннямі аднаго феадала, які меў падданых і ў Літве, і на Беларусі. Адначасова і карэнная тэр. Л. была аб’ектам слав. міграцыі, асабліва моцнай каля Вільні. Л. складалі меншасць насельніцтва ВКЛ. Да 2-й пал. 16 ст. яны не мелі ўласнай пісьмовасці. Шматлікая арыстакратыя літ. паходжання мела тэндэнцыю да абеларушвання, з 17 ст. — да паланізацыі. Тая ж тэндэнцыя назіралася і сярод гар. насельніцтва. Моцны культ. ўплыў беларусаў адчувалі Л. — сяляне дзукі. Да канца 19 ст. гэта прывяло да суцэльнай беларусізацыі Віленскага краю. У канцы 1870 — пач. 1890-х г. адзначана перасяленне Л. на ўсх. і паўн.-ўсх. землі Беларусі. У 1897 кампактныя групы Л. жылі ў Лідскім (17 285 чал.), Ашмянскім (8754), Гродзенскім (2814), Аршанскім (каля 1400), Сенненскім (каля 800), Чавускім (каля 500), Барысаўскім (больш за 400) паветах. Яны займаліся пераважна земляробствам, ткацтвам. Напярэдадні 1-й сусв. вайны толькі на У Беларусі жыло каля 10 тыс. Л. У час вайны ў выніку міграцыі і эвакуацыі з этн. Літвы павялічылася колькасць Л.-гараджан. У 1919—20 існавала Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Паводле перапісу 1926 Л. у БССР было 6564 чал., у т. л. да 2 тыс. гараджан (Віцебск, Барысаў, Гомель, Мінск); да 65% іх жыло ў Барысаўскім, Дубровенскім, Крупскім, Лёзненскім, Мсціслаўскім, Полацкім, Сенненскім, Ушацкім, Чавускім р-нах. У месцах кампактнага рассялення Л. у 1920—30-я г. існавалі нац. калгасы (6 у 1934); у 1928—39 існаваў Малькаўскі літ.нац. сельсавет. Дзейнічалі нац. школы: 2 у 1925—26, 12 у 1929, 10 у 1931—32, 13 у 1934—35, 9 у 1936, а таксама нац.-змешаныя: 1 літ.-латышская і 1 бел.-літоўская (1936). З 1928 існавала літ. секцыя Бел. асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (з 1932 СП БССР). З 1927 у Інбелкульце (з 1929 АН Беларусі) працавала кафедра гісторыі Літвы, з 1929 — літ. сектар АН, з чэрв. 1933 — літ. секцыя Ін-та нацменшасцей АНБССР. Пры ЦККП(б)Б існавала Літ. бюро. У Мінску і Віцебску працавалі літ. рабочыя клубы. У 1927—37 у Мінску выдавалася газ. на літ. мове «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» трансліравала перадачы на літ. мове. З 1932 існаваў літ. сектар пры Белдзяржвыдавецтве, выдаваліся падручнікі і л-ра на літ. мове. У 1937—38 нац. арг-цыі скасаваны, многія Л. рэпрэсіраваны; колькасць Л. у БССР зменшылася. На тэр.Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. дзейнічала літ.культ.-асв.т-ва «Раніца», існавалі літ. школы, нар. чытальні; з 1930 пры Віленскім акруговым к-це КПЗБ (з 1931 пры ЦККПЗБ) дзейнічала Літоўскае бюро ЦККПЗБ. У пасляваен. час, пераважна ў 1950-я г., з месцаў кампактнага пражывання Л. на Беларусі адбывалася міграцыя ў Літ. ССР, дзе ўтварыліся своеасаблівыя грамадска-культ. асяродкі: т-ва «Гервечай», што аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Гервяты (Астравецкі р-н) і клуб «Бяржынас» («Бярэзнік») які аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Малькава (Дубровенскі р-н) і наваколля; пэўная колькасць Л. перасялілася на Беларусь.
У 1970 Л. на Беларусі было 8092 чал., у 1979—6993. Большасць з іх жыве ў Гродзенскай вобл. (Астравецкі і Воранаўскі р-ны). У гэтых раёнах у 1957 створана 8 школ з выкладаннем літ. мовы, цяпер дзейнічаюць 2 сярэднія школы ў Воранаўскім і Астравецкім р-нах, 1 школа з літ. класамі ў Браслаўскім р-не. У в. Рымдзюны (Астравецкі р-н) будуецца Літ. грамадска-культ.цэнтр. З 1994 існуе Рэсп. абшчына Л. Беларусі, у склад якой уваходзяць суполкі Воранаўскага, Астравецкага і Браслаўскага р-наў, а таксама Гродзенскае аб’яднанне Л. «Тэвіня». Нягледзячы на актыўныя працэсы этнакульт. збліжэння, літ. насельніцтва ў многім захоўвае асаблівасці побыту і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМ,
горад, цэнтр Слонімскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Шчара пры ўпадзенні ў яе р. Іса. Чыг. ст. на лініі Баранавічы—Ваўкавыск; вузел аўтадарог на Баранавічы, Івацэвічы, Ружаны, Зэльву, Дзятлава. За 143 км ад Гродна. 51,6 тыс.ж. (2001).
Паводле археал. даследаванняў, горад узнік у 11 ст. на месцы невял. паселішча. Упершыню ўпамінаецца ў Іпацьеўскім летапісе пад 1252. У 1254 уваходзіў у Галіцка-Валынскае княства. З 2-й пал. 13 ст. ў ВКЛ. З канца 13 ст. ў С. быў умацаваны замак (гл.Слонімскія замкі), вакол якога рос горад. Слонімская харугва прымала ўдзел у Грунвальдскай бітве 1410. Пасля Гарадзельскай уніі 1413 С. уключаны ў Трокскае ваяв. У 1531 С. атрымаў ад вял.кн. Жыгімонта 1 Старога самакіраванне паводле магдэбургскага права; пацверджана ў 1591 Жыгімонтам III (тады ж дадзены герб: залаты леў з падвойным сярэбраным крыжам на блакітным полі) і ў 1679 Янам III Сабескім, у 1776 скасавана. З 1560 належаў маршалку Р.Валовічу, з 1586 — канцлеру ВКЛ Л.Сапегу, з 1655 — князям Агінскім. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 горад заняпаў. Яго эканам. ўздым звязаны з дзейнасцю слонімскага старосты Міхала Казіміра Агінскага, вял. гетмана літ., які ў 2-й пал. 18 ст. заснаваў тут сваю рэзідэнцыю, стварыў Слонімскую друкарню, Слонімскую капэлу Агінскага, Слонімскі тэатр Агінскага, пры якім працавалі Слонімская балетная школа, Слонімская музычная школа, пабудаваў Слонімскія мануфактуры дываноў (гл. ў арт.Слонімскія мануфактуры), Агінскі канал і інш. З 1795 С. у складзе Рас. імперыі, цэнтр Слонімскай губерні, з 1797 у Літоўскай, з 1801 у Гродзенскай губерні, цэнтр Слонімскага павета. У вайну 1812 каля С. 20 кастр. адбыўся бой паміж рас. і франц. войскамі. У 1897 у С. 15 893 ж., 1312 жылых дамоў, у т. л. 333 мураваныя, 5 піваварных, 4 ганчарныя, 2 гарбарныя з-ды, 2 канатныя ф-кі, некалькі млыноў, 2-класнае павятовае вучылішча, прыходскае вучылішча, пачатковае яўр. вучылішча, прыватны жаночы пансіён, 2 царквы, 2 касцёлы, 7 сінагог, мячэць. У пач. 20 ст. адкрыты слонімскія гімназіі і Слонімскае рэальнае вучылішча. Вял. ролю ў развіцці прам-сці горада ў 19 — пач. 20 ст. адыгралі буйныя землеўладальнікі графы Пуслоўскія, якія ў прыгарадзе С. — Альбярціне адкрылі медную, дывановую, лесапільную мануфактуры, Альбярцінскую суконную фабрыку і інш. У 19 ст. створана Слонімская сядзіба «Альбярцін». У 1921—39 у складзе Польшчы, павятовы цэнтр Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Слонімскага раёна Баранавіцкай вобл. 26.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў горадзе і раёне 42 тыс.чал., у т. л. ў С. больш за 10 тыс.чал. Дзейнічала Слонімская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 10.7.1944 вызвалены войскамі 1-га Бел. фронту ў ходзе наступлення на Баранавіцка-Брэсцкім напрамку. З 8.1.1954 С. — цэнтр раёна Гродзенскай вобл., з 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1973—32,5 тыс.ж. З 1990 у С. працуе Слонімскі беларускі драматычны тэатр.
У 14—15 ст. фарміравалася забудова пасада, у С. было 9 цэркваў. У 16 ст. на месцы разбуранага замка пабудаваны драўляны палац, перад якім сфарміравалася гандл. плошча (цяпер вул. Першамайская), да якой сыходзіліся асн. вуліцы. У 17—18 ст. узведзены шэраг мураваных кляштараў, храмаў і інш. пабудоў, якія ўвайшлі ў сістэму абарончых умацаванняў: касцёл дамініканцаў, калегіум езуітаў (не захаваліся), кляштар бенедыкцінак, Слонімскі кляштар канонікаў латэранскіх, Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінак, Слонімскі касцёл і кляштар бернардзінцаў, Слонімская сінагога, Слонімская капліца Дамініка, Слонімскі Андрэеўскі касцёл, аўстэрыя і ратуша (барока). З 2-й пал. 18 ст. забудова горада фарміравалася вакол звязаных паміж сабою плошчаў: гал. гандлёвай, перад касцёлам дамініканцаў (цяпер пл. Леніна) і перад сінагогай. Вуліцы (пераважна брукаваныя) накіраваны да гандл. плошчы. У 19 ст. распрацаваны праекты перапланіроўкі С., якія прадугледжвалі захаванне гіст. планіровачнай структуры горада. Паводле іх пабудаваны 2—3-павярховыя цагляныя дамы ў цэнтры горада. Захаваліся фрагменты характэрнай для пач. 18 — пач. 20 ст. жылой забудовы, гар. асабнякі 19—20 ст. У стылі мадэрн — Слонімскага вакзала будынак, банк. У пас. Фабрычны (уключаны ў межы горада) — Слонімская сядзіба «Альбярцін». Сучасны горад размешчаны абапал р. Шчара. Генпланы С. распрацаваны ў 1963 (ін-т «Белдзяржпраект», арх. Л.Васільеў, С.Мамаева, карэкціроўка 1966) і 1973 (Мінскі філіял ЦНДІПгорадабудаўніцтва, арх. А.Агафонава, карэкціроўка БелНДІПгорадабудаўніцтва 1987, арх. Т.Татарынцава). У 1980 зроблены праект дэталёвай планіроўкі цэнтра (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. Татарынцава). Паводле генплана 1999 (БелНДІПгорадабудаўніцтва, арх. У.Ісачанка, Татарынцава, Ю.Чантурыя, пры ўдзеле арх. А.Пархуты, У.Казырновіча) гар. тэрыторыі пашыраюцца на Пд і ПдЗ, ствараецца новы грамадскі цэнтр. Зона адпачынку — р. Шчара, канал Агінскага з паркам, парк у пас. Фабрычны, воз. Лабазоўка.
