вёска ў Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 20 км на ПнУ ад Драгічына, 130 км ад Брэста, 27 км ад чыг. ст. Драгічын. 1442 ж., 497 двароў (1995). Сярэдняя школа. Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі.
Вядома з сярэдзіны 16 ст. як мястэчка Пінскага пав. Пад Бездзежам войскі барскіх канфедэратаў на чале з Міхалам Казімірам Агінскім 6.9.1771 разбілі атрад рас. войскаў палкоўніка Альбічава. З 1795 у складзе Рас. імперыі, у Кобрынскім пав. Слонімскай, потым Літоўскай, Гродзенскай губ. У 1915 акупіравана герм. войскамі. З 1921 цэнтр гміны Драгічынскага пав. Палескага ваяв. Польшчы, 1248 ж. (1921). З 1939 у складзе БССР, з 1940 у Драгічынскім раёне Брэсцкай вобласці. У чэрв. 1941 — ліп. 1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі. Помнікі: драўлянага дойлідства 18 ст. — Бездзежская Троіцкая царква, мураваны касцёл у стылі класіцызму (пабудаваны да 1820), мемар. калона ў гонар Канстытуцыі 3 мая 1791 (канец 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЯСНА́,
пара года і пераходны кліматычны сезон паміж зімой і летам. У астраноміі — перыяд ад дня веснавога раўнадзенства да летняга сонцастаяння (з 21 сак. да 22 чэрв. ў Паўн. паўшар’і, з 23 вер. да 22 снеж. ў Паўднёвым). Паводле календара веснавыя месяцы ў Паўн. паўшар’і сакавік, красавік, май, у Паўд. — вер., кастр., лістапад. Паводле феналагічных з’яў падзяляюць на раннюю вясну, ажыўленне і разгар вясны. На Беларусі за пачатак вясны прымаецца дата пераходу сярэднясутачнай т-ры паветра праз 0 °C, за канец — праз 10 °C у бок павышэння. На ПдЗ вясна пачынаецца ў 1-й дэкадзе сак., на ПнУ у канцы сак., заканчваецца адпаведна ў канцы крас., пач.мая. Ва ўмераных шыротах, у т. л. на Беларусі, характарызуецца ўзмацненнем цыкланічнай дзейнасці, павышэннем у гадавым ходзе сярэднясутачных т-р паветра, поўным вызваленнем зямной паверхні ад снегавога покрыва, крыгаломам і разводдзем на рэках, пачаткам вегетацыі і цвіцення раслін, прылётам птушак з выраю, пачаткам пашавага перыяду ў жывёлагадоўлі і інтэнсіўных палявых работ у раслінаводстве і агародніцтве.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРЫНЕ́ЎСКІ Міхаіл Паўлавіч (н. 12.2.1942, в. Тонеж Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),
бел. харавы дырыжор. Засл. дз. маст. Беларусі (1978). Нар.арт. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю (1968, клас Г.Зелянковай). З 1968 хормайстар, з 1975 маст. кіраўнік — гал. дырыжор Дзяржаўнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Г.І.Цітовіча. З 1968 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. Для яго творчасці характэрны глыбокае веданне бел.муз. фальклору, аднолькавая ступень пранікнення ў заканамернасці акад. і нар. спявання. Асаблівай інтанацыйнай тонкасцю вылучаюцца падрыхтаваныя ім канцэртныя праграмы хар. музыкі, маляўнічыя і шматадценкавыя этнагр. праграмы, творы духоўнай музыкі. Аўтар шматлікіх запісаў нар. мелодый і шэрагу іх апрацовак для нар. хору («Ой, ты, грушка мая», «Вол бушуе, вясну чуе», «Як пайду я дарогаю», «Ночы мае, ночушкі», «Чырвоная каліначка» і інш.). Зрабіў значны ўклад у развіццё самадз.хар. мастацтва Беларусі, шмат працаваў з самадз.хар. калектывамі акад. плана. Дзярж. прэмія Беларусі 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКА́НСКАЕ ПЛАСКАГО́Р’Е, Дэкан (ад санскр. дакшына — поўдзень),
пласкагор’е ў Індыі, унутр.ч. п-ва Індастан. Пл. каля 1 млн.км². Ступеньчатыя раўніны — паверхні выраўноўвання мезазойскага і палеаген-неагенавага ўзростаў (на выш. 1000—1500 м, 600—900 і 300—500 м) з латэрытнымі корамі магутнасцю да 100 м, над якімі ўзвышаюцца асобныя горы выш. 1000—2000 м і купалападобныя ўзгоркі. Частка Індыйскай платформы, складзена з Пн архейскіх і пратэразойскіх гнейсаў, крышт. сланцаў і кварцытаў, пранізаных гранітнымі інтрузіямі.
