адна з плыней у яп. будызме. Сфарміравалася на аснове чань-будызму. прыйшла ў Японію з Кітая ў канцы 12 ст.Асн. ідэя Дз. — магчымасць спасціжэння пры дапамозе медытацыі сваёй пачатковай прыроды, тоеснай «сутнасці Буды». Прабуджэнне (саторы) суадносяць з спасціжэннем сапраўднай прыроды рэчаў, іх патаемнай сутнасці і ўсведамленнем свайго дачынення да ўсяго існага. Адрозніваюць «малое саторы», калі сапраўднае разуменне рэчаў толькі прыадкрываецца на кароткі момант, і «вялікае саторы», што вядзе да духоўных змен. Для дасягнення саторы выкарыстоўваюць «сядзячую медытацыю», якая прадугледжвае пазбаўленне ад думак і вобразаў (даадзэн) і практыку пастаноўкі і рашэння асобых парадаксальных задач, накіраваных на фарміраванне інтуітыўнага цэласнага спасціжэння рэальнасці (коан). Найб. пашыраны кірунак Дз. Рындзай-сю, успрыняты імператарскім акружэннем, самурайствам. Другі кірунак, Сота-сю, распаўсюдзіўся ў правінцыях, знайшоў падтрымку ў мясц. феадалаў. Паслядоўнікі Дз. лічаць свяшчэнныя трактаты другаснымі, бо патаемныя ісціны перадаюцца непасрэдна ад настаўніка вучню («ад сэрца да сэрца»). Дз. у многім вызначыў кодэкс самурайскага гонару бусідо. Прынцыпы Дз. (спантаннасць, натуральнасць, гармонія, прастата) паўплывалі на фарміраванне традыц. мастацтваў: каліграфіі, жывапісу, паэзіі, л-ры, музыкі, чайнай цырымоніі, кампазіцыі садоў і ландшафтаў, баявых мастацтваў і інш. Пік захаплення Дз. за межамі Японіі прыпадае на 1960-я г. і звязаны з маладзёжным рухам пратэсту. Манастыры і цэнтры па вывучэнні Дз. існуюць у ЗША, Англіі, Францыі, Германіі і інш. У Беларусі цікавасць да Дз. звязана найперш з распаўсюджаннем з 1970-х г.яп. баявых мастацтваў.
Літ.:
Абаев Н.В. Чань-буддизм и культурно-психологические традиции в средневековом Китае. Новосибирск, 1989;
Кацуки С. Практика Дзэн. Железная флейта: (100 коанов Дзэна): Пер. с англ. Киев, 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭРМАТАЛО́ГІЯ (ад дэрмата... + ...логія),
раздзел клінічнай медыцыны, які вывучае функцыі і структуру скуры ў норме і пры паталогіі, распрацоўвае метады дыягностыкі, лячэння і прафілактыкі хвароб скуры. Адрозніваюць агульную (вывучае анатомію, гісталогію, фізіялогію, біяхімію здаровай і хворай скуры, агульныя заканамернасці развіцця скурных хвароб) і прыватную Д. (даследуе асобныя дэрматозы). Цесна звязана з інш. галінамі клінічнай медыцыны, асабліва з венералогіяй.
Захворванні скуры са старажытнасці вядомы народам Егіпта, Кітая, Індыі, Грэцыі, Рыма. Аднак Д. як навука сфарміравалася ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст., пасля стварэння аўстр. ўрачом І.Пленкам і пазней англ. урачом Р.Уіленам першапачатковай класіфікацыі хвароб скуры, заснаванай на марфал. прынцыпе (паводле знешніх праяўленняў хвароб). Пачалі фарміравацца дэрматалагічныя школы. У 2-й пал. 19 ст. Д. аб’ядналася з венералогіяй у адну мед. дысцыпліну — дэрматавенералогію. Заснавальнікі Д. ў Расіі — А.Г.Палацебнаў, Ц.П.Паўлаў, А.І.Паспелаў, П.В.Нікольскі — развівалі фізіял. кірунак у Д., зыходзячы з уяўленняў аб цеснай сувязі скуры з цэласным арганізмам.
