шпо́ра, ‑ы, ж.

1. Сагнутая на форме абцаса металічная дужка з зубчастым або гладкім кольцам, якая прымацоўваецца да задняй часткі бота наезніка і служыць для лепшага кіравання канём. Стражнік пахіснуўся на сядле, .. сціснуў шпорамі бакі каня. Мурашка.

2. Цвёрды завостраны рагавы выступ на нагах самцоў некаторых птушак, які служыць ім зброяй пры абароне ці нападзенні. [Певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крылы яго адлівалі золатам, .. а на нагах красаваліся шпоры. Крапіва. Сораму — як у пеўня мяса па шпорах. З нар.

3. Спецыяльна зроблены для лепшага счэплівання з грунтам выступ або шып на вобадзе вядучага кола ці на звеннях гусеніц трактара.

[Ад ням. Sporn.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шэ́льма, ‑ы, м. і ж.

1. Махляр, несумленны чалавек; нягоднік, паганец. — Ну, мерайце, — кажу, — ды рэжце! — Куляецца аршын, маланкай ходзяць рукі — Так спрытна шэльма мерае. Крапіва. — Ага, шэльма, — захрыпеў Сцяпан, кідаючыся на .. [чалавека] і хватаючы яго за рукі. Чорны. [Беразоўскі:] — Злодзей ты, Макар, і шэльма, якіх мала... Па закону я павінен, апытаць цябе, скласці пратакол і пасадзіць за крадзеж. Чарнышэвіч.

2. Хітрун, круцель, дураслівец, махляр (звычайна ўжываецца як выражэнне захаплення, спагады, адабрэння). — Вера, ведаеш, што я скажу табе... Ты — хоць вялікая шэльма, але папраўдзе слаўная дзеўка... Зарэцкі. [Каваль:] — І дарога грыміць, І душа спявае. І людзі глядзяць і радуюцца: бач, як ляціць, шэльма!.. Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Наці́на ’бацвінне, лісты гародніны’ (Нас., Гарэц., Янк. 1), ’сцябло агародніны’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС), ’сцябло агуркоў’ (Ян.), ’бульбоўнік’ (Мат. Маг.), ’сцёблы рэпы’ (Пятк. 2), ’ежа, прыгатаваная з лістоў рэпы’ (Крачк.), ’квашаныя верхнія лісты капусты’ (Вешт.), наці́ня ’раска’ (Сл. ПЗБ), укр. на́тина ’дзікая лебяда і ежа з яе’, нати́ня ’сцябло; бульбоўнік’, нать ’вусік, прычэпка ў расліны’, рус. нати́на ’сцёблы агародных раслін’, польск. nać, nacina ’лісты, сцёблы агародніны’, чэш. nať, славац. nat ’тс’, в.-луж. nać, н.-луж. naś ’тс’, славен. nȃt ’тс’, серб.-харв. nat ’расток, сцябло’. Прасл. *natь, *nati, род. скл. *natere (падобна да *mati, *matere, гл. маці), дакладныя адпаведнікі толькі ў балтыйскіх мовах: ст.-прус. noatisкрапіва’, літ. notrė̃, nõterė ’тс’, лат. nâtre ’тс’ (Міклашыч, 211; Фасмер, 3, 48; Скок, 2, 505; Шустар-Шэўц, 13, 979; Бязлай, 3, 215). Менш верагодна прасл. *natь < *nakti‑, роднаснага літ. nókti ’спець’ (Трубачоў, ZfSl, 3, 1958, 5, 668) або збліжэнне з чэш. nýti, naviti (гл. ныць) па тыпу літ. vir̃kšti ’бульбоўнік’, virkščià ’гарохавіска’ ад virkšti ’жаўцець, вянуць’ (Махэк₂, 391). Прапанаваная яшчэ Насовічам (324) версія ад цяць, цінаць ’рэзаць, сячы’ знайшла працяг у этымалогіі Варбат (Прасл. морфонология, словообраз. и этимология. M., 1984, 200–201): форма *natь ад дзеяслова *tęti, *tьnǫ узнікла ў выніку пераразлажэння ў першаснай форме *na‑tina > nat‑ina і адваротнай дэрывацыі; удакладненні гэтай этымалогіі грунтуюцца на рус. дыял. ти́на ’націна, бульбоўнік’, вытворнага ад *tęti ’цягнуць’ і рэальнасці развіцця ў гняздзе і.-е. *ten‑ другаснай семантыкі ’апускаць’ (літ. tìnti), ’згуртавацца, стварыцца’ (ст.-рус. сътятися), што пацвярджаецца роднасцю слав. *bъtъva з *botěti (Варбат, АДД, 32), параўн. таксама тураўскі сцену́ць, сціну́ць ’ахапіць (вокам, холадам і інш.)’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