Працуюць акц.т-ва «Слоніммэбля», Слонімскі кардонна-папяровы завод, Слонімская камвольна-прадзільная фабрыка, Слонімская фабрыка мастацкіх вырабаў, ф-ка «Гасцінічная мэбля», вінзавод, камбінат быт. абслугоўвання і інш.; 10 сярэдніх і базавая (санаторна-лясная) школа, муз. школа, 7 б-к, раённы Дом культуры, Слонімскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, помнік Вызваліцелям. У наваколлі горада 3 магілы і могілкі яўрэяў — ахвяр фашызму.
Літ.:
Мелешко В.И. Слоним: Ист. очерк. Мн., 1962;
Караткевіч В.Б., Кулагін А.М. Помнікі Слоніма. Мн., 1983;
Цеханавецкі А. Міхал Казімір Агінскі і яго «сядзіба музаў» у Слоніме: Пер. з ням.Мн., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЎСТА́ННЕ 1830—31у Польшчы, Беларусі і Літве, Лістападаўскае паўстанне,
нацыянальна-вызваленчае паўстанне за аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772. Выклікана парушэннямі з боку царызму аўтаноміі Каралеўства Польскага і польскай канстытуцыі 1815, паступовай ліквідацыяй дзяржаўнасці і аўтаноміі Польшчы, намаганнем шляхты Беларусі і Літвы аднавіць дзяржаўнасць і свае паліт. правы кіравання ў незалежнай дзяржаве, што раней выявілася ў праектах аўтаноміі ВКЛ у складзе Рас. імперыі, у т. л. ў праекце аўтаноміі М.К.Агінскага. Падрыхтавана тайнымі арг-цыямі, у т. л.Патрыятычным таварыствам і Таварыствам падхарунжых. Пачалося ў Варшаве ў ноч на 29.11.1830. Паўстанцаў падтрымалі жыхары Варшавы і польскія вайск. часці. 30.11.1830 паўстанцы авалодалі Варшавай. Рас. войскі вымушаны былі адступіць з Варшавы, а да пач.снеж. 1830 — і з Польшчы; значная частка іх сканцэнтравалася на Беларусі. У Варшаве быў сфарміраваны Часовы ўрад, у склад якога ўвайшоў і прадстаўнік дэмакр. сіл І.Лялевель, але з 5.12.1830 да 17.1.1831 улада была перададзена вайск. дыктатару ген. Ю.Хлапіцкаму. 20.12.1830 польскі сейм апублікаваў «Маніфест польскага народа», у якім абвясціў мэты П. і заклікаў насельніцтва далучыцца да яго. На Беларусь, Літву і Украіну былі накіраваны эмісары, каб узняць там паўстанне. Па ініцыятыве Лялевеля ў Варшаве быў заснаваны клуб з прадстаўнікоў шляхты і інтэлігенцыі Беларусі, Літвы і Украіны («Клуб злучаных братоў»), які звярнуўся ў сейм з заявай пра далучэнне бел., літ. і ўкр. зямель да паўстання. Лялевель і інш. шляхецкія рэвалюцыянеры выступалі за надзяленне сялян зямлёй і паляпшэнне іх становішча. 13.12.1830 рас. ўрад абвясціў ваеннае становішча ў Зах. Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне.
У студз.—лютым 1831 на Беларусі і Літве быў створаны падпольны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, у якім пераважалі кансерватыўныя элементы. К-т падтрымліваў сувязі з Варшавай і павятовымі к-тамі Беларусі і Літвы. Аднак у цэлым палітыка Віленскага к-та была нерашучай. У сак.—крас. 1831 паўстанне ахапіла Ашмянскі, Браслаўскі, Віленскі, Дзісенскі, Свянцянскі пав., у кожным з іх ствараліся ўрады (к-ты), якія праводзілі рэкруцкі набор у войска. Усяго ў гэтых паветах было каля 10 тыс. паўстанцаў. У крас.—маі 1831 каля Глыбокага адбыліся баі. Да канца мая 1831 у Віленскай і Мінскай губ. П. было задушана, але яно працягвалася ў Гродзенскай губ., што перашкаджала рас. войскам наступаць на Польшчу. У Польшчы дыктатура Хлапіцкага 18.1.1831 заменена кансерватыўным нац. урадам кн. А.Чартарыйскага. Рас. армія пад камандаваннем ген.-фельдмаршала І.Дзібіча-Забалканскага ўвайшла на тэр. Польшчы, але ў бітвах пад Сточакам, Ваўрам і 25.2.1831 пад Грохавам польскае войска спыніла наступленне рас. арміі. Контрнаступленне польск. войска вынікаў не дало. 26.5.1831 у бітве пад Астралэнкай яно панесла значныя страты. У маі 1831 з Варшавы на тэр. Гродзенскай губ. прыбыў атрад ген. Д.Хлапоўскага (820 чал.). У пач.чэрв. 1831 ён злучыўся ў Літве з мясц. атрадамі і 12-тыс. корпусам ген. А.Гелгуда (гл. ў арт.Гелгуды), які стаў галоўнакамандуючым у Літве і Беларусі. Пры яго штабе быў створаны часовы цэнтр. ўрад. 19.6.1831 корпус Гелгуда падышоў да Вільні, на Панарскіх узгорках адбыўся бой. 26-тысячнае рас. войска нанесла паражэнне аб’яднаным сілам паўстанцаў, якія адступілі і ў сярэдзіне ліп. перайшлі прускую граніцу і склалі зброю. Толькі ген. Г.Дэмбінскі з 4-тыс. корпусам адступіў у Польшчу. Пры набліжэнні корпуса Дэмбінскага ў Навагрудскім і Слонімскім пав. пачалося П. пад кіраўніцтвам шляхецкага павятовага маршалка Я.Кашыца, які ўзначаліў атрад у 400 чал. У чэрв.—ліп. 1831 паўстанцкія ачагі ўзніклі ў Пінскім, Мазырскім, Рэчыцкім, Навагрудскім пав., а таксама на тэр. Магілёўскай і Віцебскай губ. У жн. 1831 П. на Беларусі і Літве пацярпела паражэнне, хоць асобныя атрады Зах. Беларусі дзейнічалі і ў верасні. У канцы ліп. 1831 новы камандуючы рас. арміяй у Польшчы ген. І.Ф.Паскевіч сканцэнтраваў войскі на Пн Польшчы і пачаў наступленне ад Пултуска да Плоцка. Пад Торунем рас. войска пераправілася цераз Віслу. У Варшаве быў утвораны новы кансерватыўны ўрад на чале з ген. Я.Крукавецкім. Аднак і ён не здолеў арганізаваць абарону сталіцы. 6—7.9.1831 рас. войскі штурмавалі Варшаву і занялі яе зах. прадмесце — Волю. У ноч на 8 вер. была падпісана капітуляцыя Варшавы. Баі на тэр. Польшчы працягваліся ў вер. і кастр. 1831. Большасць польскіх вайск. атрадаў перайшла праз прускую і аўстр. граніцу і была інтэрніравана.
Пасля П. царскі ўрад скасаваў канстытуцыю 1815 і ўвёў Арганічны статут Каралеўства Польскага, які пазбаўляў Польшчу дзяржаўнасці і аўтаноміі. Указам ад 19.10.1831 на Беларусі, Літве і Правабярэжнай Украіне пачаўся разбор шляхты і перавод значнай яе часткі ў аднадворцы. У 1832 створаны Асобы Камітэт па справах заходніх губерняў, скасавана дзеянне Статута ВКЛ 1588 (25.8.1840). Закрыты Віленскі ун-т (1832). Пачалося закрыццё каталіцкіх кляштараў і уніяцкіх манастыроў. Праведзена ліквідацыя уніяцкай царквы (гл.Полацкі царкоўны сабор 1839).
Літ.:
Смит Ф. История польского восстания и войны 1830—1831 гг.Т. 2. СПб., 1863;
Шпілеўскі І.Т., Бабровіч Л.А. Сінхраністычная табліца падзей паўстання на Беларусі, Літве і Польшчы ў 1830—1831 гг. // Наш край. 1929. № 10;
Sokołowski A. Dzieje powstania listopadowego. Wiedeń, 1907;
A.Z. Wojna na Litwie w roku 1831. Kraków, 1913;
Tokarz W. Wojna polsko-rosyjska 1830 і 1831. Warszawa, 1994.
А.П.Грыцкевіч.