На ПнЗ — базальтавае покрыва верхнемелавога і эацэнавага ўзростаў. Карысныя выкапні: жалеза, медзь, марганец, вальфрам, золата, каменны вугаль. Субэкватарыяльны мусонны клімат. Сярэдняя т-рамая 29—32 °C, студз. 21—24 °C. Ападкаў 500—700 мм за год (пераважна летам). Рэкі Нармада, Маханады, Гадавары, Крышна, Каверы выкарыстоўваюцца ў асноўным для арашэння. Пераважныя тыпы глеб: чырвоныя латэрытныя, чырвона-бурыя, на трапах — чорныя трапічныя (рэгуры). На наветраных схілах — мусонныя лістападныя трапічныя лясы, у цэнтр. частцы — саванны і рэдкалессі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖАКЕРЫ́Я (Jacquerie),
антыфеадальнае сял. паўстанне ў Францыі ў маі—чэрв. 1358. Выклікана масавым разарэннем сялян у час Стогадовай вайны 1337—1453. Непасрэднай прычынай паўстання было ўвядзенне вясной 1358 дадатковай паншчыны для аднаўлення разбураных вайной замкаў і крэпасцей. Пачалося 28 мая ў мяст. Сен-Лё-д’Эсеран (вобл. Бавезі) і хутка ахапіла Пн Францыі (удзельнічала 100 тыс.чал.). Адным з яго кіраўнікоў быў Гільём Каль, які спрабаваў дысцыплінаваць сял. войска і заручыцца падтрымкай гарадоў, асабліва Парыжа. Паўстаўшыя сяляне (жакі) знішчалі, рабавалі маёмасць дваран, разбуралі іх замкі, маёнткі. Супраць іх выступіў кароль Навары Карл Злы на чале 1 тыс.чал. 10 чэрв. каля Клермона войска жакаў (каля 6600 чал.) было разгромлена. Запрошаны перад бітвай Карлам Злым на перагаворы Каль быў схоплены і пакараны смерцю ў Клермоне. Паводле афіц. хронікі, да 24 чэрв. знішчана каля 20 тыс. сялян. 10.8.1358 абвешчана агульная амністыя.
Літ.:
Семенов В.Ф. Жакерия. Л., 1958;
Басовская Н.И. Капитан жаков // И живы памятью столетий. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІРЧА́Н Міраслаў (сапр. Бабюк Андрэй Дзмітрыевіч; 14.7.1897, в. Пядзікі Каламыйскага р-на Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 1937),
украінскі пісьменнік. Скончыў Львоўскую настаўніцкую семінарыю (1914). У 1922—29 у эміграцыі. Вучыўся ў Пражскім ун-це (1922—23) і ў Канадзе (1923—29), дзе вёў выдавецкую, літ., грамадска-публіцыстычную дзейнасць. З 1929 на Украіне. Рэпрэсіраваны ў 1933, рэабілітаваны пасмяротна. Друкаваўся з 1914. Першая кніга — зб. навел і нарысаў «Смех Нірваны» (1918). Зб. навел «Фільмы рэвалюцыі», маст.-мемуарная дылогія «Трагедыя Першага мая» (абедзве 1923) і «У бур’янах» (1925) пра падзеі грамадз. вайны, п’есы «Падпольная Галіцыя» (1926), «Сям’я шчотачнікаў» (1927), «Радый» (1928), «Плацдарм» (1931), аповесць «Карпацкая ноч» (1927) і інш. пра нац.-вызв. барацьбу ў Зах. Украіне. Перакладаў з рус., польск., ням. і чэш. моў.
Тв.:
Твори. Т. 1—2. Київ, 1987;
Рус.пер. — Избранное. М., 1958.
Літ.:
Новиченко Л. Мирослав Ірчан. Київ, 1958;
Мельничук-Лучко Л. Драматургія Мирослава Ірчана. Київ, 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАНТА́Й, Калонтай (Kołłątaj) Гуга (1.4.1750, в.Вял. Дэдэркалы Шумскага р-на Цярнопальскай вобл., Украіна — 28.2.1812), паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, філосаф, педагог, публіцыст. Д-р філасофіі і тэалогіі. Вучыўся ў Кракаўскім ун-це, у Італіі (1772—74). З 1774 кракаўскі канонік. Дзеяч Адукацыйнай камісіі, распрацаваў план развіцця адукацыі ў Рэчы Паспалітай, які стаў асновай «Статута» гэтай камісіі. У 1782—86 рэктар Кракаўскага ун-та. Лідэр рэфарматарскай плыні ў час працы Чатырохгадовага сейма 1788—92. Адзін з аўтараў Канстытуцыі 3 мая 1791. Падтрымліваў ідэю цэнтралізацыі Рэчы Паспалітай праз больш цеснае аб’яднанне ВКЛ э Польшчай. Адзін з вядучых ідэолагаў, потым кіраўнік «левага» («якабінскага») крыла ў час паўстання 1794. Пасля паражэння паўстання ў аўстр. зняволенні. У 1802—06 жыў на Валыні, адзін з заснавальнікаў Крамянецкага ліцэя. Аўтар шэрагу філас. і гіст. прац, заснаваных на перадавых ідэях Асветніцтва, вучэнні франц. фізіякратаў, эвалюц. канцэпцыі развіцця грамадства.
