БАРЫ́САЎ,

горад абл. падпарадкавання ў Беларусі, цэнтр Барысаўскага р-на Мінскай вобласці. За 71 км ад Мінска. Чыг. ст. на лініі Мінск—Орша, на аўтадарозе Мінск—Масква. 154,8 тыс. ж. (1995).

Паводле В.М.Тацішчава, заснаваны на левым беразе Бярэзіны ў 1102 полацкім кн. Барысам Усяславічам (паводле інш. звестак — у 1032 кіеўскім кн. Яраславам Мудрым). Упершыню ўпамінаецца ў пісьмовых крыніцах пад 1127 як горад Полацкай зямлі. У 1431 разбураны ў выніку міжусобных войнаў. У 13—18 ст. існаваў Барысаўскі замак. У 1542 уключаны ў Віленскае ваяв., уласнасць Я.Глябовіча. У 1563 горад атрымаў магдэбургскае права. З 1563 цэнтр староства (гл. ў арт. Барысаўская воласць), пасля Люблінскай уніі 1569 староства леннага ўладання князёў Агінскіх, потым Радзівілаў, у складзе Аршанскага пав. Віцебскага ваяв. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 неаднаразова заняты рус. і швед. войскамі. З 1793 у складзе Рас. імперыі, з 1795 цэнтр павета Мінскага намесніцтва. У 1796 атрымаў гарадскі герб. У вайну 1812 акупіраваны, разрабаваны і спалены франц. войскамі (гл. Барысаўская бітва 1812). У 1871 праз Барысаў прайшла чыгунка Масква—Брэст, на правым беразе Бярэзіны ўзнікла чыг. станцыя з пас. Нова-Барысаў. У 1897 у Барысаве 15 063 ж. У 1901 і 1910 моцна пацярпеў ад пажараў. У 1910 у горадзе каля 19 тыс. ж., 32 прамысл. прадпрыемствы, 112 крам, мужчынская гімназія, жаночая прагімназія, некалькі пач. школ, метэастанцыя і інш. З 1914 працавала Барысаўская жаночая настаўніцкая семінарыя. У ліст. 1917 устаноўлена сав. ўлада. У 1918 Барысаў акупіраваны герм., у 1919—20 польск. войскамі. З 1924 цэнтр раёна, у 1924—27 — акругі. З 1938 горад абл. падпарадкавання ў складзе Мінскай вобласці. У Вял. Айч вайну 2.7.1941 акупіраваны ням-фаш. захопнікамі, якія стварылі тут 6 лагераў смерці, дзе загубілі больш за 33 тыс. сав. грамадзян; дзейнічала Барысаўскае патрыятычнае падполле. Вызвалены 1.7.1944 войскамі 3-га Бел. фронту. У 1959 — 59,3 тыс., у 1970 — 84 тыс. ж.

У Барысаве лясная і дрэваапр. прам-сць: вытв. аб’яднанне «Барысаўдрэў», Барысаўская фабрыка піяніна, Барысаўскі лесахімічны завод, з-ды мэблевай фурнітуры, шпалапрапітны (гл. асобныя арт.). Маш.-буд. і металаапр. прам-сць: Барысаўскі завод «Аўтагідраўзмацняльнік», Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання, Барысаўскі завод агрэгатаў, Барысаўскі інструментальны завод, Барысаўскі завод эмаліраванага посуду «Чырвоны металіст». Харч. галіна: Барысаўская макаронная фабрыка, мяса- і хлебакамбінаты, малочны і кансервавы з-ды і інш. Прадпрыемствы швейнай, хім. і хім.-фармацэўтычнай прам-сці: Барысаўскі завод пластмасавых вырабаў, Барысаўскі завод «Гуматэхніка», быт. хіміі, Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў, палімернай тары «Паліміз» і інш. Барысаўскі хрусталёвы завод, камбінат па перапрацоўцы другаснай сыравіны, 2 з-ды жалезабетонных вырабаў, Барысаўскі камбінат прыкладнога мастацтва. Барысаўскі політэхнічны тэхнікум, мед. і пед. вучылішчы, Барысаўскі дзяржаўны аб’яднаны музей. Помнік сав. танкістам, брацкія магілы сав. воінаў і ваеннапалонных, магілы ахвяраў фашызму. Помнікі архітэктуры: касцёл (1806—23), Барысаўскі Васкрасенскі сабор, гандл. рады (1908), будынак чыг. вакзала і сінагога (пач. 20 ст.).

Літ.:

Ерусалимчик Л.Ф., Гилеевич Ж.В. Борисов: Ист.-экон. очерк. Мн., 1987;

Гилевич Ж.В. Борисов и окрестности: Справочник-путеводитель. Мн., 1986.

Горад Барысаў.

т. 2, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРЭ́СЦКІ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І МУ́ЗЫКІ.

Створаны 1.10.1944 з выпускнікоў Маскоўскага гар. тэатр. вучылішча (курс У.Гатоўцава). З кастр. 1945 у Брэсце як абл. драм. т-р імя Ленінскага камсамола Беларусі, у 1992—94 т-р драмы. Сучасная назва з 1995.

