АЛЕКСАНДРО́ВІЧ Канстанцін, жывапісец-партрэтыст 2-й пал. 18 ст. (вядомы творы 1777—94). Працаваў на Беларусі (Нясвіж) і ў Варшаве. Выконваў пераважна заказы арыстакратаў і караля; рабіў таксама копіі з партрэтаў мінулых эпох. Працягваючы традыцыі параднага партрэта 17—18 ст., творча ўдасканальваў жанр дакладнай характарыстыкай, выкарыстаннем чыстага колеру, увагай да дэталяў. Найбольш вядомы твор — партрэт князя Карла Радзівіла пане Каханку (1786). Творы захоўваюцца ў Польшчы, Вільні. У Львове зберагаецца 35 работ, пераважна копіі т.зв.гіст. партрэтаў з калекцыі маёнтка Завушша каля Нясвіжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЖА́НТА (Ajanta),
комплекс будыйскіх манастыроў 2 ст. да н.э. — 7 ст.н. э., высечаных у скалах каля пас. Аджанта ў штаце Махараштра ў Індыі. Складаецца з 29 пячорных залаў: 4 «чайцья» (малельныя залы) і 25 «віхар» (квадратныя залы, акружаныя з трох бакоў келлямі). Сусветна вядомая насценная размалёўка пячор вызначаецца багаццем фантазіі, прыгажосцю колеру і рытму. Жывапіс, што захаваўся ў фрагментах, — ілюстрацыі да будыйскай міфалогіі, але ў ім шырока паказана карціна інд. побыту таго часу.
«Чайцья» ў Аджанце.Да арт.Аджанта. Прынцэса, якая памірае. Фрагмент размалёўкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЯРО́ДУ АКСІ́Д, чадны газ,
прадукт няпоўнага акіслення вугляроду, CO. Газ без колеру і паху, tкіп -191,5 °C, шчыльн. 1,25 кг/м³ (0 °C). Раствараецца ў спірце, бензоле, дрэнна — у вадзе. Гаручы, сумесь з паветрам (12,5—74% вугляроду аксіду) выбухованебяспечная. Пры высокіх т-рах узаемадзейнічае з вадародам і аксідамі металаў (як аднаўляльнік), з хлорам, серай, некат. металамі (гл.Карбанілы металаў). У прам-сці атрымліваюць газіфікацыяй паліва, пры канверсіі газаў. Выкарыстоўваецца як высокакаларыйнае паліва, сыравіна ў арган. сінтэзе. Ядавіты, узаемадзейнічае з гемаглабінам крыві, ГДК для вытв. памяшканняў 0,03 мг/л.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛАВІЧПО́ЛЬСКАЯ СЯДЗІ́БА,
помнік сядзібна-паркавай архітэктуры стылю мадэрн з элементамі неаготыкі. Створана ў пач. 20 ст. ў в. Галавічполе (Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.). Сядзібны дом (1909) — Г-падобны ў плане мураваны будынак. Складаную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю ўтвараюць 1- і 2-павярховыя аб’ёмы, высокія стрэхі з фігурнымі люкарнамі, спічастымі фіяламі і шчытамі, гранёныя эркеры з шатровымі завяршэннямі. Дэкар. вырашэнне фасадаў заснавана на спалучэнні чырв.колеру цаглянай муроўкі з атынкаванымі ліштвамі, карнізамі і рустоўкай. Дом размешчаны ў пейзажным парку (пл. 18 га; захаваўся фрагментарна).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЛЬДЭНБРА́НТЫЯ (Hildenbrandtia),
манатыпны род чырвоных водарасцей сям. гільдэнбрантыевых. Вядомы 1 від — гільдэнбрантыя рачная (H. rivularis). Пашырана ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы, а таксама на Пн Беларусі, дзе трапляецца рэдка на паўд.-ўсх. мяжы арэала ў чыстых водах рэк і ручаёў. Расце на камяністых субстратах пад вадой. Занесена ў Чырв. кнігу Рэспублікі Беларусь.
