расійскі паэт. Скончыў Літ.ін-т імя М.Горкага (1948), у 1967—92 выкладаў у ім. Зб-кам «Дарога далёкая» (1947), «Вяртанне» (1955), паэмам «Вага вёрстаў» (1945), «На рубяжах» (1945—47) і інш. уласцівы інтанацыі рэквіема, імкненне да высокай сімволікі. У зб-ках «Ветравое шкло» (1961), «Развітанне са снегам» (1964), «Ладажскі лёд» (1965), «Падкова» (1967), «Познія вершы» (1971), «Пад старым небам» (1976), «Абрысы рэчаў» (1977), «Медальён» (1979), «Проза ў вершах» (1982; Дзярж. прэмія СССР 1986), «Барматуха» (1991), паэмах «Балада пра цырк» (1961), «Alter ego» (1975) і інш. успрыняцце рэчаў у маштабе часу і вечнасці, сімвалізацыя дэталей, проціпастаўленне гульні афіцыйнасці і дэмагогіі, цырк як сімвал уласнага жыцця, творчага лёсу, сусвету. Паэзія М. адметная філасафічнасцю, драматызмам, спалучэннем фантазіі з непасрэднай рэальнасцю перажывання, літ. рэмінісцэнцыямі. Аўтар вершаў на бел. тэматыку («З вайны»). На бел. мову асобныя вершы М. пераклалі А.Вялюгін, С.Гаўрусёў, У.Шахавец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІРО́НАЎ (Андрэй Аляксандравіч) (7.3. 1941, Масква — 16.8.1987),
расійскі акцёр. Нар.арт. Расіі (1980). Сын М.У.Міронавай і А.С.Менакера. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Б.Шчукіна (1962). Працаваў у Т-ры сатыры. Камедыйны акцёр, іранічны, элегантны, адораны пластычна і музыкальна. У многіх (асабліва позніх) работах выявіўся драм. талент М., яго здольнасць да глыбокага псіхал. аналізу, вострай трактоўкі ролі: Жадаў («Даходнае месца» А.Астроўскага, 1967), Фігаро («Вар’яцкі дзень, або Жаніцьба Фігаро» П.Бамаршэ, 1969), Хлестакоў («Рэвізор» М.Гогаля, 1972), Чацкі («Гора ад розуму» паводле А.Грыбаедава, 1976), Лапахін («Вішнёвы сад» А.Чэхава, 1983). Паставіў: «Бывай, канферансье» Р.Горына (1984, роля Канферансье), «Цені» М.Салтыкова-Шчадрына (1987, роля Клаверава) і інш. З 1961 здымаўся ў кіно: «Сцеражыся аўтамабіля» (1966), «Брыльянтавая рука» (1969), «Уласнасць рэспублікі» (1971), «Саламяны капялюшык» (1974), «12 крэслаў» (1976), «Мой сябар Іван Лапшын» (1982, вып. 1985), «Бландзінка за вуглом» (1984), «Перамога» (1985) і інш.
Літ.:
Вислова АВ. Андрей Миронов: Детство. Юность. Театр. В кино и на телевидении. В жизни, за кулисами, с друзьями. Ростов н/Д, 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКО́ЛЬСКІ (Мікалай Міхайлавіч) (13.11.1877, Масква — 19.11.1959),
бел. гісторык, усходазнавец. Сын М.В.Нікольскага. Акад.АН Беларусі (1931), чл.-кар.АНСССР (1946). Скончыў Маскоўскі ун-т (1900). Праф. Смаленскага (з 1918), Беларускага (з 1922) ун-таў. З 1931 у Ін-це гісторыі АНБССР (заг. сектара этнаграфіі і фальклору, у 1937—53 дырэктар ін-та). Даследаваў праблемы гісторыі Стараж. Усходу, рэлігіі, этнаграфіі і фальклору Беларусі. Даказаў існаванне абшчыннага ладу і хатняга рабства ў Стараж. Двухрэччы і Фінікіі. Распрацоўваў гісторыю ранняга хрысціянства, царквы і сектанцтва ў Расіі. Даследаваў паходжанне бел. абрадавых песень, прасачыў гісторыю ўзнікнення і відазмянення бел. шлюбных рытуалаў да канца 19 ст.