Творчае аблічча т-ра ў 1940—50-я г. вызначалі спектаклі героіка-рамантычнага кірунку, сярод якіх «Брэсцкая крэпасць» К.Губарэвіча (1953, прэмія Ленінскага камсамола 1967), «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона, «Юнацтва бацькоў» Б.Гарбатава, «Маладая гвардыя» паводле А.Фадзеева, «Як гартавалася сталь» паводле М.Астроўскага, «Авадзень» паводле Э.Л.Войніч, «Любоў Яравая» К.Транёва, «Сапраўдны чалавек» паводле Б.Палявога, «Людзі, якіх я бачыў» Б.Смірнова. Гал. тэма творчасці т-ра на працягу ўсяго існавання — станаўленне і фарміраванне асобы сучасніка. Вызначальныя ў розныя перыяды творчасці былі спектаклі маральна-этычнай праблематыкі: «Машачка» А.Афінагенава, «Старонка жыцця», «У добры час» і «У пошуках радасці» В.Розава, «Фабрычнае дзяўчо» А.Валодзіна, «Іркуцкая гісторыя» А.Арбузава, «Ленінградскі праспект» І.Штока, «Арганаўты» Ю.Эдліса, «Варшаўская мелодыя» Л.Зорына, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева, «Характары» паводле В.Шукшына і інш.

Значнае месца ў рэпертуары займае бел. драматургія: «Раскіданае гняздо» Я.Купалы, «Ірынка» К.Чорнага, «Хто смяецца апошнім» К.Крапівы, «Хамуціус» паводле А.Куляшова, «Сэрца на далоні» паводле І.Шамякіна і яго п’еса «І змоўклі птушкі», «Апраўданне крыві» паводле І.Чыгрынава, «Салаўі спяваюць на волі» Я.Рамановіча паводле аповесці З.Бядулі «Салавей», «Калі зацвітаюць сады» В.Палескага, «Папараць-кветка» І.Козела, «Людзі і камяні» і «Брэсцкі мір» Губарэвіча, «Выбачайце, калі ласка», «Зацюканы апостал», «Трыбунал», «Верачка», «Таблетку пад язык» і «Патоп» («Дыхайце эканомна») А.Макаёнка, «Разумная дачка» У.Караткевіча паводле бел. нар. казак, «Апошняя інстанцыя», «Нашчадак», «Махляр паняволі» М.Матукоўскага, «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча, «Парог» і «Вечар» А.Дударава, «Чатыры крыжы на сонцы» («Выклік багам»), «Грэшнае каханне», «Аукцыён» («Прадаецца муж») А.Дзялендзіка, «Ціхі прыстанак» А.Паповай, «Лейтэнанты» і «Самы шчаслівы чалавек» А.Пінчука, «Добрая памяць па сходнай цане» («Добрая памяць — за наяўныя») В.Іпатавай, «Машэка» М.Арахоўскага і інш. Прыкметнае месца ў творчасці калектыву займаюць пастаноўкі класічных рус. і замежных твораў: «Не ўсё кату масленіца», «Беспасажніца» і «На ўсякага мудраца хапае прастаты» А.Астроўскага, «Дваранскае гняздо» паводле І.Тургенева, «Жывы труп» Л.Талстога, «Чайка» і «Тры сястры» А.Чэхава, «Звычайная гісторыя» паводле І.Ганчарова, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дон Сезар дэ Базан» Ф.Дзюмануара і А.Дэнеры, «Сабака на сене» Лопэ дэ Вэгі, «Пігмаліён» Б.Шоу, «Атэла» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі — «Дрэвы паміраюць стоячы» А.Касоны, «Від з моста» А.Мілера, «Лаліта» Э.Олбі (паводле У.Набокава), «Гісторыя кахання» Э.Сігла, «Маркіза дэ Сад» Ю.Місіма, «Калі конь траціць прытомнасць» Ф.Саган. Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў Ю.Арынянскага, А.Міронскага, І.Папова.

У розны час у т-ры працавалі: акцёры — нар. арт СССР Я.Палосін; нар. артысты Беларусі Т.Заранок, А.Логінаў, Г.Маркіна; засл. артысты Беларусі М.Абрамаў, Т.Аляксеева, А.Асторына, Н.Ганчарэнка, Л.Весніна, У.Говар-Бандарэнка, В.Захарава, Т.Канавалава, Г.Качаткова, З.Курдзянок, П.Маркін, А.Самараў, Л.Сторажава, Б.Уксусаў, Б.Уладамірскі, Ю.Уласаў, С.Юркевіч; засл. дз. культуры Беларусі Л.Валчэцкі (дырэктар т-ра). У трупе т-ра (1996): засл. артысты Беларусі С.Яўдошанка, К.Перапяліца, Г.Токараў. Гал. рэжысёр Я.Натапаў (з 1996), гал. мастак В.Лесін (з 1980). У 1963—67 пры т-ры дзейнічала лялечная група, на базе якой створаны Брэсцкі абласны тэатр лялек. У 1995 у склад т-ра ўключаны сімфанічны аркестр.

Літ.:

Волчецкий Л.П. Годы, спектакли, роли... Мн., 1974.

Р.М.Бакіевіч.

т. 3, с. 300

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ГНЕР ((Wagner) Вільгельм Рыхард) (22.5.1813, г. Лейпцыг, Германія — 13.2.1883),

