кроў, крыві́; Т кро́ўю і крывёй, ж.

1. Чырвоная вадкасць, якая рухаецца па крывяносных сасудах арганізма, жывіць яго клеткі і забяспечвае абмен рэчываў.

Артэрыяльная к.

2. перан. Блізкае кроўнае сваяцтва.

Адной крыві.

3. Пра пароду жывёл.

Бульдог чыстай крыві.

◊

Гарачая кроў — пра тэмпераментнага чалавека.

Кроў за кроў — помсціць забойствам за забойства.

Кроў з малаком — пра чалавека з румяным свежым тварам.

Кроў іграе (кіпіць) у каго — пра багацце жыццёвых сіл, энергіі.

Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) — пра пачуццё жаху, моцнага перапуду.

Льецца (праліваецца) кроў — пра масавае забойства, звычайна ў час вайны.

Плоць ад плоці, кроў ад крыві (кніжн.) — аб тым, што створана ўласнай працай і клопатамі.

Псаваць кроў каму — псаваць настрой, раздражняць.

Сэрца кроўю абліваецца — цяжка каму-н. ад душэўнага болю, пачуцця спагады, жалю.

Умыцца кроўю — быць збітым.

|| прым. крывяны́, -а́я, -о́е (да 1 знач.).

К. ціск (ціск крыві ў сасудах).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

лі́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Рэзкім рухам выліць, узліць якую‑н. вадкасць. Чалавек нагнуўся к вадзе, дастаў з кішэні мыла, памачыўшы пацёр яго ў руках, зусім прыгнуўся і лінуў прыгаршчы вады сабе ў твар. Чорны. Тані стала горача, бы на яе лінулі вару. Пташнікаў.

2. (1 і 2 ас. не ужыв.). Пачаць моцна ліцца, хлынуць патокам. Пасунулася хмара, і лінуў дождж. Федасеенка. Слёзы — адкуль яны браліся? — нястрымна лінулі з вачэй. Хадкевіч. / у безас. ужыв. У гэты час першыя кроплі застукалі па спіне, а потым лінула як з вядра. С. Александровіч. / Пра святло, паветра і пад. — А чалавеку і гораду пашанцавала менш, чым прыродзе, — задуменна прамовіла Кіра, і з яе вачэй на Пракопа нібы лінула святло. Карпаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

хлябта́ць, хлябчу, хлебчаш, хлебча; незак., што.

1. Піць, зачэрпваючы вадкасць языком (пра некаторых жывёлін). Тады Слава падштурхнуў шчаня да сподачка. Нахіліў галоўку. Толькі пасля гэтага яно і пачало прагна хлябтаць, распырскваючы на падлозе драбнюткія кропелькі малака. Шыловіч.

2. Прагна піць. Ды Дзед Мароз ужо хлебча з конаўкі ваду, выцірае бараду і глядзіць, ладкуецца, дзе б гэта аблюбаваць месца на шырокім палку прылегчы. Кухараў. [Апенька] хлябтаў на поўны рот, пакуль не спаражніў пасудзіны. Навуменка.

3. Разм. груб. Піць (віно, спіртныя напіткі) у вялікай колькасці. — Мала мы з табою, ты [Халімон], нежанаты, ды я, пры жонцы халасты, той гарэлкі папілі ды ў дурня пагулялі?! — на вачах Кірдуна выступіла вільгаць. — Мне, думаеш, лёгка? Буду там чорт ведае з кім тую гарэлку хлябтаць. Караткевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Ляк 1, лек ’спуд, спалох, перапуд’, ля́кі, ля́кы, ле́кэ ’жахі, пярэпалахі’ (Гарэц., Др.-Падб., Нас., Нар. Гом., Ян., Клім., Бяльк.; малар., Нар. лекс.). Укр. ляк; рус. паўд.-зах. ляк (Даль), польск. lęk, чэш. lek, славац. ľak. Паўн.-слав. Да ляка́ць (гл.).

Ляк 2 ’сургуч’ (Гарэц., Нас.; мін., КЭС). Запазычана з польск. lak ’мешаніна розных смалістых рэчываў, якая ўжывалася для запячатвання лістоў, якое з ням. Lack ’тс’, ’расліна Cheirantus’ < італ. lacca < с.-лац. laca < араб. lakk < перс. lak (Брукнер, 289; Слаўскі, 4, 29).