Да арт.Паўстанне 1830—31. Сутыкненне паўстанцаў з царскімі войскамі. Гравюра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНЦУ́ЗСКАЯ РЭВАЛЮ́ЦЫЯ 1789—99,
найбуйнейшы сацыяльны пераварот у Францыі, які нанёс рашаючы ўдар па феад.-абсалютысцкім ладзе і стварыў умовы для свабоднага развіцця капіталіст. грамадства. Прычынамі ўзнікнення ў Францыі канца 1780-х г.рэвалюцыйнай сітуацыі былі: абвастрэнне супярэчнасцей паміж трэцім саслоўем (буржуазія, сяляне, рабочыя і інш.) і пануючымі саслоўямі (дваранствам, духавенствам); фін. банкруцтва дзяржавы, гандл.-прамысл. крызіс; шэраг неўраджайных гадоў, збядненне асн. масы насельніцтва. Каб знайсці выхад са становішча, кароль Людовік XVI 5.5.1789 склікаў Генеральныя штаты, у якіх дэпутаты ад 3-га саслоўя абвясцілі сябе 17 чэрв.Нац. сходам, а 9 ліп. — Устаноўчым сходам (гл.Устаноўчы сход 1789—91). Падрыхтоўка каралеўскага двара да разгону сходу і звальненне папулярнага ген. кантралёра Ж.Некера выклікалі паўстанне парыжан. Паўстанцы стварылі Нацыянальную гвардыю і 14.7.1789 штурмам узялі сімвал абсалютызму — крэпасць-турму Бастылію. Гэтыя падзеі лічацца пачаткам рэвалюцыі. Кароль вымушаны быў прызнаць Устаноўчы сход. Усталявалася ўлада буйной буржуазіі і ліберальнага дваранства (лідэры — А.Г.Мірабо, М.Ж.Лафает і інш.). Сярод узніклых шматлікіх т-ваў і клубаў, найб. уплывовым быў Якабінскі клуб. Устаноўчы сход у жн. 1789 скасаваў саслоўныя перавагі, прывілеі і найб. адыёзныя правы феадалаў, прыняў Дэкларацыю правоў чалавека і грамадзяніна — дакумент сусв.-гіст. значэння; да канца 1789 нацыяналізаваў царк. землі, увёў цывільны шлюб, падзяліў краіну на дэпартаменты замест ранейшых правінцый; 19.6.1790 скасаваў падзел на саслоўі; 3.9.1791 прыняў Канстытуцыю Францыі, паводле якой саступіў уладу выбранаму ў вер. 1791 Заканад. сходу. Продаж канфіскаваных эмігранцкіх і царк. маёмасцей прывёў да пераразмеркавання ўласнасці на карысць буйной буржуазіі. У 1791—92 асн.паліт. барацьба адбывалася паміж фельянамі — прыхільнікамі канстытуцыйнай манархіі, і жырандыстамі, якія выступалі за ліквідацыю або моцнае абмежаванне каралеўскай улады. 20.4.1792 Францыя абвясціла вайну Аўстрыі (за падтрымку контррэв. эмігрантаў-раялістаў), да якой неўзабаве далучыліся Прусія і Сардзінскае каралеўства, а ў 1793 — Вялікабрытанія, Нідэрланды, Іспанія і інш. краіны, якія ўтварылі антыфранц. кааліцыю. У выніку паўстання 10.8.1792, узначаленага Парыжскай камунай 1789—94, манархія была звергнута; паліт. кіраўніцтва перайшло да жырандыстаў. Ім супрацьстаялі якабінцы (лідэры М.М.І.Рабесп’ер, Ж.П.Марат, Ж.Ж.Дантон і інш.), якія імкнуліся да паглыблення рэвалюцыі ў інтарэсах сярэдняй і дробнай буржуазіі, сялян і гар. нізоў.
22.9.1792 Францыя абвешчана рэспублікай. 21.1.1793 паводле прыгавору Канвента (вышэйшы заканад. і выканаўчы орган, выбраны ў вер. 1792 на аснове шырокага выбарчага права) пакараны смерцю (гільяцінаваны) б. кароль Людовік XVI, якога абвінавацілі ў дзярж. здрадзе. Паўстанне 31.5—2.6.1793 прывяло да ўстанаўлення якабінскай дыктатуры. Ролю ўрада якабінцаў выконваў К-т грамадскага выратавання на чале з Дантонам, потым Рабесп’ерам. Шляхам мабілізацыі ўсіх сіл народа к-т забяспечыў перамогу над арміямі феад.-манарх. дзяржаў (да канца чэрв. 1794), радыкальна вырашыў агр. пытанне (у чэрв.-ліп. 1793 скасаваны без выкупу феад. павіннасці сялян, ім перададзены абшчынныя і эмігранцкія землі), абмежаваў рост спажывецкіх цэн і заработнай платы (сістэма «максімумаў»), прыняў дэмакр. Канстытуцыю 1793 (не здзейснена), падавіў мяцяжы манархістаў і жырандыстаў, дамогся пералому ў ходзе вандэйскіх войнаў, 5.10.1793 увёў рэспубліканскі каляндар. Сац. базу кіруючай якабінскай групоўкі на чале з Рабесп’ерам падарвалі жорсткая рэгламентацыя (насуперак прынцыпам лібералізму) эканам., грамадскага і прыватнага жыцця, і асабліва правядзенне ёю масавага тэрору (гл.Рэвалюцыйны трыбунал), ахвярамі якога сталі не толькі актыўныя контррэвалюцыянеры-арыстакраты, але паліт. праціўнікі якабінцаў з ліку жырандыстаў і фельянаў, члены апазіц. груповак сярод саміх якабінцаў (радыкалы Ж.Р.Эбера, «памяркоўныя» Дантона), тысячы парушальнікаў законаў аб «максімуме» і невінаватых людзей.
У выніку тэрмідарыянскага перавароту 27—28.7.1794 Рабесп’ер і яго прыхільнікі былі пакараны смерцю, улада перайшла да больш памяркоўных прадстаўнікоў буржуазіі, якія імкнуліся абараніць інтарэсы новай эліты, што сфарміравалася і разбагацела за гады рэвалюцыі. Тэрмідарыянцы разагналі Якабінскі клуб і Парыжскую камуну, увялі свабодныя цэны, аддзялілі царкву ад дзяржавы (вер. 1794), прынялі Канстытуцыю 1795, паводле якой колькасць выбаршчыкаў значна скарачалася, замест Канвента ствараліся двухпалатны Заканад. сход (Савет пяціста і Савет старэйшын) і вышэйшы выканаўча-распарадчы орган Дырэкторыя. Дырэкторыя працягвала палітыку канфіскацыі і распродажу эмігранцкіх маёмасцей, у 1795 падавіла ўзбр. выступленні манархістаў (у Парыжы і на п-ве Кіброн), у 1796 — «змову роўных» Ф.Н.Бабёфа, вяла агрэсіўную знешнюю палітыку. Але з-за цяжкага эканам. становішча ўнутрыпаліт. пазіцыі Дырэкторыі былі нетрывалыя, і яна вымушана лавіравала паміж манархістамі і прыхільнікамі якабінцаў («палітыка арэляў»). Пасля шэрагу ваен. няўдач у Італіі (гл.Італьянскі паход Суворава 1799), Егіпце (гл.Егіпецкая экспедыцыя 1798—1801) і Германіі Дырэкторыя 10.11.1799 была скінута ў выніку ваен. перавароту (гл.Васемнаццатага брумера) ген. Н.Банапартам (гл.Напалеон I), які ўсталяваў асабістую дыктатуру ў форме Консульства. Гэтыя падзеі лічацца канцом Ф.р. 1789—99, якая значна паўплывала на развіццё дэмакр. працэсаў у многіх краінах Еўропы, у т. л. ў Рэчы Паспалітай, у склад якой да 1793—95 уваходзіла б.ч. Беларусі (гл.Канстытуцыя 3 мая 1791, Паўстанне 1794).
Кр.: Документы истории Великой французской революции. Т. 1—2. М., 1990—92.
Літ.:
Жорес Ж. Социалистическая история французской революции: Пер. с фр.Т. 1-6. М., 1976—83;
Манфред А.З. Великая французская революция. М., 1983;
Адо А.В. Крестьяне и Великая французская революция: Крестьянское движение в 1789—1794 гг. 2 изд. М., 1987;
Французская революция XVIII в.: Экономика, политика, идеология. М., 1988;
Ревуненков В.Г. Очерки по истории Великой французской революции, 1789—1814. 3 изд. СПС 1996;
Карлейль Т. Французская революция: История: Пер. с англ.М., 1991;
Матьез А. Французская революция: Пер. с фр. Ростов н/Д, 1995;
Великая французская буржуазная революция: Указ. рус. и сов. лит. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШРЫФТ (ням. Schrift ад schreiben пісаць),
графічная сістэма літар, лічбаў і інш. моўных знакаў, форма якіх падпарадкавана функцыянальным, мастацкім або тэхнічным патрабаванням. Базіс усякага графічнага моўнага знака — графема, па якой вызначаюцца літары. Ш. з’яўляецца графічнай інтэрпрэтацыяй алфавітнага ладу. На форму Ш. прама ці ўскосна ўздзейнічаюць розныя фактары: традыцыі, мова, інфарм. патрэба, тэхн. сродкі, культ. ўзровень, індывід. асаблівасці стваральніка. У вузкім сэнсе Ш. — камплект друкарскіх літар, прызначаны для набору ў паліграфіі (наз.гарнітура). Тэрмін «Ш.» з’явіўся з пачаткам кнігадрукавання. Усх. славяне карыстаюцца ім з пач. 18 ст., да гэтага часу друкарскія і рукапісныя алфавітыназ.азбукай.
Грэч. і этрускі алфавіты сталі крыніцай лацінскага пісьма. Найб. дасканалы Ш. прапісных манум. літар надпісаў вядомы з 2 ст.н.э. (надпіс на калоне Траяна ў Рыме, 114). Сярод розных народаў свету пашыралася пісьмо капітальнае (5 ст.), унцыяльнае (6 ст.), мінускульнае (з канца 8 ст.). У сярэднія вякі склаўся гатычны Ш. (тэкстура, фактура, ратонда, швабах); у эпоху Адраджэння — гуманіст. антыква (стараж., пераходная, новая, пазней егіп., італійская, гратэск, мадэрн), якія сталі асновай цяперашніх друкарскіх лац. Ш. Развіццё друкарскіх Ш. на аснове кірыліцы (канец 15 — пач. 18 ст.) адбывалася пад уздзеяннем рукапісных кірыліцкіх азбук устава, паўустава, вязі, грамадз. пісьма, скорапісу і друкарскіх Ш. Зах. Еўропы.