нямецкі кампазітар, дырыжор, муз. пісьменнік. Выхоўваўся ў артыстычнай сям’і, з ранніх гадоў захапляўся т-рам. З 1834 капельмайстар у оперных т-рах Магдэбурга, Кёнігсберга, Рыгі. У 1839—42 жыў у Парыжы, дзе пазнаёміўся з Берліёзам, Ф.Лістам і Дж.Меерберам. З 1843 дырыжор Прыдворнай оперы ў Дрэздэне. За ўдзел у Дрэздэнскім паўстанні 1849 абвешчаны дзярж. злачынцам. Пасля вымушанай эміграцыі жыў з 1864 у Мюнхене, з 1872 у Байройце, дзе па яго ініцыятыве пабудаваны Байройцкі тэатр. Яго светапогляд фарміраваўся пад уздзеяннем грамадска-паліт. падзей 1830—40-х г. Рэфарматар оперы, стваральнік муз. драмы, таленавіты паэт-драматург (лібрэтыст усіх сваіх опер), муз. публіцыст і тэарэтык муз. т-ра, заснавальнік (побач з Берліёзам) сучаснага мастацтва дырыжыравання. У літ. трактатах «Мастацтва і рэвалюцыя» (1849), «Мастацкі твор будучага» (1850), «Опера і драма» і «Зварот да маіх сяброў» (1851) Вагнер сфармуляваў асн. тэарэт. палажэнні сваёй опернай творчасці: неабходнасць стварэння універсальнага маст. твора, закліканага маральна ўздзейнічаць на масавую аўдыторыю; прызнанне за муз. драмай магчымасці дасягнення такога універсалізму шляхам сінтэзу мастацтваў (пластычнага, выяўл., паэт. і музычнага); патрэбнасць муз. драмы ў абагульненым, заснаваным на вечных філас эстэт. катэгорыях сюжэце, асновай якога, на яго думку, можа стаць толькі міф. Сюжэтныя матывы Вагнер браў пераважна з айч. міфаў і паданняў і, апрацоўваючы іх, раскрываў у алегарычнай форме трагедыю сучаснага яму жыцця. У лепшых творах эпічны размах, шчодрая маляўнічасць спалучаюцца з псіхал. экспрэсіўнасцю і філас. глыбінёй музыкі. Цалкам адмаўляючыся ад традыц. падзелу оперы на нумары, зліваючы рэчытатыўна-дэкламацыйны пачатак з арыёзным, Вагнер стварыў новы своеасаблівы тып опернай мелодыкі («бясконцая мелодыя»), разам з якой скразному разгортванню музыкі садзейнічае аркестравая партыя, засн. на перапляценні разнастайных лейтматываў. Узбагаціў аркестр новымі гучаннямі, унёс у гармонію незвычайныя мадуляцыі, храматызмы, складаныя акордавыя комплексы. Вак.-сімфанічны стыль мыслення, наватарская гармонія і аркестроўка (тэмбравая драматургія) Вагнера вельмі моцна паўплывалі на далейшае развіццё еўрап. музыкі ў цэлым.

Тв.:13 опер, у т. л. «Лятучы галандзец» (паст. 1843), «Тангейзер» (паст. 1845), «Лаэнгрын» (паст. 1850), тэтралогія «Пярсцёнак нібелунга» (паст. 1876; муз. драмы «Золата Рэйна», 1869; «Валькірыя», 1870; «Зігфрыд» і «Гібель багоў», 1876); «Трыстан і Ізольда» (1865), «Нюрнбергскія майстэрзінгеры» (1868), «Парсіфаль» (1882); 7 п’ес да «Фауста» І.В.Гётэ (1832); сімфонія (1832), уверцюры, маршы; ідылія «Зігфрыд» (1870) для малога сімф. арк; хары, рамансы, фп. п’есы.

Літ. тв.: Рус. пер. — Моя жизнь: Мемуары. Т. 1—4. СПб., 1911—12; Избр. работы. М., 1978.

Літ.:

Грубер Р.И. Рихард Вагнер, 1883—1933. М., 1934;

Чайковский П.И. Вагнер и его музыка // Полн. собр. соч. М., 1953. Т. 2;

Друскин М. Вагнер. 2 изд., М., 1963;

Рихард Вагнер: Ст. и материалы. М., 1974;

Левик Б.В. Р.Вагнер. М., 1978;

Галь Г. Брамс;

Вагнер;

Верди: Три мастера — три мира. М., 1986;

Рихард Вагнер: Сб. ст. М., 1987;

Overhoff K. Die Musikdranas R.Wagners. Leipzig, 1967;

Fischer-Dieskau D. Wagner und Nietzsche: der Mystagoge und sein Abtrünniger. Stuttgart, 1974;

Gregor-Dellin M. R. Wagner. München, 1980;

Richard-Wagner-Handbuch. Stuttgart, 1986;

Barth H. Internationale Wagner: Bibliographie, 1956—1960. Bayreuth, 1961.

Л.А.Сівалобчык.