На Беларусі даследаванні па Д. пачаліся ў 19 ст. Станаўленне і развіццё Д. як навукі звязана з заснаваннем кафедры дэрматавенералогіі на мед. ф-це БДУ (1923) і дзейнасцю кафедраў у Віцебскім і Гродзенскім мед. ін-тах, бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў, стварэннем скурна-венералагічнага НДІ (1932—88). Даследаванні па Д. вядуцца ва ўсіх мед.ВНУ краіны, у рэсп. кансультацыйна-дыягнастычным цэнтры па Д. і венералогіі пры Мінскім скурна-венералагічным дыспансеры. Поспехі айчыннай Д. ў дыягностыцы, лячэнні і прафілактыцы піядэрмітаў, каросты, псарыязу і інш. дэрматозаў звязаны з імёнамі А.Я.Пракапчука, А.Ц.Сасноўскага, Л.І.Гакінаевай, А.П.Комава, Я.С.Пеўзнера, Л.І.Багдановіча, М.З.Ягоўдзіка, Л.Г.Барабанава і інш.бел. вучоных.
Літ.:
Скрипкин Ю.К. Кожные и венерические болезни. М., 1980;
Дифференциальная диагностика кожных болезней. М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІВА́НАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтрыеўрап.ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 14.1.1929. Пл. 21,8 тыс.км². Нас. 1253 тыс.чал., гарадскога 82% (1997). Цэнтр — г.Іванава.
Прырода. На Пн І.в. размешчана спадзіста-хвалістая, месцамі забалочаная раўніна, парэзаная далінамі рэк і яроў (Унжанская ніз.). З ПнЗ на ПдУ працягваецца марэнная града (выш. да 196 м), якая на Пд пераходзіць у пясчаную раўніну (Балахнінская нізіна, Лухскае Палессе). На З заходзіць край Юр’еўскага Аполля. Карысныя выкапні: торф, буд матэрыялы. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -12 °C, ліп. 19 °C Гадавая колькасць ападкаў 500—600 мм. Гал. рэкі: Волга (з прытокамі Унжа, Немда, Мера) і Клязьма (з прытокамі Нерль, Увадзь, Цеза, Лух). Больш за 200 азёр; 2,9% тэр. займаюць балоты. У межах вобласці частка Горкаўскага вадасх. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, у паніжэннях падзоліста-глеевыя і балотныя, у далінах лугавыя забалочаныя, на ПдЗ урадлівыя дзярновыя чарназёмныя. Пад лесам каля 40% тэр. (хвойныя і мяшаныя).
Гаспадарка. І.в. — буйнейшы ў Расіі рэгіён тэкст. прам-сці (баваўняная, ільняная, шаўковая, шарсцяная). Развіты маш.-буд. (абсталяванне для тэкст. прам-сці, станкі, буд.-дарожная тэхніка, торфаздабыўныя машыны), нафтахім. і хім. (кіслоты, фарбавальнікі), харчовая, лясная, дрэваапр. прам-сці. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Маст. промыслы (палехская і холуйская мініяцюры). Камсамольская і Іванаўская ЦЭЦ. С.-г. ўгоддзі займаюць 840 тыс га, пад ворывам 595 тыс.га. Пасевы жыта, пшаніцы, аўса, грэчкі. Вырошчваюць бульбу, агародніну, кармавыя і тэхн. культуры, на Пн і У лён-даўгунец. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Свінагадоўля, птушкагадоўля, племянная конегадоўля, рыбагадоўля. Па тэр. вобласці праходзяць чыгункі Аляксандраў—Іванава—Кінеіпма, Яраслаўль—Іванава—Ноўкі, аўтадарога Кастрама—Іванава—Юр’евец. Газаправод Саратаў—Ніжні Ноўгарад—Чарапавец. Суднаходства па рэках Волга, Цеза, Клязьма. Курорты: Зялёны Гарадок, Аболсунава, Плёс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЗАС (Kansas),
штат у цэнтр.ч ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Паўн.Зах. цэнтра. Пл. 213,1 тыс.км², нас. 2572,2 тыс.чал. (1996). Адм. ц. — Тапіка, найб. гарады і гал.прамысл.цэнтры Уічыта і Канзас-Сіці. У гарадах жыве каля 70% насельніцтва. Паверхня — хвалістая раўніна, паката нахіленая ад перадгор’яў Скалістых гор на З (выш. каля 1200 м) да даліны р. Місуры на У (выш. каля 200—300 м). Узгоркавыя ўчасткі (Смокі-Хілс, Блу-Хілс) і даліны рэк Арканзас, Канзас і іх прытокаў ускладняюць рэльеф. Клімат умераны кантынентальны. Сярэдняя т-растудз. -3 °C, ліп. 26 °C. Апалкаў 550—950 мм за год. Летам бываюць засухі. Каля 90% тэр. выкарыстоўваецца ў сельскай гаспадарцы. Здабыча нафты і прыроднага газу. У апрацоўчай прам-сці развіта вытв-сць самалётаў, аўтамашын, с.-г. і дарожна-буд. машын, мінер. угнаенняў, прадуктаў нафтаперапрацоўкі, мясных кансерваў і мукі. Штат вылучаецца вял. зборамі пшаніцы і сорга, вытв-сцю ялавічыны і свініны. Мясная жывёлагадоўля. Транспарт чыг. і аўтамабільны. Суднаходства па р. Місуры.