Тв.:
Древний Вавилон. М., 1913;
Дохристианские верования и культуры днепровских славян. М., 1929;
Політэізм і монатэізм у яўрэйскай рэлігіі. Мн., 1931;
Частное землевладение и землепользование в Древнем Двуречье. Мн., 1948;
Этюды по истории финикийских общинных и земледельческих культов. Мн.. 1948;
Происхождение и история белорусской свадебной обрядности Мн., 1956;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЛ СО́РСКІ (у свеце Мікалай Майкаў; 1433, Масква — 1508),
расійскі царк. і грамадскі дзеяч, кіраўнік несцяжацеляў. Манах Кірыла-Белазерскага манастыра. У 1473—89 шмат падарожнічаў, быў у Палесціне, Канстанцінопалі, Афоне, дзе пазнаёміўся з містычным вучэннем ісіхазму (шлях чалавека да яднання з Богам праз «ачышчэнне сэрца»). Пасля вяртання заснаваў першы на Русі манаскі скіт на р. Сора каля Кірыла-Белазерскага манастыра. У творах «Статут скіцкага манаскага жыцця», «Паданне вучням сваім аб жыхарстве манаскім» і інш. патрабаваў засяроджвання вернікаў на сваім ўнутр. свеце, асабістага перажывання веры як непасрэднага яднання верніка з Богам. Выступаў за ўдзел манахаў у прадукц. працы, рэформу манаства на пачатках скіцкага жыцця, заклікаў духавенства адмаўляцца ад роскашы, ўладання зямлёй і сялянамі («несцяжання»). У адносінах да ератыкоў рэкамендаваў адмову ад насілля і ганенняў. Удзельнічаў у саборы 1503, дзе несцяжацелі пацярпелі паражэнне ад іасіфлян. Прадаўжальнікамі ідэй Н.С. былі Васіян Патрыкееў Касы і Арцемій Троіцкі.
Літ.:
Замалеев А.Ф. Философская мысль в средневековой Руси (XI—XVI вв.). Л., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПА́ЎЛАВА (Надзея Васілеўна) (н. 15.5.1956, г. Чэбаксары, Чувашыя),
расійская артыстка балета. Нар.арт. Чувашыі (1980). Нар.арт.СССР (1984). Скончыла Пермскае харэаграфічнае вучылішча (1974, педагог Л.Сахарава), Дзярж.ін-ттэатр. мастацтва (1983). З 1972 салістка Пермскага т-ра оперы і балета, у 1975—95 у Вял. т-ры ў Маскве. Балерына лірыка-драм. плана. Яе мастацтва вызначаюць адухоўленасць і грацыёзнасць пластыкі, бездакорная танц. тэхніка. Сярод партый: Сванільда («Капелія» Л.Дэліба), Жызэль («Жызэль» А.Адана), Кітры, Нікія («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Аўрора, Адэта—Адылія, Маша («Спячая прыгажуня», «Лебядзінае возера», «Шчаўкунок» П.Чайкоўскага), Сільфіда («Шапэніяна» на муз. Ф.Шапэна), Прынцэса («Драўляны прынц» Б.Бартака), Джульета, Кацярына («Рамэо і Джульета», «Каменная кветка» С.Пракоф’ева), Шырын («Легенда пра каханне» А.Мелікава), Фрыгія («Спартак» А.Хачатурана), Валянціна («Ангара» А.Эшпая). 1-я прэмія Усесаюзнага конкурсу маладых балетмайстраў і артыстаў балета (1972), Гран-пры Міжнар. конкурсу артыстаў балета (1973; абодва Масква). Здымалася ў кіно і на тэлебачанні.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕ́СЦЕЛЬ (Павел Іванавіч) (5.7.1793, Масква — 25.7.1826),