Бел. Ш., як і пісьмо ў цэлым, бярэ пачатак ад рунічных знакаў (гл.Рунічнае пісьмо). З прыняццем хрысціянства царк. кнігі перапісваліся ўстаўнымі (кірыліцкімі) літарамі (магчыма, і глаголіцай). Кнігі 11 ст., напісаныя ў розных месцах, маюць пэўную адметнасць. Напр., для Тураўскага евангелля характэрны аптымальная мера суадносін прасторы і графікі, амаль абсалютная рытмічная правільнасць, яснасць і ўстойлівасць літар, нетаропкае пісьмо з вял. густам.
Графічны строй Астрамірава евангелля прынята лічыць эталонам. У 14 ст. пашырылася новая графіка літар — паўустаў, вязь, скорапіс, што значна паскарала працэс пісання. Гіст. з’ява пач. 16 ст. — шрыфты Ф.Скарыны (ініцыяльныя, тытульныя, тэкставыя). Скарына ўжо ў першым сваім выданні прыстасаваў зах.-рус. літары да друкарскага набору. Выдадзены ім «Псалтыр» (Прага, 1517) вызначаўся гармоніяй выяў, арнаменту і тэкставага матэрыялу, роўнай тонавай насычанасцю старонак, багатай разнастайнасцю форм і аздаблення ініцыялаў, што мела вял. значэнне для семантычнай сувязі тэксту і ілюстрацый. У 2-й пал. 16 ст. працу над Ш. прадоўжылі С.Будны і В.Цяпінскі. На тэр.ВКЛ Ш., падобнымі на рукапісныя, друкавалі кнігі Мамонічы (гл.Мамонічаў друкарня). Высокімі графічнымі якасцямі вызначаліся Ш., створаныя на аснове ўстава і паўустава П.Мсціслаўцам. Іх капіравалі і выкарыстоўвалі інш. друкарні. У графіцы літар Статута ВКЛ (1588) своеасабліва ўвасоблена спалучэнне бел. скорапісу, друкарскай тэхналогіі са зручнасцю чытання, што надае Ш. вял. арыгінальнасць. Высокае майстэрства выкарыстання Ш. праявілася ў кнігах для навучання: павялічаныя памеры і высокая яснасць літар, ужыванне арнаментыкі вылучаюць кнігі Л.Зізанія «Азбука» і «Граматыка Славенска» (1596), «Буквар» М.Сматрыцкага (1618) і інш. Пашырэнне мелі і лац. Ш. (польская графіка, ці т.зв. лацінка), якімі друкавалі свецкія і рэліг. кнігі (Брэсцкая біблія); яны існавалі да пач. 20 ст.
На развіццё бел. НІ. (рукапісных і друкарскіх) у розныя часы ў пэўнай ступені ўплывалі памежныя культуры Захаду і Усходу. Рэформа пісьма 1708 у Расіі (у выніку устаў, паўустаў і вязь ужываліся толькі для царк. л-ры, новая спрошчаная графіка Ш. — т.зв. грамадзянскі шрыфт — для свецкіх патрэб), далучэнне бел. зямель да Расіі ў выніку падзелу Рэчы Паспалітай 18 ст. адбіліся на графічных сродках пісьма. З 19 ст. вяліся пошукі форм Ш., ствараліся і шырока выкарыстоўваліся новыя Ш. (егіп., італьян., дэкар.) пад уплывам стыляў класіцызму, мадэрну. У пач. 20 ст. пачалося друкаванне легальных выданняў на бел. мове рускім грамадз. Ш. са сваёй арфаграфічнай асаблівасцю (творы М.Багдановіча, Я.Купалы, Я.Коласа і інш.). У наш час у галіне шрыфтавой справы працуюць навукоўцы, пісьменнікі, мастакі (Ю.Бокая, У.Лукашык, Г.Мацур, Р.Найдзін, П.Семчанка). Ёсць значныя дасягненні ў шрыфтавым афармленні кніг, спроба стварыць бел.нац. друкарскі Ш. У 1972 у Бел.АМ створаны курс маст. Ш. (заснавальнік Семчанка). У 1994 арганізавана суполка «Літарт», якая сістэматычна праводзіць выставы Ш. і каліграфіі, выдае манаграфіі.
Літ.:
Ботвинник М. Откуда есть пошел букварь. Мн., 1983;
Карскі Я. Беларусы. Мн., 2001;
Кликушин Г. Шрифты. 2 изд Мн., 1984;
Нікалаеў М. Палата кнігапісная. Мн., 1993;
Павленко Н. История письма. 2 изд. Мн., 1987;
Семченко П. Основы шрифтовой графики. Мн., 1978;
Шматов В. Искусство книги. М., 1990;
Дюрер А. Трактат о шрифте: Пер. с нем. М., 1981;
Тоотс В. Современный шрифт.
М., 1966; Большаков М., Гречихо Г., Шицгал А. Книжный шрифт. М., 1964; Шицгал А.Г. Русский типографский шрифт. 2 изд. М., 1985; Різник М.Г. Письмо і шрифт. Київ, 1978; Kapr A. Schrift und Buchkunst. Leipzig, 1982.
П.А.Семчанка.
Шрыфты: 1—3 — друкарскія Ф.Скарыны. 1517—19; 4 — графічнае супастаўленне літар «В» — сучаснай і з «Бібліі» Ф.Скарыны; 5 — друкарскі П.Мсціслаўца. 1575; 6 — фрагмент Статута ВКЛ 1588; 7 — графічныя асаблівасці сучасных друкарскіх шрыфтоў; 8 — графічная пабудова лацінскай літары, выкананая Леанарда да Вінчы; 9 — тытульны ліст Брэсцкай бібліі. 1563; 10 — сучасны шрыфт, выкананы паводле друкарскага наборнага шрыфту Ф.Скарыны (аўтар Г.Мацур. 1985).Шрыфты: 1 — антыква эпохі Адраджэння; 2 — сучасны (аўтар П.Семчанка).Элементы і параметры шрыфту: 1 — міжлітарны прасвет; 2 — унутрылітарны прасвет; 3 — лінія крутлявых літар; 4 — лінія шрыфту; 5 — вышыня прамых вялікіх літар; 6 — засечкі; 7 — злучальныя штрыхі; 8 — асноўныя штрыхі; 9 — надлітарны значок; 10 — выступаючыя элементы, 11 — аднабаковая засечка; 12 — кропка; 13 — вышыня круглявых малых літар; 14 — падлітарны значок, 15 — звіслыя элементы; 16 — вышыня малых літар; 17 — вертыкальная засечка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́Ж (Paris),
горад, сталіца Францыі. Знаходзіцца на р. Сена, пры ўпадзенні ў яе рэк Марна і Уаза. 2152 тыс.ж. (1997). Разам з прыгарадамі (Версаль, Сен-Дэні, Іўры, Аржанцёй, Дрансі, Булонь-Біянкур, Мантрой і інш.) утварае самастойны дэпартамент Вял. П. (нас. каля 10 млн.чал.). Гал. горад гіст. вобласці Іль-дэ-Франс. Гал.трансп. вузел краіны (16 чыгунак і больш за 20 аўтадарог). Міжнар. аэрапорты: Шарль дэ Голь, Буржэ, Арлі. Сена звязвае П. з морам (аванпорт Гаўр). Гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны. Галіны прам-сці — разнастайнае машынабудаванне (асабліва станка-, аўта- і авіябудаванне), вырабы дакладнай механікі і оптыкі, электронная, эл.-тэхн., ваенная, хім. (гумавая, фармацэўтычная, выраб фотаматэрыялаў, пластмас і інш.), харч., паліграф., папяровая, мэблевая прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў і інш. П. — міжнар. заканадаўца мод, выпускаецца больш за 30% гатовага адзення ў краіне. Сусветную вядомасць мае выраб прадметаў туалету, галантарэйных і ювелірных вырабаў, сувеніраў. У П. больш за 50% банкаў краіны, гораду належыць вядучая роля ва ўнутр. і знешнім гандлі Францыі. Рэгулярна праводзяцца міжнар. кірмашы. Горад наведваюць штогод больш за 15 млн. турыстаў. Метрапалітэн. Месцазнаходжанне ЮНЕСКА і інш.міжнар. арг-цый.