Прэснаводная эпілітная водарасць. Утварае плевачнае шчыльнакоркавае слаявішча (талом) кармінавага колеру з цёмна-чырвонай аблямоўкай. Таломы акруглыя, дыям. да 2,5 см; пры разрастанні зліваюцца. Вертыкальныя ніткі простыя, зрэдку разгалінаваныя. Размнажаецца вегетатыўна. Індыкатар чыстых вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІНГІВІ́Т (ад лац. gingiva дзясна + ...іт),
запаленне дзясны. Бывае лакальны, генералізаваны, востры, хранічны або як вынік агульных захворванняў стрававальнай і сардэчна-сасудзістай сістэмы. Найчасцей сустракаецца гінгівіт катаральны (кроватачывасць дзясен пры ядзе і чыстцы зубоў). Гіпертрафічны гінгівіт праяўляецца як разрастанне дзясны вакол верхніх і ніжніх франтальных зубоў. Язвавы гінгівіт (дзясна ўкрываецца болькамі светла-шэрага ці жаўтаватага колеру) рэзка балючы. Пры генералізаваным гінгівіце пагаршаецца агульны стан хворага, павышаецца т-ра цела, узнікаюць галаўны боль, слабасць, бяссонніца, парушэнне апетыту, гніласны пах з рота і інш. Лячэнне накіравана на ліквідацыю асн. захворвання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАЎТАПУ́ЗІК.
глушэц (Ophisaurus apodus), яшчарка сям. вераценніцавых. Пашыраны ў Паўд.-Зах. Еўропе, Сярэдняй і Паўд.-Зах. Азіі. Жыве пераважна ў сухіх месцах, з густой расліннасцю.
Даўж. да 1,5 м, маса да 550 г. Верхняя ч. цела бурая, брудна-бурая з аліўкавым або чырванавата-бурым адценнем, ніжняя — жоўта-бурая або мяснога колеру. Цела змеепадобнае, без ног (у самцоў захаваліся рудыменты задніх ног). Пад луской залягаюць касцявыя пласцінкі (астэадэрмы). Па баках цела глыбокая маршчына скуры, высланая дробнай луской. Адкладваюць 8—10 яец. Кормяцца беспазваночнымі (пераважна насякомымі і малюскамі), дробнымі пазваночнымі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЯЛЁНКА (Tricholoma flavovirens),
шапкавы базідыяльны грыб роду радоўка сям. радоўкавых. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляецца ўсюды. Расце вял. групамі ў сухіх хваёвых лясах на пясчанай глебе. Пладаносіць у вер.—кастр. (лістападзе).
Шапка дыям. 3—10 см, пукатая, потым плоская, ліпкая, валакністая, жаўтавата-зялёная, у цэнтры бураватая, па краі звычайна растрэскваецца. Мякаць шчыльная, жаўтаватая, з прыемным смакам і мучным пахам. Гіменафор прырослы. Пласцінкі шырокія, выемчатыя, жаўтавата-зялёныя. Ножка цыліндрычная, суцэльная, падоўжана-валакністая, дробналускаватая, аднаго колеру з шапкай. Ядомая (спажываецца свежая, марынаваная, салёная).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІО́ЛЬДЫЯ (Yoldia),
род марскіх двухстворкавых малюскаў сям. нукуланід. Каля 20 відаў. Пашыраны на шэльфавых мулавых грунтах (на глыб. да 200 м) халодных і ўмераных мораў Паўн. паўшар’я і на вял. акіянскіх глыбінях. У далёкаўсх. морах 8 відаў, у паўн. морах 1 від — І. паўночная (Y. hyperborea).
Ракавіна даўж. 1—6 см, падоўжана-авальная. гладкая, ад светла-аліўкавага да карычневага колеру. Нага развітая, ротавыя лопасці з доўгімі прыдаткамі. Дэтрытафагі. Корм для бентасаедных рыб. Ад І. названа Іольдыевае мора.
Іольдыя паўночная: 1 — від збоку; 2 — від з брушнога боку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНІЯЦЫ́БЕ (Coniocybe),
род накіпных лішайнікаў сям. каліцыевых. 24 віды. Пашыраны ў абодвух паўшар’ях ва ўмеранай, трапічнай і субтрапічнай зонах. На Беларусі 3 віды: К. сярністажоўтая (C. sulphurea), К. зярністая (C. furfuraceae), К. тонкая (C. gracilenta) — індыкатарны да антрапагеннага ўздзеяння від, занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. Трапляецца ў вільготных лясах на дрэвах, пнях, ламаччы.
Слаявіна накіпная, парашкаватая, шараватага, салатавага, лімоннага колеру. Па ёй раскіданы ніткападобныя ножкі рознай выш. з шарападобнымі пладовымі целамі (апатэцыямі). У слаявіне знаходзяцца водарасці з родаў Stichococcus і Trentepohlia.