Літ.:
Хинц Х.Ф. Гуго Коллонтай: Пер. с пол. М., 1978;
Pasztor M. Hugo Kołłątaj na sejmie Wielkim w latach 1791—1792. Warszawa, 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАЧЫ́НСКІ Міхась (Міхаіл Іванавіч; 12.1.1917, г. Крупкі Мінскай вобл. — 10.8.1990),
бел.паэт.Засл. работнік культ. Беларусі (1974). Скончыў курсы пры Камуніст. ін-це журналістыкі (Мінск, 1936). Працаваў у прэсе. У 1954—60 адказны сакратар, нам. старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі, у 1960—78 гал. рэдактар час. «Беларусь». Друкаваўся з 1932. Першыя кнігі для дзяцей (паэмы «Косця-чэкіст», 1938; «Пакет», 1939). У зб. «Сонца ў блакіце» (1949) лірычнае ўвасабленне тэмы Вял.Айч. вайны, вернасці Радзіме. Аўтар кніг паэзіі «Прыпар» (1956), «Сосны і дзюны» (1960), «Паясы» (1968), «Докшыцкі каравай» (1974). Для дзяцей і юнацтва выдаў кнігі «Насустрач жыццю» (1951), «На лясным паўстанку» (1955), «Прыгоды Патапкі» (1958), «Лясныя казкі» (1967), «Мая мазаіка» (1971), «Рэха зямлі» (1978). Паэзіі К. ўласцівы традыцыйныя класічныя метрыка і строфіка, рэалістычна-канкрэтная вобразнасць, нар.-песенныя матывы і інтанацыі. Аўтар сцэнарыяў дакумент. фільмаў, тэкстаў песень.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЫМА́,
рака на ПнУ Азіі, у Магаданскай вобл. і Рэспубліцы Саха (Якуція), у Расіі. Даўж. 2129 км, пл.бас. 643 тыс.км². Утвараецца ад зліцця рэк Кулу і Аян-Юрах. Упадае ў Калымскі зал. Усх.-Сібірскага м., утварае дэльту. У вярхоўі праразае хр. Чэрскага, утварае парогі і вадаспады. У сярэднім цячэнні даліна шырокая. У нізоўі цячэ па Калымскай нізіне. Асн. прытокі: Каркадон, Амалон, Вял. Анюй (справа), Ясачная, Ажогіна, Седэдэма (злева). Жыўленне пераважна снегава-дажджавое. Ледастаў з пач.кастр. да канца мая — пач. чэрвеня. Зімой наледзі. Сярэдні гадавы расход вады ў ніжнім цячэнні 3900 м³/с. Прамысл. рыбы: рапушка, муксун, сіг, нельма, омуль. Суднаходная на 2000 км ад вусця. На К. знаходзіцца г. Сярэднекалымск. К. наз. таксама залатаносную тэр. у бас. ракі К. (сучасная Магаданская вобл. і суседнія раёны). У перыяд масавых рэпрэсій (1930—50-я г.) там былі засяроджаны лагеры прымусовай працы (гл.ГУЛАГ), дзе ў выніку цяжкіх умоў існавання загінула больш як 4 млн. чал.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЁВІЧ (Konjović) Петар (5.5.1883, Чуруг, Сербія — 1.10.1970),
сербскі кампазітар, дырыжор, педагог, фалькларыст, музыказнавец; адзін з заснавальнікаў серб. кампазітарскай школы. Чл. Чэшскай (1938) і Сербскай (1946) акадэмій навук і мастацтваў. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1906). Дырыжор, рэжысёр, ген. дырэктар оперных т-раў у многіх гарадах (у 1921—26 і 1933—39 у Заграбе). У 1939—50 праф., у 1939—43 і 1945—47 рэктар Акадэміі музыкі, у 1948—54 дырэктар заснаванага ім Ін-та музыказнаўства Серб. акадэміі навук. і мастацтваў у Бялградзе. Сярод твораў: оперы «Жаніцьба Мілаша» (1927), «Зецкі князь» (1929), «Каштана» (1931), «Сяляне» (1951), драм. містэрыя «Айчына» (1960, паст. 1983); сімфонія (1907), сімф. паэма «Макар Чудра» (1945); канцэрт для скрыпкі з арк. «Адрыятычнае капрычыо» (1936); камерна-інстр. ансамблі, хары, рамансы, песні, апрацоўкі нар. песень («Мая зямля»), музыка да драм. спектакляў. Аўтар кн. «Асобы» (1920), «Кніга пра сербскую і славацкую музыку» (1947), «Мілое Мілоевіч» (1954), «Стэван Макраняц» (1956) і інш.