Засн. на месцы паселішча гальскага племя парызіяў (адсюль назва). Пад назвай Лютэцыя згадваецца Юліем Цэзарам (53 да н.э.). У 355—363 н.э. рэзідэнцыя рым. імператара Юліяна Адступніка. З 497 пад уладай франкаў, рэзідэнцыя (з 508) караля Хлодвіга I. Пры Каралінгах цэнтр графства. У 855—886 вытрымаў аблогу нарманаў. З 987 сталіца франц. дзяржавы. У гады праўлення караля Філіпа II Аўгуста горад абнесены сценамі, забрукаваны вуліцы, будаваўся Луўр. У 1215 засн.ун-т. У 13—14 ст. буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр, найбольшы горад у Еўропе (у пач. 14 ст. 100 тыс.чал.). У 1348 эпідэмія чумы знішчыла 1/3 яго жыхароў. Парыжане ўдзельнічалі ў парыжскім паўстанні 1357—58, паўстаннях 1382 і 1413. У Стогадовую вайну 1337—1453 горад заняты (1420—36) англ. войскамі. У 1420-я г. — сярэдзіне 16 ст. П. страціў ролю паліт. цэнтра, які перамясціўся ў луарскія замкі (рэзідэнцыя франц. каралёў). У час рэлігійных войнаў 16 ст. П. — апора каталіцызму. У 1572 тут адбылося масавае знішчэнне гугенотаў (гл.Варфаламееўская ноч). У П. разгортваліся гал. падзеі Фронды (1648—53). У 1682 каралеўская рэзідэнцыя з П. перанесена ў Версаль (да 1789). З 2-й пал. 17 ст. П. — сусветны цэнтр навукі, л-ры і мастацтва. 14.7.1789 у П. адбыўся штурм Бастыліі, падзенне якой стала пачаткам Французскай рэвалюцыі 1789—99 (у гады рэвалюцыі П. атрымаў правы муніцыпальнага самакіравання; у час праўлення Напалеона I (1804—1814] пазбаўлены гэтых правоў). У сак. 1814 і ліп. 1815 П. акупіраваны войскамі антыфранц. кааліцыі. Адыгрываў важнейшую ролю ў Франц. рэвалюцыях 1830 і 1848. У 1847 у горадзе 1 млн. жыхароў. У 1853 пракладзены праспекты і бульвары, удасканалена сістэма водазабеспячэння і асвятлення (32 тыс. газавых ліхтароў). Месца правядзення сусв. выставак (1855, 1867, 1889, 1900, 1937). У франка-прускую вайну 1870—71 вытрымаў аблогу ням. войск; у горадзе ўсталявалася Парыжская камуна 1871. У 1896 у П. 2,5 млн.чал. У 1-ю сусв. вайну горад пацярпеў ад ням. бамбардзіровак. У П. праводзіліся II (1900) і VIII (1924) Алімпійскія гульні. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1940) ням. войскамі, цэнтр руху Супраціўлення. Вызвалены ў выніку Парыжскага паўстання 1944. У 1949—67 у П. знаходзілася штаб-кватэра НАТО. П. — месца правядзення шматлікіх міжнар. сустрэч, падпісання шэрагу міжнар. пагадненняў і дагавораў.
Захаваліся руіны амфітэатра 1 ст. і тэрм 2—3 ст. У 6—11 ст. П. быў абкружаны кальцом кляштараў: Сен-Жэрмен-л’Аксеруа, Сен-Жэрве, Сен-Мартэн-дэ-Шан, бенедыкцінцаў на Манмартры, Сен-Віктор, Сен-Марсель, Нотр-Дам-дэ-Шан. У 12—13 ст.гар. раёны па абодвух берагах р. Сена абнесены каменнай сцяной. У забудове сучаснага П. захавалася сярэдневяковая радыяльна-кальцавая планіроўка. Радыяльныя магістралі перасякаюцца кольцамі бульвараў, пракладзеных на месцы б. крапасных сцен. Гіст. ядро П. складаюць 3 цэнтры: дзярж. і рэліг. на в-ве Сітэ, універсітэцкі на левым беразе і гандл.-рамесны на правым беразе р. Сена. У 16—17 ст. у хаатычную сярэдневяковую забудову ўнесены элементы рацыянальнай планіроўкі, склаліся гал. рэнесансавыя і класіцыстычныя ансамблі, плошчы Вагезаў (б. Каралеўская; 1606—12), Вандомская (1685—1701), Перамог (1685—86, абедзве арх. Ж.Ардуэн-Мансар). У 18 — пач. 19 ст. рэканструяваны цэнтр, створаны плошчы Людовіка XV (цяпер Згоды; 1755—63, арх. Ж.А.Габрыэль) і Карузель з трыумфальнай аркай (1806, арх. Ш.Персье, П.Фантэн), пабудавана больш за 50 застаў, т.зв. прапілеяў П. (захаваліся 4, 1784—89, арх. К.Н.Леду). У 1853—96 упарадкавана сетка гал. магістралей, створаны новыя плошчы (Рэспублікі, 1854—62), скверы і лесапаркі, у т. л. Булонскі і Венсенскі лясы, бульвары, азялененыя вуліцы з добраўпарадкаванымі рэспектабельнымі будынкамі. Берагі Сены ў раёне «Вялікага П.» злучаюць 60 мастоў. У канцы 19 — пач. 20 ст. інтэнсіўна раслі жылыя раёны ўскраін, пракладзены метрапалітэн (1-я чарга ў 1897—1904, афармленне ўваходаў у стылі мадэрн, арх. Э.Гімар). У 1920—30-я г. забудаваны прыгарады (комплексы ў Ле-Прэ-Сен-Жэрве, Пантэне, Дрансі), у 1950-я г. створаны буйныя жылыя масівы Бабіньі, Баньё, Масі-Антані, Баньёле і інш. У 1960—90-я г. забудоўваюцца жылыя раёны на перыферыі П. (Крэтэй, Нантэр), рэканструюецца цэнтр.Гал.арх. ансамблі: на в-ве Сітэ — Парыжскай Божай Маці сабор, Палац правасуддзя (1783—86, арх. П.Дэмезон, Ж.Д.Антуан) з гатычнай капліцай Сент-Шапель (1243—48); на левым беразе Сены — Дом інвалідаў (з 1671, арх. Л.Бруан і інш.) з саборам (1671—1708; паводле інш. звестак, 1680—1706; у інтэр’еры грабніца Напалеона 1, 1843—60), адкрыты на Эспланаду (плошчу) інвалідаў (1704—20) з мостам Аляксандра III (1896—1900); Марсава поле (сучасная планіроўка 1908—28, арх. К.Фарміге) з Эйфелевай вежай, Пантэон (б. касцёл Сент-Жэнеўеў, 1755—89, арх. Ж.Ж.Суфло), б-ка Сент-Жэнеўеў (1843—50, арх. А.Лабруст); на правым беразе Сены — пл. Згоды, на якой перасякаюцца гал.гар. восі, Луўр, Елісейскія палі (17 ст., арх. А.Ленотр, забудавана пераважна ў канцы 19 ст.), пл. дэ Голя з трыумфальнай аркай (1806—37, рэльефы), якія ўтвараюць анфіладу плошчаў цэнтра П. Сярод арх. помнікаў гатычныя касцёлы Сен-Жэрмен-дэ-Прэ (11—17 ст.) і Сен-П’ер-дэ-Манмартр (1147), атэлі Клюні (1498) і Карнавале (1544, арх. П.Леско, скульпт. Ж.Гужон, абодва цяпер музеі); палацы Люксембургскі (Сенат; 1615—20, арх. С. дэ Брос), Каралеўскі (Пале-Руаяль; 1629—36, арх. Ж.Лемерсье) і Бурбонскі (цяпер Палата дэпутатаў; 1722); комплексы будынкаў Сарбоны (з 1635, арх. Лемерсье і інш.), кляштара Валь-дэ-Грас (1645—1710, арх. Ф.Мансар, Лемерсье, П.Лемюэ і інш.), Калеж чатырох нацый (цяпер Ін-т Францыі; 1661, арх. Л.Лево), касцёл Сен-Сюльпіс (1646—1749), базіліка Сакрэ-Кёр на ўзгорку ў раёне Манмартра (1875, арх. П.Абадзі), т-р «Гранд-апера» (1861—75, арх. Ш.Гарнье; размалёўка плафона глядзельнай залы М.Шагала, 1964), палац Шаё (1936—37, арх. Л.Азема і інш.). Найб. значны горадабудаўнічы ансамбль 20 ст. — грамадска-дзелавы цэнтр квартала Дэфанс, які ўключае Нац. цэнтр прам-сці і тэхнікі (1958, арх. Б.Зерфюс і інш.), вышынны дзелавы цэнтр Мен-Манпарнас (1964—73, арх. Э.Бадуэн і інш.), комплекс «Фронт Сены» (з 1965), Вял. арку (1982, арх. І.О. фон Шпрэкельсен), шматлікія небаскробы і інш. Сярод жылых і грамадскіх пабудоў: т-р Елісейскіх палёў (1911—13, арх. А. і Г. Перэ, рэльефы А.Бурдэля, размалёўкі М.Дэні), вілы Ла-Рош (1923), Стайн (1927), у Пуасі (1929—31, усе арх. Ле Карбюзье), будынкі ЮНЕСКА (1953—57, арх. М.Броер, Зерфюс і інш., інж. П.Л.Нерві), цэнтр «Італі» (з 1968), амёбападобныя жылыя дамы ў парку Дэфанс (1976—90, арх. Э.Аё), Нац. цэнтр мастацтва і культуры імя Ж.Пампіду (1977, арх. Р.Піяно, Р.Роджэрс і інш.), разбудова Луўра (1981—93). Каля П. ў Марне-ла-Вале пабудаваны вял. лунапарк «Еўрадыснейленд» (1992). У П. фантаны «Нявінных» (1547—49, арх. Леско, скульпт. Гужон), «4 пары года» (1739—45, скульпт. Э.Бушардон) і інш. Набярэжная Сены з помнікамі архітэктуры ўключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Найважнейшыя помнікі П.: Калона Напалеона I на Вандомскай пл. (1806—10, арх. Ж.Б.Лепер, Ж.Гандуэн), А. дэ Бальзаку (1893—97) і В.Гюго (1866—1900, абодва скульпт. А.Радэн), маршалу М.Нею (1852—53), рэльеф «Марсельеза» на трыумфальнай арцы (1833—36, абодва Ф.Руд), Сцяна камунараў на могілках Пер-Лашэз (1909, П.Маро-Вацье), магіла Невядомага салдата пад аркай Зоркі (1921), мемарыялы Пакутнікаў Супраціўлення на ўзгорку Мон-Валер’ен (1960—61) і тым, што загінулі ў фаш. канцлагерах (на в-ве Сітэ, 1961).