АНІМАЛІСТЫ́ЧНЫ ЖАНР (ад лац. animal жывёла),

жанр выяўленчага мастацтва і літаратуры, творы якога адлюстроўваюць жывёльны свет; спалучае прыродазнаўчую і маст. аснову. У выяўленчым мастацтве пашыраны ва ўсіх відах: жывапісе, скульптуры, графіцы, дэкар. мастацтве.

Прыкметы анімалістычнага жанру мае першабытнае мастацтва: малюнкі жывёл на сценах пячор, дробная пластыка. У 1-м тыс. да н.э. ў мастацтве скіфаў склаўся т.зв. «звярыны стыль». У Стараж. Егіпце сімвалічныя манум. вобразы жывёл. Анімалістычны кампанент сустракаецца ў ант. скульптуры, мазаіках і вазапісе; пашыраны ў рэльефах, мініяцюрах і станковых кампазіцыях Кітая (7—13 ст.), рэльефах Індыі (7 ст.), мазаіках, фрэсках і ўжытковым мастацтве Ірака, Сірыі і Палесціны (8—9 ст.). У еўрап. мастацтве Адраджэння практыкаваліся натурныя замалёўкі жывёл, іх выявы сустракаюцца ў фрэсках і станковых карцінах Пізанела, Леанарда да Вінчы, А.​Дзюрэра; найб. яскрава праявіўся ў жывапісе Галандыі. Сярод анімалістаў 17—18 ст. А.​Кёйп, П.​Потэр (Галандыя), Ф.​Снайдэрс, Я.​Фейт (Фландрыя), Ж.​Б.​Удры (Францыя), І.​Ф.​Грост (Расія), Маруяма Окія (Японія). У 19—20 ст. у анімалістычным жанры заявілі пра сябе К.​Труаён, А.​Л.​Бары (Францыя), Ф.​Марк, А.​Гаўль (Германія), Б.​Лільефорс (Швецыя), К.​Томсен (Данія), А.​Сцяпанаў, П.​Клот, Я.​А.​Лансерэ, В.​Ватагін (Расія), Моры Сосэн (Японія), Сюй Бэй-Хун (Кітай).

На Беларусі стылізаваныя выявы жывёл сустракаюцца ў мегалітычных знаходках. Да перыяду неаліту адносяцца надзвычай рэаліст. творы дробнай пластыкі (крамянёвыя і гліняныя скульптуры звяроў, птушак). У 16—17 ст. выявы жывёл адлюстраваны ў мініяцюрах і гравюрах (гравюры ў Бібліі Ф.​Скарыны «Самсон і Леў», «Данііл з ільвамі»), кніжнай ілюстрацыі (іл. Т.​Макоўскага да кн. К.​Дарагастайскага «Гіпіка», 1620). У мастацтве 20 ст. анімалістычны жанр прадстаўлены станковымі творамі В.​Ціхановіча, Г.​Лойкі, Т.​Стагановіч. Анімалістыку выкарыстоўваюць у сваёй творчасці ілюстратары дзіцячых кніг (Ю.​Зайцаў, Я.​Кулік, А.​Лось, Н.​Паплаўская і інш.), мастакі дэкар.-прыкладнога і нар. мастацтва (В.​Альшэўскі, Л.​Багданаў, Р.​Багінскі, В.​Гаўрылаў, Л.​Главацкая, У.​Жохаў, М.​Звярко, Г.​Лінкевіч, В.​Луцэнка, І.​Пухоўскі, Дж.​Сакажынскі).

