Садружнасць Багамскіх Астравоў (The Commonwealth of the Bahamas), дзяржава ў Вест-Індыі. Займае б.ч. аднайменных астравоў. На ПдУ іх — уладанне Вялікабрытаніі Цёркс і Кайкас. Пл. 13,9 тыс.км². Нас. 300 тыс.чал. (1994). Афіцыйная мова англійская. Сталіца і гал. порт — г. Насаў на в-ве Провідэнс. Краіна падзяляецца на 21 адм. Раён. Нац. свята — Дзень незалежнасці (10 ліп.).
Прырода. Астравы (каля 700, заселены 30) распасціраюцца на 1500 км з ПнЗ на ПдУ, ад п-ва Фларыда да а-воў Куба і Гаіці. Ад Фларыды аддзелены Фларыдскім пралівам, ад Кубы — Старым Багамскім пралівам. Астравы складзены пераважна з каралавых вапнякоў, больш за 2300 каралавых рыфаў і скал. Найб. астравы: Андрас (4,1 тыс.км²), В. Абака (2 тыс.км²), В. Багама (1,1 тыс.км²). Паверхня раўнінная, выш. да 60 м над узр. мора. Развіты карст. Карысныя выкапні: каменная соль (в-аў В. Інагуа) і араганіт (найбольшыя ў свеце радовішчы на шэльфе Багамскіх астравоў, цэнтр здабычы — а-вы Біміні). Клімат трапічны, пасатны. Сярэднямесячныя т-ры паветра ад 21—24 °C да 32 °C. Ападкаў 1000—1600 мм за год. Дажджавы перыяд з мая да кастрычніка. Шмат салёных азёраў, якія злучаюцца з морам. Частыя ўраганы. Недахоп прэснай вады. Зараснікі калючых хмызнякоў, участкі хваёвых і лістападных лясоў, на ўзбярэжжы гаі какосавых пальмаў.
Насельніцтва. Каля 85% — негры і мулаты, 15% — англічане, амерыканцы, канадцы, грэкі і інш. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне. Сярэдняя шчыльнасць 21,6 чал. на 1 км². У гарадах жыве 64% насельніцтва. Больш як палавіна насельніцтва сканцэнтравана на в-ве Нью-Провідэнс (пл. 207 км²). Самыя вял. гарады (1994): Насаў (172 тыс.ж.), Фрыпарт (26 тыс.ж., на в-ве В. Багама). Каля 40% працаздольных занята ў гандлі, банкаўскай справе і прам-сці, 25% — у абслугоўванні турыстаў.
Гісторыя. У першых стагоддзях н. э. астравы былі заселены індзейскімі плямёнамі аравакаў. У 1492 адкрыты Х.Калумбам. На працягу 16 ст. значная частка індзейскага насельніцтва знішчана ісп. каланізатарамі ці пераселена на в-аў Гаіці. У 1629 тут узнікла першае англ. паселішча (в-аў Нью-Провідэнс). У канцы 17 ст. — прытулак піратаў. Паводле Версальскага дагавору 1783 — англ. калонія. Пасля вайны за незалежнасць англ. калоній у Паўн. Амерыцы (1755—83) сюды перасяляліся амер. лаялісты, у 18—19 ст. завезена вял. колькасць неграў з Афрыкі.
У 1964 Багамскія астравы атрымалі ўнутраную аўтаномію, з 1973 — незалежная дзяржава. Чл.ААН (з 1973). Фармальна канстытуцыйная манархія. Чл.брыт. Садружнасці. Паводле канстытуцыі 1973 кіраўнік дзяржавы брыт. манарх у асобе прызначанага ім ген.-губернатара. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму парламенту: палата сходу выбіраецца на ўсеагульных выбарах, сенат прызначаецца ген.-губернатарам. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ерам — лідэрам партыі, якая атрымала большасць галасоў на выбарах.