т. 3, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВЕ́НСТВА,

асобная іерархічная карпарацыя прафес. служак культу ў розных рэлігіях, якая выконвае ролю пасрэдніка паміж Богам і вернікамі, ажыццяўляе арганізац., магічна-культавыя дзеянні і прапаведуе веравучэнне пэўнай рэлігіі. Д. сфарміравалася ў стараж. часы на аснове жрэцтва і па сутнасці з’яўляецца прадаўжальнікам яго традыцый. У залежнасці ад свайго становішча і функцыі ў царкве Д. падзяляецца на вышэйшае і ніжэйшае. У некат. рэлігіях прадстаўнікоў вышэйшага Д. шануюць як намеснікаў Бога на зямлі (папа рымскі ў каталіцызме) або як увасабленне бажаства (далай-лама ў ламаізме, кіраўнік секты ісмаілітаў). У шэрагу рэлігій Д. падзяляецца на белае (абслугоўвае прыход, храмы; складаецца з асоб жанатых, што знаходзяцца ў адным шлюбе, неразведзеных) і чорнае (спалучае манаства са свяшчэнніцкім санам, дае зарок бясшлюбнасці, поўнага паслушэнства і г.д.). У першых хрысц. абшчынах Д. не існавала. У 2 ст. склаўся ін-т епіскапаў (кіраўнікоў хрысц. абшчын), у 4 ст. пашырылася манаства, потым на аснове епіскапату ўзнікла папства. Канчаткова ў хрысціянстве Д. сфарміравалася ў 5 ст., пасля таго, як яно стала дзярж. рэлігіяй Рымскай імперыі. У Стараж. Русі, у т. л. і Беларусі, куды хрысціянства прыйшло ў канцы 10—11 ст. з Візантыі, паступова фарміраваліся кадры свяшчэннаслужыцеляў, усталёўвалася выразная царк.-адм. структура, якая складалася з епархій на чале з епіскапамі. Узначальваў іерархію Д. кіеўскі мітрапаліт, што падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху. У 1448 на чале Рус. правасл. царквы быў пастаўлены мітрапаліт Маскоўскі і ўсяе Русі. У 1589 вышэйшы правасл. іерарх быў пасвячоны ў сан патрыярха. У 14—16 ст. амаль усю тэр. Беларусі ахоплівала Віленскае біскупства (дыяцэз), якое налічвала 259 парафій каталіцкай царквы. Д. тут было прадстаўлена арцыбіскупамі, біскупамі, суфраганамі (памочнікамі біскупаў), плябанамі, вікарыямі і інш. Падобная структура Д. была характэрна і для Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая ўсталявалася ў выніку Брэсцкай уніі 1596. У 1790 у 14 бел. паветах ВКЛ было 143 правасл., 1199 уніяцкіх, 83 рымска-каталіцкія і 16 кальвінісцкіх прыходаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі служылі 104 протаіерэі, 1924 святары, 234 протадыяканы, дыяканы і паддыяканы, 1911 псаломшчыкаў, прычэтнікаў, пеўчых і званароў. З 2-й пал. 16 ст. на Беларусі разгарнула дзейнасць і стварыла свае абшчыны пратэстанцкае Д. — кальвіністы, лютэране, антытрынітарыі. Мячэці мусульм. абшчын, якія таксама дзейнічалі на Беларусі, абслугоўваліся муламі (імамамі) і муэдзінамі (памочнікамі).

Рэліг. жыццё і дзейнасць Д. на Беларусі сталі актыўна адраджацца ў 1990-я г. На пач. 1997 зарэгістравана 37 рэліг. канфесій (афіцыйна дзейнічаюць больш як 20), 2120 рэліг. абшчын. Правасл. епархіі ўзначальваюць 2 архіепіскапы і 8 епіскапаў, кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы з’яўляецца мітрапаліт Мінскі, Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. У благачынных акругах (аб’ядноўваюць 964 прыходы) служаць больш за 900 свяшчэннікаў. Вышэйшую іерархію каталіцкай царквы (аб’ядноўвае 362 прыходы) з 1994 узначальвае мітрапаліт мінскі і магілёўскі Казімір Свёнтак. Дэкан Бел. грэка-каталіцкай царквы (уваходзяць 11 абшчын) Ян Матусевіч. Розныя катэгорыі Д. абслугоўваюць 332 абшчыны Саюза хрысціян веры евангельскай, 37 — адвентыстаў сёмага дня, 14 — сведкаў Іеговы, 33 — старавераў, 22 мусульм. абшчыны, 15 іудзейскіх абшчын і інш. Падрыхтоўкай Д. на Беларусі займаюцца духоўныя навучальныя ўстановы.

Т.І.Адула.

т. 6, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗА́МАК,

умацаванае жыллё феадала, а таксама сярэдневяковы комплекс абарончых збудаванняў, жылых гасп. і культавых пабудоў на зручных для абароны месцах, аб’яднаных лініяй умацаванняў. Існавалі прыватныя З. (феад., царк.) і агульнадзярж. (каралеўскія, велікакняжацкія).

Структура абароны З. складалася з драўляных (астрогі, вастраколы, гародні, парканы, тарасы), мураваных (каменных, цагляных) ці глінабітных сцен з баявымі памостамі-галерэямі і звязаных з імі драўляных ці камбінаваных (фахверкавых) шмат’ярусных вежаў з разнастайнымі байніцамі. Часта ў З. была гал. вежа — данжон. Раннія З. (5—8 ст. ў Сярэдняй Азіі, Закаўказзі, на Арабскім Усходзе, 9—11 ст. ў Зах. Еўропе) мелі глухія мураваныя сцены і былі разлічаны на пасіўную абарону. Прамавугольныя планы гэтых З., іх буд. і канструкцыйныя асаблівасці спалучалі мясц., эліністычныя і стараж.-рым. традыцыі абарончага дойлідства. Тактыка актыўнай абароны паступова прывяла ў 11—12 ст. да ўсталявання нерэгулярнай планіроўкі, дапасаванай да рэльефу мясцовасці (З. крыжакоў у Сірыі і Палесціне). На сценах і вежах пачалі рабіць машыкулі і байніцы для кідання камянёў і абстрэлу ніжняй ч. сцен. Перад уваходнымі брамамі часам узводзілі барбаканы. Архітэктуру З. вызначалі раманскі, гатычны, рэнесансавы і барочны стылі. Паступова З. ператварыліся ў складаныя комплексы абарончых збудаванняў (З. 13 ст. Кусі ў Францыі, Харлек у Англіі). З развіццём артылерыі З. страцілі свае абарончыя функцыі.