дзекабрыст, палкоўнік (1821). Вучыўся ў Дрэздэне (1805—09), у Пажскім корпусе (1810—11). З 1811 прапаршчык лейб-гвардыі Літоўскага палка. Удзельнік вайны 1812 і замежных паходаў 1813—14. У 1816 уступіў у «Саюз выратавання», у 1818 арганізаваў у Тульчыне ўправу «Саюз дабрабыту», у сак. 1821 стварыў і ўзначаліў Паўд.т-ва. З ліст. 1821 камандзір Вяцкага палка. Аўтар 2 рэдакцый паліт. праграм т-ва — «Рускай праўды». Прыхільнік устанаўлення у Рас. імперыі рэсп. ладу шляхам дзярж. перавароту, адмены прыгону і саслоўных прывілеяў, надзялення сялян зямлёй. Аддаваў вял. ўвагу нац. пытанню; беларусаў адносіў да «малых народаў», лічыў, што ўсе народы Расіі «павінны злітымі быць у адзін народ». У 1824—25 вёў перагаворы з прадстаўнікамі польскага Патрыятычнага т-ва аб сумеснай барацьбе. 13.12.1825 арыштаваны ў Тульчыне. Павешаны разам з 4 інш. дзекабрыстамі ў Петрапаўлаўскай крэпасці.
Літ.:
Лебедев Н.М. Пестель — идеолог и руководитель декабристов. М., 1972;
Грыцкевіч А. Нацыянальнае пытанне ў праграме дзекабрыстаў // З гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЯТ (Расціслаў Янавіч) (13.12.1908, г. Растоў-на-Доне, Расія — 30.6.1989),
расійскі акцёр. Нар.арт.СССР (1961). Герой Сац. Працы (1989). Вучыўся на драм. курсах пад кіраўніцтвам Ю.Завадскага. З 1927 акцёр Тэатра-студыі пад кіраўніцтвам Завадскага, з 1938 — Т-ра імя Ленінскага камсамола, з 1941 — Маскоўскага т-ра драмы, з 1943 — Т-ра імя Массавета. Яго творчасць вылучалася шырокім артыстычным дыяпазонам, майстэрствам унутранага і знешняга пераўвасаблення, інтэлектуальнасцю, іранічнасцю. Сярод роляў: Крогстад («Нора» Г.Ібсена, 1939, 1959), Бурмін («Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, 1941), Нінкавіч («Пані міністэрша» Б.Нушыча, 1946), Бернард Шоу («Мілы лгун» Дж.Кілці, 1963), Цэзар («Цэзар і Клеапатра» Б.Шоу, 1964), Барлей Купер («Далей — цішыня» В.Дэльмар, 1969), Фёдар Карамазаў («Браты Карамазавы» паводле Ф.Дастаеўскага, 1980) і інш. З 1938 здымаўся ў кіно: «Падкідыш» (1940), «Мара» (1943), «Вясна» (1947), «Масква—Генуя» (1964), «Іду на навальніцу» (1966), «Пасляслоўе» (1984), у тэлефільмах «Ўся каралеўская раць» (1971), «Семнаццаць імгненняў вясны» (1973) і інш. Аўтар кн. «Без эпілога» (1991). Дзярж. прэмія СССР 1982.