У П. 13 ун-таў (створаны ў 1972 у выніку рэформы Парыжскага ун-та), Калеж дэ Франс, Вышэйшая практычная школа, Нац.політэхн.ін-т, Вышэйшая нармальная школа, Каталіцкі ін-т П., 2 кансерваторыі, Нац. вышэйшая школа выяўл. мастацтваў і інш.; Ін-т Францыі ў складзе 5 акадэмій, у т. л.Франц. акадэмія (з 1635), Акадэмія л-ры (з 1664), Акадэмія навук (з 1666); шматлікія НДІ і навук. т-вы, у т. л. Пастэраўскі ін-т, Ін-т арабскага свету, Ін-т радыю. Нац.б-ка і Нац. архівы. Буйнейшыя выд-вы, у т. л. Ашэт (з 1826), Ларус (з 1865). Каля 100 музеяў, у т. л. Луўр, Нац. музей сучаснага мастацтва, Музей чалавека, музеі Бальзака, Гюго, П.Пікасо, А.Радэна; шматлікія маст. галерэі. Каля 90 тэатраў, у т. л.«Камеды Франсэз», Парыжская опера; больш за 300 кінатэатраў. Бат. сад (з 1635; адзін з найстарэйшых у Еўропе).
Беларусы ў Парыжы. З часоў ВКЛ і Рэчы Паспалітай тут вучыліся некат. ўраджэнцы Беларусі, у т. л. Т.Касцюшка. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай у П. з’явіліся і паліт. эмігранты з бел. зямель: удзельнікі паўстанняў 1794 (у т. л. М.К.Агінскі), 1830—31 (І.Дамейка і інш.), 1863—64 (В.Урублеўскі, К.Далеўскі, Г.Корвін-Крукоўская і інш. рэвалюцыянеры, якія сталі ўдзельнікамі Парыжскай камуны 1871). Тут вучыліся мастацтву Н.Орда і інш. ўраджэнцы Беларусі, жылі мастакі В.Ваньковіч, М.Шагал і інш. Арганізаваная нац.-культ. дзейнасць беларусаў П. пачалася з узнікненнем у 1930 «Беларускага хаўрусу». У 1938 у П. створана «Бел. жаночая грамада імя А.Пашкевіч (Цёткі)», стала выдавацца бел. газета «Рэха». Пасля 2-й сусв. вайны ў П. выдавалася першая з пасляваен. беларускамоўных газет у замежжы — «Беларускія навіны» (1945—47). З 1947 выходзілі бел.рэліг.час.«Божым шляхам» і штомесячнік «Моладзь», тут дзейнічаў старшыня Рады БНР М.Абрамчык. У канцы 1940 — пач. 1950-х г. у П. знаходзілася штаб-кватэра Сусветнага аб’яднання беларускай эміграцыі. З 2-й пал. 1950-х г. у сувязі з пераездам у інш. краіны ч. беларусаў іх грамадскае і нац.-культ. жыццё ў П. паступова згортвалася. У 1970 зноў актывізаваўся «Бел. хаўрус» (з 1991 яго старшыня — мастак М.Навумовіч). У 1980—90-я г. ў П. пераехалі В.Забораў, В.Дзёмкіна, мастак М.Паўлоўскі і інш. Цяпер у П. жыве каля 1,3 тыс. беларусаў (асн. частка беларусаў Францыі). Дзейнічае бел. каталіцкая місія.
Літ.:
Париж.: Пер. с фр.М., 1976;
Favier J. Paris: Deux mille ans d’histoire. Paris, 1997;
Rouleau B. Paris: histoire d’un espace. Paris, 1997;
Лялькоў І. Gallia Albaruthensie, або Пяць стагодзьдзяў беларускае прысутнасьці ў Францыі // Спадчына. 1999. № 2.
Дз.М.Чаркасаў (гісторыя), Т.А.Папоўская (беларусы ў Парыжы).
Набярэжная Сены ў Парыжы.Да арт.Парыж. Від на востраў Сітэ. Фрагмент мініяцюры з «Раскошнага часаслова герцага Берыйскага». Браты Лімбург. 1409—16.Парыж. Калона Напалеона I на Вандомскай плошчы.Парыж. Трыумфальная арка на плошчы дэ Голя.Парыж. Вялікая арка ў квартале Дэфанс. 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДМІНІСТРАЦЫ́ЙНА-ТЭРЫТАРЫЯ́ЛЬНЫ ПАДЗЕ́Л,
падзел тэрыторыі дзяржавы на часткі — адм.-тэр. адзінкі (губерні, акругі, землі, правінцыі, штаты, вобласці, раёны, дэпартаменты і інш.), на аснове якіх ствараюцца і дзейнічаюць органы дзярж.улады, кіравання і самакіравання. Асн. мэта — стварыць аптымальныя ўмовы для эфектыўнай арганізацыі і дзеяння ўсяго дзярж. механізма. Ажыццяўляецца з улікам прыроднагіст., эканам. і геагр. умоў, нац. асаблівасцяў, сац.-культ., паліт. і інш. фактараў.
У 9 ст. на тэр. Беларусі існавалі племянныя саюзы крывічоў (палачан), дрыгавічоў і радзімічаў. У 10—11 ст. склаліся Полацкая і Тураўская землі, якія захоўвалі пэўную самастойнасць пад уладай кіеўскіх князёў. Да сярэдзіны 12 ст. яны адасобіліся ў паўсамаст. дзярж. ўтварэнні — княствы. З Полацкай зямлі вылучыліся Віцебскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Лагожскае, Менскае і, магчыма, інш. ўдзельныя княствы; з Тураўскай — Пінскае і, верагодна, Клецкае і Слуцкае. Усх.ч. Беларусі з Мсціславам уваходзіла ў Смаленскае княства, паўд.-зах. з Берасцем і Кобрынам — у Галіцка-Валынскае, паўд.-ўсх. з Гомелем і Рэчыцай — у Чарнігаўскае. У Панямонні існавалі Ваўкавыскае, Гарадзенскае, Новагародскае і Слонімскае княствы, якія разам з племяннымі княствамі Літвы ў сярэдзіне 13 ст. ўтварылі ядро Вялікага княства Літоўскага. Да сярэдзіны 14 ст. ў ВКЛ увайшла ўся Беларусь, якая ў яго складзе падзялялася на судова-адм. акругі (землі, княствы, намесніцтвы), чые межы гістарычна склаліся ў мінулым. Полацкая і Віцебская землі з пач. 16 ст. называліся ваяводствамі. Каля 20 бел. княстваў і намесніцтваў (паветаў) уваходзілі ў Віленскае і Трокскае ваяв., утвораныя ў 1413; Мазырскі пав. да 1569 — у Кіеўскае ваяв. У выніку адм. рэформы 1565—66 тэр.ВКЛ была падзелена на 30 паветаў, з якіх 16 цалкам ці часткова знаходзіліся на Беларусі і ўваходзілі ў Берасцейскае, Віленскае, Віцебскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Полацкае і Трокскае ваяв. У 1618—54 да Беларусі адносілася Смаленскае ваяв. са Старадубскім пав. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) на далучаных да Рас. імперыі бел. землях утвораны Полацкае і Магілёўскае намесніцтвы (у 1796 аб’яднаны ў Беларускую губ.), пасля 2-га падзелу (1793) — Мінская губ., пасля 3-га падзелу (1795) — Слонімская і Віленская губ. (у 1797 аб’яднаны ў Літоўскую губ.). У 1802—1917 на Беларусі існавалі 5 губерняў: Віленская, Віцебская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская. Яны падзяляліся на паветы, колькасць якіх мянялася; з 1861 паветы падзяляліся на воласці. У 1917 не занятыя герм. войскамі бел. губерні і паветы аб’яднаны ў Заходнюю вобласць з цэнтрам у Мінску. У сак. 1918 у сувязі з прасоўваннем герм. войск да яе далучана Смаленская губ., цэнтр перанесены ў Смаленск.
25.3.1918 абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР), у склад якой павінны былі ўвайсці б. Гродзенская, Магілёўская, Мінская губ. і паветы Віленскай, Віцебскай, Смаленскай, Чарнігаўскай губ., населеныя пераважна беларусамі. Фактычна Рада БНР дзейнічала толькі на тэр. Беларусі, занятай герм. войскамі, за выключэннем паўд. часткі, часова ўключанай у склад Украіны. 1.1.1919 у Смаленску абвешчана Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка ў межах, якія амаль супадалі з пракламаванымі межамі БНР. Аднак ва ўмовах польскага наступлення ў лют. 1919 Віцебская, Магілёўская і Смаленская губ. ўключаны ў склад РСФСР (пры гэтым Магілёўская губ. пераўтворана ў Гомельскую), незанятая палякамі астатняя частка БССР — у склад Літ.-Бел. Сав.Сацыяліст. Рэспублікі, якая пасля ўступлення польскіх войскаў у Мінск у жн. 1919 фактычна спыніла існаванне. У выніку контрнаступлення Чырв. Арміі 31.7.1920 БССР была адноўлена пад назвай Сацыялістычная Савецкая Рэспубліка Беларусь, але без усх.ч., якая засталася ў складзе РСФСР. Паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 да Польшчы адышла і зах.ч. Беларусі (гл.Заходняя Беларусь). У складзе БССР засталіся толькі Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, Мінскі і Слуцкі пав.б. Мінскай губ. У такіх межах 30.12.1922 БССР увайшла ў склад СССР. У сак. 1924 да БССР далучаны ч. Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губ. (1-е ўзбуйненне). 17.7.1924 у БССР уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел на 10 акруг, 100 раёнаў, 1202 сельсаветы. У час 2-га ўзбуйнення (снеж. 1924) да БССР далучаны Рэчыцкая і Гомельская акругі (б. паветы) з 18 раёнамі, пасля ўзгадненняў у 1927 усх. граніца набыла сучасны выгляд. Планаванае на пач. 1930-х г. 3-е ўзбуйненне не адбылося. Да 1930 акругі ў БССР скасаваны, захаваўся падзел на 90 раёнаў. У 1935 адноўлены 4 акругі на граніцы з Польшчай (Лепельская, Мазырская, Полацкая і Слуцкая). У студз.—лют. 1938 утвораны 5 абласцей: Віцебская, Гомельская, Магілёўская, Мінская, Палеская. У вер. 1939 да БССР далучана Зах. Беларусь, якая з 1921 у складзе Польшчы падзялялася на Беластоцкае, Віленскае, Навагрудскае і Палескае ваяв. з 26 паветамі, што падзяляліся на гміны. На тэр.б.Зах. Беларусі ўтвораны 5 абласцей: Баранавіцкая, Беластоцкая, Брэсцкая, Вілейская і Пінская (101 раён); Віленскі край у кастр. 1939 перададзены Літве. Ёй жа ў ліст. 1940 перададзена тэр. Гайдуцішскага, Парэцкага і Свянцянскага р-наў. У час ням.-фаш. акупацыі 1941—44 зах.ч. Беларусі (акруга Беласток) далучана да Усх. Прусіі, паўд. раёны — да рэйхскамісарыята «Украіна»; усх.ч. ўваходзіла ў зону армейскага тылу. Астатнія тэр. Беларусі (каля 1/3) утварылі генеральную акругу Беларусь у складзе рэйхскамісарыята «Остланд». Пасля вызвалення Беларусі ў вер. 1944 20 яе раёнаў і г. Беласток перададзены Польшчы, Беластоцкая вобл. скасавана, Вілейская вобл. перайменавана ў Маладзечанскую, утвораны Бабруйская, Гродзенская і Полацкая вобл. У студз. 1954 скасаваны Бабруйская, Баранавіцкая, Палеская, Пінская і Полацкая вобл., у студз. 1960 — Маладзечанская вобл. Колькасць раёнаў неаднаразова мянялася, з 1966 іх было 117; 28.12.1989 адноўлены Дрыбінскі р-н. На 1.10.1994 у Рэспубліцы Беларусь 1088 адм.-тэр. адзінак, у т. л. 6 абласцей (Брэсцкая, Віцебская, Гомельская, Гродзенская, Магілёўская, Мінская) і сталічны горад Мінск, 118 сельскіх і 25 гар. раёнаў, 101 горад абласнога і раённага падпарадкавання, 109 пасёлкаў гар. тыпу, 1448 сельскіх Саветаў. Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел рэспублікі замацаваны Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь. Парадак вырашэння пытанняў адм.-тэр. ўладкавання дзяржавы адносіцца да выключнай кампетэнцыі ВС Рэспублікі Беларусь.