Гаспадарка. Аснова эканомікі — замежны турызм (60% дзярж. даходаў), фін. і гандл. дзейнасць. Доля ў валавым ўнутр. прадукце сферы абслугоўвання (з турызмам) складае 70%, прам-сці — 10%. Багамскія астравы — цэнтр турызму і зімовы курорт для жыхароў ЗША, а таксама Канады і Еўропы (каля 2,5 млн.чал. штогод). Буйны фін. цэнтр: дзейнічаюць аддз. больш як 400 банкаў і інш. крэдытна-фін. устаноў (падатковыя паступленні ад іх даюць да 20% дзярж. даходу). Вытв-сць электраэнергіі 929 млн.кВт·гадз (1992). Нафтаперапр. з-ды буйных міжнац. кампаній (цэнтр — Фрыпарт). Прадпрыемствы цэм., фармацэўтычнай, металург. (вытв-сць стальных трубаў), харч. (у т. л. цукровай, вытв-сць рому і лікёру, таматнага соку, кансерваваных ананасаў і лангустаў) прам-сці. Традыцыйныя рамёствы, звязаныя з турызмам (вытв-сць вырабаў з сізалю, ракавін, чарапахавых панцыраў). Сельская гаспадарка развіта слаба, каля 80% харч. прадуктаў імпартуецца. Плошча с.-г. угоддзяў каля 16 тыс.га, апрацоўваецца каля 9 тыс.га. Вырошчваюць ананасы, цытрусавыя, бананы, памідоры, сізаль, цукр. трыснёг, манга, дыні і інш. Пагалоўе (тыс.гал.): буйн. раг. жывёлы каля 4, авечак каля 37, козаў каля 18, свіней каля 50, птушкі каля 810. Рыбная лоўля і марскія промыслы (тунец, лангусты, марскія чарапахі, вустрыцы). Нарыхтоўка драўніны. Даўж. аўтадарог 3,3 тыс.км. Аўтапарк (1994): 70 тыс. легкавых і 15 тыс. грузавых аўтамабіляў. Экспарт: нафта і нафтапрадукты (90% кошту), медыкаменты, араганіт, цэмент, соль, ром і лікёр, агародніна, лангусты, драўніна. 80% імпарту — сырая нафта, 20% — харч. і прамысл. тавары. Асн. знешнегандл. партнёры: ЗША (90% экспарту і 10% імпарту), краіны ЕС, Нігерыя, Саудаўская Аравія, Канада, Нарвегія. Грашовая адзінка — багамскі долар.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІБЛІЯТЭ́КА ПРЭЗІДЭ́НЦКАЯ Рэспублікі Беларусь. Засн. ў 1933 у Мінску на базе даведачных б-к ЦВК, СНК, Дзяржплана, асобных наркаматаў БССР як філіял Дзярж. б-кі і бібліягр. ін-та БССР. У 1936 рэарганізавана ў самастойную навук. б-ку, з 1938 — урадавая, з 1994 — прэзідэнцкая. У Вял. Айч. вайну яе фонд (каля 250 тыс.экз.) знішчылі ням.-фаш. захопнікі. Аднаўленне пачалося ў 1944. Кніжны фонд (на 1.1.1996) больш за 1,2 млн.экз. З’яўляецца фондатрымальнікам Рэсп. даведачна-інфарм. фонду па пытаннях дзярж. права і эканомікі, каардынацыйным і метадычным цэнтрам для б-к Беларусі па бібліятэчным і інфарм. забеспячэнні мясц. органаў самакіравання. У фондзе рэдкіх і каштоўных выданняў (10 710 адзінак) вылучаны калекцыі беларусікі 18—20 ст., старадрукаў 16—18 ст., выданняў рус. грамадскага руху 1700—1825, нелегальнага і забароненага цэнзурай друку 19 ст., марксісцкага і рэв.-дэмакр. друку 1905—07. Захоўваюцца часткі Радзівілаў бібліятэкі, Супрасльскага Благавешчанскага манастыра бібліятэкі, Рус. Тургенеўскай б-кі ў Парыжы, б-кі П.М.Лепяшынскага, асобныя выданні з б-к Баркалабаўскага манастыра, бел. гімназій і семінарый, кнігазбораў Б.І.Эпімах-Шыпілы, К.Б.Езавітава, Ф.Г.Шантара і інш.Б-ка мае выданні Пецярбургскай археагр. камісіі, Віленскай археаграфічнай камісіі, Віцебскай вучонай архіўнай камісіі, працы па гісторыі, выдадзеныя Ін-там бел. культуры і АНБССР, манаграфіі і публікацыі М.В.Доўнар-Запольскага, Дз.І.Даўгялы, Я.Ф.Карскага, А.П.Сапунова, У.І.Пічэты і інш. Сярод іх — «Беларускі архіў старажытных грамат» (1824), «Збор старажытных грамат і актаў гарадоў Мінскай губерні...» (1848), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года» (1854), «Памятныя кніжкі» Віленскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губ., выпускі Мінскай, Магілёўскай і Полацка-Віцебскай «даўнін», «Акты, якія адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі» (1846—53), «Акты, якія адносяцца да гісторыі Паўднёвай і Заходняй Расіі» (1863—92). Зберагаюцца дарэв. і сав. часопісы і газеты, у т. л. газеты «Наша доля» і «Наша ніва», час. «Наш край». У б-цы вядуцца ген. алфавітны каталог кніг на бел. мове, сістэматычны каталог кніг пра Беларусь, гал. даведачныя картатэкі па дзярж. будаўніцтве, праве і эканоміцы, нар. гаспадарцы. Б-ка выдае метадычную серыю «Праблемы бібліятэчна-бібліяграфічнага забеспячэння мясцовых органаў дзяржаўнай улады і кіравання Рэспублікі Беларусь». Мае 2 філіялы і 6 бібліятэчных пунктаў у дзярж. установах.
