Пампу́ха ’мяч’ (Сл. Брэс.). Відаць, ад пампушка, пампуха (гл.), паводле формы.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
БУРАВА́Я ВЫ́ШКА,
збудаванне над свідравінай для пад’ёму і апускання абсадных і буравых труб і буравога інструменту. Забяспечваецца сродкамі механізацыі падымальна-спускальных аперацый і касетай для размяшчэння труб. Бываюць вежавыя (пірамідападобнай формы з 3 або 4 апорамі) і мачтавыя (А-падобныя). Вышыня буравой вышкі залежыць ад праектнай глыбіні свідравіны. Манціруюць з асобных вузлоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЭРЭНХІ́МА (ад аэра... + грэч. enchyma налітае, тут — тканка),
паветраносная тканка, тканка розных органаў раслін, якая выконвае вентыляцыйную і часткова дыхальную функцыі. Аэрэнхіма — рыхлая мадыфікаваная парэнхіма з клетак рознай формы і міжклетнікаў, запоўненых паветрам. Характэрна для многіх балотных і водных раслін (гарлачыкаў, рдзестаў, чароту і інш.), памяншае іх удз. вагу, памагае трымацца на вадзе, назапашвае кісларод і вуглякіслы газ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ДАМ ((Adam) Роберт) (3.7.1728, г. Керколды, Вялікабрытанія — 3.3.1792),
англ. архітэктар, прадстаўнік класіцызму. Разам з братам Джэймсам праектаваў рацыянальныя па планіроўцы сядзібныя дамы (Кенвуд-хаўс у Лондане, 1767—69), грамадскія будынкі (ун-т у Эдынбургу, 1789—91), гар. кварталы (Адэльфі ў Лондане, 1768—72) і інш. Выкарыстоўваў строгія класічныя формы, вытанчаны дэкор, надаваў вял. значэнне афармленню інтэр’ера, мэблі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРХА́ІЗМ (ад грэч. archaios старадаўні, старажытны),
устарэлая назва сучаснай рэаліі, што абазначаецца новым словам: напр., «раць» — войска, «рамёны» — плечы. Архаічнымі могуць быць і формы слоў. Адрозніваюцца архаізмы: уласна-лексічныя («каморнік» — землямер), лексіка-семантычныя («жывот» — жыццё), лексіка-фанетычныя («кроніка» — хроніка), лексіка-акцэнталагічныя («рапо́рт» — ра́парт), лексікасловаўтваральныя («лгар» — лгун), лексіка-марфалагічныя («паэта» — паэт). Выкарыстоўваюцца ў мове як стылістычны сродак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСКАКА́РП (ад аск + грэч. karpos плод),
пладовае цела грыбоў падкласа сапраўдных сумчатых грыбоў (эўаскаміцэтаў). Аснову аскакарпа складаюць шчыльна сплеценыя вегетатыўныя гаплоідныя гіфы міцэлію, сярод якіх з зіготы аскагенных гіфаў утвараюцца сумкі з аскаспорамі. У залежнасці ад формы і будовы аскакарпа вылучаюць клейстатэцыі, перытэцыі і апатэцыі. Паводле тыпу аскакарпа і сумак вылучаюць групы парадкаў: плектаміцэты, пірэнаміцэты і дыскаміцэты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТАНЦЫ́,
ізаляваныя (астраўныя) узвышаныя элементы рэльефу (асобныя масівы), уцалелыя ад разбурэння. Адрозніваюць астанцы: выветрывання (скалістыя масівы вычварнай формы са стромкімі схіламі, у пустынных і паўпустынных абласцях); абцякання (складзеныя з рыхлага алювіяльнага матэрыялу, у далінах рэк); масівы з больш цвёрдых парод у працэсе эрозіі платопадобных тэрыторый утвараюць своеасаблівыя астанцы — сталовыя горы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АТМАСФЕ́РНАЯ ТУРБУЛЕ́НТНАСЦЬ,
асаблівасць рухаў паветраных патокаў, што маюць неўпарадкаваны характар на фоне агульнай цыркуляцыі атмасферы; адна з асн. уласцівасцяў атмасферы. Прычыны атмасфернай турбулентнасці — узнікненне паветраных віхраў рознага памеру. У выніку адбываецца хуткае перамешванне паветра, асабліва вертыкальнае, абмен цяплом, вільгаццю, аэразольнымі часцінкамі паміж асобнымі яго слаямі. Ад атмасфернай турбулентнасці залежыць сутачны ход ветру, формы воблакаў, асаблівасці ападкаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІТАЎНІ́Т (ад месца знаходкі ў Бітаўне, Канада),
мінерал, алюмасілікат кальцыю і натрыю з групы палявых шпатаў (Ca, Na) [(Al, Si)AlSi2O8].
Крышталізуецца ў трыкліннай сінганіі. У выглядзе зерняў няправільнай формы, масіўных агрэгатаў. Колер белы да цёмна-шэрага. Бляск шкляны да перламутравага. Цв. 6. Шчыльн. 2,7 г/см³. Пашыраны ў некаторых базальтах, асн. і ультраасн. інтрузіях і ў некаторых каменных метэарытах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГРЫ́ВЫ» ў геамарфалогіі,
формы рэльефу ў выглядзе вузкіх, пакатых, лінейна выцягнутых узвышэнняў рознага паходжання (эолавага, алювіяльнага, ледавіковага, водна-эразійнага, дэфляцыйнага і інш.). Часам утвараюць грывасты рэльеф. Даўж. ад некалькіх соцень метраў да дзесяткаў і соцень кіламетраў, выш. ад некалькіх да 100—160 м. У поймах рэк узнікаюць у выніку міграцыі рэчышча. «Грывамі» таксама называюць граду, парослую лесам.