На Беларусі першыя З. былі агульнагар. велікакняжацкімі цытадэлямі (Гродзенскі стары замак), некат. мелі значныя памеры (у Полацку, Віцебску). Да 15 ст. вядомы 2 тыпы З.: на ўзвышшах («горныя»), разнастайныя па абрысах (іх план паўтараў канфігурацыю рэльефу) і ў нізінах («дольныя»), звычайна з рэгулярнай планіроўкай з выкарыстаннем валоў і равоў з вадой (Ляхавіцкі З.). Былі пашыраны З., абнесеныя драўлянымі (Радашковічы, Пінск, Гомель, Магілёў) ці мураванымі (Лідскі замак, Крэўскі замак, Навагрудскія замкі, Мірскі замак, Быхаўскі замак і інш.) сценамі. У буд-ве быў пашыраны спосаб трохслаёвай муроўкі. 2 цагляныя сцяны і забутоўка паміж імі. Часта вонкавыя паверхні сцен выкладаліся з каменю (Ліда, Крэва і інш.). Замкавае буд-ва звязана з рус. і зах.-еўрап. абарончым дойлідствам. Сустракаюцца элементы раманскай архітэктуры (вежы Навагрудскага, Гродзенскага, Лідскага і інш. З.), у большасці З. 15—16 ст. — рысы стыляў готыкі і рэнесансу (Мірскі З.), з 17 ст. пераважаюць барочныя рысы. У сярэдзіне 16 ст. сталі пашыранымі З. з бастыённай сістэмай умацаванняў (Заслаўскі замак, Ляхавіцкі замак). З канца 16 ст. замкавае буд-ва паступова трансфармавалася ў палацава-замкавае (Нясвіжскі палацава-паркавы комплекс, Гальшанскі палац). У 1-й пал. 19 ст. сярэдневяковыя З. замянілі крэпасці са шматкіламетровымі лініямі абароны. Замкавае буд-ва ўплывала на архітэктуру ўмацаваных храмаў (Сынковіцкая царква-крэпасць, Камайскі касцёл, Быхаўская сінагога), жылых дамоў (Гайцюнішскі дом-крэпасць), гар. брам, сядзібных і інш. пабудоў.

Літ.:

Чантурия В.А. История архитектуры Белоруссии. 2 изд. Мн., 1977;

Ткачоў М.А. Замкі Беларусі (XIII—XVII ст.). Мн., 1977;

Я го ж. Замкі і людзі. Мн., 1991;

Раппопорт П.А. Военное зодчество западно-русских земель X—XIV вв. Л., 1967.

М.А.Ткачоў, У.А.Чантурыя.

Да арт. Замак. Рэканструкцыя Тураўскага замка і гарадзішча (пасля 13 ст.). Мастак Р.Данчанка.
Да арт. Замак. Мірскі замак.
Да арт. Замак. Замак у Мальбарку. Польшча. 1274.

т. 6, с. 519

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

І́КАНАПІС, пісанне абразоў (ікон),

від жывапісу (пераважна сярэдневяковага), рэліг. па тэматыцы і сюжэтах, культавага па прызначэнні. Найб. характэрны для ўсх. хрысціянства. Узнік і развіваўся як важны элемент візант. культуры і рэгіёнаў, мастацтва якіх зведала яе ўплыў. Тэхніка І. блізкая да станковага жывапісу, аднак яго творы — абразы, што звычайна ўваходзяць у адзіны ідэйна-маст. комплекс з архітэктурай, дэкар.-прыкладным мастацтвам і ў ансамбль іканастаса, не разглядаюцца як цалкам станковыя творы.

Найбольш стараж. творы І. (6 ст.) паходзяць з Пярэдняй Азіі і захаваліся ў сінайскіх манастырах. Узнік на аснове познаэліністычнай традыцыі пахавальных партрэтаў (гл. Фаюмскі партрэт). Паводле царк. паданняў, сімвалічнае аблічча Хрыста цудоўным чынам захавалася на ўбрусе (хусце), а прататыпы абразоў Маці Божай намаляваны евангелістам Лукой. Іканаграфія святых і евангельскіх падзей склалася пераважна ў Візантыі і пазней паўтаралася праз іканапісныя дапаможнікі У маст. практыцы выпрацавалася сістэма ўмоўных прыёмаў адлюстравання рэчаіснасці: адсутнасць перадачы аб’ёмаў і трохвымернай прасторы, адасоблены, часта «залаты» фон, падпарадкаванне адлюстравання мэтам сімвалічнага ці апавядальнага сэнсу кампазіцыі. Гал. ролю ў фарміраванні вобразнага ладу твораў І. меў кампазіцыйна-рытмічны пачатак, выразнасць лініі і колеру, часцей лакальнага. Ідэйнага і маст. росквіту І. Візантыі дасягнуў у 11—12 ст., творы таго часу сталі кананічнымі. У 14—15 ст. склаўся рус. І. (Феафан Грэк, А.Рублёў, Дыянісій), які ў 17 ст. перажыў карэнныя змены пад уплывам еўрап. мастацтва праз пасрэдніцтва бел., укр., польскіх мастакоў (майстры Аружэйнай палаты). Самабытныя школы І. існавалі ў копцкім Егіпце, Эфіопіі, Грузіі, у балканскім і карпацкім рэгіёнах. Цэласнасць эстэт. прынцыпаў І. была падарвана крызісам сярэдневяковага светаўяўлення і развіццём культуры Адраджэння. Напачатку І. перайшоў да кампрамісных форм, што было выклікана рэаліст. пошукамі ў асобных краінах, пазней заняпаў і наблізіўся да рамяства.

На Беларусі І. узнік з прыняццем хрысціянства. Да 16 ст. развіваўся на аснове візант. традыцый, паступова засвойваў рэаліст. рысы зах.-еўрап. сакральнага мастацтва. У 16—1-й пал. 17 ст. склалася самабытная беларуская іканапісная школа, якой характэрна візант. духоўная і іканаграфічная аснова ў спалучэнні з рэальнасцю вобразаў, уключэннем ў біблейскія сюжэты этнагр. элементаў, простанароднасць тыпажу, пэўная маст. свабода выканаўцаў. Праіснавала яна да сярэдзіны 19 ст., калі страціла сваю самабытнасць і прыйшла ў заняпад. Іл. гл. таксама да арт. Абраз, Беларуская іканапісная школа.