Літ.:
Издания Правительственной библиотеки им. А.М.Горького. Мн., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СК,
горад у Беларусі абл. падпарадкавання, цэнтр Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рось. За 98 км ад Гродна. Вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Бераставіцу, Свіслач і аўтадарог на Масты, Слонім, Ружаны, Бераставіцу. 43,6 тыс.ж. (1995).
Першыя паселішчы на тэр. Ваўкавыска ўзніклі ў 10 ст., што пацвярджаюць археал. матэрыялы, выяўленыя на гарадзішчы Муравельнік, дзядзінцы Шведская гара і Замчышчы (вакольны горад). Упершыню Ваўкавыск (летапісны Волковыескъ) упамінаецца ў 1252. У 13 ст. цэнтр Ваўкавыскага княства, быў аб’ектам барацьбы паміж галіцка-валынскімі і літ. князямі. З пач. 14 ст. ў ВКЛ. Ваўкавыская харугва ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 15 ст. цэнтр староства, з 16 ст. цэнтр Ваўкавыскага павета. Неаднаразова быў спалены ў час войнаў 17 — пач. 18 ст. У час паўстання 1794 заняты паўстанцамі. З 1795 у Рас. імперыі. На пач. вайны 1812 у Ваўкавыску размяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-й Зах.рус. арміяй ген. П.І.Баграціёна, горад значна пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У 1885 праз Ваўкавыск пракладзена чыг. Баранавічы—Беласток. У 1891 у Ваўкавыску 19 фабрык і прамысл. прадпрыемстваў. У 1897 — 10 323 ж. Жыхары горада ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07, тут адбыліся хваляванні салдат і навабранцаў. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. У 1909—18 працавала Ваўкавыская жаночая гімназія. У 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Ваўкавыскага раёна. 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ваўкавыску і раёне больш за 29 тыс.чал., у т. л. 20 тыс. у лагеры ваеннапалонных. З лют. 1942 дзейнічала Ваўкавыская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 14.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў выніку Беластоцкай аперацыі 1944. У 1969 — 21,5 тыс. жыхароў.
Цэнтр маш.-буд. (Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання), буд. матэрыялаў (Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, «Ваўкавыскцэментнашыфер») і харч. (Ваўкавыскі малочнакансервавы камбінат дзіцячых прадуктаў «Беллакт», мясакамбінат) прам-сці. Пед. вучылішча і Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум. Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей. Помнік П.І.Баграціёну. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс Вызваліцелям, брацкая магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГДАНЬСК (Gdańsk),
горад на Пн Польшчы. Адм. ц.Гданьскага ваяводства. 463,1 тыс.ж. (1993). Цэнтр гар. агламерацыі Труймяста (г.Гдыня, Сопат). Буйнейшы порт Польшчы каля вусця Віслы ў Гданьскім зал. Балтыйскага м. Вываз вугалю, серы, лесаматэрыялаў, увоз руд, фасфатаў і інш.Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: суднабудаванне і вытв-сць суднавага абсталявання, эл.-тэхн. і радыёэлектронная, хім. (угнаенні, лакі, фарбы), нафтаперапр., харч., швейная, мэблевая. 6 ВНУ, філіял АН. Тэатры.
У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца пад 997. У 10—13 ст. цэнтр Усх.-Паморскага княства, у 1308 захоплены Тэўтонскім ордэнам. У 1454 вызвалены ў выніку паўстання гараджан, у складзе Рэчы Паспалітай. У 15—17 ст. Гданьск — буйнейшы цэнтр польск. знешняга гандлю. У 1656 у час польска-швед. вайны (1656—57) асаджаны шведамі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай адышоў да Прусіі (1793) і атрымаў ням. назву Данцыг. У 1807—15 вольны горад, падначалены Францыі. Да 1918 пад герм. уладаннем. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 ператвораны ў «вольны горад Данцыг» пад кіраваннем Лігі Нацый; праз Гданьск Польшча атрымала выхад да Балтыйскага м. (гл.Польскі калідор). 1.3.1939 захоплены фаш. Германіяй, вызвалены 30.3.1945 войскамі 2-га Бел. фронту разам з 1-й польск. бранятанк. брыгадай У 1970 забастоўкі і дэманстрацыі рабочых задушаны ўрадавымі войскамі. У 1980 цэнтр агульнапольскага забастовачнага руху (гданьская суднаверф), месца падпісання пагаднення з уладамі і стварэння незалежнай прафс. арг-цыі «Салідарнасць». У Гданьску знаходзіцца ген. консульства Рэспублікі Беларусь.