Літ.:
Круталевич В.А. Административно-территориальное устройстве БССР. Мн., 1966;
Административно-территориальное устройство БССР: Справ. Т. 1—2. Мн., 1985—87;
Казлоў Л., Цітоў А. Беларусь на сямі рубяжах. Мн., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦТВА,
духоўна-творчае адлюстраванне і пераўтварэнне быцця ў вобразах і сімвалах, якія ацэньваюцца паводле эстэт. катэгорый прыгожага і агіднага, узнёслага і нізкага, трагічнага і камічнага, этычных катэгорый дабра і зла, сінтэтычных паняццяў пазнання (маст. праўда, фальш, амбівалентнасць). Ў сістэме мастацкай культуры займае цэнтр. месца, у культуры як універсальнай дзейнасці грамадства з’яўляецца сярэднім, злучальным звяном паміж вытв-сцю і пазнаннем, навукай і мараллю, філасофіяй і верай. У шырокім навук. сэнсе паняцце М. ахоплівае ўсе віды і жанры маст. творчасці — ад літаратуры і музыкі да архітэктуры і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; у вузкім сэнсе гэтым паняццем часта абазначаюць толькі выяўл. віды творчасці або з агульнай сістэмы М. вылучаюць л-ру ў вызначэннях тыпу «літаратура і мастацтва». М. даследуецца эстэтыкай, мастацтвазнаўствам.
Паводле шырокай гіст. тыпалогіі вылучаюцца тры стадыі развіцця сусв. М.: шматвяковы перыяд першапачатковага сінкрэтызму (мастацтва ў сістэме этн. культуры), эпоха класічнага росквіту (маст. класіка), позні перыяд разгалінаванай спецыялізацыі, у рамках якога ўзнікаюць тэндэнцыі да рэдукцыі і спрашчэння класічных тыпаў творчасці, выцяснення іх масавымі і электронна-тэхн. відамі маст. культуры. Гэтыя працэсы, як правіла, асінхронныя ў розных рэгіёнах і нац. культурах. Як і інш. формы культуры, М. здольнае ў спрыяльных гіст. і этнакульт. умовах адраджаць сваю класічную спадчыну, уключаць яе ў кантэкст сучаснасці.
Марфалогія М., г.зн. яго разгалінаванне на віды. роды і жанры, складвалася паступова на працягу гіст. развіцця. Вобразная сістэма ўсіх відаў і жанраў М. двухмерная, існуе ў часе і прасторы. Пры вызначэнні суадносін маст. часу і маст. прасторы ўлічваюць падзел усіх М. на аднародныя і неаднародныя (сінкрэтычныя на ранніх і сінтэзаваныя на позніх стадыях развіцця). З улікам перавагі прасторы або часу аднародныя М. падзяляюцца на прасторавыя (архітэктура, выяўл., дэкар.прыкладное, садова-паркавае М.), ча́савыя (л-ра, музыка, красамоўства) і комплексныя, прасторава-часавыя (акцёрскае і харэаграфічнае М.). Маст. сінкрэтызм фальклору, інш. ранніх форм маст. культуры — гэта першаснае адзінства яшчэ не вылучаных у самастойныя віды М. (наяўнасць паэзіі, музыкі, элементаў тэатра і харэаграфіі ў абрадавым фальклоры), а маст. сінтэз — вынік узаемадзеяння і спалучэння развітых аднародных М, напр., драматургіі, акцёрскага, выяўл., муз. і дэкар.-прыкладнога М. ў драм. тэатры, оперы, балеце, кінематографе, тэлебачанні. Усе неаднародныя М. адносяцца да тыпу прасторава-часавых. Спецыфічнае для кожнага віду М. і гіст. тыпу маст. культуры адзінства часу і прасторы стварае іх хранатопы: пластычная дамінанта і слабая канкрэтызацыя часу, характэрныя для стараж., асабліва ант. тыпаў культуры. Арыентацыя на архетыпы і спрадвечнасць — прыкметы сярэдневяковага М.; аднак тады ж у хрысц. свядомасці спасцігаліся духоўная каштоўнасць асобы і непаўторнасць кожнай падзеі, гэта адкрыццё выявілася ў летапіснасці хрысц. л-ры, інш. відаў М. Рамантычнае і рэалістычнае М. арыентуецца на канкрэтна-гіст. хранатоп, разам з тым дазваляе творцу спалучаць рэальныя і сімвалічныя прасторы, мінулыя і сучасныя падзеі.
У фундаментальных «Лекцыях па эстэтыцы» Г.Гегель даказаў, што ўсе вядомыя сусв. цывілізацыі і культ.-гіст. тыпы маюць свае эстэт. дамінанты і адпаведныя ім дамінуючыя віды М., якія вызначаюць агульную інтанацыю і змястоўную структуру маст. культуры пэўнай эпохі — арх. сімвалізм Стараж. Усходу, скульпт. пластычнасць ант.М., муз.-паэт. рамантызм хрысц. цывілізацыі. Неадназначнае М. розных эпох і маст. кірункаў паводле сваіх мэт і грамадскіх функцый. Ант.маст. культура адкрыла пластычную прыгажосць быцця і чалавека як вяршыні яго, арыентавалася на гармонію, меру і адпаведную ім сістэму маральна-эстэт. выхавання, пазначаную паняццямі калакагатыя і катарсіс. Сярэдневяковае хрысц. М. перанесла акцэнты на ўзнёслую красу духоўных сутнасцей. Эпоха гуманіст. Адраджэння здолела сінтэзаваць ант. гармонію і меру з хрысц. духоўнасцю, арыентавалася на эстэтыка-пазнавальную функцыю М. Для культуры барока характэрна перавага маст. штучнасці і дасціпнасці над класічнай натуральнасцю. Сацыяльна-выхаваўчая функцыя. прыярытэт грамадз. абавязку над асабістымі пачуццямі — эстэт. імператывы класіцызму і асветніцкага М. Рамантызм адкрыў каштоўнасць індывідуальнасці, непаўторнасць душэўнага жыцця асобы, духоўную самабытнасць народаў. Крытычны рэалізм арыентуецца на сацыяльна-пераўтваральную) функцыю М. Нарматыўная эстэтыка сацыяліст. рэалізму стала пралетарска-класавай трансфармацыяй класіцызму, сцвярджала прыярытэт партыйна-дзярж. дыктатуры. Урэшце, мадэрнізм парадаксальна спалучае эстэтызм і адмову ад сац. функцый М. з арыентацыяй на тэхн. утылітарызм (творчасць і эстэтыка К.С.Малевіча). Постмадэрнізм адмаўляецца ад класічнай маст. традыцыі. хрысц.гуманіст. маралі, арыентуецца на геданізм, анархізм і абездухоўлены гратэск.
Бел. маст. традыцыя складвалася на працягу тысячагадовай хрысц. цывілізацыі на прасторы ўсх.-слав. і цэнтральнаеўрап. макрарэгіёнаў. У рамках этн. культуры тут сфарміраваліся нар.-паэт. міфалогія, абрады і фальклор, інш. віды маст. творчасці. У эпоху сярэднявечча развіваліся прафес. М. — архітэктура (полацкая і гродзенская школы дойлідства), л-ра і красамоўства (творчасць Кірылы Тураўскага, Клімента Смаляціча, Грыгорыя Цамблака і інш.), ствараліся летапісы і хронікі, захаваліся шэдэўры царк. жывапісу (фрэскі Полацкага Сафійскага сабора, інш. храмаў), графікі (рукапісныя кнігі), помнікі замкавай архітэктуры. Эпоха гуманіст. Адраджэння дала Беларусі кнігадрукаванне (асветніцкая дзейнасць Ф.Скарыны і яго паслядоўнікаў), стымулявала развіццё свецкай л-ры (шматстылявая старабел. мова, юрыд. і навук.л-ра, новалац. паэзія М.Гусоўскага, Я.Вісліцкага, сілабічная паэзія і аратарская проза Сімяона Полацкага), публіцыстыкі (палемічная і мемуарная л-ра). Захаваліся шматлікія помнікі царк. і палацава-замкавай архітэктуры ў стылі готыкі і рэнесансу. У 2-й пал. 17—18 ст. склалася школа бел. барока і класіцызму ў архітэктуры, садова-паркавым М., школьным і прыватных тэатрах, свецкай музыцы і харэаграфіі. Пасля страты бел. мовай дзярж. статуса (канец 17 ст.) і падзелаў Рэчы Паспалітай (1772—95) л-ра, навука, тэатр. М. развіваліся пераважна на польскай, лац. і рус. мовах, якія паўплывалі на станаўленне новай бел. л-ры ў 19 ст. (творчасць П.Багрыма, ананімная л-ра, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі і інш.). Станаўленне бел. класічнай л-ры, тэатра, інш. відаў прафес. М. адбывалася ў перыяд Адраджэння нацыянальнага.