У літаратуры жывёльны эпас вядомы са стараж. часоў і існуе ва ўсіх народаў свету — стараж.-грэч. паэма 6—5 ст. да н.э. «Вайна мышэй і жаб», паданні ў інд. зб. «Панчатантра», сярэдневяковыя франц., ням., нідэрл. і інш. казкі. На Беларусі самыя стараж. творы анімалістычнага жанру — казкі пра жывёл. Праз алегарычныя вобразы жывёл у іх раскрываюцца разнастайныя праявы ўзаемаадносін і характараў, уласцівыя людзям: смеласць і баязлівасць, адданасць і здрада, бескарыслівасць і прагнасць. Элементы анімалістычнага жанру ёсць у творах стараж. л-ры («Песня пра зубра» М.​Гусоўскага), л-ры 19—20 ст. (алегарычныя вобразы лісіцы і гадзюкі-мядзянкі ў паэме «Кепска будзе» Ф.​Багушэвіча, жорава ў апавяд. «Міхаська» Цёткі). Выдатныя ўзоры анімалістычнага жанру стварылі Я.​Колас (раздзел «Воўк» у паэме «Новая зямля»), Э.​Самуйлёнак («Паляўнічае шчасце»), К.​Крапіва (байкі) і інш. Асабліва пашыраны гэты жанр у л-ры для дзяцей («Вавёрчына гора» В.​Віткі, «Дзед і Жораў» В.​Вольскага).

Літ.:

Ватагин В.А. Изображение животного. М., 1957.

М.​Л.​Цыбульскі, М.​Р.​Міхайлаў (літаратура).

Да арт. Анімалістычны жанр. М.​Звярко. Леў. 1970-я г.
Да арт. Анімалістычны жанр. Г.​Лойк а. Совы. Сангіна, вугаль. 1974.
Да арт. Анімалістычны жанр. Л.​Главацкая. Певень. 1976.
Да арт. Анімалістычны жанр. Т.​Стагановіч. Чыкары (сям’я рыжай вавёркі). 1963.
Да арт. Анімалістычны жанр. П.​Потэр. Каровы на пашы. 1655.

т. 1, с. 369

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МАЛАДНЯ́К»,

штомесячны літ.-маст. і грамадска-паліт. часопіс. Выдаваўся ў 1923—32 у Мінску на бел. мове. Рэдактары: М.​Кудзелька (М.​Чарот), А.​Ажгірэй (А.​Вольны), М.​Арэхва, У.​Ігнатоўскі, М.​Зарэцкі, М.​Адзінец, А.​Дудар, І.​Барашка, П.​Галавач, А.​Звонак, В.​Каваль, А.​Моркаўка, А.​Сянкевіч і інш.

На 1-м этапе (1923 — сярэдзіна 1926) часопіс арыентаваўся на масавую камсамольска-маладзёжную аўдыторыю, імкнуўся згуртаваць маладых пісьменнікаў і публіцыстаў, дзеячаў мастацтва і навукі вакол праграмы сацыяліст. буд-ва і развіцця бел. культуры. Друкаваў творы старэйшых пісьменнікаў (Ц.​Гартны, З.​Бядуля, А.​Гурло), маладнякоўцаў (М.​Чарот, К.​Чорны, А.​Дудар, А.​Вольны, А.​Александровіч, А.​Бабарэка, У.​Дубоўка, К.​Крапіва, Я.​Пушча, П.​Трус, А.​Якімовіч), пачынаючых аўтараў, селькораў і рабкораў. Упершыню апубл. верш Я.​Купалы «Арлянятам» (1923, № 1; 1924, № 2—3), алегарычную казку Я.​Коласа «Што яны страцілі» (1924, № 2—3). Змяшчаў выступленні А.​Чарвякова, М.​Галадзеда, даследаванні і навук.-папулярныя нарысы вучоных С.​Вальфсона, М.​Гарэцкага, Ю.​Дрэйзіна, Ігнатоўскага, М.​Каспяровіча, У.​Пічэты, С.​Скандракова, А.​Шлюбскага і інш. Дапускаў пралеткультаўскае проціпастаўленне «матываў грамадзянскай барацьбы, матываў рабочых, матываў гарадскіх» і «новых камсамольскіх матываў» («маладнякізму») традыцыям бел. дэмакратычнай л-ры («адраджанізму»). Фармальна прапагандаваў ідэйна-эстэт. праграму аднайменнай літ. арг-цыі — ажыццяўленне ў бел. л-ры «ідэй матэрыялізму, марксізма і ленінізма», па сутнасці развіваў нац.-адраджэнскую традыцыю ў л-ры. У арт. Бабарэкі «Вясну радзіла восень» (1925, № 7) абгрунтавана маладнякоўская канцэпцыя гісторыі бел. л-ры і яе тагачаснага стану.