Найбольш стараж.мясц. насельніцтва — індзейцы. Першыя еўрапейцы (іспанцы з Мексікі) з’явіліся тут у 1541. У 18 ст. ў К. заснавалі гандл. факторыю французы і ўключылі яго ў склад сваёй калоніі Луізіяна. З 1763 належаў Іспаніі. У 1803 выкуплены ЗША, у 1854 атрымаў статус тэрыторыі. Прыняцце Канзас-Небраска біля выклікала ў К. грамадз. вайну (1854—56) паміж перасяленцамі з паўд. штатаў, якія намагаліся ўвесці тут рабства неграў, і перасяленцамі з паўн. штатаў — праціўнікамі рабства. З 1861 штат ЗША У 1860—70 пабудавана транскантынент. чыгунка. Да 1890 б.ч. зямель заселена.
Інтэнсіўная распрацоўка зямель пад сельскую гаспадарку выклікала ў 1930-я г. пылавыя буры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРМАВЫ́Х БЯЛКО́ВЫХ РЭ́ЧЫВАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
галіна мікрабіялагічнай прамысловасці. Вырабляе бялковыя кармавыя рэчывы, пераважна кармавыя дрожджы, з вуглевадароднай і расліннай сыравіны для жывёлагадоўлі. Уключае таксама прадпрыемствы гідролізнай прамысловасці і арган. сінтэзу лесахімічнай прамысловасці.
Прадпрыемствы, якія выкарыстоўваюць вуглевадародную сыравіну з-за высокай матэрыялаёмістасці прадукцыі найчасцей арыентуюцца на цэнтры нафтаперапрацоўкі. Для атрымання 1 т бялку неабходна 2,5 т вуглевадароднай сыравіны. Найб. перспектыўнай сыравінай для атрымання кармавых бялковых рэчываў шляхам мікрабіял. сінтэзу з’яўляецца нафта. Прадпрыемствы, што працуюць на вуглевадароднай сыравіне маюць больш высокі выхад бялковай прадукцыі ў параўнанні з прадпрыемствамі, якія працуюць на сыравіне расліннага паходжання. На сучасным этапе значную ч. ўсіх кармавых дражджэй атрымліваюць на прадпрыемствах гідролізнай прам-сці з расліннай сыравіны (адходы лесапілавання, нетаварная драўніна і нехарч. адходы сельскай гаспадаркі). Прадпрыемствы гідролізнай прам-сці вызначаюцца найбольшай матэрыялаёмістасцю. Для вытв-сці 1 т кармавых дражджэй трэба 6,2 т зыходнай сыравіны, у т. л. 5 т сухой драўніны, а таксама серная к-та, сульфат амонію, суперфасфат, вапна, значная колькасць вады і паліва, таму гідролізная прам-сць таксама арыентуецца на сыравінныя базы.