На левым беразе р. Матлава — гіст. ядро горада (раёны Старога горада, Новы горад, Гал. горад з рэгулярнай забудовай вуліц), рэшткі цагляных гар. умацаванняў і партовых збудаванняў 14—15 ст., гатычныя Гал. ратуша (1378—16 ст.), касцёлы Дзевы Марыі (1342—1502), св. Катажыны (13—15 ст.), св. Тройцы (1420—1514) і інш., «двор Артуса» (14 — пач. 17 ст.). У стылях рэнесансу і маньерызму забудаваны «Верхнія» (1574—88) і «Залатыя» (1612—14) вароты, «Двор польскіх каралёў» (1563—68), арсенал (1602—05), «Залаты дом» (1609—17), дом абатаў Пяльплінскіх (1612). Разбураныя ў час 2-й сусв. вайны арх. помнікі адноўлены, вядзецца буд-ва адзінага гар. комплексу Гданьск Сопат—Гдыня. Помнік героям Вестэрплятэ (1966). 4 музеі, у т. л. Паморскі, Зброевая палата.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік палацава-паркавай архітэктуры 2-й пал. 18 — сярэдзіны 19 ст. Створаны ў цэнтры Гомеля, на высокім правым беразе р. Сож. Уключае палац, парк, Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор і Гомельскую капліцу (размешчаны ў парку). Палац (Гомельскі палац, Палац Румянцавых-Паскевічаў), пабудаваны ў стылі класіцызму, з’яўляецца кампазіцыйным цэнтрам ансамбля. Закладзены ў 1777 ген.-фельдмаршалам П.А.Румянцавым на месцы земляных умацаванняў і драўлянага замка кн. М.Чартарыйскага. Да 1834 належаў Румянцавым, у 1835—1917 — Паскевічам. Буд-ва вялося ў некалькі этапаў. Гал. корпус пабудаваны ў 1777—96 (арх. Я.М.Аляксееў з удзелам К.І.Бланка). У 1800—05 пабудаваны 2 службовыя флігелі, якія фланкіруюць гал. корпус, праведзены рамонт (арх. Дж.Кларк). Пасля набыцця палаца І.Ф.Паскевічам у 1837—51 адбылася рэканструкцыя і дабудова (арх. А.Ідзкоўскі). Палац рэканструяваны ў 1856 і 1919—20, спалены ў Вял. Айч. вайну, адноўлены і рэканструяваны ў 1969. Гал. корпус — адзін з першых у Беларусі ўзораў класічнай «паладыянскай» пабудовы з кампактнай, блізкай да квадрата формай плана і купальным завяршэннем. Мураваны 2-павярховы будынак з бельведэрам мае цокальны паверх, уязны пандус і прасторную паўкруглую тэрасу. Гал. Фасад 3-часткавай сім. кампазіцыі, аформлены магутным 4-калонным порцікам карынфскага ордэра. Інтэр’еры былі аздоблены ляпным арнаментам і жывапісам (майстар Вінцэнта Вінцэнці). У палацы захоўваліся унікальныя калекцыі дэкар.-прыкладнога і выяўл. мастацтва (шкло, зброя, дываны і габелены, жывапіс, скульптура, мэбля, маст. ліццё). Парк закладзены ў канцы 18 ст. З’яўляецца найб. захаваным у краіне пейзажным паркам з элементамі рамантызму. Цягнецца на 800 м уздоўж правага берага Сажа (пл. 25 га). За ярам Гамяюк знаходзіўся пладовы сад з багатай аранжарэяй («зімовы сад»). З 1834 у паркавых кампазіцыях значна ўзмацніўся рамантычны кірунак. На тэрасе каля вежы была ўстаноўлена конная статуя кн. І.Панятоўскага (скульпт. Б.Торвальдсен), па баках ад яе — 2 трафейныя гарматы рус.