Літ.:
Гегель Г. Эстетика: Пер. с нем. Т. 1—4. М., 1968—73;
Каган М.С. Морфология искусства. Л., 1972;
Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;
Яго ж. Славянская міфалогія ў кантэксце беларускай культуры // Мастацтва. 1998. № 4, 6—8, 10—12;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯ́КІ (саманазва паляцы),
нацыя, асн. насельніцтва Польшчы, 38,46 млн.чал. (1993). Жывуць таксама на Беларусі (417,7 тыс.чал.), Літве (258 тыс.чал.), Украіне (219,2 тыс.чал.), Расіі (94,6 тыс.чал.), Казахстане, Латвіі (па 60 тыс.чал.), ЗША (5,6 млн.чал.), Германіі (1,5 млн.чал.), Францыі (1 млн.чал.), Канадзе (400 тыс.чал.), Бразіліі (200 тыс.чал.), Чэхіі, Славакіі (па 40 тыс.чал.) і ў інш. краінах. Агульная колькасць больш за 49 млн.чал. Гавораць на польскай мове, вернікі — католікі, ёсць пратэстанты.
Польская народнасць складвалася ў 10—11 ст. ў перыяд фарміравання Польскай дзяржавы. Яе этнічную аснову склалі паляне, слянзане, вісляне, мазаўшане, памаране. У 11 ст. з’явіўся этнонім «П.». Як нацыя П. сфарміраваліся ў 18—19 ст. Побыт П. меў спецыфічныя рысы: больш, чым у беларусаў, пашыраны планіроўка жылля хата + сенцы + хата. Верхняе адзенне тыпу жупан, кунтуш, сурдут; шэры ці чорны колер.
Першыя пасяленні П. на Беларусі вядомы ў 12—13 ст. Узмацненне польскага ўплыву на Беларусі прыпадае на перыяд пасля Люблінскай уніі 1569, калі была створана федэратыўная дзяржава Рэч Паспалітая. Частка бел. насельніцтва, асабліва прадстаўнікі вышэйшых саслоўяў, прымаючы каталіцкую веру, мяняла сваю нац. прыналежнасць на польскую. Перасяленне на бел. землі груп П. з этнічных польскіх зямель не было масавым, бо Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 уводзіў абмежаванні для польскай шляхты на заняцце дзярж. пасад і надзяленне зямлёй у ВКЛ. Сваю этнічную спецыфіку захоўвалі групы мазурскіх перасяленцаў, т.зв.буднікаў. Многія дзярж. і культ. дзеячы ВКЛ 16—18 ст. былі П. (Кішкі, Кавячынскія, Гасеўскія, Патоцкія, С.Будны, Д.Ланчыцкі, А.Волан, Я.Ласіцкі, П.Скарга і інш.). З 17 ст.паланізацыябел. магнатаў і шляхты набыла вял. маштабы. Аж да пач. 20 ст. паланізаваную бел. шляхту прылічвалі да П. На Беларусі пашыралася польская культура. Паводле рашэння ўсеагульнай канфедэрацыі саслоўяў Рэчы Паспалітай у 1696 бел. мова забаронена для карыстання ў земскіх судах (карысталіся польскай і лац.). Польская мова панавала ў тэатры, на ёй выдавалі перыяд. выданні (з 18 ст.). Сяляне-католікі вызначалі сваю этнічную прыналежнасць як польскую. Узнік і ўздзейнічаў на працэс фарміравання польскай літ. мовы мясцовы дыялект, т.зв. пальшчызна крэсова (літ. дзейнасць А.Міцкевіча, Я.Баршчэўскага, Я.Чачота, Т.Зана, У.Сыракомлі, Я.Ходзькі, В.Каратынскага, Э.Ажэшкі і інш.). Многія мастакі, кампазітары, рэвалюцыянеры 18—19 ст., якія паходзілі з Беларусі, зрабілі вял. ўклад як у бел., так і польскую культуру і гісторыю: Т.Касцюшка, М.Клеафас Агінскі, В.Ваньковіч, С.Манюшка, Н.Орда, Я.Сухадольскі, В.Урублеўскі і інш. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. на Беларусі дзейнічалі аддзяленні шэрагу польскіх паліт. партый. У 1897 на Беларусі жыло больш за 324,2 тыс. П., найб. у Гродзенскай (161,7 тыс.) і найменш у Магілёўскай (17,5 тыс.) губ. Павелічэнне колькасці П. на Беларусі ў 1921—39 адбывалася пераважна на землях Заходняй Беларусі, дзе ва ўмовах сац. і нац. прыгнёту праводзілася палітыка акаталічвання і паланізацыі насельніцтва. Сюды з этнічных польскіх зямель перасяліліся групы асаднікаў, розныя катэгорыі рабочых і чыноўнікі (каля 300 тыс.чал.). Паводле перапісу 1926 у БССР было 97,5 тыс.чал. П. У 1921 ЦВКБССР дэкрэтам замацаваў за польскай мовай статус дзярж. разам з бел., рус. і яўрэйскай. У 1920-я г. пры ЦККП(б)Б існавала Польбюро, якое курыравала парт. работу сярод П. Нізавыя польбюро былі ў Бабруйску, Бачэйкаве, Віцебску, Гомелі, Мазыры, Мінску, Рагачове, Рэчыцы і інш. У 1924 у БССР было 136 польскіх школ, 7 спец. польскіх дзіцячых дамоў. З 1922 у Мінску працавалі польскі пед. тэхнікум, польскае аддз.Бел.дзярж. вышэйшага пед. ін-та. На польскай мове выдаваліся газ.«Млот», «Orka» («Ворыва»), «Gwiazda Młodzieży» («Зорка моладзі»), «Pionier» («Піянер»), «Sztandar Wolności» («Сцяг свабоды»; усе ў Мінску). З 1927 існавала Польскае аддзяленне Бел. асацыяцыі пралет. пісьменнікаў. У 1929 у Мінску і Магілёве працавалі 2 нар. польскія суды. У 1929—37 у Мінску дзейнічаў Польскі дзярж. вандроўны тэатр, у 1932—37 — польскі сектар Усебел. к-та па радыёвяшчанні. У 1926 быў створаны 31 польскі нац. сельсавет. У 1932—37 на Койданаўшчыне існаваў Польскі нацыянальны раён з 10 нац. сельсаветаў. У 1937 нац.-культ. і нац.-дзярж. будаўніцтва П. у БССР было згорнута, усе адм.-тэр. адзінкі скасаваны. З уз’яднаннем Зах. Беларусі з БССР (вер. 1939) доля П. у рэспубліцы значна павялічылася. У 1939—41 дзейнічалі Дзяржаўны польскі тэатр БССР і Дзяржаўны польскі тэатр лялек БССР. У 1940 значная частка польскага насельніцтва Зах. Беларусі падверглася дэпартацыі. У Вял.Айч. вайну шмат П. удзельнічала ў партыз. руху Арміі Краёвай, частка з іх працягвала дзейнасць, асабліва пасля вайны, супраць сав. дзяржавы. У 1944—48 у рамках абмену насельніцтва паміж СССР і Польшчай з БССР у Польшчу перасялілася 274,2 тыс.чал., у т. л. пэўная колькасць беларусаў-католікаў, якія пры перасяленні падалі сваю нацыянальнасць як польскую. Мігранты з Беларусі былі паселены пераважна на зах. і паўн. землях Польшчы. У 1955—59 адбыўся 2-гі этап рэпатрыяцыі П. з зах. абласцей Беларусі і Украіны. У 1959, паводле перапісу, у БССР было 248,8 тыс. П. У 2-й пал. 1980-х г. пачалося адраджэнне культуры П. Беларусі. Створаны саюзы П. у Ашмянах, Баранавічах, Барысаве, Беразіне, Брэсце, Валожыне, Ваўкавыску, Вілейцы, Віцебску, Вішневе, Воранаве, Гродне, Дзяржынску, Івянцы, Клецку, Лагойску, Лідзе, Ляхавічах, Маладзечне, Мінску, Мядзеле, Навагрудку, Нясвіжы, Рубяжэвічах, Салігорску, Слуцку, Смалявічах, Смаргоні, Стоўбцах, Шчучыне і інш. Дзейнічаюць польскія школы ў Гродне, Ваўкавыску, Сапоцкіне, асобныя польскія класы ў Мінску, Клецку, Рубяжэвічах, Дзяржынску, нядзельныя школы ў Мінску і Нясвіжы. Працуюць польскія маст. калектывы. Выходзяць перыяд. выданні на польскай мове: газ.«Глос знад Немна» (з 1989), квартальны час.«Магазын польскі» (з 1992). З 1991 Гродзенскае абл. радыё і тэлебачанне вядуць штотыднёвыя перадачы на польскай мове. Створаны польскія грамадскія аб’яднанні: «Саюз палякаў на Беларусі» (1988), «Саюз палякаў на Міншчыне» (1994), «Польскае дэмакратычнае аб’яднанне» (1994) і інш. Наладжаны трывалыя сувязі П. Беларусі з Польшчай.