На Беларусі вытворчасць карм. бялковых рэчываў развіваецца з канца 1960-х г., напачатку на аснове гідролізу драўніны, потым на вуглевадароднай сыравіне, якую атрымліваюць пры нафтаперапрацоўцы. З 1967 кармавыя дрожджы вырабляюць на Бабруйскім гідролізным з-дзе, з 1971 кармавыя, а з 1974 бялковыя дрожджы — на Рэчыцкім доследна-прамысл. гідролізным з-дзе. З 1978 дзейнічае Наваполацкі з-д бялкова-вітамінных канцэнтратаў (папрыну). Сыравінай для яго вытв-сці служаць ачышчаныя вадкія парафіны. З 1983 папрын для с.-г. жывёлы, птушак, пушных звяроў выпускае самы буйны ў краіне Мазырскі з-д кармавых дражджэй. Прадукцыя прадпрыемстваў выкарыстоўваецца ў камбікормавай прам-сці, у жывёлагадоўлі для абагачэння кармоў бялкамі, вывозіцца за межы краіны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЫ́МСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Крым,
на Пд Украіны. Абмываецца на З і Пд Чорным, на У Азоўскім морамі і Керчанскім пралівам. З мацерыком злучаны вузкім (8 км) Перакопскім перашыйкам. Пл. 27 тыс.км². На У — Керчанскі п-аў, на З — Тарханкуцкі. Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнецца сістэма неглыбокіх заліваў (Сіваш), якія аддзелены ад мора нізіннай пясчанай Арабацкай Стрэлкай. Паўн. частка К. — раўніна (т.зв. Стэпавы К.), паўд. (Горны К.) займаюць Крымскія горы (выш. да 1545 м, г. Раман-Кош). Каля паўд. падэшвы гор прыбярэжная паласа Паўднёвага берага Крыма з лакалітамі (г. Аюдаг) і стараж. вулканічнымі масівамі (Карадаг). Карысныя выкапні: жал. руда (Керчанскі жалезарудны басейн), газ, нафта, вапнякі, мергелі, соль і лек. гразі азёр. Клімат на Пн умераны, сухі, на Пд субтрапічны міжземнаморскага тыпу. Сярэднія т-ры студз. ад 1—2 °C на Пн да 4 °C на Пд, ліп. 24 °C. Ападкаў ад 300 мм на Пн да 1200 мм у гарах за год. Рэкі малаводныя, найб. — Чорная, Салгір, Кача, Альма. Ліманныя салёныя азёры (Сакскае і інш.). Паўн.-Крымскі канал. Глебы на Пн каштанавыя, у цэнтры — пераважна чарназёмы, у гарах бурыя горна-лясныя і чарназёмападобныя горна-лугавыя. Стэпавы К. амаль поўнасцю ўзараны, зрэдку трапляецца стэпавая расліннасць. У гарах ядлоўцава-дубовыя і букава-грабавыя лясы. На ўзбярэжжы хмызняковая расліннасць з шыбляку. Жывёльны свет: на Пн стэпавыя грызуны і птушкі, у гарах высакародны алень, муфлон, казуля, каменная куніца, кажан; птушкі — чорнагаловая сойка, дзяцел, чорны грыф, арлы. На тэр. К. — Ялцінскі, Мыс Марцьян, Карадагскі запаведнікі, Крымская запаведна-паляўнічая гаспадарка, Нікіцкі бат. сад. Гал. гарады: Сімферопаль, Севастопаль, Керч, Еўпаторыя і інш. Пра гаспадарку гл. ў арт.Крым (Аўтаномная Рэспубліка Крым).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАН ((Mann) Томас) (6.6.1875, г. Любек, Германія — 12.8.1955),
нямецкі пісьменнік. Брат Г.Мана. Вучыўся ў Мюнхенскім ун-це. З 1933 у эміграцыі. На фарміраванне яго маст. метаду паўплывалі І.В.Гётэ, Л.Талстой, Ф.Дастаеўскі, А.Шапенгаўэр, Ф.Ніцшэ. Дэбютаваў навелай «Распусніца» (1894). Вядомасць прынёс раман «Будэнброкі» (т. 1—2, 1901), у якім на прыкладзе некалькіх пакаленняў адной сям’і паказаў эканам. і грамадскую дэградацыю ням. бюргерства. У адзначаных тонкім псіхалагізмам раманах «Каралеўская вялікасць» (1909), «Прызнанні авантурыста Фелікса Круля» (1910), навелах «Трыстан», «Тоніо Крэгер» (абедзве 1903), «Смерць у Венецыі» (1913, экранізацыя 1971) роздум пра лёс мастака і мастацтва ва ўмовах крызісу бюргерскай культуры. Духоўнае жыццё грамадства напярэдадні 1-й сусв. вайны ў цэнтрыфілас. рамана «Чароўная гара» (1924). Антыфаш. ідэямі прасякнуты навела «Марыо і штукар» (1930), гіст. тэтралогія на біблейскую тэму «Іосіф і яго браты» (1933—43). Найб. значны твор — філас. раман «Доктар Фаустус» (1947), у якім трагедыя мастака сімвалізуе трагедыю і гіст. віну Германіі. Аўтар драмы «Ф’ёрэнца» (1906), кн. «Развагі апалітычнага» (1918), раманаў «Лота ў Веймары» (1939, пра Гётэ), «Выбраннік» (1951), літ.-крытычных і публіцыстычных прац.Рэаліст. творы М. адметныя маштабнасцю канфліктаў, структурнай завершанасцю, насычаны філас., гіст. і маст. алюзіямі, сведчаць аб яго цікавасці да натуралізму і імпрэсіянізму. На бел. мову раман «Доктар Фаустус» пераклаў В.Сёмуха, навелы — Сёмуха і У.Чапега. Нобелеўская прэмія 1929.