-тур. вайны (1828—29) на каменных пастаментах, на пляцоўцы курданёра — манумент кн. Паскевіча ў адзенні рым. палкаводца (скульпт. В.І.Дэмут-Маліноўскі); дэкар. мармуровыя скульптуры аздаблялі парк перад фасадам палаца і на гал. алеях. Элементамі рамантызму з’яўляюцца ставок «Лебядзінае возера» ў яры Гамяюк, вял. і малы гроты, Верхні і Ніжні масты, альтанка са скіфскай каменнай бабай, памятныя камяні і інш. У парку больш за 9 тыс. дрэў мясц. і экзатычных парод (кедр сібірскі, лістоўніца японская, хвоя чорная і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАДЗЯ́НСКАЯ ВАЙНА́ Ў АФГАНІСТА́НЕ,
узброеная барацьба ўнутры афг. грамадства з восені 1978 з прычыны нявырашанасці паліт., эканам., сац., этн.-нац. і рэліг. праблем у краіне. На 1-м этапе вайны (1978—79) супраць новаўвядзенняў кіруючай Народна-дэмакратычнай партыі Афганістана (НДПА) выступіла ўзбр. радыкальная ісламская апазіцыя (фундаменталісты), якая пасля паражэння сваіх папярэдніх антыўрадавых мяцяжоў 1970—75 арганізавала на тэр. Пакістана падрыхтоўку маджахедаў. Ва ўмовах крызісу ўлады па просьбе кіраўніцтва НДПА 27.12.1979 у Афганістан уведзены сав. войскі, новым ген. сакратаром НДПА і прэзідэнтам краіны стаў Б.Кармаль. На 2-м этапе (1980—89) непасрэдны ўдзел у вайне сав.ваен. кантынгенту (да 120 тыс.чал.) прывёў да кансалідацыі апазіцыйных НДПА сіл. Апошнім аказвалі падтрымку і дапамогу ЗША (у 1980—86 кангрэс выдаткаваў 750 млн., у 1987 — 630 млн.дол.), Пакістан, частка араб. краін, фундаменталісты Ірана, Кітай і інш. У кастр. 1986 з Афганістана выведзены 6 сав. палкоў. Пры новым афг. лідэры Наджыбуле афіцыйна абвешчана палітыка нац. прымірэння (снеж. 1986), прынята канстытуцыя 1987, уведзена шматпарт. сістэма і інш. Пасля падпісання ў Жэневе 14.4.1988 прадстаўнікамі Афганістана, Пакістана, СССР, ЗША шэрагу дакументаў аб паліт. урэгуляванні афг. праблемы 15.2.1989 з Афганістана канчаткова выведзены сав. войскі. На 3-м этапе вайны (1989—92) пасля спынення паставак зброі з Расіі ўраду Наджыбулы (прэзідэнт Афганістана да 16.4.1992) узбр. апазіцыя 28.4.1992 заняла Кабул, да ўлады прыйшлі яе лідэры (гл. В.Рабані, Г.Хекмаціяр). На 4-м этапе (1992—96) у межах т.зв.мусульм. рэвалюцыі забаронена дзейнасць Партыі Айчыны (былая НДПА). Абвастрэнне рознагалоссяў паміж пушгунскім і непуштунскім лагерамі ісламістаў выклікала новую жорсткую хвалю грамадз. вайны. 5-ы этап звязаны з дзейнасцю найб. артадаксальных ісламістаў — талібаў, якія імкнуцца да суцэльнай ісламізацыі краіны. У вер. 1996 яны захапілі Кабул, да 1997 кантралявалі 2/3тэр. Афганістана, наблізіліся да мяжы з Таджыкістанам і Туркменіяй. У ходзе грамадз. вайны загінулі 1,5 млн. афганцаў і 15 тыс.сав. вайскоўцаў (з іх больш за 750 чал. з Беларусі), 5 млн.афг. грамадзян сталі бежанцамі, знішчана 80% прадукц. сіл краіны і інш.