Пасля выхаду ў маі 1926 з яго складу групы «Узвышша» «М.» аб’ядноўваў пісьменнікаў другога «маладнякоўскага прыліву» (З.​Бандарына, Барашка, Я.​Бобрык, П.​Броўка, А.​Вечар, Галавач, К.​Губарэвіч, І.​Гурскі, У.​Жылка, А.​Звонак, В.​Каваль, А.​Куляшоў, М.​Лынькоў, Ю.​Лявонны, Б.​Мікуліч, Моркаўка, М.​Нікановіч, А.​Салагуб, Я.​Скрыган, Ю.​Таўбін, Я.​Туміловіч, У.​Хадыка, М.​Хведаровіч, С.​Хурсік, Н.​Чарнушэвіч, С.​Шушкевіч). Кіруючую ролю ў «М.» захоўвалі М.​Чарот, А.​Дудар, Зарэцкі, якія ў канцы 1927 разам са старэйшымі пісьменнікамі стварылі аб’яднанне «Полымя». Часопіс адмовіўся ад ілюстрацый, увёў аддзелы паэзіі, прозы, крытыкі і публіцыстыкі, друкаваў пераклады. Аднак яго крытычны аддзел прэтэндаваў на манаполію ў вызначэнні паліт. і эстэт. лініі бел. л-ры і дапускаў вульгарна-сацыялагічныя ацэнкі ў асвятленні бягучага літ. працэсу, асабліва ў арт. Т.​Глыбоцкага (А.​Дудара). З сярэдзіны 1928 «М.» (пераважна ў крытыка-публіцыстычнай частцы) перайшоў на спрошчаную пазіцыю Расійскай асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў. У арт. А.​Гародні, Галавача, Р.​Мурашкі, Барашкі, У.​Бухаркіна, С.​Васілёнка беспадстаўна абвінавачваліся бел. пісьменнікі і літ.-знаўцы, асабліва тыя, хто прымыкаў да «Узвышша» і «Полымя». З’яўляліся і аб’ектыўныя арт. Я.​Барычэўскага, П.​Бузука, Гарэцкага, А.​Некрашэвіча, М.​Піятуховіча і інш., вершы і паэмы Броўкі, Куляшова, В.​Маракова, Хадыкі, апавяданні, аповесці і раманы З.​Астапенкі, Галавача, Ц.​Гартнага, Мікуліча, Э.​Самуйлёнка, нарысы Скрыгана. У 1932 як орган Аргкамітэта Саюза пісьменнікаў БССР дубліраваў функцыі Час. «Полымя» і ў пэўнай ступені скампраметаваў сябе вульгарна-сацыялагічнай крытыкай (Л.​Бэцдэ, А.​Кучар і інш.).

Літ.:

Гілевіч Н.С. Акрыленая рэвалюцыяй: (Паэзія «Маладняка»). Мн., 1962;

Конан У.М. Развіццё эстэтычнай думкі ў Беларусі (1917—1934 гг.). Мн., 1968;

Яго ж. Адам Бабарэка: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1976;

Мушынскі М.І. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг. Мн., 1975.

У.​М.​Конан.

Вокладка часопіса «Маладняк». 1924.

т. 9, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ба́ба 1, ‑ы, ж.

1. Матчына або бацькава маці. Хто бабе не ўнук? Прыказка.