Тв.:
Бел.пер. — Доктар Фаустус. Мн., 1989;
Навелы. Мн., 1996;
Рус.пер. — Собр. соч.Т. 1—10. М., 1959—61;
Художник и общество: Ст. и письма. М., 1986.
Літ.:
Русакова А.В. Томас Манн. Л.,1975;
Федоров А.А. Томас Манн: Время шедевров. М., 1981;
Дирзен И. Эпическое искусство Томаса Манна: Мировоззрение и жизнь: Пер. с нем. М., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАТУКО́ЎСКІ (Мікалай Ягоравіч) (н. 12.9.1929, в. Калюціна Расонскага р-на Віцебскай вобл.),
бел.драматург.Засл. работнік культ. Беларусі (1977). Скончыў БДУ (1956). Працаваў у Расонскім райкоме ЛКСМБ і раённай газеце. З 1952 у газ. «Звязда», на Бел. радыё, з 1964 гал. рэдактар рэпертуарна-рэд. калегіі Мін-ва культуры Беларусі, з 1966 уласны карэспандэнт, заг.Бел. аддзялення газ. «Известия». З 1993 у газ. «Рэспубліка», у 1995—98 кіраўнік літ. часткі Нац.т-ра імя Я.Купалы. Друкуецца з 1950. Першая п’еса — камедыя-вадэвіль «Мужчына, будзь мужчынам!» (паст.Бел.рэсп. т-рам юнага гледача, 1966). Шырокую вядомасць набылі яго сатыр. камедыі «Амністыя» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1970; аднайм. кінафільм, 1982) і «Мудрамер» (паст. там жа, 1987; Дзярж. прэмія Беларусі 1988). Дынамічнасцю і займальнасцю сюжэта, праўдзівасцю і глыбінёй пранікнення ў чалавечыя характары вызначаюцца драмы «Тры дні і тры ночы» (паст. 1967), «Апошняя інстанцыя» (паст.Дзярж. рускім драм. т-рам, 1974), «Наследны прынц» (паст. пад назвай «Наследнік», 1976), «Паядынак» (паст. т-рам імя Я.Коласа, 1984), «Бездань» (паст. т-рам імя Я.Купалы, 1992), камедыя-фарс «Калізей» (паст. Магілёўскім абл. т-рам драмы і камедыі, 1992). У цэнтры п’ес востранадзённыя маральна-этычныя праблемы сучаснасці, пытанні выхавання моладзі, сямейных узаемаадносін. Аўтар камедыі «Зомбі, альбо «Мудрамер-два» (1998), п’ес «Сярэбраная табакерка» (паводле казкі З.Бядулі, нап. 1998), «Беражыце эдэльвейсы» (паводле матываў «Альпійскай балады» В.Быкава, нап. 1999), сцэнарыяў фільмаў: дакумент. «Мінск — горад-герой» (1974), «Імгненне перамогі» (1975), маст. «Сын старшыні» (1976), «Траянскі конь» (1980). Піша нарысы, эсэ, публіцыст. артыкулы (кн. «Чужая бяда», 1987).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКАЕ ТАВАРЫ́СТВА ГІСТО́РЫІ І СТАРАЖЫ́ТНАСЦІ,
навуковая і культ.-асв.арг-цыя ў Мінску ў 1919—25. Утворана 29.6.1919 пры Мінскім пед. ін-це. Ставіла за мэту вывучэнне гісторыі і археалогіі Беларусі, ахову яе помнікаў гісторыі і культуры, стварэнне гісторыка-археал. музея, прапаганду гіст. ведаў сярод насельніцтва. У 1921—23 у т-ва ўваходзіла каля 50 правадз. членаў; у склад праўлення ў розны час уваходзілі: В.Д.Дружчыц, М.М.Гуткоўскі, У.М.Ігнатоўскі, М.І.Каспяровіч, М.В.Мялешка, У.Л.Пічэта (старшыня), І.П.Поляк, А.А.Савіч, А.А.Шлюбскі і інш.; ганаровымі членамі т-ва былі акад. Я.Ф.Карскі, Ф.Ф.Турук, М.А.