Літ.:
Спольников В.Н. Афганистан: Исламская оппозиция: Истоки и цели. М., 1990;
Война в Афганистане. М., 1991;
Афганистан-95 // Азия и Африка сегодня. 1995. № 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ КІТА́Я (КПК),
палітычная партыя левага кірунку ў Кітаі, найбуйнейшая ў свеце. Засн. ў ліп. 1921 на 1-м устаноўчым з’ездзе ў Шанхаі пры садзеянні Камуністычнага Інтэрнацыянала ва ўмовах уздыму нац.-рэв. руху і пашырэння ідэй марксізму-ленінізму ў Кітаі. Склалася на аснове марксісцкіх гурткоў Пекіна, Шанхая, Гуанчжоў і інш. (60 чал.) і эмігранцкай групы з Токіо. Заснавальнікі — Лі Дачжао, Мао Цзэдун і інш. 1-ы з’езд абвясціў канчатковай мэтай партыі пабудову ў Кітаі сацыялізму. 2-і з’езд (1922) вызначыў найбліжэйшай задачай партыі ажыццявіць дэмакр. рэвалюцыю. У 1923—27 супрацоўнічала з партыяй Гаміньдан, удзельнічала ў рэвалюцыі 1925—27. Пасля захопу ўлады Чан Кайшы і інш. правымі лідэрамі Гаміньдана (крас.—ліп. 1927) КПК, якой з 1935 кіраваў Мао Цзэдун, абапіраючыся на свае ўзбр. сілы (Чырв. армію, з 1946 Нар.-вызв. армію Кітая), вяла вайну з гаміньданаўскім рэжымам і адначасова ў 1937—45 сумесную з Гаміньданам вайну супраць яп. войск, якія акупіравалі ч. краіны. У выніку перамогі над Гаміньданам у грамадз. вайне 1946—49 прыйшла да ўлады (1949) і стала кіруючай партыяй. З сярэдзіны 1950-х г. у КПК сапернічалі радыкальная (лідэр Мао Цзэдун) і прагматычная (лідэр Дэн Сяапін) фракцыі, выявіліся рознагалоссі з КПСС. Мао Цзэдун ініцыіраваў у 1958 «вял. скачок», у 1966 — «культ. рэвалюцыю», якія прывялі краіну да стану цяжкага крызісу. Пасля яго смерці (1976) у кіраўніцтва КПК прыйшлі прагматыкі на чале з Дэн Сяапінам, якія правялі шэраг рэформ, скіраваных на рынкавыя пераўтварэнні ў эканоміцы краіны. Пасля распаду сусв.сацыяліст. сістэмы (канец 1980-х — пач. 1990-х г.) КПК не адмовілася ад манаполіі на паліт. ўладу, але абмежавала свой удзел у кіраванні эканомікай. Яна працягвае прытрымлівацца асн. ідэй марксізму-ленінізму і Мао Цзэдуна (гл.Мааізм). Налічвае больш за 58 млн.чл. (1997). Вышэйшы орган — з’езд (15-ы з’езд адбыўся ў вер. 1997), паміж з’ездамі партыяй кіруюць ЦК, яго Палітбюро, Пастаянны к-т, Сакратарыят, Цэнтр. камісія па праверцы дысцыпліны і Ваен. савет ЦК. Ген. сакратар ЦК з чэрв. 1989 Цзян Цзэмінь. Друкаваныя органы ЦК — газ. «Жэньмінь жыбао» («Народная газета») і час. «Хунцы» («Чырвоны сцяг»), Разам з дэмакр. партыямі і грамадскімі арг-цыямі КПК утварае Нар.паліт. кансультатыўны савет Кітая.
міжнароднае аб’яднанне камуніст. партый і блізкіх да іх арг-цый розных краін у 1919—43. Засн. ў сак. 1919 у Маскве па ініцыятыве рас. камуністаў (бальшавікоў) на чале з У.І.Леніным ва ўмовах уздыму рэв. руху ў свеце пасля 1-й сусв. вайны. Аб’ядноўваў леварадыкальнае крыло міжнар. рабочага руху (на час правядзення апошняга VII кангрэса ў 1935 уваходзіла 76 камуніст. партый і 4 групы — усяго 3 млн. 141 тыс.чл.), а таксама міжнар. арг-цыі Камуністычны інтэрнацыянал моладзі, Міжнар.