2. Старая жанчына наогул. Пачулі дзед з бабаю грукат, выбеглі ў сенцы. Якімовіч.

3. Разм. Замужняя жанчына. Шнуруюць бабы і дзяўчаты І кантралююць мох узняты. Колас. // Разм. Жанчына наогул. [Цёця Каця:] Пляцеш ты абы-што. Думаеш, калі я баба, дык ужо і паверу ўсякаму глупству. Крапіва. Тэкля любіла хадзіць па суседзях — вельмі гутарлівая баба была. Бядуля. // Разм. Жонка. Мікітава баба, падсухая, белабрысая Стэпка з хітрымі, як у Сцяпана, вачыма сядзела ў перадку. Брыль.

4. Разм. уст. Тое, што і бабка ​1 (у 3 знач.). За бабу была Аўдоцця, а за куму Настулька. Крапіва.

5. перан. Разм. іран. Пра цікаўнага, балбатлівага або з нерашучым характарам мужчыну. Тут на платформу ўзляцела Дзяўчына: — Бачылі? Баба ты, а не мужчына! Смагаровіч.

•••

Каменная баба — старажытны статуй з каменю.

Снегавая баба — злепленая з снегу чалавечая фігура.

Агонь-баба — энергічная жанчына.

Баба-яга — а) у казках славянскіх народаў — злая вядзьмарка; б) пра злую, старую жанчыну.

Базарная баба — сварлівая, грубая жанчына.

Бой-баба — мажная, з шумлівым характарам жанчына.

Хват-баба — увішная, заўзятая ў працы жанчына.

ба́ба 2, ‑ы, ж.

Ручная або механічная прылада для забівання паляў і для іншых мэт.

ба́ба 3, ‑ы, ж.

Тое, што і бабка ​2 (у 3 знач.).

ба́ба 4, ‑ы, ж.

Тое, што і бабка ​2 (у 4 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Трава́ ’сям’я раслін Gramineae з аднагадовымі зялёнымі парасткамі і сцяблом’ (ТСБМ, Ласт., Федар. 4, Стан., Бяльк., Бес., ТС, Сл. ПЗБ), ’трава, злакі’ (Байк. і Некр.), траві́на ’асобнае каліва травы’, ’трава наогул’, ’высахлая трава’ (Юрч. Вытв., ТСБМ; мёрск., Нар. словатв.), траві́ца ’траўка’ (Гарэц.), траві́шча ’густая высокая трава’ (Жд. 2), траваюжышча ’тс’ (Юрч. Мудр.), тро́ўка ’трава’ (Растарг.; люб., Ск. нар. мовы), траві́нка ’тс’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ; ТС), зборн. траўёкрапіва, бадылле’ (Бяльк.), коньска трава ’канюшына’ (дзісн., Яшк. Мясц.). Укр., рус. трава́, стараж.-рус. трава, трѣва ’трава, сена’, польск. trawa, н.-луж. tšawa, в.-луж. trawa, чэш., славац. tráva, славен. tráva, серб. тра́ва, харв. tráva, trāvȁ, trōvȁ; макед. трева, дыял. трава; балг. трева́ ’трава’, ’зёлкі’; ст.-слав. трѣва, трава ’трава’, ’маладая зелень’, ’расліны, атожылкі’. Прасл. *trava, *trěva, утвораныя ад дзеяслова *truti. Першапачаткова *trava, *trěva — ’тое, што спажываецца’, ’корм’ > ’зялёная паша’ > ’расліны, якія выкарыстоўваюцца ў якасці пашы’ > ’трава — зялёная ці скошаная’ (Фасмер, 4, 91–92; Махэк₂, 650; Бязлай, 4, 214–215; Борысь, 640; Сной₂, 778; ЕСУМ, 5, 613). Скок (3, 494) наяўнасць паралельных праславянскіх форм тлумачыць варыянтнай мяккасцю зычнага ‑r‑ у *trěva. Гл. таксама траві́ць1. Сюды ж травя́нік ’лякарства з траў’ (Жд. 1), травя́нка ’фарбы, прыгатаваны з травы’ (ТСБМ), травасто́й ’травяное покрыва лугоў, сенажацей, пашы’ (ТСБМ), траве́ць ’зарастаць травою, пустазеллем’ (Касп., Сцяшк. Сл.; мёрск., Нар. сл.; полац., Нар. лекс.), травяне́ць ’тс’ (ТСБМ, Гарэц.), травяні́цца ’тс’ (Юрч.), траві́ць ’лячыць травамі’ (в.-дзв., Сл. ПЗБ), тра́ўлены ’травяны’, тра́ўля́ны (лён) ’лён, у якім расце шмат травы, пустазелля’ (ТС), траўляны́й ’травяністы’ (стол., Нар. лекс.), травяні́сты, травяны́ ’багаты травой’ (ТСБМ, Байк. і Некр.), травяно́й ’тс’ (Юрч. Вытв.), траўлі́вы ’травяністы, багаты на траву’ (ашм., Стан.), траўны́: траўное карэньне ’ядомае карэнне’ (Стан.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