Літ.:

Жывапіс Беларусі XII—XVIII ст.: [Альбом]. Мн., 1980;

Алпатов М.В. Древнерусская иконопись. М., 1984;

Іканапіс Беларусі XV—XVIII стст. 3 выд. Мн., 1995.

А.А.Ярашэвіч.

Да арт. Іканапіс. Спас Нерукатворны. З Успенскага сабора ў Маскве. 12 ст.
Да арт. Іканапіс. Багародзіца Адзігітрыя. Абраз іканастаса Ражэнскага манастыра. 17 ст. Балгарыя.
Да арт. Іканапіс. Святая Агнеса з Марыяй і маленькім Ісусам. Апошняя чвэрць 15 ст. Кёльнскі жывапісец (Германія).
Да арт. Іканапіс. Параскева. Сярэдзіна — 2-я пал. 16 ст. беларуская іканапісная школа.
Да арт. Іканапіс. Выбраныя святыя: Васіль Вялікі, Грыгорый Багаслоў, Іаан Златавуст. 2-я пал. 18 ст. Беларуская іканапісная школа. Шарашоўскі майстар.
Да арт. Іканапіс. Мадонна з маленькім Ісусам. Канстанцінопаль. 1200.
Да арт. Іканапіс. Тадэа ды Бартала. Мадонна з дзіцем. 15 ст. Італія.

т. 7, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСПА́НСКІЯ РЭВАЛЮ́ЦЫІ 19 СТАГО́ДДЗЯ,

рэвалюцыйныя рухі ў Іспаніі ў 1808—74, накіраваныя на дэмакратызацыю паліт. сістэмы і правядзення ліберальных рыначных пераўтварэнняў. Першая Іспанская рэвалюцыя 1808—14 адбывалася ва ўмовах акупацыі Іспаніі франц. войскамі ў ходзе напалеонаўскіх войнаў (пад націскам французаў прынята Баёнская канстытуцыя 1808), мела пераважна нац.-вызв. характар (герылья, антыфранц. паўстанні ў Мадрыдзе, Сарагосе і інш.). У выніку вызвалення Іспаніі ад французаў (1812—13) прынята Кадыская канстытуцыя 1812, якая абмяжоўвала ўладу манарха. Аднак кароль Фердынанд VII, вярнуўшыся з франц. палону, скасаваў канстытуцыю і ў маі 1814 аднавіў абс. манархію. Штуршком да другой Іспанскай рэвалюцыі 1820—23 стала паражэнне Іспаніі ў вайне за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26, што садзейнічала дыскрэдытацыі абсалютызму і росту ліберальнай апазіцыі. Пачалася ў студз. 1820 з паўстання ў арміі пад кіраўніцтвам Р.Рыега-і-Нуньеса паблізу ад г. Кадыс. У выніку нар. хваляванняў 6—7.3.1920 у Мадрыдзе Фердынанд VII аднавіў Кадыскую канстытуцыю, склікаў картэсы. Аднак з прычыны жорсткай паліт. барацьбы паміж памяркоўнымі лібераламі («мадэрадас», узначальвалі ўрад з сак. 1820), левымі лібераламі («эксальтадас», узначальвалі ўрад са жн. 1822) і найб. радыкальнай рэв. плынню камунерас не ўдалося завяршыць агр. і інш. рэформы, і рэвалюцыя ў крас.вер. 1823 была задушана каралеўскімі і французскімі (накіраваны ў Іспанію паводле рашэння Свяшчэннага саюза) войскамі. У Іспаніі зноў усталявалася абс. ўлада манарха. Трэцяя Іспанская рэвалюцыя 1834—43 звязана з грамадз. вайной 1833—40 (гл. Карлісцкія войны) і праходзіла пад лозунгамі аднаўлення канстытуцыі 1812, разгрому карлістаў і інш. Рэв. ўрад «мадэрадас» (студз. 1834 — вер. 1835) скасаваў цэхі і абвясціў свабоду гандлю. Яго змяніў урад «прагрэсістаў» (пераемнікі «эксальтадас»), які ў 1835—37 правёў агр. рэформу (адменены маяраты, царк. дзесяціна, баналітэты, прывілеі сеньёраў, асабістыя павіннасці сялян), распрацаваў канстытуцыю 1837 (больш кансерватыўная за канстытуцыю 1812). Пасля паражэння карлістаў (1839—40) рэгентам у 1841 абвешчаны адзін з лідэраў «прагрэсістаў» ген. Б.Эспартэра, які ўстанавіў дыктатуру. Пасля яго звяржэння зноў утвораны ўрад «мадэрадас» (1843). Чацвёртая Іспанская рэвалюцыя 1854—56 выклікана незадаволенасцю насельніцтва ростам беспрацоўя і падаткаў, дэфіцытам дзярж. бюджэту і інш. сац праблемамі. Пасля выступлення групы апазіцыйных генералаў пад кіраўніцтвам Л.О’Донеля (чэрв. 1854) і нар. паўстанняў у Барселоне, Мадрыдзе, Малазе, Валенсіі (ліп. 1854) сфарміраваны ўрад на чале з Эспартэра. Аднак ён не здолеў палепшыць становішча працоўных і спыніць рэв. рух; 14.7.1856 О’Донель справакаваў адстаўку Эспартэра і распусціў картэсы. Пятая Іспанская рэвалюцыя 1868—74 пачалася з паўстання ваен. маракоў у Кадысе (вер. 1868) і гараджан у Мадрыдзе і Барселоне. У выніку ўтвораны ўрад з «прагрэсістаў» і прадстаўнікоў Ліберальнага саюза. Паводле прынятай у 1869 новай канстытуцыі Іспанія абвешчана канстытуцыйнай манархіяй (у 1870—73 правіў кароль Амадэй Савойскі). 11.2.1873 пад націскам рэспубліканцаў Іспанія абвешчана рэспублікай. Аднак у выніку кансерватыўнага ваен. перавароту 1874 у краіне адноўлена манархія на чале з каралём Альфонсам XII.