Янчук і інш. Правяло каля 40 агульных пасяджэнняў, на якіх абмяркоўваліся навук. даклады па гісторыі, культуры, адукацыі, гістарыяграфіі Беларусі і інш. Частка дакладаў апублікавана ў час. «Вольны сцяг», «Працы БДУ», «Вестник Народного комиссариата просвещения», інфармацыю пра пасяджэнні т-ва давала газ. «Савецкая Беларусь». У вер. 1921 т-ва арганізавала археал. раскопкі стараж. курганоў у Заслаўі, супрацоўнічала з Мінскім навук.пед. т-вам, Беларускім вольна-эканамічным таварыствам, з краязнаўчымі арг-цыямі Беларусі і Расіі, у снеж. 1921 удзельнічала ва Усерас. канферэнцыі краязн. т-ваў. У студз. 1922 пры т-ве ўтворана Часовае бюро краязнаўства, у валасныя цэнтры Мінскага пав. разасланы анкеты для збору інфармацыі пра помнікі гісторыі і культуры, старадрукі і архіўныя зборы. Мінскі ін-тнар. адукацыі перадаў т-ву гіст., этнагр. і археал. часткі б. музея Мінскага таварыства аматараў прыродазнаўства, этнаграфіі і археалогіі. У 1923 з-за пераходу большасці членаў у інш.навук. ўстановы (Інбелкульт, БДУ) актыўнасць т-ва зменшылася. З мая 1924 перасталі праводзіць пасяджэнні т-ва, і яно практычна спыніла сваю дзейнасць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРВЕ́ЖСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1940 (кодавая назва Weserübung вучэнне на Везеры),
баявыя дзеянні ўзбр. сіл фаш. Германіі па акупацыі Даніі і Нарвегіі 9.4—8.6.1940 у 2-ю сусв. вайну. Мела на мэце захоп на Пн Еўропы стратэг. плацдарма супраць Вялікабрытаніі, а ў перспектыве і супраць СССР. План аперацыі (распрацоўваўся герм. камандаваннем са снеж. 1939, зацверджаны А.Гітлерам 1.4.1940) прадугледжваў раптоўную высадку ў Даніі і Нарвегіі герм. марскіх і паветр. дэсантаў пры садзейнічанні гал. сіл ВМФ і 5-га паветр. флоту. 9 крас.герм. ландверная і паліцэйская дывізіі, марскія і паветр. дэсанты захапілі ўсе апорныя пункты Даніі. Дацкія армія (5 малалікіх дыв.) і флот паводле загаду ўрада капітулявалі. У Нарвегіі супраць 6 разрозненых дыв. дзейнічалі лепш абучаныя і ўзброеныя ням. войскі, якія ўжо 9—10 крас. малымі сіламі (каля 10 тыс.чал.) захапілі ўсе гал. парты краіны. Ва ўмовах пагрозы брыт. марскім камунікацыям на дапамогу нарв. арміі 14—17 крас. ў Цэнтр. і Паўн. Нарвегіі высадзіліся экспедыцыйныя саюзныя англа-франка-польск. войскі. Пасля капітуляцыі нарв. войск у цэнтры краіны (3 мая) асн. баі працягваліся ў раёне Нарвіка (Паўн. Нарвегія), але 5—8 чэрв. саюзныя войскі эвакуіраваліся ў сувязі з цяжкім становішчам у Францыі (гл.Французская кампанія 1940). У выніку Н.а. Германія страціла каля 5 тыс.чал., больш за 20 баявых караблёў, Нарвегія — каля 2 тыс.чал., некалькі караблёў, саюзнікі — каля 2 тыс.чал., 18 баявых караблёў і інш.; у Даніі і Нарвегіі сфарміраваны калабарацыянісцкія ўрады (у апошняй на чале з В.Квіслінгам). Сярод польск. вайскоўцаў і маракоў, што змагаліся за Нарвегію, былі ўраджэнцы Зах. Беларусі.