арг-цыя дапамогі барацьбітам рэвалюцыі, Чырв. Інтэрнацыянал прафсаюзаў і інш. Паводле статута 1920 лічыўся адзінай цэнтралізаванай сусв.камуніст. партыяй, а партыі і арг-цыі, што дзейнічалі ў розных краінах, — яе секцыямі [бел. камуністаў прадстаўлялі секцыі ВКП(б) і КПЗБ]. Запазычыўшы паліт. платформу ў бальшавікоў, К.І. прызнаваў рэв. шлях барацьбы працоўных за свае правы, бачыў сваю задачу ў падрыхтоўцы і ажыццяўленні сусв.сацыяліст. рэвалюцыі і ўстанаўленні сусв. дыктатуры пралетарыяту. Гэта абумовіла адмоўнае стаўленне кіраўніцтва К.І. да сацыял-рэфармісцкіх партый і рухаў, вяло да самаізаляцыі камуніст. руху. Намагаючыся выправіць гэта становішча, VII кангрэс К.І. (1935) заклікаў да аб’яднання ўсіх антыфаш. сіл (найперш камуністаў з сацыял-дэмакратамі), здзяйснення тактыкі адзінага рабочага фронту на антыфаш. аснове і надання большай самастойнасці партыям. Аднак у 1936—39 зноў узмацніліся тэндэнцыі дагматызму і сектанцтва ў кіруючых органах К.І. У 1938 Выканком К.І. неабгрунтавана распусціў камуніст. партыі Польшчы, Зах. Беларусі, Зах. Украіны. Ва ўмовах 2-й сусветнай і Вял.Айч. вайны СССР супраць фаш. Германіі па ініцыятыве Сталіна Прэзідыум Выканкома К.І. 15.5.1943 прыняў рашэнне аб роспуску К.І. За гады яго актыўнай дзейнасці (1919—39) колькасць камуністаў у свеце вырасла з 340—360 тыс. да 4202 тыс.чал. Вышэйшы орган К.І. — кангрэс (усе адбыліся ў Маскве ў 1919, 1920, 1921, 1922, 1924, 1928, 1935), паміж кангрэсамі — Выканаўчы к-т, а з 1921 і яго Прэзідыум (знаходзіліся ў Маскве); на VII кангрэсе (1935) уведзена пасада ген. сакратара Выканкома К.І., якую займаў Г.Дзімітроў. Лідэрамі К.1. былі таксама Р.Я.Зіноўеў, Дз.З.Мануільскі, П.Тальяці і інш.Гал. друкаваны орган -т час. «Коммунистический Интернационал» (выдаваўся ў 1919—43 на рус., англ., ням., франц., ісп. і кіт. мовах).
Літ.:
Коминтерн и вторая мировая война. Ч. 1. До 22 июня 1941 г.М., 1994.
гістарычная і аўтаномная вобласць на ПнУ Іспаніі. Пл. 32 тыс.км². Нас. 6 млн.чал. (1991), пераважна каталонцы. Уключае правінцыі: Барселона, Жэрона, Лерыда, Тарагона. Адм., эканам., культ. цэнтр і гал. порт — г.Барселона. Большая ч. тэрыторыі занята Каталонскімі гарамі (выш. да 1712 м), на Пн — Пірэнеі, уздоўж Міжземнага м. — вузкая паласа прыморскай раўніны. Клімат міжземнаморскі. Найб. рэкі Эбра з прытокам Сегрэ і Льёбрэгат. Захаваліся ўчасткі маквісу, дубовых і хваёвых лясоў. К. — адзін з асн.прамысл. раёнаў Іспаніі, на які прыпадае каля 1/3 валавога кошту прадукцыі апрацоўчай прам-сці краіны. Каля 80% усіх занятых у прам-сці — у Барселоне, у зоне яе прамысл. прыгарадаў і гарадоў-спадарожнікаў. Гал. галіны прам-сці: металаапрацоўка і машынабудаванне (асабліва транспартнае), тэкст., хім., а таксама электратэхн., паліграф., нафтаперапр., харчовая. Працуюць ГЭС на горных рэках. АЭС. Апрацоўваецца каля 35% тэрыторыі, у т. л. палавіна яе пад садамі (аліўкі, яблыкі, грушы) і вінаграднікамі, палавіна — пад збожжавымі (пшаніца, кукуруза, рыс), бульбай, агароднінай. Развіты свіна- і птушкагадоўля. Раён развітога турызму, асабліва ўзбярэжжа (Коста-Брава, Коста-Дарада).
