лапатлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Разм.
1. Які бесперастанку лапоча, трапечацца; шумлівы. Абапал машыны цягнуліся вузлаватыя дубы, шызыя танклявыя грабы, несціханыя лапатлівыя асіны. Мележ.
2. Схільны многа і бесперастанку гаварыць; балбатлівы. Клопікаў збіраўся .. вызверыцца на гэтае лапатлівае стварэнне [Любку], але афіцэр лагодна махнуў рукой. Лынькоў. // Несціханы, шумны, балбатлівы. Антон, стомлены лапатлівай .. гаворкаю, маўчыць. Вітка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нудзі́цца, нуджу́ся, ну́дзішся, ну́дзіцца; незак.
Адчуваць нуду, быць у стане нуды (у 1 знач.). — Ты дужа не нудзіся, дачушка. Слязамі гору не паможаш, — супакойвалі Настасю бацькі. «Работніца і сялянка». З-за ельнічку даносіліся чужая п’яная песня з выкрыкамі ды час ад часу кулямётныя чэргі дазорных, якія, мусіць, нудзіліся ў адзіноце... Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
няві́дны, ‑ая, ‑ае.
1. Недаступны для зроку; нябачны. Маленькія камарыкі .. кучкамі гулялі на сонцы, як бы чыясьці нявідная рука трэсла ў паветры маленькую сетачку. Колас. Справа купаліся два ружовыя воблачкі, усміхаючыся нявіднаму з зямлі сонцу. Мележ.
2. Непрыкметны, несамавіты. Была.. [Юзэфа] нявідная, маленькая, хадзіла, вечна сагнуўшыся, і шоргала нагамі па зямлі. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пабудо́ва, ‑ы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пабудаваць. // Структура. Пабудова сказа. Пабудова ўрока.
2. Кніжн. Сістэма думак, разважанняў; тэорыя. Філасофскія пабудовы асноў навукі.
3. Тое, што пабудавана. Жалезабетонная пабудова. □ Насустрач поезду, як жывыя, выскаквалі навакольныя пабудовы, усё новыя і новыя краявіды. Філімонаў. [Танкі] стралялі па дарозе, хаваючыся за пабудовы. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
павало́ка, ‑і, ДМ ‑лоцы, ж.
1. Лёгкая дымка, якая зацягвае, пакрывае што‑н. У надбярэжных гушчарах хаваліся туманы, тонкай павалокаю застываючы над водамі. Пестрак. Праз павалоку рэдкіх хмар сонца свяціла, нібы з-пад абажура. Брыль.
2. Пялёнка на вачах; памутненне. [Старшы лейтэнант] насцярожыўся, стаў скрытным, вочы патухлі, схаваўшыся пад цьмянай павалокай. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
накра́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Незак. да накрапаць.
2. Падаць рэдкімі кроплямі (пра дождж). А дождж то сціхне, то накрапвае, То сыпане, як з поўнай жмені. Хведаровіч. / у безас. ужыв. Ціха, амаль непрыкметна, пачало накрапваць, але шуму дажджу не было чуваць, бо яго глушыў няўціхны гул рачных хваль. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Распытваючы, знайсці патрэбную рэч, патрэбнага чалавека. Напытаць работу. □ Купіла хату.. [Годля] гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася. Мележ. Па нядзелях.. [Раечка] хадзіла на Траецкі базар, мяняла свае залатыя кольцы ды браслеткі на муку і масла. Там яна напытала і акушэрку. Лобан.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
насці́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. насціг, ‑гла і насцігнуў, ‑гнула; зак., каго-што.
Дагнаць, гонячыся за кім‑, чым‑н. Гітлеравец, скарыстаўшы хвіліну замяшання, неспадзявана рвануўся назад. «Стой!» — крыкнуў Шашура. Праз два крокі ён насціг уцекача. Мележ. Іван хацеў запярэчыць, але Якаў загаварыў далей: — Значыць, і цябе мой лёс насцігнуў. Чарнышэвіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
бу́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Невялікі хлеб з пшанічнай мукі, белы хлеб. Бегалі па вуліцы дзеці то з булкамі, то з цукеркамі. Гартны.
2. Тое, што і буханка. На паліцы ляжалі дзве булкі хлеба. Чорны. [Шашура] палажыў на калені Краўца булку хлеба і круг каўбасы. Мележ.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ірвану́цца і рвану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак. і аднакр.
Зрабіць рэзкі рух, кінуцца, памкнуцца куды‑н. Конь адразу скочыў, ірвануўся і, дзіка храпучы, паляцеў па вуліцы. Мележ. Сабраўшы ўсю сваю сілу, Генадзь ірвануўся і ўгледзеў, што адна нага яго правалілася пад мост. Сабаленка. Партызанскія ўзводы рвануліся наперад. М. Ткачоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)