Літ.:
Р.Я.Плятт: Воспоминания друзей и коллег. М., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАТАЗА́НАЎ (Якаў Аляксандравіч) (4.2.1881, Масква — 8.8.1945),
расійскі кінарэжысёр; адзін з заснавальнікаў рас. кінематаграфіі. Засл. дз. маст. Расіі (1935). Засл. дз. маст. Узбекістана (1943). У кіно з 1907, першы фільм — «Бахчысарайскі фантан» (1909). Да 1918 паставіў каля 80 фільмаў, у т. л. «Вайна і мір» (з У.Р.Гардзіным; паводле Л.Талстога), «Д’яблы» (паводле Ф.Дастаеўскага; абодва 1915), «Пікавая дама» (1916; паводле А.Пушкіна) і «Айцец Сергій» (1918; паводле Л.Талстога). З 1920 працаваў у Парыжы і Берліне. З 1923 у Расіі. Зняў фільмы: «Аэліта» (1924; паводле А.Талстога), камедыі «Закройшчык з Таржка» (1925), «Працэс аб трох мільёнах» (1926), «Дон Дыега і Пелагея» (1928), «Свята святога Іоргена» (1930), «Насрэдзін у Бухары» (1943). Сярод інш. фільмаў: «Сорак першы» (1927; паводле Б.Лаўранёва), «Белы арол» (1928; паводле апавяд. Л.Андрэева «Губернатар»), «Беспасажніца» (1937; паводле А.Астроўскага), «Салават Юлаеў» (1941), фільм-памфлет «Марыянеткі» (1934) і інш. Яго творчасць вызначалася высокім прафес. майстэрствам, увагай да мастацтва акцёра, увасабленнем лепшых традыцый рус. тэатра і л-ры ў кіно.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАВЕ́НСКІХ (Барыс Іванавіч) (27.6.1914, Масква — 10.1.1980),
расійскі рэжысёр. Нар.арт.СССР (1968). Скончыў Ленінградскі тэатр. тэхнікум (1935). З 1935 у т-ры У.Меерхольда, з 1940 у Маскоўскім маст.акад. т-ры, з 1941 рэжысёр Драм. студыі (пазней Маскоўскі драм.т-р імя К.Станіслаўскага), з 1951 — Малога т-ра, з 1960 гал. рэжысёр Маскоўскага драм.т-ра А.Пушкіна, у 1970—80 рэжысёр, гал. рэжысёр Малога т-ра. Творчасць адметная публіцыстычнасцю, псіхал. вастрынёй распрацаваных характараў, выразнай формай, эмацыянальнасцю. У сваіх пастаноўках удала выкарыстоўваў музыку, пластычную выразнасць для раскрыцця філас. зместу твора: «З каханнем не жартуюць» П.Кальдэрона (1949), «Вяселле з пасагам» М.Дзьяканава (1950), «Шакалы» А.Якабсана (1953), «Улада цемры» Л.Талстога (1956), «Чаму ўсміхаліся зоркі» А.Карнейчука, «Дзень нараджэння Тэрэзы» Г.Мдывані (1961), «Раманьёла» Л.Скуарцыны (1963), «Узнятая цаліна» паводле М.Шолахава (1964), «Драматычная песня» (кампазіцыя Р. і Анчарава паводле рамана М.Астроўскага «Як гартавалася сталь», 1971), «Цар Фёдар Іаанавіч» А.К.Талстога (1973). Дзярж. прэміі СССР 1951, 1972. Дзярж. прэмія Расіі 1967.
рас. дырыжор. Нар.арт. Расіі (1966). Нар.арт.СССР (1976). Герой Сац. Працы (1990). Ганаровы чл. Шведскай каралеўскай акадэміі (1975). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1954, кл. дырыжыравання М.Аносава, кл.фп. Л.Аборына). У 1951—60 і 1978—83 дырыжор, у 1965—70 і ў 2000—01 гал. дырыжор Вял.т-ра ў Маскве. У 1961—91 гал. дырыжор і маст. кіраўнік Вял.сімф. аркестра Цэнтр. тэлебачання і радыё. У 1974—85 гал. дырыжор Маскоўскага муз.т-ра, з 1982 — сімф. аркестра Мін-ва культуры СССР. З 1974 гал. дырыжор шэрагу замежных арк. Выкананне вылучаецца бездакорнай стылістычнай дакладнасцю, яркай артыстычнасцю. У рэпертуары побач з класічнымі шырока прадстаўлены творы рас. і сучасных зах.-еўрап. кампазітараў, у т. л. С.Пракоф’ева, Дз.Шастаковіча, П.Хіндэміта, Ф.Пуленка і інш. Пад яго муз. кіраўніцтвам адбыліся прэм’еры твораў Р.Шчадрына, К.Хачатурана і інш. Ленінская прэмія 1970. Дзярж. прэмія Расіі 1995.