Ляк 3 ’селядцовая жыжка’ (віц., Шн. 3; Сцяшк., ТС). Запазычана з польск. lak, параўн. тыкоцінск. lak ’вадкасць з селядцоў у бочках’, каш. lok ’вада з мяса або з рыб’, якія з с.-н.-ням. lake ’селядцовая жыжка’ > ням. Lache ’лужа’ (Брукнер, 289; Слаўскі, 4, 30). Сюды ж бел. гродз. ляк ’квашаніна’ (Сцяшк.).

Ляк 4 ’глыбокі гліняны гаршочак’ (Сцяшк.; гродз., Сцяц. Словаўтв.). Да гляк (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Мача́ць ’акунаць у што-небудзь вадкае або сыпкае’, ’расходаваць што-небудзь мачаннем’, ’вырабляць што-небудзь апусканнем у раствор’ (ТСБМ, Нас., Сл. ПЗБ, ТС), лях. ’мачыць’ (Сл. ПЗБ); мачы́ць ’рабіць мокрым’, ’трымаць у мокрым’ (ТСБМ). Укр. моча́ти, мочи́ти; рус. моча́ть, мака́ть, мочи́ть; польск. maczać, moczyć, в.-луж. mačeć, močić, чэш. máčeti, močiti, славац. mačať, močiť, славен. pomákati, močíti, серб.-харв. ума́кати, мо̀чити і мо̀чати, макед. мака, моча, ст.-слав. мочити. Прасл. močiti > močati утвораны ад назоўніка moča, які ўзыходзіць да і.-е. асновы *mok‑ (параўн. прасл. moknǫti): літ. makénti, mak(n)óti ’таптаць гразь, хадзіць па гразі’, makalỹnė ’гразь’, ’слота’, makónė ’лужа’, лат. mãkulis ’хмара’, makņa ’гразкае месца’. Відавочна, сюды і асец. moecyn ’пакласці ў вадкасць’ (Міклашыч, 199; Бернекер, 2, 69; Фасмер, 2, 666; Бязлай, 2, 199). Сюды ж мачлі́вый, машлі́вы ’мокры (пра год)’ (жлоб., Нар. словатв.; в.-дзв., Сл. ПЗБ; Ян.), мачы́льня ’месца, дзе мочаць лён, каноплі’ (ТСБМ).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Масць 1 ’мазь’ (Нас., Шат., Жд. 1, Растарг., ТС; драг., КЭС; воран., Шатал.; бар., Сл. ПЗБ), браг. ’вакса’, драг. ’карычневая вадкасць, якую выдзяляе з рота конік і якою карыстаюцца для загойвання ран’ (З нар. сл.); ’састаў з воску, смалы і несалёнага тлушчу для зашчэплівання пладовых дрэў’ (Сцяц.). Укр. масть, рус. смал., кур., арл., калуж. масть ’мазь’, польск. maść, чэш. mast, славац. masť, славен. mas̑t, mášča, серб.-харв. ма̑ст, макед. маст, балг. маст, ст.-слав. масть. Прасл. mastь < maz‑tь < mazati. (Міклашыч, 185; Бернекер, 2, 23). Да ма́заць (гл.).

