МАН ((Mann) Томас) (6.6.1875, г. Любек, Германія — 12.8.1955),

нямецкі пісьменнік. Брат Г.Мана. Вучыўся ў Мюнхенскім ун-це. З 1933 у эміграцыі. На фарміраванне яго маст. метаду паўплывалі І.​В.​Гётэ, Л.​Талстой, Ф.​Дастаеўскі, А.​Шапенгаўэр, Ф.​Ніцшэ. Дэбютаваў навелай «Распусніца» (1894). Вядомасць прынёс раман «Будэнброкі» (т. 1—2, 1901), у якім на прыкладзе некалькіх пакаленняў адной сям’і паказаў эканам. і грамадскую дэградацыю ням. бюргерства. У адзначаных тонкім псіхалагізмам раманах «Каралеўская вялікасць» (1909), «Прызнанні авантурыста Фелікса Круля» (1910), навелах «Трыстан», «Тоніо Крэгер» (абедзве 1903), «Смерць у Венецыі» (1913, экранізацыя 1971) роздум пра лёс мастака і мастацтва ва ўмовах крызісу бюргерскай культуры. Духоўнае жыццё грамадства напярэдадні 1-й сусв. вайны ў цэнтры філас. рамана «Чароўная гара» (1924). Антыфаш. ідэямі прасякнуты навела «Марыо і штукар» (1930), гіст. тэтралогія на біблейскую тэму «Іосіф і яго браты» (1933—43). Найб. значны твор — філас. раман «Доктар Фаустус» (1947), у якім трагедыя мастака сімвалізуе трагедыю і гіст. віну Германіі. Аўтар драмы «Ф’ёрэнца» (1906), кн. «Развагі апалітычнага» (1918), раманаў «Лота ў Веймары» (1939, пра Гётэ), «Выбраннік» (1951), літ.-крытычных і публіцыстычных прац. Рэаліст. творы М. адметныя маштабнасцю канфліктаў, структурнай завершанасцю, насычаны філас., гіст. і маст. алюзіямі, сведчаць аб яго цікавасці да натуралізму і імпрэсіянізму. На бел. мову раман «Доктар Фаустус» пераклаў В.​Сёмуха, навелы — Сёмуха і У.Чапега. Нобелеўская прэмія 1929.

Тв.:

Бел. пер. — Доктар Фаустус. Мн., 1989;

Навелы. Мн., 1996;

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—10. М., 1959—61;

Художник и общество: Ст. и письма. М., 1986.

Літ.:

Русакова А.В. Томас Манн. Л.,1975;

Федоров А.А. Томас Манн: Время шедевров. М., 1981;

Дирзен И. Эпическое искусство Томаса Манна: Мировоззрение и жизнь: Пер. с нем. М., 1981.

Е.​А.​Лявонава.

Т.Ман.

т. 10, с. 55

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)