У старажытнасці заселена іберамі, якія падтрымлівалі гандл. сувязі з фінікійцамі, пазней — з Карфагенам. З канца 3 ст. да н. э. пад уладай Стараж. Рыма. У час Вялікага перасялення народаў занята аланамі (409), вестготамі (415). У 711 паўд. частку К. заваявалі арабы. У 785—801 ператворана Карлам Вялікім у бастыён барацьбы супраць арабаў, у 9—10 ст. адасобілася ад франкскіх каралёў (наз.Ісп. марка). У 1137 Барселонскае графства праз дынастычны шлюб аб’яднана з каралеўствам Арагон. У 1479—1516 каталонска-арагонская дзяржава аб’яднана з Кастыліяй. У вайну за іспанскую спадчыну скасаваны (1714) каталонскія вольнасці і самаст.паліт. ін-ты, што існавалі з сярэдневякоўя. З 19 ст. актывізаваўся нац.-культ. і паліт. рух каталонцаў. У пач.іспанскай рэвалюцыі 1931—39 К. атрымала статус аўтаноміі (25.9.1932). Пасля абвяшчэння незалежнасці К. (кастр. 1934) яе аўтаномія прыпынена ўрадам Ісп. рэспублікі (снеж. 1934 — люты 1936). На апошнім этапе рэвалюцыі (1936—39) каталонцы падтрымлівалі ісп. рэспубліканцаў; пасля перамогі антырэсп. сіл на чале з ген. Ф.Франка аўт. статус К. скасаваны (5.4.1939). У час дыктатуры Франка каталіцкая царква ў 1965 ураўнавала каталанскую мову з іспанскай у набажэнстве. У 1975 ісп. ўрад надаў каталанскай мове статус мовы выкладання, а К. — аўтаномію (са снеж. 1979 пасля плебісцыту).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРО́ДНА-ВЫЗВАЛЕ́НЧАЯ ВАЙНА́ Ў ЮГАСЛА́ВІІ 1941—45,
узброеная барацьба народаў Югаславіі супраць ням., італьян., венг., балг.акупац. войск і мясц. калабарацыяністаў у 2-ю сусв. вайну. Вялася рознымі ваен.-паліт. сіламі краіны, адну з гал. роляў адыгрывала Кампартыя Югаславіі (КПЮ). Неўзабаве пасля нападзення Германіі, Італіі і Венгрыі на Югаславію (гл.Балканская кампанія 1941) паводле рашэння Палітбюро ЦК КПЮ у Заграбе 10.4.1941 быў створаны Ваен.к-т на чале з ген. сакратаром КПЮ І.Ціта (Броз Ціта). Ваен. к-ты пачалі дзейнічаць ва ўсіх раёнах краіны, фарміраваліся баявыя групы. У дзень нападзення Германіі на СССР (22.6.1941) КПЮ заклікала да ўзбр. барацьбы. 27.6.1941 ЦК КПЮ стварыў Гал. штаб (з 3 вер.Вярх. штаб) партыз. атрадаў. 4.7.1941 прынята рашэнне пачаць узбр. паўстанне. У канцы 1941 у Югаславіі было 80 тыс. партызан. 22.12.1941 сфарміравана першая рэгулярная вайсковая часць (1-я Пралетарская брыгада). Баявая актыўнасць руху супраціўлення прымушала акупантаў трымаць у Югаславіі значную групоўку войск (у 1941—42 было 27—32 дыв.). У ліст. 1942 створана Антыфашысцкае веча народнага вызвалення Югаславіі (агульнаюгасл. паліт. орган), пачалося фарміраванне Нар.-вызв. арміі Югаславіі (НВАЮ, вярх. галоўнакамандуючы — Ціта); да канца года створана 9 дывізій. Усяго ў краіне дзейнічала 38 брыгад і 36 партыз. атрадаў (150 тыс.чал.). У выніку баёў на рэках Нератва і Суцьеска (1943) НВАЮ вызваліла шэраг раёнаў краіны. Зах. дзяржавы, што раней падтрымлівалі югасл. эмігранцкі ўрад, устанавілі кантакт з Вярх. штабам НВАЮ. Пасля капітуляцыі Італіі (вер. 1943) актывізавалася нац.-вызв. барацьба. Ў складзе НВАЮ вялі баі сав., чэхаславацкія, венг., балг., італьян.партыз. батальёны. У ліст. 1943 створаны Нацыянальны камітэт вызвалення Югаславіі — першы нар. ўрад. Да канца 1943 вызваленыя раёны складалі каля палавіны тэр. краіны. Матэрыяльную, ваен. і інш. дапамогу югасл. нар.-вызв. руху аказваў СССР. У вер. 1944 Чырв. Армія наблізілася да граніц Югаславіі і, паводле маскоўскіх пагадненняў, прыняла ўдзел сумесна з югасл. войскам у вызваленні Бялграда (гл.Бялградская аперацыя 1944). 7.3.1945 у Бялградзе сфарміраваны ўрад Дэмакр. Федэратыўнай Югаславіі на чале з Ціта. Да 15.5.1945 югасл. армія (800 тыс.чал.) завяршыла вызваленне краіны. За час вайны ў Югаславіі загінула 1 млн. 700 тыс. яе жыхароў, у т. л. 305 тыс. байцоў і партызан.
Літ.:
Славин Г.М. Освободительная война в Югославии (1941—1945 гг.). М., 1965.