Масць 2 ’колер шэрсці ў жывёліны і пер’я ў птушак’, ’адна з чатырох частак ігральных карт’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., ТС; драг., З нар. сл.). Укр. масть, рус. пск., цвяр. масть ’тс’, славац. masť ’колер у картах’, ст.-рус. масть ’колер’, ’афарбоўка, фарба’, польск. maść ’колер коней і карт’, серб.-харв. ма̑ст ’колер, афарбоўка, масць’. Да масць 1. Прасл. mastь — першасная назва для паняцця ’колер’ (Брукнер, 325).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сыро́ватка ’вадкасць з адтопленага або адстоенага кіслага малака’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Пятк. 1, ЛА, 4, Арх. Вяр., ТС), сы́раватка, сы́рватка, сарава́тка ’тс’ (Сл. ПЗБ), сы́раватка ’тс’ (Сцяшк., Жд. 2), сыро́вадка ’тс’ (Янк. 1; бых., Янк. Мат.), сы́равадка (Нас.), сы́рватка ’тс’, сы́ўрытка ’тс’ (Мат. Маг.), сыро́водка, сыро́вадка ’тс’ (ТС), сы́варатка (Сцяшк.) ’тс’, сырове́тка, сэрова́тка, сыро́вотка, сыро́ватка ’сыроватка’, ’суп на сыроватцы’, ’маслянка’ (Вешт.), сыро́вадка ’страва (суп) з сыроваткі і круп’ (Ян., ПСл; мазыр., З нар. сл.), сыро́ваднік ’тс’ (Ян.), сырова́тнік ’тс’ (Сл. Брэс.). Укр. си́ро́ватка, рус. сы́воротка, польск. serwatka, в.-луж. syrwatka, н.-луж. serowatka, чэш., славац. syrovátka, серб.-харв. су̏рутка, дыял. сирова́тка, славен. sírotka, балг. суро́ватка, дыял. сурва́тка, макед. сирутка. Прасл. *syrovatъka ўтворана ад прым. *syrovatъ ’сыраваты’ < *syrъ (гл. сыровы, сыры); Міклашыч, 335; Шустар-Шэўц, 1402; Бязлай, 3, 238; супраць Махэк₂ (599), які супастаўляе з лац. serum ’сываратка’. Формы тыпу рус. сыроводка Фасмер (3, 816) тлумачыць набліжэннем да вада; іншыя змены тлумачацца асіміляцыяй і метатэзай у асобных мовах (Куркіна, Этимология–1975, 175).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

пузы́р, ‑а, м.

1. Напоўнены паветрам або газам шарык, які ўтвараецца ў вадкасці або ў вадкай масе. Пузыры ў шкле. Пузыры ў цвеце. □ На месцы.. [варонак] б’е з-пад нізу вада,.. бугрыцца і так жа раптам знікае, пакінуўшы на паверхні празрыстыя пузыры, якія ледзь паспяваюць за быстрынёй. Лынькоў.

2. Балючае ўздуцце скуры (ад апёку, трэння і пад.), пустое або напоўненае вадкасцю; пухір. Далоні, нацёртыя тронкам, зачырванеліся, на іх выскачылі вадзяныя пузыры. Васілевіч.

3. Мяшок, шар у целе жывёлы або чалавека, які звычайна змяшчае ў сабе якую‑н. вадкасць. Мачавы пузыр. Плавальны пузыр. Жоўцевы пузыр.

4. Гумавы мяшок, напоўнены лёдам, халоднай або гарачай вадой, які прымяняецца з лекавымі мэтамі. Люба ўсміхнулася зноў-такі з іроніяй і паправіла пузыр з лёдам на галаве хворага. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эфі́р

(гр. aither)

1) бясколерная лятучая вадкасць з рэзкім пахам, якая ўтвараецца пры злучэнні спірту з кіслотамі і выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумерыі, прамысловасці (напр. этылавы э.);

2) самы верхні чысты і празрысты слой паветра, дзе, паводле старажытнагрэчаскай міфалогіі, размяшчаюцца багі;

3) вобразная назва асяроддзя, дзе распаўсюджваюцца радыёхвалі;

выйсці ў э. — пачаць перадачы па радыё.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

смакта́ць, смакчу, смокчаш, смокча; незак., каго-што.

1. Рухамі губ і языка ўцягваць у рот якую‑н. вадкасць праз вузкую адтуліну ў чым‑н. Утульна і хітравата падміргвалі кантрольныя лямпачкі на пультах, мякка гулі рэле аўтаматычных лабараторый. І не трэба было хавацца ў скафандры, смактаць з трубкі вадкую ежу. Шыцік. // Карміцца мацярынскім малаком (пра дзіця, дзіцяня); уцягваць яго ў рот з грудзей, вымені. Мабыць, толькі маленькі Санька нічога не адчуваў, ён смактаў сабе матчыны грудзі і часам заходзіўся плачам. Сабаленка. [Медзведзяняты] ляжалі каля.. [мядзведзіцы] ў бярлозе і драмалі разам з ёю, бездапаможныя, сляпыя, і безупынна смакталі мацярынскае малако. В. Вольскі. То ў Кветкі, то ў Лысухі, па чарзе, Цяля са смакам малако смактала, Расло, цяжэла ў вазе. Маеўскі. // Разм. Піць, не адрываючыся, уцягваючы вадкасць праз няшчыльна сцятыя губы. Па чарзе кладзёмся па бераг і з палонкі смокчам ваду. Карпюк. Цімка ўзяў бераг шклянкі ў губы і пачаў смактаць. Кулакоўскі. // Разм. Піць гарэлку, п’янстваваць. [Цвіркун:] — Прыкінем, хто ў нас асабліва любіць смактаць самагонку. Корбан.