Літ.:

Додолев М.А. Россия и Испания 1808—1823 гг.: Война и революция в Испании и рус.-исп. отношения. М., 1984.

Да арт. Іспанскія рэвалюцыі 19 ст. Расстрэл іспанскіх паўстанцаў французамі ў ноч на 3 мая 1808 года. Карціна Ф.Гоі. 1814.

т. 7, с. 347

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ КАРБЮЗЬЕ́, Карбюзье

[Le Corbusier Corbusier; сапр. Жанерэ-Гры (Jeanneret-Gris) Шарль Эдуар; 6.10.1887, г. Ла-Шо-дэ-Фон, Швейцарыя — 27.8.1965],

французскі архітэктар, тэарэтык архітэктуры, жывапісец, дызайнер; адзін са стваральнікаў сучасных кірункаў у архітэктуры (рацыяналізму, функцыяналізму). Вучыўся ў Школе мастацтваў Ла-Шо-дэ-Фона; вучыўся і працаваў у арх. І.Гофмана ў Вене (1907), А.Перэ ў Парыжы (1908—10) і П.Берэнса ў Берліне (1910—11). З 1917 жыў у Парыжы. Распрацаваў з А.Азанфанам у жывапісе канцэпцыю пурызму. У 1922 заснаваў арх. майстэрню і да 1940 працаваў разам з братам П.Жанерэ. Выступаў за абнаўленне архітэктуры, вызваленне пабудоў ад эклектычных упрыгожанняў, стварэнне функцыян. структуры пабудовы і яе архітэктанічнай выразнасці, падкрэсліваў вял. магчымасці архітэктуры ў пераўтварэнні грамадства (кнігі «Да архітэктуры», 1923; «Горадабудаўніцтва», 1925, і інш.). У ранніх творах імкнуўся да стварэння суладдзя пабудовы і наваколля, распрацоўваў метады індустр. буд-ва: жылы дом «Сітраэн» (1922), комплекс асабнякоў у Парыжы (1923—24; з 1970 ін-т Ле К.), віла Савой у Пуасі каля Парыжа (1929—31). Распрацаваў «пяць зыходных пунктаў сучаснай архітэктуры»: будынак на апорах-слупах, плоскі дах-сад, адвольная ўнутр. планіроўка, суцэльнае стужачнае акно, нясучая фасадная сцяна. У праектах 1920—30-х г. развіваў ідэю «вертыкальнага» горада-сада з вял. шчыльнасцю насельніцтва, вежападобнымі будынкамі і вял. азелянёнымі прасторамі паміж імі, з падзелам шляхоў руху пешаходаў і транспарту, зон жылля, дзелавой актыўнасці і прам-сці: праект горада на 3 млн. жыхароў (1922), планы «Вуазен» (планы рэканструкцыі Парыжа, Буэнас-Айрэса, Алжыра, Антверпена і інш.). Шэраг яго тэарэт. ідэй, рэалізаваныя пры ўзвядзенні вял. збудаванняў канца 1920—30-х г. (дом Цэнтрасаюза ў Маскве, 1928—35, з удзелам М.Дж.Колі; інтэрнаты швейц. студэнтаў ва універсітэцкім гарадку, 1930—32; цэнтр Арміі выратавання, 1932—33; абодва ў Парыжы і інш.), ляглі ў аснову «Афінскай хартыі» (прынята ў 1933 Міжнар. кангрэсам сучаснай архітэктуры) і выкладзены ў яго кнігах «Прамяністы горад» (1935), «Тры вызначэнні чалавека» (1945). У 1940-я г. стварыў сістэму рацыянальных велічынь, заснаваную на прапорцыях чалавечага цела (мадулёр), якую прапанаваў як шкалу зыходных памераў для буд-ва і маст. канструявання. Пабудовам 1950—60-х г. уласцівы магутная і тонка нюансіраваная пластыка, выразная архітэктоніка форм і мас, кантрастнасць святлоценявых, колеравых і фактурных эфектаў, выкарыстанне тыпавых зборных і арыгінальных элементаў і канструкцый, спалучэнне розных матэрыялаў, сакавітая паліхромія: жылы дом у Марселі (1947—52), капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане (1950—53), манастыр Ла-Турэт у Эвё каля Ліёна (1956—59) — усе ў Францыі, Нац. музей зах. мастацтва ў Токіо (1957—59), Цэнтр мастацтваў Гарвардскага ун-та ў Кембрыджы (ЗША; 1964), бальніца ў Венецыі (1965). Стварыў вял. цыкл работ у Індыі (1950—57): генплан горада і ансамбль урадавых будынкаў у Чавдыгарху, музей і вілы ў Ахмадабадзе і інш. Паводле яго праекта ўзведзены «Цэнтр Ле Карбюзье» ў Цюрыху (Швейцарыя; 1967).

Тв.:

Рус. пер. — Планировка города. М., 1933;

Творческий путь. М., 1970;

Модулор. М., 1976;

Архитектура XX в. 2 изд. М., 1977.