бара́н 1, ‑а, м.

1. Самец авечкі.

2. Дзікая млекакормячая траваедная жывёліна сямейства пустарогіх з густой кучаравай шэрсцю, якая водзіцца ў высакагорнай мясцовасці. Горны баран. Снежны баран.

3. Тое, што і бакас. Баран увесь час крычыць над лугамі, лётаючы недзе вельмі высока. Лупсякоў.

4. Лаянк. Пра тупога, някемлівага чалавека. Другі баран — ні «бэ», ні «мя», А любіць гучнае імя. Крапіва.

•••

Уперціся як баран гл. уперціся.

Як баран на новыя вароты (глядзець) — глядзець на што‑н. разгублена, тупа, нічога не разумеючы.

Як баран у аптэцы (іран.) — пра чалавека, які нічога не разумее.

Як баран у біблію (глядзець) — глядзець, нічога не разумеючы.

бара́н 2, ‑а, м.

Двухручны рубанак для стругання дошак.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

бедава́ць, бядую, бядуеш, бядуе; незак.

1. Цярпець душэўныя пакуты; выказваць перажыванні, смутак, жаль. Змрокам таго дня.. [Нявада] пачаў абыходзіць увесь той родны кут, па якім гэтулькі бедаваў. Чорны. У хаце Сцяпана Касцевіча ў гэты час сабралася многа людзей.. Абмяркоўвалі ўсё здарэнне, бедавалі, ахалі, клялі... Пестрак. // Турбавацца, хвалявацца, клапаціцца аб кім‑, чым‑н. [Маці:] — У тваёй [Сцяпанкавай] галаве толькі цацкі. Каб ты лепей бедаваў аб тым, хто сёлета ў нас поле араць будзе, хто шнур засее. Бядуля. [Валя Валодзю:] — Ты бедаваў, што білет прападзе. Вось запрасі Надзю. Крапіва.

2. Жыць у нястачы, беднасці; гараваць. Мянялася жыццё нядаўніх беднякоў, бедавалі ад вясны да зімы, жабруючы і гнучы спіны за кавалак хлеба. Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; незак., што.

1. Ставіць плот, паркан і пад.; абгароджваць што‑н. Гарадзіць плот. □ [Ладымер] да поўдня быў у хаце, а тады выйшаў гарадзіць капуснікі. Чорны. Я выган плотам гарадзіў. Купала.

2. перан. Разм. Гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Старая Рындзіха хадзіла па вёсцы і гарадзіла на ўсіх Шамраёў за тое, што адбілі ад бацькоў роднага сына. Машара. Стары гаворыць — гародзіць, ды па праўду выходзіць. Прыказка.

•••

Агарод (гарод, плот) гарадзіць — а) пачынаць якую‑н. клапатлівую і безнадзейную справу. Не бачыць Грамабою гэтай зямлі. А калі так — дзеля чаго і гарод гарадзіць. Крапіва; б) гаварыць бяссэнсіцу, выдумляць. Тут Саўка хмурыць свае бровы: — Ты, сын, гарод не гарадзі... Гаўрусёў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)