МАЗАЛЕ́ЎСКІ (Іван Герасімавіч) (1894, в. Ванілавічы Мастоўскага р-на Гродзенскай вобл. — 7.6.1984),

бел. нар. казачнік. Меў у рэпертуары каля 35 чарадзейных казак, засвоеных вусна і з пісьмовых крыніц. Вельмі арыгінальна кантамінаваў вусныя і кніжныя сюжэты. Адна з лепшых яго казак «Разумны хлопчык» змешчана ў зб. «Чарадзейныя казкі» (ч. 1, 1973) і ў перакладзе на ням. мову ў зб. «Беларускія народныя казкі» (Берлін, 10-е выд. 1980).

Літ.:

Бараг Л.Р. Беларуская казка. Мн., 1969. С. 247.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛРУ́НІ ((Mulroney) Браян) (н. 20.3. 1939, г. Бе-Камо, Канада),

канадскі паліт. і дзярж. дзеяч. Ганаровы д-р юрыд. н. Адвакат. З 1955 чл., у 1983—93 старшыня Прагрэс.-кансерватыўнай партыі. З 1983 дэп. парламента. У 1984—93 прэм’ер-міністр Канады. Выступаў за цеснае эканам. супрацоўніцтва з ЗША, у 1988 падпісаў кан.-амер. пагадненне аб свабодным гандлі. Пасля рэферэндуму 26.10.1992, які не падтрымаў яго папраўкі да канстытуцыі з мэтай вырашэння пытання аб статусе прав. Квебек, пайшоў у адстаўку.

т. 10, с. 37

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛЫ́Я СУРВІ́ЛІШКІ,

возера ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Камайка (цячэ праз возера, злучае яго з воз. Вялікае Сурвілішскае), за 20 км на З ад г. Паставы. Пл. 0,29 км², даўж. больш за 1 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыбіня 2,6 м, даўж. берагавой лініі каля 3,2 км. Пл. вадазбору 135 км². Схілы катлавіны выш. 10—20 м (на У 1—2 м), разараныя. Берагі сплавінныя, на У пясчаныя. Дно плоскае, ілістае. Зарастае.

т. 10, с. 42

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРА́ТХСКІЯ КНЯ́СТВЫ,

княствы ў Індыі ў 18 — пач. 19 ст. У 1730—40-я г. з дзяржавы, створанай Шываджы і яго нашчадкамі, вылучыліся княствы Нагпур (дынастыя Бхонсле), Індур (Холкары), Гваліяр (Сіндхія), Барода (Гаэквары) і інш. Пасля разгрому афганцамі ў 1761 маратхскага войска пры Паніпаце М.к. фактычна сталі незалежнымі дзяржавамі, хоць намінальна прызнавалі старшынства дынастыі пешваў (гал. міністраў). Барацьба М.к. паміж сабой стала прычынай іх паражэння ў англамаратхскіх войнах канца 18 — пач. 19 ст. і заваявання англічанамі.

т. 10, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЦІ-ГЕРАІ́НЯ,

ганаровае званне маці, якая нарадзіла і выхавала 10 і больш дзяцей; існавала ў 1944—91 у СССР. Паводле Палажэння ад 18.8.1944 (з пазнейшымі зменамі) прысвойвалася з уручэннем ордэна «Маці-гераіня» і граматы Прэзідыумам Вярх. Савета СССР або ад яго імя Прэзідыумам Вярх. Савета саюзнай ці аўтаномнай рэспублікі. Званне М.-г. прысвоена больш як 5 тыс. жанчын Беларусі. Законам Рэспублікі Беларусь ад 2.7.1997 уведзены ордэн Маці, якім узнагароджваюцца жанчыны, што нарадзілі і выхавалі 5 і больш дзяцей.

т. 10, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЦЮШЭ́НКА (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 18.6.1941, в. Перасвятое Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Канд. тэхн. н. (1974), праф. (1991). Скончыў Гомельскі пед. ін-т (1964), там і працаваў. З 1985 у Бел. ун-це транспарту (заг. кафедры). Навук. працы па вывучэнні механізмаў разбурэння дынамічна кантактуемых матэрыялаў і метадах аховы ад яго.

Тв.:

Водородный износ цилиндропоршневой группы двигателей внутреннего сгорания (разам з М.​Ф.​Салаўём, В.​У.​Торапам) // Трение и износ. 1987. Т. 8, № 3.

т. 10, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЁРТВАЯ ЗО́НА радыёпрыёму, зона маўчання,

зона ў наваколлі радыёперадатчыка, дзе адсутнічае радыёпрыём. Шырыня М.з. залежыць ад магутнасці перадатчыка, вугла ўзвышэння максімуму яго выпрамянення адносна паверхні Зямлі і стану іанасферы.

Найб. часта ўзнікае на дэкаметровых хвалях і тлумачыцца асаблівасцямі іх распаўсюджвання. Паверхневыя хвалі, якія распаўсюджваюцца ўздоўж зямной паверхні, затухаюць на адносна невял. адлегласці (некалькі дзесяткаў кіламетраў) ад перадатчыка, а адбітыя ад іанасферы вяртаюцца на паверхню Зямлі на значна большай адлегласці (сотні і тысячы кіламетраў), што вядзе да ўтварэння М.з.

т. 10, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНАЕ САЦЫЯЛІСТЫ́ЧНАЕ БЮРО́ (МСБ),

пастаянны выканаўча-інфармацыйны орган Інтэрнацыянала 2-га ў 1900—22. Створана ў вер. 1900 паводле рашэння Парыжскага кангрэса (1900). Знаходзілася ў Бруселі. Уваходзілі па 2 дэлегаты ад кожнай сацыяліст. партыі. Склікалася некалькі разоў на год, паміж пасяджэннямі яго бягучай дзейнасцю кіраваў Выканком Бельг. сацыяліст. партыі. Старшыня МСБ — Э.Вандэрвельдэ, сакратар (з 1905) — К.Гюісманс. МСБ выконвала пераважна тэхн. функцыі: збор інфармацыі, рассылка дакументаў 2-га Інтэрнацыянала і інш. З пачаткам 1-й сусв. вайны фактычна спыніла дзейнасць.

т. 10, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА, Менскае ваяводства,

адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 16—18 ст. Утворана ў 1565 у складзе Мінскага павета і Рэчыцкага павета, у 1569 са складу Кіеўскага ваяв. далучаны Мазырскі павет. Мела харугву чырвонага («гваздзіковага») колеру з выявай герба «Пагоня» ў белым полі. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1772 усх. землі ваяводства адышлі да Расіі. Скасавана пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай у 1793, яго тэр. ўвайшла ў Мінскую губерню.

В.​Л.​Насевіч.

т. 10, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІХНЕ́ВІЧ (Кася) (1746?, г. Слуцк Мінскай вобл. — ?),

танцоўшчыца. З 1756 вучылася ў Слуцкай балетнай школе Г.​Ф.​Радзівіла (у А.Пуціні і Л.Дзюпрэ), з 1758 танцавала ў яго прыдворным т-ры (дэбютавала ў «Балеце на тры пары» ў паст. Пуціні), выступала таксама на гастролях у г. Нясвіж і Белае (цяпер Бяла-Падляска, Польшча). Была найб. таленавітай у трупе, удасканаленню яе майстэрства аддаваў асаблівую ўвагу Пуціні. З 1760 салістка (першая танцоўшчыца) Нясвіжскага т-ра М.​К.​Радзівіла Рыбанькі.

Г.​І.​Барышаў.

т. 10, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)