Літ.:

Эрн И.В. Последние работы Ле Корбюзье. М., 1975;

Choay F. Le Corbusier. New York, 1960.

В.Я.Буйвал.

Ле Карбюзье.
Ле Карбюзье. Капэла Нотр-Дам-дзю-О ў Раншане. 1950—53.

т. 9, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕКСІКАГРА́ФІЯ (ад лексіка + ...графія),

1) раздзел мовазнаўства, які займаецца тэорыяй і практыкай укладання слоўнікаў розных тыпаў.

2) Сукупнасць слоўнікаў, блізкіх паводле свайго тыпу, жанру ці мовы. Вылучаюць тэарэтычную Л. (уключае слоўнікавую лексікалогію і тыпалогію, распрацоўку прынцыпаў пабудовы слоўніка і слоўнікавага артыкула, пытанні арганізацыі слоўнікавай працы, гісторыю Л., навук. крытыку слоўнікаў) і практычную (аб’ядноўвае разнастайныя тыпы і віды лексікаграфічнай дзейнасці па зборы, апрацоўцы і захоўванні слоўнікавых матэрыялаў у выглядзе картатэк, індэксаў, камп’ютэрных баз даных і інш.).

Л. зарадзілася ў розных народаў свету на ранніх этапах развіцця пісьменнасці ў сувязі з неабходнасцю тлумачэння незразумелых слоў, што пранікалі ў тую ці інш. мову з розных крыніц На Усходзе (Шумер) пачатковыя элементы лексікаграфічнай работы засведчаны за 2,5 тыс., у Кітаі — за 2 тыс. гадоў да н.э., у Еўропе — у 5 ст. н.э. («Лексікон, або Гласарый Гесіхія Александрыйскага»), у Расіі — у 11 ст.

У развіцці практычнай бел. Л., як і ў інш. народаў, вылучаюць 3 перыяды. У даслоўнікавы перыяд развіцця Л. кніжнікі пры дапамозе глос тлумачылі незразумелыя словы ў тэксце або на палях. Гэты перыяд бел. Л. звязаны з дзейнасцю Ф.Скарыны, С.Буднага, В.Цяпінскага і інш. бел. кніжнікаў 16—17 ст. Асн. функцыя ранняга слоўнікавага перыяду — вывучэнне нац. моў. Таму да яго адносяцца і першыя рукапісныя зборнікі глос (гласарыі, азбукоўнікі, лексісы, лексіконы), і першыя друкаваныя слоўнікі (напр., «Лексіс» 1596 Л.Зізанія), і больш познія поўныя слоўнікі апісальнага тыпу. «Слоўнікам беларускай мовы» І.І.Насовіча (1870) — адкрываецца перыяд развітой Л. на Беларусі, асн. функцыяй якога з’яўляецца нармалізацыя і кадыфікацыя слоўнікавага складу нац. мовы, павышэнне моўнай культуры яе носьбітаў. Да гэтага перыяду адносяцца бел. слоўнікі, створаныя ў канцы 19—20 ст. Паводле тыпаў і жанраў слоўнікаў, характару моўнай інфармацыі ў іх вылучаюць энцыклапедычную Л. (універсальныя, галіновыя і рэгіянальныя энцыклапедыі, энцыклапедычныя слоўнікі і даведнікі, напр., «Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі», т. 1—5, 1984—87), нарматыўную Л. (нарматыўныя слоўнікі розных тыпаў, напр., «Слоўнік беларускай мовы: Арфаграфія. Арфаэпія. Акцэнтуацыя. Словазмяненне», 1987), дыялектную Л. (дыялектныя, абласныя, краёвыя, рэгіянальныя слоўнікі мясц. лексікі, дыялекталагічныя і лексічныя атласы і інш. працы па лінгвагеаграфіі, напр., «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87), гістарычную Л. (гіст. слоўнікі розных тыпаў: азбукоўнікі, старабел. лексіконы і лексіцы, тлумачальныя і тэрміналагічныя слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага перыяду і інш., напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы» у 40 вып., вып. 1—17, 1982—98), перакладную, двухмоўную Л. (бел.-рус., укр.-бел., англа-бел. і інш. слоўнікі агульнага, дыферэнцыяльнага, тэрміналагічнага, школьнага і інш. тыпаў, напр., «Руска-беларускі слоўнік», т. 1—3, 6-е выд., 1995), фразеаграфію, фразеалагічную Л. (рознатыповыя слоўнікі літ. і нар.-дыялектнай фразеалогіі, напр., «Этымалагічны слоўнік фразеалагізмаў» І.Я.Лепешава, ч. 1—2, 1981—93), пісьменніцкая Л. (рознатыповыя слоўнікі мовы пісьменнікаў, напр., «Слоўнік мовы Янкі Купалы», т. 1, 1997) і інш.

Літ.:

Щерба Л.В. Языковая система и речевая деятельность. Л., 1974;

Виноградов В.В. Лексикология и лексикография: Избр. труды. М., 1977;

Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978;

Щербин В.К. Вселенная в алфавитном порядке: Словари — вчера, сегодня, завтра. Мн., 1987;

Яго ж. Тэарэтычныя праблемы беларускай лексікаграфіі. Мн., 1996.

В.К.Шчэрбін.

т. 9, с. 194

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Камса́ ’дробная рыбка анчоўс, Engraulis encrasicholus’ (ТСБМ; шчуч., Сл. паўн.-зах.), ’падкормка для маладых пчол’ (круп. Сл. паўн.-зах.). З рус. хамса́, хамза́ ’тс’, якія з н.-грэч. χα(μ)ψί ’тс’ (Фасмер, 2, 175 і 4, 221).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)