2. Уцягваць, усмоктваць у сябе якую‑н. вадкасць пры дапамозе спецыяльных органаў (пра жывёлін, насякомых). Валодаючы бясшумным палётам, вампіры ноччу нападаюць на сонных жывёл, пракусваюць без усялякага болю скуру і смокчуць кроў. Матрунёнак. [Арцём:] — Даніла Паўлавіч! Пчала Вунь з кветкі смокча сокі. Бялевіч. // Усмоктваць ваду, пажыўныя рэчывы з зямлі (пра карані раслін). Хай карэньчыкі ў цемры Смокчуць сонца разам з сокам, Каб раслі вачам на ўцеху Кветкі гожыя высока. Гілевіч. Там кнігаўкі плачуць ад спёкі, Падставіўшы сонцу раты, Трымцяць багуны і асокі І смокчуць ваду чараты. Калачынскі. // перан. Разм. Цягнуць, бессаромна браць у каго‑н. грошы і пад., нажывацца за кошт іншых. І ён, як той павук пачварны, усю ваколіцу смактаў і з крыўд людзей жывых бяскарна сваё багацце ўсцяж збіраў. Але не цешыла багацце старога графа-багача. Машара.

3. Усмоктваць, убіраць у сябе якую‑н. вадкасць, газ і пад. (пра машыны, прыстасаванне механізмы). Паравоз спыніўся каля вадакачкі і пачаў смактаць ваду з доўгага хобата. Грахоўскі. Зранку між сосен Смокчуць насосы З жылаў праколатых Цёплае золата. Пушча.

4. Узяўшы што‑н. у рот і змочваючы слінай, рабіць смактальныя рухі языком і губамі. Смактаць соску. □ Мядзведзь смокча лапу ў бярлозе санліва. Купала. Месяцаў сем мае веку хлапчына. Як сціхне, Свае кулачкі пачынае смактаць. Зарыцкі. // Разм. Курыць (тытунь, папяросу, люльку). Дзед моўчкі смокча сваю самаробную арэхавую люльку на ўслоне збоку стала. Якімовіч. [Гельскі:] — Кураць, смокчуць без канца і без меры! У цябе ўжо, мусіць, у вантробах, як у коміне. Чорны. // Трымаючы ў роце і раствараючы або размякчаючы слінай, паступова з’ядаць. «Як гэта, мусіць, добра, — з зайздрасцю падумала Лёдзя, — стаяць вось так, калі ідзе дождж, і смактаць карамелькі». Карпаў. [Дзяўчына] з заклапочаным выглядам смактала кавалачак.. хлеба. Брыль.

5. без дап. Выкліка́ць тупы боль ва ўнутраных органах. Максім і сам адчуваў сябе вельмі кепска, бо голад, падражнены кубкам роднага пойла, зноў, як абцугамі, сціскаў нутро і балюча смактаў у страўніку. Машара. Тут [у турме] многа часу для роздуму, каб толькі не перашкаджаў боль, не смактаў голад. Дамашэвіч. / у безас. ужыв. Ад голаду ў хлопцаў смактала пад грудзьмі. Новікаў.

6. перан. Прыносіць пакуты, мучыць (пра якое‑н. пачуццё). Крыўда смокча сэрца. □ [Янка:] — Клейна мяне ўсынавіла. Цяпер я брат Ядвіньчын і ўсім, здаецца, раўня. А мяне смокча. То шчаслівы, а то ўспамінаю, што чорны, як бот, і — ну хоць ты плач. Караткевіч. Вабіла.. [агранома] багатая ўкраінская прырода, але не пераставаў смактаць яго і смутак па радзіме. Васілевіч.

•••

Смактаць кроў — тое, што і піць кроў (гл. піць).

Чарвяк смокча каго гл. чарвяк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)